М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня
М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня Артыкул Аўтар: Уладзімір Пічэта 1922 Крыніца: Пічэта, У.І. М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня / У.І. Пічэта // Вестник Народного Комиссариата Просвещения БССР. – 1922. – № 5/6. – С. 8–12. |
Сярод мнагалічбавай плеяды маладой беларускай інтелігэнцыі, атдаўшай усе свае сілы і здольнасьці адраджэньню нацыянальнай культуры роднай краіны, М. Багдановіч займае адно з першых месц. Яго паэтычныя выступленьні гаварылі аб вялікай паэтычнай здольнасьці, яго паэтычныя творы, апавітыя глыбокім нутраным лірызмам і шчырым каханьнем да роднае краіны, дазвялялі спадзявацца, што ў асобе М. Багдановіча беларускае мастацкае слова скажа шмат новага, сьвежага, выяўленнага ў прыгожых паэтычных вобразах і нарысах. Але доля казала іначай. Малады паэта аднёс у труну недапетыя песьні, ня выказаў усяго таго, аб чым пяяла яго кволая, нейкая змучаная цяжкаю хвор’ю душа. Ён паміраў на беразе прыгожага сіняга мора, дзе навакол уся прырода сьпявае гімн радасьці жыцьця, людзкаму шчасьцю.
У творчасьці М. Багдановіча няма пэсымізму... У яго паэзіі шмат жалобных песен, як адбітак яго ўласных дум і настроў, але ў той час у ёй адчуваецца глыбокая вера ў перамогу жыцьця, у блізкасьць нацыянальна-культурнага адраджэньня роднай краіны, да якое заўсёды імкнецца душа хворага паэты. М. Багдановіч быў верным рыцарам сваёй абяздоленай бацькаўшчыны, і толькі адным сваім мастацкім словам: ён выступаў і як публіцыста, які ў сваіх сьцісла напісаных артыкулах імкнуўся паказаць гісторыка-культурныя асновы беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня.[1] І яго артыкулы, напісаныя бяз усякай палітычнай прадузятасьці, з належачым маладому пісьменніку прыгожствам, сьведчаць сваёй аўтарытэтнасьцю й грунтоўнасьцю аб рэальнасьці беларускага народу...
Беларускі нацыянальна - культурны рух—па думцы М. Багдановіча, калі разглядаць гэты рух ў параўнаўча-гістарычным асьвятленьні, прадстаўляе сабою толькі адзін з працэсаў у складанай дыфэрэнцыацыі Еўрапейскае культуры па нацыянальным адзнакам. Сярэдневякоўе ведала толькі адну лацінскую мову, як сродак духоўнае культуры. Але з часам складаньня асобных нацыянальнасьцяў, родная мова апошніх павіна была заняць месца лацінскай мовы. Перавага нацыянальнае мовы раней за ўсе выявілася ў мастацкай творчасьці. Радапачатчыкам новага кірунку зьявіўся Дантэ. Усьлед за апошнім да жывых, яшчэ мала апрацаваных моў, зьвярнуліся французы, немцы, ангельцы, гіпшанцы. Гэты рух палажыў пачатак нацыянальным еўрапейскім культурам. У далейшым разьвіцьці гісторыі еўрапейскіх грамадзянстваў дыфэрэнцыяцыя еўрапейскіх культур робіцца ячшэ больш значнаю. Нацыянальна-палітычнае адраджэньне вядзе за сабою выяўленьне нацыянальнай культуры (партугальская, чэшская, галяндская, румынская, літоўская і т.д.).
Аднак працэс дыфэрэнцыяцыі культураў на гэтым не спыніўся. Ад нацыянальных комплексаў абасабляюцца больш дробныя, блізкія да іх па свайму збудаваньню, але ўсё-ж розьнячыяся з імі нацыянальна-культурныя адэінкі. Гэты працэс знайшоў найбольш яскравы адбітак у славеснай творчасьці. Гэткім чынам ад літаратуры французкай - адкалваецца - провансальская, ад гішпанскай— каталёнская, ад чэшскай—славацкая, сэрбскай—словеньская, польскай-кашудзкая, галяндскай - фрызкая, ад вялікарасейскай адлажылася ўкраінская і, нарэшце, беларуская. Гэткім чынам, вынік беларускае літаратуры й культуры па думцы М. Багдановіча, ёсьць яўленьне агульнаеўропейскага парадку, а не выключна толькі мясцовага. Вось агульныя грунты беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня, калі разглядаць апошняе на агульным фоне разьвіцьця нацыянальных культур і драбленьня адзінай сярэднявяковай культуры.
Няможна не згадзіцца, што гэтая пастаноўка сусім правільна. Дакладны аналіз гістарычных судзьбінау еўрапэйскага грамадзянства даў грунт маладому публіцысьце прысьці да такога карыснага соцыолёгічнага вываду.
