Мой дом (1946)/Чую голас

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Вузкае» Мой дом
Чую голас
Аўтар: Якуб Колас
На захадзе сонца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧУЮ ГОЛАС

Студзіць сонца твар гарачы,
Сходзіць з небасхілу,
Аддае святла астачу
Дробным крупкам пылу.

Ажылі пылінкі ў сонцы,
Жарам заігралі,
Як вясёлкам, шлях бясконцы
Ім адкрыт у далі.

На шырокі дуб-асілак
Сонца блеск садзіцца,
А ў прагалах між галінак
Пыл гарыць, ірдзіцца.

Гэта сонца ставіць кросны,
Радасць тчэ змярканню.
Пазіраеш — храм дзівосны:
Дуб, і пыл, і ззянне.

Падыходзіш, хочаш зблізка
Бачыць у ім бога.
Падышоў. А дзе-ж калыска
Хараства святога?

А яна, унь, на платане,
Над узбекскай хатай.
Чую голас: будзь у змане,
Хараства не кратай!

1943 г.