Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Менск, летапісны Менеск, ўспамінаецца ў летапісах пад 1066-67 годам, у часы барацьбы Кіеўшчыны з Палаччынай. Менск, аднак, напэўна, існаваў, як насельны пункт, многа раней. Гісторыя Менску ў гэтую эпоху да самага канца XV сталецьця мала вядома, ня гледзячы на тое, што з XII ст. Менск робіцца сталіцай самастойнага княства і ў часы панаваньня Глеба Усеславіча (1101—1119) г. імкнецца йграць першую і кіруючую ролю ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але нават і сярод іншых княстваў усходніх славянаў. У часы Гэдыміна Менск каля 1326 году уваходзіць у склад Літоўска-Беларускае дзяржавы. У XIV ст. Менск траціць сваё сталічнае значэньне і пападае ў рукі сыноў і намесьнікаў Гэдыміна. Альгерд і Кейстут у межах Менекага княства аддалі Заслаўль свайму брату Яўнуту. У Менску ў часы Альгерда знаходзіцца яго намесьнік. Ягайла аддаў Менск свайму брату Скіргайлу Альгердавічу, але пасьля таго, як Вітаўт стаў вялікім князем, Менск у XV ст. стаў у непасрэдную залежнасьць ад Вільні, як у судовых, так і адміністрацыйных адносінах.

У гэтыя часы ў Менску сядзіць вяліка-княскі намесьнік, які зьяўляецца падлеглым уладзе Віленскага ваяводы, як у вайсковых, так і адміністрацыйных, судовых і гаспадарчых справах[1].

Менск робіцца невялічкім цэнтрам павету або намесьніцтва, якія ўтварыліся ў той час па ўсёй Літоўска-Беларускай дзяржаве і зваліся паветамі, валасьцямі, дзяржавамі, намесьніцтвамі. Тут трэба канчаткова высьветліць непаразуменьне, якое пашло з лёгкай рукі Смародзкага, нібыта Менск стаў цэнтрам Менскага ваяводзтва, якое, па яго думцы, было ўтворана Гарадэльскім прывілеем 1413 году[2]. Менскае ваядводзтва зьявілася толькі пасьля адміністрацыйнай рэформы 1565־ 1566 г., ухваленай Віленскім соймам 1565-1566 г., якая была праведзена на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Дзякуючы гэтай рэформе зьявіліся на тэрыторыі Беларусі новыя ваяводзтвы: Менскае, якое складалася з паветаў Менскага і Рачыцкага; (Мазырскі павет быў аднесен да Кіеўскага ваяводзтва і толькі пасьля Люблінскай вуніі быў далучан да Менскага ваяводзтва) і Мсьціслаўскае, якое мела толькі адзін павет[3]. Першым Менскім ваяводаю быў тады прызначан Гаўрыла Іванавіч Гарнастай (1566-1576) і каштэлянам, або панам—Мікалай Станіслававіч Тальвош (1566-1570 г.[4]).

Пасьля таго, як краінныя князі ў часы Вітаўта канчаткова былі заменены намесьнікамі, ў Менску таксама зьяўляецца намесьнік, аднак, калі ён быў прызначан, і хто былі першыя намесьнікі, невядома.

З першых княскіх намесьнікаў ў Менску мы ўжо з пэўнасьцю можам назваць, на основе крынічных даных, імя намесьніка толькі у 1473 годзе. Гэта быў князь Іван Юравіч Жаслаўскі, якому вялікі князь аддае загад, каб намесьнік увязаў гаспадарскую даніну пісару гаспадарскаму Васку Любічу[5]. Пасьля Івана Юравіча Жаслаўскага намесьнікам Менскім быў князь Іван Васільявіч з князёў Друцкіх. У часы Аляксандра намесьнікам Менскім стаў пан Мікалай Іванавіч Ільініч, а затым князь Багдан Іванавіч Жаслаўскі, які стаяў на чале Менскага намесьніцтва да 1529 г.[6]

Нязначныя весткі аб Менску з гэтых часоў XV стал. тлумачацца тым, што Менск яшчэ ў гэты час ня страціў свайго сельска-гаспадарчага характару і мала чым розьніўся па сваіх занятках ад вёскі. Яшчэ ў 1500 г. двары мяшчанскія маюць сельска-гаспадарчы характар: з пашнямі, нівамі і з сенажацьмі[7]. У прывілеі на Майдэборскае права сельскія ўгодзьдзі займаюць значнае мейсца ў тых прывілегіях, якія даюцца месту Менскаму[8].

Сельска-гаспадарчыя ўгодзьдзі, якія замацаваў за сабою Менск прывілеем на Майдэборскае права, ў пазьнейшыя часы былі абмераны камісарамі і места ўпарта абараняе іх ад пакусаў па прыўлашчаньню іх іншымі станамі нават у канцы XVI ст.[9]

Нявыразнае абмяжаваньне насельніцтва м. Менска па занятках ад вакольнай сельскай мясцовасьці значна тлумачыцца і характарам гаспадаркі Менскага павету таго часу.

Меншчына з гаспадарчага боку ў XV і першай палове XVI стал. мае пераходны характар і мае рысы гаспадаркі новай-земляробскай і старажытнай-прамысловай. Меншчына якраз ляжыць па сярэдзіне паміж Заходняй Беларусьсю, якая ў той час ужо робіцца краінай пераважна земляробскай, і ўсходняй падняпроўскай Беларусьсю, дзе яшчэ пануе дабываючая прамысловасьць. Бабруйшчына і Барысаўшчына, якія ляжаць побач з Менскам, маюць пераважна такі прамысловы характар, і для насельніцтва гэтых краін дабываючая прамысловасьць яшчэ і на працягу XVI ст. зьяўляецца галоўнаю крыніцаю існаваньня. Ў Меншчыне, ў пачатку XVI ст., мы знаходзім і дабываючую прамысловасьць і, побач з ёю, ужо досыць разьвітае земляробства. У данінах Вялікага князя ў Менскім павеце выразна выступае дваякі характар Меншчыны. У 1503 г. вялікі князь Аляксандр пацьвярджае баярыну Багдану Карэйвічу ״вечно ему и его жене и их детем и напотом будучым счадком: нехай он тое именье Сухоревское держить со всеми приселки того имения и со всеми людьми, и з службами их, и с землями пашными и бортными и з сеножатьми и с пропашми и з гаи, и з боры, и з лесы, и з озеры, и з реками, и з бобровыми гоны и з ловы зверынъными и пташечъными, и ставы, ставищы, и з млыны и з их вымелки, и з даньми грошовыми и медовыми и бобровыми и куничными, и з дзяклы и со всякими иными поплатки и падатьми“[10]. У пералічэньні ўгодзьяў (выдаб) і падаткаў выразна выступае і земляробчы і прамысловы характар маёнтку. Пашні і пропашні, ставы і млыны з адпаведнай даньню дзяклам, якое плацілася збожжам ад земляробскіх вырабаў־з аднаго боку; і гаі, бары, лясы, вазёры, рэкі, бабровыя гоны і зьвярыныя і пташыныя ловы з адпаведнымі данямі бабровымі, мядовымі і кунічнымі־з другога боку, яскрава сьведчаць аб характары і гаспадаркі і заняткаў насельніцтва. Пералічаючы падаткі, гаспадар вялікі князь падатак з вырабаў ад зямлі ня ставіць на першае месца, значыцца, замляробства ня йграла пераважнай ролі ў гаспадарцы маёнтку. Такі характар мае і другі маёнтак ״Онцыпоровское“, які належыў гаспадарскаму пісару Грамыку Ісаевічу: ״з людьми и землями пашными и з бортными, и з сеножатьми и з дубровами и з прудищы, и з реками, и з ловы зверынъными и пташынными, и рыб‘ими"[11] У 1513 г. вялікі князь Жыгімонт зацьвердзіў даніну Галены Іванаўны за Вазьнясенскім манастыром сяло Трасьнянец ״блиско места менскага“ шэсьць служб людзей... і, апрача таго, яшчэ ״три земли, на которых седели тры службы людей... и з их землями пашными и бортными и з бобровыми гоны и с сеножатьми“[12].