Беларуская культура мае свае нацыянальныя асаблівасьці й ніякім чынам не зьяўляецца простым варыянтам культуры велікарасейскай,— гэта другі тэзіс аўтара. Беларуская й велікарасейская культуры — гэта два самастойных навуковых комплекса, з самага-ж пачатку ўзрастаўшых і разьвіваўшыхся незалежна паміж сабою. Розьнючыся між сабою і па бытавым першаасновам і па ўплывам, накіраваным з бакоў, і па здарэньням далейшага гістарычнага жыцьця, яны зразумела, прыйшлі да далёка неаднолькавых рэзультатаў. Гістарычная доля абаіх народаў была розная. Велікарускі народ, "асіміліраваўшы масу фінскіх пляменьняў", ужываючы іхні, дапасаваны да наўкольных умоваў бытавы ўклад, дзякуючы гэтаму, адхіліўшыся ад істотнага славянства, як антрополёгічна, так і культурна, у рэшце ўсяго перажыў «эпоху татаршчыны і апынуўся амаль што-сусім адрэзаным ад Заходняй Эўропы». Беларуская культура ў сваіх славянскіх грунтох разьвівалася, не гледзячы на прыналежнасьць Беларусі да літоўскага вялікага княжства, бо беларуская культура ўзяла верх над культураю Літвы». Беларуская мова стала дзяржаўнаю моваю ў новай дзяржаве. На беларускай мове адбываўся суд, вялося ўсё справаводства, пісаліся акты й граматы. Ўсё гэта замацоўвала старыя культурныя асновы і ў той жа час было адным з элемэнтаў у працэсе разьвіваючагася руху беларускае нацыянальнасьці. Эканамічнае збліжэньне з Эўропаю й збудаваньне гарадоў камунальнага тыпу было так сама значным складаным элемэнтам у працэсе фарміроўкі беларускай культуры. Дзякуючы гэтаму, агульны інтэлектуальны пад’ём, пачаўшыся ў эпоху Адраджэньня, адбіўся і ў Беларусі, у якой «крыніцаю забіла жыцьцё, шла дзівосна пераплятаючыся гарачая рэлігійная, нацыянальная й клясавая барацьба, арганізоўваліся братствы, якія былі падкрэпаю беларускае народнасьці, закладаліся друкарні, адчыняліся школы з шырокай па тым часам праграмаю, зьяўляліся вышэйшыя навуковыя ўстановы». Гэткім быў першы пад'ём беларускага нацыянальна-культурнага руху, як адбітак агульна-эўрапейскага духоўнага руху ў эпоху Адраджэньня. «Залаты век» у гісторыі беларускай культуры зьмяніўся перыадам упадку, што ў значнай меры было зьвязана з зьнішчэньнем «у дзяржаўным абароце в. к. літоўскага карыстаньня беларускай моваю і заменаю гэтай апошняй польскаю». К пачатку XVII в. гісторыя беларускага нацыянальнага жыцьця адзначылася зусім выразна». Вышэйшы і сярэдні клясы беларускага дваранства вельмі хутка згубілі сваю сувязь з беларускай нацыянальнасьцю. Часткаю, тое самае адбывалася сярод дробкай шляхты й гарадзкога мяшчанства. «Беларускі народ прыгнечаны крапасным правам, ня толькі ня мог разьвіваць далей сваю культуру, але ня меў магчымасьці нават проста сберагчы ўжо раней здабытае. Толькі аснаўныя першапачатковыя элемэнты культуры (як мова, абычаі) затрымаў ён за сабою, а рэшта, зьяўляючая сабою так званую «сьмятанку», яго папярэдняга разьвіцьця было асіміліравана, сабрана ў сябе польскаю культураю, і з тых часоў зьяўляецца пад польскаю этыкеткаю, будучы істотна беларускім. Адзнакаю гэткага духоўнага зьбядненьня беларускага народу, па думцы М. Багдановіча, трэба прызнаць амаль што поўнае зьнішчэньне кніжак на беларускай мове». Але потым у XIII — XIV[2] вв. рукапісная беларуская літаратура атрымалі значнае разьвіцьцё, хоць большаю часткаю яна мела выключна практычны характар. Уніяцкае духавенства гаворучы прамовы ў беларускай мове, выдаючы царкоўныя песнапеньні і г. д., часткаю падтрымлівала беларускую культуру.
Разам з тым у беларускай тагачаснай славеснасьці зьявілася нямала твораў юмарыстычнага характару таксама часткаю быўшых знакам жыцьцёвасьці беларускай культуры.
