Мова выданьняў Францішка Скарыны
Мова выданьняў Францішка Скарыны Артыкул Аўтар: Язэп Воўк-Левановіч 1926 |
I
Тэма ня новая, паколькі яе закранаў яшчэ трыццаць шэсьць год таму назад профэсар П. В. Уладзімераў. Трэба прызнаць, што фактычная частка другога разьдзелу працы профэсара Ўладзімерава [1] не патрабуе ніякіх важных зьмен і дапаўненьняў. Факты запротоколены ім, за выключэньнем некаторых драбніц, поўна і стала, хоць і ня зусім сыстэматычна, што і адзначана ў свой час крытыкай [2].
Пры ўсёй поўнасьці фактычнае часткі нарысу П. В. Уладзімерава аб мове Скарыны, у ім, аднак, не хапае аднаго: профэсар Уладзімераў абыходзіць вельмі важнае і цікавае пытаньне аб тым, у якой меры можам мы лічыць мову Скарыны беларускай.
Калі ня лічыць ляконічных уваг, амаль што неабаснаваных, дык трэба сказаць, што паважаны аўтар сталага досьледу не паклапаціўся ў гэтым пытаньні паставіць, як гаворыцца, кропку над і. А гэта і ў час выхаду працы Уладзімерава, дый у наш час выклікала і выклікае значныя непаразуменьні. Між тым, проф. Уладзімераў прысьвячае гэтаму пытаньню ўсяго толькі дзесяць радкоў: „Скарына называе сваю мову „рускім языком", адрозьніваючы ў „Псалтыру" 1517 году „рускіе слова" ад „языка словенского". Тую-ж самую назву „рускій язык” мы заўсёды сустракаем у памятніках Паўднёва-Заходняй Расіі XVI сталецьця. Між тым, пахаджэньне Скарыны з Полацку, сувязі яго з Вільняй і заснаваньне тут першай рускай друкарні надаюць асаблівае значэньне працам Скарыны з боку мовы—значэньне памятнікаў беларускае гутаркі пачатку XVI сталецьця.
З гэтага пункту гледжаньня і трэба разглядаць працы Скарыны ў адносінах да рускае мовы" [3].
І гэта ўсё.
Пры бліжэйшым знаёмстве з самымі друкаванымі выданьнямі Францішка Скарыны, мы, аднак, праконваемся ў тым, што пытаньне аб мове Скарыны не такое простае, як гэта прадстаўлялася профэсару Уладзімераву. Паспрабуем-жа разабрацца ў гэтым пытаньні.
Разглядаючы агульнае пытаньне аб уплыве царкоўна-славянскай мовы на мову старадаўняе Беларусі, проф. Уладзімераў, бязумоўна, мае рацыю, калі ён адзначае прысутнасьць даволі значнае колькасьці царкоўна-славянскага элемэнту у мове грамат і актаў, легэнд і повесьцяй XV—XVI сталецьцяў—твораў пераважна сьвецкага характару.
Гэта можа быць вытлумачана толькі тым вядомым фактам, што школьная асьвета ў памянёную эпоху насіла чыста царкоўны характар: у школах Беларусі і Украіны вучылі мове не беларускай і не украінскай, але царкоўна-славянскай; навучаньне на Беларусі і Украіне адбывалася па царкоўна-славянскіх псалтыру і часаслову [4]. Да і пры далейшым навучаньні вучням прыходзілася мець справу пераважна з царкоўна-славянскай літаратурай. У выніку гэтага кніжнае царкоўна славянскае вымаўленьне і словы мяшаліся ў жывой мове людзей кніжных, пісьменных (асабліва начытаных у „слове божым") з жывою беларускаю альбо украінскаю гутаркай. Дзякуючы гэтаму і жывая гутарка ў штодзённым ужытку людзей пісьменных, адукаваных, бязумоўна, адрозьнівалася ад жывой гутаркі людзей неадукаваных, як гэта заўважаецца і цяпер. Жывая мова адукаванага грамадзянства Украіны і Беларусі, напэўна, была перасыпана царкоўна-славянскімі тэрмінамі, асабліва ў галіне азначэньня паняцьцяў, у народным ужытку невядомых ці мала ўжываных. На такой, адносна жывой, беларускай альбо украінскай мове і пісаліся розныя грамадзкія акты і граматы.
Большасьць дасьледчыкаў гісторыі ўсходня-славянскіх (рускіх) моў лічаць мову гэтых актаў штучнаю. Зразумела, з гэтым у пэўнай ступені нельга не згадзіцца, але толькі ў такой ступені, у якой і ў нашыя дні, бязумоўна, мы павінны лічыць штучнай і сучасную нам канцэлярскую мову.
Зусім не такая мова кніг тае-ж самае эпохі, але царкоўна-рэлігійнага зьместу. Гэтыя кнігі напісаны альбо зусім у чыстай царкоўна-славянскай мове, альбо ў царкоўна-славянскай мове з большай ці меншай дыялектычнай ахварбоўкай—беларускай ці украінскай—у залежнасьці ад месца напісаньня.
Такая самая мова і ў выданьнях Францішка Скарыны; як паказвае аналіз, гэта ў большасьці царкоўна-славянская мова з моцным элемэнтам жывой беларускай мовы і з сьлядамі літаратурнага ўплыву чэскай і польскай моў.
А. Будзіловіч у памянёным ужо намі артыкуле лічыць, што біблійныя, богаслужбовыя і іншыя падобныя кнігі, напісаныя ў царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакціі, „зьяўляюцца нечым зусім адменным ад перакладаў Скарыны, які зьмяняў ня толькі застарэлыя словы, але і формы, нават усю пабудову мовы, так што замест царкоўна-славянскага тэксту заходня-рускай рэдакцыі, мы маем у яго заходня-рускую (гэта значыць—беларускую) гутарку, насычаную большай ці меншай колькасьцю царкоўнаславянізмаў “ [5].
Аднак, у канцы свайго артыкулу А. Будзіловіч, як нам здаецца, адмаўляецца ад толькі што паказанага намі пагляду, калі, пярэчачы профэсару Ўладзімераву (які, па сутнасьці, казаў тое-ж самае, што і Будзіловіч) адносна мовы выданьняў Скарыны, знаходзіць, што „справядлівей домысел Галавацкага, што гэта была мова ні беларуская, ні вялікаруская, ні маларуская, а мова кніжная, на якой ніхто ніколі не гаварыў (Науковый Сборник 1865 г., стар. 251)“.
У гэтым, як здаецца А. Будзіловічу, і хаваецца разгадка слабых посьпехаў Скарыны як выдаўца, іначай кажучы,—як культурнага дзеяча, і „малога ўплыву яго бібліі на далейшае разьвіцьцё заходне рускае мовы і асьветы, асабліва, калі параўнаць гэты ўплыў з вынікамі перакладаў бібліі Віклефа на ангельскую мову, Кальвіна на францускую, Лютэра на нямецкую і г. д.“
Гэткім чынам Будзіловіч, лічачы мову выданьняў Францішка Скарыны штучнай, няжывой, надае разам з тым гэтай абставіне рашучае адмоўнае значэньне ў справе разьвіцьця беларускае мовы і асьветы...
Здаецца, што цяпер ужо ня прыходзіцца даводзіць таго вядомага факту, што галоўная роля ў адмоўным уплыве на асьвету і мову Беларусі належыць тым гістарычным падзеям, што зьявіліся вынікам унутраных політычных і нацыянальна-рэлігійных узаемаадносін на соцыяльна-экономічным грунце ў Літоўска-Беларускай дзяржаве; гэтыя падзеі прывялі да таго, што Літоўска-Беларуская дзяржава страціла спачатку сваю сувэрэннасьць, а пасьля і культурна-нацыянальную самастойнасьць, падпарадкаваўшыся і політычна і культурна Польшчы. Ня будзь гэтых політычных падзей, не падлягае ніякаму сумненьню, што офіцыяльная і кніжная беларуская мова дачакалася-б сваіх рэформатараў, якія давяршылі-б справу, пачатую Скарынай,—справу збліжэньня кніжнае мовы з жывою беларускаю моваю. Толькі політычныя падзеі былі прычынай таго трагічнага здарэньня, што беларуская літаратурная мова, замест таго, каб рэформавацца на здаровых асновах minimum дзьвесьці год гаму назад, стала на гэты шлях толькі ў нашыя дні.
Чым-жа, аднак, вытлумачыць тое, што, як мы ўжо заўважылі, пагляды на мову выданьняў Скарыны такіх паважных філёлёгаў як Будзіловіч, Галавацкі і, як далей пабачым, і нашага сучасьніка—акадэміка Сабалеўскага, такія няпэўныя і супярэчныя?
Мы ўжо казалі, што ў аснове кніжнае (не актавае) мовы старадаўніх Беларусі і Украіны была мова царкоўна-славянская.
Аднак, царкоўна-славянская мова так званай „заходня-рускай" рэдакцыі (іначай кажучы,—беларускай, якая ўжывалася і на Украіне да XVII сталецьця) мела свае даволі значныя і шматлікія дыялектычныя рысы, якія досыць выразна адрозьнівалі яе ад тае мовы царквы, якая ўжывалася на Русі ўсходняй, Маскоўскай. Апошнюю мову шырокія грамадзкія колы звычайна і схіляюцца лічыць за мову, якая ўжывалася ў старадаўняй Беларусі, бо ў наш час яна пашырана і на Беларусі сярод, праваслаўнага насельніцтва.
Наколькі значная розьніца ёсьць паміж гэтаю навейшаю царкоўна-славянскаю мовай і царкоўна-славянскаю мовай старадаўняй Беларусі, мы бачым з тых царкоўна-славянскіх граматык, якімі карысталіся, пачынаючы ад канца XVI сталецьця, на Беларусі і Украіне. [6]
Ужо ня кажучы аб прызнаньні, напр., граматыкай Сматрыцкага гукаў ч і ж у такіх словах, як вижю, хочю і пад., царкоўна-славянскімі, у гэтых граматыках [7], як правіла, знаходзім і такія, напрыклад, чыста беларускія і часткова украінскія і наогул усходня-славянскія рысы:
а) Сьляды цьвёрдасьці “р” шыпячых і губных: царъ, цару, трохъ, твору; чловечокъ, кровъ, любовъ, червъ і пад.
б) выпадзеньне „д" у злучэньнях „жд“: стражущаго, надежи і пад.
У граматыцы Лаўрэнція Зізанія (а за ім і ў Сматрыцкага) ёсьць нават як-бы паказаньне на беларускі гук „дз" у тым месцы, дзе гаворыцца аб складаных зычных, якія пішуцца „сугубымн письменами", да ліку якіх адносяцца побач з Ѯ (кси), щ (шч) і Ѱ (псі), таксама З, S = „сд“, дзе сд зьяўляецца проста няўмелым напісаньнем гуку „дз“.
Сустракаецца мешаніна прыйменьнікаў съ, со і зъ.
в) 1. Першая асоба множнага ліку на мо: творимо, спасаемо і г. д.
2. Давальны склон адзіночнага ліку іменьняў назоўных на—ю замест—и: путю, временю і пад.
3. Формы займеньнікаў: тобе, собе, тои, тыи, тых, тыма, тыми, замест царкоўнаславянскіх тъ, ти, тѣхь, тѣмь, тѣмхи.
4. Беларусізмы і (часткова) полёнізмы ў слоўніку: дѣвчиночка, оброчок, хлопяточко; тогды, зараз, ажно, знагла, цили, бардзо, тажъ, таже[8].
