Мой май

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мой май
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1928

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




  …Ты, гавораць, —
  вясёлы месяц:
  Наляцеў, нагрымеў, пераблытаў.
  Над садамі пялёсткі павесіў
  І пусьціў ветравеі па жыту.
Ты ды я, —
нам, здаецца, па дваццаць:
Мне — узростам,
табе — па запалу;
Мы сышліся,
каб тут прывітацца
І пайсьці па жыцьцёвых шпалах…
  …У цябе — крышталёвае цела,
  А па сіле —
  ты быццам леў!
  Нават муха —
  і то зазьвінела,
  Шукаючы пары на шкле.
Маладосьць! Агнявыя краскі…
Зацьвітай жа
вішнёвым цьветам!
Ой ты, май мой,
чароўная казка, —
Загрымі па ўсяму сусьвету!
  Хтосьці швэндае ўдзень,
  нібы ноччу,
  На шляхох
  прычытаньнямі сьвішча…
  Май мой стромкі!
  Ды плюнь яму ў вочы
  На вясельным на гэтым ігрышчы…
…Па-над садам гайдаецца воўна,
Гэта значыць —
пялёсткаў рой.
Ты за тое ў мяне і каштоўны,
Што ўздымаеш вясновы настрой!..