Млечны Шлях (Чорны)
Млечны Шлях Раман Аўтар: Кузьма Чорны 1944 Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Mlecny_Slach.html |
Рыжы бык адбіўся ад вялікай чарады, якую нямецкія салдаты гналі кудысьці на станцыю, і рынуўся з дарогі ў поле. Па ім стралялі, але яму пашанцавала ўцячы і вырабіцца з бяды. Гэта было вясною. Да добрай восені ён бадзяўся па лесе і полі і стаў порсткі і ўскідзісты на рух. Ён зусім адзічэў, але не схуднеў. Травы яму хапала. Яшчэ і цяпер пад кустамі было зяленіва, хоць і пачарнелае ад халадоў. Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зіхацеў сонцам, і тады птушкі не зважалі на прымаразак. Іх было многа. Яны пырхалі крыллем у вяршалінах дрэў і спявалі, малыя і вёрткія. Часамі бык рыкаў, але ў гэтых мясцінах, дзе ён бадзяўся, яго можа і не чуў ніхто. Тут льга было прайсці вялікую прастору і не напаткаць чалавека і яго аселішча. Вельмі многа тут чарнелася печышчаў і асмалкаў, і ў сухія дні вецер круціў і ўзнімаў сухі попел. Многа лётала варання, і брахалі валачашчыя сабакі. Часамі было падобна, што пройдзе струмень трупнага духу. Вельмі магло быць, што дзе-небудзь гніў хто непахаваны. Спачатку тут прайшлі былі нямецкія танкі, а пасля не раз праходзілі нямецкія карнікі. Жыццё стулілася ў лясы і ціхія закуткі, далей ад язджалых дарог. Гэтакае спустошанне цяглося кіламетраў можа на трыццаць. Якраз тут і знайшоў сабе бадзячую аселасць адзічэлы бык. У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелі ўжо абрасці блёкатам і драсном, шэсць вялікіх вязаў узнімаліся ў неба пышнымі сваімі вярхамі. Дзе-нідзе счарнелае лісце на іх так і аставалася на зіму. Густы зараснік крушыны і шыпшынніку стаяў пад імі. Гэта было крокаў за тысячу ад вялікага пажарышча і не больш як за чвэртку кіламетра ад лесу. Тут быў узгорак, і навокал далёка відно было ў поле. Як начамі пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на ім падаўжэла і паднялася. Аднойчы ён убіўся пад шэсць вязаў у зараснік, нюхаў кару на дрэвах і кустах, укруціў хвост у шыпшыннік, стаў ірвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзіраўся аб сукі і калючкі і, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды і ад трывогі і пасля доўгай ночы і раніцы зарыкаў на высокім тоне. Блізкім лесам прайшло рэха. А пасля і яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёліна прасіла ратунку. Рэха ішло па лесе.
Лес той быў густы і стары. Хвоя выносілася стромка ў неба. Дуб расціскаў голлем сабе прастору. Пракідаўся граб. Пад навіссю дрэва каляіністыя дарогі расплыліся пад дажджамі і так асталіся. Па іх тут цяпер ніхто не ездзіў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогі, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асіны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка і жвава ён ускінуў галаву, як толькі пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылі, рысы твару набылі рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават і з-пад неахайнага шчаціння. Ён даўно не галіўся і можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на ім. Рухавасць і бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькі пачуў ён рыканне жывёліны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухліны і застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяціліся надзеяй і чаканнем.
Бровы ў яго сыходзіліся дугамі і тонкія губы сціскаліся, калі ўвага яго да якога-небудзь шоргату лістка аб мерзлую кару даходзіла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа і так. Але аднак жа сціснутыя губы ўздрыгвалі. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што караніліся ў душы гэтага чалавека? Як бы там ні было, заўважалася ў ім яшчэ і шпаркае шуканне чагосьці вачыма. Вочы, вялікія і шэрыя, не мелі спакою ўвесь час. Каля вачэй збіраліся густа рысы ўважлівасці і да ўсяго навакольнага, і да таго, што рабілася ў самім чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчаціннем і куродымам твар белы і з рэдкімі вяснушкамі. І валасы павінны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасці і запушчанасці быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцігнуў такі злы лёс, прага ратунку, ад якога забіла ўсё іншае, што калісьці жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзіўная шапка, і здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьці выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць і гэтак. Быў холад. Хоць і не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вільготнае лісце, там белая намаразь толькі апаўдні, як пачало паднімацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнім пінжаку, і пад ім адна толькі кашуля, і то мусіць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, які звісаў на пінжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна і зашпілена на шыі вялікім чорным гузікам. Боты на ім былі нямецкія, салдацкія, з нізкімі халявамі і цвікамі ў тоўстай падэшве. А нагавіцы - ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлі і выквацана ў некалькі колераў, як быццам сюды сумысля збіралася ўсё, што толькі дзе напаткаць льга было. Ні тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека і пасля сыходзіў. Рух адбываўся і не заціхаў у яго душы.
Хмурнасць дня сплывала. З'явілася сонца. Бялявае святло яго ціха лягло на дрэвы і лісцвяныя накіды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленіва на зямлі. Дробная птушка пырхнула ўгары і заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухліну. Птушкі больш пачалі абзывацца. І раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапіўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: «Пара, час настаў!» Бычынае [рыканне] ішло лесам раз-поразу. Жывёліна забіралася ў самыя высокія ноты. Жывы голас клікаў на дапамогу. Чалавек азірнуўся наўкола, шукаючы кірунку, адкуль ішоў голас. Ён шпарка рушыў з месца і пакінуў за сабою трухлявае бервяно, на якое адразу насела многа дробных птушак. Дзень яснеў, і ў паветры цяплела. Бык рыкаў бесперастанку. Чалавек стараўся шпарка перабегчы полем ад лесу да магутных вязаў, з-пад якіх чулася жывёліна. Пакуль дабегчы да дрэваў, чалавек некалькі разоў азірнуўся. Ён сцярогся чагосьці. Можа яму ўвесь свет быў страшан. Бо як толькі ён дабег да першага дрэва, адразу дапаў да яго ўсёй постаццю сваею. Быка ён яшчэ не бачыў. Стаяў, прыціснуўшыся да дрэва, і выглядаў з-за яго. Птушкі і тут пырхалі ў голлі. Бык рыкаў няспынна. Вось ён! Чалавек убачыў яго. Жывёліна стаяла ў такой хмызнячнай гушчарні, што толькі рыжая масць яе дзе-нідзе прасвечвалася праз крушыннік. Бык рыкаў, чмыхаў і рваўся. Чалавек выткнуўся з-за дрэва зусім, нават адышоўся ад яго на крок і застыў у одуме і з выглядам такім, што ён дапаў да свае чаканай прынаднасці. Была хвіліна як бы нерашучасці: што ж далей рабіць? Ён пільна разглядаў жывёліну. Пастава яго ператварылася ў нарыхтаванасць да таго, каб кінуцца на быка. Ён абышоў вакол крушынніку і ўбачыў. Задам бык упіраўся ў густы шыпшыннік, і хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснік. Чым больш ірваўся і тузаўся бык, тым мацней ублытваў хвост. Некалькі парасткаў ён раскалываў, а выцягнуць з зямлі і адарваць ад карэння не мог. На абадраных аб калючкі і сукі сцёгнах закарэла кроў. І хвост быў у сухой крыві. Бакі запалі ў ямы. Рэбры хадзілі пад скурай, пахвіны выцягнуліся, і ён стаў, як дошка. Убачыўшы чалавека, бык выцягнуў шыю і рыкнуў спакайней і цішэй. Чалавек заўважыў, як спакайнела жывёліна, і ўзрадаваўся. Ён стаў у позу, падняў крысо ў пінжаку і выцягнуў аднекуль з-пад свае адзежы нейкую зброю, падобную да вялікага фінскага нажа. Трымаючы зброю ў руцэ, ён яшчэ не зрабіў аніякага руху, як раптам твар яго перасмыкнуўся і вочы жахнуліся. Бадай-што ў такой самай паставе, як і ён, з другога боку ад жывёліны і з шырокім штыком ад вінтоўкі ў руках стаяў тут другі ахвотнік да бычыны. Чалавека ў летнім пінжаку ўразіла да жудасці тое, што гэты, стоячы ў зусім гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.
Гэты другі меў такі выгляд, што не ўгадаць было б, колькі яму год. Можа ён быў стары, а можа зусім малады. Ён баяўся холаду, ён грэўся. Шыя яго была абкручана ручніком. Расейскі салдацкі кажух да кален быў на ім. На нагах салдацкія чаравікі без абмотак. Сялянскія нагавіцы з рудога саматканага сукна, на яго вельмі вузкія і, дзіўна, нават кароткія. Бо сам ён быў даволі-такі малога росту, і паводле якога мог здавацца таўстуном. Твар быў круглы і зноў-такі няголены, шчацінаваты і кірпаты. Вочы застылыя, і нейкім дзіўным парадкам у іх нічога не адлюстроўвалася. Але ўвага і насцярожанасць вельмі востра былі напісаны на яго твары. Цяжка было зразумець, ці гэта на быка, ці на чалавека ён нарыхтаваўся кінуцца. Ён здаваўся здаровым і дужым, толькі празмеру змораным. Барада яго хавалася ў ручнік, вушы закрываліся бінтам, шырокім і ў лапінах сухой крыві. Бінт абкручваў лоб, сківіцы з вушамі, хаваў пад сабою бровы і сядзеў гузамі на патыліцы. Вусы стрыжаныя, пакіненыя двума пукамі пад носам, былі ўжо нейкім чорным гузам, з якога тырчэў дробны недакурак з папяросы; ці ён там умёрз, ці прыліп, але ён астаўся там і напэўна не заўважаўся тым, хто яго курыў.
Бык выцягнуў шыю і зарыкаў. Незалежна ад сваіх думак, гэтыя два зрабілі рух, момантны і больш інстынктыўны як абдуманы. Каб хто сачыў за імі збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькі і чакалі таго моманту, калі зарыкае бык, каб тады кінуцца на яго і замест ратунку, аб якім ён так рыкаў, зрабіць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставіў мысу ўніз, мусіць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забыліся на жывёліну, і вось пачала на іх твары лажыцца пячаць найпільнейшай увагі аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем і нянавісцю, хоць ніводзін з іх нават і здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасці і смутку адлюстроўвалася на іх тварах. Ужо на адзін самы найкарацейшы момант яны не спускалі адзін аднаго з вока. Кожны з іх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькі разоў выцягваў шыю і рыкаў, а яны можа нават і не заўважалі гэтага. У кожным разе ніводзін з іх нават і вачыма не кінуў у той бок, дзе чатырохногі бадзяга прасіў дапамогі. Праходзілі хвіліна за хвілінай, і павялічвалася трывожная ўвага іх у аднаго да другога. Поўная нянавісць ужо ўладала імі. Калі каторы з іх рабіў хоць абы-які рух, другі ўскідаў руку са зброяй, каб хаця той не зрабіў гэтага раней за яго. Як бы нейкімі ланцугамі яны былі прыкуты да гэтага агіднага ім самім занятку. Іх прыгнечвала гэтая злая неабходнасць. У кожным разе, як бы там ні было, паміж усяго іншага, і рыса пакуты была на іхніх тварах. Напружанне іх даходзіла да найвышэйшага пункта. І раптам чалавечыя галасы, ціхія і стрыманыя, прыглушаныя імкненнем быць пачутым толькі тым, да каго гаворыцца, пачуліся недзе зусім блізка, вось тут, можа спаміж самых бліжэйшых кустоў. Бадай-што шэптам хтосьці казаў:
- Я табе кажу, што гэтая жывёліна рыкае недзе тут.
- А па-мойму, дык у лесе, - адказаў так жа ціха і асцярожна другі нехта.
Хвілін колькі цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусіць яны закурылі. Значыцца, зусім блізка яны былі. З гэтымі двума адбылася змена. Іх увага ўжо накіравалася туды. Хоць яны яшчэ і не паспелі пазнаёміцца адзін з адным, але як быццам бы ўжо былі добра знаёмыя. Ужо яны станавіліся падобныя да змоўшчыкаў, якія разам, плячо з плячом, павінны бараніцца ад нейкіх невядомцаў, што выявіліся так блізка тут. Так спаткаліся іх позіркі на адзін момант у такім сваім пераломе і з'іначанні, пасля чаго ўжо спакайней яны глядзелі адзін на аднаго. Кожны з іх ужо бачыў у другім свайго аднадумца, і рысы чалавечнасці і сяброўства зганялі з іх твараў рысы звярынага страху. А як жа! У іх жа цяпер ёсць адна справа, і можа слаўнае і такое жаданае сяброўства запануе паміж імі. Той, што ў кажуху, тоўсты і нізкі, нават зрабіў паўкрока да таго, што мерзнуў у летнім пінжаку. Бык зноў зарыкаў, і зноў на высокай ноце, з адчаем і як бы з болем.
- А што? Тут! - пачуўся з кустоў радасны голас, ужо не такі стрыманы. І адразу яны ўдвух апынуліся тут.
Што гэта была за пара такая! Адзін з іх быў зусім малады. Калі таму, што мёрз у летнім пінжаку было год трыццаць, то гэтаму бадай-што не магло быць больш як дваццаць шэсць. Сляды перажытага ляжалі на яго твары. Ні тое што гэта маршчыны старасці ўразілі маладосць. Але такая пячаць бывае на твары толькі ў таго, хто вытрымаў нясцерпныя пакуты і пазнаў тую праўду, што ўсё звыклае чалавеку і нецікавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялікім шчасцем і радасцю. Нейкая як бы паглыбленасць у самога сябе была ў ім. Яна не была закаранелая і застарэлая, і можа гэта былі толькі першыя адзнакі яе. Калі так, то яна магла і не пакінуць сваіх слядоў у чалавечай натуры. Была і яшчэ адна рыса ў гэтага чалавека. Гэта як бы лёгкая здзіўленасць. Здавалася, што яшчэ ўсё не можа апамятацца ад нейкага нечаканага шчасця і яшчэ ўсё перажывае радасць, якая з'явілася перад ім як дар чалавеку ад усяго свету. І такім парадкам свет паказаўся перад ім невядомымі яму раней гранямі: свет не толькі бязлітасны і жорсткі. Ён яшчэ ласкавы і ясны. І сваю радасць чалавек можа знайсці ў кожнай травіне. Штосьці такое было ў чалавеку. Ён быў у чырвонаармейскім адзенні, у летнім. Без шыняля і на галаве зусім без шапкі. Нізка абстрыжаны. У гімнасцёрцы і нагавіцах з той крамніны, з якое робяцца плашчы-палаткі. Пояса не было. А на босых нагах, без ануч, лапці з лыка. Усё адзенне на ім было такое старое, такое зношанае, такое ўжо бескаляровае, што, здавалася, яно даўно ўжо сатлела і на чалавеку ледзьве ліпіць, і павінна неўзабаве спрахнуць пылам на няма нішто. Твар у гэтага зусім маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокі і вочы ціхія. Праўда, вочы маглі быць такія не толькі ад прыроды натуры, але і ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.
Другі, што з'явіўся тут разам з ім, быў немалады. Гэты нават быў не так сярэдніх, як пад старасць блізкіх год. Выглядам сваім ён быў такі ж як і ўсе тыя, што былі тут. І гэты быў нечым уражаны і кінуты ў нязвыклы стан. Але калі ўсе тыя мелі на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць імкнення і прагі, то ў гэтага толькі адна рыса панавала над усім. Гэта - абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй і нерухомых губ і сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзіў у абсалютны спакой і нават не межаваўся з ім. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа і ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль які ці прыдушаны смутак. І паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. І гэтае бязвер'е і было яго тым жарам, што дзесьці яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ і суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калі так, то холад яго твару мог быць толькі з'явай гэтай гадзіны ці гэтых дзён і ніяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага і невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, і момантны бляск, не тое што радасці, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькі на момант. Так ужо ўкаранілася ў ім безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала ім. А хто ведае, ці не быў гэты ў кажуху які-небудзь яго блізкі друг, калі іскра ўзбуджанасці на момант прабіла холад яго твару, як толькі ён яго ўбачыў.
Панавала цішыня і напружанасць. Усе чакалі. Той малады ў лёгкім пінжаку тросся з холаду, сціскаючы ў кулаку тронак вялікага фінскага нажа. Тоўсты ў кажуху да кален кідаў вачыма па ўсіх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабіць яму зло. Самы маладзейшы, зусім малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскім адзенні таксама абводзіў вачыма ўсіх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе і трымаў позірк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруціны і безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснікаў.
- Дык што ж, - сказаў раптам шпаркім тэмпам таўсматы, і вочы яго як бы міргнулі, - нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.
Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў - гаспадарлівай практычнасці ці нейкай затоенай за гэтымі словамі думкі.
Ацвярдзелым позіркам ён шпарка кінуў на ўсе бакі. Усе маўчалі і чакалі. Трэба думаць, што ён рабіў на ўсіх нейкае адно ўражанне, і ён сам мусіць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавіць у яго ледзь заўважны нямецкі акцэнт. Такі слабы, што яго можна было і на ўвагу не браць. І мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а літаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кінуў і другую:
- Мяса будзем пячы на агні... Я ўміраю з голаду.
- І я ўміраю з голаду, - з нотамі радаснай надзеі абазваўся малады ў летнім пінжаку. Ён калаціўся з холаду.
- Памру, - прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасці. - Я дзіўлюся сам, як я яшчэ жыву.
І ці то гэта ён меў на ўвазе толькі свой голад, ці яшчэ і іншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такі жудасны быў нямецкі акцэнт і вымова, што ён як быццам бы хваліўся: «Я немец». Проста-такі ён і зусім не ўмеў гаварыць па-расейску і толькі трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.
- Я чацвёртыя суткі не ем, - ціха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскім адзенні.
І ён зрабіў нейкі раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьці дастаць з-пад свае гімнасцёркі. І ён калаціўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там і будзе. Шпарка спусціў ён руку ўніз і правёў вачыма па ўсіх.
Як быццам бы ўсе яны разумелі адзін аднаго як не трэба лепш. Згода была паміж імі і яднанне. На іх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было іх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка і падышоў да яго. Малады ў летнім пінжаку нарыхтаваў свой фінскі нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гімнасцёркі кінжальчык з медным тронкам і ў раменным чахле. Ён стаяў бліжэй за ўсіх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кінжальчык. Вельмі можа быць, а напэўна так і было, што ён сам хацеў гэтым кінжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад і адступіў на крок. І гэта было як бы сігналам да таго, каб усім ім нават і перад тварам адзінага свайго ратунку зачыніць наглуха адзін перад адным свае душы. Усе стаялі ў маўклівай нерухомасці. Раптам малады ў летнім пінжаку не вытрымаў.
- Ага! - крыкнуў ён, і вочы яго пачырванелі, і твар уздрыгануўся. Ён кінуўся да быка і хапіў яго аберуч за рогі.
- Завярні яму галаву набок! - крыкнуў тоўсты і памог яму. Бык апошні раз зарыкаў. Ён такі дачакаўся свайго ратунку. У кожным разе яго хоць могуць ужо адарваць ад калючай папруціны. Бык стаяў з паднятай угару мысай, падвернутай набок і нацягненай шыяй. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пінжаку фінскі нож і шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыі, па якім трэба было даць. Самы старэйшы і самы маладзейшы апынуліся тут жа.
- Трымайце быка за пярэднія ногі! Звяжыце іх цесна! - гукнуў тоўсты. - Хутчэй!