Адсюль мы бачым, што нават патэнтаваныя грамацеі XVI—XVII сталецьцяў, як Лаўрэнці Зізані, Мялеці Сматрыцкі і іншыя, відаць, мелі даволі няяснае прадстаўленьне аб граматыцы царкоўнаславянскае мовы. Што-ж казаць тады аб тых звычайных сьмяротных, нават добра пісьменных беларусах, якія аб граматычнай сыстэме царкоўнаславянскае мовы мелі яшчэ меншае паняцьце. Як відаць, іхняя царкоўнаславянская мова на пісьме была такою толькі ў самых асноўных, грубых рысах, асабліва, калі яшчэ не існавала граматычных падручнікаў.
Нам здаецца вельмі праўдападобным, і мы, нават, можам быць пракананы, што ў старадаўняй Беларусі, той самы Францішак Скарына, лічыў за правільнае называць мову сваіх выданьняў „словенской", паколькі агульны фонэтычны твар яго „выкладаў" запраўды быў стара-славянскі: усюды ў яго, напрыклад, трапляюцца царкоўнаславянскія сьцягнутыя формы замест беларускіх поўнагалосных.
Гэта вельмі важны факт, які паказвае, што гэтую яскравую фонэтычную розьніцу паміж царкоўна-славянскай і беларускай мовамі Скарына вельмі добра ведаў і памятаў, і, жадаючы захаваць у мове сваіх выданьняў асноўны царкоўна-славянскі стыль фонэтыкі, старанна ўхіляўся на ўсім працягу сваіх выкладаў беларускіх поўнагалосных формаў. Ён здолеў зрабіць гэта ў такой ступені, што поўнагалосныя формы трапляюцца ў яго толькі як друкарскія памылкі. Безьліч стара-славянскіх слоў і выразаў, а таксама сынтаксычных зваротаў (напр., dativus absolutus, accusativus cum infinitio), — асабліва-ж ужываньне заўсёды аорысту, — формы, якая зьнікла ў жывой мове, напэўна, ужо да XIII ст., прытым, як убачым далей, ужываньне дзіўна няправільнае, усё гэта як найлепш сьведчыць аб стараньні Скарыны захаваць першапачатковую аснову мовы —царкоўнаславянскую.
ІІ. Як на прычыну, што выклікала зьяўленьне на Беларусі і Украіне царкоўных кніг у „модэрнізаванай", „славенскай" мове, гэта значыць у мове, перасыпанай беларускімі словамі (а іншы раз і цэлымі выразамі), акадэмік Сабалеўскі ў сваёй рэцэнзіі на кнігу проф. Уладзімерава [9] паказваў на тое, што для беларусаў эвангельлі (напрыклад, 1411 і 1604 г.) і іншыя богаслужбовыя кнігі былі незразумелымі таму, што яны аж да XVII сталецьця перапісваліся з сярэдня-балгарскіх орыгіналаў [10].
Гэта выклікала ў перапішчыкаў (яшчэ да Скарыны) імкненьне надаваць тэксту царкоўных кніг беларускую рэдакцыю.
Прыкладам гэткай царкоўна-славянскай мовы беларускай рэдакцыі зьяўляецца мова рукапіснай Чацьці 1489 году (Профэсарам Уладзімеравым памылкова аднесенай да 1397 году [11]).
Аднак, слабое знаёмства Беларусі з царкоўнаславянскаю мовай, зусім натуральнае пры большым пашырэньні на яе абшарах лацінска-грэцкай і чэска-польскай кніжнасьці (апошняй у XV—XVI сталецьцях найменш), не перашкаджала праваслаўным беларусам з пашанай адносіцца і да царкоўна-славянскае мовы.
Як на прыклад такіх адносін да царкоўна-славянскай мовы, можна паказаць нават не на праваслаўны, але на лютэранскі катэхізіс, выданы ў Несьвіжы ў 1562 г., дзе ў прадмове выдаўцы прапануюць сваім патронам займацца і ўжываць ня толькі чужаземныя мовы, але не забывацца і „того здавна славного языка словенского". Мову свайго катэхізісу, якая па сутнасьці зьяўляецца беларускай з прымешкай царкоўна славянізмаў, яны ўсё-ж такі завуць „словенской".
А. І. Сабалеўскі, выказваючыся аб кнізе Ўладзімерава [12] знаходзіць, што галоўным мотывам для выданьня Скарынаю біблійных кніг— „Псалтыру" і „Апостала"—былі ў адных выпадках поўная адсутнасьць, а ў другіх—малалічнасьць іх на Беларусі. Пры гэткай беднасьці на кнігі сьв. пісьма, Скарына, згодна пагляду А. І. Сабалеўскага, ня мог думаць аб популярызацыі іх шляхам перакладу на жывую беларускую мову. Ён усяго толькі мог „імкнуцца да таго, каб зрабіць даступным, або вядомым біблійны тэкст". Значыцца, А. І. Сабалеўскі даўно ўжо выказаў якраз тыя пагляды, да якіх прышлі і мы, азнаёміўшыся з самымі выданьнямі Ф. Скарыны, якія захоўваюцца ў Расійскай Публічнай Бібліотэцы ў Ленінградзе. Мы прымушаны праканацца ў тым, што выданьні Скарыны напісаны ня толькі ня жывой беларускай мовай, але нават ня мовай грамат і актаў, як гэта лічыў А. Будзіловіч [13], што па сутнасьці ў аснову большасьці яго выданьняў пакладзена царкоўна славянская мова, перасыпаная, дзе ў большай, а дзе ў меншай меры, беларусізмамі.
Калі ўсё-ж мова Скарыны ў некаторых кнігах, асабліва ў яго прадмовах, дзе ён быў больш-менш самастойным, мае беларускіх элемэнтаў больш, ніж гэта можна назіраць у іншых падобных выданьнях, дык гэта тлумачыцца проста тым, што аўтары іншых, сучасных яму і папярэдніх выданьняў царкоўна-славянскіх кніг, былі больш начытанымі ў царкоўна-славянскай літаратуры і ведалі гэтую літаратуру практычна лепш, чаго ня можна было чакаць ад Скарыны, які атрымаў асьвету і доўга жыў у Заходняй Эўропе; нарэшце іншыя аўтары маглі мець лепшыя ў сэнсе чыстасьці царкоўна-славянскае мовы орыгіналы, якімі яны карысталіся. Скарына-ж хоць для свайго часу і свайго кола ведаў гэтую мову параўнальна здавальняюча, аднак ня мог раўняцца ў гэтых адносінах з перапішчыкамі Маскоўскай Русі, якія царкоўнаславянскую мову вывучылі амаль што ідэальна, бо гэта была адзіная царкоўна-кніжная мова Ўсходняй Русі. У выніку слабой веды царкоўна-славянскае мовы, ня маючы падручнікаў па ёй, часьцей маючы справу з лацінскай мовай, у Кракаве і ў Празе чуючы выключна польскую і чэскую мовы, Скарына і даў нам узор свайго роду „макаронічнай" царкоўнаславянскай мовы, падпраўленай беларусізмамі, з мэтай зрабіць гэтую мову больш зразумелай для беларусаў.
Маючы на ўвазе даць праваслаўнай беларускай царкве і народу мала вядомыя ім кнігі сьв. пісьма у богаслужбовай мове, ён блізка цалкам пакінуў нязьмененымі тэксты „Апостала" 1525 г. і „Псалтыру" 1517 г., бо меў іх пад рукою ў царкоўнаславянскай мове, а адрыўкі старазаконных кнігз царкоўна-славянскага парэмейніка толькі паправіў згодна з чэскім тэкстам „Бібліі" 1506 г., гэта значыць, пераклаў з чэскай мовы толькі тое, чаго ня меў над рукамі ў стара-славянскай мове. Справядлівасьць нашага праконаньня ў тым, што ў грунце сваім мова выданьняў Скарыны ёсьць—царкоўнаславянская, будзе яснай, калі мы на вытрымку прывядзем некалькі прыкладаў для ілюстрацыі.
Возьмем напрыклад XXII песьню Давыда з другой кнігі „царстваў". Прывядзем яе пачатак.
XXІІ песьня Давыда (Ц. 2-я кн.): „Возлюблю тя г(с)ди крепость моя, г(с)дь оутвержение мое иприбѣжище мое иизбавитель мои. Богъ мой сильныи помощникъ мои, иуповаю нань. Защититель мои имоць спасения моего“... і г. д.; тут, за выключэньнем „оутверженіе" і „моць", няма аніводнай беларускай рысы.
І-ая глава кн. Іова: „Времениже многу минувшу. Рече къ Іову жена его доколе терпиши г(л)я: Се пожду еще время мало чая надежди спасенія моего. Себо погыбе паметь твоя о(т)земли, сынове твои и дщеры, моего чрѣва болѣзни и труди. Иже всуе трудихся со усилием изомроша. Ты же самъ въгнои ивъчерви седиши обнощая вънѣ града. Иазъ якораба збирающи ясти о(т)места наместо прѣходящи, и о(т)храмины во храмину, ждущи слнце когда заидеть, да почню о(т)трудовъ своих и о(т)объдержащихъ мя болѣзней иже мя ныне содѣржать. Но рци некое слово злое к богу и умри",
Притчи Соломоновы, ІХ, 1, 2, 3. „Прѣмудрость созда себѣ храм и утверди столпов седмъ. Закла своя жертвѣная, изчерпа вчаши вино иоуготова трапѣзу свою. Посла рабыне своя“...
Тут ня месца было-бы прыводзіць многа прыкладаў. Даволі будзе сказаць, што ў такім-жа родзе і большасьць іншых „выкладов" Скарыны.
Адносна выразу Скарыны ў прадмове да „Малой Падарожнай Кніжыцы" (Вільня 1525 г.)—„повелел есми псалтырю тиснути рускими словами а словенским языком" А. І. Сабалеўскі ня лічыць, што слова “рускіе", г. зн. беларускія, праціваставіцца слову „славянскія".
Нам здаецца, што з апошнім нельга згадзіцца цалкам. Праўда, бясспрэчным зьяўляецца тое, што беларусы тэй пары часта атаесамлівалі славянскую і „рускую" мовы; аднак, нельга згадзіцца з тым. што Скарына не адрозьніваў „рускіх", г. зн. беларускіх, слоў ад славянскіх. Што ён адрозьніваў гэтыя словы відаць з прадмовы Скарыны да „Псалтыру" 1517 году, дзе ён кажа: „Положил есми на боцех, некаторым слова для людей простых руским языкомъ, что которое слово знаменуеть". Ня можа быць ніякага сумненьня ў тым, што тут ён разумее якраз беларускія тлумачэньні незразумелых слоў. Што-ж датычыць агульнага перакананьня А. І. Сабалеўскага ў тым, што Скарына зусім ня меў намеру даць пераклад сьв. пісьма на беларускую мову ў поўным значэньні гэтага слова, дык нам яно здаецца справядлівым толькі тады, калі мы скарынаўскія словы „выклады", „выложил" у іх значэньні будзем раўняць да сучасных слоў „пераклад", „перакладаць". Тут мы павінны будзем згадзіцца з акад. А. І. Сабалеўскім у тым, што Скарына, можа, і ня меў намеру даць беларускі пераклад у запраўдным, нашым сучасным значэньні гэтага слова. Нам здаецца, што ён хутчэй, па сутнасьці справы, меў мэтай не пераклад цалкам, а толькі пераклад няясных і незразумелых слоў і выразаў царкоўна-славянскіх і грэцкіх. У гэтым сэнсе, пэўна, і трэба разумець яго словы „выклад", „выложеный". Тут, здаецца нам, проф. Уладзімераў памыляецца, калі на 98-99 стар. свае працы кажа: „У праским „Псалтыру", як мы бачылі, царкоўна славянскі тэкст зьяўляецца грунтам выданьня і загэтым Скарына і не назваў яго перакладам на рускую мову". Нам думаецца, што калі Скарына і не назваў праскага „Псалтыру" „выкладам", дык гэта простая выпадковасьць. Назваў-жа ён „выкладам" віленскае выданьне „Апостала" 1525 году ў пасьляслоўях да „деяний и посланий Ап. Павла". Паміж тым, і праскі „Псалтыр" і віленскі „Апостал" ёсьць зусім аднародныя рэдакцыі адпаведных славянскіх тэкстаў. Як тут, гэтак і там, грэцкія словы старэйшых рускіх сьпісаў заменены беларускімі [14]; тут і там заменены імі і шмат якія царкоўнаславянскія словы, тое і другое выданьні перапоўнены чэхізмамі—вынік уплыву тэксту чэскай „Бібліі" 1506 г. [15] Як бачым, падставы каб называць „выкладам" і тое і другое выданьні—аднолькавыя,—лепшы довад таго, што Скарына слова „выклад" разумеў пасвойму,—так, як мы ўжо казалі вышэй, г. зн. як інтэрпрэтацыю найбольш незразумелых для беларусаў слоў і выразаў, пакідаючы агульную конструкцыю тэксту царкоўна-славянскую. Толькі пры такім тлумачэньні выразаў „выклад", „выложил" нам будуць зразумелы словы Скарыны: „Повелел есми Псалтырю тиснути рускими словами а словенским языком". Сэнс гэтых слоў мы можам, у вагульным, пашырыць і на ўсе выданьні Скарыны.
