Перайсці да зместу

Над магілай партызана

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над магілай партызана
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На ўзгорку пясчаным тры хвоі
Ад даўняга часу стаяць.
Бязлюдныя пусткі спакою
Вакол палажылі пячаць.

Не ходзіць тут з плугам араты,
Каса не звініць на зары.
Не згледзіш ні клуні, ні хаты,
Шумяць адны толькі бары.

Ды вецер гуляе з пяскамі,
Расчэсвае хвоям чубы,
Ды зрэдку дзяўчаты з кашамі
Праходзяць між іх у грыбы.

І вось нечаканыя госці,
Атрад баявы партызан,
Праходзяць пад хвоі, кагосьці
Нясуць на пясчаны курган.

Акінуў вачамі паляну,
Узгорак, пяскі камандзір
І знак падае партызанам
Пакласці насілкі на жвір.

Дзве пары суровых, адважных
Маўклівых ваяк-партызан
Насілкі спускаюць уважна
На дол, чабаровы дзірван.

— Мы тут пахаваем героя,
Капайце магілу, сябры.
Журботна стаялі тры хвоі,
І шум прытаіўся ў бары.

Рытмічна ўскідаюць лапаты
Угору пясок залаты,
Дзе хвоі развесілі шаты
На бераг узгорка круты.

Гатова магіла — прыпынак,
Халодны і вечны спакой.
На ложы з духмяных галінак
Ляжыць нерухома герой.

Самкнёны павекі, расніцы,
Як мрамар, застыў яго твар.
Крывавыя кроплі-брусніцы
Пад чубам палаюць, як жар.

Закрыты цяпер яму далі,
Пуціны зачынены ўсе,
А вусікі чуць высядалі
У свежай юначай красе.

Падходзіць хвіліна цяжкая —
Зямлі даручыць яго прах.
Употай слязіна блукае
На чэсных сяброўскіх вачах.

І выйшаў наперад з іх круга
І словы сказаў камандзір:
— Хаваем мы вернага друга.
Спакой твайму праху і мір!

Не ведаў ты страху ніколі,
Быў верны і храбры ў баю,
За край, за радзіму, за волю
Аддаў маладосць ты сваю.

Няхай жа гад-фюрэр крывавы,
Кат-Гітлер запіша на лбе:
Здабудзе ён толькі той славы,
Што знойдзе асіну сабе.

Клянёмся табе над магілай,
Наш верны таварыш і брат:
Мы знішчым фашысцкую сілу,
Жывою не пусцім назад!

— Клянёмся! — ваякі сказалі.
— Клянёмся! — адказвае бор.
— Клянёмся! — азваліся далі,
— Клянёмся! — гамоніць прастор.

(1941)