Мінаюць дні, мінаюць ночы… (Шаўчэнка/Бядуля)
Мінаюць дні, мінаюць ночы… Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Змітрок Бядуля |
Іншыя пераклады гэтага твора: Мінаюць дні, мінаюць ночы… |
Мінаюць дні, мінаюць ночы,
Мінае лета; шапаціць
Ліст пажаўцелы; гаснуць вочы,
Заснулі думы, сэрца спіць,
І ўсё заснула… І не знаю,
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так бадзяюся за грэх,
Бо ўжо заціх мой плач, мой смех.
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
Спаць не дай ты хадзячаму,
Астудзіцца сэрцам
І гнілою калодаю
Валяцца па свеце.
А дай жыці, сэрцам жыці
І людзей любіці.
А калі не… то праклінаць
І свет запаліці!
Страшна ў ланцугі упасці,
Канаць у няволі,
А шчэ горай — спаці, спаці
І спаці на волі.
І заснуць, заснуць навекі
І следу не кінуць
Ніякага: адналькова —
Ці жывы, ці згінуў!..
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
1845 Уюнішча