Гэтак мы можам быць пракананымі, што Скарына, выдаючы свае кнігі „людям посполитым к доброму научению", клапаціўся толькі аб тым, каб, не зьмяняючы царкоўнаславянскай асновы тае мовы, якая была пашырана ў рэлігійным ужытку праваслаўных беларусаў, даць рэдакцыю богаслужбовых і біблійных кніг, зразумелую для сваіх чытачоў. З апошняю мэтай ён, праўда, у паасобных выпадках рабіў значныя перабудовы на беларускі лад найменш зразумелых у царкоўнаславянскай рэдакцыі выразаў. Карыстаючыся чэскім перакладам „Бібліі" 1506 г. і, быць можа, лацінскай Вульгатай, ён блізка што не пакінуў неперакладзеным аніводнага грэцкага альбо лацінскага слова. Як мы ўжо паміналі, найбольшую беларускую ахварбоўку мова Скарыны мае ў яго прадмовах да біблійных кніг, г. зн. у тых месцах, якія ня былі цесна зьвязаны з царкоўнаславянскімі тэкстамі, у якіх Скарына быў больш-менш орыгінальным, хоць і карыстаўся комэнтарыямі Гароніма і Міколы Лірана [16]. Прывядзем некаторыя прыклады гэтых найбольш беларускіх з боку мовы месцаў. Вось месца з прадмовы ў кнізе „Еклесиастес", дзе гаворыцца аб розных „каханьнях" людзкіх: „Едины (знаходзяць каханьне) въ царствах ивпановании, Друзии вбогатестве ивъскарбох, Инни вмудрости ивнаоуце, аинии въздравии вкрасоте ивъкрѣпости телеснои, нецииже во множестве имения истатку, Анеции вроскошном ядении ипитии ивлюбодеянии, Инии теже въдетех въприятелехъ вослугах ивоиных различных многыхъ речах. А тако единый каждый человек имат некоторую речь пред собою внеижеся наболей кохает ионеи мыслит“.
Адварот аркушу 92 (чв) пяцікніжжа Майсеева: „Имеаше же Іосифъ в товаристве возы и конники и былъ есть и(х) полк великъ. И приидоша наместо Ахад еже лежить за Іорданомъ. Сее узревши живущие на земли ханаани глаголаша, сей есть плачь великий Египтяномъ”.
З „предсловия" Скарыны да кнігі „Второзакония": „...Апостолу Павлу пишущу Егда бо языцы ониже закона неймають естеством законная чинят. Сии закона неймуще, сами собѣ суть законъ, иже являють дело закона написано въ серцех своихъ. О(т) зачала убо вековъ егда сотворилъ богъ первого человека написал есть законъ, сей всерци его... Аркуш 3 г): „Потрэба есть ведати иже яко мужа к жены почтивое случение, детей пильное выхование, близкоживущих схожение, речи позыченое навращение; насилию силою о(т) прение. Ровная свобода веем общее имение всех. Народу веровавшему бе серце едино, и душа едина и имение едино, никто же что отъ имения своего глаше свое быти но бяху имъ вся обща".
З прыведзеных адрыўкаў, узятых намі на вытрымку, лепш за ўсё можна бачыць агульны царкоўнаславянскі характар скарынавых тэкстаў.
Тут цікава адзначыць, што і проф. Уладзімераў, ня гледзячы на тое, што мае тэндэнцыю лічыць Ф. Скарыну перакладчыкам ледзь ня ў нашым сучасным значэньні гэтага слова[17], на стар. 171-172 свае монографіи, пасьля тэкстуальнага параўнаньня месцаў з кніг Скарыны, чэскай „Бібліі" 1506 г., царкоўнаславянскіх крыніц і Вульгаты, прыводзіць да заключэньня, што Скарына ня даў сыстэматычнага перакладу [18].
Вывады проф. Ўладзімерава вельмі паказальныя, бо сьведчаць аб тым, што нават і тэндэнцыйныя яго пагляды пры звароце да фактаў— да тэкстаў Скарыны—павінны былі пахіснуцца.
Усё гэта даводзіць тое, што мы менш памылімся, калі мову Скарыны будзем лічыць у васнове — царкоўнаславянскай, беларускай рэдакцыі, толькі з вялікшай колькасьцю беларускага элемэнту, чым у славянскіх тэкстах папярэдніх рукапісаў і выданьняў. Такая мова, захоўваючы традыцыйнае царкоўнае аблічча, разам з тым даволі пасьпешна адпавядала і мэце выдаўцы—даць беларускаму народу зразумелыя для яго кнігі сьв. пісьма.
IIІ.
Ня гледзячы, аднак, на тое, што мову выданьняў Скарыны мы павінны прызнаць у васнове сваёй царкоўна-славянскай, беларускі элемэнт у ёй настолькі значны і яскравы, што выданьні Скарыны ёсьць гістарычны помнік, вывучыўшы які, можна мець даволі поўнае ўяуленьне і аб беларускай жывой мове таго часу, г. зн. першай чвэрці XVI сталецьця. Справядлівей: па выданьнях Скарыны можна уявіць сабе, у якой ступені беларуская мова эпохі Скарыны набліжалася у сваіх гуках і формах да таго стану, у якім мы ведаем яе ў нашыя дні.
Для гэтага коратка разгледзім тыя беларускія фонэтычныя і морфолёгічныя рысы, якіх багата раскідана ў тэкстах Скарынавых выданьняў.
Перш як прыступіць да разгляду фонэтыкі скарынавай мовы, скажам некалькі слоў, аб правапісе яго выданьняў. У той час у органічнай сваёй аснове мова Скарыны недалёка адыходзіць ад царкоўна-славянскіх крыніц, у правапісе яна зьяўляецца ў значнай меры самастойнай, самастойнай настолькі, што аб захаваньні царкоўна- славянскай правапіснай традыцыі і казаць ня прыходзіцца. Справядлівей—Скарына і тут ня прытрымліваецца ніякай пэўнай сыстэмы графікі. Яго графіка па сутнасьці, зьяўляецца такой-жа комбінацыяй царкоўна-славянскіх, беларускіх і часткова чэскіх традыцый, як і яго „выклады", з тэй толькі розьніцай, што царкоўна-славянскі элемэнт тут далёка ня грае першае ролі.
Гэтак— Ѫ —юса вялікага і Ѥ — е ётаванага — зусім няма ў Скарынавым альфабэце.
Гук у рысуецца пераважна праз адзін толькі „іпсілён” Υ, альбо ɤ;оу, — о + іпсілён—вельмі рэдка. Вельмі часта апускаецца ъ і ь як у сярэдзіне, так і на канцы слова. Але ня рэдкі і штучныя напісаньні ў сярэдзіне слова паміж зычных, звычайныя ў беларускім старажытным пісьменстве: Асъверъ, Апътекарскимъ. У замену прапушчаных ъ і ь, як у сярэдзіне, так і на канцы слоў, часта ставіцца „паерок” ("), напр.: солн᷁у, колц᷁а, светил᷁ник, нанем᷁же, вчинил. Але з тае прычыны, што са стратай гукавога значэньня ъ і ь, пастаноўка іх, альбо знакаў, што іх падмянялі, далёка не заўсёды правільная (за выключэньнем канца слоў, дзе ь і ъ азначала ўжо толькі цьвёрдасьць, альбо мяккасьць папярэдняга зычнага), ъ і ь часта адсутны там, дзе па гістарычнай традыцыі яны павінны-б быць (всехъ, вделалъ), альбо прысутны там, дзе іх ніколі ня было („с́траны)“. Ужываюцца таксама над радкамі знакі ў выглядзе націскаў і косак. Коскі, можна думаць, ставіліся для азначэньня прыдыханьня, (як тонкае прыдыханьне ў ст.-грэцкай мове) над галоснымі-—у пачатку і ў сярэдзіне слова—у пэўных выпадках. Адносна націскаў трудна сказаць—ці адпавядалі яны тагочаснаму жывому ціску: хутчэй за ўсё—не. Злучнікі і прыназоўнікі пішуцца ў выданьнях Скарыны зьлітна з наступным словам.
Літара ѣ ўжываецца рэдка і ў большасьці няправільна, што сьведчыць аб тым, што ў вымаўленьні паміж е і ѣ розьніцы ня было. Напр ; полѣ, (він. адз.), вѣлнкий, сыновѣ; розделися, челевека, смеалася і мн. інш. Часьцей за ўсё ўжываецца є, радзей Е; на канцы слова пасьля галоснага ўжываецца і є —шырокае круглае (так званае „хвастатае" у іншых помніках).
І („десятеричное”) ужываецца рэдка, напр.: азъ едінь, іищутъ— „Апостал", 1525 г., часьцей-жа И („восмеричное"). Паміж іншым слова Ісусь у большасьці пішацца з І бяз другога И. Ужываецца ў Скарыны й, якога ў старэйшых пісоўных творах мы зусім ня сустракаем. Ставіцца яно, як і цяпер, у сярэдзіне слова, пасьля галоснага, таксама і ў пачатку, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны: налево йду, пойду, поймаша, айные вси речи—(Быт., 26 і ў іншых мясцох), хоць гэта, як правіла, ня ўсюды вытрымана.
Сустракаецца а зам. Ѧ, іа—юса малога і а ётаванага—пасьля галоснага: Самаритеа, розсеалъ—5 кн. Майс. 1519 г., Быт. 30; братиа— ib., 256, стоалъ— ib., 31 б, смеался, смеалася— ib. 32 [19]. Ужываецца і звычайнае стара-беларускае кг для азначэньня выбуховага гуку г (=G лац.): кгора— Быт. 246, Жыкгымонта—пасьляслоўе „Апостала", 1525 г., Фикги—Царств, 956 і г. пад.
Мяккасьць зычных у сярэдзіне слова ў большасьці не азначаецца: возму, пришелце — Быт., 286, тмы, тмою—ib. і пад.
Пераходзячы далей да тых беларускіх рыс фонэтыкі Скарынавай мовы, якія сустракаюцца ў яго выданьнях, пачнём з тыповай рысы беларускага вокалізму—аканьня, г. зн., замены ў пэўных фонэтычных умовах ненаціскных о, е(э) на а, я ('а). Гэтая рыса беларускай фонэтыкі ў іншых беларускіх пісоўных помніках часу Скарыны ўжо, хоць і ў выглядзе апісак, але яскрава выяўленая, у выданьнях Скарыны старанна адсуваецца.
