Перайсці да зместу

Мэмарыял Народнага Сакратарыяту БНР імпэрскаму канцлеру Нямеччыны (5 красавіка 1918)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мэмарыял Народнага Сакратарыяту БНР Імпэрскаму Канцлеру Нямеччыны за 05.04.1918
дакумэнт

5 красавіка 1918
Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: Фонд № 582 Дзяржаўнага Архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі») / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства «Наша ніва»; Уклад.: Сяргей Шупа (уклад., падрыхтоўка тэксту, камент., пер.). — Вільня, Нью-Ёрк, Менск, Прага, 1998. — Т. 1, кн. 1 — 1998. — С. 79—85

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Улетку 1915 году Нямецкія войскі, заняўшы Беласток, Горадню і Вільню, увайшлі на землі спрадвеку населеныя беларускім народам. 21 Лютага гэтага году пры далейшым перасоўваньні Нямецкія войскі занялі большую частку Беларусі разам зь Менскам, цяперашнім цэнтрам палітычнага жыцьця краіны. Натуральна, што паўсталі шматлікія ўзаемадачыненьні між акупацыйнымі ўладамі з аднаго боку і насельніцтвам Беларусі і ягонымі прадстаўнічымі органамі ды ўстановамі зь іншага. Усё палітычнае жыцьцё краіны цяпер знаходзіцца ў сфэры ўплыву Нямецкай Дзяржавы. Ня маючы дастаткова зьвестак дзеля меркаваньня пра найбліжэйшую будучыню сваёй краіны і мяркуючы, што Нямецкі Ўрад не пажадае прадпрыняць у дачыненьні Беларусі палітычных дзеяньняў, якія супярэчаць правам і нацыянальна-палітычным памкненьням беларускага народу, абраная законнай прадстаўнічай установай краіны — Радай Беларускай Народнай Рэспублікі — выканаўчая ўлада — Народны Сакратарыят Рэспублікі зьвяртаецца да Нямецкага Ўраду зь ніжэйпададзеным выкладаньнем інтарэсаў беларускага народу і сваіх дзеяньняў, накіраваных на іхняе здавальненьне.

Беларускі народ жыве згуртаванаю масаю ў басэйнах Верхняга і сярэдняга Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзьвіны, займаючы тэрыторыю каля 300 000 кв кілямэтраў з агульным лікам насельніцтва да 15 мільёнаў. Тэрыторыя гэтая мяжуе на Захадзе з Ла[т]галіяй, этнаграфічнаю Літвою і Польшчаю, на Поўдні — з Украінай, на Ўсходзе і Поўначы — зь Вялікарасеяй. Самая даўгая граніца з Украінай: яна складае 1/3 усёй пагранічнай лініі, самая кароткая — з Польшчай. У грубых рысах граніца Беларусі ўяўляецца так: ад Дзьвінску на Поўнач ламанай лініяй да чыгуначнай станцыі Карсаўка, адтуль на Ўсход да Ржэву амаль простай лініяй, ад Ржэву граніца ідзе ў паўднёва-заходнім кірунку на Бранск, — адтуль на Захад выгнутай лініяй на Ноўгарад-Северскі, Горадню, вусьце Прыпяці і далей уздоўж балотаў Прыпяці, Буга і Нараву да Беластоку. Акружаючы з Захаду Беласток і м. Хорашч (якія знаходзяцца на Беларускай тэрыторыі) граніца падымаецца на поўнач да Аўгустава і далей ідзе ламанай лініяй праз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя-Трокі, Мусьнікі, Сьвянцяны і да Дзьвінску. Горад Вільня знаходзіцца на Беларускай тэрыторыі, якая акружае яго з боку Летувы паўкругам радыюсу 20—60 вёрстаў. На тэрыторыі Беларусі беларускае насельніцтва складае каля 75% усяго насельніцтва і таму агульная колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца ў межах роднай краіны, павінна вылічвацца ў 11 зь лішкам мільёнаў. Жыды складаюць каля 10% насельніцтва, а астатняе — іншыя нацыянальнасьці галоўным чынам: палякі, вялікарусы, летувісы, украінцы і да т. п.

