Мы маўчалі, як нямыя…
Выгляд
Мы маўчалі, як нямыя… Верш Аўтар: Якуб Колас Крыніца: http://yakubkolas.ru/my-mauchali-yak-nyamyya |
Мы маўчалі, як нямыя,
Мы ўздыхалі ўсё цяжэй,
Грызлі думкі нас благія,
Слёзы падалі з вачэй.
Мы хадзілі, як уночы,
Сярод мукі, сярод зла;
Туманы сляпілі вочы,
Цемра хмар на нас лягла.
З нас нямала жартавалі,
Той нас крыўдзіў, гэты сек.
Годнасць нашую тапталі,
Ў нас заплёван чалавек.
Хай святло навукі яснай
Заблішчыць, як сонца ўсход,
Няхай родным словам шчасна
Загаворыць наш народ.
(1908)