Проф. Уладзімераў аб гэтай зьяве кажа: „...у Скарыны мы ня бачым прыкладу такога пераходу, калі ня лічыць, што да гэтага маюць дачыненьне прыклады: золатарев, выстерагатися, ды яшчэ слова манисто. Ср. 13, 136 (=монисто) [20]. Больш аб аканьні ў проф. Уладзімерава мы не знаходзім нічога.
Акад. Карскі [21] ў словах, падобных да прыведзеных—„золатарев, выстерагатися”, моланья—(Чацьця 1489 г.),—бачыць асаблівы звычай беларускіх пісароў перадаваць поўнагалосныя формы праз ора—ола—ера, як у слове „верабей". З гэтым меркаваньнем ня можна не згадзіцца, аднак, здаецца, можна разам з тым бачыць тут і факт няпоўнага аканьня, што назіраецца ў передачы Скарынаю поўнагалосных формаў. Да гэткіх-жа прыкладаў належыць і Саломоновых— кн. Быт., 3б,—што сустракаецца ў Скарыны часта.
Сустракаем мы ў Скарыны і такія прыклады: 1) ражаеть—Пасл. Як., 3; ўкаряемъ, укарялъ—Пасл. Пятр., 14; возмагайтеся —Ефэс., 109б 2) благославен, благославлю, благословящих тебе—Быт. 24. Па думцы акад. Карскага[22] першыя з гэтых прыкладаў зьяўляюцца спрэчнымі (за выключэньнем хіба ражать), другія як „благославен”, на наш пагляд, можна тлумачыць асабістай этымолёгіяй: ад „благо” і „славіть , хоць напісаньне побач „ благославлю “ з а і „благословящих” з о, можа паказваць і на адсутнасьць падобнай этымолёгізацыі [23]. З бясспрэчных прыкладаў аканьня нам давялося знайсьці ў Скарыны толькі — „даконаеть"—„Мал. Падар. Кніж.,“ 6; яшчэ можна дадаць иржавяет—(Ср. 21 б.—Уладз.). Такія напісаньні як жолтейшие—Лев. 256, жолудком—Цар. 181, чужоземца—Ср. 20б, чужостранное—Пр. 7б, смужомъ—іb, 35, вашо— Апост. 8, вашой—Л. 47 б, якія мы сустракаем у Скарыны, ак. Сабалеўскі і ак. Карскі [24] лічаць напісаньнямі, што адбіваюць пераходнае вымаўленьне ад ненаціскнога е да аканьня (яканьня)—у гэтым выпадку пасьля шыпячых. Аднак тут магчыма, на наш пагляд, тлумачыць такія напісаньні як наўмыснае, штучнае оканьне на месцы аканьня, якое ў гэтых выпадках было ў вымаўленьні. Іншымі словамі: у эпоху Скарыны і нават значна раней,—мабыць ужо ў XIII ст.,— тут было аканьне [25]. Але з прычыны імкненьня пісцоў пераймаць окаючую старабалгарскую (царкоўна-славянскую) графіку, тут жывое а заменена на о [26] як і ў іншых выпадках штучнага оканьня.
Тое, што ў пасланьні ап. Паўла, 148—сустракаецца жалудка— П. Уладзімераў лічыць узятым з чэскага zaloudek, што магчыма; але магчыма і простае аканьне. Польскаму ўплыву прыпісвае проф. Уладзімераў напісаньні—пяскаватую гору (piasek); премяняю (przemiana) ламалі, зламал, слышан, спомагати. [27] Такім чынам, тэкст Скарынавых кніг робіць уражаньне таго, што выдаўца альбо корэктар стараліся, каб не адбілася жывога аканьня, якое бясспрэчна ў той час ужо існавала ў вымаўленьні беларусаў.
Як у большай частцы беларускіх помнікаў і ў Скарыны прыстаўка роз ужываецца часьцей, чым раз. Быт. розознати, 3; розводнилися 18, розмоглися 18, порозделении 21 і інш.; росплотал і расплотал—28б.
Знаходзім мы ў Скарыны і адбітак зьявы процілежнай аканьню, але зьвязанай з ім аднэй фонэтычнай падставай—сьцягненьнем (рэдукцыяй) галосных ненаціскных. Гэта—фонэтычная замена а ( я ) сьцягнутых закрытым е ў стане ня толькі перад мяккімі, але і перад цьвёрдымі зычнымі, як—сьветого месеца, тысещей - Быт., 3; тридесеть, деветьсоть; аднак—Быт., 156; осмъдесять; погледев—ib., 18, Египтене дванадесеть—24б; светии отци—Исх., 3; гледяще— ib., 69. медяный і меденаго,—нават—выполнется=выполнятся—Лев., 23б, мекчейше, 24б, але мякчейше—24 ib.; приетель-Числ., дзе націск, мусібыць, на першым складзе.
Сустракаем мы ў Скарыны і напісаньні з о (якое стаіць замест ё) пасьля шыпячых пад націскам, якое зьяўляецца вынікам фонэтычнага пераходу е (не ѣ) у о пасьля зычнага мяккага альбо J пад націскам перад наступным цьвёрдым зычным. Напр.: чорный Б. 55, облечонъ МПК 7б; чол Ц. 233б, шол С. 12, 21б; жолчию, чолн—Ап. Деян. 77— Влад., сверщокъ—Л. 22—Уладз., шостый—Юд. 10б—Уладз. Апроч гэтых больш менш адзіночных прыкладаў словы „шолк, шолковый“ сустракаюцца часта. Гэты пераход засьведчаны ў Скарыны толькі пасьля шыпячых, якія ў той час ужо былі зацьвярдзелымі і пасьля іх у жывой мове чулася яснае о, з прычыны чаго і магчымы былі „памылковыя” з боку царкоўна-славянскай графікі напісаньні, прыклады якіх мы прывялі вышэй.
Замену і ненаціскнога на е, якая ў сучаснай беларускай мове сустракаецца толькі дыялектычна, мы знаходзім і ў Скарыны: хрестианъ—Апост. 3, прорецание—Коринф. Паўла 34, дофеникии—Б. 26 б., сее (вин.) Апост. і многа інш.
Цікавым зьяўляецца пытаньне аб поўнагалосных формах у мове Скарынавых выданьняў. У проф. Ўладзімерава прыкладаў гэтай рысы прыведзена цэлая старонка [28] так што, калі не пазнаёміцца з самымі выданьнямі Скарыны, дык—па значнай колькасьці гэтых прыкладаў— можа паказацца, што поўнагалосьсе ў Скарыны рэч звычайная. Аднак, гэта далёка ня так.
У мове Скарыны пераважаюць формы сьцягнутыя, няпоўнагалосныя; зразумела, што гэткія формы зьяўляюцца штучнымі і лепш за ўсё сьведчаць аб тым, што Скарына зусім ня імкнуўся даць запраўдны пераклад на беларускую мову, або, у кожным разе, несьвядома адносіўся да асаблівасьцяй беларускай мовы. На кожным кроку ў яго ўжываюцца царкоўнаславянскія формы, прыкладам, вран, обрана, краву,-Б. 286, скавраде—Лев. 14 і г. п.
Пералічаныя Уладзімеравым 80 прыкладаў поўнагалосься ў Скарыны здаюцца мне пільна сабранымі да аднаго з усіх яго кніг.
І калі іх рассыпаць па ўсім Скарынавым тэксьце, дык ад поўнагалосься нічога не застанецца. Аўтар гэтага артыкулу, напр., прагледзеўшы ўважна ўсю кнігу „Левіт" мог знайсьці толькі заколение— Лев., предъсловие, 5. Перагляд іншых кніг у гэтым кірунку таксама мала што даў,—пападаліся толькі выпадковыя прыклады: молодшии, выстерегали—Іоан., 32, выстерегаймы—Корынф. 76 і інш.
Сустракаецца замена ы праз о ў ненаціскным палажэньні там дзе ў сучаснай беларускай мове гэтае о выпала: указовати—Исх. 73 адваротная замена о на ы: выобразуя—Второзак. 46, выображениемъ— Посл. Петр. 156. Замена а на о: на кождое лето—Левит 3б. Звычайна ў Скарыны—каждый, іншы раз—кажный—Второзак. 2б—і кожный—Эст. 6 , І. 32б—Уладз., кажды— Юд. 23б.
Пераход и ў ы ў словах складаных з прыстаўкай альбо пасьля прыназоўніку пад уплывам пярэдняга цьвёрдага зычнага: сынымъ—Числ, 15, сыными—Апост,—зьява звычайная наогул ва ўсходня-славянскім старажытным пісьменстве. У Скарыны мы тут сустракаем яшчэ ўстаўку паміж ы і наступным зычным й: розыйдемся—Быт. 28, изыйди (параўн. внийде і пойди—ib. 24). Адваротны пераход: диравыи—Б. 44 і пад.
О на месцы стар.-слав. іе (е ётаванага). Олей (усюды), озеромъ—Д.25, оленьмі ПП—46, ожик -Л. 22б і г. пад.; о на месцы чужаземн. а: оцот—звыч. усюды—ад acetum (у Ев. 1506 г. wocet) Олена—МПК; замест ие проста е: ереем—Лев. 26, Ерусалиме—усюды.
Замест каков—іаков (и скоро забыл іаков бе)—Апост. пасл. Якава, 3б, іаковы (=каковы)—пасл. Ефес.—100; неіакую речь—Лев. Цікавымі зьяўляюцца нярэдкія прыклады напісаньняў, як напрыклад: сином - Лев. 16, услишавъ—Числ. 63б, вилиет—Лев. 11б, і пад., якія нібы паказваюць на магчымасьць адбітку тут украінскага вымаўленьня якім-небудзь друкаром з галіцкіх украінцаў на месцы стара-славянскага і беларускага ы—гуку сярэдняга паміж ы и і, які нават друкару здаваўся бліжэйшым да і і з таго іншы раз мімаволі ім перадаваўся, праз и. Характэрная для сучаснай беларускай мовы прыстаўка галосных перад словам, якое пачынаецца з двох і больш зычных (як вынік страты паміж імі галосных ъ і ь) для зручнасьці іх вымаўленьня, — сустракаецца і ў Скарыны прытым вельмі часта: иржавяет—Сір. 21, илжеть—Юд. 9, игде—Лев. 24, ирдящаяся—ib., ильстя серце свое— Апост. Як. 3б, ильсти (лести)—іb., исперва – ib. 24б, Іоан. 1.—і г. пад.
Мае месца і адваротная зьява — адпадзеньне карэннага и ў пачатку слова: мети, маю, мел—Быт., гл таксама Ўладз. 264.
Мена в і у, прыстаўка і прыймя ў (ув, уво): увошли суть—Б. 18, вчинимо, втекающе з битвы— ib. 2б, ускормень, вчиню— ib. 28, в Бога— ib. 31, вдатныи, вчиненъ увечер—33, у великом месте Празскомъ; Исх.: не вкради, во въстехъ твоих и навчю тя—10; взоры (узоры) вышивають—68. Левнт: в насъ — 5 (пасьля галоснага пярэдняга слова), навчаеть —13, параўн. учинилъ— ib. в дел—15 і пад. У вореху—Пс. 3б, у волей.—Ц. 77 (Уладз.), у ваковы—Сір. 13 і інш. Цікавым зьяўляецца напісаньне: „облечешися в водежу", якое сьведчыць — контамінацыйную форму ўв (у інш. мясцох так і пішацца), якая зьяўляецца зам. въ пасьля галоснага пярэдняга слова і перад галосным-жа наступнага [29]. Аднак сустракаюцца ў гэтым выпадку напісаньні з у: ко усходу— Исх. 51б і інш., гэта, аднак, у сваю чаргу можа сьведчыць, што ў палажэньні пасьля галосных перад зычнымі в і у перамешваліся пісарамі якраз таму, што ў жывым вымаўленьні тут чулася сярэдняе, поўгалоснае —ў.
