Муляр (Маракоў, верш)
Муляр Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Прафесіянальны рух Беларусі. — 1925. — №11 |
Эх ты, дзень залацiста-агнёвы,
П’яным сонцам цалуеш зямлю...
Я сягоння над цэглай ружовай
Потам песню сваю абалью.
Мае дошкi акордам высокiм
Вецер б’е i калыша ля сцен...
Белай вапны аблiўся я сокам,
Як вясновымi кветкамi стэп.
Лазой кудры упалi на плечы,
Думкi хваляю б’юць ў галаве,
Ў сэрца песня запала карцеччу
I на рэчку да хлопцаў заве.
Але не!.. Не пайду я, бо трэба
Яшчэ пiльнае шмат што зрабiць.
Шлях мой — коньмi разбiтыя грэблi,
Лозунг мой — працаваць i рабiць!
Эх, сягоння я сэрцам мужычым
Ўсё жыццё палюбiў i абняў,
Мне пяе малаток звонна-зычна,
Усмiхаецца голлем дубняк.
Цэлы дзень я пяку i мазолю
Свае рукi над ростам сцяны.
Толькi вечарам з працы праз поле
Я пайду — сын жыццёвай вясны.
Эх ты, дзень залацiста-агнёвы!..
Каласiш ты праменнем зямлю...
Сваю працу над цэглай ружовай
З гэтай песняй я шчыра люблю!