Перайсці да зместу

Моц пачуцьця ў пясьнярстве Максіма Багдановіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Моц пачуцьця ў пясьнярстве Максіма Багдановіча
Літаратуразнаўчы артыкул
Аўтар: Леў Цвяткоў
1928 год
Крыніца: Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь». – 1928. – 15 лют. (№ 2). – С. 6.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Л. Цьвяткоў.

МОЦ ПАЧУЦЬЦЯ Ў ПЯСЬНЯРСТВЕ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА.

Звычайна зусім слушна характарызуюць Максіма Багдановіча, як вялікага мастака і глыбокага філёзофа. Высокая тэхніка і паважная ўдумлівасьць яго творчасьці зьяўляюцца бясспрэчнымі.

Недарма нашы літаратуразнаўцы гавораць, што ў паэзіі Багдановіча няма нічога раптоўнага. Але гэта ня выключае наяўнасьці ў ёй магутнага імпэту, надзвычайна напружанае эмоцыянальнасьці. Часам яна бывае як-бы ў скрытым стане, але ня вельмі рэдка выяўляецца і надта яскрава.

Нядаўна Інстытутам Беларускае Культуры выдадзен першы том твораў М. Багдановіча. Усё тое, што засталося ад яго паэзіі, увайшло ў гэты том. Такім парадкам шмат чаго новага можна знайсьці ў гэтай кніжцы (XV+493 старонкі).

І перш за ўсё—парушаецца даўнейшае ўяўленьне аб М. Багдановічу, як аб крыху халаднаватым мастаку-філёзофе. Праўда і тое, што частка такіх твораў, прасякнутых магутным пачуцьцём, нам ужо вядома даўно, бо зьявілася ў друку яшча ў нашаніўскую пару.

Але і яны набываюць новую цікавасьць пры параўнаньні з дагэтуль невядомымі вершамі.

Пачуцьцё грамадзкай крыўды-нядолі выражана надзвычайна моцна ў вершы: «Краю мой родны».

„У гутарках казках—аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе.
Гора ўсюды пануе.
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Ці хопіць нам сілы?!“ (Стар. 174 і 175).

У вершы «Мяжы» мы чытаем:

"Вакол яго (чалавека) платы, межы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
Ў надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд,
Каторы моцнымі рукамі
Стварыў усе багацтвы на зямлі...
А сам даўно сьляпы ад сьлёз
І ўжо забыўся аб ратунак...
А людзі нішчацца ў голадзе, у зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь - мяжы, бо скрозь — платы".
(Стар. 69 і 70).

Як-жа зьнішчыць гэтыя непатрэбныя перагародкі, што нават дзяцей аднае краіны-маці робяць чужымі, неспагаднымі людзьмі.

На гэтае пытаньне, ці хопіць самаахвярнасьці, — пясьняр адказвае магутным заклікам:

„Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакідаючы жах;
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах!“
(Стар. 179).

І ўрэшце паэт ужо цьвёрда і ўпэўнена гаворыць:

„Ты ня згасьнеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асьвеціш родны край,
Беларусь мая! Краіна-браначка!
Ўстань, свабодны шлях сабе шукай“!

Мы бачым цэлую градацыю вельмі яскравых і напружаных эмоцыяў, пачынаючы ад жаху і канчаючы бадзëраю надзеяй на лепшую будучыню для роднае краіны. А мы яшчэ нічога не гаворым аб «песьнях беларускага мужыка», дзе таксама нямала эмоцыянальнасьці. Яны ужо былі адзначаны ў крытыцы.

Закінуты на чужыну, М. Багдановіч пакахаў дзяўчыну іншае нацыянальнасьці і, здаецца, іншага сьветапогляду і культурнага асяродзьдзя. Гэтая акалічнасьць дала паэту шмат яскравых, часам салодкіх, а часам і цяжкіх перажываньняў, якія адбіліся ня толькі ў яго лірыцы, а нават у некаторых эпічных творах.

Саусім не філёзофскім тонам гучыць, напрыклад, такое шчырае прызнаньне закаханага маладога песьняра:

«Буду сьніць і днямі і начамі.
І прыду. Што ўздумаеш, рабі,—
Хочаш—душу растапчы нагамі.
Хочаш—мучай, хочаш—загубі». (Стар. 322)

Гэты, для многіх з нас зусім новы, бок творчасьці М. Багдановіча робіць яго яшчэ больш блізкім. Бо і сапраўды цяпер пясьняр ужо пазбавіўся ў нашых вачох тae аднабаковасьці, тae выключнае філёзофічнасьці, якая надавала яму нейкі занадта паважны характар. Цяпер гэта чалавек ва ўсёй сваёй суцэльнасьці — поўны жыцьця з яго горам і радасьцямі, ня толькі грамадзкімі, але і асабістымі.

Мы ужо пераканаліся, што ў душы песьняра быу вялікі запас магутнае эмоцыянальнасьці. Значная частка падобных вершаў, магчыма, нават не дайшла да нас, дзеля свайго інтымнага характару, яна магла не перахоўвацца песьняром, а, мо і зьнішчацца. Большая частка дзеля гэтае-ж самае прычыны ня была здадзена ў друк самым паэтам. Але цяпер ужо відавочна, што толькі сьціпласьць і саромлівасьць нябожчыка-песьняра не дазвалялі нам дагэтуль пазнаёміцца з ім усебакова. Пад крышталёвым лёдам высокае філёзофскае паэзіі захавалася ў поўнай суцэльнасьці палкая душа жывога чалавека з радасьцю і горам, з каханьнем і самаахвярнасьцю.

Гэтая акалічнасьць робіць вобраз песьняра яшчэ больш рэльефным і блізкім нам.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.