Перайсці да зместу

М. А. Багдановіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
М. А. Багдановіч
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
1917

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Плач, бедная маці беларусь... Лей слёзы — нядоля агарнула цябе... Ты страціла аднаго з найлепшых сыноў тваіх...

Асірацелі вы, нівы нашыя, бары і пушчы...

Той, каторы апяваў вас у сваіх цудных лірычных песнях, пайшоў да бога...

Скончыўся вясной — на вясне жыцця свайго, у самай ранняй маладосці, маючы ўсяго 26 гадоў...

Памёр адзінокі, на чужыне, у ялце, на беразе мора, дзе ён лячыўся ад сухотаў.

Шмат ты ад яго спадзявалася, бедная Беларусь... Праўда, шмат ён і зрабіў, але мог яшчэ зрабіць болей.

З таго часу, як «упалі з грудзей пана бога, парваўшыся, пацеркі зор», што «так маркотва і пільна на край мой радзімы глядзяць», з таго часу ўжо 8 гадоў, як ён пачаў свае першыя вершы ў газ. «Наша ніва», — кожны з нас нецярпліва чакаў усё новых і новых твораў яго.

«Пацеркі зор» з чужога яраслаўля чаравалі нас тонкасцю і выразнасцю сваёй паэзіі.

Веяла ад іх васількамі, лесам, возерам... Веяла ад іх шчырым каханнем, агнёвым пачуццём да роднага краю... плач нядолі чуўся ў іх:

Кінь толькі вокам да гэтага люду,
Сціснецца сэрца ад болю,
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

За ўсе гады сваёй працы на роднай ніве багдановіч даў нам багатую паэзію роднай беларусі. «быццам тысяча крэпка нацягнутых струн», звінела яго паэзія.

Нізкі вершаў «у зачараваным царстве», «Згукі бацькаўшчыны», «старая беларусь» і інш. квітнеюць сваёй вясновай пекнатой...

Некалькімі характэрнымі штрыхамі багдановіч даваў цэлы, жывы малюнак, нібы старасвецкія мосежныя барэльефы з цуднымі арнаментамі.

Яго верш папраўдзе «звініць, як звон», і «іскры брызгаюць з халодных каменняў»...

Апошнія гады багдановіч унікся ўсёй душой у дух старых народных беларускіх матываў. Нібы той вадалаз, даставаў з глыбі мора роднай мінералогіі перлы сваёй паэзіі.

Але яго пастаянная хваравітасць час ад часу ценямі смутку мільгала ў яго творах:

«Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы».

За ўвесь час сваёй літаратурнай працы ён часта ў вершах успамінаў аб тым, што ён хутка памрэ:

Не кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары.
Мо і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары...

Увесь час сэрца прарочыла яму смерць, бо «грудзі хворыя» і «боль у іх мне душу агартае». «Прыляці ж тады ты на магілу» — звяртаецца вялікі пясняр да зязюлі на лад старасвецкай беларускай песні. у другім вершы паэт так жаліцца:

Даўно ўжо целам я хварэю
I хвор душой.

Але адна надзея яго падтрымлівае:

І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!

Ён звыкаецца са сваёй хваробай, перакананы, што іначай

быць не можа:


Калі ж у ім памру-загіну, —
Не жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля!

Да апошніх дзён сваіх ён дбаў не аб сабе, але аб долі гаротнага народа свайго. I ў пастаянным змаганні сваім з рознымі праціўнікамі беларускага адраджэння, паэт саўсім забываўся аб сваёй хваробе:

У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я магу пазбыцца
Сваёй нуды...

Багдановіч, апрача вершаў, пісаў яшчэ апавяданні, крытыку літаратуры беларускай, публіцыстычныя стацці па-расейску ў розных журналах аб беларускім руху.

Цікавіўся ён і роднай сястрой Беларусі — Украінай, і вельмі важныя працы друкаваў у жур. «Украинская жизнь» аб рытміцы вершаў розных украінскіх паэтаў.

Ляці, шэрая зязюля, з родных загонаў беларусі ў далёкую Ялту!

Закувай на адзінокай магіле найлепшага, найшчырэйшага сына Беларусі...

Кажы яму, што гаротная беларусь ніколі яго не забудзе... На скрыжалях адраджэння роднага краю яго імя будзе ззяць у небе беларусі светлай зоркай навекі!

Хай будзе табе лёгкая зямелька.