Здавалася, што самы старэйшы ў момант скінуў з сябе холад абыякавасці. Дзіўна было бачыць, як ён раптам устрапянуўся і сарваў з сябе вяроўку, якой былі падвязаны яго штаны. Шпарка працягнуў ён вяроўку маладому ў чырвонаармейскім адзенні. Той хапіў вяроўку і кінуўся з ею да бычыных ног. На паўсекунды раней, чым ён гэта зрабіў, бык раптам ірвануўся з усіх сваіх сіл, на ўсе жылы скочыў угару, чмыхнуў і збіў з ног усіх, хто толькі быў перад ім. Толькі куст шыпшыны хістануўся ў самую зямлю. Бык адарваўся ад яго і рынуўся ў бягу. На шыпшынніку астаўся ўвесь як ёсць пук валасоў з яго хваста. Адразу ж усе ўчатырох апамятаваліся, ці можа, праўдзівей сказаць, дарэшты страцілі развагу. Разам усе кінуліся наўздагон за быком, які ўжо чмыхаў і тросся за кустамі ў полі. Грудаватая мерзлата стрымлівала яго бягу. Ён стаў і зарыкаў, і ўсе паддалі ходу. Ён пабег, аслабелы і спуджаны. Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за ім гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькі ён, а і яны таміліся, і іх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.
- Ахапіць яго з флангаў! - закрычаў тоўсты.
Бяга ішла доўга. Пакуль беглі, дзень яшчэ паяснеў і схіліўся блізка да заходу сонца. Беглі роўна, усё ў адзін кірунак. Мерзлае поле не мела на сабе ніякіх сцежак ні дарог. Яны прабеглі некалькі разоў паўз дробныя ляскі, міналі лагчыны і ўзгоркі. Нарэшце ўсе ўзрадаваліся: бык пайшоў ціха. І ўсе пайшлі так, дыхнуўшы на поўныя грудзі. Якое ім было шчасце не бегчы больш! Ногі ў іх чапляліся адна за адну. Яны хісталіся ў бакі.
Той, што ў лёгкім пінжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкі высахлы корань і стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлі кусцік счарнелай травы і сціснуў яе зубамі.
- Кончуся зараз, - сказаў тоўсты.
- Што вы жуеце? - прахапіўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытліва сочачы за тымі двума. Ён не бачыў, як адзін ірваў траву, а другі паднімаў з-пад ног корань.
Бык стаў. Сталі і яны. Бык спусціў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селі на зямлю.
- Цяпер мы яго дагналі б, - сказаў маладзейшы. - Ой, як холадна. У мяне шыя спацела... Памру з голаду.
- Я ледзьве жыву, - абазваўся той, што ў летнім пінжаку.
- Бык лёг! - жвава сказаў самы старэйшы.
Дзіўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.
Бык сапраўды ляжаў.
- На быка! - гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапіліся і пабеглі. Бык устаў і пабег. Учатырох зноў гналіся за ім, выбіваючыся з сіл. Скрозь мерзлае поле, і паабапал зноў дробныя ляскі. Перад імі зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлі з халодных асмалкаў. Больш як на кіламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмінуў пагнутую і збітую з лафета гармату на краі ямы. І зноў пайшло поле. Сонца ляжала на ім чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглі яшчэ, пакуль не зачарнелася перад імі нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студні, і добра відна была доўгая і нізкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай і абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. І гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналіся за рыжым быком, шмат мінулі ў чыстым полі вялікіх і малых пажарышчаў, дзе асмалкі тырчэлі з попелу і попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явілася перад імі ў пустэчы, як вялікі дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, і чырвоныя водблескі яго люстраваліся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькі хвояў, выносістых і азалочаных сонцам. За імі быў невялікі лес. На фоне яловай зеляніны вельмі выразна рысавалася запозненая жаўцізна нейкага дрэва. Была ў агароджы і брама з нізкіх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкеціне ў ёй вісела звязаная з сіняй шэрсці жаночая кофтачка. Усе заўважылі яе, як толькі ўбеглі ў браму. Рыжы бык адно мільгануўся сваім колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамі ў яе і так застыў на месцы. Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:
- А можа тут жыве гаспадар яго? - І пайшоў у сенцы, а ўсе за ім. Тоўсты зачыніў толькі браму і азірнуўся на быка, які нават і не паварушыўся. Дзверы не былі замкнёны. Клямка паднялася, і ўчатырох увайшлі ў сенцы. Яны былі вельмі прасторныя пры такой хаце і без столі. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лілося яшчэ і з дзірак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.
У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пільнай работай. Вельмі можа быць, што ён крыху, а можа і як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох і схаваўся за пільнасць работы. Пад нагамі ў яго было пілавінне. Ён збіваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкі старыя адагнутыя цвікі, спадылба пазіраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалі. Маўчаў і ён. Можа тое, што ён збіваў труну, стрымлівала ўсіх ад гаворкі. Нават «добры вечар» ніхто не сказаў.
Ён быў драбнатвары, чарнявы, увішны ў рабоце і жвавы рухам вачэй. Некалькі дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нізка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымі часамі не адзяваліся, і гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, які рабіў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавіцах, зрэбнай кашулі пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна і ў падшытых скуратом лапцях.
- Добры вечар, - адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.
Той моўчкі скланіўся і зноў пачаў заганяць цвікі ў дошку.
- Вы гаспадар? - сказаў маладзейшы.
- Я гаспадар і там гаспадар, - паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова «гаспадар» ён выгаварыў нейк так: «гспдр».
- Рыжы бык у вас ёсць? - запытаў маладзейшы.
Той або не пачуў, або не разабраў ці не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнія дзверы, і адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пінжаку і адкінутымі назад валасамі.
- Вы гаспадар?
- Я тут жыву.
- Рыжы бык у вас ёсць?
- Ніякага быка тут няма. У мяне няма.
У той жа момант усе шпарка выскачылі на двор і абступілі быка. Тоўсты злаўчыўся і даў вялікаю фінкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднія ногі, і кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сіверам. Чалавек з адкінутымі назад валасамі выйшаў на двор і разам з усімі бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнім пінжаку сказаў адразу:
- Каб хоць раз укусіць чаго.
- Адзін раз можна, а два не хопіць. Чаго ж вам прасіць есці, калі ў вас гэтулькі мяса. Бярыце чыгуны і варыце.
Падазрона ён акінуў вачыма невядомых прышэльцаў.
Адзежа яго была добрая, калісьці франтаватая, цяпер змятая і дзе-нідзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах і на твары.
- Прыгатуй чыгуны, - сказаў тоўсты.
- Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькі ўзяць.
У яго яшчэ была і прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явіліся. Ні словам, ні намёкам ён не пацікавіўся, хто яны. Што ж! Брыдкі час, не варты чалавека. Чалавек не верыць сабе падобнаму. Відаць было, што гэты, з адкінутымі валасамі, баяўся чапаць яму невядомых. Ціхом ён пайшоў у хату. Тым часам тоўсты ў кажуху вельмі спрытна ўвіхаўся. Ён ужо дзёр з быка скуру. Ён так увайшоў у гэты занятак, што, здаецца, забыўся на ўсё іншае. Апошняе сонечнае праменне знікла з двара. Сонца зайшло. Папаўзло змярканне. Абыякавы стары паклыбаў да ганка. За ім і два, апроч тоўстага.
- Памагайце, - сказаў ён, і ўсе вярнуліся.
Быка абдзерлі нешта вельмі хутка, яшчэ завідна.
- Трэба ж чыгуны ўзяць, - сказаў старэйшы.
- Па чыгуны пойдзем разам, - абазваўся той, што мёрз у летнім пінжаку. І гэта было вострае выяўленне таго, што чалавек не верыць нікому з людзей. Не трэба спускаць другога з вока. Тоўсты ўскінуў наапашкі кажух, які ляжаў пры сцяне на зямлі, і ўсе пайшлі ў хату. Першы ішоў старэйшы. Ён пачынаў рабіцца вельмі дзейны. У сенцах той ужо канчаў труну. Яму свяціла самаробная свяцільня: у чарапку плаваў у чымсьці чорным і гарэў кнот. Усе, і трунны майстар следам, увайшлі ў хату.
Перш за ўсё было штосьці падобнае да кухні ў сялянскім дамку. Цеснаваты пакой з гліняным токам замест падлогі, пабеленыя сцены, варыстая печ і свечка на лаве. Яна і асвятляла ўсё. Але самае першае, што кінулася ў вочы ўсім чатыром, гэта вось што было. На засланым белым прасцірадлам тапчане ляжала мёртвая дзяўчына. Гэта быў яшчэ падростак. Сіняя паркалёвая спадніца абгортвала яе ногі. Роўна ляжалі ступені яе ног у толькі што пашытых (швы з белых нітак былі свежыя) пантопліках з чорнага корту. Твар васковага колеру, худзенькі і дробны, лобік высокі. Завостраны нос і такія ж плечы ў рудой кофтачцы, вельмі падобнай (каб толькі не колер іншы!) на тую, што вісела на двары. Самаробная, звязаная з нітак. Спушчаныя шчыльна вейкі цёмнага колеру, і было ўражанне, што з-пад іх глядзяць і сочаць за ўсім вочы. Зусім яшчэ дзіця была гэтая нябожчыца. Год пятнаццаці ці чатырнаццаці дзяўчына сядзела каля гэтай нябожчыцы ў галавах і глядзела на чатырох, што ўвайшлі ў хату. Позірк яе быў спакойны і ўраўнаважаны, ён як бы гаварыў: няхай вас увойдзе сюды хоць сто чатыры, нічога на свеце ад гэтага не зменіцца. Валасы на яе галаве былі густыя і цемнаватыя, лоб высокі, выпраўка бадзёрая, і ў вачах веданне нейкага вялікага сэнсу. І гэтая была ў сіняй паркалёвай спадніцы і ў самаробным кафтаніку з ваўняных нітак, толькі ўжо вішнёвага колеру. Твар у гэтай быў як вытачаны, з пэўнымі цвёрдымі рысамі, і ў сціснутых губах вызначалася адлюстраванне таго, што хутка ўжо тут усталюецца натура. Адна рыса ішла цераз увесь твар і перакрывала сабою ўсё: як бы ўсё гэтай дзяўчынцы здавалася звыклым і нічога дзіўнага нідзе. На свеце няма з чаго дзівіцца, бо ўсё такое, якое яно ёсць.
З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлі той, з адкінутымі назад валасамі, і, схіліўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкі. Тое, што ўвайшлі ў хату і стукалі нагамі, не падняло яго з калень. Ён і не зварухнуўся. Не зварухнулася і дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабіў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека і далікатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзіў яго па галаве. Ціха ён сказаў:
- Труна гатова.
Чалавек падняўся з калень і ўтрапёным позіркам азірнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялі ля парога і маўчалі. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:
- Мы прыйшлі па чыгуны.
Чалавек перасмыкнуў сціснутымі губамі і сказаў да дзяўчыны:
- Ганна, дай людзям чыгуны.
Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялікія чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму і роўным тонам сказаў да ўсіх:
- Калі вы, або каторы з вас напроці ночы не пойдзе ў дарогу або яшчэ і заўтра будзе тут адпачываць ці як там яму выйдзе, то можа хто з вас, браткі, памог бы мне пахаваць яе. Выкапаць яму трэба, занесці і зрабіць што трэба.
- Вы ж тут удвух, - абазваўся тоўсты.
Як толькі ён так сказаў, той, што рабіў труну, зірнуў на яго з маўклівым дакорам, і ён, з выглядам абвінавачанага, спусціў доле вочы. Вельмі ж відно было ў гэты момант, якая гэта добрая, мяккая, лагодная натура. Выгляд у яго стаў адразу такі, што яму ўжо як бы і не патрэбна стала чужая дапамога. Ён маўчаў і беспарадна як бы чагосьці шукаў вачыма ў пустых кутох.
Тады абазваўся ў чырвонаармейскай зношанай адзежы. Ён сказаў:
- Я памагу, толькі раней каб мяса прычакаць і хоць колькі разоў укусіць. Я не вытрымаю з голаду. Мае зубы могуць цяпер раструшчыць камень.
Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць і безнадзейнасць, здавалася, навекі асталяваліся на твары. Ён паволі перасмыкнуў губамі і нейкай адной рысай у сябе паміж вачэй і з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:
- Я пайду памагаць.
І ў той жа момант плечы яго страсянуліся, і ён хапіўся за твар рукамі. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такі час, калі спарахнелыя ў зямлі лаціняне ніколі яшчэ не мелі такога бліскучага апраўдання сваёй прымаўцы: «чалавек чалавеку воўк». І ніхто гэтаму не здзівіўся і як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькі таўсматы нездаволена зірнуў на слабавольнага плаксуна, і нават як бы пагрозай зварухнуліся яго вочы.
- І я памагу, - сказаў той, што быў у летнім пінжаку.
- Зварым мяса, паямо, бо ўміраем з голаду, і паможам усе. У момант усё зробім, - сказаў таўсматы. - Дзе чыгуны?
І ўсе яны выйшлі з чыгунамі і сталі валтузіцца з мясам. Вады набралі з студні і напоўнілі ею і мясам чыгуны, але мяса не мылі. Ніхто пра гэта і не падумаў. Прайшло можа тры хвіліны, не больш, як два чыгуны стаялі па каменнях і пад імі гарэў агонь. Раптам з хаты шпарка выйшаў той, што рабіў труну. Ён здаваўся вельмі ўстрывожаны. Шпарка ён прагаварыў:
- Сцямнела. Агонь здалёку відаць.
Таўсматы, як бы раптам адумаўшыся, заліў вадою з чыгуноў агні і сказаў:
- Варыць трэба ў печы.
І ўсе, з выглядам выратаваных з бяды, панеслі ў хату чыгуны з мясам.
- Гануся, - сказаў чалавек з адкінутымі назад валасамі, - запалі ў печы. Я яшчэ пазаўчора туды наклаў дроў.
Гануся сышла з свайго месца і ўзялася за работу. Рукі яе былі малыя і рухавыя. Далікатнае хараство было ў яе руках. Бадай што напалову яна сама ўлезла ў печ і, лежачы на чаране, падпаліла дровы. Людзі самі прыставілі свае чыгуны да агню. Відно стала ўсім, якое дзіця яшчэ гэтая Гануся. Тоненькая, з рухавымі плечыкамі, але з вачыма спакойнымі. Качаргой яна пачала падгортаць агонь бліжэй да чыгуноў. Здавалася, што ёй вельмі патрэбна, каб хутчэй усё гэта скончылася. Час пацягнуўся так марудна і так нядобра! Усе ўчатырох сядзелі поплеч на лаве, апанаваныя прыкрым чаканнем. Гануся варыла мяса. Чалавек з адкінутымі назад валасамі стаяў нерухома над нябожчыцай. Той, што рабіў труну, стаяў у самым парозе і таксама не варушыўся. Штосьці было ў яго паставе такое, што быццам гэта ён сумысля заняў сваю пазіцыю ў самых дзвярах, каб быць бліжэй да выхаду з хаты. Самы ж маладзейшы з чатырох і таўсматы некалькі разоў, як згаварыўшыся, выходзілі на двор. Калі паднімецца ісці таўсматы, ідзе малады за ім, тонкі, як травіна, перад тым. Вышмарганае чырвонаармейскае адзенне на ім сядзела вельмі шчыгульна. Калі ён паднімаўся ісці, за ім спяшаўся і таўсматы. Вельмі было падобна да таго, што яны не хочуць спусціць адзін другога з вока. Кожны раз, як толькі яны выходзілі на двор, абодва пільна прыглядаліся да цёмных абрысаў вечара навакол і прыслухоўваліся да той вялікай цішыні, што бытавала тут. Магло б здавацца, што паміж гэтымі двума жыве вялікая згода і аднадумнасць. У хвіліны гэтага прыслухоўвання яны можа і сапраўды рабіліся роўнымі імкліўцамі да аднаго. Ім жа важна было на гэты хоць вечар усцерагчыся ад таго, хто б уздумаў натрапіць на іх след. З гэтага яны і пачалі рабіць першыя спробы пазнаць адзін аднаго. Кожнаму было ясна, што другі баіцца свету і хоча ўхавацца ад людскога вока. За час гэтых выхадаў з хаты яны не сказалі адзін аднаму ні слова, але гэта магло б быць лішнім. Яны ўжо, на гэты вечар, пачалі разумець, што аднаму важна тое, без чаго не можа абысціся другі. Настаў нарэшце момант, што калі тоўсты паварушыўся, каб ісці, малады сказаў вельмі ціха:
- Ізноў хіба выйдзем?
- Ну, як там, ціха? Нічога падазронага? - абазваўся той, што ў летнім пінжаку.
- Прыглядайцеся ў бок лесу, - заўважыў самы старэйшы.
І ўсё паміж імі як бы высветлілася. Чаго ж ім яшчэ крывіцца адзін на другога ці ўсім на аднаго, калі яны разам павінны сцерагчыся нежаданага прыйсця таго, хто можа ісці іхнімі слядамі? Такая атмасфера раптам навісла ў гэтай хаце. Здаецца, яе адчуў нават і той, што зрабіў труну. Ён паглядзеў на ўсіх чатырох і сам сабе ўздыхнуў: «Божа мой, Божа». Як бы там ні было, ён сам выйшаў з хаты і, калі вярнуўся, сказаў:
- Ціха і пуста. Нікога нідзе. Месяц узыходзіць.
Пра месяц ён сказаў праўду, але гэта была ўжо лішняя фраза, і ішла яна ад пошукаў хоць якой блізасці з людзьмі. Можа яно было і так. І гэтак усім здалося. Тым часам самы маладзейшы зноў падняўся, каб выйсці. Падняўся і тоўсты. Раптам малады не вытрымаў:
- Чаго ты не спускаеш мяне з вока?! Мы тут роўныя ўсе!
- Я не дзеля цябе, а дзеля сябе. Я сам хачу бачыць і слухаць. Але ж і ты за мною ходзіш.
- Няхай, калі так, хто іншы выйдзе, - сказаў малады.
- Я пайду і доўга буду стаяць на варце, - сказаў старэйшы.
Таўсматы з нейкім расчараваннем унурыўся і перабіў:
- Мяса павінна зварыцца ўжо.
Усе апынуліся ля самай печы. Гануся выцягнула адзін чыгун і ткнула ў яго ашчэпкам лучынкі.
- Гатова! - сказала яна.
Тоўсты паставіў на лаву ў кут чыгуны. Адзін і другі.
- Есці ў сенцах - сказаў самы малады.
З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позірк. Ён хапіў чыгун і паімчаў у сенцы. Шпарка ўсе пайшлі за ім. Той з размаху паставіў чыгун на зямлю, выхапіў кавалак мяса і, абдзьмухваючы яго, пачаў ірваць зубамі. Здавалася, што калі ён будзе чакаць, пакуль мяса астыне, то гэта будзе каштаваць яму сканання. Але і не толькі ён. Ужо ўсе падкідалі на руках гарачыя кавалкі, кусалі як толькі маглі і елі, елі. Пасля тоўсты прынёс другі чыгун. Два чыгуны мяса яны з'елі не больш як за дзесяць хвілін і адчулі, што не пад'елі як мае быць. Але нейкая сіла, можа нават мацнейшая за голад, стрымала іх ад якіх бы там ні было пошукаў спосабу задушыць да канца прагу да яды. Усе, як згаварыўшыся, выйшлі на ганак і сталі самі не свае. Вельмі можа быць, што цяпер ім усім лепш бы было разысціся хто куды і век больш не сыходзіцца разам. Як бы яно там ні было, але колькі момантаў усе пастаялі моўчкі, і тоўсты раптам пачаў спускацца з ганка. Можа ён нічога такога і не думаў, але ўсе гукнулі ў адзін голас:
- Куды? Чаго? Як гэта?!
Ён падняўся зноў на ганак, і ўсім стала ясна: не ўстанавілася паміж імі згода, і вялікае недавер'е жыло і не зменшвалася. Самы старэйшы раптам уздыхнуў і штосьці як бы прашаптаў сам сабе.
- А памагчы таму хаваць, - сказаў ён мацней.
- Я кончуся з холаду ў гэтым пінжаку, - сказаў той, лёгка адзеты.
