Мой дом/На усходзе сонца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Усход сонца Мой дом
На усходзе сонца
Аўтар: Якуб Колас
У летні адпачынак


НА ЎСХОДЗЕ СОНЦА

Выплывае круг агністы
З груды мутных хмар.
Па-над рэчкай дуб вячысты
Не схісне ніводным лістам
І стаіць, як цар.

На яго шацёр-карону
Пурпур лёг зары.
У прасветы хмар заслоны
Сыпле сонца стрэл мільёны —
Шле зямлі дары.

Над нізінай нерухомы
Звіс, як дым, туман.
Цераз нетры, бураломы
Сцеле белыя паромы
З лугу да палян.

Звонка граюць струны цішы
На ўсе галасы.
Дрэмле ветрык і на ўзвышшы
Нават кветкі не калыша,
Не страсе расы.

Дзень свой рэй вядзе ў калгасе, —
Гоман, скрып і грук.

Дзесь у лесе на папасе
Забалбоча, хоць не ў часе,
Чуткі цецярук.

А над хатай дым бялявы
Выгнуўся дугой,
Не йдзе ўгору, кучаравы,
А на ніз, на дол, на травы
Нікне галавой.

Парна з ранку. Муць разліта,
Нібы сум павіс.
Даль у сінеч апавіта.
«Будзе дожджык — шэпча жыта, —
Дым пайшоў наніз».

15/V — 1939 г.