Перайсці да зместу

Мір і Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мір і Беларусь
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 10 сакавіка 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У нядзелю, 3 (18) сакавіка, у Берасці падпісаны міравы трактат паміж цэнтральнымі дзяржавамі і Вялікаросіей. Такім чынам, бальшавіцкі велікарускі ўрад прымушан быў згадзіцца на тыя варункі міру, якія былі запрапанаваны германцамі. Формула — ні міру, ні вайны — не збавіла ад ганебнага міру. Мала таго, скарыўшыся перад пераможцам, бальшавікі абавязаліся нядаўна памірыцца з Украінскаю Народнай Рэспублікай і вывесці сваё войска і чырвоную гвардзію з Украіны і Фінляндзіі. Ратаваўшыя цэлы свет, самі сябе выратаваць не спрамагліся.

На моцы падпісанага трактату Расія страціла ўсе тыя невелікарускія землі, якія былі прылучаны мячом і дыпламатыяй да даўнейшага Маскоўскага Княства. Страчана Арменія, адпала ад Расіі Фінляндзія, землі Надбалтыйскія, Украіна, Польшча, Літва і заходняя частка Беларусі. Усходняя Беларусь, акупаваная пры апошнім наступленні — як Міншчына, палова Магілёўшчыны і Віцебшчыны, павэдлуг варункаў міру, фармальна застаюцца пры Вялікаросіі, а фактычна яны будуць заняты нямецкім войскам да тых пор, покі не ўтворыцца агульнаеўрапейскі мір або не скончыцца расійская дэмабілізацыя. Абшары, забраныя немцамі да апошняга наступлення і быўшыя колісь пад уладаю Расіі, больш да Расіі належаць не будуць, і Расія не мае права ўмешвацца да ўнутраных спраў тых мясцовасцяў.

Такім чынам, ад быўшай Дзяржавы Расійскай засталася толькі Вялікаросія — быўшае Княства Маскоўскае, або Ма- сковія. Цяпер Вялікаросія, як і даўней, зусім адсунута ад Заходняй Еўропы і зноў апынулася на паграніччы з Азіяй. З утратаю Надбалтыйскіх правінцый, зачынілася акно ў Еўропу, прарубленае Пятром Вялікім, і згінула праца цароў маскоўскіх. А калі дадаць сюды аднаўленне гандлёвага трактату 1904 г. са зменамі на карысць Германіі, то трэба сказаць, што Вялікаросія пастаўлена ў нязмерна цяжкае эканамічнае становішча. І трудна сказаць, дзе канец тым няшчасцям, якія валяцца з усіх бакоў на быўшую Дзяржаву Расійскую, калі ўзяць яшчэ на ўвагу пасованне японцаў у Сібіры…

Цяжкае становішча і нашай старонкі, Беларусі. На міравыя перагаворы беларусаў не пусцілі. Імя Беларусі ні разу не ўспаміналася ў Берасці, калі абмінуць увагу фон Гофмана аб разгоне «ўсебеларускага кангрэсу». Умовы паміж Вялікаросіей і цэнтральнымі панствамі ясна гавораць, што заходняя частка Беларусі — Віленшчына, Гродзеншчына і частка Міншчыны — адарваны назаўсёды, і лёс іх маюць устанавіць германцы ў паразуменні з насяленнем. Заходняя частка Беларусі акупавана нямецкімі войскамі, і германцы гатовы ачысціць яе ад свайго войска пасля агульнаеўрапейскага міру і аддаць яе Вялікаросіі ўжо, мабыць, без ўсялякага паразумення з насяленнем. І вось так Беларусь падзелена на дзве часткі з тым, каб заходняя частка яе заставалася ў залозе да ўтварэння агульнага міру. Далейшы лёс нашай старонкі залежыць ад таго, як скончыцца ваенная справа немцаў з ангельцамі і французамі.

Тым часам, немаведама калі скончыцца вайна на Захадзе. Мір Вялікаросіі з цэнтральнымі дзяржавамі не зрабіў ніякіх перамен у палажэнні Беларусі. Беларусь як была расцята, так і застаецца. І цяпер справа ў тым, каб за той час, які аддзяляе нас ад агульнага міру, умацавалася на Беларусі пажаданне нашай нацыянальнай незалежнасці і каб утварылася немагчымасць раздзелу нашай спакутаванай айчыны.

Трэба выкарыстаць утворанае палажэнне і далажыць усіх сіл і заходаў, каб злучыць наш край у адзін цэлакуп- ны, нацыянальна незалежны арганізм.

З кім нам быць — з Усходам ці Азіяй? — гэтае пытанне павінна быць вырашана без вагання. Звязак са спустошанаю, эканамічна заняпалаю, зруйнаванаю і адсунутаю ад мора Вялікаросіяй пагражае нам эканамічным, грамадзянскім і нацыянальным заняпадам і не забеспячае нас ад но- вай ваеннай патолі, бо трудна спадзявацца, каб акрыяўшая Масква не пажадала сабе рэваншу.

Беларусы павінны дабіцца прадстаўніцтва на агульнаеўрапейскім міравым кангрэсе.