Выпадкі праясьненьня ъ і ь, г. зн. пераходу іх у галосныя поўнага вытварэньня ў націскным палажэньні (на пачатку слова і ў сярэдзіне слова ў няцотных складох): а) у суфіксах ьск, ьств: Садомеску, Гомореску, Адамеску (але Севоимску—Б. 166) с богатеством—ib. 28; апошняе ў Скарыны заўсёды з е ў суфіксе. Такія напісаньні мы сустракаем у большасьці стара-беларускіх помнікаў [30]; б) о на месцы старажытнага ъ у прыназоўніках і прыстаўках па аналёгіі з прыназоўнікамі і прыстаўкамі, што канчаюцца на галосны: воспять, воспределе—Б. 26, возыде—Исх. 2б (але побач і съшедый), вопустыни—Исх. 3б, кофараону—ib., созаду— ib. 69, содерживали— ib., вовысоте—Апост., вообжарствах, вониде—Рым. 10б, 13; в) адваротная зьява: скарачэньне суфіксу да аднаго зычнага т: о выштии Авраамове изегипту—Б. 17, ко приштию (пришествию), якое сустракаецца вельмі часта. Трэба згадзіцца з П. Уладзімеравым, што гэта проста вынік уплыву чэскай фонэтыкі [31]; у на месцы ст.-слав. а (юс вялікі) і ъ, дзе ў вялікарускай мове мы маем о: суседи—Ап. Паўл., 128, сугражане—ib. 103 Уладз.
Паўторнае і (ы) на месцы вокалізаваных r і І пасьля выпадзеньня ь у злучэньнях рь—ль, якія перайшлі ў ры, лы(лі) не пад націскам: дрыжащае—І.8б,задрижало— ПП 7 Уладз., проклину—Б. 24 [32].
Уставачнае ы маем таксама ў такіх напісаньнях, як смырк—Ср. 39б, смырчына—Д. 37б, о(т)стырчи МПК псалт. 77б, у якіх вокалізаваныя р на месцы чэскіх—smrk, smrcina, strk, strciti [33].
Сустракаецца ў Скарыны і ы—і асноўнаму на польскі манер, як прынята і ў сучаснай літаратурнай беларускай мове: фылистымляном, Палестынскаму, Еклезіастыкусъ і г. пад. [34]
Пераходзячы да зычных, перш за ўсё закранем выпадкі асіміляцыі і дысіміляцыі (упадабленьня і распадабленьня) зычных, якія стаяць побач. Асіміляцыя: с шолку, з златасозжения—Исх. ол, з речей, з древа; наивышший—Лев. 1б, 2б; прозбу ib. 3, Апост.: светчить, востании, богумерскы—Рым. 7. Дысыміляцыя: хто Л. 24, нихто Сал. 9б, Р.6 і інш., што—Пс. 12, 43; Апост. 128 і інш.
Выпадак замены комбінацыі зычных зн на ст: болесть—Быт. 16.
Прыстаўное в і прыдыханьне г, перад галоснымі цьвёрдымі: вужъ, вужева—Сір. 21б і 41 б—гужи, гужами; у іншых мясцох юже—Сол. 35б (Уладз.); вось—Сір. 53б і інш.
Гук р у Скарыны зацьвярдзелы як і ў сучаснай беларускай мове. Тыя прыклады, дзе мы знаем злучэньні р з мяккімі галоснымі літарамі, зьяўляюцца штучнымі напісаньнямі; блытанасьць гэтых напісаньяў (пастаноўка мяккага галоснага пасьля р нават там, дзе яго няма і ў мяккаэрых гутарках) сьведчыць аб тым, што р у Скарыны было цьвёрдым ва ўсіх палажэньнях; імкнучыся азначаць яго мяккасьць згодна з царкоўнаславянскай графікай, Скарына (альбо друкар) часта памыляўся, бо ня меў жывога контроляваньня з боку свайго ўласнага вымаўленьня, у якім ня было мяккага р.
Адсюль і сустракаем у яго такія напісаньні: то адпаведныя, то неадпаведныя тагочаснаму жывому беларускаму вымаўленьню, то правільныя па царкоўна-славянску, то няправільныя:
Псалтыру—(він. адз.), говорячи, от кривды—Б. з; дщеры—ib., 15, тридесеть—ib.; дщеръ, прикрила, прикрыли —ib.; Агаръ— ib.; брытва—Чысл. 16; рызъ—Апост. Петр.; вечери— ib. Корынф. 37; рытины— Их.-бл.; крила, ритый, вширь—Исх. 68.
Сустракаюцца ў Скарыны напісаньні злучэньняў заднянёбных з ы—кы, гы, хы. Іх ня можна лічыць адбіткам жывога вымаўленьня, бо цьвёрдасьць г, к, х у паказаных палажэньнях страчана ва ўсіх усходнеславянскіх („рускіх") мовах даўно: яшчэ ў эпоху агульна-ўсходняавянскую. Такім чынам, такія напісаньні Скарынавых выданьняў, як – порускы – Б.33, жердкы—Исх. 69, 69б-гр., погреческыи— ib. 76, ветхый - Лев. 3б, господскые, убогыми—Апост. і мн. інш., зьяўляюцца штучнымі; апошняе сьведчыцца і тым, што ў напісаньнях гэтых ня відаць вытрыманасьці, і формы з гы, кы, хы сустракаюцца побач з ги, ки, хи: жердки—Исх. 22, 22б, поруский—ib. 76 і мн. інш.
Пераходнае памякчэньне заднянёбных г, к, х.
У той час, як у пскоўскім, напр., говары XV cт. ўжо сустракаецца пераходнае памякчэньне г, к, х, (рукѣ, ногѣ[35]), у Скарыны дый наогул ва ўсіх беларускіх говарах захоўваецца ў давальным і месным склонах толькі пераходнае памякчэньне: нозе, руце і г. д. Лічым, што гэткія формы, як „в боцех“—Исх. оль, руцѣ і нозѣ (наз.—він. мн. ліку), зьяўляюцца чысьцейшымі царкоўна-славянізмамі.
Зацьвярдзелыя шыпячыя зычныя праглядаюць у Скарынавых выдыньнях рэдка: вашым— Исх. 59, жывых Екл. 7б, жыв—МПК—і інш. (гл. Ўладз.), жылы—Н. 24 ib.
Прыкладаў зацьвярдзелага ц блізка што зусім няма. Проф. П. Уладзімераў не адзначае ніводнага прыкладу гэтае зьявы. Мне пашанцавала знайсьці ўсяго два прыклады, з якіх пэўна сьведчыць аб цьвёрдым ц толькі—отец— Исх. 3; другі прыклад—конец"—Апост. не такі пэўны, паколькі паерок (") над ім можа азначаць апушчаны ня толькі Ъ, але і Ь. Звычайна-ж ц у Скарыны мяккае: жрець—Б. 26, птиць— ib. 28б, ниць—ib. 30, домочадець—ib. 30б, конець—ib. 94; Исх.: отци—З, девици—ib., пугвиць—68, венець—ib», і інш.
Цьвёрдасьць губных на месцы адпаведных мяккіх у царкоўна-славянскай і вялікарасійскай мове. Кн. Бытія: выпустилъ голуба—18, и голуба—28; цьвёрдага в ня знойдзена ва ўсёй кнізе. У кнізе Исход толькі осмъ, 10. Левит: кровъ скотины. Юдифь: Юдифъ. Апост. 1525 г.: церковъ, есмъ—13б; любов (?).
Ч, ш на месцы стара-славянскага Ⱋ (шт): жечи (у інш. мясцох—палити)—Л. 13б, помочи—Эст. 21б, стеречи, намолвяючи, паметаючи—Апост. прадмова: нехулячи,— Корынф; товаришъ —Апост., прадмова.
Адваротная зьява—замены сучаснага вялікарасійскага ш на щ, шч тыповая для беларускай і украінскай жывых моў—у словах: горщокъ—Лев. 14б, горщекъ, горщками—Уладз. щ на месцы ст.-сл. ск: дощекъ, дощку, дощка і пад. (ст.-сл. дъска) пущаете—Уладз.; щ на месцы в.-р. ортогр. сч: щасливъ—Б. 71б; щасливъ—Уладз.; нават щхание—ib.
Захаваньне г у ст.-слав. групе гн, тыповае для сучасн. белар. м., сустракаем і ў Скар.: протягнул, протягни—Уладз., стогнание—ib.
Падвойныя зычныя, як паказаньне доўгага вымаўленьня зычных у пэўным палажэньні (на месцы ст.-сл. НЕ, в.-рас. ье): беззаконне - Д. 12, искорененне; въспоминанне, возданне—Уладз.
Мяккасьць насавога Н на месцы в.—р. цьвёрдага: должиня, вышиня, — Б. 16 б.
Уставачныя зычныя—д, т: борздыя, борздо, борздей (ст.—слав. бръзы), якія захаваліся і ў сучаснай жывой беларускай мове; раздроушишя— Ц. з кн., - блесткъ,—Л. 25.
Ж на месцы стара-славянскага жд (праслав. dj)—рыса агульная ва ўсходня-славянскіх („рускіх") мовах:
Понарожении— Б. кі-зр., выхожаше—іЬ. 24, первороженнаго—ib. кк;—наагул формы з ж на месцы жд у Скарыны—зьява звычайная: о одежи—Л. 4б, заповежь—ib., 13, гражане Ю. 12, ко кажению— Исх. 69 і мн. інш.
Выпадзеньне зычных (д, т, в, л): серца Б. 16, в серци—ib. ЗОб, о празницехъ—Л. 5б, на празники—іЬ 3; равночесную—Апост., 2-е пасл. Пятра: вымовитися, невымовный—іЬ. Рым. 6б, але побач: вымолвяется; раныи и позныи—Другазак. XI, 14 черчетаго—Исх. 74, вышэйпрыведзенае—щасливъ Б. 71б і інш.
Мена ч і ц, якая сустракаецца ў сучасных говарах на тэрыторыі старажытнай Полаччыны, мае адбітак і ў мове Скарыны, але не так выразны, як гэта паказана у П. Ўладзімерава. Гэткія яго прыклады, як девичину о(т)цу—В. 43.[36], зачепяще удица, печи, печите, родиць, купецьска,—далёка не зьяўляюцца пэўнымі прыкладамі на мешаніну ч і ц.
„Девичину"—Можна разглядаць як вынікі ўплыву звычайнага жывога беларускага прыметнага — дзеўчын (напр.—„дзеўчына хустка", параўн. таксама в.-р. „девичий“) „зачепяше"—таксама звычайнае беларускае вымаўленьне; у беларускай мове ня толькі ў цокаючых гаворках, але і ўсюды кажуць: зачапіў, чапляць і пад., так што тут мы маем звычайнае агульнабеларускае—па сваім фонэтычным складзе- слова, узятае ў славянскай форме imperfect'а.
Речи, речите—па аналёгіі з пячы, пячыце і пад. формамі. У слове „купецьска“ магчыма звычайная асіміляцыя стара-славянскага і стара- рускага ч (купечьскь) наступнаму с, што ў сучасным беларускім (дый у народным в.-р. і укр.) вымаўленьні з групы чьс дало адно ц: купецкі. Больш пэўным зьяўляецца прыклад—„родиць" (родзіч), хоць і тут магчымы ўплыў польскага rodzic. Прыклады—горнцарева—Ср. 54 і отчицем - здаюцца больш пэўнымі паказьнікамі данае зьявы, але тут можна бачыць: у першым -польскую агаласоўку (garncarz) пры беларускім ганчар, а ў другім—утварэньне па аналёгіі з „родиць".