Ён шпарка рушыў у хату. І ўсе за ім. Таўсматы сеў на лаву. Усе ж астатнія сціснуліся пры печы, у якой яшчэ датляваў жар. У момант цяпло размарыла іх. Дрымота агарнула іх усіх трох. Усе яны нейк адразу тут жа ляглі на падлогу і сцішыліся. Яны спалі. Але ў неспакоі. Колькі яны паспалі, хвілін можа дзесяць, не больш, а раз-поразу то той, то другі ўсхватваўся, паднімаў галаву, акідаў цяжкімі вачыма хату і зноў кідаўся на падлогу і спаў. Тоўсты таксама спаў, седзячы на лаве. Два тутэйшыя мужчыны тым часам унеслі з сянец труну, паклалі ў яе нябожчыцу і паставілі труну з нябожчыцай на той самы тапчан. Той, што рабіў труну, выйшаў у сенцы і зноў з'явіўся ў дзвярах з рыдлёўкаю ў руках. Ён быў пануры, але вочы яго, здавалася, лілі святло на твар.
- Цяпер пайду капаць, - сказаў ён.
- Добра было б каб удвух, - адказаў другі. - Але як я тут пакіну.
Раптам моцны кашаль перарваў не толькі гаворку, але можа нават і думкі гэтых людзей. На падлозе нехта з тых трох так кашляў, быццам бы грудзі яго разрываліся. З хрыпам і свістам кашляў ён і адкашляўшыся ўстаў. Гэта быў той самы старэйшы з чатырох. Абыякавасці і холаду цяпер на яго твары не было. Была пакута і смутак. Цяпер ён здаваўся гарбаты, быў ускудлычаны, чырванатвары і з прыгнутымі ў каленях нагамі. Так ён стаяў, пагойдваючыся на нагах, у поўным маўчанні гэтай нейкай нешчаслівай хаты і прахрыпеў, усё з тым жа сваім жудасным акцэнтам і вымоваю:
- Пачакаем дня, каб капаць і хаваць. Цяпер ноч. Нашто так спяшацца?
Вельмі можа быць, што той, з адкінутымі назад валасамі, узрадаваўся гэтаму нечаканаму голасу, хоць і хрыпатаму, хоць і страшнаму. Усё ж гэта быў чалавечы голас. З нейкай раптоўнай жвавасцю, як бы ўхапіўшыся за прычыну, каб перад кім паспавядацца, той, з адкінутымі валасамі, сказаў:
- Галубок ты мой. Яна ўжо чацвёрты дзень ляжыць непахаваная. Пакуль мы дасталі дошак на труну, пакуль цвікі з іх без начыння падаставалі, пакуль пілу знайшлі на пажарышчы за лесам.
- А хто гэта памерлая?
- Гэта мая дачка.
- А жывая?
- І жывая мая дачка.
- Ну добра. Хадзем капаць.
- І я пайду, - пачуўся тут голас, і з падлогі падняўся самы маладзейшы, што быў у чырвонаармейскай адзежы.
Бацька нябожчыцы яшчэ пажвавеў. Нейкія новыя рысы пачалі ажываць на яго твары.
- Што вы за людзі? - ужо новым тонам сказаў ён.
Тыя маўчалі.
- Ну, ты немец, я чую з твае гаворкі, - ткнуў ён рукой у грудзі таго, што нядаўна кашляў. - А ты хто? Адкуль ты?
- Я можа пасля скажу.
- Ну добра, - адразу апанураў чалавек. - Я і забыўся, што чалавеку страшна паказваць сваю душу перад чалавекам.
У тоне гэтых яго слоў многа было горычы і кплівага запалу.
- Ну, хто пойдзе, дык хадзем. Рыдлёўкі якраз ёсць. У сенцах возьмем.
- І я пайду, - сказаў таўсматы і падняўся з лавы. Ён штурхануў таго ў лёгкім пінжаку. Ён спаў моцным сном. Штуршок яго пабудзіў, і ён сеў.
- Трэба ж каму тут астацца, - сказаў бацька нябожчыцы. - Ты астанься (гэта да таго, што рабіў труну). А я завяду людзей на месца.
- І я астануся тут, - сказаў той, што яшчэ сядзеў па падлозе.
- Добра, аставайся.
І той, як сядзеў, адразу зноў лёг, закінуўшы пад галаву рукі.
І ўсе выйшлі, апроч яго і таго, што рабіў труну. Свечка аплыла і знізілася, і цямней стала ў хаце. Гануся стала на ранейшае месца бацькі і так моўчкі стаяла над нябожчыцай. Той, што рабіў труну, стаяў поплеч яе. А той, што ляжаў на падлозе, сеў, дастаў з кішэні кавалачак паперы, навыцярушваў з другой кішэні пацёртага лісця, зрабіў папяросу, устаў, прыкурыў з свечкі і зноў сеў на ранейшае месца на падлозе. Відаць, што гэта ён курыў не тытунь. Пах дыму быў не тытунёвы. Пайшлі хвіліны за хвілінай. Ён дакурыў папяросу, устаў, падышоў да печы і ўкінуў у яе недакурак. Абуткам сваім ён моцна грукаў па зямлі. Гануся азірнулася на яго, і вочы іх спаткаліся. Ён тады сеў на лаву і зноў пачаў скручваць папяросу. Гануся стаяла на сваім месцы, але яшчэ раз на яго азірнулася. Відаць, што яе паглыбленасць у самую сябе была парушана. Падышоўшы зноў да свечкі, каб прыкурыць, ён зазірнуў у твар спачатку Ганусі, пасля чалавеку і як бы ўкрадкам запытаў:
- Што гэта тут за месца? Як называецца? Я тут не быў раней.
Чалавек маўчаў, а Гануся павярнулася да яго. Змена адбылася на яе твары. Гэта было вельмі падобна да таго, як раптам бацька яе пажвавеў быў, калі ў яго знайшлася прычына выказаць сваё чалавеку. Быццам Гануся на момант адарвалася ад забыцця.
- Тут Магілеўская вобласць, - сказала яна.
- Ведаю. А раён?
Яна сказала і раён.
- А гэты кут?
- Хата, дзе радзіўся мой бацька. А вёска за ляском. Спалена. Адны асмалкі.
- А тут праходзіць шаша, што паміж Масквой і Варшавай?
- Недалёка.
- Ага. То вы можа чулі такі маёнтак Бранчычы?
- Не, я не чула.
- Ага. Ну, добра.
- А хіба тут былі маёнткі?
- Ну то саўгас можа быў. Проста назва Бранчычы.
Быццам бы на тое, каб хутчэй спыніць гэтую сваю ж гаворку, ён вельмі шпарка перасеў з лавы на падлогу і неўзабаве лёг і заплюшчыў вочы. Жвавасць сышла з Ганусінага твару, але яшчэ нейкі час успышкі яе ажывалі.
І ў гэтыя моманты яна вельмі была падобна да свайго бацькі. Той жа, што стаяў поплеч яе, за гэты час нават і не паварушыўся, быццам нічога не чуў, ці не цікавіўся нічым, або і не разумеў нічога. Ноч цягнулася далей. Святло ў хаце яшчэ больш меркла. Відаць стала, што на небе ўзышлі зоры. Яны стаялі ў акне густа, і нават заўважалася, што цёмнае неба стаіць на мяжы з сінім колерам.
Раптам той шпарка падняўся з падлогі і падышоў да маўклівага чалавека, што так пільна стаяў над нябожчыцай.
- А вы не ведаеце Бранчыч? На самай шашы. Адсюль павінна быць недалёка. Дзе гэта, і ў які бок? А Божа мой, Божа. Калі ведаеце - выведзіце на дарогу.
Гэтыя словы, тонам просьбы і адчаю, ён сказаў як у пустыні. Той, да каго ён казаў, нават і не паварушыўся.
- Што вы маўчыце?! Вам цяжка слова сказаць?
Той раптам схіліў галаву і перахрысціўся па-каталіцку, пяцьма пальцамі.
- Ён моліцца, не чапайце яго, - сказала Гануся.
Гэты, у лёгкім пінжаку, таксама схіліў галаву і перахрысціўся па-каталіцку. Пры гэтым у яго была нейкая заўзятасць, як бы ён гэта сумысля, каб яго бачылі. Гануся паглядзела на яго, і на яе твары нічога не адлюстравалася. Тады ён ціха запытаў Ганусю:
- А вы як жагнаецеся? Трыма ці пяцьма пальцамі?
Можна было ўлавіць у яго голасе такія ноты, што як быццам бы ён надаваў гэтаму пытанню нейкае адмысловае значэнне.
- Я і не жагнаюся і не хрышчуся, - адказала яна, і як бы з нотамі нездавальнення, што ёй не даюць стаяць і маўчаць. Колькі ў ёй было ў гэты момант сталасці! І адказ яе быў не так сабе. А можа гэта яна штосьці зразумела ў яго запытанні і трапна адказала яму. Нездаволены, ён ціхом падаўся на ранейшае месца і лёг на гліняную падлогу гэтай хаты. Панавала вялікае маўчанне. Нябожчыца ляжала ў труне, і двое стаялі над ею. Тым часам загрукалі на ганку і сенечнымі дзвярыма. Вярнуліся далакопы. Усе яны як ёсць увайшлі ў хату. І ў ва ўсіх іх адбылася нейкая змена. Нейкая адна, ужо агульная ім усім рыса з'явілася ў іх. Гэта была не тое што якая заклапочанасць ці ўзбуджанасць. Але можа і гэтага былі некаторыя адзнакі. Самае ж важнае, што было ў іх, гэта як бы іх агульнае дачыненне да адной справы. Гэта яднала іх. Цяпер яны былі ўжо быццам нейкія змоўшчыкі. Не ведаючы адзін аднаго, яны ў невядомым ім месцы нядаўна выкапалі магілу невядомай ім асобе. Капалі разам, пад зорным небам, уночы, перамагаючы свае пакуты. Вельмі можа быць, што тут кожным з іх кіравала залежнасць аднаго ад усіх. Напэўна так было. Ніхто не хацеў, не мог і баяўся быць чым-небудзь непадобным да іншых у час гэтага, можа нават і страшнага, іх спаткання. Што было б, каб хто з іх заявіў, што ён не хоча рабіць таго, што робяць іншыя? Кампанія ж іх і так ледзьве трымалася гнілымі абручамі. Праўда, адзін з іх ляжаў цяпер на падлозе, але невядома яшчэ, што пра яго думалі. І хто ведае, можа яму што-небудзь ужо рыхтавалі. Але і не толькі гэта было ў іх усіх. Тут магло быць яшчэ і пачуццё хоць якой змены іх стану. Галоднае бадзянне на холадзе, і раптам - нейкі занятак, справа, а можа і апаражненне цёплай хаты ад мёртвага чалавека. Мёртваму нічога не трэба. Жывому патрэбен цёплы прытулак. Уцягненыя ў нейкую дзейнасць, тоячы кожны ў сабе сваё, усе ўвайшлі ў хату і сталі пасярод яе.
Бацька нябожчыцы парушыў цішыню моцным голасам.
- Гануся, - сказаў ён, - развітайся з ею.
Адразу ён падышоў да Ганусі і абняў яе адной рукой за плечы. Абое поплеч, яны падышлі да труны і ўкленчылі перад ею. Ён дакрануўся лбом да белай, як паркаль, рукі нябожчыцы і пацалаваў руку. Пасля пацалаваў у нябожчыцы пантоплі на нагах і лоб. Пасля стаяў і глядзеў, як Гануся цалуе ў нябожчыцы твар і рукавы кофтачкі. Пасля ён і той, што рабіў труну, узялі века і зачынілі труну. Раптам ён прыадчыніў века і зірнуў яшчэ раз на нябожчыцу. Зірнула і Гануся. Зірнуў і той, што рабіў труну. А пасля гэтага зачынілі ўжо навек. І пачалі браць труну, каб несці. Нейк разам усе схлупіліся і перашкаджалі адзін аднаму. Труну ўзялі ўшасцёх. Першая пара ішла: немец, самы старэйшы, і з ім таўсматы ў кажуху. Сярэдзіну труны ўзяла пара: самы маладзейшы і той, што рабіў труну. Труну пачалі паднімаць ужо, як раптам узварушыўся той у летнім пінжаку, што ўсё спаў на падлозе. Нейк сагнуўшыся, як бы ў яго гарэла ўсё ўсярэдзіне, ён падбег да ўсіх, і сонны, і збянтэжаны, і паглыблены сам у сябе, чамусьці пачаў браць труну там, дзе ўжо трымаў яе той, што і зрабіў яе. Убачыўшы каля сябе соннага памагатага, ён саступіў яму месца і сам разам з бацькам нябожчыцы ўзяў труну ў галавах. Апроч Ганусі, больш тут людзей ужо не было. Гануся і пайшла адна за труною. Калі сыходзілі з ганка, Гануся азірнулася была, каб зачыніць сенцы, але не зачыніла. У сенцах, так як і ў хаце, было пуста і гола. Ганак быў нізкі, на адну ступеню. Сышлі з труною з яго лёгка. Ноч стаяла ў самым сваім разгары. Яна была ясная. Поўны месяц стаяў высока, і ў гэтай частцы неба не было зор. Мароз без ветру, і цішыня. Прымерзлая зямля шарэлася далёка ў гэтым спакоі яснай ночы. Голыя дрэвы здаваліся чорныя і вельмі высокія. З труною прайшлі двор і штосьці падобнае да саду з рэдкіх дрэваў. Прайшлі полем і апынуліся на ўзлессі. Лес быў невысокі, або малады, або каржакаваты. З яго тхнула спакойным пахам смалы і кары. Адсюль відна была апусцелая хата. Не так чорны яе сілуэт, як асветленае акно. Свечка асталася гарэць у ёй. Акно ледзь свяцілася. Свечка ўжо мусіць канала. Дол быў выкапан тут жа, на самым узлессі, каля вялікіх трох дрэваў. На горб выкінутай зямлі і паставілі труну. Месячная відната была і ў лесе паміж дрэў. І маўчанне было вялікае. Той, што рабіў труну, шпарка адышоўся некуды ўбок, і відно было, што ён прыгнуўся і шукае чагосьці на зямлі. Неўзабаве ён вярнуўся з скруткам вяроўкі і распусціў яго. Можна сказаць, што з гэтага моманту ён пачаў тут распараджацца. Ён сказаў, калі і як прыўзняць труну, каб працягнуць пад яе дзве столкі вяроўкі. Ён сказаў, калі і як пачынаць спускаць труну ў яму. Тут ляжала рыдлёўка недзе паміж дрэў. Той, што рабіў труну, пашукаў яе і знайшоў. Таксама, як і шукаючы вяроўку, ён прыгінаўся і ўглядаўся ў зямлю. Было падобна, што можа гэта ён сам тут і пакінуў быў і вяроўку і рыдлёўку. Ён і пачаў засыпаць магілу. Усе стаялі. І вось тыя чатыры сталі гаварыць.
- Адной рыдлёўкай вельмі марудна. Нашто мы рыдлёўкі занеслі ў сенцы, - сказаў самы маладзейшы.
- А там мяса на двары ляжыць. Сабакі ці ваўкі яго могуць з'есці. І так прыйдзе хто, - сказаў таўсматы ў кажуху.
- Я зараз памру з голаду і холаду, - сказаў той, што быў у летнім пінжаку.
І раптам сагнуўся ён яшчэ больш і подбегам рушыў туды, дзе крыху яшчэ свяцілася хатняе акно.
- Божа, - сказаў самы старэйшы. - Божа, Божа!
Яго смутак быццам напоўніў сабою ўвесь свет. Украдкам, нібыта баючыся, ён паклыбаў у бок хаты, прыгорблены і скрыпучы. І кашляў ён ужо скрыпам, і гаварыў, і нават у абутку яго штосьці скрыпела. Не адышоўся ён яшчэ і пятнаццаці крокаў, як таўсматы рушыў за ім следам.
- Гаспадар, - сказаў самы маладзейшы да Ганусінага бацькі, - я ледзьве стаю на нагах. Я баюся, што ўпаду. Я пайду хоць лягу на падлозе.
- Ідзі і кладзіся, але не на падлогу, а на печы прымасціся, калі яны яшчэ там не занялі месца. Спяшайся. Або на лаву дзе. Там у хаце, паміж печы і кутом, дзе стаяла труна, абмацаеш ці ўбачыш дзверы. Адчыні іх і ўвойдзеш у халодны пакой. Там ляжаць на стале чыстыя лахманы, бяры іх сабе на пасцель.
Малады шпарка пайшоў. Ясна ноч стаяла ў самай сваёй глыбіні. Гануся, бацька і той, што рабіў труну, паволі засыпалі магілу. Бацька стаў на калені, а за ім і астатнія. Кожны дакрануўся лбом да свежай зямлі. Пасля, ціха гаворачы, пайшлі.
- Каб ведаць, што гэта за людзі, - сказаў той, што рабіў труну.
Спакойным тонам знаўцы таго, што робіцца на свеце, Гануся адказала:
- Кожны з іх ратуе сябе.
Бацька яе сказаў:
- Два з іх немцы, адзін беларус, а чацверты паляк.
- Вы не памыляецеся? - сказаў той, што рабіў труну.
- Мой бацька ў такіх справах не можа памыліцца, - сказала Гануся. - Ён з гаворкі пазнае, з якой нацыі хто.
Ганусін голас не быў спакойны, хоць і было ў ім крыху разважлівасці. Утрапенне не пакідала яе. Утраіх увайшлі яны ў сенцы і ўбачылі, што бычынае мяса, вялікімі мерзлымі кавалкамі, ужо ляжала тут, на зямлі. Відаць, што чатыры бадзякі ўжо асталёўваліся тут. У хаце ж яны ўжо гаспадарылі. Ужо ў печы гарэў агонь, і зноў у чыгунах варылася мяса. Водсвет з печы падаў на сцяну і асвечваў хату. Свечкі ўжо не было. Усе ўчатырох стаялі пасярод хаты ў нейкім як бы ўзбуджэнні. Маладзейшы трымаў пад пахаю нейкую старую вопратку, а той, што быў у летнім пінжаку, дапытваў яго:
- Хто табе сказаў, што там у пакоі ляжыць адзежа? Ты ўжо з гаспадаром паспеў пасябраваць без нас? Давай!
- На! - адказаў малады. - Бяры.
Той узяў старую вопратку, адразу палез з ею на печ і адразу там умасціўся ляжаць. Самы старэйшы падышоў да печы і адразу задрамаў, стоячы пры агні. Таўсматы і малады селі на лаву і раз-поразу зазіралі ў печ. Чыгуны кіпелі. Агонь палаў. Ганусін бацька зняў з тапчана прасцірадла і пайшоў у той, як ён сам казаў, «халодны пакой». У яго вялі дзверы непадалёку ад печы, заўсёды дагэтуль зачыненыя. Неўзабаве ён вынес адтуль ахапак старой адзежы, сапраўды «лахманоў», і паслаў на тапчане пасцель. Гануся адразу лягла і заснула. Бацька лёг каля яе, з самага краю і, тварам угару, ляжаў, не спаў і глядзеў у столь. Той, што рабіў труну, лёг на голую лаву пры сцяне, і хто яго ведае, ці спаў, ці так ляжаў сцішыўшыся. Тым часам з печы злез той і адразу сунуўся ў печ.
- Трэба даставаць мяса і есці, - сказаў нецярпліва ён.
- Сырое яшчэ, - прахапіўся ад свае дрымоты самы старэйшы.
Таўсматы высунуў нейкім ражном з печы чыгуны, а малады кінжальчыкам пачаў выкладаць мяса проста на лаву. Яно яшчэ было гарачае, а яго ўжо хапалі і пхалі сабе ў раты. Усе ўчатырох.