Такі пераходны характар гаспадаркі ня мог, аднак, доўга ўтрымацца ў Меншчыне, дзякуючы яе блізкасьці да цэнтраў і да ракі Нёмана, якая давала магчымасьць вывозіць сельска-гаспадарчыя вырабы на заходня-эўрапэйскія рынкі. Магчыма, што Меншчына ў той час ужо была болей густа заселена, чымся ўсходнія краіны, бо вялікія князі, пачынаючы з Казіміра, шырока раздаюць землі Меншчыны баярам шляхце, як у часовае, гэтак і ў вечнае ўладаньне на ўмовах вайсковай службы..[13]

Па попісу 1528 г. шляхта Менскага навету з гаспадарскіх зямель выстаўляла 72 кані, з іх баярын ״Служка Омелянович ״выстаўляў“ 14 коняй, Багдан Шалуха—12 коняй, 2 баярыны па 5 коняй, 1 баярын 4 коні, 2 баярыны па 3 кані, 5 баяр па 2 кані, 21 баярын па аднаму каню, з іх аднаго каня выстаўляла некалькі братоў, а аднаго—выстаўлялі ўдвох. Апроч таго, тры баярыны, выяжджалі ״сам“—конь[14]. Былі на тэрыторыі Менскага павету, напэўна, і панскія землі. Так, вядома, што ў Заслаўлі сядзелі князі Жаслаўскія; Смалявічы належылі князём Астрожскім, былі маёнткі князёў Горскіх, Радзівілаў, Тышкевічаў і іншых. Калі ў канцы XV ст. ў значных разьмерах пачало вывазіцца збожжа заграніцу, зразумела, што як баяры—шляхта пачалі імкнуцца да пашырэньня земляробства, гэтак і само сялянства павялічыла свае заняткі ім, і земляробства ў XVI ст. пачынае значна ўзмацняцца ў раёне Менску.

Спрыяючым момантам для Менску было тое, што ён ляжаў на гандлёвым шляху з усходу на захад. Гэты шлях ішоў з Вільні на Маскву праз Меднікі, Ашмяны, Крэва, Краснасельск, Менск, Барысаў і Воршу. Гэтым шляхам звычайна езьдзілі гаспадарскія паслы і гандляры[15]. Праз Менск ішоў значны гандаль ужо ў XV ст. Значэньне гадлёвага шляху асабліва ў гандлю з Масквой выступае выразна ў арэндных дагаворах на Менскае мыта. Мытнікі выгаварвалі сабе, што, у выпадку вайны з Масквою, страты ад вайны павінны вылічвацца з агульнай сумы. Значнасьць зносін з Масквою адбіваецца і ў скачках арэнднай платы за мыта ў залежнасьці ад вайны. У Менску з старажытных часоў знаходзіцца дзяржаўная мытная камора, якая абкладае мытам усе тавары, што праходзілі праз Менск. Ужо ў 1486 г. з Менскага мыта было толькі выдана розным асобам 103 капы грошай,[16] (колькі ўсяго даваў мытны збор у Менску ў гэты час—невядома). У 1489 г. Менскае мыта аддана было ў арэнду за 250 коп грошай[17], ў 1491 г. было аддана на тры гады за ״трыста коп грошай и 6 без осми грошей[18]. У 1498 г. было аддана ў арэнду за 200 коп грошай ў год, у 1501 г. за 300 коп, у 1504 за 200 коп, ў 1509 г. за 300 коп грошай, у 1525 г. за 450 коп грошай, ў 1532 по 550 коп грошай у год, у 1553 г. за 1500 коп грошай на год, у 1560 г, таксама за 1500 коп грошай у год.[19]

Значная сума мытных грошай, якія зьбіраліся з тавараў, што праходзілі праз Менск, сьведчыць аб жывым гандлю ўсходніх краін з захадам. Гэты гандаль ажыўляў места Менск і спрыяў яго разьвіцьцю. Аднак, м. Менск ня было у пачатку XVI в. значным пасяленьнем ў параўнаньні з іншымі местамі Літоўска-Беларускай дзяржавы. Па раскладу вайсковай павіннасьці ля 1513 г. Менск выстаўляе толькі 10 коняй, у той час, як Навагрудак і Ваўкавыск павінны даваць па 20 коняй, Бельск 50 коняй, Берасьцё 150, а Вільня 500 коняй[20]. Такія ж прыблізна адносіны былі і ў тым выпадку, калі вайсковая павіннасьць замянялася грашовым падаткам. Менск плаціў за звальненьне ад вайсковай службы 10 коп грошай, Навагрудак 20 коп, Берасьцье 100 коп[21]. Такім чынам, у пачатку XVI ст. Менск быў невялічкім местам і быў меншым за Навагрудак, Ваўкавыск, Ліду і іншыя месты Беларусі, калі грунтавацца на гэтых параўнаўчых даных сярэбшчыны і вайсковай сілы гэтых мест. Некаторая супярэчнасьць маецца аднак у тым, што Менск плаціў кожны год агульны плат з усяго места ў колькасьці 60 коп грошай, Навагрудак 50 залатых угорскіх[22], а Ваўкавыск 30 залатых[23]. У канцы XV і ў пачатку XVI стал. на Менску цяжка адбіліся войны паміж Літоўска-Беларускай дзяржавай і княствам Маскоўскім. Хоць вайсковыя падзеі не дакаціліся да тэрыторыі Менска, але яны зьнішчылі той гандаль, які йшоў праз Менск, прыпыніўшы гандлёвыя зносіны з Масквою і адарваўшы ад Літоўскага княства цэлы шэраг ўсходніх краін, якія праз Менск вялі гандлёвыя зносіны з захадам. Яскрава гэта відаць ў зьніжэньні мытных збораў. Ваенныя справы аднак і ажыўляюць Менск, бо ў часе вайны гаспадар з панамі радаю часта бывае ў Менску, прызначае сэсіі сваіх судоў, і ў Менск да гаспадара прыяжджаюць многія асобы, якія маюць тыя ці іншыя справы да гаспадара і шукаюць іх вырашэньня. Так ужо ў 1502 г. вялікі князь Аляксандар з панамі радаю быў у Менску і хоць, напэўна, кароткі час, але вырашыў там некаторыя справы[24]. У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт вырашае цэлы шэраг судовых спраў у Менску; пры гэтым былі наступныя паны-рада: "Воевода Троцкий пан Миколай Миколаевич, Маршалок Земский, староста Городенский, пан Ян Юрьевич; пан Троцкий, староста Жомоитский, пан Станислав Янович; воевода Новгородский, маршалок, князь Иван Львович Глинский; маршалок, наместник Волковыйский и Кричовский, пан Ян Янович Юрьевича, и иные панове рада“[25].

Вялікае значэньне для ажыўленьня м. Менску мела дараваньне Майдэборскага права. 14 сакавіка 1409 г .[26] Менск атрымаў прывілей на Майдэборскае права, нават раней чымся м. Навагрудак, ня гледзячы на тое, што, вочавідна, Менск у той час быў значна меншым за Навагрудак. Цяжка высьветліць непасрэдныя прычыны дараваньня Майдэборскага права м. Менску, як і наогул большей часткі мест Беларусі. Па характару гаспадаркі Менскага павету і ўсёй акругі нельга сказаць, каб дараваньне Майдэборскага права вымагалася экономічнымі патрэбамі, бо гаспадарка і заняткі насельніцтва места Менску мала чым адрозьніваюцца ад вакольных вёсак. З другога боку, мы ня можам сказаць, што разьвіцьцё земляробскай гаспадаркі ў весцы, а таксама і гаспадарскага Менскага двара і бліжэйшай да Менску вакругі пагражала Менскаму насельніцтву цяглымі службамі і прыгонам, як гэта можна заўважыць у іншых беларускіх местах таго часу, напрыклад, у Ваўкавыску, мяшчане якога прывілеем на Майдэборскае права звальняліся ад ״дзякол и от сена подякольного и от пенязей тых, которые за дяклом врадником даивали каждый год“ .. ״Также и з секерою на дело не велели им ходити и сена косити... и до Городна на работу к вапну не ходити“[27]. Такой пагрозы мы не прымячаем для Менску; Менск па велічыні быў меншым за Ваўкавыск, і каля Менску яшчэ не разьвіта так земляробства з зьвязаным з ім прыгонам, як гэта было ў Ваўкавыскім павеце. У канцы XV і пачатку XVI сталецьця, аднак, ужо можна заўважыць у Менску выдзяленьне рамесла і існаваньне цэлага шэрагу рамесьнікаў, як залатары, краўцы, кушнары, кавалі, чабатары і іншыя. Гэтыя рамесьнікі да дараваньня Майдэборскага права былі пад прысудам замкавым і працавалі на замак, вырабляючы ״нароги, серпы и защепки и сокеры и иные речы". З дараваньнем прывілея на Майдэборскае права рамесьнікі папалі пад уладу Менскага магістрата. Аднак, намесьнік гаспадарскі ў Менску князь Багдан Жаслаўскі быў нездаволен такім палажэньнем і скардзіўся князю, грунтуючыся на тым, што двор гаспадарскі застаўся без рамесьнікаў. Гаспадар стаў на бок намесьніка і загадаў Менскаму ўраду выдзяліць 15 рамесьніцкіх дамоў і перадаць іх замкаваму ўраду[28]. Калі прыняць пад увагу такую значную колькасьць дамоў, насялёных рамесьнікамі, якія выдзяляліся на замак, то можна думаць, што лік рамесьнікаў ужо ў пачатку XVI в. быў досыць значным і рамясло было даволі разьвітым у Менску.

