Між двух агнёў
Між двух агнёў Публіцыстыка Аўтар: Францішак Аляхновіч 1919 год Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 12 сьнежня 1919. — №22; бач. 1-2 |
Між двух агнёў.
Расійскае грамадзянство ня толькі у бальшавіцкай Расіі, але і тут на нашай зямлі ня прыхільна да справы беларускай і с тугой глядзіць на усход, дзе час ад часу паяўляецца зорка то Колчака, то Дэнікіна, то Юдэніча. У сваіх варожых адносінах да нашай справы даходзяць да таго, што гатовы на уселякія провакатарскіе спосабы, каб толькі апаганіць нас у вачох нашых суседзяу, а асобліва тых, хто мае цяпер сілу на нашай зямлі.
З другога бову — значная частка польскага грамадзянства слухае гэтых ядавітых шэпаценьняу, не бачучы, што выцягнуушы да нас прыхільна руку паразуменьня, зрабіла-б карысную работу і для сваей бацькаушчыны, і для нас.
На жаль — як мы ужо не раз пісалі — розные адказные пасады у ачышчаных ад бальшавікоў „усходніх землях“ папалі у рукі людзей, каторые замест будаваць залаты мост згоды, сваей політычнай безтакнасьцю руйнуюць тые прыязные адносіны, якіе наладзіліся між польскім і беларускім грамадзянством. Гэтые сляпые у сваім шовінізме чыноўнікі — агалеушые ды неагалеушые паны, быўшые царскіе слугі і г. п. элемэнты — ня хочуць сьцяміць таго, што Беларусь — гэта не пусты зык, што беларускі народ — гэтая недауна безгалосая маса — ужо с кожным днем усе болей ды болей усьведамляецца нацыанальна, што правы да незалежнага вольнага бытаваньня Беларускі Народ мае ня меншые, чымсь хто іншы.
І вось замест усе гэта зразумець і падаць шчыра руку помачы таму, хто ніколі не забыу-бы зробленай у хвіліну бяздольля падмогі, тые с паміж польскага грамадзянства, каторые дарваліся да сякой-такой улады — карыстаюцца с кожнай аказыі, каб разварушыць гэтак мазольна будаваную лепшымі сынамі Польшчы і Беларусі арку згоды, а у душах пакрыуджаных пакінуць нездавольство, непрыязнь, а можа і хаценьне адплаты…
Гэткім чынам мы сядзім між двух агней. Мы ня шмат дзівуемся, калі розные варожые нам элемэнты з цемнай прошласьцю з расейскага табору, ня могучы інакш нам пашкодзіць, выліваюць на страніцах сваей прэсы провокацыйныя памыі, але мы дзівуемся і боль агартае душу, калі тые, с каторымі мы хочам жыць згодна і супольнымі сіламі будаваць нашую дзержаунасьць, каменьне нам пад ногі кідаюць…
Няхай! І гэта перэтрываем. Але калі адпіхаюць руку працягнутую дзеля згоды, дык гэтая абраза будзіць у душы працягнуўшага яе нясмываемую горкасьць, ад каторай скрыгатаюць зубы.
Апамятайцеся вы, каторые верыце толькі у сілу штыка, каторые ня збудзіліся ад сваіх сноў аб анэксыях!
Ф. А.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.