Найбольш пэўным прыкладам здаецца знойдзенае намі—жертва козельца—Лев. 5, дзе козельца—імя прыметнае (казьлячая) такога-ж утварэньня, як і агнеча Лев. 4б—у выразе "кровь агнеча".
Выпадкі мены ж і з—таксама рыса старажытная Полацкая[37]: жиздитеся—Апост., Пятра веб,— але далей—ib. 13б зиждущие. У Ўладзімерава: юже стяза, самодеръзца[38]; "збан" і „зелезных" — прадстаўляюць ужо прыклады не на мешаніну ж і з, але на пераход шыпячага ў зубны, у выніку асіміляцыі наступнаму зубному (зелезных) альбо збліжэньня артыкуляцый (збанъ).
1. Скланеньні. а) Род іменьняў назоўных.
У родзе іменьняў Скарынавая мова, прадстаўляючы даволі частыя адхіленьні ад агульных усходня-славянскіх традыцый, часта дзе нават прыклады несьвядомай мешаніны радоў: псалтыру—він. адз.—Б., два колца—68 Исх.—і тут-жа: две колце—ib., ол; подставковъ род. мн. і тут-жа подставку—він. адз.; проступка злая—наз. адз., проступку—він. адз.—Уладз. 277, купелем—іb. і да г. пад.
б) Склоны. Назоўны адз. л. У значэньні назоўнага адз. л. ўжываецца часта як-бы форма клічнага склону: Ное—Б. 156. Марко сын мои—пасл. Ап. Пятра, 18; Ное был ест праведен—Б. 16 і інш., што на самым дзеле прадстаўляе сабою чэхізм wssel gest Noe... Чэск. Еванг. 1506 г.).
Аснова ўкосных склонаў часта заходзіць у паз. склон ня толькі Ў такіх словах, як камень, церковь, любовь,[39] але і матерь Исх. 6б, пламень С. 31.
Клічны склон адз. л. ў Скарыны, як і ў царкоўнаславянскай мове: О, сыну; боже, земле, господо мая—Б. 16 дщеро моя[40] Ю. разд. В 21 б; Амане— Э. 2б, мои любимыи приятелю—Апост. прадмова.
Родны скл. адз. л., як і ў сучаснай беларускай мове ад іменьняў Мужчынскага і ніякага роду з асновай на цьвёрды зычны, па большасьці мае канчатак на—у: гласу Господня—Б. 24, о(т) западу, от выходу, до Египту, от востоку ib. 24б; боку, со единое страны храму, противу западу, солнцу (з лёну)—Исх. 69; во главу угну—Ап. Посл. Петр. В.; звук грому—Ср. 69б—Влад., день смутку — Э. 10б.
З тэй-жа асновай, але назоўнікі, якія азначаюць прадметы ажыўленыя,—маюць у большасьці канчатак—а: до первенца, жерца (тут, апроч таго, маем „уставачнае" е, як і ў сучаснай беларускай мове: жнец, жанца)—Исх.; Агнеца—Лев. 12б. Але сустракаюцца і адхіленьні: тело детищу—Ц. 132, до скоту—Исх. 16б, таксама ў Уладз.: смерть скоту.—І. 1б, Б. 18 мусібыць тут—у па тым-жа прынцыпе, што і ў сучасным статку (ад статак-стадо); з другога боку: до Египта— ва ўсёй кнізе „Ісход".
Іменьні мужчынскага і ніякага роду з асновай на мяккі зычны маюць родны склон на я (Ѧ): с‘ путя (дав. путю і пути), дня; каменя—Исх., ременя—Б. 24б, от племеня, до временя, от дитятя— Псалт. 356. і дитяти—Б. 37б. Выдатнай рысай тут зьяўляецца захаваньне е ва ўсім скланеньні такіх іменьняў, як "камень": кременя, кореня—І. 28б і 33б і інш.
Родны жан. роду мае ў большасьці е=стар. ѣ: рабыне—Б. при обоихъ концехъ молитовнице—Исх. 69; противу завесе—Лев. 10б; девице Марии—Апост.; аднак сустракаецца і канчатак—и, які, трэба лічыць, ужо быў у жывой мове звычайным: молитва царици—Э. 21б, вдовици— Пр. 4б Влад.
Давальны адз. л.
Часта сустракаецца стара-рускі (ст. ц.-сл.) канчатак іменьняў м. р. на —ови,-еви, які з асноў на -и трапляе ў асновы на -о; але ў адных і тых-жа словах гэты канчатак ня вытрымліваецца пасьлядоўна; гэтак побач з жерцеви—Лев. 12 і 12б—сустракаем не адзін раз і жерцу—ib.; Адамови, Христови—ПП Улад., нават Іудифови—Ю. 24б—побач з Юдифу—ib. 17б.
Мешаніна канчаткаў на —ови і —у зьява звычайная для стара- беларускіх і наагул стара-рускіх помнікаў (Смаленская грамата каля 1230 г., Полацкая грамата каля 1300 г. і 1330 г.: купцѣви, вѣсцѣви і мн. інш.[41]
На месцы царкоўна-славянскага -и сустрак. канчатак-ю: каменю, путю, именю і інш.
У іменьнях ж. р. маем канчатак -и: к госпожи своей—Лев., так сама, як і ў сучасных к пани, к дзяжы, к дзеўцы і г. д.
Адзначанае П. Уладзімеравым—Царевой—Э. Эб—звычайнае імя, якое скланялася як прыметнае, хутчэй за ўсё пад уплывам чэска-польскага: kralowa, krolowa; у іншых помніках сустракаецца і проста-королева: „по аппробаціи Королевой Боны" (з судов. акту 7 верасьня 1763 г.).
Вінавальны адз. л. іменьняў м. р. так-жа як і ў стара-рускай (усх.-слав.) і царкоўна-славянскай мове: имѣти сыны: Па аналёгіі з стара-ўсходня-славянскім вінавальным—жену, душу(ю)—у Скарыны маем: Агару рабу сваю (наз. Агаръ); дщеру—Лев. 23 б і ўсюды.
Творны адз. л. ніякіх асаблівасьцяй ня мае, апроч канчатку —омъ (ам-ь) на месцы —емъ (з-ьмь) у такіх словах, як дедичомъ, які канчатак звычайны і для мовы старабеларускіх грамат і актаў (местичом, Воловычомъ і пад.).
Месны адз. л. Тут маем—у пасьля заднянёбных г, к, х: на боку, на чаловеку і пад.; па аналёгіі і—о чину Лев. В., во понту—Ап. п. Петр.
У іменьнях пераважна з мяккай асновай замест ѣ па большасьці—и: ю огни вечномъ, на огни—Лев. В., въ воли Божией, в чермномъ мори—іЬ.
Сустракаецца і старая форма—в лесе, як у сучаснай беларускай мове—Прор. 19б.
Парнага ліку мы сустракаем формы ўсіх склонаў: наз.-він.— крыла Исх., два сына имелъ есть—Второзак. 4.
Род.-месн.: со обу страну—исх.; дав.-творн.: обѣма братома своима Б. 21, пред очима твоима—ib. 30б.
Але сустракаюцца і замены формаў парн. л. формамі мн. л.: два сосуды—ц. 96; две трубы—Ч. 25 і інш.
У множным ліку, як і ў старажытнай усходня-славянскай ("рускай") мове, мы сустракаем канчатак наз. склону як —и (ы), так і— ове. Прыклады: а) два сыны Б., четыре цари—ib. 26, островы народовъ—ib. 21, полтора годы— Ап.
Сустракаем нават і канчатак —а, запазычаны ад парн. ліку: три лета—ib., зверята—Лев. 21 б.; жита— І. дб; платьа—Ц 82.
б) родове сыновъ Ноевыхъ, сынове Симовы - іb. 5 разоў (таксама—сынове).
Формы на —ове, як правільна заўважае П. Уладзімераў, маглі падтрымлівацца чэскімі формамі на —owe.
Часта і просты канчатак —Е (бяз суфіксу —ов): учителе—В. 34б, родителе В. 2. складателе і пад.; летописце, вельможе, мече, люде, обычае, крыле, мещане і г. д., пад уплывам стар. канчатку він. скл. ѣ асноў на мяккі зычны м. р.
Але мы знаходзім у Скарыны і канчатак —и: господари, приятели і г. д.[42]
Жаночы род мае канчатак е—ст.-ўсх.-слав. ѣ: рабыне, вси птице Б. 18, горлице—Лев. 2 б, маковице—Исх. 71 б, досце—Исх. 60 і інш.
Родны склон мн. л. Пераважае а) канчатак —овъ у іменьнях м. р. з старажытнай цьвёрдай асновай: вельблюдовъ—Б. 41б, прутовъ—Б 55, человѣковъ Пр. 16, друговъ — І. 38 і інш.
б) —евъ з старажытнай мяккай асновай: купцевъ — Ср. 67б, ступневъ - Б.2б, кладезевъ, локтевъ, мужевъ—Исх. 26б.
Зрэдка толькі, як у ст.-слав. і стар.-руск.: от зверь—Пр. 20, поль В. З, ягнетокъ—ПП голубятъ—Лев. 5, зернятъ—ib. 5б і інш.
Канчатак —ей, як-бы падобна да стара-славянскіх асноў на —і (кость): обмыванией, оправданией, безаконией — Лев. 4б, грушей—Ц. 75б, с кожей—Исх. 68б.
Сустракаюцца і формы на —въ з „устаўным" о і е з ь: битовъ— Нав. 30, клятовъ; служебь—Ч. 23, свадебъ—Пр. 22,—чужыя сучаснай беларускай мове[43].
Давальны мн. л. іменьняў мужчынскага і ніякага роду мае канчатак —омъ (емъ) сыномъ—Л. 6, ко криломъ—ib. 12; отроком, приставомъ - Исх. 11б, лекаремъ, столомъ Ап. Деян. 21б, львомъ - Дав. 22 і інш.
Вінавальны мн. л. мае канчатак аналёгічны канчатку наз. склону: три сыны, люди Израилевы, волы, агнецы, а козлы - Исх. 1, младенце, овце, кветие и кветове — ib...
Творны мн. л. мае канчатак ы (b) ад асноў на -о, як і ў стара-царкоўна-славянскай і старарускай мовах: ласковыми словы, надо всими боги и властители—Эст. 22 і 22б; и поясы опоясал ихъ, с волы—Исх. 20б, але Ап.—волми, со всеми жерцы—Ю.
Канчатак —ми: сынми, заповед'ми Ап. 1525 г., твар'ми, помышлениема і памышленьми—Рым. 6.
Месны мн. л. м. р., як і ў сучаснай беларускай мове: о мученикохъ — Пр. 1 б, по языкохъ - Б. 22 б, в пѣскохъ-В. 64 б. Іменьні з мякк. асновай па стара-славянску: о зверехъ, первосветителехъ—Лев. Жан. р. на -ах і ех, як і ў стара-славянскай мове: о птицахъ, о рибахъ—Лев. 5 б, заповедехъ—ib., о добрых речехъ—ib. 6; тое самае ў ніякім родзе: во писаниихъ, во оправданиихъ; канчатак -ехъ тут з даўнейшага -ьхъ.
У скланеньні іменьняў прыметных трэба адзначыць характэрны і для сучаснай беларускай мовы стара-рускі канчатак роднага склону адз. ліку жан. роду: жертвы мирное—Исх. 69; матери рожоное, приведеное, з доброе воли—Лев. 35, 45; нечистоты человечие—Лев. 12, з муки пшеничны(ѣ) ib.