- Мне нядобра, - сказаў самы маладзейшы і лёг па лаву. Тыя ўтрох скончылі есці, па чарзе выпілі з чыгуноў юшку і палезлі на печ. Упокат яны там адразу заснулі ў цяпле. Ішла хвіліна за хвілінай. Агонь у печы згас, і жар датлеў. Ужо не было па сцяне водблескаў, і ў хаце сцямнела. На печы не ўсе спалі спакойна. Хтосьці там кідаўся ў сне, штосьці гаварыў. Чуцён быў і скрыпучы кашаль. Гануся падняла галаву, і пачуўся яе моцны шэпт:
- Бацька, дзе ты?
- Тут, - абазваўся бацька. Ён стаяў пры акне і ўглядаўся ў яго.
- Хадзі сюды, - сказала Гануся.
Ён падышоў і сеў ля яе, а той, што рабіў труну, устаў і сеў там жа, на лаве.
- Бацька, я больш не магу спаць, - сказала Гануся.
- Трэба прычакаць дня, - пачуўся шэпт таго, што рабіў труну.
- Будзем чакаць дня, Гануська, - сказаў бацька.
Гэтая гаворка траіх была такая зладжаная, што льга было б заўважыць: яны блізкія адзін аднаму, усе ўтраіх. Нешта адно жыло ў іх душах. Маўклівае чаканне пацяглося далей. Відно было праз акно, як пачало цямнець неба.
Той, што рабіў труну, падняўся і зашпіліў на сабе вопратку. У ёй ён ляжаў і сядзеў.
- Здаецца, адлега пачынаецца на дварэ, - сказаў ён шэптам. І зноў лёг. На печы кашлялі, кідаліся, гаварылі са сну. Гануся цярпела ноч. І вылежала так да канца ночы. Яна адчула, што ноч падышла да канца, хоць ніякіх адзнак таго яшчэ не было. Яна прыўзнялася і зашаптала бацьку ў вуха:
- Татуля... Бацька... Ужо ноч прайшла... Так і ўсё гэтае злое мінецца. Самае важнае - нам перачакаць. Так дзень за днём.
Ён падняўся і сеў.
- Дзень пачынаецца, - сказаў ён такім тонам, як бы гэта штосьці вельмі важнае адбылося. І зноў змоўклі. І зноў пацягнуўся час. Раніца ішла паволі. Дзень пачынаўся хмурны. Раптам зніклі рэдкія зоры і святло з неба. Відны сталі сцены ў хаце і дзверы, адчыненыя ў той «халодны пакой». Чакалі дня, а як ён прыйшоў, не ведалі, як пачаць яго. Усе паглядалі на печ, што далей будуць рабіць няпрошаныя начлежнікі. А яны ўсе так жа неспакойна спалі. Ужо Гануся ўстала, увайшла ў «халодны пакой», расчыніла там нейкае цеста. Ужо той, што рабіў труну, наперасекаў многа жэрдак на дровы. Ужо Ганусін бацька, схаваўшыся ў «халодным пакоі» ад сваіх нязнаных начлежнікаў, дастаў ціхом з-пад пінжака пісталет, разабраў яго і зноў сабраў. А тыя ўсё ляжалі на печы і нават як бы спалі. Цяпер ужо відно было і як мае быць чутно: час ад часу рваўся скрыпучым кашлем самы старэйшы. Самы маладзейшы час ад часу енчыў слабым голасам. Таўсматы штосьці ўсё праз сон гаварыў, але не так, як учора ўдзень, а па-нямецку. Той, што ў лёгкім пінжаку, раптам прахапіўся і пракрычаў чыстай польскай мовай штосьці аб тым, што ён даў абяцанне перад вялікай усясветнай справядлівасцю ненавідзець фашыстаў, пакуль будзе жыць. Самы малады, быццам ускрылены гэтым польскім крыкам, крыху прыўзняў галаву і з нотамі агню ў вялым ад хворасці ці слабасці голасам як бы растлумачыў таму паляку (бо пакуль гаварыў, глядзеў на яго), што ён толькі дзеля таго дзяцей будзе мець, каб яны маглі выхаваць у сваіх дзецях нянавісць да фашыстаў. Відаць, што гэтая думка, ці праўдзівей сказаць, фармуліроўка думкі, склалася ў яго не адразу і напластоўвалася з цягам часу. Самы старэйшы, той, што кашляў, падняў галаву і раптам, як бы што ўспомніўшы ці адумаўшыся, кінуўся зноў і ляжаў, больш не варушачыся і стрымліваючыся, каб не кашляць і не абзывацца. Збоку гэта льга было заўважыць. Таўсматы ж нават і не паварушыўся. Але відаць, ён чуў усё, бо не спаў. Часамі ён расплюшчваў на момант вочы. Тым часам Гануся падпаліла ў печы, узяла з-пад прыпека скавараду, насыпала з паперы на яе цёртых канапель і расціснула паверх цеста. Неўзабаве яна спякла такім парадкам тры скавароднікі, пульхныя і тоўстыя. Яна, бацька і той, што рабіў труну, стоячы пры печы, адразу і з'елі іх.
- Як мне хочацца малака! - сказала Гануся, пасля чаго ўсталявалася маўчанне.
Дзень панаваў ужо на дварэ. Ён быў хмурны. Час усё ішоў, а тыя з печы не злазілі. Ужо напэўна за паўдня мінула, а яны ляжалі. Самы старэйшы зноў пачаў кашляць. Ганусін бацька падняў руку і штурхануў самага маладога ў нагу. Той адразу прыўзняў галаву, паглядзеў на чалавека і міргнуў уніз вачыма. Было ўсё падобна, што ён і спадзяваўся, што так усё будзе. Ён вычакаў момант, асцярожна споўз на край печы і ўкрадкам злез на зямлю. Моўчкі, як згаварыўшыся, выйшлі яны ўдвух з Ганусіным бацькам у сенцы.
- Перакусіць чаго трэба, - сказаў пошапкам Ганусін бацька так, як бы ведаў гэтага маладога чалавека, бадай што хлапчука, здаўных.
- Мне не можна, - сказаў той. - Я захварэў. Я многа галадаў, а мяса было недаваранае, а я яго ўчора многа з'еў. Цяпер у мяне як быццам усё рвецца ўсярэдзіне. У мяне ў жываце ные і сцягваецца.
- А есці табе не хочацца?
- Не. Я зусім аслабеў.
- Кладзіся на тую пасцель, дзе мы спалі.
- А яны ўжо і так заўважылі, што я з вамі добра.
- Ты іх баішся?
- Іх тры, а я адзін.
- Не бойся. І нас тры.
- На мне могуць быць вошы. Я не лягу на вашу пасцель.
Ганусін бацька памаўчаў і кіўнуў галавой.
- Дык вылежвайся сёння на печы. Яшчэ адно. Ты з палону ўцёк?.. Ты не бойся. І я ад немцаў уцёклы.
- З палону. Як вы ўгадалі?
- У мяне ж галава на плячах.
Малады чалавек раптоўным рухам хапіў руку Ганусінага бацькі і страсянуў яе. Пасля чаго пайшоў у хату і зноў уціснуўся на печы паміж тых. Нейк адразу пасля гэтага той, што рабіў труну, Ганусін бацька і Гануся выйшлі з хаты, добра зачынілі сенцы і, даўшы добрага кругу, па адным, а не разам, абышоўшы той лясок, на краі якога з мінулай ночы з'явілася свежая магіла, сабраліся ў нейкай вузкай і доўгай градзе старых дрэў. Тут расло некалькі дубоў, вязаў, бяроз і многа алешыны. І пад імі гусціўся крушыннік. У гэтым крушынніку яны абгледзелі ляжачую старую бярозу, вывернутую навальніцай з карэннем. Яна ўжо ўтрухлела і абрасла высокай мятліцай. Ганусін бацька выцягнуў з-пад дрэва аўтаматычную нямецкую вінтоўку і набоі да яе, напакаваныя ў вялікі шкляны слой і накрытыя вечкам з бляхі. Ён добра абгледзеў вінтоўку. Утраіх селі на дрэва, і ён пачаў разбіраць зброю. І ён сам, і Гануся, і трэці чысцілі часткі вінтоўкі. Падоўгу адціралі іх. Прайшло можа гадзін тры. Ганусін бацька дастаў з кішэні бутэлечку з памазачным алеем і перамазаў ім вычышчаныя часткі вінтоўкі. Пасля ён сабраў вінтоўку і зноў паклаў на ранейшае месца. Вось і дзень пачаў канчацца. Такім жа вялікім кругам, па адным, яны пайшлі назад. На тварах іх была напісана панурасць і скруха. Як бы нехаця ўвайшлі яны ў хату. Тыя ўсё ляжалі на печы. Чатыры пары ног тырчэлі з яе на хату. Старэйшы кашляў ужо бесперапынна. Усе ўвайшлі ў «халодны пакой». Гэта была чыстая хата пасля кухні. Адно акно было без шкла і пазастаўлена фанерай. Тут і сапраўды было холадна. І апроч аднаго стала, нічога больш не было. Гануся дастала з шуфляды гэтага ж стала хлеб і сала, і, стоячы над адчыненай шуфлядай, усе елі. Здавалася, што тут і спрадвеку была такая пустэча. Бо і ў хаце гэтай, і ў сенцах, і на двары, усё было пуста і гола. Пачынала змяркацца. Ганусін бацька стаў на стол, дастаў рукою столь і выцягнуў з-за бэлькі скручаную ў жмут газету. Ён яе разгарнуў і разаслаў на стале. Гэта была «Правда», з таго ж самага месяца. На газету ён паклаў кавалак хлеба і выйшаў з пакоя. Ён зноў штурхануў у нагу самага маладога. Той паслухмяна злез з печы, нават не стараючыся не трывожыць тых. Тым, відаць, гэта ўжо не надакучала. Ганусін бацька ўвёў яго ў «халодны пакой» і паказаў на хлеб на газеце:
- Еш.
Той працягнуў руку да хлеба і нейк скалынуўся. Ясная адзнака была, што ён яшчэ не ўміраў ад свае хваробы і слабасці. Ён добра змяніўся ў твары. Хоць на момант.
- З гэтага лістапада газета? З Масквы? Значыцца, яшчэ жыве Масква? І Саюз Савецкіх рэспублік жыве?.. Дзе вы ўзялі газету? Як дасталі?
- Знайшлі ў полі. Я думаю, што з савецкага самалёта.
-Даўно?
- За дзень да таго, як вы тут з'явіліся... А хто вы?
- Я студэнт педагагічнага інстытута ў Менску.
- Вам ломіць калені?
- Ломіць.
- Вы не толькі атруціліся мясам. Больш за ўсё ў вас таго, што вы захаладзіліся. Зараз мы вас будзем карміць і адаграваць.
Дзіўная была раптоўная змена ў гэтым маладым чалавеку. Ён колькі разоў укусіў хлеба і пакінуў есці. Ён стаяў нерухома.
Але здавалася, што ён зробіць зараз нешта вялікае і патрэбнае ўсім, і да гэтага ён доўга імкнуўся і толькі цяпер як мае быць дасягнуў гэтага. Твар яго як бы свяціўся.
- Жыве наша бацькаўшчына!.. Я з усіх сіл буду старацца, каб ачуняць!.. А хто вы такія? Што вы за людзі, што тут так жывеце?
- Ідзі ляжы. Я пасля табе раскажу, - сказаў Ганусін бацька. - Я нешта прыдумаю, каб пакласці цябе дзе інакш.
Не зганяючы з твару новых рыс надзеі і веры, малады чалавек зноў уціснуўся на печы паміж тых. Ужо зусім пачало змяркацца. І вось новая заклапочанасць і ажыўленне заўладала ўсімі, хто мучыўся сваёй душой, стоячы на нагах, а не лежачы. Утраіх шапталіся, збіралі ўсялякую адзежу і рэшткі яе. Паставілі тапчан пры печы. Гануся паслала пасцель на тапчане з усяго, што толькі льга было знайсці. Зноў Гануся падпаліла ў печы і грэла ваду ў чыгуне. Пакуль накармілі студэнта хлебам і цёплай вадой, быў ужо вечар у добрай пары. Ганусін бацька даў яму бялізну. Ён доўга выціраўся сваёй бруднай кашуляй і выкінуў яе пасля ў сенцы. А сам у чужой бялізне лёг. Яго акрылі нейкай вопраткай, і, можа быць, ілюзія поўнага шчасця ўсцешыла яго ў гэтыя хвіліны. Твар яго жыў павевамі надзеі, веры і радасці. Ён ляжаў нерухома і глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлі густа, і неба зіхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры, пра тое, што на дварэ, мусіць, бралася на мароз, пра дрэва, вялікі і чорны сілуэт якога вырысоўваўся ў вакне, і пра сваю нечаканую радасць. А як жа! Ён знайшоў сваю радзіму. Ён дажыўся да вялікай радасці. Ён не мог спаць ад шчасця. Ён баяўся паварушыцца. Яму пачало здавацца, што нерухомасць хутчэй падніме яго на ногі. І ён стараўся. Што робіць з чалавекам надзея і вера! Можна сказаць з пэўнасцю, што яны, гэтыя дзве вялікія сёстры, могуць заступіць месца дасягнутай мэты і ашчаслівіць чалавека. Быццам дух радаснай надзеі запанаваў тут. Як бы настрой гэтага маладога чалавека ўзбудзіў да прагі і імкнення душы ўсіх тут. І той, што рабіў труну, і Ганусін бацька, і сама Гануся не маглі і не хацелі заснуць. Але тут радасць надзеі не была чыстая. Яна была атручана тым, што адбылося і пячаць чаго не знімеш ніколі. Вельмі можа быць, што і Гануся адчувала гэта. Напэўна, і яе душыў смутак. Ёй, як і ўсім тут, трэба было спадзявацца на час. Гэты верны доктар можа вылечыць уражаную душу і зняць з яе пячаці перажытага.
Ганусін бацька і той, што рабіў труну, селі поплеч на лаве і маўчалі. Было падобна, што яны спяць седзячы. Гануся паставіла табурэт пры самых дзвярах у сенцы і там сядзела.
На печы таксама не спалі. Ці то там ужо за доўгі час адаспаліся, ці то кожны пачаў даходзіць да цвёрдай свае думкі, адзінай патрэбнай яму. Льга было заўважыць у ясным змроку зорнай ночы, што адзін з тых трох, найбольш, мусіць, апанаваны ўтрапеннем, сеў і звесіў з печы ногі. Ён так сядзеў і калываўся ў бакі. Праз колькі часу хтосьці на печы яшчэ пачаў паднімацца. І гэты сеў акрай печы і звесіў ногі, побач таго.
- Дзе тут вада? - пачуўся яго моцны шэпт.
Гэта быў той, што больш за ўсіх перакалаціўся на холадзе ў летнім пінжаку і ў жаночай шапцы, звязанай з нітак. Гануся паднялася з табурэта, папацёмку разграбла ў печы жар і раздзьмула агонь. Яна запаліла лучыну і набрала ў нейкую пагнутую бляшанку вады.
- Калі будзе ласка, сюды падайце, - зноў сказаў той. Польскі акцэнт яго вымовы быў цяпер вельмі моцны. Відаць, што ён ужо не дбаў аб дасканаласці свае вымовы па-расейску. Аслабеў, схварэўся, і не да гэтага яму было. Або прытупілася пачуццё самаабароны. Відаць, што гэтае пачуццё было ў ім раней, бо чаго ж бы ён так стараўся, каб не ўжыць польскага слова.
- І мне, калі ласка, вады, - сказаў студэнт.
- І мне, прашу, - з жудасным нямецкім акцэнтам сказаў той, што першы сеў на печы. Гэта быў самы старэйшы.
І таўсматы высунуў галаву з-за коміна і працягнуў руку:
- Вады, прашу.
З лучынай у руках, Гануся абышла ўсіх і напаіла кожнага. Тыя два асталіся сядзець на печы, а таўсматы так і ляжаў, выткнуўшыся на хату з-за коміна. Гануся ўваткнула лучыну дзесьці ў чалешніках печы і зноў села на табурэт. Часта Гануся ўставала зменьваць лучыну і зноў садзілася. У цьмяным святле ад лучыны постаць яе вырысоўвалася нявыразна, але не гэта было важна. З выгляду яна была яшчэ малая. Падростак з рухавымі плячыма, але з павольнай хадой. Тое, што яна тут, нейк усе адчувалі. Бо і студэнт колькі разоў паднімаў галаву і кідаў на яе вачыма. І таўсматы, і паляк раз-поразу паглядалі на яе. Самы ж старэйшы спыніў на ёй свой позірк і не адвёў яго нікуды. Пачалося доўгае маўчанне. Яно цяглося як пакута ўсіх гэтых людзей, як іх смутак аб мінулым і аб будучыні, як прага іх. Раптам Гануся цвёрдым шэптам перарвала цішыню:
- Бацька! Што мне рабіць?
- Пастарайся заснуць, - такім жа шэптам адказаў бацька.
- Здаецца, што я сама ў магіле. Як бы мне дух спірае.
- Ты ж сама казала, што дзень за днём перачакаць трэба. У цябе змалку яшчэ была ясная галава. Вучыся мець развагу.
І зноў запанавала цішыня. Але, здаецца, Ганусіны словы ўзбудзілі студэнта (а можа і ўсіх) да новага ўзбуджання і ўвялі яго ў новы абсяг думак. Бо ён адразу паставіў руку на локаць і падпёр ею галаву. Так, не то лежачы, не то седзячы, ён моцна шапнуў у бок Ганусі:
- Тут далёка Варшаўска-Маскоўская шаша?
- Не, недалёка, - як бы ўзрадавалася гаворцы Гануся.
- А горад Слуцак далёка адгэтуль?
- Далёка.
- Але чулі вы такі горад?
- Дык дзіва што чулі.
- Гануся, цябе так, здаецца, называлі? Слухай, Гануся. Каб ты ведала толькі, як мне цяпер стала добра! Як я нанава на свет нарадзіўся.
Трэба думаць, што гэты студэнт быў вельмі бывалы і многа чаго бачыў на свеце. Але ён быў малады, і яму нялёгка было хаваць і таіць у сабе сваю радасць. Да таго ж і склад натуры мусіць быў такі. Адкрытая душа і даступная кожнаму. Шчаслівымі вачыма ён глядзеў на Ганусю і рыхтаваўся нешта сказаць. Некалькі разоў ён перадыхнуў глыбока. Сэрца яго білася часта.
