Мой дом (1946)/Ідзі!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чуваць вясна Мой дом
Ідзі!
Аўтар: Якуб Колас
Ноч пад новы год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІДЗІ!

Стаміўся ты, дружа, знямог
І выбіўся з сіл.
Ты шмат перамерыў дарог
Між пустак, магіл.

Ішлі поруч ночы і дні,
Шумелі вятры,
І вабілі зорак агні
І лесу шатры.

І песні ліліся вакруг,
Разносячы сум,
І сам, ты, закуты ў ланцуг,
Піў сок горкіх дум.

Снаваліся мары і сны
І ткаліся ў ткань, —
Прывабныя чары вясны
Ў юнацкую рань…

Прайшоў ты вялікі разлог —
Прысядзь, адпачынь:
Наперадзе многа дарог
І шмат далячынь.

Мінуліся ночы, імгла,
І сум былы змоўк.
Другая дарога лягла,
Як золак, як шоўк.

Зірні на яе — шырыня!
Бясконцы блакіт…
Сядлай-жа ў дарогу каня.
Дзе меч твой і шчыт?

15/XI — 1937 г.