Дакуманты XV в. не захавалі нам і барацьбы Менску і яго насельніцтва з намесьнікамі-дзяржаўцамі, хоць яна, напэўна, была, што таксама часта прымушала гаспадарскі ўрад таго часу шукаць выхаду ў звальненьні местаў ад палуладнасьці і прысуду намесьнікаў-дзяржаўцаў шляхам дараваньня ім Майдэборскага права і, на аснове яго, асобнай організацыі места з сваей ўладай, правамі і ўласным судом.

Правы і вольнасьці м. Менску на основе прывілея на Майдэборскае права.

Прывілей, які быў дан Менску ўрадам вялікага князя Аляксандра, трафарэтным спосабам, які ўжываецца ў значным ліку прывілеяў таго часу, абасноўвае дараваньне Майдэборскага права месту Менскаму.

Па думцы ўраду таго часу, якая выяўлена ў прывілею, дараваньне Майдэборскага права, і асабліва добрага і справядлівага ўраду, дапамагае разьвіцьцю места, яго павялічэньню і росту. ״Маючы взгляд посполитою доброго размноженьня и хотечы положенье места нашого Меньского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы, там мешкаючы через врад добрый а справедливый были размножены, тое место нашо Меньск с права Литовского и Руского и которое коли будеть там перво держано, у право Немецкое, которое зоветься Майтборское, переменяем на вечные часы"[29]. Такім чынам, урад лічыць, што пераменай ״тубыльных праў, якімі карысталася места да гэтага часу, на правы нямецкія, места ставіцца ў лепшыя умовы жыцьця, асабліва дзякуючы добраму і справедліваму ўраду, які організуецца нанова, па прыкладу чужаземных, нямецкіх мест. Можна думаць, што ў гэтым апошнім, а іменна, ў вызваленьні ад падуладнасьці і падсуднасьці намесьнікам дзяржаўцам, з свавольствам і драпествам якіх ня мог справіцца ўрад, і была галоўная прычына дараваньня Менску Майдэборскага права. Хоць дакумантаў аб адносінах намесьнікаў гаспадарскіх да мяшчан Менскіх з часоў перад дараваньнем Майдэборскага права і не захавалася, але можна думаць, што намесьнікі Менскія ня былі лепшымі за намесьнікаў іншых краін, тым болей, што барацьба, і досыць значная, паміж Менскам і Менскім намесьнікам разгарнулася ў XVI веку.

Гэтаму моманту звальненьня места і яго насельніцтва ад падсуднасьці і падуладнасьці агульна-дзяржаўным ураднікам прывілей удзяляе многа ўвагі і наўмысьле яго падкрэсьлівае: "и тые вси люди выймуем от права городского и боярского и отдаляем их и вечно вызволяем всих того места людей от судов и от моцей всих воевод и от панов и старост, наместников, судей и всих врадников всего великого князства Литовского так, иж перед ними, о которых кольвек речах будут позваны, на праве не будуть повинни стояти, а ни отповедать".

Места, звольненае ад тубыльнага права ״Литовского и Русского", атрымлівае новыя нормы права, якімі яно павінна карыстацца ў сваім жыцьці. ״Вставляем и даем им знову обычай, подлуг того права Майтборгского, зупольное раженье и всю уставу, отдаляючы того места вси права, встави и обычай, перво держаный, который жь тое право Майтборское нагабаюць, засмучаюць, або перашкажаюць". ״Такеж к тому месту нашому Менскому даем и записуем и дозволяем супольно тым ся правом Майтьборским судити и радити, а надо все болшое право собе зоставляем“.

Даруючы месту новае права і новую уставу, прывілей не вызначае, у чым заключалася гэтае права і ня робіць увагі, якім выданьнем яго можна карыстацца. Трэба сказаць, што ў той час яно і ня было яшчэ надрукавана і, верагодна, што вядома было ў рукапісах, бо многія месты Беларусі, як Вільня і Берасьцё ўжо доўгі час ім карысталіся. У першы раз своды Майдэборскага права былі надрукаваны на лацінскай мове Мікалаем Яськерам у 1535 г. у Кракаве, а потым—на польскай мове ў другой палове XVI веку былі многа раз выданы у апрацоўцы Барталамея Гроіцкага і Паўла Шчэрбіча. Апошнія выданьні, хоць яны ніколі ня былі зацьверджаны ўладаю, і былі тымі нормамі права і сводамі законаў, якімі карысталіся беларускія месты, у тым ліку і Менск, а таксама і дзяржаўны ўрад у мескіх справах[30].

Разам з вызваленьнем ад падуладнасьці і прысуду ваяводам, дзяржаўцам і іншым ураднікам, прывілей вызваляе Менск ад некаторых ранейшых павіннасьцей. Аднэй з цяжкіх павіннасьцяй была падводная. Места Менскае ня зусім ад яе звальняецца, але даваньне падвод Менскам абмяжоўваецца, і падводы павінны давацца, калі ёсьць загад самога гаспадара, запячатаны яго сыгнэтам.

Падводная павіннасьць натураю была досыць цяжкаю для места і пасьля выданьня прывілею, асабліва па тэй прычыне, што насельніцтва Менска, якое не падлягала Майдэборскаму праву, як царкоўнае, касьцельнае і манастырскае, было зусім звольнена ад падводнай павіннасьці, а насельніцтва, якое жыло на землях княскіх, панскіх і шляхецкіх, імкнулася ўхіліцца ад яе.

Падводная павіннасьць спачатку адбывалася, трэба думаць, натураю, а ў другой палове XVI ст. была пераведзена на грошы. На Менск у годы 1572—1590 прыходзілася падводных грошай 11 коп 30 грошай штогодна[31]. У параўнаньні з іншымі местамі гэта была нязначная сума, бо Ваўкавыск плаціў штогод ״падводных пенезей“ у тыя-ж часы 34 капы грошай.

Прывілеем таксама вызваляюцца мяшчане і ад старожы, якую яны павінны цяпер даваць толькі на дзяржаўныя патрэбы.

Прывілеем устанаўліваецца агульны падатак з места ў разьмеру 60 коп грошай на год. Да гэтага часу насельніцтва Менску плаціла розныя катэгорыі падаткаў, а цяпер гэта замяняецца агульным платам з усяго места. З іншых падаткаў Менск плаціць, як і ўсе месты, сярэбшчыну: "коли положим серебщину нашу великую и малую по всим городом нашым и местом и волостем в нашом панстве, великом князстве, то тое нашо место маеть нам серебщыну давати так, как и иные нашы месты без кождое вымовы“. Сярэбшчына была агульным дзяржаўным падаткам, які накладаўся па ўхвалах вялікага вальнага сойму і прызначаўся звычайна на вайсковыя патрэбы. Сярэбшчына бралася ў сельскіх мясцовасьцях са службы, а з правядзеньнем валочнай памеры, 3 валокі (валока раўнялася прыблізна 20 дзесяцінам); ў местах, ў залежнасьці ад велічыні места. На Менск ў 1513 г., як вышэй бачылі, было прызначана 10 коп грошай.

Апрача гэтага, Менск плаціў яшчэ ״цынш корчемный״, гэта значыць падатак за права вырабу і прадажы гарэлкі і піва. Гэты падатак застаўся за местам "подле давного обычая״.

Самай значнай павіннасьцю была земская служба, або вайсковая павіннасьць. Места павінна было выстаўляць вызначаны вялікім вальным соймам лік вайсковай сілы, што, як мы ўжо бачылі, у 1513 г. складала 10 коняй.

Звольніўшы Менск ад часткі павіннасьцяй і вызначыўшы яго падаткі, якія ён павінен быў плаціць, прывілей пералічае цэлы шэраг экономічных выгад і даходных крыніц, якія даюцца месту і яго ўраду.

Менск займаў выгоднае палажэньне ў гандлёвых адносінах, бо ён ляжаў на шляху паміж Заходняй Эўропай і Маскоўскай дзяржавай.

Было вельмі важна для далейшага ўзросту Менску забясьпечыць яго ад гандляроў іншых мест, якія праездам маглі запоўніць рынак прывознымі таварамі і, такім чынам, пазбавіць прыбыткаў ад гандлю мескіх гандляроў. Прывілей зьвярнуў на гэта вялікую ўвагу і вызначыў ня толькі тое, што госьці маюць права прадаваць і купляць толькі оптам, але і падрабязна пералічыў, якою мераю яны маюць права карыстацца ў гандлёвых зносінах з мясцовым насельніцтвам. Выключэньне было толькі для віленцаў, якія маглі гандляваць у раздроб. Разам з гэтым прывілей рашуча забараніў гандляром весьці гандаль па вёсках. Усе тавары яны павінны былі прадаваць і набываць толькі ў месьце. ״Теж кроме Вилиевцев ни один купец иного места не будеть моцы мети иноко куповати и продавати, только под тою мерою, в том листе на долу выписаною: найпервей воски—штукою, або по полуберковеску, соболи, куницы и тхоры—по сороку, белку, горностая, лисицу и норыцу—по полтретяста, попел, смолу—лаштом; а того не маюць куповати ни в лесех, а ни в борех, а ни в селех, тольки на месте. Тэж мають прадавати сукна—паставом, соль—лаштом, перец, имбер, мигдалы, иншыи зельи простыи—каменем, шафран, мушкаты, гвоздики, квет мушкатовый, кгалкган, цетвар и иншыи зелья дорожшии—фунътом, секиры, ножы и иншыи таковские речи—тахром, або в тузин, железо, олово, медь, цыну, мосяжи и иншыи речы таковъские—центънарем, фикги, розынъки, кошем, вино какое колвек и пиво немецъкое и иншое питье чужое бочкою целою. Тыи купцы чужые не будуть смети под меру меньшую а ни продавати, а ни куповати, тольки как у верху выписано; а естълибы который своею смелостию иначей вчинил, тогдытую куплю до коморы нашое войт на нас возьметь“.