У Х-ХVІІ стагодзьдзях беларускі народ меў самастойнае дзяржаўнае існаваньне. Створаны ім дзяржаўны арганізм вядомы ў гісторыі пад імем Вялікага Княства Літоўскага. Хоць ва ўтварэньні гэтай дзяржавы акрамя беларусаў бралі ўдзел яшчэ летувісы і ўкраінцы, але неабходна зазначыць, што беларусы, якія пераўзыходзілі ў той час сваіх суседзяў у дачыненьні культуры і грамадзянскасьці, мелі дамінуючае значэньне ў дзяржаве. Мова беларуская была дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, на мове гэтай пісаліся ўсе адміністрацыйныя і судовыя акты, законы, ёй выключна карысталіся і Вялікія Князі Літоўскія ў прыдворным ужытку. Помнікамі гэтай эпохі ёсьць даволі вядомыя адукаванаму сьвету Статут Літоўскі і Літоўскія Хронікі, найстаражытнейшыя пераклады Бібліі, выдадзенай беларускай мовай у Празе Чэскай яшчэ ў 1517 годзе.

Пасьля Люблінскай Уніі ў 1569 годзе, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае было злучана асабістай уніяй з Польшчай, значэньне беларускага элемэнту паступова пачынае падаць. Вырашальную ролю ў гэтым выканала здрада свайму народу найвышэйшых клясаў грамадзтва, якія выракліся роднай культуры і прынялі наўзамен культуру польскую. Аднак сярэднія клясы грамадзтва доўга яшчэ выносілі на сваіх плячах барацьбу за беларускую культуру, якая працягвалася да самага далучэньня Беларусі да Расеі ў канцы ХVІІІ стагодзьдзя.

Паводле ўмоваў дамовы, падпісанае тады ў Горадні, Беларусі прадастаўлялася магчымасьць разьвівацца самастойна і ствараць уласную нацыянальную культуру. Гэтыя ўмовы Расейскі Ўрад ня выканаў. Жадаючы ў палітычных мэтах русіфікаваць беларусаў, Расейскі Ўрад неадкладна пачаў перасьледаваць усе праявы беларускай самастойнасьці і культурнай творчасьці. У 1795 годзе выдадзены быў акт, які забараняў грамадзкае ўжываньне беларускай мовы і друкаваньня кніг на ёй; з 30-х гадоў XIX стагодзьдзя пачаліся гнаньні на беларускую царкву, зь якой гвалтоўна выганялі ўсе абрады, асьвечаныя традыцыямі стагодзьдзяў. Тады ж было спыненае дзеяньне Літоўскага Статута. Народ беларускі, пазбаўлены ўсялякіх грамадзянскіх правоў тэрарызаваны жахлівымі карамі Расейскага Ўраду, ня змог абараніць свайго найкаштоўнейшага культурнага набытку. Калі ж пасьля вызваленьня сялянаў зьявілася магчымасьць удзелу і беларускага народу ў грамадзка-палітычным жыцьці, дык з боку Расейскага Ўраду былі прынятыя энэргічнейшыя меры да таго, каб дэнацыяналізаваць народ беларускі цераз расейскую школу, вайсковую службу і царкву. У пачатку XX стагодзьдзя абмежаваньне друку было зьнятае, але Расейская Ўлада не пераставала прыкладаць усе намаганьні дзеля таго, каб замацаваць за сабою Беларусь шляхам прышчэпліваньня да яе вялікарасейскай культуры. Нягледзячы на ўсе гэтыя ўціскі, з 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя пачалася беларуская літаратура і пэрыядычны друк, паўсталі арганізацыі: нацыянальныя, палітычныя і эканамічныя. Дзеля характарыстыкі руху можна паказаць на існаваньне такіх органаў друку, як «Гоман», «Вольная Беларусь», «Наша Доля», «Наша Ніва», «Беларусь», «Маладая Беларусь», «Саха», «Лучынка», «Крыніца», «Грамада», «Дзяньніца», «Беларуская Рада», «Беларускі Шлях», «Беларуская Зямля», «Родны Край» і многія іншыя. Спакваля адбывалася назапашваньне культурных заваёваў. Некаторыя з маладых беларускіх паэтаў апынуліся буйнымі талентамі. Вылучыліся такія імёны, як Я. Кол[а]с, Янка Купала, М. Багдановіч, Алесь Гарун і мн. інш. Дзейнасьцю гэтага пакаленьня паэтаў распрацаваныя літаратурная беларуская мова і стыль.