Канчатак м. р. звычайна —ого, —его, але сустракаецца і —аго; у вапошнім можна бачыць як царкоўнаславянізм, так і адбітак аканьня.
Цікавы прыклады: по обычаю женскомъ—Б. 58,—царьскомъ—Э. 4, што паказваюць выпадкі злучэньня прыйменьня —по з месным, а не з давальным склонам.
Множны лік прыметных—па царкоўна-славянску і цікавых асаблівасьцяй ня мае.
Сустракаецца цікавае для таго часу звычайнае сучаснае ўзгадненьне роднага склону імя прыметнага з назоўным—вінавальным імя назоўнага:
Две дощки каменныхъ, два ретезки златыхъ—Исх. 64 і 73 б. зам. каменныи, златыи.
Параўнальная ступень на —ее і —ей: более і болей, яснее, крепчее, должее, простее, лепее, частеи, нижеи, ширеи, глубеи;
Найвышэйшая ступень утвараецца з дапамогай прыставак наи (на), пре: набольшіи, превышнего, наивышших і г. п.
Займеньні назоўныя ў Скарыны —як у царкоўна слявянскіх, так і ў стара-беларускіх формах: азъ, і я; родн.—мене, тебе, себе; дав., мне і ми, тобе, собе і ти; він.: мене, тебе, себе і мя, тя, ся.
Займя весь у мн. л.: вси, всихъ, всимъ, всими, всихъ, але сустракаюцца і все—Быт. З, всѣхъ, всѣмъ і г. д. Займеньні—прыметныя сустракаюцца ў форме сучаснай беларускай—тои, тая, тое; скланяюцца як і сучаснае (того, тое, тому, той, того, тую і г. д.).
У мн. л. — мешаніна асноў і канчаткаў: наз.—він.— тые слова, тые листы, тыи Іудеи—Э. 16, тии—Л. 4 б.; свое, мое, твое, але і мои—Л. 4 б.
Іменьні лічэбныя. У скланеньні лічэбных заўважаюцца тыя-ж формы, што і ў сучасных беларускіх говарах: три (и трие), четыри і четыре, трехъ, треми, трѣма і трима, четырема; сто, ста, сту, стомъ, сту; мн. л.: ста, сты, стехъ.
Складаныя лічэбныя ў большасьці скланяюцца ва ўсіх сваіх частках:
Полтора, полтретя, родн. скл.—полутора, полутретя і г. д.; „над стом и двадцетми и седми странами"—Э. З; со треми сты, во трех стах—Солом. 16 б, 17 і да т. п.
Формы дзеяслова быць: 1 ас. есмъ і есми 2 ас.—еси і есь (часьцей апошняя)—Л. 25, нават—есъ—Э. 21: 3 ас.—естъ і есь; есмо, есмы; есте, суть...
Дзеясловы даць і есьці як і па стара-слявянску і стараруску: продаси—Б. 47 б, яси—Ц. 5 б; даси—І. 47 б, выдаси Дав. 39 б, такжа і ў сучаснай беларускай мове.
2 ас. адз. з канчаткам на шъ: наидешъ—Б. З, имашъ—Исх. 10.
3 ас. адз. л. (і мн.) цяперашн. часу звычайна канчаецца на —ть: бываеть—Б. З, учить—ib.; упокоить—іЬ. 15, будуть—ib. 16 б—як І ў старарускай мове; канчатак на—тъ вельмі рэдкі.
1 ас. мн. л. побач з канчаткам —мъ мае канчаткі —мо і —мы: поидемо і наделаймо... и спалімо, приносимо и вчинимо—Л. З, як у стара-рускай і сучаснай беларускай мовах. Молимыся—Б. 87, пошлѣмы - Ц.14, жадаимы—Ю. 13 б—трэба тлумачыць уплывам польскіх формаў на —my: wiemy, prosimy і да т. пад.
Загадны лад дае нам даволі формаў, аднальковых з сучаснымі жывымі беларускімі: поможи, запрежи—Ц. 83 і 171 б; бежи — Сал. 47, якія характэрны і для іншых беларускіх помнікаў і мусібыць зьявіліся пад уплывам аналёгіі формаў 2, З ас. адз. л. цяперашняга часу з ж; едь - Сал. 47, поедь—Б 62; ежъ—Ю. 20 і ў інш. мясцох; очисть—Сір. б1.
Ад дзеясловаў на —іць (біць, крыць, ліць, мыць, піць і пад.) па царкоўна-слав.: напийся—Б. 42, убии—Б. 78 б, бии—Ц. 173, прикрыи— Сір. б1, вылий—С. 14 б. Сучасная беларуская мова захавала гэтыя формы (крый, мый, рый і пад.), страціўшы толькі—у формах падобных дзеясловаў з мяккай асновай—канчатковы -й: лі, бі, пі і да т. пад.
Часта ўжывае Скарына ў сэнсе мінулага часу—на месцы старажытных imperfect'у і аорысту—простую дзеяслоўна-прыметную форму мінулага часу на —лъ. Але яшчэ часьцей ужывае і памянёныя, тады ўжо страчаныя, формы аорысту і imperfect'у. Гэта адна з тых рыс скрынавай мовы, якія, як мы ўжо казалі, лепш за ўсё сьведчаць аб тым, што Скарына імкнуўся пераймаць у сваіх „выкладах" царкоўна славянскі граматычны лад. Штучнасьць ужываньня гэтых, ужо задоўга да эпохі Скарыны адмерлых, формаў кідаецца ў выданьнях Скарыны ў вочы: ён вельмі часта мяшае формы аорысту і imperfect'у.
Зам. 3 асобы аорысту на—ша—піша З ас. imperfect'у на—ше: збегошеся, молишеся. Формы аорысту З ас. адз. і мн. ліку ён часта ужывае з адным і тым-жа канчаткам З ас. мн. л. impr.: слузи тешиху его, поклонихуся, взяху, ходиху і да т. пад.
Часта трапляюцца зусім няправільныя формы аорысту: далахъ— Б. 29, слюбилах и знашлах Пс. 14, слышалахъ—Ц. 149 б, нават—седалохъ—І. 35 і да т. п.
Больш правільна ўжываюцца формы а) мінулага складанага і б) запрошлага часу: а) положилъ есми, соромялся есми, ехали есмо— Ц. 201, елъ есь Б. 12 б, ели суть Б. 58 б і да т. пад.; б) приняли были есмо, отсудили были есмо, былъ послалъ—Э. 24 б, 25 і інш.[44]
Будучае складанае: маю учинити, мають приити, не будет ся бояти і пад.
Умоўны лад як па чэску: бых ся не стыдилъ... на дбал быхъ. Ани бых погледел. И был либыся съпротивилъ было бы дивно—Сір. 26 (a bylliby zprotiwi byloby diwnie).[45]
Ся па большасьці ўжываецца асобна ад дзеяслова: и злого ся не бояли [46]—п. 8; абымыся то борзо нагодило—Б. 49 (aby my se nahodilo— чэск. „Біблія" 1506 г.); и ту ся навчил всякое науки—Дав. 1 б; на углех ся конало—Исх. 69; ся были разбегли—Апост.—-1525 г.
На сынтаксычных асаблівасьцях—чэхізмах і полёнізмах спыняцца ня будзем[47]. Заўважым толькі, што ў сынтаксычным ладзе мовы Скарыны адчуваецца моцны ўплыў чэскай мовы пры царкоўна-славянскай сынтаксычнай аснове (часта ўжываюцца звароты—accusativus cum infinitivo і ablativus absolutus: и мнеша лота в смеху глаголати зятия его; не хотящу же Лоту ити, апостолу Павлу пишущу і г. д.).
Такім чынам, пазнаёміўшыся з асаблівасьцямі фонэтыкі і морфолёгіі скарынавай мовы, мы бачым, што царкоўна-славянская аснова яе пад напорам жывога моўнага мышленьня—можа самога Скарыны як рэдактара, а можа і друкароў—прарываецца і паказвае нам такія гукі і формы, якія мы чуем у беларускай мове і ў нашыя дні.
Найбольш выразны беларускі характар набывае мова скарынавых выданьняў там, дзе трапляецца больш-менш значная колькасьць беларускіх слоў. А гэта заўважаецца пераважна ў прадмовах Скарыны да паасобных кніг бібліі, да пасланьняў апостальскіх і ў кароткіх зьместах паасобных частак Апостала 1525 г., якія знаходзяцца ў пачатку кожнага разьдзелу.
Ня ставячы сабе мэтай даць тут поўны слоўнік выданьняў Скарыны прывядзем ніжэй толькі найбольш характэрныя беларускія словы, якія сустрэліся нам пераважна ў памянёных прадмовах.
Але, абы.
Братаничем—Б. 25, братанца—ib. 26; бабите—Исх. З; боханце (хлеба)— Лев., блесткъ, борзои—Б. 49, борздо, борздыи; боронить.
Волотовѣ — Б. 16, вдатныи Б. і оудатных (молодцев)—Ю. 23 б; вдолжъ восполок сложил—Исх. 68; вооколо (сучасн. вакол), выхование, вжитку, водле можности, выбавил, виры (у рацэ), виноватит, вихор; врядникъ (урядник) Ц. 148.
Гуней (суч. гуня, гунька), гордети—Апост. 1525, горши, господа (панства), господарие (гаспадары), гуж.
Дедичом, деля (прыч. злучнік): сего деля—Исх. 10, Лев.; досить і досыть, доткнется, доведено (даказана), (не)дбание; досветчити (давесьці), для (сего для), дякавали Госп. Богу для того иже выбавил ихъ от грехов; докука, доля.
Единота, едънота, евангелиста (наз. адз.), еврейским—Исх., Лев. еврейкам—Исх.
Жадали, жадостей плотских (страстей)—Ап. 1525 г., жиды (у „Апостале" пераважае над ц.-слав. „евреи"), жидовский—Прадм. Лев., жито, житный, животину.
Забил—Ц. 2 кн., забрешеть, завищить, заручать, заручаная, залежит, згода, злочинцев; залецаеть, звестовала, злочинцев (полёнізмы), замыкать ( = заключать).
Красномовность—Б. З (предсловие), (ся) конало, (до)конавши— Исх. 69; кветие, колейко—ib. Лев.: кривда, кривую присягу вчинил, користь, кажеть (зам. глаголетъ), корогоды, корчмар; коло (колесо) Сір. 53 б, кохание, кутний зуб (карэнны зуб).
Ласку (міласьць), лепшего, лихо, лоток, лемеши, люду, лснущаяся (лоснящаяся) і пад.
Матку—Исх., моцный (побач з „крепкий")—Б. 21 б; место (горад), можность, мытници...
Надармо—Исх., наширь (у шырыню); невдячность—Ап. 1525 г., наймит, ношка; нинейшего (часу)—полон.
Отчина, отчицем олеемъ, обыидуть, осот—І.30 б, осторожа—Ц. 113 (охрана), околичныя—В. 44—Влад., ободы, обооскоминеють зубы—ib.; оступили дом (абкружылі)—Б. 28.
Помрачь (цемра, зацьменьне)—Б. 28, подорожным—Лев. 6 б — Влад., полог, пригожего сну—ib.
Погордевши—Лев. погорде—ib.; Ісход: пожедай, пане"ства не порушаючи (паненства, целомудрия), пилностию, посполу; Левіт: полтретя, полтора, потребам, покармов, пражиться (жариться); приемно, пря (раздор), пил'ное; плынущую (цякучую); Апост. 1525: походить (происх.), паметаючи, пестуном (дав. мн.), писма ветх. закону, прикладом (примерно); пожитку (пользы), потоваришили (подружились), поразумети. "Предисловие“ кнігі Втооозак.: речи позыченое навращение“; в пановании -„Еклесиастес", подобенство—Ап., праца, помста, пожиточный; пуга (кнут)—Сір. разьдз. 30.