Гэтая зацікаўленнасьць места ў гандлёвых прывілеях і яго залежнасьць ад гандлю выразна адбіваецца і ў пазьнейшых пацьверджаньнях гандлёвых інтарэсаў Менску. У 1606 г. Жыгімонт Ваза новым прывілеем замацаваў гандлёвыя прывілеі Менску, прычым выразна вызначыў, што Менск прышоў ў заняпад у часе войн Інфлянскай, а потым Маскоўскай.

Новы прывілей наагул зьяўляецца паўтарэньнем старога, аднак мае і некаторыя навіны ў параўнаньні з прывілеем 1499 г. Прывілей забараняе ўсім гандляром гасьцём, ня выключаючы і віленцаў, як тубыльным, так і чужаземным, гандляваць у раздроб. Пры гэтым прывілей падкрэсьлівае тыя часы, калі асабліва ажыўляецца гандаль, а іменна, у часы адбываньня трыбунальскіх судоў, рочкаў земскіх і рочкаў гродскіх, гэта значыць у часы, калі ў места зьяжджаецца многа шляхты з вёсак; у гэтыя часы чужаземцы і гандляры іншых мест ня маюць права гандляваць у раздроб пад страхам конфіскацыі тавароў. Прывілей таксама забараняе гандаль у раздроб і таму мескаму насельніцтву, якое не падлягае Майдэборскаму праву. Гэты прывілей таксама забараняе весьці ў Менску гандаль і заводзіць свае крамы яўрэям на тэй аснове, што яны да гэтага часу ў Менску гандлем не займаліся. Прывілей забараняе таксама гандаль госьцю з госьцем; такі гандаль дазваляецца толькі у часы ярмаркаў.[32]

Забясьпечыўшы гандлёвыя інтарэсы Менску, прывілей зьвяртае і значную ўвагу на яго сельска-гаспадарчыя патрэбы. Месту былі пераданы ״вси места пустыи в месте и вкруг места, поля нашы, ку осаженью и размноженью людей“. Апрача таго, мяшчанам, паводле старога звычаю, дазволена было ״брати дерево на будованье домов и теж на кухню в борех, в лесе за тры мили около местъца в нашых борек в лесех и в пущах, окроме бортного дерева, которого ж рушить не смеють“.

Такое агульнае і нявыразнае дараваньне неабмераных дакладна сельска-гаспадарных угодзьдзяў, палёў і лясоў, магчыма была дзякуючы слабай заселенасьці ваколіц Менску. Хутка, аднак, зрабіўся патрэбным больш дэтальны абмер зямель, тым болей, што шляхта пачала захапляць менскія паля, сенажаці і іншыя менскія ўгодзьдзі. Менск прымушан быў судовым парадкам бараніць свае землі, і, па загаду гаспадарскага ўраду, два разы ў 1576 і ў 1586 г. выяжджаюць камісары, якія ״опять им тые кгрунты присудили и ограничили .. з описаньнем певных границ“. На аснове гэтай пастановы і разьмежаваньня камісаpaў Менск ізноў ужо ў 1592 годзе просіць аб замацаваньні за ім наданых яму зямельных угодзьдзяў, пажыткі з якіх ідуць "на ратуш Менский ку апатреню тежаров местких“. Просьба места была задаволена, аднак ужо з болей ясным вызначэньнем граніц. ״А так мы з ласки нашое гасподарское чынечы то па чоломбите подданых нашых мещан менских... тые все пляцы и кгрунты в месте и около места з давных часов им ку месту належачые, покол(ь) границы тых кгрунтов их зашли и которые им через комисаров продков нашых прысужоны суть, то есть, бор, пущу, кгрунты и сеножати крупецкие, водле листов суду комисарского, за речкою крупком, почавшы от речки крупца у верху реки свислочы аж до ржавца, под пущу качынскую и до земли каноницкое, а от земли каноницкое по дорогу тарасовскую и болото шырокое и иншые всякие кгрунты около того места нашого: розробки, заросли, пропашы и сеножати, што однокольвек им здавна и теперь належыт пры подданых нашых мещанех менских есмо зоставили“[33].

Апрача гэтага месту была надана яшчэ некалькі даходных крыніц. Як і ва ўсіх іншых местах, Менску дарована была права ״мети важницу и капницу, и весь воск там жо стопленый печатью их мають знаменитовати, и с того вжытки ку посполитому доброму мають ховати“.

Менская вага, якая існуе і дагэтуль, была ў тыя часы вельмі патрэбнай; старажытныя гандляры не маглі пахваліцца сваёй сумейнасьцю, і, пры пераходзе тавару з адных рук у другія, тавары звычайна важыліся на мескай важніцы. Даход з гэтай вагі ״важнее“, які да дараваньня майдэборскага права йшоў на карысьць намесьніка дзяржауцы, цяпер быу пярэдан месту.

Тое самое было і з капніцай. Фальшаваньне воску было звычайнай зьявай яшчэ ў больш старыя часы[34]. Яно захавалася і ў XV і XVI в. Каб забясьпечыць добрую якасьць воску, яго звычайна тапілі ў мескай капніцы, вылівалі ў пэўныя формы, і ставілі мескую пячатку, як фабрычнае кляймо. За гэтыя паслугі места брала некаторую суму грошай, што было крыніцай яго даходаў.

Для тэй жа мэты забясьпечаньня правільнасьці меры, места мела ״бочку мерную и медницу с знаменем местским“, плата за карыстаньне якімі йшла на пажытак места.

Прывілеем 1499 г. было дарована права пабудаваць ратуш ״пад каторым жо будуць мети крамницу и клетки хлебные и камору пастрыгальную». Даход з іх таксама павінен быў ісьці на карысьць места.

Для павялічэньня мескага пажытку дазволена было ״млын збудовати на местцу подобном, на раце на Свислочы". У Менску, па Сьвіслачы, ўжо быў млын, але гаспадар пакінуў яго за сабою. Права на збудаваньне млыну, аднак, ня было зьдзейсьнена на працягу ўсяго XVI ст. У 1592 г. прывілей, выданы Менску, сьведчыць, што мяшчане менскія ״мають такое позволенье, же вольно им млын на реце на свислочы на погожом местцу збудовати, а они за недостатком своим и до сего часу тому досыць учынити не могут״. Цяпер, у 1592 г. мяшчане просяць аб дазваленьні ім збудаваць млын ў іншым месцы, а, іменна, ״на речце переспе, которая идеть с комарова болота у Свислоч реку, став заняти и млын збудовати“ і апроч таго ״другий млын паперный тудеж мучный на кгрунте местском также заняти и властным накладом их збудавати"[35].

Дазваленьне ім было дадзена. Як і калі было зьдзейсьнена дазваленьне, невядома, бо просьба паўтараецца і ў 1606 г., але стаў і млын у Крупцах існуе і дагэтуль. Апроч млына для мліва збожжа і папяровага млыну, былі ў Менску, напэўна, і іншыя прамысловыя ўстановы, як цагельня і іншыя; вестак, аднак, аб іх ад XVI сталецьця ў нас не захавалася.

Організацыя мескай ўлады ў Менску.

З дараваньнем Майдэборскага права і вызваленьнем ад падуладнасьці ваявод і намесьнікаў-дзяржаўцаў, у месьце была організована свая меская ўлада па ўзору іншых мест, якія карысталіся Майдэборскім правам. Перш усяго прывілеем устанаўляецца і надаецца войтаўства і вызначаюцца войту пажыткі, якія йдуць на яго карысьць. Галоўным даходам войта зьяўляецца трэці грош, гэта значыць трэцяя частка з судовых він-штрафаў. Гэты войтаўскі пажытак з важнейшага абавязку войта, а іменна, з судовых він, бо ўсе судовыя справы, асабліва крымынальныя, падлягаюць суду войта разам з лаваю. Апрача таго, войт атрымлівае даход з двух клетак мясных і плат з двух карчом. Дзьве карчмы штогодна прыносяць даход войту 4 капы грашай[36].