- Ты ведаеш, Гануся, - пачаў шаптаць ён. - Я думаў, што ўжо мне суджана навекі так ляжаць, як я цяпер ляжу. Я нікому не перашкаджаю, і мне ніхто. Якраз паўгода таму назад я быў хворы і сядзеў, прыпёршыся да спін і бакоў маіх таварышаў. Бо нас было многа ў цесным бараку, і не было як легчы і выцягнуцца. А чатыры гады таму я быў хворы і ляжаў у чыстай пасцелі, і мая маці паіла мяне чаем, і я думаю, што гэта быў самы шчаслівы час майго жыцця. Я ўжо думаў, што навекі буду без роду і без радзімы, без волі і сваіх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць і вырвуць з душы. Мяне душыла безнадзейнасць. Я думаў: так і жыццё можа прайсці: разам з сонцам уставаць, каб рабіць цэлы дзень і не мець сваіх жаданняў і патрэб. А ўвечары легчы спаць, каб зранку зноў устаць на работу. І родных у мяне не будзе, і дзяцей у мяне не будзе, хіба можа ім трэба было б з маіх дзяцей зрабіць сабе слуг. Гануся, у маёй галаве нават склалася горкае ўяўленне. На адну хвіліну мне загадалі адагнуцца ад работы і сказалі: трэба, каб у цябе была дачка, такая, як ты: такога ж цёмнага воласу і з такім звонкім голасам. Мне загадалі мець дачку, бо ім трэба было мець з цёмнымі валасамі і звонкім голасам служанку таму іхняму маладому чалавеку, які павінен будзе вырасці ў мужчыну, пакуль мая дачка народзіцца і вырасце ў дзяўчыну. Мая дачка вырастае пры мне, і я яе змалку каля сябе прывучваю да цяжкай работы. Ідзе год за годам, і яна ўжо як механізм: устае з сонцам, каб дзень рабіць і каб вечарам кінуцца набрацца ў сне сіл да раніцы. Першымі сваімі маладымі гадамі я ведаў іншае жыццё, волю і радасць быць самім сабою. І я хаваю ад свае дачкі, што ёсць ці было калісьці іншае жыццё. Бо калі яна будзе ведаць гэта, то жыццё яе стане горкай атрутай, пякельнай пакутай. Калі яна паказвае мне ўдалечыню і кажа, што пад тымі далёкімі дрэвамі мусіць вельмі добра, што там многа прастору і сонца і што дарогі там ідуць у прывабную шырыню свету, я адгаворваю яе, малую, ад такіх думак. Я шкадую яе і кажу ей, што ўсё тое, што яна бачыць на свеце, - несапраўднае і фальшывае. Сапраўднае толькі ў тым механічным жыцці, у якім мы з ею. Наша казарма сапраўднасць, і трэба прывязацца да яе. А ўвесь свет, далей за казарму, - гэта міраж. Так я яе выхоўваю для жыцця. Бо калі яна будзе ведаць сапраўдны свет, то хіба не будзе яе жыццё ў казарме пакутай навекі? Я ж люблю яе. Яе ж вобраз стаіць перада мною і не дае мне спакою. І я хаваю ад яе тое, што люблю яе. Я стараюся сухасцю і механічнасцю вытруціць з яе душы прыродныя пачаткі замілавання і прывязанасці да блізкіх. Бо іх жа яна праз усё жыццё не будзе мець. Яе ж адарвуць ад мяне, як толькі яна ўзнімецца на ногі. Дык нашто ж ёй веданне таго, што не будзе ў абсягу яе існавання? Нашто ёй сумаваць аб тым, што ніколі не будзе даступна ёй? Пчала смокча кветку, дык адкуль жа яна будзе ведаць смак мяса? А каб у гэтым мудрым законе прыроды адбылося нейк раптам непаразуменне і пчала ўведала, што ўвесь свет месціцца не толькі ў кветцы. Што ён у незлічонасць разоў большы, але ж і недаступны ёй. Дык нашто ж ёй гэты лішні, пакутны сум? Дзе знайсці яму апраўданне? Жыццё маё стала пакутай яшчэ і ад гэтага ўяўлення майго. Гэта стала маім кашмарам. Я пакінуў спаць начамі і раніцамі, на ўсходзе сонца, мяне салдаты паднімалі ботамі ў грудзі. Вобраз дзяўчынкі не адыходзіў ад мяне. І я знайшоў апраўданне ўсяму вось якое: я аднойчы ўбачыў, што немец, які стаяў на варце на выхадзе з нашага лагера, як бы задумаўся. Ён стаяў вачыма ад мяне. І было цемнавата. Якое шчасце! - Аж скалынуўся я ўвесь. Такога выпадку доўга чакаць прыйдзецца. Я падышоў бліжэй да немца. Я азірнуўся. Шчасце! Нікога няма. Я хапіў яго за горла. І пасля доўгіх месяцаў смутку ўвесь свет напоўніўся маею радасцю, калі я адчуваў і бачыў, як немец канае, сціснуты за горла маімі рукамі. Я лёг і папоўз за агароджу. Праз кіламетраў два я ўстаў і пайшоў. Я хістаўся ў бакі ад слабасці, і ў вачах маіх зямля як бы падала ў бяздонне. Але я ішоў. Звечара было цямней, а надпоўнач стала зорнае неба і вісеў месяц, хоць неўзабаве ён знік. Млечны Шлях ішоў праз усё неба. Я глядзеў на зоры і ўзяў кірунак на ўсход. Бо лагер ваеннапалонных быў далёка на захадзе. І ў гэтыя гадзіны пачатку свае вялікай дарогі я ўсё бачыў перад сабою вобраз той дзяўчынкі. Я думаў, што яна павінна радзіцца ў мяне на свет, каб уведаць, што свет вялікі, вольны, шчаслівы, радасны, і ніякай казармы ў ім не будзе чалавеку, і што жыць на свеце - гэта значыцца, мець шчасце. І яшчэ дзеля чаго павінна нарадзіцца яна, гэта каб перадаць сваім ужо дзецям маю нянавісць да немцаў, тупой, ілжывай, бессардэчнай, бесчалавечнай нацыі, якая вечна прысвойвала сабе чужое і цяпер надумалася абвясціць сябе лепшай за ўвесь свет. Таўстаморды немец трымаў бы ў казарме маю дзяўчынку. А яна родзіцца на доўгі шчаслівы век. Я яе адчуваю. І мне здаецца, што гэта ты і ёсць, Гануся.
У палон я трапіў, калі немцы забралі былі Смаленск. Мяне завезлі далёка. Што ж! Гэта былі першыя месяцы вайны. Немцы лезлі наперад. Мы адступалі. Надзея пачала меркнуць. У лагеры мы чулі толькі тое, што ўжо няма нашай Радзімы. Я доўга ішоў на ўсход. І не ведаў нічога, што робіцца. Я туляўся глухімі закуткамі. Я абыходзіў гарады і мястэчкі. Усюды нямецкая варта вымагала дакумантаў. Але і з дакумантамі такіх, як я, гналі ў Германію. Нарэшце я ўвайшоў у мясцовасць, дзе толькі пажарышчы. Я ведаў, што недзе тут павінна быць Маскоўска-Варшаўская шаша. Яна прывяла б мяне пад Слуцак, у тым баку жыве мая маці. Я далёка зайшоў на ўсход стараною і цяпер па шашы крыху вярнуўся б. Я ўжо дайшоў да страты апошніх сіл. Іх я пачаў траціць яшчэ ў лагеры, дзе на мне вазілі ў бочцы ваду і я, упрэжаны ў аглоблі, з пякучым болем у плячах, думаў аб той дзяўчынцы, якая не павінна была б ведаць аб яснай шырыні свету. Мая нянавісць да фашыстаў роўная майму замілаванню да мае маці, якая недзе, можа, і жыве на Случчыне. Я ніколі не паміруся з тым, што можна забыцца і дараваць хаму, які прывалокся і наступіў ботам табе на горла. Немец і чалавек. Вось яны два, адзін аднаму напроці. Калі нам суджана пабіць немцаў і калі мы пашкадуем іх, збітых, і будзем гаварыць, што і яны людзі, то хто так можа гаварыць, калі я не дарую! Хіба можа яны ўсе, уся нацыя, так, як рабілі некалі вялікія злачынцы, каючыся, адзенуць на сябе адзежу з зрэбных мяхоў на цэлае стагоддзе і самі аддадуць усе сілы, каб узрасціць у шчасці тое пакаленне ў чалавецтве, якое ў сваім маленстве зазнала на сабе нямецкі бот. Тады хіба можа я згаджуся на тое, каб зноў назваць немца чалавекам.
Я аслабелы і галодны бадзяўся, пасля чатырох ці пяці месяцаў гэтага жудаснага вандравання і спаткаў вось яго (ён паказаў на печ, дзе самы старэйшы з усіх калываўся, звесіўшы ногі). Ён быў яшчэ горшы за мяне. Калі я яшчэ сяк-так ішоў, то ён, здаецца, падаў. Можа ён яшчэ і мог бы мацнейшы быць, але ж ведаў ён, што гіне, і гэта пабольшвала яго блізасць да гібелі. Я колькі бачыў чалавечай гібелі, то яшчэ гэтакага страшнага чалавечага вобраза не бачыў. Здаецца, на яго сагнутых плячах сядзела смерць і пагойдвалася ў тахту яго вялай хады. Я, калі ўбачыў яго, забыўся быў і на свае пакуты. Сэрца маё сціснулася ад жалю. Ён пачаў гаварыць, і я пачуў, што гэта немец. Я сціснуў зубы. Я ж нядаўна яшчэ выбраўся з аглабель! Страшная мара аб няшчаснай дзяўчынцы ўладала мной тады вельмі моцна. Душа мая гнала вон усялякае спачуванне. Гэта была новая мая пакута: бачыць чалавека перад пагібеллю і ў няшчасці і не мець сілы выйсці з чорствасці і халоднасці! Я ўзненавідзеў яго за тое, што ён прывалокся на маю родную зямлю, адабраў у мяне радасць, загнаў мяне ў аглоблі і не дазволіў мне быць і далей мяккім і добрым, літасцівым і лагодным перад чужой пакутай. Мы пачулі, як недзе непадалёку зарыкаў бык, і адчулі ў гэтым свой ратунак ад голаду. Гануся! Каб ты толькі ведала, да якога шчасця я дажыўся, калі ўбачыў газету. Да мяне вярнулася ўсё, што я страціў. Гэта ж зусім можа быць, што маці мая жыве і я яшчэ ўбачу там, на Случчыне, чатыры высозныя вязы цераз вуліцу ад нашага дома, насупроць вокан. Гэтыя чатыры дрэвы былі маім смуткам, калі я быў у тым маім вялікім няшчасці. Пад імі і цень у спёку лагаднейшы, і на іх лісце шуміць, як вечная музыка. Здаецца, ні на якім іншым дрэве на свеце не пахне так кара, як на іх. Упершыню гэты пах я пачуў так, што ён астаўся існаваць для мяне назаўсёды, гэта калі мне было год можа тры ці чатыры. Быў час пасля дажджу, і была восень. Ранняя восень. Бо ў мяне ў памяці два жоўтыя лісткі на адным дрэве, а ўсё каля іх зелена. Усё мокрае, і свеціць сонца. Сонца заходзіць. Захад як агнём гарыць, і маці мяне вядзе за руку пад тымі дрэвамі. Пад тымі ж дрэвамі насустрач ідзе чалавек. Хто гэта быў і які ён - не асталося ў памяці. «Пісьмо», - сказаў ён, паказваючы пісьмо.
- Ад яго? - з трывогай і надзеяй сказала маці. «Ён» - гэта быў мой бацька, і быў ён тады на вайне. Ад яго не было пісем ужо нешта з год. Гэта я пасля ўжо ўсе гэтыя дакладнасці ўведаў.
- Не ад яго, а пра яго, - сказаў чалавек.
Гэты момант астаўся ў маёй памяці навек. Маці збялела як палатно. «Забіты?» - прыглушаным голасам запытала яна. Чалавек кіўнуў галавой і сказаў: «Памёр у шпіталі». «Сірата мая малая навек», - скалынулася маці і ўзяла мяне на рукі. Вялікая трывога напоўніла ўсю маю істоту. Гэта было дзіцячае адчуванне вялікага гора. І адно, што напаўняла сабою ўвесь свет, - гэта пах мокрай кары на тых дрэвах пасля дажджу. З таго часу на ўсё жыццё пах мокрай кары так жа важан мне, як і ўсход сонца, як і лета пасля вясны, і вясна пасля зімы.
Тады праходзілі першыя месяцы пасля канца вайны з палякамі, а бацька мой яшчэ ўміраў у шпіталі. Тымі гадамі канчалася і маладосць мае маці. Калі не з таго часу, то з пазнейшых год, але я памятаю запозненыя водблескі маладосці свае маці. Яна была заўсёды жвавая і задумёная. Мне заўсёды здавалася, што яна спяшае скончыць нейкую справу, а як кончыць гэтую, дык спяшае пачаць новую. Яна часта гаварыла мне, што мой бацька быў вельмі здаровы, дужы і здольны чалавек і вельмі любіў музыку. У яго былі светлыя вусы і густыя валасы. Але сам я не памятаю яго. Прайшлі месяцы, і пайшлі год за годам. Маці мая станавілася павальнейшая і скупейшая на слова. Яна ўвайшла ў вялікі клопат. Гэта быў час такі, што ўсе абнаўлялі сваё жыццё. Калі я цяпер успамінаю той час, то мне думаецца, што тады ў поўнай меры спраўдзіліся словы вялікай песні. Тады хто быў нічым, той станавіўся ўсім. Кожны прыбіты жыццём і абязвечаны чалавек паднімаў галаву і глядзеў далёка наперад. Пачаў ён дбаць не толькі аб адным дні, а аб усёй сваёй шырокай будучыні. Людзі будаваліся і бралі зямлю; зменшыліся клопаты аб хлебе і вопратцы, і дбайнасць пайшла аб вялікім спосабе на ўсё жыццё дзецям і ўнукам на будучыню. У такі час я вырас. Маці плакала, што бацька не дажыў да той пары. Вялікі клопат быў яе такі, што яна, адзінокая, не хацела астацца ад усіх. Яна задумала будаваць дом на месцы нашай старой хаты, і стала натурай упартая і энергічная. Лесу тады было колькі хочаш, і пляц тады льга было ўзяць які і дзе хочаш, але яна прагла таго, каб дом стаяў на тым самым месцы, дзе і хата. Справа была такая, што мой бацька быў у яе ў прымах, а ў той хаце яна і радзілася, і вырасла. Да таго месца яна была прывязана душой змалку дзён. «Я хачу, - сказала яна раз мне, - каб з вокан нашага дома відны былі гэтыя шэсць вязаў, каб цень ад іх падала на наш дом, калі заходзіць сонца, і каб з вокан свайго дома мы з табой бачылі, як яны азалочаны сонцам зранку». Гануся, каб ты толькі ведала, як я адразу зразумеў сваю маці. У той дзень надвечар пайшоў дождж, і я цэлы вечар прастаяў пад вязамі: пах мокрай кары, здаецца, выварочваў маю душу. Я рабіўся падросткам і пачаў хадзіць ужо ў заработкі. Маці ўсё была ў клопаце. Яна ночай не спала. Грошай напазычалася. Працавала з цямна да цямна, і на сваім, і на чужым. Блізка ўжо стаяла маё юнацтва. Дом быў накрыты і з вокнамі і дзвярыма, але без падлогі, і многа чаго яшчэ ў ім не хапала. Скончыў дом я, калі быў ужо на парозе свайго першага юнацтва. З гэтай прычыны і вучыцца я крыху запазніўся. Раней я вучыўся ў педагагічным тэхнікуме і ўжо быў год настаўнікам. Тады я і давёў да дасканаласці свой дом. Дом той малы, у ім усяго пяць вокан. Але ў ім частачка мае душы. Бывала, калі я прыязджаў улетку туды, то кожны раз, на заходзе сонца, сумысля глядзеў, як цень ад вязаў кладзецца на дом. Я стараўся на кожным усходзе сонца глянуць, як шэсць вязаў стаяць, як у золаце. У спёку і суш я сумаваў, што не чую паху мокрай кары. Я панасаджваў там многа дрэў. Дарогу я абсадзіў таполямі кіламетраў на чатыры. Я тлумачыў дзецям, што кожны чалавек трэба каб пасадзіў на сваім вяку хоць адно дрэва і паставіў калі не дом, дык хоць хату. Гэта ўсё перажыве яго і астанецца людзям. Калі-небудзь прыйдзе час, што чалавека такога не будзе па ўсім свеце, які не меў бы дзе прыхіліць галаву. Так мы павінны дбаць аб усім свеце. Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, які толькі хоць дзе на зямлі радзіўся на свет. І чорнае пракляцце таму, хто паліць і разбурае! На другі дзень, як толькі пачалася вайна і я адыходзіў у армію, я пакінуў у тым родным доме сваю маці. Яна пастарэла, але яна жвавая і любіць быць вясёлай. Я, здаецца, яшчэ чую пах яе мілых рук, валасоў і цеплыню яе твару, калі яна цалавала мяне на развітанне. Апошні раз я азірнуўся на дом і ўбачыў дах і дрэвы. Усё зелянелася і купчасцілася. І ўсяго было многа: і дрэў, і неба, і зямлі, і прасторы. Я пакідаў родны дом і думаў, што немцы рвуцца сюды па нашай зямлі. Быццам бы хто мне наступіў ботам на горла. Калі вы мне паказалі на стол тады перад вечарам, я ўвераваў, што зноў убачу свой дом і шчаслівы лёс дасць мне яшчэ застаць там сваю маці. Чамусьці я цвёрда спадзяюся на гэта. Яна пажылая, але яшчэ не старая. А старасць яе я ўшаную. Гэта ж яна пачала ставіць той дом!.. Гануся, я табе спаць не даю.
Ён змоўк і перавёў вочы з Ганусі кудысьці ў прастору. Ноч маўчала. Гэта не была споведзь у хвіліны пошукаў ратунку. Гэта было выяўленне пералому ў яго псіхіцы. Бесперапынная прыгнечанасць душы скалынулася і паплыла на спад. Надзея прынесла веру, а вера - радасць і ўздым. Настала маўчанне. Ганусін бацька нейк раптам апынуўся каля студэнта і сеў блізка пры ім. Той, што рабіў труну, таксама падышоў і сеў поблізу. Самы старэйшы так угнуўся наперад, што здавалася, ён зараз грымнецца вобземлю. Можа ён і сапраўды быў вельмі слабы. Але ён слухаў вельмі ўважліва. Распухлы твар яго быў нерухомы, і вочы прыжмураны. Абвязаны па галаве, ён прытуліўся левым вухам да сцяны і, здавалася, баяўся адарвацца ад яе. Таўсматы ляжаў і час ад часу пакашліваў. Яго пачынаў апаноўваць кашаль. Галава яго, пакладзеная на кулак, відна была з-за коміна. Можа ён слухаў, а можа і драмаў. Той жа, у летнім пінжаку, як злез быў з печы на пачатку студэнтавага расказа, так і праседзеў на зямлі, прытуліўшыся плячыма да печы. Час ад часу ён выціраў рукавом лоб. Ён пацеў. І зусім нейк яшчэ больш абвяў. І гэты або слухаў, або так увайшоў у сябе, што можа і не чуў нічога. Студэнт, гаворачы, паглядаў на іх на ўсіх, але без якой бы там ні было асцярогі і боязні. Яны ж разам клалі таго быка і разам злеглі хворыя! Прытым жа ён уведаў, што жыве Бацькаўшчына! Ён дома, ён на сваёй зямлі! Ён нікога не баіцца! Няхай яго баяцца каму трэба! Ёсць дзеля чаго яму быць у прыўзнятым настроі. Ганусін бацька нагнуўся над ім. Твар яго быццам палаў. Нейкі рух быў у душы гэтага чалавека. Ён пачаў шаптаць яму:
- Ты не гавары так многа. Я хачу, каб ты праспаў ноч. Сон найлепшае табе будзе лякарства.
Зноў студэнт ажывіўся. Штосьці вялікае і слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, які так адразу разгадаў яго і раскрыў перад ім яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехі і сяброўскае слова, тады калі і сам ён быў у нейкім маўклівым утрапенні. Нейкія страшныя надзеі ўсклалі на яго плечы вялікі цяжар і пячаць задумы пакінулі на твары. Студэнт яснымі вачыма глядзеў на яго. І ў гэты момант з шчырай душой ён сказаў, горача і заўзята:
- Я завуся Ўладзімір Ярмаліцкі. А маці мая завецца Галена Ярмаліцкая.