Разноличным, разноличные—Лев., речи (дела, вещи)—Ап.; Влад.: ратай—Пр. 26 б, робит—П. 26, роботяга — Сір. 56, Ц. 148, родина (родня)—С. 37, розно, ручил (поручился), ручаи, рукавицах.
Слюбныи (любимые)--Б. 26, смолву (угавор, умова) іЬ., скибу хлеба; Ісход: сведецства, слюбех--Лев., светчить, случение (concubitus); Ап. 1525: смуток, засмутилъ, слюб, слушный (належны; приличный). Скриня, скло, становище (стан. лагерь), случитися (concumbere), статку—„Еклесиастес" і пад.
Теж, теже (часьцей)—Ап.; тук, не тямилъ—Ц. 107 Влад. товаристве—Исх. 92 іЬ.
Удвоитые, утроитые—Б. 16 а, ускормень (гадунец;—/Ь. 28; ухопнлтэ—(чаек. с1юрі1—Бібл. 1506 г.)—Влад. 145; усходу (востока), ухвалили—полон.—Лев., не уставичность; уродная (аб палёх) - Ц. 189—Влад., узгорки—І. 2 об—ib.
Честуйте—Ап. 1525, чести (чытать), чобот—Р. 7 Влад.
Шкода, шолом —Ц. 35.
З усяго вышэйсказанага мы праконваемся, што жывая беларуская мова эпохі Скарыны ў большасьці сваіх характэрных рыс—фонэтыкі, морфолёгіі і слоўніка—была такою, якою мы яе ведаем цяпер.
Як сьведкі гэтага для нас і каштоўны выданьні доктара Францішка Скарыны з Полацку.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.
- ↑ Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Исследование П. В. Владимирова, 1888. изд. О-ва Любителей Древней Письменности. Часть III. Язык Скорины (стар. 247-317).
- ↑ А. Будилович. Записки Имп. Акад. Наук, т. 69, стар. 33. Таксама: М.В. Довнар-Запольский, “Минский Листок”, 1888 г. № 44.
- ↑ П.В. Владимиров. Ор. cit., стар. 247.
- ↑ Глядзі паказаньне на гэта ў прадмове самога Францішка Скарыны да праскага выданьня “Псалтыру” 1517 году: “детем малым початок всякое доброе наукы”...
- ↑ Гл. зноску па стар. 262.
- ↑ П. В. Владимиров. Ор. сіt., стар. 247—250; таксама ў проф. С. Буліча. “История языкознания в России”
- ↑ а) Граматыка 1586 году, выданая ў Вільні ў друкарні Мамонічаў б) Элліно-словенская граматыка Ἄδελфότης. Львоў 1591 году в) Граматыка словенская Лаўрэнція Зізанія, Вільня 1593 году і ўрэшце г) Граматыка Мелеція Сматрыцкага, у Еўі 1619 году
- ↑ Увага проф. Будзіловіча адносна аналёгічных меркаваньняў проф. Ўладзімерава аб тым, што Скарына ў пачатку XVI сталецьця ня мог карыстацца тымі граматыкамі, якія былі складзены ў канцы XVI ст. і пачатку XVII, справядліва. Аднак, гэта не пазбаўляе нас магчымасьці разглядаць факты, адбітыя ў гэтых пазьнейшых граматыках, як значна раней выпрацаваныя ў літаратурным ужываньні, якія ў часы Скарыны напэўна існавалі ў кніжнай мове наогул.
- ↑ А. И. Соболевский. „Доктор Фр. Скорина, его переводы, печатные издания и язык. Исследование П. В. Владимирова СПБ. 1888” — Рэцэнзія, зьмешчаная ў 10-м №-ры “Журн. Мин. Нар. Просвещения" за 1888 год. стар. 325.
- ↑ Пар. вядомы гістарычны факт. калі князь Астроскі, атрымаўшы ад Курбскага славянскі пераклад “Слоў" Івана Золатавуснага, палічыў за лепшае для разуменьня зноў перакласьці іх на польскую мову; таксама ўспомнім абвінавачваньні белар. духавенства ў няведаньні ім мовы царкоўных кніг—з боку вядомага езуіта Скаргі. Аб гэтым гл. ў Сабалеўскага ў цыт. творы і ў Е. Карскага „Белорусы". Т. ІІІ, 2, стар. 5.
- ↑ Гл. досьлед аб гэтым помніку М. Карпінскага ў “Русском Филологическом Вестнике”, том XXI, стар. 59. Таксама, у Ўладзімерава (“Доктор Франциск Скорина”, — 24 — 27) аб “Десятоглаве Матфея десятого".
- ↑ А. И. Соболевский. Рэцэнзія ў “Ж. М. И. Пр." за кастр. 1888, стар. 325 і наст.
- ↑ Гл. А. Будилович — Артыкул аб прысуджэньні Увараўскай прэміі ў томе 69 „Известий Имп. Акад. Наук", стар. 32.
- ↑ У вадносінах да псалтыру Ўладзімераў прызнае ўплыў у гэтым напрамку тых старарускай рэдакцыі сьпісаў псалтыру, якімі, па яго думцы, карыстаўся Скарына
- ↑ Гл. П.В. Владимиров. “Докт. Фр. Скорина”... стар. 86 і наст., 184 і 185
- ↑ Гл. у Ўладзімерава. стар. 100 і наст.
- ↑ Гл. яго меркаваньні на стар. 29-30 яго працы.
- ↑ П. В. Владимиров. „Доктор Франциск Скорина”... стар. 171: „1. Пераклад біблійных кніг зроблены Скарынай на падставе дзьвёх галоўных крыніц: чэскай „Бібліі” 1506 г. і царкоўна-славянскіх тэкстаў некаторых кніг старога закону. Апроч таго, дапамогаю для Скарыны маглі служыць тлумачэньні Міколы Лірана. 2. ...Пераклад Скарыны з чэскага тэксту нагадвае падобныя-ж заходня-расійскія пераклады повесьцяй і легенд з чэскіх і польскіх тэкстаў, з утрыманьнем з апошніх мноства блізкіх слоў і выразаў, якія палягчалі працу перакладчыка. 3. Царкоўна-славянскія тэксты некаторых кніг старога закону і парэміі (напр. у выданьнях Фіоля) служылі для Скарыны як слоўнікі, для падбору слоў... Але часам Скарына выпісваў цэлыя главы і сьціхі з царкоўна-славянскіх тэкстаў, зьменьваючы іх пастолькі-ж, паколькі зьменьваў цэлыя царкоўнаславянкія кнігі, як Псалтыр і як... Апостал. (г. зн. вельмі мала. В. Л.), стар. 172: Пры такіх зносінах да дзьвюх галоўных крыніц (чэскай і царкоўнаславянскай) пераклад Скарыны мае брак сыстэмы, адсутнасьць крытыкі... 6. Скарына меў дзьве мэты: даць сваім чытачом поўную („абы не уменшено было в рускомъ языку”) і зразумелую біблію... Адгэтуль свабода ў перакладзе Скарыны і ўзаемнае напаўненьне тэкстаў чэскага і царкоўна-славянскага”..
- ↑ Магчыма, што гэтая рыса ня ёсьць чыста графічная, але адбівае тагачаснае жывое вымаўленьне; параўнай у сучасных беларускіх гаворках: стааў, сьмяаўся і пад.
- ↑ П. В. Владимиров. „Доктор Фр. Скорина" стар. 259.
- ↑ Е. Ф. Карскій. К истории звуков и форм белорусской речи. Варшава 1893, ст. 181.
- ↑ Ibidem
- ↑ А можа быць тут і падвойная этымолёгізацыя: у першым слове ад „благо” і „славить” а ў другім—ад “благо" і “слово".
- ↑ Першы ў арт. “К истории русских акающих говоров" — Русский Филолог. Вестник 1884 г. №3, т. 12, 106-108. Другі ў вышэйпамянён. “К истории звуков и форм белорусской речи” і інш. працах
- ↑ Гл. ў Е.Карскага “Белорусы”, ІІ, 1,202: ищаваеть з “Псалтыру” 1296 г.
- ↑ Такія напісы, як изменона, писом —можна тлумачыць польскім уплывам: zmieniono, pismo-picom
- ↑ Докт. Фр. Скорина, 298 -299.
- ↑ П. В. Владимиров. „Докт. Фр. Скорина", стар. 258.
- ↑ Зьяўленьне такіх напісаньняў, як ув і ува, ёсьць дакладная перадача жывога вымаўленьня: „ў", замяніўшы в [з въ] пасьля страты канчатковага ъ усё-такі разьвівае паўторнае в перад галосным наступнага слова. Так, парадкам экскурсія гэтага „ў“дае у, рэкурсія дае е. Галосны а ў „ува” зьяўляецца звычайна перад зычным наступнага слова.
- ↑ Гл. таксама у Е. Ф. Карскага —„Белорусы", ІІ, І. 230.
- ↑ П. Владимиров. „Докт. Ф. Скор.“. 296—297.
- ↑ Гл. аб гэт. зьяве ў Е. Карскага „Белорусы”. ІІ. І. 158 sq і 213.
- ↑ Параўн. сучаснае беларускае: старчма, старчаком, смаркач.
- ↑ Сучасныя літаратурныя беларускія; опозыцыя, дыпляматычны, тыповы і г.п. зашлі ў літарат. мову проста з польскай агаласоўкай.
- ↑ Гл. Н. М. Каринский. Говор Пскова и его окрестностей в XV веке. СІІБ. 1909.
- ↑ Гл. П. В. Владимиров. Докт. Фр. Скорина... стар. 275-276.
- ↑ Гл. А. И. Соболевский. Смоленско-Полоцкий говор в XIII-XV в. РФВ, т. XV, (1886 г., № 1), 7-24.
- ↑ П. В. Владимиров. Докт. Фр. Скорина... стар. 275.
- ↑ Ibidem. 278. Тут на ц.-сл. павінна-б быць дъшти.
- ↑ Слова "господа" скланял. ў агулым-усх.-слав. мове, як "жена"; слова „дщеро" зьяўляецца няправільнаю формаю клічн. склону ад ст.-слав. дъшта. Тут магчымы ўплыў чэшск. dcera.
- ↑ Формы па—ови ў сучаснай беларускай моце сустракаюцца толькі ў паўдзённа- заходніх гаворках: бацькаві, дзядзькаві, кавалёві - у назвах асоб.
- ↑ Гл. П. В. Владимиров. Доктор Ф. Скорина. Стар. 280.
- ↑ Ibidem, 282
- ↑ Можна дапусьціць, што правільнае ўжываньне гэтых формаў падтрымлівалася тагочаснай жывой мовай. Правільнае ўжываньне іх маем у сьвецкіх помніках, а астатак іх маем і ў сучаснай украінскай мове: вытворили були... державу (Гл. "Короткі нарис істор. укр. мовы. О. Шахматов. Перакл. Д. Демьянчук". Киів 1924 г. таксама і ў беларускай
- ↑ Владимиров. Доктор Ф. Скорина... 291
- ↑ Параўн. сучасн. Зах.-украінск. ся бою (пры ўсх.-укр. боюся)
- ↑ Аб гэтым гл. у Ўладзімерава, 296-301. Залежнасьць мовы Скарыны ад чэскага сынтаксу можна бачыць з прыкладаў, прыведзеных Уладзімеравым параўн. з чэск. тэкстамі на стар. 129-142, 163-165, 215-218.