Навагоднія думы
Навагоднія думы Аўтар: Пётра Просты 1914 |
І зноў адзін год адышоў у вечнасць... Ідзе новы — невядомы, неразгаданы, таямнічы...
А на ягонае спатканне прыгатаўляюцца ўсе — і шчаслівыя і бяздольныя, і старыя і малыя. Усім ціснецца на вушы пытанне: які ён для нас будзе, гэты новы год?..
Нейкая сіла магутная і невядомая няволіць кожнага да абрахунку з самім сабой. Перад вачыма душы праходзіць мінучына з усімі сваімі радасцямі і вяселлем, з усім сваім горам і бядой. Устаюць перад сумленнем чалавека яго думкі і жаданні; ён відзіць ясна, як развеяліся ягоныя надзеі і як упалі ягоныя ідэалы, быццам замкі паветраныя, быццам сны пекныя і ўладныя... Ён лічыць загубленыя напрасна сілы і змарнаваныя хвілі дарагога часу...
А разам з сваёй індывідуальнай мінучынай устае перад вачыма душы супольная мінучына роднага краю і братняга народа.
Што даў нам год мінулы?..
І мы сёння, у хвілі абрахунку, звяртаемся вокам душы да таго, што нам, беларусам, прынёс год стары, і стараемся ўгадаць, што дасць нам новы і чаго нам ад яго чакаць...
Мы сёння маем права цешыцца. Год стары даў нам многа — як на нашы слабыя сілы, дужа многа! Ён даў нам новую газету, а ў ёй новую пляцоўку працы для справы адраджэння. Ён узбудзіў новыя сілы, што дагэтуль, непазнаныя і нявыкарыстаныя, ціха спалі ў лоне народа. Усё больш і больш варухаецца народ.
І хоць велізарныя масы ягоныя яшчэ не скінулі з сябе навеянай цэлымі вякамі драмоты, усё ж такі чуць не з кожным днём павялічваецца лічба тых, што зразумелі патрэбу новага жыцця і смела паднялі свой голас за вялікую справу адраджэння. Поле працы ўжо пашырылася, працаўнікоў адважных і ахвочых прыбыло, а разам з іх радамі ўзрасла і надзея на лепшую будучыну. Усё больш і больш шырыцца і ўкарэніваецца ў народзе пракананне, што так жыць, як дагэтуль жылося, далі не можна; што трэба, канешна, шукаць новых дарог і мэт. Народнае самапачуццё расце, а з ім разам расце і сведамасць народных патрэбаў і жаданняў, балючак і хваробаў. Душа народа пачынае жыць інакшым жыццём; ёй цесна стала ў цёмнай, адусюль зачыненай клетцы рэзыгнацыі і безнадзейнага застою, і вось яна стала рвацца на волю, да свету і праўды. Але ёй трэба праваднікоў, светлых і разумных, такіх, каб памаглі ёй развярнуць свае скрыдлы і паказалі мэты, куды ляцець і чаго шукаць. У ёй сіл хопіць — у гэтай здаровай, велізарнай душы беларускага народа, — у ёй сіл хопіць і на найвышэйшыя ўзлёты!
Народ устае — беларускі народ, той, аб каторым прад некалькі гадамі і не чувалася на свеце. Гэта яшчэ пачаткі, гэта першыя крокі... А зараз загаманіць, валам пойдзе, хваляй нестрыманай жывая сіла народа ўпярод, да інакшай долі, да інакшага жыцця, па правы свае і па справядлівасць!.. Зразумелі, відаць, ворагі нашыя, што ўжо не ўдзержыш нічым гэтай сілы, калі яна ракой станецца магутнай; дык прабуюць яны задзержыць яе і зглуміць у самым пачатку, калі яна яшчэ толькі ручайком ціхім плыве. Затое ў гэтым гаду павялічыліся і ворагаў нашых напасці. Але гэтага нам баяцца не трэба, гэта — добры знак: усякая справа мае сваіх праціўнікаў. Спярша смяяліся з нас і літаваліся над намі; гэта было тады, калі мы яшчэ былі сусім слабыя і толькі прабавалі нашых сіл; цяпер яны зашумелі і заварушыліся, сталі ж лічыцца з намі, бо і мы ўзраслі і небяспечнымі ім здавацца пачалі. Яны брызнуць нам злосцю ў вочы і пракляцце нам кінуць пад ногі, але справы нашай не зваююць, не змогуць! Свет зразумее, што яна справядлівая і добрая і ўступіцца за нас. Не, ворагі нам не страшны, хоць і іх рады павялічыліся ў гэтым гаду.
Такі быў год стары, мінулы, — а які новы будзе для нас?
Такім будзе, якім мы яго самі зробім! Гэту праўду трэба ўсім добра зразумець і ўзяць блізка да сэрца. Усе мы ведаем старую як свет прыказку: «Усякі сам свайго шчасця каваль». Гэта прыказка мае свае падставы не толькі ў жыцці аддзельных людзей, але і ў жыцці цэлых народаў. Гісторыя ўсяго свету не раз ужо яе праверыла і пацвердзіла. Толькі тыя народы былі запраўды дужыя і шчаслівыя, каторыя самі сабе долю шукалі; а тыя, што чакалі злажыўшы рукі, пакуль ім доля з неба зваліцца, змарнелі і вымерлі.
Наша будучына — у нашых руках. Але каб яна была пэўнай і прыгожай, усім нам трэба ўзяцца да працы. Ніхто не мае права адцурацца ад агульнай культурнай работы; думаць толькі аб сабе, шукаць толькі свае выгады, гэта — грэх і ганьба, за каторыя будзе мсціцца і Бог і Бацькаўшчына!
З такім пракананнем трэба нам зачаць год новы. Калі мы верна пойдзем па дарозе нашых абавязкаў, год будзе добры і шчаслівы, але калі зачнём шукаць крывых сцежкаў, тым самым утрацім права чакаць і спадзявацца ад новага года благаславенства і паляпшэння нашай долі.
Шлю табе прывет, дарагі Беларускі Народзе! Няхай узмацняецца ў табе пачуццё ўласнай сілы і годнасці, а сыны Твае няхай дружна бяруцца да працы!
А тым, што выйшлі на родную ніву і ўзяліся за цяжкі плуг грамадскіх абавязкаў, даў бы Бог вытрывання і сілы!
1914 г. Рым