Войтаўскія пасады — вельмі даходныя, і дзеля гэтага прыэначэньне на гэтую пасаду ўрад пакідае за сабою. У значных местах, дзе даходы былі вельмі вялікія, войтаўская пасада звычайна аддавалася выдатным паном і ўрадавым асобам, як, напрыклад, у Полацку, Бельску, Каменцы, пазьней ў Віцебску і Магілеве. У Менску гэтага мы ня зауважаем ў XVI стале; ў XVII ст. войтамі былі звычайна паны. Войтаўская пасада звычайна аддавалася дажывотна, гэта значыць да сьмерці тэй асобе, якая прызначалася на пасаду, або ў вечнасьць з правам перадачы насьледнікам. Тое-ж было і ў Менску. Хто быў першым войтам, невядома. У 1503 г. менскае войтаўства было зацьверджана за мытнікам Смаленскім Іванам Новахрышчоным. Магчыма, што ён і быў першым войтам, бо ён просіць, каб яму гаспадар даў ״войтовство Менское со всими тыми платы и доходы, што перво сего дали есмо ему, абыхмо ему тое войтовство дали вечно“. ״И мы з ласки нашое на его чоломбитье то вчинили и тое войтовство Менское дали есмо держати и заведати вечно и непорушно ему самому и его жоне и их детям и его ближним и напотом будучим их счадком со всими войтовскими платы и доходы и с тою воскобойнею и капницею и тым третим грошем, што маеть с судов на ратуши брати и с двома корчмами волными, которыи ж маеть в месте мети з их платом“. Такім чынам войтаўскі ўрад перадаецца мытніку Смаленскаму ў вечнасьць; пры гэтым у яго карыстаньне аддаюцца менскія даходныя крыніцы, як воскабойня і капніца, якія дагэтуль належалі месту. Можна думаць, што мытнік Іван пазычыў значную суму грошай дзяржаўнаму скарбу і ў забясьпечаньне звароту атрымаў даходную пасаду. Гэта тым болей верагодна, што прывілей захоўвае за ім гэтыя пасады нават у тым выпадку, калі-б Майдэборскае права была адменена. ״А естли бых мо то право Майтборское в месте Менском зламали, и мы однако его не маем с того войтовства рушити и тот его третий грош с судов мает ему таки наместник Менский выдавати, который ли коли Менск от нас будет держати[37].

Праз некалькі гадоў вайтоўство Менскае адышло да радні войта Івана, а ў 1518 г. войтам Менскім быў ужо нейкі Грынашка Багдановіч[38], у 1590 г. войтам і войскім менскім быў Іван Быкаўскі[39], а ў 1595 г. Грыгор Тэрлецкі[40].

Прывілей 1499 г. зусім не вызначае ўлады намесьніка войта, або лентвойта. Аднак, пасада лентвойта зьявілася, толькі невядома калі. У 1590 г. лентвойтам Менскім быў Ян Петрашковіч[41].

Асноўным абавязкам і правам войта быў суд над мяшчанамі места, ад якога ён атрымліваў найбольшы прыбытак. На судовыя пастановы войта апэляцыя йшла да гаспадара вялікага князя. Але войт быў ня толькі судоваю ўладаю ў Менску; яму ў значнай меры належыла і вышэйшая адміністрацыйная ўлада. Так, у 1590 г., войт Менскі Іван Быкаўскі ўстанаўляе і зацьвярджае парадак адбываньня ўлады бурмістраў, радцаў і лаўнікаў.

Суд і адміністрацыйныя справы войт вырашаў супольна з радцамі і бурмістрамі. Менская рада па правілею складалася з 12 радцаў; радцы разам з войтам выбіраюць з саміх сябе на кожны год 2 бурмістраў. ״Мають теж быти в месте дванадцать радских, которыи ж радцы з войтом посполито моють абирати промежку себе на кождый год бурмистров“.

Якім спосабам вызначаліся радцы—шляхам абіраньня менскімі мяшчанамі, ці прызначаліся на свае пасады войтамі, невядома.

Прывілей зусім нічога не гаворыць аб лаве, але ў 1590 г. лаўнікі ўжо існуюць, аднак ня ясна, ці яны склацаюць асобную ўстанову, бо суд праводзіцца бурмістрамі, радцамі і лаўнікамі. Спосаб абіраньня бурмістраў, які вызначан прывілеем, не застаўся сталым. Відаць, бурмістраўскія пасады былі даходнымі, бо за ўладаньне імі, і за спосабы прызначэньня бурмістраў ідзе барацьба. Па пастанове сходу бурмістраў, радцаў і лаўнікаў у 1590 годзе было прызнана, што штогодняе абіраньне бурмістраў шкодна для места, бо дзякуючы яму кепска даглядаюцца мескія маемасьці; апроч таго, штогоднія выбары ўносяць сярод райцаў ростыркі і вОражасьць; і было пастаноўлена прызначыць па тры зьмены бурмістраў, радцаў і лаўнікаў па 2 з кожнага ўраду. Кожная зьмена абраных урадоўцаў займае пасаду па году. Пры гэтым былі абраны на 1590 г. бурмістрамі Багдан Савіч і Саўка Піліповіч, райцамі—Іван Ткач і Лявон Ходзьковіч, лаўнікамі—Захар'я Дзямідовіч і Аніска Мухліч; затым былі абраны пэўныя асобы на 1591 і 1592 г.г. Калі־б яны выдаліся пажытачнымі і карыснымі для мескіх спраў, то яны захоўваюць свае пасады да сьмерці, а калі б такі парадак аказаўся нявыгодным, то радзе і магістрату мескаму даецца магчымасьць зьмяніць гэты парадак і ўстанавіць новы, згодна сваім разважаньням і ўхвалам.

У выпадку ад‘езду па пільных справах каго-небудзь з абраных ураднікаў, іх замяняюць па ўласнай іх просьбе старыя ўраднікі такім спосабам: бурмістр-бурмістра, радца-радцу і лаўнік лаўніка. За новаабранымі ўрадоўцамі было забясьпечана, што ў выпадку нападу на іх, або гвалту, ўсё паспольства абавязана абараняць іх ва ўсялякіх судох, аж да астатняга стопня, за кошт і дапамогаю ўсяго места. У той час, калі свавольства шляхецтва і асабліва магнацтва ня ведала ніякіх перашкод, такое забясьпечаньне было далёка ня лішнім. Разам з тым, прымаючы пад увагу значную працу, якая прыходзіцца на іх долю, і каб прыахвоціць іх да пасяджэньняў, а таксама да выкананьня іх адміністраційных абавязкаў, прызначаецца пэнсыя: бурмістрам рочным па 20 злотых польскіх у год, тэта значыць тым бурмістрам трох зьмен, якія будуць займацца судовымі справамі 16 коп. грошай на год, двум радцам па тры копы грошай, а лаўнікам двум па капе грошай літоўскіх

Кожная зьмена займае сваю пасаду з вясновага Мікалая, гэта значыць з 9 траўня.

Згода магістрату 1590 году прызначае таксама двух бірчых, якія выбіраюць мескія падаткі і двух шафараў, якія хаваюць грошы і наглядаюць за зьбіраньнем падаткаў. Кожны год гадавыя бурмістры, радцы і лаўнікі, пасьля заканчэньня году, павінны здаць другой зьмене бурмістраў, радцаў і лаўнікаў скрынку мескую з прывілеямі, лістамі і кнігамі, пячаткаю мескаю і з ўсімі пісьмовымі справамі; разам з тым павінны зрабіць справаздачу аб даходах і расходах перад усім паспольствам, якое зьбярэцца ў тэты час у ратуш.

Разам з тым быў вызначан дзень для пасяджэньняў рады, а іменна, чацьверг.

Такім чынам, організацыя мескай улады, або, як казалі ў той час, магістрату, адбывалася паступова, пры чым у яе організацыі прымала некаторы ўдзел і насельніцтва.

Узаемаадносіны мяшчан да іншых станаў грамадзянства.

Прывілей 1499 г. на Майдэборскае права далёка ня вырашыў усіх мескіх спраў м. Менска. Перш усяго ён ня вызначыў узаемаадносін мяшчанства да іншіых станаў грамадзянства, а таксама і да іх падданых. Хто будзе падлягаць Майдэборскаму праву і нова-організованай уладзе? Гэта пытаньне паўстала вельмі хутка і на самай практычнай аснове, на грунце нясеньня розных павіннасьцей і платы падаткаў. Перш за ўсё места сустрэлася з праваслаўнай царквою і насельніцтвам, якое жыло ў Менску на царкоўных землях.

Праваслаўная царква даўно ўжо мела ў Менску свае ўстановы— манастыры і царквы. Трудна сказаць, колькі царквей і манастыроў было ў Менску ў XV і нават у першай палове XVI ст.; ёсьць думка, што Менск, які належаў да Тураўскай эпархіі, з XII ст. стаў цэнтрам Менскага-біскупства[42]. Думка гэтая, аднак, ня мае падмацаваньня ў крыніцах, і ў XVI ст па ранейшаму Менск належыць да Тураўска-Пінскай эпархіі. На Віленскім царкоўным саборы 1509 г. ад Менску быў архімандрыт з Меньска В'знесеньский Сергей“; такім чынам можна з пэўнасьцю гаварыць аб існаваньні ў гэты час аднаго манастыра і, можа быць, некалькіх царквей, існаваньне якіх і выяўляецца ў XVI ст.

