Перайсці да зместу

Мужык і жонка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мужык і жонка
Казка
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-036

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адзін мужык часта сварыўся з жонкаю.

— Гультайка ты! — крычыць на яе. — Я і ару, і кашу, а ты нават абед лянуешся прынесці мне ў поле!

— Ды ў мяне дома работы больш, чым у цябе ў полі, — адказвае жонка. — Калі мне насіць табе абед?

Мужык не верыць жонцы:

— Якая дома работа! Такую работу я гуляючы зраблю.

Узлавалася аднойчы жонка.

— Калі так, — кажа, — то я паеду араць, а ты заставайся дома.

Мужык зарадаваўся:

— Добра. Цяпер ты ўбачыш, хто з нас праўду кажа! Араць — гэта не гаршкі ў печы перастаўляць.

Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку:

— Толькі ж глядзі, каб усю работу парабіў.

Мужык кінуў вокам на хату:

— А якая тут работа?

— Бачыш, вунь рошчына ў дзяжы?

— Бачу, — адказвае мужык.

— Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ.

— Ну, гэта работа лёгкая, — махнуў мужык рукою. — Яшчэ якая?

— Збі масла.

— І гэта не цяжкая. Што яшчэ?

— Пільнуй цялят на выгане, каб у шкоду не ўлезлі. Абед звары ды за квактухаю наглядай, каб з рэшата не зляцела, бо яйкі астынуць.

Расказала жонка мужыку, што яму дома рабіць, сабралася і паехала ў поле. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэтую работу, а і выспацца паспею».

Закурыў ён люльку і пачаў муку малоць. А каб спарней работа ішла, прывязаў да пояса бойку са смятанаю. Круціць жорны, а сам ківаецца, дык смятана — боўць, боўць! — на масла збіваецца.

Добра ідзе работа!

Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном:

— Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі!

— Ах, каб іх ваўкі зʼелі! — закрычаў мужык і, як стаяў, кулём кінуўся на выган.

А бойка — трах, трах! — яго па каленях. Прабег ён крыху ды грымнуўся як сноп вобземлю. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася.

Падняўся мужык, плюнуў са злосці і пабег далей. Выгнаў цялят з аўса і прыгнаў іх дамоў.

— Не хочаце, — кажа, — на выгане пасвіцца, дык стойце ў хляве галодныя!

Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, зʼела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата.

Вытурыў мужык свінню вон, стаў пасярод хаты і чухае патыліцу: што ж цяпер рабіць? Трэба, думае, хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі… Пакруціўся сюды-туды — няма курыцы.

Сеў мужык з гора сам на рэшата. «Як вернецца квактуха, — думае, — тады я злезу абед варыць, а яе пасаджу».

Ехаў праз вёску казак і зайшоў у хату вады напіцца. Убачыў мужыка на рэшаце.

— Што ты робіш? — пытаецца.

— Куранят выседжваю, — адказвае мужык.

— Хто ж гэта цябе, небараку, пасадзіў на рэшата?

Расказаў мужык пра сваю бяду — як ён дома за гаспадыню застаўся і як не пашанцавала яму.

Парагатаў казак, а потым давай бізуном яго хвастаць… Лупіць і прыказвае:

— Вось табе за тваю дурноту! Жонка поле арэ, а ты што робіш?

Круціўся, круціўся мужык і падушыў усе яйкі. Бачыць — няма ратунку. Саскочыў з рэшата ды ходу. Залез з перапуду на гару і схаваўся там у кораб з перʼем.

Казак напіўся вады ды паехаў далей. А мужык сядзіць у перʼі, ад страху калоціцца.

Тым часам прыехалі жончыны бацькі ў госці. Зайшлі ў хату. Паглядзела цешча на непарадкі і кажа да дзеда:

— Не дзіва, што зяць з нашаю дачкою сварыцца! Мусіць, такі і праўда, што яна гультайка.

— Калі так, — кажа дзед, — дык аддамо гасцінец не дачцэ, а зяцю!

Мужык усё гэта чуў з гары. «Які ж яны гасцінец прывезлі?» — узяла яго цікавасць.

Перагнуўся ён цераз кораб, каб паглядзець гасцінец, а кораб — бабух! — і паляцеў далоў разам з мужыком.

Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы і ўбачылі там мужыка ў перʼі.

— Чорт! Чорт! — закрычалі яны ў адзін голас.

Баба пачала хрысціцца, а дзед схапіў качаргу ды давай чорта дубасіць:

— Бач, нячыстая сіла, куды панадзіўся цягацца!

Усхапіўся мужык і кінуўся на агарод. Схаваўся там у каноплях і сядзіць, ні жывы ні мёртвы, пабітыя бакі чухае.

Вярнулася ўвечары з поля жонка. Бацькі кажуць ёй:

— Ну, цяпер ты з мужыком будзеш добра жыць.

— Чаму? — пытаецца дачка.

— Бо мы выгналі чорта з вашай хаты. Гэта ён, пракляты, сварыў вас!

І праўда: перастаў пасля таго мужык абзываць жонку гультайкай.