Трэці перыад у гісторыі беларускай культуры з моманту далучэньня Беларусі да Расіі. Аўтар лічыць, што спачатку гэтае далучэньне не зрабіла выразных перамен у жыцьці беларускага краю. Нівэліроўка яго, падгонка яго пад агульна расейскі ранжыр выразна пачалася толькі з саракавых гадоў з адменаю дзейнасьці Літоўскага статуту, забарону прамоваў у беларускай мове, забарону друку кніжак на беларускай мове, канфіскацыі раней надрукаваных. З гэтага моманту адчыняецца новая глава ў гісторыі беларускай культуры. К гэтаму часу і самы воблік краіны ў значнай мэры зьмяніўся. З арганізацыяй Віленскага Унівэрсытэту цесна зьвязана распаўсюджаньне сярод пачуўшай выкрысталізоўвацца інтэлігенцыі радыкальных палітычных ідэй і рамантычнай літаратуры, ставіўшай высока народную казку, песьню, легенду й наогул выяўляўшай шчырую сымпатыю да народных масаў. Гэты рамантызм палажыў пачатак этнаграфічнай літаратуры, насіўшай мясцовы, краёвы колер. Уся гэтая краёвая літаратура была польскаю па пераважнасьці. Сярод гэтай мясцовай літаратуры першае месца займае Міцкевіч з сваім «Панам Тадэушам». Прыкладам гэткай краёвай літаратуры яўлялася апісаньне Беларусі, беларускае прыроды, беларускага сялянства й дробнай шляхты, і яе штодзённага жыцьця й абычаеў. У гэтыя апісаньні ня рэдка трапілі творы беларускае народнае творчасьці, спатыкалася й беларуская разгаворная слова. Ня дзіўна, што гэткага роду літаратурныя дзеячы што колечы пісалі й па беларуску, але наогул кажучы, іх літаратурная дзейнасьць не адлічалася значнасьцю й шыратою думак. Да й самыя літаратурна-мастацкія здольнасьці былі не вялікага калібру. Усіх гэтых прадстаўнікоў беларускай літаратуры М. Багдановіч называе «любіцелямі беларускае славеснасьці, бо фактычна, ў беларускай літаратуры «ня было ні чытачоў, ні пісьменнікаў». Аўтар да іх адносіць Я. Чачота, В. Дуніна - Марцінкевіча, «пісьменьніка грузнага й важкага», але ў яго сэнтыментальна-народнічаскіх паэмах адчуваецца дэмакратызм, і «тая гуманізатарская тэндэнцыя, якая выразна праступае з кожнага яго радка і якая была ў свой час вельмі ня шкоднай». Апрача таго, В. Дунін-Марцінкевіч, «узбуджаючы навакол сваіх твораў разгаворы й палёміку, напамінаў аб існаваньні беларускае мовы й пачатку беларускае літаратуры, наводзіў на пытаньне аб магчымасьці іх далейшага разьвіцьця». Дзякуючы гэтаму, В. Дунін-Марцінкевіч «стаў цэнтрам беларускага пісьменічага гуртка», ў складзе якога былі асобы, з вялікаю здольнасьцю, як Уладыслаў Сыракомля, Ялеш Вуль, Н. Краткевіч, Юльян Лясноўскі, Якуб Т-кі. Дзякуючы іх дзеяльнасьці «беларускае пісьменства значна пасунулася наперад». Сьветапагляд яе пашырыўся, і зрабіліся звычайнымі «дэмакратычныя й нацыянальна-беларускія тэндэнцыі, дасягаўшыя іншы раз яскравасьці й вастраты выключнай». Заслугі першых правадыроў беларускай літаратуры былі значныя. У Беларусі зьявілася «новае пакаленьне інтэлігенцыі, ўзросшае пад знакам народнічаства, некалькі знаёмае з соцыялізмам і зноў выяўляўшая пачаткі беларускае нацыянальнае самасьвядомасьці». Моцна разьвівалася беларуская этнаграфія ў асобе Гільфэрдзінга, Бязсонава, Шэйна, Дамбавецкага, Раманава і др. Расла й новая рукапісная белетрыстыка, зьяўляліся новыя пісьменьнікі. У канцы й у пачатку XX в. у Беларусі узьнікае «рад нацыянальных і палітычных плынаў і арганізацыяў: таварыства беларускай народнай асьветы й мнагалікавыя "Беларуска-рэвалюцыйныя гурткі». Пачалі выдавацца літаратурныя журналы, брашуры й адозвы, адбываліся пад сьцягам украінскіх беларускія тэатральныя пастаноўкі. Вось значныя ітогі разьвіваючагася руху беларускай нацыянальнай культуры.