Так ён выказаў частачку таго вялікага і добрага пачуцця, што было ў яго да гэтага чалавека. Цяглося маўчанне. Самы старэйшы ўсё сядзеў на печы, прыткнуўшыся вухам да сцяны, і не зводзіў вачэй з Ганусі. Часамі твар яго на колькі момантаў ажыўляўся, вочы загараліся і галава ўскідалася ўгару. А пасля зноў настрой ападаў, галава спускалася і ўвесь ён як бы паглыбляўся ў нейкае бяздум'е. Відаць, што нейкі страшны рух адбываўся ў душы гэтага чалавека. Але яго не заўважалі. Увага ўсіх, так як і яго самога, кіравалася на Ганусю. Усе на яе глядзелі ўважліва, як бы гэта яна нейкім чынам зачапіла боль ці радасць у душы кожнага з гэтых людзей. І таўсматы прыглядаўся на яе, і той, што рабіў труну. Студэнт глядзеў на яе з бурным захапленнем, а бацька са смуткам. Толькі той, што ў лёгкім пінжаку, глядзеў сабе ў калені і перажываў штосьці маўклівае, як бы сваё прыгнечанне. Аднак жа, чым далей, тым болей, губы яго пачыналі перасмыквацца, і безуважнасць яго зменшылася. І ў яго душа пачынала кіпець. Можа ён памацнеў, выграўся і адлежаўся. Можа выбілася наверх прасвятленне думкі, і пачуццё рвалася ў буру. Колькі разоў ён глянуў на Ганусю, але цяжка было заўважыць, што ляжала тады на яго твары. Бадай-што найбольш было змрочнага нездаволення і можа злобнасці. Таўсматы ж час ад часу абводзіў вачыма ўсіх і кожнага добра разглядаў. Ён як бы баяўся кожнага або верыў толькі ў злыя пачаткі яго. Гануся можа нават і зусім не заўважала, што многія з іх усіх глядзяць пільна на яе і, напэўна, штосьці ў душы сваёй да яе маюць. Яна сядзела сабе ціха, увайшоўшы сама ў сябе. Так як і бацька яе, яна была нечым уражана. Гэта льга было заўважыць па ёй і раней. Цяпер жа рысы гэтага востра павыразнелі. Трэба думаць, што студэнтава гаворка ўжо новымі гранямі дайшла да ўражлівасці яе душы. Той жа, што рабіў труну, так як і Ганусін бацька, выбраў за пункт свае вялікай увагі студэнта. Толькі Ганусін бацька ціха перажываў штосьці і быў у задуме. Гэты ж, здавалася, даходзіў да нейкіх новых бурных думак. Ён глядзеў на студэнта і раптам адводзіў вочы ўбок, і зноў кіраваўся позіркам да маладога чалавека. Пэўна тое, што і ён прагнуў штосьці сваё расказаць студэнту. І было падобна, што ён такі зараз і пачне гаварыць, бурна і заўзята.
- Хто вы такія тут у гэтай адзінокай хаце? - сказаў пошапкам студэнт, узнімаючы галаву бліжэй да Ганусінага бацькі.
- І мяне вярнула да надзеі і радасці тая газета, - адказаў ён. - І я душой узвысіўся над тым ботам, які так моцна стаіць жалезным абцасам у мяне на горле. У той час, калі ты быў у сваім цяжкім падарожжы, я хаваў сваіх нябожчыкаў. Я быў, так як і цяпер, таксама ў сумным падарожжы. Разам з сваей Ганусяй я іду ў наш заўтрашні дзень. Я апошнія свае сілы аддаю на тое, каб давесці сваю Ганусю да той вялікай мэты, якая і ёсць наш заўтрашні дзень. Як магу, я пільную яе душу, каб яна не абязвечылася і захавалася такая, якая і была змалку. Я сам і Гануся з Менска. Я навуковы работнік Беларускай акадэміі навук. Завуся я Мікалай Сямага. А маладосць мае маці скончылася яшчэ на пачатку імперыялістычнай вайны, а мусіць і раней. Мне тады было шаснаццаць ці семнаццаць год. І радзіўся я ў гэтай самай хаце.
Ён шаптаў паволі і ціха, слова за словам. Гэта было апавяданне чалавека, які хацеў бы ператварыць сваё апавяданне ў споведзь перад кім шчырым, магутным, вялікім і разумным. І ў гэтага ў сэрцы вялікае месца займала маці. Вельмі можа быць, што сталасць год і вялікая скруха павярнулі на момант яго душу позіркам у юнацтва і маленства, і там паўстаў яе вобраз, яго радасць і яго смутак. Маладосць яе скончылася перад той яшчэ вайной. Юнацтва яе прыпала на часы перад першай рэвалюцыяй. Яна была родам з мястэчка Смальян, дачка беззямельнага рамесніка. Тым часам беззямельны шукальнік спосабу жыць, нейкі Кастусь Сямага з мястэчка Абчугі, цяслярыў месяцаў са два ў Смальянах - нехта з смальянскіх балаголаў ставіў сабе хату. На трэцім месяцы свайго цяслярства ў Смальянах Кастусь Сямага ўзяў замуж вясёлую смальянку, дачку беззямельнага рамесніка. На другім жа месяцы пасля вяселля ён з маладой жонкай падаўся ў свет: маладажонская ўцеха ўцехаю, а клопат аб блізкай будучыні - таксама меў тут месца. Гэтая маладая пара занадта ўжо сталым парадкам, і адразу, задумалася аб тым, што пойдуць дзеці і як жа будзе ім жыць тады? Адзін год Кастусь Сямага быў лесніком недзе каля Талачына. На другі год ён астаўся за панскага парабка недзе каля Дуброўны, і нешта там не ўбыў доўга і адразу апынуўся каля Крычава. Здарылася так, што ў адным вялікім сяле, зусім ужо не блізка ад Крычава, але недзе ў тым баку, памёр сярэдняй заможнасці чалавек і пакінуў гараваць на гэтым свеце жонку з дачкою. Зямля была, і хата была, але што ж! Бабскія і сірочыя рукі! Дачка была яшчэ недарослая. Хата тая стаяла акрай сяла і на адлегласці ад яго. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабіць ёй зямлю і весці гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавіну ўраджаю і зойме кут у хаце. Такім парадкам ён стаў і палавічнікам, і кутнікам. Гэта і была тая самая хата, у якой цяпер і сабраліся ўсе гэтыя людзі, хворыя, аслабелыя, уражаныя бядою і пошукамі, можа нават не так радасці, як ратунку. Каля гэтай хаты быў вельмі блізка малады лес, без падлеска. А стары і вялікі лес быў далей, але таксама блізка. Акрай маладога лесу і з'явілася цяпер магіла маладой нябожчыцы. Вось як усё адбывалася і дайшло да гэтых цяжкіх дзён. Кастусь Сямага год дзесяць быў палавічнікам у тае ўдавы. А тады ўдава памерла, а дачка вырасла і пайшла замуж у тым жа сяле. Палавічніка ўжо не трэба было. Малады яе муж сам узяўся за зямлю. Але хата магла б запуставаць. Кастусь Сямага і адкупіў хату ў маладой кабеціны, былой свае гаспадыні. Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, і так выплата расцягнулася на многа год. Ён зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Яшчэ на першым годзе яго жыцця тут радзіўся ў яго сын Мікалай, а праз два гады дачка Вера. Больш дзяцей не было. Можа гэта і стала прычынай таго, што ён свайго Мікалая, адзінага сына, аніяк не прыціскаў да работы, а стараўся даць яму асвету. На другім годзе імперыялістычнай вайны ён павёз сына ў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю, але нешта там не ўдалося яму астацца вучыцца. У тыя ж самыя дні ён апытаў і выслухаў, што за Менскам у Нясвіжы ёсць настаўніцкая семінарыя. Адразу ж ён і паехаў туды з сынам. У Менску яны перабраліся з аднаго вакзала на другі і выехалі далей на захад. З мяшкамі за плячыма, яны ішлі пехатой трыцаццаць вёрст ад станцыі Гарадзеі да Нясвіжа, і праз колькі дзён Кастусь Сямага ўзрадаваўся душой: сын яго Мікалай астаўся вучыцца. З таго часу і на доўгія годы Мікалая Сямагу агарнула думка, што ён праз усё жыццё будзе настаўнікам і дзе-небудзь у глухім месцы, каб не адрывацца ад прыроды. Гэта выпрацоўвалася натура простая і непасрэдная. Праз год памёр яго бацька, а яшчэ праз год адбылася Вялікая рэвалюцыя. У васемнаццатым годзе ў Нясвіжскай семінарыі склаўся «Гурток патрыётаў беларускай культуры», старшынёй якога быў семінарыст... з Мікалаеўшчыны. Мікалай Сямага паехаў у тым годзе на лета дадому пераконаным у тым, што «годзе ў полі, ў лясах ты, старонка мая, сіратой начавала забытаю». Ён год не быў дома і знайшоў там вялікія змены. Вера! Як яна вырасла! А маці вельмі пастарэла. За тое лета ён душой зблізіўся з Верай і заўважыў на матчыным твары пячаць нейкага натхнёнага ўздыму. Бывала, сонца яшчэ толькі ўзыдзе, а яна ўжо ідзе з сярпом або з граблямі роснай сцежкай і як бы штосьці гаворыць сама сабе.
- Аб чым ты думаеш? - запытаў ён раз яе.
- Я думаю - які лёс будзе ў жыцці табе і Веры, - адказала яна, і ён уведаў праз гэтыя яе словы сілу матчынай душы і вялікасць яе сэрца. Зіму польскай акупацыі дзевятнаццатага года ён пражыў дома. Той год Нясвіжская семінарыя была закрыта акупацыйнаю ўладаю за тое, што семінарысты памагалі гарадскому рэўкому і гарнізону ранняй вясной васемнаццатага года задушыць шляхечае паўстанне ў Нясвіжы.
Тую зіму Мікалай Сямага наглядаў са смуткам у душы, як маці асунулася постаццю сваей. Вясёласць яе і рухавасць зніклі, і валасы сталі зусім сівыя. У жнівені дваццатага года ён паехаў у Нясвіж канчаць семінарыю. Сэрца яго было на ўздыме: хутка здзейсніцца яго мара: праз год ён будзе паўнапраўны настаўнік. У тую ж восень яго думкі заняла новая асоба, і раней яму вядомая. Яна была несвіжанка з Новага Места, Надзея Богуш. Абое яны былі яшчэ занадта маладыя, каб як мае быць разабрацца - ці гэта прыйшло іхняе шчасце ці няшчасце. Ён хадзіў сам не свой. І абое яны як ап'янелі адно ад другога. Да таго ж, узвышанасць думак у аднаго аб другім. Гэта былі месяцы вялікай іх радасці, якая бывае раз на жыцці, і знявага да яе роўна калецтву навек, бо маладосць жа больш не вернецца. І гэтую вялікую радасць іх маладосці нечакана задушыла вялікае няшчасце, якому не было ніякай меры. Адразу, як громам, яно зламала іх жыццё. І не толькі іх. Але пра што іншае ў гэтай хроніцы няма гаворкі. Ужо яны як мае быць абмеркавалі, дзе і як яны пачнуць сваё новае і сталае жыццё. А тым часам прайшла навіна, што за трынаццаць кіламетраў ад Нясвіжа на ўсход прайшла дзяржаўная граніца. Душачыся смуткам аб няскончанай навуцы, ён сабраўся ў дарогу з чужой дзяржавы і роднай зямлі. Што ж да яе, то яна ўгаварыла і ўпрасіла яго згадзіцца на тое, што яна зусім на кароткі час астанецца яшчэ ў бацькоў і можа праз месяц які рушыць у дарогу. Калі льга будзе, то ён сам явіцца па яе, а калі не можна будзе гэтага, то яна глухім месцам пяройдзе тую граніцу, дзе-небудзь каля Лазавіч, ці Кудзінавіч, або Раткаўскім лесам абыдзе Кукавіцкую карчму і праз Вялікую Раёўку на Цімкавічы і прыедзе да яго маці, дзе ён будзе чакаць яе. Так яна, з просьбай у вачах, тлумачыла яму, прыціснуўшы яго руку да свае галавы. Хіба так не можа быць? Хіба праз месяц які так павялічыцца строгасць на свежай граніцы? І хіба праз месяц вялікія змены адбудуцца ў двух дзяржавах, што нельга будзе ўсё так зрабіць? Ён скалынуўся ад прыкрасці і жаху і астаўся пры ёй. Гэта быў месяц яго смутку і яе слёз. Яна не магла адразу пакінуць Нясвіж: ужо чацвёрты месяц бацька яе, стары Богуш, ляжаў вельмі хворы, і яна бачыла, што ён дажывае апошні свой час. Дзень пры дні яна праседжвала каля яго, і вялікая ёй была ўцеха, што ён, Мікалай Сямага, не пакінуў яе на гэты месяц. Але за гэтым месяцам пачаўся другі, і так прайшла зіма. Яны пахавалі старога Богуша на другі дзень Вялікадня дваццатага года. Праз тыдзень яна адзела на сябе ўсе свае лепшыя сукенкі, і абое яны, выбраўшы цёмную ноч, выйшлі з Нясвіжа, абышлі стараной Качановічы і скрозь цаліной дабрылі да Габруноў, дзе іх і запыніў вусаты паліцыянт. Ледзьве яны ад яго адпрасіліся і адмаліліся. Чацвёра сутак яны былі на нагах: на дваццаці кіламетрах яны спрабавалі то там, то там перайсці граніцу, і ў адным месцы пагранічныя паліцыянты пачалі па іх страляць. Яны вярнуліся ў Нясвіж, і прыкрасць стала іхняй звыклай штодзённасцю. Ён не захацеў прымаць чужога падданства і жыў у вечнай трывозе. На пачатку чацвёртага года свайго марнавання ён надумаўся ўзяцца за дзейнасць. Ён прадаў што-нішто з маёмасці і ўтрактаваў грашыма дактароў, і яны пасведчылі, што датуль ён не ўзяў падданства з прычыны цяжкай хваробы. Утрактаваўшы яшчэ і паліцыю, ён дастаў-такі ненавіднае яму падданства і адчыніў у сябе пачатковую школку, дзе вучыў дзяцей простых людзей з нясвіжскага Новага Места на беларускай мове. З гэтай мовы і пачаліся неўзабаве яго далейшыя пакуты. Уночы па яго прыйшлі. Пакуль стукалі ў дзверы, ён паспеў яшчэ пацалаваць цяжарную Надзею і знікнуць праз кухню. Яна дала падпіску, што не ведае, дзе ён, і асталася адна. Ён туляўся і хаваўся ўсюды, дзе толькі мог. Праз паўгода яму ўдалося ціхом прыйсці дадому і дабыць у ім да часу, калі Надзея нарадзіла блізнят, дзвюх дачок, імёны якім ён сам выбраў: Гануся і Марына. Ён іх гадаваў да двухгодняга іх узросту, а тады ўжо не вытрымаў. Ён як быццам бы стаў забаронены чалавек: ніякай работы нідзе, і ніякага занятку. І яшчэ паліцэйскі нагляд. Сціснуўшы зубы, ён раз пачаў тлумачыць сваёй Надзеі, што пачынае гінуць душой. Яна кіўнула яму галавой і сказала, што выгадуе дзяцей. А як яна іх выгадуе - сама не ведала. З настроем як пад зямлёй, ён пакінуў Нясвіж уночы і больш за тыдзень туляўся ў прыгранічным лесе. Яму пашанцавала: рукамі ён задушыў таго, хто нарыхтаваўся страляць у яго, калі ён не паслухаў яго крыку падняць рукі ўгару і ісці за ім, і пайшоў на ўсход, цяпер ужо рукі трымаючы паднятымі. З таго часу яго смутак аб дзецях увайшоў у новую квадру. Ён явіўся дадому, у гэтую самую хату, у якой цяпер сядзеў пры маладым чалавеку Ўладзімеру Ярмаліцкім, гісторыю якога ён толькі што пачуў. Тут ён застаў незнаёмага яму чалавека. У высокіх паляўніцкіх ботах, у кароткай вопратцы з гаспадарскага рудога сукна, ён сядзеў на лаве і напаўняў хату дымам з папярос, якія даставаў проста з кішэні. Пачуўшы, хто парушыў яго спакой на лаве, ён шпарка ўстаў, пацалаваўся з Мікалаем Сямагам і горача сказаў:
- Я муж вашай Веры. Я ведаў ад Веры, што вы ёсць на свеце. Я сяджу і думаю, што рабіць з гэтаю хатаю. Бо, бачыце, сам я з Верай жыву далёка, пад Менскам, ля Асіпавіч. А хата пустуе. У мяне там дом новы. А тут такое глухое месца, што нікому гэтае хаты ні выпусціш, ні прадасі. А тым часам Вера бядуе па гэтай хаце. Дзеля Веры я час ад часу прыязджаю сюды глядзець гэтай хаты, ці не гніе яна і ці не сарваў хто замка з дзвярэй. Але і то сказаць, хто паквапіць сюды лезці ў пустую хату. Апроч гэтай лавы, тут нічога і няма. Вера плача і кажа:
- Гэтая хата для мяне, як царква таму, хто Богу моліцца. Мы там, кажа, з нашым Мікалаем (гэта з вамі) радзіліся, там бацька і маці памерлі...
- Маці памерла?! - выгукнуў Мікалай Сямага.
- Ужо другі год пайшоў, як памерла.
Ён пераначаваў з шваграм у хаце, а назаўтра ўдвух выехалі пад Менск. Колькі часу ён жыў у Веры, а пасля стаў вучыцца ў Менскім універсітэце. Пасля ён праходзіў аспірантуру, і адзіным апірышчам яго душы была Вера. Яна плакала аб Ганусі і Марыне і аб невядомай ёй Надзеі Богуш - што яны так далёка і голасу іх ён не пачуе. Ён ужо чытаў лекцыі ў інстытутах, як новыя прыступы смутку аб дзецях пачалі мучыць яго. Безнадзейнасць апанавала яго. Страшная здогадка, што яны страчаны для яго навек, заўладала ім. Ён пачаў слаць у Нясвіж пісьмы. І так на многа год. Божа літасцівы! Што гэта такое здарылася! Мусіць жа, хоць адно пісьмо дайшло туды! Бо адтуль пісьмо! Ад Надзеі. І ад іх, ад Ганусі і Марыны. Яны ўжо сталі такія, што напісалі пад пісьмом свае імёны. Ён убачыў іх польскія подпісы. Жах агарнуў яго. Прышэлец на родную зямлю, чужынец, вырывае іх душу і на яе месца пакінуць хоча сваю, ім чужую! Гэта было яму, як злая атрута. Ён пачаў кідацца і шукаць спосабу, каб што парадзіць. Ён ехаў у навуковую камандзіроўку за граніцу. На станцыі Гарадзея, у страшным бяздум'і, ён пачаў спускацца з вагона на перон. А як жа! Ён выйдзе на Нясвіжскую дарогу і дабрыдзе да іх. Ён убачыць іх, хоць на момант. Вельмі далікатна жандар папрасіў яго падняцца назад у вагон. Ён падпёр твар рукамі, і скруха здушыла яго. Пасля гэтага было ад іх яшчэ адно пісьмо. Надзея пісала, што дастала службу ў маёнтку. Яна парабчанка і мае нейкі хлеб. Ён пачаў змагацца сам з сабою. Ён стараўся прыглушыць у сабе памяць аб іх. Як тупое ўспамінанне далёкіх сноў, вобраз Надзеі ўставаў перад ім і мучыў яго. Ён гнаў ад сябе гэты вобраз, як прыгавораны да смяртэльнай пакуты вясёлы жыццялюбец гоніць думку аб нябыцці. Так прайшла яго маладосць, і так плыла яго сталасць. Увосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года ён дапаў да старога Багушэўскага дома на Новым Месце ў Нясвіжы. Яму здавалася, што сэрца разарве яму грудзі, калі ён увайшоў у знаёмыя яму прасторныя сенцы. Як жывыя сведкі аб змарнованых дваццаці гадах жыцця стаялі перад ім Ганна і Марына. Яму трэба было перарадзіць душу, каб прывыкнуць да страшнай думкі, што ў маленстве сваім яны абедзьве для яго страчаны. Маленства іх адышло ў вечнасць. Перад ім стаялі яны, так падобныя адна на адну, і ў іх былі ўжо тыя рысы, што астануцца навек і не адыдуць на пераломы веку ў блізкае ўжо юнацтва. Ён доўга ў Нясвіжы не быў. Разам з Надзеяй і імі дзвюма ён адразу выехаў у Менск. Ён і Надзея ашуквалі самі сябе, стараючыся думаць, што нічога страшнага не адбылося і што да іх вярнулася шчасце, якога яны праглі гэтулькі год! Але была бязлітасная праўда: у іх ужо не было іх юнацтва. У кожнага з іх яно прайшло ў сумнай адзіноце.
