Мілая, родная старонка-маці...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мілая, родная старонка-маці...
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71893


 * * *

Мілая, родная старонка-маці!
Моцна цябе я і шчыра люблю,
Бедныя ніўкі твае, сенажаці
I нешчасьлівую долю тваю.

         Горам, матуля, цяпер ты замучана,
         Стогнам спавіта у сець з ланцугоў,
         Рукі і ногі да слупа прыкручаны,
         Ціха наругу ты зносіш, бяз слоў.

Толькі ж уцешся, матуля каханая!
Слуп твой патроху пачаў падгніваць,
Прыйдзе к нам воля сьвятая, чаканая,
Сець з ланцугоў як пачнем разрываць.