Месяц знізіўся…
Выгляд
Месяц знізіўся… Аўтар: Мікола Сурначоў 1941 |
Месяц знізіўся, лёг за карчы,
Бор ад інею быццам сівы,
Не спыняйся, у твар сячы,
Нашай поўначы люты сівер!
Біся шротам, зганяй у склеп,
Чорным дымам выкурвай зрэнкі,
Каб злы вораг зусім аслеп
І яго след замёўся навекі!
Каб чужацкіх вачэй агні
Пранасіліся, гаснучы, міма.
Не шкадуй іх, мятлой гані
Ад прастораў маёй Радзімы!
Замятай ім шляхі, масты,
Беларускіх раўнін завея.
Месяц ранены знік у кусты,
А буран у палях шалее.