Мужыцкая доля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гаданьне
Верш
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1903
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58923


Цяжка жыць, трудзіцца,
Калі няма долі,
Жыта не радзіцца
На мужыцкім полі.

З капы умалоту
Ня болей асьміны,
І еш за работу
Чорны хлеб зь мякіны.

Прыйдзе восень, — трэба
Заплаціць падаткі,
А тут няма хлеба
І грошы няхваткі.

І жыві, як знаеш,
Зь бяды выручайся,
Калі сілу маеш,
Долі дажыдайся.

Дзе ж ты, мая доля,
Дзе ж ты захавалась,
Безь цябе няволя
І бяда засталась.

На рукох мазолі,
Дзень і ноч труджуся,
Ня маючы долі,
Бедным спаць лажуся.

А устаўшы рана,
Вазьму касу ў рукі
І іду да пана
Касіць яго лукі.

І за сорак грошы
Дзень касой махаю.
Кажуць — пан харошы, —
Далібоц ня знаю!

Аканома знаю, —
Ды і як ня знаці,
Штодзень спатыкаю
Тут на сенажаці.

Штодзень слухаць трэба,
Як ён лаець брыдка.
Не пражыць бяз хлеба,
Цярпі, мой Мікітка.

Цярплю, сьцяўшы зубы,
І касой махаю,
Сонца сушыць губы,
З смагі паміраю.

А дамоў вярнуся —
Дзе ж тут аддыхаці —
І ізноў бяруся
Касу пакляпаці,

Каб назаўтра рана,
З гостраю касою
Сенажаць у пана
Выкасіць з расою.

Дзе ж ты, мая доля,
Дзе ты, адгукніся!

(1903)