Ён зноў і далей аддаўся сваёй працы. У красавіку сорак першага года ён перадаў ураду рэспублікі свой план пабудовы ў кожным раёне заводаў мясцовай прамысловасці. Гэта быў вынік яго трохгадовага доследу прыродных багаццяў кожнага раёна. Дваццаць чацвёртага чэрвеня таго ж года, пад канец другой гадзіны пасля паўдня, ён з Надзеяй і дзецьмі ўвайшоў у сваю кватэру на трэцім паверсе. Яны пераадзеліся, каб быць гатовымі выбрацца ў дарогу, калі настане рашучы момант. Да гэтага моманту ўжо адбыліся першыя, не менш жудасныя, як і апошнія, нямецкія налёты на Менск. Ужо яны выйшлі з кватэры на ўсходы. Толькі Марына асталася яшчэ ў кватэры. Яна пытала адтуль, ці замыкаць кватэру, ці ўжо так яе пакідаць. Праз колькі секунд пасля яе слоў увесь дом страсянуўся. Бомба прабіла ўсе паверхі яго і разарвалася пры яго падмуроўцы. Ён і Гануся стаялі яшчэ бліжэй да дзвярэй свае кватэры, і гэта выратавала іх. У самой кватэры момантнай хваляй збіла Марыну з ног. Яна ўпала, нічога не бачачы і мала што чуючы. Яна маўчала лежачы. Гануся з бацькам стаялі ў такім месцы на ўсходах, дзе нішто не кранулася. Дзе была ніжэйшая пляцоўка гэтых усходаў, рушылася сцяна. Яна рассыпалася на цэглы і кавалкі вапны і пацягла за сабою Надзею. Надзея ўпала на двор і апынулася пад сподам рассыпанай сцяны. Ён знайшоў Марыну і падняў яе. На двары таго дома расла старая ігруша. Ён пасадзіў Марыну пад тым дрэвам і кінуўся адразу ратаваць Надзею. Разам з Ганнай яны пачалі раскідаць цэглу. Набеглі людзі і разабралі цэглу так, што пачулі Надзеін голас. Яна стагнала і клікала яго. Ужо відно стала яе адзенне. Ужо ён спусціў у гэты каменны цяжар руку і дакрануўся да яе. Ён чуў яе голас з гэтай каменнай магілы. Ён прыпаў тварам да вузкага правалу паміж цэгламі, каб сказаць ёй слова. І ў гэты момант усё ўздрыганулася, і чорны дым з рухавым агнём напоўніў сабою свет. Звыш сотні немцаў зноў ляцела над Менскам. Ён усхапіўся і ўбачыў, што над яго галавой калываецца чатырохпавярховая сцяна: суседні дом раскалоўся, гарыць і рушыцца. Ён убачыў, што Гануся бяжыць да Марыны, і яго дзівіла, што Марына сядзіць нерухома на тым жа месцы, нейк дзіўна прыўзняўшы ўгару твар. Яго выратавала тое, што ён у гэты момант пабег да Марыны. Расколаны і ахоплены агнём дом упаў і пахаваў пад сабою Надзеіну магілу. Цяпер Надзеіна магіла стала аграмаднай. Яна ўся палала агнём. І ўсюды ўсё гарэла. Ён абняў рукой Марыну і павёў яе з вогненнага мора.
- Гэта пажар? - сказала Марына.
- А хіба ж ты не бачыш? - адказаў ён.
- Не, не бачу, - сказала яна, і ён акамянеў ад жаху: толькі цяпер ён дайшоў да свядомасці таго, што Марына стала сляпая. Сам з настроем як у магіле ён азірнуўся туды, дзе ў каменнай магіле гарэла яго Надзея. Здаецца, агонь пачынаў абнімаць увесь горад. Надзеіна магіла была высокім слупам агню і дыму. Надзея тлела ў агні, скованая каменнем, не могучы паварушыцца, каб хоць адвярнуць твар ад пякельнай пакуты. Прыціснуўшы да сябе Марыну, бадай-што несучы яе, ён выйшаў на вуліцу і да самай ночы пільнаваў вогненную Надзеіну магілу. «Божа, - шапталі яго губы, - няхай бы ты быў і існаваў і зрабіў бы так, каб яна пад агнём даўно ўжо была нежывая». Сам быццам напоўнены агнём, ён вывеў Марыну на Чэрвеньскі гасцінец. І толькі тады заўважыў, што Гануся ідзе поплеч яго. Усю ноч неба над імі было вогненнае. Менск не патух і да дня. Менскі пажар толькі зблекнуў пад сонцам. Многа дзён яны ўсё ішлі і ішлі. Гэта было шчасце, што Марына магла трымацца на нагах. Патаемныя яго імкненні вялі яго ў родны дом, дзе ён радзіўся і вырас. Дзён праз два хады ён пачаў многа гаварыць з імі абедзвюма. Гэта была прага разважыць сваю скруху і не паддацца гібелі. На трэцюю ноч яны яшчэ бачылі водсветы менскага пажару. Пад сярэдзіну другой палавіны ліпеня яны дабрылі да таго прывабнага месца, якое завецца «родны дом». Замок вісеў на дзвярах. Значыцца, Вера тут не была. Усе ўтраіх яны ледзьве трымаліся на нагах. Ён адарваў замок з прабоем. І ўжо назаўтра яму стала ясна, што тут падарожжа яго не канчаецца. Стала вядома, што па шашы гэтую мясцовасць ужо мінулі нямецкія танкі. Але Марына ўжо больш не магла ісці. Яна ўжо нават устаць не магла. У сенцах быў тапчан, і на ім зрабілі Марыне пасцель. Яна паглыбілася ў маўчанне, а Гануся з бацькам рыхтавалі на зіму яду з чужых, пакіненых людзьмі агародаў. Праз колькі дзён прайшлі тут нямецкія часці і забралі ўсё ў людзей. Вяскоўцы спрабавалі не даваць немцам свайго дабра. Немцы з двух канцоў запалілі сяло, і такім парадкам гэтая хата асталася адна поблізу вялікага пажарышча. Людзі разбрыліся. Мікалай жа Сямага астаўся чакаць свайго прасвятлення. Марына ляжала слабая восень і зіму, а да вясны пачала хадзіць па двары, і ў яе вачах пачалі вырысоўвацца абрысы таго, што было перад ею. Яна пачынала бачыць. Хоць гэта было далёка ад таго, каб бачыць свет, але надзея ўзрадавала іх усіх. Вясна дае чалавеку сілы. Можа за лета Марына так стане на ногі, што льга будзе рушыць далей куды ў дарогу. Гэтае чаканне трымалася на надзеі. Было падобна, што Марына зусім робіцца здаровая. Скора ўжо! Скора ў тую дарогу! Другая восень прынесла Марыне новыя сілы, а Мікалаю Сямагу новыя надзеі. І зрок яе палепшыўся. Зіма, вясна, лета і новая восень. У пачатку гэтай восені тут з'явіўся новы чалавек, у нейкай старадаўняй сялянскай адзежы. Ён быў яшчэ малады, і доўга яны гаварылі з Сямагам, пакуль не ўбачылі, што ім няма чаго таіцца адзін аднаго, а хіба адно трэба абняцца і пацалавацца. Незнаёмы сказаў:
- Я чэх Эдуард Новак, доктар з Пражскай ваколіцы. Мой бацька, калі ўміраў, сказаў мне: памятай, што некалькі бліжэйшых да нас пакаленняў чэхаў будуць жыць дзеля таго, каб Чэхія асталася навек свабоднай. Мой бацька памёр за два гады да таго, калі немец каваным ботам стаў нам на горла. Я памятаю свайго бацьку і шаную яго. Немцы мабілізавалі мяне ў сваю армію. Я ўцёк і туляюся, выпрасіўшы сабе ў чалавека пад Слонімам адзежу.
Эдуард Новак тут і астаўся, таксама чакаць будучыні. Самым галоўным яго клопатам стала Марына. Ён раіў ёй і лекі: спакой, цішыню і сон. Пад канец той восені нейкі, можа нават і заблудны ці збіты з тропу немец скінуў дзесьці тут свой груз бомбаў. У чыстым полі і сярод дня. Аддалены грукат дайшоў да вушэй Марыны, і яна змянілася з твару. Вельмі можа быць, што ў яе падсвядомасці пачалі ўзнікаць карціны перажытага. Яна ўпала ў адчай і смутак, і хвароба яе як бы адкінулася. І найвялікшае гора было тое, што яна зноў пакінула бачыць. Эдуард Новак не адыходзіў ад яе. Ён хадзіў сам у блізкае Залессе, дзе жылі ў зямлянках людзі, і даставаў там Марыне хлеб. Ён жа ёй зрабіў і труну, і гэта бачылі тыя ўчатырох, калі толькі што з'явіліся сюды. Калі Марына ляжала ўжо нежывая, Эдуард Новак стаў на калені, пацалаваў ёй ногі і сказаў, душачыся горам:
- Няхай жыве Чэхія! А я да старасці цябе памятаць буду.
Гэты самы чэх і кіраваў цяпер, у гэты позні вечар, усю сваю ўвагу на студэнта Ўладзімера Ярмаліцкага. Калі Мікалай Сямага скончыў шаптаць студэнту пра сябе, чэх стаў над студэнтам і, крывячы вочы на печ, дзе калываўся немец з апухлым тварам, сказаў, горача і як бы тонам важнага паведамлення:
- Калі Марына памерла, мне цяжка было на цэлы той дзень астацца пры маёй надзеі на мой зварот на бацькаўшчыну. Я хачу сёння сасніць Марыну, а табе жадаю сасніць тваю маці ў родным доме.
- А я ўжо сніла Марыну, - абазвалася нечакана Гануся, і на яе голас азірнуліся ўсе. А яна абвяла кожнага з іх вачыма, і выраз яе твару быў такі, быццам яна хацела сказаць: «Якое было б шчасце, каб вы ведалі, як мне цяжка жыць! А калі і лепш стане, то ніводная ж з нябожчыц з мёртвых не ўстане». Пячаць вялікага смутку ляжала на яе твары. Выраз яе твару быццам прыгнятаў увесь свет.
- Як густа зоры ў небе сталі! Усё неба ў зорах! - раптам сказаў студэнт і прыўзняўся на локці. Вочы яго кіраваліся ў акно, за якім была зорная ноч і сілуэт вялікага дрэва.
- Млечны Шлях! - моцна сказала Гануся, павярнуўшыся да акна. - За дзень да вайны, калі мы яшчэ і не думалі, што яна будзе, мы з Марынай цэлую ноч прастаялі на балконе і глядзелі на Млечны Шлях. Гэтая зорная дарога так вабіла кудысьці нас! Мы тады з Марынай маўчалі-маўчалі...
- Нашто мне зоры, калі іх не бачыць Марына! - бурна сказаў Мікалай Сямага і сціснуў зубамі ніжнюю губу.
- Божа, якое зорнае неба бывае ў Чэхіі, - не менш бурна сказаў Эдуард Новак і застыў перад акном. Студэнт, як уражаны доўгачаканай радасцю, не адрываючыся, глядзеў у зоры. Ён перарваў маўчанне ўзбуджаным шэптам:
- Уночы пасля дажджу, калі мокрая кара шасці вязаў пахла на ўвесь свет, заўсёды ясныя былі зоры.
- Калі я быў малы, над Бранчыцкім маёнткам заўсёды ясны быў Млечны Шлях, - сказаў той, што так перамёрз быў у летнім пінжаку.
Пачалося маўчанне. Усе як ёсць маўчалі і кіраваліся тварам і вачыма ў неабдымны свет прасторы, сярод якога стаяла гэтая хата. Адзін толькі немец з апухлым тварам нешта ўсё шморгаў нагамі аб печ. Калі Гануся зірнула на яго, то ўбачыла, што ён стараецца злезці з печы. Нарэшце ён нейк няспрытна саскочыў з яе і, прыклыбаўшы да акна, прыпаў ілбом да халоднай шыбы. З тым сваім ранейшым жудасным акцэнтам, ломячы расейскія словы, ён прагаварыў:
- У мяне дома ёсць пятнаццацігодняя Гертруда. Яна любіць глядзець на зоры.
І раптам адбылося нечаканае. Гануся аж уздрыганулася. Апухлы свой твар ён наблізіў да Ганусіных вачэй і пачаў гаварыць. Чамусьці гэта было падобна, што ён хоча сваім страшным хрыпатым голасам праспяваць тое, што хацеў сказаць.
- Дзяўчына, галубка!.. («Галубка» ён выгаворваў «калюбка».) Калюбка, паслухай мяне. Я чую свой канец. Я не вытрымаю да канца. Усё ўжо скончана, Божа, ратуй мяне. Калюбка! Ты маладая, ты яшчэ малая. Мне здаецца, што я даўно ведаў, што ты ёсць на свеце. (Яна сядзела збянтэжаная.) Каб ты ведала мой смутак, калюбка! Мая Гертруда паўстае перада мной, калі я гляджу на цябе. Яна ў тваіх гадах. (Ён раптам змяніў тон просьбы на апавяданне.) Гертрудзе цяпер пятнаццаць год. Яна радзілася, калі я чуў ужо блізасць старасці. Гэта ад другое мае жонкі. (Зноў тон яго змяніўся. Гэта быў смутак страшны сваей пячаццю на яго апухлым твары.) Калюбка! У цябе маладая душа. Думай пра сваю маці, бо гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Думай пра яе і пашкадуй мяне. Прасі бацьку свайго і сама будзь такая, каб з ласкай абысціся са мною. Каб я быў тут як з сваімі, гэта здыме з мяне хваробу. Я ўвесь калачуся ад слабасці. Голад парваў у мяне ўсё ўсярэдзіне, і холад прайшоў навылёт праз мяне. Можа каб былі пры мне блізкія людзі, можа мне яшчэ і не суджана памерці. І яшчэ можа доўга мне жыць суджана. Я яшчэ не стары. Я на чужой зямлі і сам не ведаю дзе. Наша часць уся лягла касцьмі, і я ратаваўся ў тыл. Я думаў, што дабрыду да Германіі. Тое, што мяне палічылі б дэзерцірам і судзілі б, здавалася мне глупствам перад тым, што я ўбачу Гертруду. Я баяўся людзей. Я галодны і ў холадзе бадзяўся, як няшчаснае стварэнне. І цяпер бачу, што нікуды я не дайду, а ўпаду на дарозе і кончуся. Калі праз які-небудзь цуд я дабрыду яшчэ да Германіі, Гертруда напіша табе, а ты напішы ёй. Вы будзеце сёстрамі навекі. Калюбка! Я ледзьве жыву. Запытаешся ў сваёй маці, і яна пахваліць цябе, калі ты будзеш Гертрудзе сястра, а мне выратавальніца.
Уражаная і збянтэжаная, Гануся ўстала і адступіла два крокі.
- Як жа я скажу ўсё гэта сваей маці, калі яе немцы спалілі ў Менску! - крыкнула Гануся, і голас яе перарваўся.
- Гэта не немцы зрабілі, - абазваўся адразу з печы таўсматы. - Гэта Гітлер, Гітлер вінават.
- У Марыны адабраў жыццё не Гітлер, а той лётчык, якога Гітлер паслаў. Нешта занадта шчыра гэты лётчык стараўся! - панура і як бы з развагаю сказаў Мікалай Сямага.
Гануся лягла на лаве, паклала галаву на бацькавы калені і ўздрыганулася: яна душыла свой плач.
- Нам трэба пакінуць гэтае месца, - ціха сказаў ёй бацька. - Я што-небудзь прыдумаю. Тут можна не вытрымаць.
- Пойдзем на Случчыну, да мае маці. Там можа няма такой адзіноты. Там такі прытульны ў нас дом.
- Я яшчэ паспрабую шукаць Веру, сваю сястру.
Таўсматы дзіка азірнуўся па хаце і сеў, звесіўшы з печы ногі. Ён як бы выглядаў чаго ці высочваў што. Той, з апухлым тварам, нейкі час глядзеў на яго і, як бы перамогшы сваю ранейшую ўстрывожанасць, зноў падышоў да Ганусі.
- Мне трэба вылежаць маю хваробу. Я сам ад сваіх хаваюся. Я сваю часць пакінуў. Я галаву хачу ратаваць... Я быў на вашай зямлі ў тую вайну. Мы канчалі вайну пацалункам. Я быў тады малады. Тры гады я гніў у акопах. Вашы салдаты выбеглі з сваіх акопаў. Мы выбеглі з сваіх акопаў. Мы абняліся і сказалі адзін аднаму «брат». Я прыйшоў быў з вайны дадому. Я быў малады. Я гуляў сваё вяселле. У мяне было няшчасце. У мяне памерла жонка. Я другі раз ажаніўся. Гертруда мая ад другое жонкі. Над маім домам у Германіі гэты самы стаіць Млечны Шлях, што і над вашым домам. (Раптам ён узвысіў голас.) Вы ў сваім доме. Не пакіньце мяне! Дайце мне стаць ад хваробы і змучанасці на ногі. Я тады сам знайду сваю дарогу. Калюбка!
Ніхто не абзываўся, і панавала цішыня. Немец выварочваў сваю душу далей:
- Падыходзіць мая старасць. Мяне мабілізавалі не спачатку вайны. Тры месяцы таму назад дывізія наша была разбіта да канца. Мы беглі хто як мог. Пагібель гналася за намі. Мы пайшлі па два, па тры, каб нас не баяліся людзі. Дык тады сяляне пачалі паляваць нас нават не зброяй, а віламі і каламі. Мы ўдвух выйшлі ў такую мясцовасць, дзе ўсё было папалена. Мы цягліся ў пустыні. Другі, што быў са мной, - гэта камандзір майго палка. Мы начавалі ў ямах пад дажджамі, і я кожную ноч плакаў аб сваім доме. Мы елі траву. Камандзір палка маладзейшы, а я ледзьве цягнуўся. Мы згаварыліся ісці па адным. Мы бачылі, што нас і свае расстраляюць, як дызерціраў, і сяляне заб'юць. А над адным можа якая добрая душа злітуецца. Мы яшчэ некалькі дзён бадзяліся ў адзіноце. Усюды пажарышчы і пустыня. Ці мы дзе поблізу адзін ля аднаго брадзілі, ці далёка разышліся, я не ведаў. Я быў адзін. Маё цела за гэтыя месяцы вымерзла навылёт. Я прыціснуўся лбом да дрэва ў чыстым полі і шаптаў імя Гертруды. І раптам пачуў бычыны голас. Я ведаў, што не саўладаю з ім адзін. Але мяне павяло ў той бок. На паўдарозе я ўбачыў яго. (Ён падняў твар у бок студэнта.) І ён ішоў туды. І ён ледзьве ногі цягнуў. Калі мы падышлі да быка, там я ўбачыў майго палкавога камандзіра. Вось гэты. (Ён паказаў на таўсматага.) Калюбка. Ці чуеш ты аб маіх пакутах?
- Так, так, ці чуеш ты аб нашых пакутах? - як бы механічна абазваўся таўсматы.
- Вы цяпер выстаўляеце напаказ свае пакуты?! - абазваўся студэнт. - Чаму ж вы ў палон на полі бою не пайшлі, а на захад павалакліся?
- Нямецкія свінні! - гукнуў той, што быў у летнім пінжаку.
Таўсматы раптам абвяў, і новая рыса з'явілася на яго твары. Гэтай рысай ён стаў падобны да таго, з апухлым тварам, што нядаўна выспавядаўся перад Ганусяй. Здавалася, што і гэты зараз стане ў паставу просьбы і споведзі. Ён схіліўся перад Мікалаем Сямагам і сказаў:
- Дазволіце запаліць у печы і зварыць мяса? Голад мучыць, і мяса сапсуецца.
