Перайсці да зместу

Мы разам…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы разам…
Аўтар: Ігнат Канчэўскі
Крыніца: Заходняя Беларусь: зборнік грамадзкае мысли, навукі, літэратуры, мастацтва Зах. Беларусі / Вільня, 1923
Рэдакцыйны падзагаловак: з пасьмертнае спадчыны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня відаць вас, брацьця, у крывавым тумане на дымным шляху гаманлівай штодзеннасьці. Але ўсе мы разам, мы разам, бо нас злучае супольнасьць адна.

— Калі ты ідзеш сьмела ў крывавую бойку, поўную цемры і плачу, забойства і злосьці, хаваючы ў сэрцы сваім цяжар замірэньня і радасьць каханьня, — то нас злучае ў цяжкую хвіліну супольнасьць ахвяры…

— Калі ты ідзеш на патаптаньне людзкіх законаў, каб з цяжкіх кайданаў вызваліць дух чалавецтва, што там у вастрогах і на эшафотах, — ты з намі, брат наш, бо нас злучае супольнасьць ахвяры…

— Калі твая сьмелая думка змагаецца з тым, што прыняла мірная пасрэднасьць, калі ты шукаеш новых шляхоў да сонца і новай гармоніі формаў праменных, — не палохайся лёсу тых, каго даўней спалілі на вогнішчах: таксама ты з намі, брат наш, бо нас злучае супольнасьць ахвяры…

— Калі ты стаіш прад сьвятым аўтаром у пустой сьвятыні і ўзносіш хвалу Невядомаму, каго адчувае душа твая ў сьветлым імкненьні і пэўнасьці яснай, — мы разам, мы разам, бо нас злучае супольнасьць ахвяры…