Перайсці да зместу

М. Багдановічу (Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
М. Багдановічу
верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. - №19

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясновая ліра, чароўная ліра,
На раніцы грала аб сонцы:
І струны спявалі аб зорачнай шыры,
І струны спявалі бясконца;
І вабілі згукі зямныя абшары,
І песні ліліся у хвалі.
І рэха будзіла таемныя мары,
І плакалі людзі ад жалю…
Бо нельга не плакаць, як блізкі з чужыны
А бедных ратаях гавора:
Бо нельга не плакаць аб роднай краіне,
Дзе здзекі, пакута і гора.
Паэта душа супакою не знала,
Бо думкі да высі імчалісь;
Імчалісь да пушчы, да рэчнага вала.
Іграў ён, а струны ўсе рвалісь…
Ўсе рвалісь, бо спеваў магутныя клікі
Замоцны былі, завялікі…
Са струнамі ліры і струны душы
Парвалісь…
…Далёка ад роднай мяжы
Пайшоў наш паэт той адвечнай дарогай,
што йдзець аж да Самага Бога.
Бо полымя сэрца паліла — не грэла.
Ў тым полымі сэрца згарэла…
А песні паэта на нашай зямлі
Спявае сын гора, тугі.
Іх зыкі не моўкнуць — не змоўкнуць ніколі
У вёсках убогіх на полі.
Душа песняра іх жыццём акрапіла,
Дала ім натхнёную сілу;
І людзі іх слухаюць — слухаць іх будуць,
Ніколі аб іх не забудуць…