Пасьля заняцьця Заходняй Беларусі разам зь Вільняй нямецкімі войскамі беларускі рух у астатняй частцы краіны, пазбавіўшыся сувязі з ранейшым кіраўнічым цэнтрам — Вільняю — крыху сьціх. Неабходна было зарганізаваць новы цэнтар. Гэтая работа была значна ўскладненая той акалічнасьцю, што з прычыны блізкасьці фронту край быў наводнены мільёнамі чужынцаў, прыхадняў, якія захапілі ў свае рукі ўсё мясцовае жыцьцё. Аднак праца беларуская ў той або іншай форме працягвалася. Падчас вайны былі створаныя першыя буйныя легальныя беларускія арганізацыі, якія насілі найменьні рознага кшталту уцякацкіх арганізацыяў, таварыстваў дапамогі ахвярам вайны і да т. п.

Пасьля лютаўскага перавароту 1917 году паўсюдна паўстаюць беларускія арганізацыі, якія ставяць сабе за мэту нацыянальна-палітычнае адраджэньне беларускага народу. Асабліва шматлікія арганізацыі, якія паўсталі ў асяродзьдзі вайскоўцаў-беларусаў ды мелі акрамя вышэйсказаных мэтаў яшчэ і спэцыяльную задачу — арганізацыю беларускіх узброеных сілаў. Вайсковыя арганізацыі аб’ядноўваліся ў Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радзе, якая ўлілася ў Вялікую Беларускую Раду — першае агульнанацыянальнае прадстаўніцтва, створанае аб’яднаньнем усіх беларускіх арганізацыяў у другой палове Кастрычніка 1917 году.

Умацаваўшы свае пазыцыі з пункту гледжаньня набыцьця ўсеагульнай народнай спагады, якая выразілася ў рэзалюцыях шматлікіх дэлегацкіх сходаў, як напрыклад, у Менску, Віцебску, Нясьвіжы, Смаленску і да т. п., Вялікая Беларуская Рада разам склікала зь іншымі беларускімі арганізацыямі Ўсебеларускі Зьезд (Кангрэс) у г. Мінску 5—17 Сьнежня 1917 году. Усебеларускі Кангрэс з суцэльнаю паўнатою адлюстроўваў волю беларускага народу. На ім у колькасьці 1167 дэлегатаў з вырашальным, у 705 — з дарадчым голасам была прадстаўленая большасьць самакіраваньняў валасных, павятовых і губэрнскіх, частка мескіх самакіраваньняў, а таксама ўсе Беларускія Вайсковыя Арганізацыі.

Нямецкі Ўрад таксама, відавочна, прызнаваў правамоцнасьць Усебеларускага Зьезду, бо ў адным з паседжаньняў мірных дэлегацыяў у Берасьці-Літоўскім Генэрал Фон-Гофман заявіў прадстаўнікам Расейскай Дэлегацыі, што лічыць разгон Зьезду, зьдзейсьнены бальшавіцкім урадам, парушэньнем права самавызначэньня Ўсебеларускага [sic!] народу.

Зьдзяйсьняючы права беларускага народу на самавызначэньне, Усебеларускі Зьезд устанавіў у межах Беларусі Краёвую Рэспубліканскую ўладу і перадаў яе сваёй Радзе.

Адначасна з гэтым Усебеларускі Зьезд распрацаваў асноўныя прынцыпы нацыянальнага, палітычнага і сацыяльнага ладу Беларускага дзяржаўнага арганізму, выкананьне якіх было ўскладзена на Раду Зьезду.

Работа Зьезду была гвалтоўна перарваная. Прадстаўнікі бальшавіцкай улады ў Менску, карыстаючыся адсутнасьцю ў той момант у Менску беларускіх вайсковых частак, разагналі Ўсебеларускі кангрэс з дапамогай узброенай сілы.

Аднак Рада Зьезду прыступіла да выкананьня ўскладзеных на яе абавязкаў. Вымушаная хавацца ад перасьледаваньня бальшавікоў, якія абапіраліся на Расейскія войскі, тэрарызавалі ўсё мясцовае жыцьцё і ў асаблівасьці беларускія арганізацыі, яна тым ня меней пасьпела зрабіць значную работу па арганізацыі беларускіх масаў. З усіх бакоў атрымліваліся шматлікія весткі аб прызнаньні [Ра][1]ды адзінай уладай у Беларусі. Гэтыя прызнаньні йшлі я[к з] правінцыі, так і звонку — ад Украінскай Народнай Рэспублі[кі, Турке?]стану і Крыму і да т. п.

Дзякуючы перасьледаваньням бальшавікоў работа Рады ў [поўным] яе складзе (157 чал.) працягвацца не магла. З прычыны гэта[га…] вылучыла са свайго складу Выканаўчы Камітэт Рады, як[ому…] перадала свае паўнамоцтвы па выкананьні задачаў, акрэсьленых з[ьездам?].