У канцы XVI ст. можна з большай або меншай пэўнасьцю гаварыць аб наступных царквах: саборнай, быўшай у замку[43], царкве «рожества пречыстое богородицы на улицы немизской стоячую"[44]; гэта царква ляжала на пляцу Радзівілаў. У пачатку XVII ст. яна сгарэла і была выбудована на тым самым месцу[45]. Затым вядомы царквы—Пятніцкая[46], Козьмадземянаўская[47], Васкрасенская, Троецкая[48]; дзе знаходзіліся апошнія царквы, невядома.

На землях царкоўных жыло ня толькі духавенства, але і многа іншага насельніцтва. Насельніцтва, якое жыло на царкоўных землях. карысталася ўсімі выгодамі места, аднак, ня было падуладна мескаму ўраду і не складала з ім аднастайнай трупы. Пасьля дараваньня Майдэборскага права мескаму ўраду прышлося адразу сустрэцца з гэтай супярэчнасьцю.

У 1522 г. вялікі князь па просьбе мітрапаліта Іосіфа, які скардзіўся гаспадарскаму ўраду на войта, бурмістраў і радцаў Менску за тое, што яны ״людей его церковных и поповских, который в месте Менском суть и торгом ся обыходят“, хочуць абкласьці сярэбшчынай, прыцягваюць да нясеньня падводнай павіннасьці і ўсялякіх іншых -поплатков“, у той час, як раней яны нічога з усіх адзначаных павіннасьцяй да гэтага часу разам з местам не адбывалі. Гаспадар стаў на бок мітрапаліта і забараніў абкладаць насельніцтва царкоўных зямель палаткам і прымушаць яго да адбываньня павіннасьцяй[49].

Такая-ж спрэчка паднялася і з насельніцтвам, якое жыло на землях Вазьнясенскага манастыра. Вазьнясенскі манастыр знаходзіўся ў падаваньні самаго вялікага князя. Падаваньне гэтае падобна да заходня-эўропэйской інвэстытуры і заключалася ў тым, што падаўца меў права аддаваць царкоўную ўстанову, з усімі прыналежнымі ёй маемасьцямі, па свайму жаданьню той ці іншай асобе, звычайна, да сваёй ласкі і волі, або дажывотна. Гэта быў так званы ״хлеб духоўны“. Віленскі сабор 1509 г. вынес пастанову, што паны, князі і іншыя асобы, на землях якіх знаходзяцца царкоўныя ўстановы і ў паданьні якіх яны знаходзяцца, прызначаюць годных асоб, якія павінны атрымаць благаславеньне і пасьвяшчэньне ў духоўны сан ад мітрапаліта. Але гэтая пастанова ня выконвалася, і манастыры аддаваліся і сьвецкім асобам у дзяржаньне, як і звычайныя маемасьці. Гаспадар аддаваў Вазьнясенскі манастыр разным асобам у XVI сталецьці, большаю часткаю асобам духоўнага стану. Трымалі манастыр, аднак, і сьвецкія асобы. Так, у 1579 г. манастыром уладаў пан Стэфан Дастаеўскі, з״ моцы и владности“ каторага гаспадар адняў манастыр і падаў "тот манастыр и люди тому манастыру прислухаючие“ архімандрыту Менскаму Міхайле Рагозе. У гэтыя часы Вазьнясенскі манастыр ня быў значным, як па свайму абсталяваньню, гэтак і па тых маемасьцях, якія належалі да яго. Царква манастырская была ״апалая и згнилая“. У царкве было 11 абразоў "старых, злинелых, фарбою писаных“. У алтары быў "престол, пакрыт выбойкою“, на прастоле было ״евангелие старое, троха медю оправленое, келих и миска ценовая, кадило старое, медное“. У той-жа царкве была невялікая колькасьць кніжок: ״меней месячных двенадцать, евангелие учительное, устав церковный, октоихи три, прелог один, треоди две, постная и цветная, требник один, апостол один, книги две старые пергаминовые“. З царкоўных аблачэньняў былі ״рызы кухтеровые белые, букотерлею обложены, потрахил стары златоглаву зеленого“. У царкве былі два ״прыделы“. Пры той-жа царкве была званіца і ״на ней звоны тры“. У манастыры была ״трапеза“, а пры ёй царква ״покров пречистое“. У трапезнай царкве было з абсталяваньня толькі тры абразы, і яна была нават без замка. З будынкаў манастыр меў ״светличку з сеньми“, тры клеці, ізбу, пякарню з сёньмі, другую ізбу з сенцамі старую і без страхі, стайню конную, пуню сенную. У манастыр вяло двое варот, але ўвесь ״замет (плот) коло того манастыря и около саду манастырского весь обобран״. За ракою Сьвіслаччу ў манастыра было гумно і ״дворец״, затым ״гумно с осетю, пуня сенная, другая пуня; третяя пуня на быдло“.

Манастыр меў 36 пляцоў, на якіх сядзела 33 сям'і манастырскіх падданных. Тры пляцы было пустых, іх дзяржалі тыя־ж падданыя. Манастыру апроч таго належала сяло ״Ляховые Луки״, у якім было тры службы сялян. У месьце пры царкве было некалькі яшчэ мяшчан манастырскіх, якія жылі пры царкве ״святое пятницы״[50]. Манастырскія мяшчане мелі свайго войта. Вазьнясенскаму манастыру ў пачатку XVI в. належала сяло Трасьцянец з шасьцю службамі, дараваны манастыру княгіняю Аленай Іваноўнай і зацьверджаны за манастыром у 1513 годзе. Да Трасьцянца Жыгімонт з свайго боку прыдаў манастыру яшчэ тры службы. Невядома, ці гэтыя тры службы і былі тымі ж службамі ў ״Ляховых Луках“ якія ўспамінаюцца ў 1579 г., ці гэта былі іншыя[51]. Часткаю можна высьвятліць, чым займаліся манастырскія мяшчане. З іх маемасьцяй можна вызначыць, што яны мелі пляцы, іншых-жа ўгодзьдзяў рэестр не ўспамінае. Найпраўдападобней, што у другой палове XVI ст. яны не займаліся земляробствам, а галоўным чынам рамяслом і гандлям, на што мелі значныя ільготы. Па прозьвішчах пералічаных манастырскіх мяшчан у рэестры, апроч войта, вызначаны 2 дойліды, 6 кажамяк, 1 шапавал, 1 пірожнік, 1 чабатар і 1 скамарох. З 33 сямей 13 мелі сваім заняткам рамясло; чым займаліся іншыя, сказаць нельга. Якія падаткі і павіннасьці нясло манастырскае насельніцтва свайму манастыру, таксама невядома.

Архімандрыт Вазьнясенскага манастыра ״Серафионт“ у 1522 г. скардзіцца на Менскі магістрат, што апошні прыцягвае манастырскіх людзей да адбываньня падводнай і старажовай павіннасьці, і гаспадарскі ўрад аддае загад, ״иж бы на людех его манастырских подвод не брали и инших кривд не чинили и заховали во всем потому водле давного обычая“[52]. Разам з гэтым гаспадар аддае загад менскаму намесьніку Багдану Іванавічу Жаслаўскаму, каб ён прыняў меры і загадаў войту і мяшчанам менскім, ״абы им и людем их монастырским в том кривд не чинили и в подводах и иных службах меских впокой им дали и в том бы еси их самих и людей их монастырских от их кривд во всем боронил“[53].

Мяшчане, аднак, ня могуць задаволіцца такім палажэньнем, тым болей, што людзі, якія жылі на землях Вазьнясенскага манастыра, займаюцца рамяслом і прадаюць свае вырабы, а іншыя скупаюць збожжа і солад, і прадаюць іх у Менску. На гэтай аснове магістрат прыцягвае іх да падводнай павіннасьці і накладае розныя падаткі. Архімандрыт Вазьнясенскага манастыра зноў скардзіцца ў 1533 г. гаспадарскаму ўраду на такую дзейнасьць магістрату. Цікава пры гэтым адзначыць, што сваю скаргу ён абасноўвае ня толькі на старыне, але і на тым, што людзі плебанскія, якія жывуць на касьцельнай зямлі і таксама займаюцца гандлем, аднак, падаткаў жадных не плацяць. Гаспадар зноў падтрымаў манастыр і забараніў тварыць якія-небудзь ״тяжкости, естли будут тыи люди его на землях церковных мешкати, а меских земель ани огородов под собою не мають״[54]. Трэба сказаць, што манастырскае насельніцтва было пазбаўлена ня толькі ад платы мескіх падаткаў і нясеньня мескіх павіннасьцяй. Яно атрымала ільготы, якіх ня мела насяленьне іншых станаў грамадзянства. Так, у 1546 г. гаспадар вялікі князь аддае загад менскаму мытніку, каб ён ״людей монастырских, которые подле монастыра и в месте мешкають и торгом ся обыходят“, каб ён ад ״речей их торговых“ мыта нябраў“[55].