Мікалай Сямага кіўнуў галавой. Той жа, што ў летнім пінжаку, адразу рынуўся з хаты і прынёс бярэмя дроў. Як відаць, ён даўно ўжо думаў аб вараным мясе. Неўзабаве ў печы запалаў агонь, і рухавы водсвет яго лінуўся ў вокны. Вада ў чыгунах пачынала ўжо кіпець, як на двары выбухнуў раптам траскучы стук грузавікоў. Дух маўклівай трывогі як бы прайшоў па хаце. Можа прайшло яшчэ тры хвіліны, як загрукалі ў дзверы. Сямага пайшоў адчыняць сенцы і ўвёў у хату шасцярых немцаў. Сярэдніх чыноў афіцэр увайшоў самы задні.
- Хто тут жыве? - сказаў ён па-расейску.
- Людзі, - адказаў Сямага.
- Здаць зараз жа зброю!
- Зброі тут няма.
- А партызаны?
- Няма ніякіх партызан.
- Хто гаспадар?
- Я, - сказаў Сямага.
- А яна?
- Мая дачка.
- А ты хто? - афіцэр паказаў пальцам на студэнта.
Таўсматы раптам заварушыўся і сказаў па-нямецку:
- Расейскі салдат ён, уцякае з Германіі, з палону.
Сямага ўздрыгануўся. Студэнт хацеў прыўзняцца.
- Ляжаць! - крыкнуў афіцэр.
- А ты хто? - крыкнуў афіцэр, зірнуўшы на Эдуарда Новака.
- Чэх! Уцякае з германскай арміі, - крыкнуў таўсматы.
Новак пачаў кідаць па хаце вострым позіркам.
- Не варушыцца! - скамандаваў афіцэр. - Маўчаць і не варушыцца!.. Усім!.. А ты хто? - павярнуўся ён да таўсматага.
- Я германскі афіцэр. Палкоўнік. Унь мой салдат. (Ён паказаў на таго, з апухлым тварам.) Разам з ім мы ўцякаем з партызанскага палону.
- Так. Так, - сказаў апухлы і, перамагаючы боль дзесьці ў целе, стаў роўна па-салдацку. З ім у адзін момант адбылася вялікая змена. Твар яго паспакайнеў. Калі ён нядаўна спавядаўся перад Ганусяй, ён увесь быў напоўнен прагай да ратунку. Страшная пячаць гэтай прагі была тады на яго твары. Цяпер можна было падумаць, што свой ратунак ён ужо знайшоў.
- А што за чалавек гаспадар?
- Схілен быць партызанам, - тонам суддзі сказаў таўсматы. - З кім маю шчасце гаварыць?
Афіцэр назваўся і сказаў, што з камандай салдат ехаў па шашы ў маёнтак, якім цяпер уладае яго швагер з Брэслаўля. Яны зблудзілі, трапілі не на тую паваротку і ўбачылі, як свяціліся вокны гэтай хаты. Таўсматы рвануў у паясніцы нагавіц нітку, дастаў з паясніцы нейкі свой зложаны і згорнуты дакумент і падаў афіцэру. Афіцэр прачытаў і далікатна скланіўся таўсматаму. Пяць салдат тым часам пільнавалі, каб ніхто не варушыўся ў гэтай хаце.
- А гэты хто? - афіцэр кіўнуў на таго, што быў у летнім пінжаку.
Той раптам хістануўся назад, як бы не ўстаяў на нагах.
- Хто ты такі?! - крыкнуў таўсматы. - Ты назваў мяне нямецкай свіннёй нядаўна? Чаго маўчыш?!
Тут апухлы падышоў да афіцэра. Хрыпатым голасам ён стараўся штосьці растлумачыць:
- Партызаны забралі нас у палон. Нам пашанцавала ўцячы.
Ён гаварыў па-нямецку, і Сямага разумеў яго.
- Тут партызаны ёсць? - устрывожыўся афіцэр.
- О, далёка, - збянтэжыўся апухлы і адышоўся.
- Гавары, хто ты! - яшчэ крыкнуў афіцэр, сам устрывожаны і неспакойны.
Той апошні, што яшчэ ні перад кім не выспаведаўся і не сказаў, хто ён, угнуўся яшчэ больш у свой лёгкі пінжак і сказаў голасам як з-пад зямлі:
- Я дзесяць год служыў Германіі.
- Хто ты цяпер?!
- Я з фамільнага свайго маёнтка пад Варшавай.
- Паляк?
- Паляк. Але быў яшчэ і тут маёнтак, куплены за грошы. Бранчычы. Мяне малога бацька прывозіў летам сюды з-пад Варшавы. Кожнае лета. (Сліна капала ў яго на грудзі.) Дзесяць год таму назад памёр мой бацька, а мне было дваццаць год. Я быў патрыёт свае дзяржавы. Я належаў да тых, што дбалі аб вялікай Польшчы.
- Хто ты цяпер?! Ці няма ў цябе зброі?!
- Але мы бачылі, што ўрадавыя сферы нічога не робяць, каб наша дзяржава пашырылася на ўсход. Да таго ж мае Бранчычы тут, у якіх я кожным летам у маленстве глядзеў на зоры. Млечны Шлях ішоў над самымі Бранчычамі.
- Зброя ў цябё ёсць?
- Няма.
- Куды ідзеш? Хто ты?
- Але зразумейце маю душу!
- Заўтра я павязу цябе з сабою, тады і раскажаш пра сваю душу.
- Мы дайшлі да думкі, што нам па дарозе з Германіяй. Германія пачне вайну, і мы заўладаем тады ўсходам. Наша войска тады ішло б з Германіяй. Я паехаў вучыцца ў Германію. Мы прызналі сваім геніем Бэка. У першыя дні вайны нас спусцілі тут з нямецкіх самалётаў. Мы рабілі, што нам даручылі. Мы рыхтавалі паветра дзеля прыходу немцаў. Цяпер немцы мне далі дробную службу на прадуктовым складзе. Я ж быў дзеяч! Да таго ж здзек! Я дазнаўся, што пад Варшавай павешана мая сястра. У мяне стала цёмна ў вачах. Мяне выгналі з службы. Я бадзяюся і не маю дзе галаву схіліць.
- Агледзьце яго, - сказаў афіцэр салдатам. Салдаты загадалі яму скінуць пінжак, але ён не спяшаўся. Яго пачалі абмацваць. Ён так абвяў, што, здавалася, ён нічога не цяміць, што робіцца каля яго. Пасля яму загадалі сесці і маўчаць. І ён сеў на падлогу і прыпёрся плячыма і галавой да сцяны.
- Трыццаць чалавек тут памесціцца пераспаць да раніцы? - сказаў афіцэр да Сямагі.
Той нейк як бы ўзрадаваўся, устаў з свайго месца і адказаў, паказваючы на «халодны пакой»:
- Там можна на падлозе. Калі напаліць тут печ, то і там стане цёпла.
- Напалі печ, - сказаў афіцэр і сеў за стол.
- Уставай, - сказаў Сямага да студэнта, - тут яны вячэраць будуць. - І кінуў яму яго адзежу. - Гануся, хадзем па дровы, напалім печ.
І ён, і Гануся апрануліся, каб ісці па дровы. Нешта вельмі многа яны нанасілі тых дроў. Гануся выцягнула з печы чыгуны з гатовым мясам і ўсё падкідала і падкідала дровы. А бацька ўсё насіў іх з двара, і ўсё хадзіў за ім следам салдат. Нарэшце і Гануся зноў пачала насіць з бацькам дровы. Салдаты, чалавек трыццаць, увайшлі ў «халодны пакой» і ўмошчваліся спаць на падлозе. «Халодны пакой» пачынаў рабіцца цёплы. Тут жа, каля печы, ужо не ўстояць было ад гарачыні. Варшавяк сядзеў усё на падлозе і раптам пачаў плакаць. Як малое дзіця, ён цёр кулакамі вочы і пачаў стукаць патыліцай аб сцяну. І нечакана ён сказаў да студэнта, які сядзеў на падлозе пры другой сцяне, поплеч з Новакам:
- Вазьмі мяне з сабой на Случчыну.
- На якую Случчыну, што ты выдумаў? - трывожна абазваўся Ўладзімер Ярмаліцкі.
- А ты ж казаў, што ідзеш да маткі і гаспадара хаты возьмеш з сабою.
- Калі я казаў, што ты брэшаш! - злосна абазваўся Ярмаліцкі.
- Вазьмі, прашу цябе! Я ведаю пра Слуцак. У тым баку і Бранчычы. Вазьмі мяне, прашу цябе.
Ён як ашалеў раптам. Губа яго адвісла, і здавалася, ён у непрытомнасці.
Афіцэр штосьці еў за сталом, які салдаты прынеслі з «халоднага пакоя». Афіцэр падняўся, зірнуў на варшаўскага нешчасліўца і сказаў салдату вывесці яго ў сенцы, а з ім разам і Ярмаліцкага з Новакам і там вартаваць іх. Цяпер усё было так: у «халодным пакоі», у якім цяпер было ўжо як мае быць цёпла (печ дыхала жарам, а дзверы ў пакой адчынілі), спалі ўпокат на падлозе салдаты, адзін пры адным. Тут афіцэр нешта жаваў за сталом і частаваў таўсматага, які сядзеў з другога канца стала. Апухлы падцягнуў тапчан да печы і сядзеў на ім, ківаючыся ў бакі, і з пячаццю яснай надзеі на твары.
- Мне паехаць у Германію, лячыцца і правіцца, - раптам сказаў ён.
У сенцах на перавернутай скрыні сядзелі: Ярмаліцкі, Новак і варшавяк і калаціліся з холаду. Каля іх стаяў вартавы салдат. Мікалай Сямага з Ганусяй насілі дровы. Салдат пакінуў ужо за імі хадзіць. На двары стаяў на варце салдат, на самым ганку, а другі стаяў далей, пры машынах.
Гэты раз Сямага ўзяў толькі адно палена, цяжкае і з вострымі сукамі, кавалак сырой яліны. Гануся з бярэмам дроў ішла за ім. Ён нешта замарудзеў каля дзвярэй у сенцах, зачыняючы іх. І рушыў да вартавога салдата. Пакуль той зрабіў першы рух, ён аглушыў яго сукамі па галаве. Удвух з Новакам яны падтрымалі яго, каб ён лёг, а не грымнуўся са стукам аб зямлю. Варшавяк усхапіўся і пачаў біць сябе кулакамі ў грудзі. Штосьці ён хацеў моцна сказаць ці крыкнуць, але заікнуўся. Ярмаліцкі адным махам сцягнуў з Ганусінай галавы хустку і разам з Новакам яны ўпхнулі хустку яму ў рот і рукі звязалі. Ён адразу паслухмяна сеў і як акамянеў. Сямага палез на гару, і ўсе за ім: першы Новак, пасля Ярмаліцкі і Гануся. Палавіна дошак з шчыта была знята. Знімаў іх Новак Марыне на труну. Сямага абмацаў папацёмку вяроўку і завязаў яе канцом за крокву над застрэшшам. Усе яны спусціліся на двор з падлеснай стараны. Думка з'явілася ў Сямагі адразу. Ён прыгледзеўся з-за вугла ў двор і прашаптаў:
- Спакойна. Вартавы на ганку стаіць. Падпаліць трэба.
- Я падпалю з сянец. Вы чакайце мяне на Марынінай магіле, - прашаптала Гануся.
Сямага пацалаваў яе ў шчаку і даў ей запалкі. Яна пабралася назад па вяроўцы. Апынуўшыся ў сенцах, яна падперла калом хатнія дзверы і ўзяла на засаўку сенечныя. Яна падпаліла трэскі, што асталіся ад таго, як Новак рабіў Марыне труну, і развязала варшавяку рукі. Як ачмурэлы ён стаяў і маўчаў. Яна пацягнула яго за сабой на гару, падпаліла кастрыцу і шапнула яму:
- Спускайся за мною.
Нейк бокам яна з'ехала на двор па вяроўцы. Яны яшчэ бачылі, як паволі спускаецца ён. У наступную секунду яны рушылі ў дарогу. Яны прайшлі паўз Марыніну магілу і пайшлі лесам. Сямага дастаў з-пад трухлявага бервяна тую аўтаматычную зброю і набоі да яе, якую ён тымі днямі чысціў, калі не знаходзіў сабе месца пасля пахавання Марыны.
- Гэта яшчэ ў першы месяц, калі я прыйшоў сюды, я знайшоў на шашы і не ўмею як з яе страляць, - сказаў ён да Ярмаліцкага.
Новак абмацаў зброю і панёс яе. Аддаляючыся ад узлесся ў глыбіню лясной сцежкі, Мікалай Сямага колькі секунд прыглядаўся да чорнага сілуэта роднага дома, які дажываў апошнія свае хвіліны. Агню яшчэ не было. Яшчэ стаяла ціхая цемень. За лесам яны мінулі зямлянкі, дзе тлела нуднае жытло некалькіх сем'яў. Раніца застала іх далёка ад таго месца. Яны ішлі моўчкі, думаючы пра тое, як, адышоўшы з кіламетр ад зямлянак, яны ўбачылі былі за сабою зарава. Гэта быў момант, калі боль душы і смутак скалынулі Сямагу. Трэцім днём яны дайшлі да другіх зямлянак, да якіх Сямага калісьці даходзіў, калі хадзіў шукаць людзей і добрых навін. Там яны начавалі, там разжыліся на дарогу хлеба і там дачуліся, што хата згарэла, як свечка, і ў ёй пагарэлі бадай-што ўсе немцы. Толькі адзін ці два выратаваліся. Праязджалі на матацыклах паліцаі і казалі. Гэтае падарожжа на пачатку зімы навек асталося ў іх памяці. Гануся ад хады і ветру паружавела; Ярмаліцкі разышоўся, і яму пачало здавацца, што немач пачала пакідаць яго. Мікалай Сямага думаў, што яго вылечыў добры яго настрой. Можа і так. На сто васемнаццатым кіламетры, дзе было скрыжаванне дарог і адкуль пачыналіся месцы, ужо знаёмыя Ўладзімеру Ярмаліцкаму, яны ўсе аж жахнуліся ад нечаканага дзіва: на абмерзлай абочыне грунтавой каляіністай дарогі, якая за крокаў сто адсюль скрыжоўвалася з шашою, сядзелі: з апухлым тварам немец і варшаўскі нешчаслівец. Яны ўдваіх угіналіся ў торбу і нешта елі з яе. Пухліна з твару таго немца ўжо намнога сышла. Ён быў у лапцях і ватоўцы з аўчынным каўняром. Варшавяк быў у кажуху. Гануся пазнала гэты кажух: у яго быў апрануты той таўсматы. Гэтае спатканне было ў такой меры непрыемнае, як і нечаканае. Сямага, Новак, Ярмаліцкі і Гануся хацелі стараной абысці нечаканых падарожных. Але варшавяк іх заўважыў, пазнаў і рушыў проста на іх. Як да свайго, ён кінуўся за Ярмаліцкага:
- Яны ўсе пагарэлі! Але я яшчэ сабе кажух выхапіў, а гэтага апухлага я ў лесе спаткаў. А пасля мы машыну напаткалі і сюды прыехалі. Браточак. Гэты немец да мяне прычапіўся і не хоча адчапіцца. Куды я, туды і ён. Я іх ненавіджу. Я служыў ім дзесяць год, а яны мяне навек жабраком і бадзякам зрабілі.
- Гэта ты думаў, што яны цябе зробяць князем ад Ломжы да Смаленска? - сказаў з адчаем у голасе Сямага.
- Не, я да яго, - ён кіўнуў на Ярмаліцкага, - дай мне прытулак да канца вайны ў свае маці. Пасля вайны я азалачу цябе. Я сумысля на Слуцак кіруюся. Але ён цягнецца за мной, гэты апухлы.
Ярмаліцкі нічога не адказаў, і ўсе пайшлі ў дарогу. Калі праз крокаў сто Гануся азірнулася, то ўбачыла, што тыя двое ідуць следам. Іх заўважалі ўсе астатнія дзён пяць дарогі. Назіркам яны ішлі следам. Ярмаліцкі з кожным новым днём усё жвавеў. Цяпер ён пазнаваў ужо асобныя дрэвы і камяні пры дарозе. Ужо ён заводзіў усіх у знаёмыя хаты, дзе-небудзь наводдалек ад дарогі. Людзі яго пазнавалі. Ён стаў зусім ясны вачыма і настроем. У яго калацілася сэрца, калі ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўніз і там відзён будзе родны дом і шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўніз. Сіняя істужка далёкага лесу была перад імі на блізкім даляглядзе. Дзень быў хмурны і мяккі. Намаразь раставала. Шэсць вязаў відны былі добра. У гэты час канца восені і пачатку зімы яны былі голыя. Але чаму яны такія чорныя і як бы без голля? Ярмаліцкі шпарка ішоў і не адрываў ад іх вачэй. Гануся, Новак і Сямага ішлі за ім, і няпэўнае чаканне іх стала трывожным. Ярмаліцкі раптам стаў прыглядацца да старых вязаў, і жвавасць пакінула яго. Моўчкі і не гледзячы ў вочы сваім спадарожнікам, ён падвёў усіх да вязаў. Вязы былі без голля і знізу даверху абсмаленыя. Адлежная намаразь цякла па абвугленай кары тонкімі струменямі і ападала кроплямі. Ярмаліцкі сцямнеў тварам і сказаў:
- Мокры вугаль нічым не пахне... Унь мой дом. - І паказаў на кучу асмалкаў, крыху наводдалек ад вязаў. Асмалкі і попел былі і ля самых дрэў. Нейкая рэч на зямлі за асмалкамі, там, дзе была не прыцярушаная яшчэ снегам дарога, узяла на сябе яго ўвагу. Як аслупянелы ён стаў над ею. Гэта быў кавалак дошкі з вяроўкаю і надпіс на ім: «Я, Галена Ярмаліцкая, павешана законнаю нямецкаю ўладаю за тое, што не хацела сказаць, дзе мой сын». Гэта з яе шыі! Вяроўка! Дошка!.. Уладзімер Ярмаліцкі прыціснуўся лбом да абвугленай кары бліжэйшага вяза і ўвесь страсянуўся. Ні Новак, ні Мікалай Сямага з Ганусяй не абазваліся і словам. Яны стаялі як анямелыя. Толькі Гануся падышла да яго і пачала кідаць вачыма ў бакі.
Павольныя крокі чуліся дзесьці вельмі блізка. У цішыні мокрага дня і пустога месца яны былі як нечаканая трывога. Усе, і Ўладзімер Ярмаліцкі, паднялі твары і ўбачылі, як паволі падбліжаліся сюды двое. Першы ішоў той самы, у якога раней быў апухлы твар. З твару яго пухліна ўжо сышла зусім. У лапцях і ватоўцы з аўчынным каўняром, ён трымаў пад пахаю напакаваную нечым торбу і ўсё ішоў, проста і роўна. За ім на крок ішоў варшаўскі нешчаслівец у кажуху. Немец падняў адну руку, а другая трымала торбу. Здавалася, што ён хоча аддаць прывітальны салют. Уладзімер Ярмаліцкі хапіў з рук Эдуарда Новака зброю, шпаркім рухам ускінуў яе і стрэліў. Немец упаў тварам у асмалкі і не паварушыўся. Варшаўскі нешчаслівец пабег на ўсе сілы і доўга відзён быў, пакуль не згінуў дзесьці за ўзгорыстым гарбом дарогі.
Гануся, Ярмаліцкі, Новак і Сямага шпарка пайшлі з гэтага месца, поўныя расчаравання, смутку і маўклівасці. Як дайшлі яны да Асіпавіцкіх лясоў, як асталіся там назусім у партызанах, як Сямага знайшоў там свайго швагра і сястру Веру - гэта асталося ў іх душах навек. На Ганусіным твары з'явілася новая рыса. Мікалаю Сямагу яна нейкім чынам нагадвала бляск вачэй нябожчыцы Надзеі ў момант іх першага спаткання ўвосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года.
1944