Выканаўчы Камітэт быў пазьней папоўнены прадста[ўніка]мі нацыянальных мяншыняў Беларусі — жыдоў, вялікаруса[ў, паля]каў: былі пакінутыя ў ім месцы таксама і для летуівсаў, украі[нцаў] ды іншых дробных народнасьцей краю. Нягледзячы на складаныя ўмов[ы] бальшавіцкага кіраваньня, арганізацыйная і палітычная работа [Выка]наўчага Камітэту ўвесь час не спынялася. Камітэтам была ад[ас]ланая дэлегацыя на мірныя перамовы ў Берасьці-Літоўскім, якая на загад бальшавіцкай улады ня была прапушчаная праз фронт [і] ўбілася ў Берасьце праз Украінскую граніцу. Калі пры набліжэньні [ня]мецкіх войск да Менску бальшавіцкая ўлада ўцякла з гораду, [Ка]мітэт выконваючы волю Кангрэсу, узяў кіраваньне краем у свае рукі і стварыў 19-га Лютага гэтага году Ўрад Беларусі — Народны Сакратарыят. Пра факт утварэньня органу краёвай улады насельніцтва было апавешчанае з дапамогай І-ай Устаўнай Граматы.

Правамоцная арганізацыя ўсіх вайскоўцаў-беларусаў — Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада, — а таксама распушчаная і арыштаваная бальшавікамі, у момант уцёкаў уладаў зь Менску (устараніўшы рэшту бальшавіцкіх элемэнтаў) узяла ахову гораду на сябе і з гэтай мэтай стварыла народную самаабарону і Беларускую Камэндатуру. Са зьяўленьнем Сакратарыяту ўся дзейнасьць Беларускай Вайсковай Рады перайшла да яго і ў першыя дні пасля ўцёкаў бальшавікоў ён быў надзвычайна заклапочаны ўсталяваньнем нармальнага ходу жыцьця ў горадзе. Аддзелы Сакратарыяту прыводзілі ў парадак і наладжвалі работу краёвага кіраўніцтва Беларусі.

Перад першай Народнай Уладай Беларусі ляжалі і дагэтуль ляжаць агромністыя і адказныя задачы, абумоўленыя як самім становішчам краю, так і той рэфарматарнай работай, якую намеціў кангрэс.

Адной з асноўных задачаў Народнага Сакратарыяту зьяўляецца аб’яднаньне ўсіх земляў, заселеных беларускім народам, у адзін дзяржаўны арганізм. Нармальнае разьвіцьцё беларускай культуры магчыма толькі пры гэтай умове, бо падзелены на часткі беларускі народ можа не знайсьці ў сабе даволі супраціўнай сілы асыміляцыйным працэсам, што ідуць з боку суседніх народаў. Беларуская мова, выгнаная з школы, суду і царквы перш польскім, а пазьней расейскім урадам і як вынік, згубіўшы два стагодзьдзі свайго разьвіцьця, мусіць заняць у Беларускай дзяржаве належнае ёй месца, як мова дзяржаўная. Асьвета і пісьменнасьць, якія вельмі нізка ўпалі ў выніку абрасейвальнай палітыкі Расеі, мусяць быць пастаўленыя на неабходную вышыню шляхам адкрыцьця новых беларускіх школаў усіх тыпаў і пастаноўкі існых, паводле патрабаваньняў пэдагогікі.

Сялянства, якое складае 75% насельніцтва Беларусі, знаходзіцца ў немагчымых сацыяльных умовах, якія вядуць яго да выраджэньня. Разьвіцьцё беларускай культуры магчымае толькі з радыкальным зьмяненьнем умоваў народнага дабрабыту шляхам карэннай зямельнай рэформы ў інтарэсах сялянства — асноўнае клясы беларускага народу. Таксама патрэбныя рэформы ў сэнсе аховы працы гарадзкіх і вясковых працоўных. Большасьць пазначаных рэформаў фактычна ўжо ўвасобленая ў жыцьцё ў часе рэвалюцыі 1917 году і санкцыянаваная Ўсерасейскім Устаноўчым Сходам. Вяртаньне да старога з прычыны гэтага пагражае катастрафічнымі наступствамі.

Усебеларускі Сход таксама выказаўся цалкам адназначна аб аграрнай рэформе і даў адпаведны наказ сваім Выканаўчым Органам. Народны Сакратарыят Беларусі, беручы на сябе правядзеньне гэтых рэформаў, намерваецца выконваць патрэбную асьцярожнасьць і строгі парадак.

