Перайсці да зместу

Мы і яны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы і яны
Публіцыстыка
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1920 год
Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 9 лютага 1920. — №3 (25); бач. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы і яны.

Польская эндэцыя далей сьніць свае салодкіе сны аб анэксыях.

Час прабуджэньня яшчэ ня прыйшоў.

А мо‘ й ніколі для яе ня прыйдзе? Мо‘ яна хоча спаць непрабудным сном да той часіны, калі ў хаце пачнецца пажар, усё будзе абнята полымем і аб ратунку позна было-б думаць.

Тады як польская дэмократыя з сваім комэндантам Пілсудскім на чале зразумела сваю ўласную карысьць і нашу, калі прызнае згодна з кінутымі першы раз у гэту вайну клічамі аб правох да жыцьця малых народаў, правы на істнаваньне і Беларусі, — эндэцыя далей зьяўляецца нашым ворагам, ня бачучы або ня хочучы бачыць нашага нацыянальнага і культурнага адраджэньня.

У сваёй сьплепаце яна ня бачыць, што дзесяць-мільённы беларускі народ ёсьць адно цэлае, што амаль з кожным днем усё болей ды усьведамляецца, яна хоча прылучыць заходнюю каталіцкую частку Беларусі і ўшчэнт яе сполёнізаваць, а ўсходнюю — Бог з ёю! — аддаць яе савецкай ці монархічнай Расіі — ўсё роўна — бо з яе „карысьці“ мала, дух полёнізацыі яшчэ яе не закрануў.

Гэтак, па іхняму беларускай справы няма, гэта толькі нечаясь інтрыга.

Польская дэмократыя разумее справу інакш. Калі-б навет і ня было беларускай справы, дык яе трэ‘ было-б стварыць — сказаў нехта. І правільна. Трэба было-б яе стварыць, бо рана ці позна многамільённы ды многапакутны народ зварушыўся-б з свае доўгавечнай драмоты і голасна загаварыў-бы аб сваіх правох. Бо, калі, не чакаючы, паставіць яго раней у гэтакіе варункі, каб ён мог жыць і разьвівацца нормальна і ўвайшоў у вялікую сямью народаў, як вольны з вольнымі ды роуны з роунымі, дык здабудзецца ў гэтым народзе вернага саюзьніка і шчырага прыяцеля, якім ён ужо быў у часіны ня зусім шчаснай сваей мінуўшчыны. Бо адрадзіўшыйся народ беларускі будзе гэтым жывым плотам, які дасьць Польшчы заслону ад аднаго з страшнейшых яе варагаў — Маскоўшчыны, сам дзеля сваіх уласных інтарэсаў баронячыся перад навалай з усходу. Бо, далей, калі-б і ўдалося анэктаваць частку Беларусі, дык гэтая анэксыя ня толькі, што была-б вечнай косьцьцю нязгоды між палякамі і расійцамі, якіе, пачынаючы ад монархістаў, а канчаючы бальшавікамі, глядзяць на Вільню, Горадзен, Менск, як на „искони русскіе города“, але і стварыла-б між беларусамі вечную небясьпечную ірыдэнту.

Як капрыснае дзіця ня хоча чуць разумных слоў, а трапеча нагамі і крычыць у злосьці, каб далі яму спадабаўшуюся цацку, гэтак і эндэцыя, ня гледзячы на прыклады гісторыі, на апошніе недалёкіе прыклады — лёс Расіі, Нямеччыны і Аўстро-Вэнгрыі, — выцягівае прагавітые свае лапы як найдалей на ўсход.

Калі Начальнік Польскай Дзяржавы сваім дэкрэтам абвесьціў аб фармаваньні беларускага войска, варшаўская эндэцкая прэса ударыла ў звон трывогі. „Gazeta Warszawska“ нядаўна, між інш. пісала:

„… Няма гэтакай дзяржавы на сьвеце, якая пазволіла-б на сваей тэрыторыі клікаць ахвочых у чужые арміі. Чаму і дзеля чаго ў нас робіцца інакш? Дык-жа ўсходніе землі, хаця формальна яшчэ ня прылучаны да Польскай Дзяржавы, але далі ўжо шмат доказаў, што гэтага злучэньня чакаюць ад Польшчы“…

На гэта віленскі орган дэмократыі „Nasz Kraj“ зусім справядліва кажа:

„Няхай „Gazeta Warszawska“ і яе прыхільнікі не палохаюцца. Калі ўтворыцца беларускае войско, дык яно ўтворыцца, ня гледзячы на тое, захочуць гэтага ці не — лідэры эндэцыі, а калі яно ўжо будзе, дык ня будзе тады „варожае і чужое“, але саюзнае, ўдзячнае і памоцнае ў барацзьбе з азыяцкім Усходам, будзе яно фундамэнтам вялікай і заўсёды пабеднай ідэі: „Вольные з вольнымі, роўные з роўнымі“…

А гэты кліч мае монумэнтальнае значэньне. Ён вялікімі літэрамі будзе запісаны на страніцах гісторыі абодвых народаў — польскага і беларускага, як вялікімі літарамі запісаўся на картах польскай мартыролёгіі другі блізкі яму па духу кліч з трагічнага 1863 году, калі жменя дрэнна ўзброеных, галодных і абарваных паўстанцаў кінула ў твар расійкай дэмократыі гордые словы: „за нашу свабоду і — вашу“…

Тагды гэтые словы ня збудзілі ў расійцаў рэха. Але мы, пражыўшые супольна з польскім народам шмат няшчасных часін, — братом нашым, што раней за нас скінулі з сябе кайданы няволі і падаюць нам руку помачы з словамі аб вольнасьці і роўнасьці, ахвоча сьціскаем гэту руку.

Бо гаротнаму беларусу даўно гэтакіх слоў не казалі, бо беларус верыць у шчырасьць прыйшоўшага з добрым словам у яго хату.

Ф. А.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.