Мой дом/У летні адпачынак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На усходзе сонца Мой дом
У летні адпачынак
Аўтар: Якуб Колас
Пажаданні пад новы год


У ЛЕТНІ АДПАЧЫНАК

На століку маім ляжаць паперы,
Чарнільніца, як мачыха, стаіць,
А мне так хочацца зірнуць за дзверы,
На двор пайсці ды неба даль праверыць,
Агледзець хмар каралавую ніць.

Люблю я іх, — люблю іх узнікненне
І вольны рух па сонечным шляху,
Іх шпаркі рост, купчастае адзенне.
Люблю глядзець, як неба сутарэнне
Узносіць іх кудлатую страху.

Чарнільніца мая глядзіць з дакорам
І думае, напэўна, — ох, гультай!
А я тады адказваю з пакорай:
Я толькі пакурыць, вярнуся скора —
Хвіліначку, галубка, пачакай!

І я за дзверы шусь! — і я на волі.
Такі табе навокала прастор!
Кучматы лес, утульны луг і поле.
Гляджу, што дзеецца ў блакітным доле,
І бачу — хмара ціснецца на бор.

Іду ў лясок сачыць за хмарай гэтай,
Між сосен двух калышацца гамак.
І чую я — гром глуха грымнуў дзе-та.
Я ў гамаку, — п’ю чары, слодыч лета, —
Чарнільніца-ж мне кажа там — лайдак!

17/IX — 1939 г.