Народны Сакратарыят лічыць таксама сваёй задачай увасабленьне ў жыцьцё правоў нацыянальных меншасьцяў Беларусі: жыдоў, палякаў, летувісаў, украінцаў, вялікарусаў, татараў і інш. Усе народы Беларусі павінны мець магчымасьць здавальняць свае нацыянальныя патрабаваньні за кошт агульнадзяржаўнай казны цераз свае нацыянальна-аўтаномныя ўстановы. Таксама павінна быць забясьпечанае раўнапраўе ўсіх моваў народаў Беларусі.

Вайна прынесла Беларусі аграмадныя страты. Каля 21/2 мільёны ўцекачоў выкінутыя з родных вёсак і мястэчак і рассеяныя ў далёкіх усходніх пустынях. Плянамерная арганізацыя іхняга вяртаньня на радзіму, папярэджаньня эпідэміяў і барацьба зь імі, аднаўленьне разбураных гаспадарак — усё гэта патрабуе асаблівае ўвагі з боку Беларускай Народнай Улады.

Трохмесячнае панаваньне ў Беларусіі ўлады бальшавікоў разбурыла цывільны лад жыцьця ў краіне. Функцыі большасьці дзяржаўных установаў затрыманыя, увесь адміністрацыйны апарат расхістаны. Фінансы Беларусі таксама знаходзяцца ў вартым жалю стане. Дзяржаўная казна зьвезеная бальшавікамі, часткова разрабаваная польскімі войскамі; установы фіску не функцыянуюць, банкі абрабаваныя і закрытыя. Усё гэта кажа пра неабходнасьць прыняцьця самых энэргічных мераў па аднаўленьні грамадзянскіх праваадносінаў, да ўзнаўленьня фінансавых ды іншых дзяржаўных установаў і да ўзнаўленьня дзейнасьці судовых установаў, якія павінны зьдзяйсьняць суд імем Урада Беларусі.

Такія задачы паўсталі перад Народным Сакратарыятам Беларусі.

На жаль, работы Народнага Сакратарыяту былі перарваныя ў выніку неспрыяльнага стаўленьня мясцовых Нямецкіх уладаў, якія пазбавілі Народны Сакратарыят памяшканьня, архіву і сродкаў. З гэтай прычыны Народны Сакратарыят быў прымушаны часова да канчатковага высьвятленьня адносінаў да яго Нямецкага Ўраду скараціць свае функцыі да мінімуму. Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду не спыняў сваёй работы. На працягу апошняга месяцу ім прадпрынятыя надзвычай важныя рашэньні, якія вызначаюць канстытуцыю Беларускай Дзяржавы.

Выконваючы волю Ўсебеларускага Кангрэсу, Выканаўчы Камітэт на паседжаньні сваім 9 Сакавіка 1918 году пастанавіў канстытуяваць дзяржаўны лад Беларусі ў форме Народнай Рэспублікі і апублікаваў гэты акт у выглядзе ІІ-ой Устаўнай Граматы разам з тымі асноўнымі прынцыпамі канстытуцыі, якія паводле рэзалюцыяў Кангрэсу павінны быць пакладзеныя ў падмурак Беларускай Дзяржавы.

II-ая Ўстаўная Грамата абвяшчае гэткае:
Устаўная Грамата да Народаў Беларусі:
[.....][2]

Выканаўчы Камітэт І-га Ўсебеларускага Зьезду.

Дадзеная ў Менску-Беларускім, 9 Сакавіка 1918 году.

Паводле п. 3 ІІ-ой Устаўнай Граматы 19 Сакавіка была скліканая Рада Зьезду, абавязаная выконваць заканадаўчыя функцыі і яна, пап[оўніў]шы сябе прадстаўніка[мі нацыянальны]х мяншы[няў…] і гарадзкіх самакіраваньн[яў уз]яла імя Рады Бела[рускай Народнай] Рэспублікі і заканадаўчыя функцыі. Першым заканадаўчым актам, выдадзеным Радай Рэспублікі, быў закон аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і ейных зьнешніх стасунках, прыняты 25 Сакавіка гэтага году і выражаны ў форме III-яй Устаўнай Граматы, якая абвяшчае ніжэйпададзенае: [.....][3]

Зноскі

[правіць]
  1. Канцы радкоў на копіі за краем аркушу.
  2. Ідзе тэкст Граматы.
  3. Далейшых старонак у архіве няма.