Перайсці да зместу

Міхайлу Драгаманаву (Савіч-Заблоцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Міхайлу Драгаманаву
Ліст
Аўтар: Вайніслаў Савіч-Заблоцкі
1886
Крыніца: Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя. - Мінск, 1988 - с. 312

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не сярдзіся, пане Драгаманаў, што, саўсім Табе нязнамы, пішу к Табе і пішу гэта, пэўна, нязнамай Табе беларускай маёй мовай. Хоць яна не такая багацька і прыгожая, як Твая, — для вушэй вельмі прыманная, народалюбцамі Тваімі дужа абробленая, украінская, — то ўсё ж руская, Тваёй пасястрыма. І даўненька б пара была, штобы мы ўсе, крывіцкіх зямель пасядзіцелі, мы, былой польскай Рэчы Паспалітай абывацелі беларускія, да сваявіцы вярнуліся та й гукаці па-дзядоўску з сабою мовай мужыцкай, халопскай гэтай нашай, ялі… Не таго-лля, што, паміж дасягонніх языкоў двух дужызны нашай, да тла забачыўшай сваявіцу, адзін польская дужа лепа мова — у апале царскай, а другі — не менш здобная велікаруская — маёй Беларусі кнутом і за царскія карбованцы даецца… Не таго-лля!.. А таго-лля, што чорны люд наш, гэтая душа нашага цела, да самасвядомства прыходзіць, што гэты люд дзелаецца ўжо сілай, што дзвіне мёртвую датоля масу нашу… А народ гэты сваю мае думку: не лях ён та й не маскаль, ён рускі — мяжа сярод іх!

Парыж, 18 юня 1886

В. К. Суліма Савіч-Заблоцкі, граф…

Пану прахвесару Міхайлу Драгаманаву ў Жэневе

Дарагі пане Міхайла!

Дарам каралеўскім Ты мяне пачціў, і як за гэта Табе дзякаваць — не ведаю! І букі, што Ты мне даслаў, і лісціна твая сардэшная, такая наша — гэта слова, што нежэманна з душы ідзе та й за сэрца бярэ, па век векаў у памяці маёй будуць, як ляпейшыя майго жыцця гадзіны...

Пытаешся ў мяне, браце дарагі, Міхайла, пане што чуваць на Русі Белай маёй, якім адгэтуль ветрам дуе? Мала сказаць аб гэтым сёння Табе магу я, а ўсё ж такі не тужу!..

Летак шаснаццаць да сёння сеяў там я, сеялі са мною другія, людзі, і дужшыя, і шчаснейшыя, і вумнейшыя ад мяне, а сеялі мы хлеб Божы, збожжа, без ні якай Богу праціўнай мыслі. Натура ж рабіла сваё і, пэўне, зрабіла болей, як мы ўсе, разам узятыя.

Я ў гімназіі яшчэ быў, та й непаўналетак, калі цар Аляксандр Другі аслабадзіў мужыкоў ад скрэпы. Я шляхціц, я пан быў, а бацькі ўжо не меў. Татка мой звесцен як народалюбівы, вельмі вучоны та й справядлівы а багацькі муж. Яго ўжо ў 1855 року не стала. Ён то й рабіў, што проціў скрэпы васставаў та й усіх мужыкоў ад аброку аслабадзіў; так што яго за бунтаўшчыка й карбанара паны мелі, а свой уласны бацька, мой дзед маёнткі ад яго, як ад «скруціўшагася», назад узяў, а цар Мікола дужа яго не любіў. Пагас ён з гора, на сухотку; а ёсць, што кажуць, што сам сабе якусь задаў трутку, бо яго лісты да загранічных якіхсь паноў перанялі і самога б, пэўне, смерцю каралі б та й шасцілетку-сынка без ніякага маёнтку і апекі на дольку-палын пусцілі б. У року 1861 апекуном маім быў маскоўскі дужа храбры генерал Іван Міхайлавіч Лабынцаў, начальнік 1-га армейскага корпуса, «каўказскі ўдалец». І гэты праўду любіў, крыўды ніколі нікому не рабіў, вальнадумным памеж маскалей сваіх слыў, а чарналюду ўсё ж не любіў, як гэта было бы трэба, та й усё казаў: «Скотина! Соломы жрать, соломы, чтоб спать ему дай, да и за тридевять земель потом от него беги!».

Я не такую, не генеральскую меў думку... Сышоўся я з маладымі, як я, панамі — усё з грахвамі, князькамі та з сынкамі камергераў, генералаў, ляхамі та й маскалямі, поўнымі шляхетнасці, дабрахотнасці, ахвоты прынесці сябе на ахвяру ўсённадзелу... І, даўшы кожны па сотні рублёў, та й болей, мы хвундавалі ў Пецярбургу Крывіцкі Вязок у 1868 року, хацелі тлачыць беларускія букі для чарналюда (буквары, календары, рыхметыкі, вандзелькі, праваслаўны і каталіцкі малітвасловы, Эзопа паслоўкі, прыбавуткі, заалогію, гігіену мужыцкую і другія, не палітычныя і не сацыяльныя, а не багаслоўскія кніжкі). Хацелі самі вучыцца дыялекту чарналюду і яго так ушляхціць, што б ён нашым мог стацца языком; хацелі «хадзіць у народ», як гэта тады ракалася... Сталі падгатаўляць мы беларускую слаўніцу сабіраць песні чарналюду, капіць матэрыял да гісторыі нашага руства — я пісаць меў з Полацку...

Да Крывіцкага ж Вязка таго нашага бывалі ў Беларусі нашай, сярод малапамесных, людзі, што не па пусту прайшлі па свеце, як мы, Крывіцкі Вязок гэты. (Тай мы, Вязок, усё-такі зрабілі хоць тое, што да 50 паноў самдужайшых падвучылася мужыцкаму языку тай з мужыцтвам гэтым сяк- так пазнаёміліся.)

Такі быў Баршчэўскі, Шукевіч, Марцінкевіч, аўтар «Гапона», сляпец Зянкевіч, Сырэвіч і другія - да дзясяткаў пяці аканомаў, папоў, панскіх гувернёраў, ксяндзоў, дактароў і проч. Гэтыя любілі люд, з ім жыўшы і братаўшыся; палюбілі яго не дужа звучную, можа, не меладычную, бо звук а дужа прыкры, а ўсё ж такі людскую мову і ўсю сваявіцу тай, не без шацунку для яго, на шляхоцкі часам свой карк мужыцкі армяк адзявалі. Чарналюд гарнуўся да іх і верыў ім, любіў іх. Яны думкі ніякой іной, цэлю ніякога над дабрахоцтва сваё да гэтага люду не мелі — ні палітычнага, ні сацыяльнага цэлю, і чэраз гэта-то сабе яго веру а сэрца заваявалі...

А збожжа ж усё-такі і ў нас расце, кроў і ў нашых краўніцах цячэ!.. Беларусь мая будзе!..