Разам з імкненьнем прыцягнуць насельніцтва, якое жыло на манастырскіх і царкоўных землях, да нясеньня аднальковых падаткаў і павінасьцяй нароўні з мяшчанамі, якія жылі на землях мескіх пад Marдэнборскім правам, мы бачым спробы з боку мескага магістрату прыцягнуць людзей манастырскіх і царкоўных пад сваю ўладу. Адно было зьвязана з другім і натуральна, калі насельніцтва царкоўных і манастырскіх зямель не плаціла падаткаў і не жадала несьці павіннасьцяй у той час, як яно сваім рамяством і гандлем конкурыравала з мяшчанамі, на якіх падалі ўсе павіннасьці і падаткі. то магістрат усё־ж такі імкнецца ў рэчавістасьці зьнішчыць такія выключныя прывілеі, накладае падаткі, прымушае несьці павіннасьці, а тых, якія не жадаюць выконваць яго за гаду, ״сажае в казнь“. Гаспадарскі урад, аднак, зноў у 1554 г. зацьвярджае старый прывілеі манастырскіх і царкоўных людзей, звальняе ад падуладнасьці іх мескаму ураду і забараняе накладаць падаткі і прымушаць іх да адбываньня павіннасьцяй супольна з мяшчанамі[56].

Такім чынам, значная колькасьць насельніцтва, якое жыло на манастырскіх і царкоўных землях, была выключана з ліку менскага мяшчанства, не нясла з ім павіннасьцяй, не плаціла разам з местам падаткаў, была пазбаўлена ад платы мытных збораў і была падуладна не магістрату места, а асобнай уладзе; царкоўнае насельніства—уладзе мітрапаліта, а манастырскае—уладзе архымандрыта і іх ураднікаў. Гэта ўсё насельніцтва мела сваю ўладу і судзілася ў сваіх судох. Яно мела, як казалі ў той час, сваю ״юрысдыку“ і выдзялялася ў асобную групу насельніцтва пад юрысдыкай, гэта значыць, судом і ўладаю праваслаўнага мітрапаліта і манастырскага архімандрыта. Можна думаць, што юрысдыкі мітрапаліта і архімандрыта былі асобныя.

Апроч царкоўных і манастырскіх зямель праваслаўнай царквы, у Менску знаходзяцца землі, маемасьці і насельніцтва каталіцкай царквы. Насельніцтва зямель католіцкай царквы, ״которыи люди плебанскии тамже на земли костельной мешкають, они дей некоторый речи на продажу до места привозить и тымся жывят а от того ничога не платят“[57], такім чынам, карыстаецца тымі ж правамі, як і насяленьне праваслаўнай царквы, і, нават, правы гэтага насяленьня зьяўляюцца ўзорам для дамаганьняў насяленьня царкоўных зямель. У палажэньні насельніцтва католіцкай і праваслаўнай царквы, аднак, ёсьць некаторая розьніца; розьніца выразна выяўляецца і ў палажэньні самаго ўраду той і другой царквы. Праваслаўнай царкве прыходзіцца абараняць свае старым правы ад пакусаў на іх з боку мескага магістрату і мяшчанства, у той час як каталіцкая царква сама вядзе наступленьне на мяшчан і на іх правы. Гэтае наступленьне вядзецца як у адносінах да паасобных людзей, гэтак і на ўсё места.

У 1511 г. у судзе гаспадара вялікага князя з панамі радаю разьбіралася справа мешчаніна Менскага Багдана Кузьмініча з біскупам Віленскім Войтэхам. Богдан Кузьмініч скардзіўся на біскупа за тое, ״што ж дей он мене поймал и в нятство посадил; и седел дей есми в него в нятстве двадцать недель и над то дей многие речи мое побрал безвинно“[58]. Біскуп апраўдываўся тым, што Багдан Кузьмініч яго чалавек (״не от'хожы“) з Ігумена. Аднак, Багдан Кузьмініч давёў, што ён ״звечный чоловек госпадарский з Меньска“, і на гэтай аснове суд прысудзіў, каб біскуп заплаціў за ўсе ўзятыя рэчы і штраф за няпраўнае сажаньне ў турму. У тым жа годзе на таго־ж біскупа Войтэха ўжо скардзяцца ״бурмистры и радцы и вси мешчане места Виленского" на тое, што ён ״в суды метские вступается и позвы и клятвы на нас выдаеть безвинно“. Такім чынам віленскі біскуп, маючы касьцельныя эемлі па розных местах, вядзе агрэсыўную політыку ў адносінах да мяшчан, карыстаючыся сваім высокім палажэньнем ў дзяржаве, як першы пан рады вялікага княства, і змагацца з ім месту было далёка ня так лёгка, як з праваслаўнымі мітрапалітам і біскупамі.

Насельніцтва, якое жыла на касьцельных землях каталіцкай царквы, была падуладна і падсудна толькі Віленскаму біскупу і мела асобную біскупскую юрысдыку. Пры тым высокім палажэньні, якое займаў віленскі біскуп, палажэньне гэтага насельніцтва было досыць выгоднае і яго інтарэсы пільна абараняліся каталіцкаю царквою ва ўсіх установах[59], зразумела, што лік гэтага насельніцтва павялічваецца з узмацненьнем каталіцтва на Беларусі ў другой палове XVI ст.

Насельніцтва, якое жыло на землях каталіцкай царквы, складала асобную групу, як бы места ў месце. Пры агульных справах, якія закраналі інтарэсы насельніцтва ўсяго Менска, цяжка было знайсьці спосаб іх вырашэньня ня толькі мескаму ўраду з Майдэборскім правам, але нават і агульнадзяржаўнай уладзе. Места Менскае будавалася з старажытных часоў самацёкам, без усялякага пляну. Такая бесплянавасьць была вельмі шкоднай, асабліва ў пажарных адносінах, і ўжо ў часы вялікага князя Жыгімонта Аўгуста была прызначана спэцыяльная рэвізыя для ״перенесенья на иншое местце рынку, и некоторых улиц и порадного будованьня домов“[60]. Прызначаныя Жыгімонтам Аўгустам рэвізоры не давялі па якойсьці прычыне ўпарадкаваньня вуліц і рынку. Справа паднялася ізноў у 1589 г. Рэвізорамі, якія стаялі на чале справы, былі прызначаны маршалак і староста Менскі, пан Дзімітры Скумін і ваяводзіч Берасьцейскі, пан Мартын Тышкевіч Лагойскі. Рэвізоры сустрэліся пры правядзеньні сваей працы з падданымі касьцельнымі Менскай плебаніі, якія ״межы мещаны Меньскими домами своими не порадне седять; зачым тот зачатый порадок селенья домов и переношенья рынку и улиц пристойне отправоватися не можеть". Рэвізоры для вырашэньня гэтага пытаньня зьвярнуліся да гаспадара вялікага князя. Аднак, і апошні ня можа аддаць адпаведнага загаду, а зьвяртаецца да віленскага біскупа з просьбаю, каб ״твоя милость через лист свой плебану Меньскому росказал, иж бы он всим таковым подданым костела католицкого с тых пляцов, которые бы на перашкоде будованьня места были, за росказаньем тых ревизоров наших проч зноситисе велел, никоторого в том спротивеньства паном ревизором нашым не чинечи, якобы се тым жадное затрудненьне и переказы порадному селению и будованю места нашого Меньского не деяла“[61].

Тон гаспадарскага лісту і той парадак, якім прыходзілася ісьці, каб дабрацца да касьцельных падданых, сьведчыць выразна аб іх выключным палажэньні і тых цяжкасьцях і перашкодах, якія прыходзілася мець пры зносінах з імі. Зразумела, што палажэньне магістрату, асабліва, калі ўзаемаадносіны абгойстрываліся, было яшчэ болей цяжкім; раз самадзяржаўны ўрад ідзе шляхам просьб, а не загадаў.

Апроч мяшчан пад Майдэборскім правам, насельніцтва царкоўных зямель і падданых касьцельных, у Менску жылі князі, паны і баяры шляхты, якія тым ці іншым шляхам набывалі ў месце землі і маемасьці, сяліліся самі і сялілі на сваіх пляцох сваіх падданых. Адным з спосабаў набываньня маемасьцяй баярамі-шляхтаю быў шлюб. Так, у 1500 г. гаспадарскі ўрад зацьвердзіў за баярынам Пашкам Талаконскім яго пасаг, які баярын атрымаў за ўнучкаю мешчаніна і які складаўся з двара ״отчыного“ з усімі прыналежнымі да яго ўгодзьдзямі. З гэтых маемасьцяй баярын ״маеть нам с того службу земскую заступовать, а местских поплатков никоторых ему не надобе“[62].