Чацьвёрты пэрыад у гісторыі беларускага Адраджэньня пачынаецца з 1905 г., які па думцы М. Багдановіча «зьяўляецца вехаю, адзначаючай пункт пералому ў гісторыі беларускага адраджэньня». З гэтага моманту беларускі нацыянальна-культурны рух пашыраецца, робіцца нацыянальным, народным, выходзіць за межы даволі вузкай серады— інтэлігенцыі, бо здарэньні, зьвязаныя з гэтым годам, зрабілі у народных масах імкненьне разабрацца і ў акружаючым жыцьці і выклікалі вялікі папыт на ідэолегічныя вартасьці.» Зьявілася пэўная патрэба зьвярнуцца да беларускай мовы, бо пісаць для масавых чытачоў патрэбна было перш за ўсе проста й зразумела.» Дзякуючы гэтаму зьявіліся выданьні «Беларускае Сацыялістычнае грамады», друкаваліся на беларуску адозвы і некаторых другіх партыяў, зьявілася й белэтрыстыка з выразным палітычным колерам. Літаратурная творчасьць беларускага руху была даволі значная. Апрача таго, вынікаюць беларускія музыкальна-драматычныя гурткі, культывіруецца беларуская сцэна, песьня, музыка, скокі. Асаблівую дзейнасьць разьвівае Віленскі музыкальна-драматычны гурток. Разам з тым вынікаюць навуковыя гурткі для досьледаў на Беларусі (С.-Пецярбург, Новая-Александрыя). Масавы беларускі нацыянальны рух узмацніў пазыцыю інтэлігенцыі і зрабіў яе вельмі ўплыўнай, як кіруючай сілай у гісторыі беларускага руху. Адначасам з агульна-палітычным і нацыянальным пад'ёмам адзначаецца выразны рух у беларускім прыгожым пісьменстве, асабліва ў галіне паэтычнае творчасьці, на агульным фоне якой зьвяртае на сябе ўвагу постаць Янкі Купалы, пісьменніка значных вартасьцяў, хоць і адзначаючыхся некалькі аднабокім характарам». Рытмічнасьць —вось, па думцы М. Багдановіча галоўная над усім пануючая асаблівасьць Купалы. Яго буйныя, поўныя імпэту рытмы захопліваюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затрымацца, адумацца, пакараюць яго сваёй уладзе. Янка Купала ня толькі «Божыей міласьцю паэта», але так сама умелы майстар свайго дзела, пашыраючы круг сваіх тэмаў, формаў і сьцілей. У творчасьці другога выдатнага паэты— Якуба Коласа— «толькі каханьня да роднае краіны, толькі прыроднага ціхага лірызму, што робіцца зусім зразумелаю папулярнасьць Коласа сярод беларускіх пісьменікаў: «Колас»— пісьменнік просты, спакойны і заўсёды сабе роўны. Няма ў яго чаго колечы асабліва моцнага, яскравага, неспадзяванага, але няма й слабога, нікчэмнага. Верш яго ня блішчыць значнымі вартасьцямі, але заўсёда старанна абдуманы, умела апрацаваны!..
Янка Купала й Якуб Колас зьяўляюцца прадстаўнікамі старшага пакаленьня беларускіх паэтаў. Малодшае пакаленьне апошніх, сярод якіх першае месца займае Алесь Гарун, прадстаўлена мнагалічбавай групаю паэтаў, тэмы паэзыі якіх прадыктаваны акружаючым жыцьцём. Такі самы рух трэба адзначыць і ў прыгожай белетрыстыцы, сярод якой Ядвігін Ш., Т. Гушча, 3. Бядуля займаюць першае месца. Беларускія пісьменнікі, паэты й празаікі галоўныя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. «Толькі дзякуючы іх вытрываласьці й адданьню усіх «сілаў, піша ў заключэньні М. Багдановіч,» беларускі рух, знайшоўшы цяпер цьвёрдую апору ў шырокіх кадрах народнае інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існаваньня, прыдбаў свой цяперашні ідэёвы воблік і невялікімі, але глыбокімі, нясьціраючыміся літарамі выразаў свае імя на скрыжалях міравога прагрэсу.»
Гэтак прадстаўляецца М. Багдановічу гісторыя Беларускага Адраджэньня. Нельга не згадзіцца з тым, што асноўныя вехі гэтага працэсу прадстаўлены правільна, і будучаму гісторыку прыдзецца з імі лічацца. Конечна асобныя палажэньні й сужджэньні аўтара даволі суб’ектыўны й выклікаюць нязгоду, але агульны нарыс беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня прадстаўлены нябошчыкам беларускім дзеячем зусім выразна. Яго артыкулы былі напісаны для ўсіх сумняваўшыхся ў мэце й жыцьцёвасьці Беларускага нацыянальна-культурнага руху. Шчырая абарона М. Багдановічам беларускай культуры апраўдана сучасным жыцьцём і істнаваньнем нацыянальнай беларускае культуры.
Проф. Ўл. Пічэта.