Мэмарандум Лігі вызваленьня народаў СССР (1960)
Мэмарандум Лігі вызваленьня народаў СССР (1960) Дакумэнт Аўтар: Мікола Абрамчык 9 травеня 1960 году Крыніца: Мэмарандумы Рады БНР і Лігі вызваленьня народаў СССР лідарам ЗША, Брытаніі і Францыі – травень 1960 г. (паводле: Бацькаўшчына № 21 (505), 1960) |
Эксцэленцыя,
З нагоды заплянаванай канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні, якая мае пачацца ў Парыжы 16 траўня сёлета, маем гонар зьвярнуцца да Вас ад імя экзыльных урадаў і нацыянальна-палітычных цэнтраў:
Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Казакіі, Крыму, Ідэль-Уралу, Туркестану і Ўкраіны, просячы Вас ветліва зьвярнуць Вашу ўвагу на наступнае:
1. Вышэйпазначаныя народы складаюць бальшыню насельніцтва Савецкага Саюзу;
2. Народы гэтыя абвесьцілі ў 1917 – 1918 гадох свае незалежныя дэмакратычныя дзяржавы, якія сталіся ахвярай нічым не справакаванай агрэсіі з боку Савецкай Расеі і былі ёй збройна заваяваныя;
3. Прыгаданыя народы няспынна працягваюць змаганьне за сваё вызваленьне ад накінутага ім Крамлём найбольш жорсткага ў гісторыі чалавецтва каляніяльнага рэжыму, і што рэжым гэты нашыя народы ўважаюць за рэжым, накінуты чужаземнай дзяржавай – Расеяй;
4. Нашы народы зьвяртаюць свае ўстрывожаныя позіркі на заплянаваную канфэрэнцыю на найвышэйшым узроўні і спадзяюцца на падтрымку Вялікіх дэмакратыяў Захаду ў сваім цяжкім змаганьні з крамлёўскай тыраніяй;
5. Эвэнтуальная дамоўленасьць Вялікіх дэмакратыяў з Крамлём на мірнае суіснаваньне пры ігнараваньні сувэрэнна-законных правоў нашых народаў была б толькі актам маральнай падтрымкі камуністычна-бальшавіцкіх агрэсараў і цяжкім ударам для нашых народаў у іхным вызвольным змаганьні;
6. Мірнае суіснаваньне вольнага сьвету з крамлёўскай тыраніяй у той час, як апошняя ня толькі адмаўляе мірнае суіснаваньне з нашымі запалоненымі народамі, але пагражае іхнаму фізычнаму існаваньню як народаў, адкрыта ўжываючы ў дачыненьні да іх мэтад генацыду, усклала б на вольны сьвет, а ў першу чаргу на Вялікія дэмакратыі, цяжкую маральную адказнасьць перад гісторыяй людзтва.
Шчыра жадаючы найлепшых удачаў у Вашых намаганьнях дасягнуць справядлівана й трывалага міру, застаемся ў надзеі, што Вы не забудзеце таксама і аб трагічным лёсе нашых народаў за зялезнай заслонай.
Прымеце, Эксцэленцыя, выражэньні найглыбейшае да Вас пашаны.
Нью-Ёрк, 9 травеня 1960 году
Мікола Абрамчык
Старшыня Лігі вызваленьня народаў СССР