Другі спосаб—гэта купля пляцоў і двароў ад мяшчан менскіх і, урэшце, даніны гаспадарскія. У другой палове XVI ст. гаспадарскі ўрад ужо канстатуе прысутнасьць значнага ліку насельнікаў упрывільеванага стану: ״того ведомость маем, же там, в месте меньском, князи Панове и земяне наши духовного и светского стану з давних часов, набывши пляцов, подданых своих осадили". Князі, паны і шляхты, такім чынам, пасяліліся ў Менску ня толькі самі, але й пасадзілі сваіх подданых. Гэтыя подданыя ״в месте мешкаючы торгов, ремесла, гандлев и вселяких пожитков местских посполу з поддаными нашыми мешаны меньскими ужывають“[63].

Як падданыя царкоўныя і касьцельныя, гэтак і падданыя шляхецкія, у месьце займаюцца рамясгвом і гандлем. Адносіны гаспадарската ўраду цяпер, аднак, іншыя да гэтых насельнікаў, чымся да падданых царкоўных і касьцельных. Па прыкладу насельніцтва царкоўнага і касьцельнага, насельніцтва, якое жыло на землях княскіх, панскіх і шляхецкіх, таксама імкнецца ўхіліцца ад нясеньня павіннасьцяй і платы падаткаў: ״до дованьня стацыи, на подыймаваньне послов и гонцов прыкладати и подвод давати не хочуть“. Гаспадарскі ўрад ня мог згадзіцца з такім палажэньнем і не жадаў ставіць насельніцтва княскіх, панскіх і шляхецкіх зямель Менска ў гэткае выключнае палажэньне, і дзеля гэтага рашуча аддае загад сваім прыставам у Менску, пану Мікалаю Сапегу і двораніну гаспадарскаму Багдану Падбіпенце, якія знаходзіліся ў Менску пры Маскоўскіх паслах, каб яны ״с пильностью догледали, аж бы подданые князьские, паньские и земяньские духовных и светских в месте Менском мешкаючые заровно з мещаны иншыми меньскими послов и гонцов стацыями падыймывали и до того се прикладали, также и подводы под них давали, ничымся того не вымовляючы; в чом естли бы они вас послушны быти не хотели и вы абысте их до того моцъю звирхности нашое гаспадарское прымушали, везеньнем и грабежами их карали“.

Такая настойнасьць гаспадарскага ураду сьведчыць аб тым, што падданыя князёў, паноў і шляхты ўхіляліся ад нясеньня розных павіннасьцей, і гаспадарскаму ўраду прыходэіцца змагацца з іх упартым ухіленьнем, аддаючы загад караць непаслушных турмою і грабяжом. Калі падданыя князёў, паноў і шляхты ўхіляліся ад нясеньня павіннасьцяй разам з мяшчанамі, то самі паны, князі і шляхта сваімі дзеяньнямі ў істоце закранаюць інтарэсы места і чыняць яму розныя крыўды і ўціскі. Не падлягаючы уладзе і суду магістрата, бо яны мелі сваю юрысдыку—замкавую, і не зьвязаныя з местам жыцьцёвымі інтарэсамі, князі, паны і шляхта карыстаюцца кожным выпадкам, каб пашырыць свае маемасьці за кошт мяшчанскіх зямель і маемасьцяй места Менскага. Так, у 1509 годзе мяшчане Менскія скардзяцца на пана Льва Тышкевіча і іншых паноў, што яны ня пускаюць мяшчан у бор, а калі знаходзяць іх там, то б‘юць і грабяць, ня гледзячы на тое, што яны маюць лісты ад Вітальда, Жыгімонта і Казіміра, якімі ім дазволена браць дрэва на будаваньне ў лясох навокал Менска, на прасторы трох міль. Гаспадар паслаў свайго камісара, які павінен быў вырашыць гэтую справу на аснове лістоў, якія маюць мяшчане; разам з тым камісар павінен быў праверыць лісты паноў і шляхты, і калі першымі лістамі будуць мяшчанскія, то камісар павінен дазволіць мяшчанам браць дрэва на будаваньне для ўласнага ўжываньня але не на продаж[64].

Пакусы на зямельныя маемасьці паутараюцца і у 1595 г. Гаспадарскі ўрад, да якога зьвярнуліся мяшчане менскія, сьведчыць, што ״в некоторую часть кгрунтов меских, а меновите, в рочыщом в Крупец, в бор, в пущу и в сеножати обыватели воеводства менского безправие уступаючыся тых кгрунтов их ужывати им не допущали"[65].

Паны і шляхта ўціскаюць мяшчанства і у гандалёвым адносінах.

У 1585 годзе мешчанін Менскі Анісім Махліч скардзіўся гаспадарскаму ўраду на каштэляна Навагрудзкага, князя Александра Палубенскага, што ён паграбіў яго тавары пры праезьдзе праз яго Дароскі маёнтак. Конфіскацыя тавараў была зроблена за няплату мыта, але мыта была ״незвыклае“, гэта значыць новае, няправільна накладзенае. Гаспадар прысудзіў, каб князь Палубенскі заплаціў за зрабаваны тавар мешчаніну Менскаму ״совито“—падвойна, але ці быў заплачаны штраф, гэта невядома.[66] У кожным выпадку такая дзейнасьць паноў, якія уводзілі ў сваіх маёнтках мыты і ўсялякія наборы, перашкаджала правільнаму гандлю і аслабляла нормальнае разьвіцьцё места.

Для мяшчанства таго часу небясьпечна была і пэрсональная свабода. Князі і паны ахвотна затрымлівалі мяшчан і сялілі у сваіх местах і мястэчках. У 1507 годзе княгіня Слуцкая скардзілася на мешчаніна Жытомірскага і на яго братоў, даводзячы, што, то люди мои отчизные, звечные, непохожые“. У часе судовай справы высьветлілася, што многа гаспадарскіх мяшчан з Кіева, Менска і іншых мест жывуць у Слуцку. Гаспадар пасылае свайго двараніна папісаць гаспадарскіх мяшчан у Слуцку і вывясьці іх вон.[67]

Паны не абмяжоўваліся пакусамі на маемасьці і ўгодзьдзі Менску, а таксама ўчынкамі розных крыўд паасобным мяшчанам. Яны імкнуцца захапіць у свае рукі і мескую ўладу. У 1595 г. у судзе гаспадара з панамі радаю разьбіралася справа войта, бурмісграў і райцаў Менскіх з маршалкам гаспадарскім Мартынам Тышкевічам, які імкнуўся захапіць няпраўна Менскае войтаўства; але захапіць войтаўства гвалтоўным спосабам была немагчыма, і М. Тышкевіч хоча дабіцца гэтага судовым шляхам.

Тышкевіч падае ў гродзкі суд жалабу, што Менскі войт Грыгоры Тэрлецкі бяспраўна захапіў Менскае войтаўства, якое належыць Тышкевічу, і мяшчане Менскія не жадаюць яму быць паслушнымі, чыняць яму супор, чым давялі яго да значных шкод і страт. На гэтай аснове Тышкевіч падаў ў земскі суд іск на Менскіх мяшчан і суд, ня гледзячы на непадсуднасьць мяшчанства гродзкім і земскім судам, згодна наданых месту прывілеяў, прысудзіў Мартыну Тышкевічу з мяшчан Менскіх 1205 коп грошай ("дванадцать сот и пять коп грошай“). Гэтую пастанову земскага суда зацьвердзіў галоўны трыбунал і паслаў земскаму суду на выкананьне. Справа ўсё-ж такі дашла да суду гаспадара з панамі радаю і апошні суд адмяніў усе ранейшыя пастановы на тэй аснове, што ״мешчане под правам майдеборским будучые под сказы судов земских, кгродских и трибунальских не подлегали и о войтовство, яко о добра нашы, у земства сужоны быти не могли, звлаща же и войтовство меньское, которого Мартин Тышкович доходил по менскому Грыгорею Терлецкому, водлуг права его доброго от нас присужоно есть“[68].

Месту Менску прыходзілася затрачваць значную энэргію, немалыя сумы грошай і нямала часу на абарону маемасьцяй, як паасобных мяшчан, гэтак і ўсяго места. Абставіны, як у самай мяжы, так і па замежамі места, былі далёка ня спрыяючымі для ўсяго места і паасобных мяшчан. З усіх бакоў была пагроза, то на маемасьці, то на свабоду, то, урэшце, на самы мескі ўрад-войтаўства, які быў даходнаю пасадаю і выклікаў зайздросьць з боку сільных паноў, якія жадалі захапіць яе ў сваі рукі.

Адносіны да места і мяшчан гасладарскіх ураднікаў.

Ня лепшымі для Менску былі і гаспадарскія ўраднікі ў асобах намесьнікаў-дзяржаўцаў, або стараст, як яны сталі звацца ў другой палове XVI ст.

Ужо ў тым-жа 1499 г., у якім быў дан і прывілей Менску на Майдэборскае права, паміж мяшчанамі і новаўтвораным мескім урадам з аднаго боку, і намесьнікам Менскім, князем Багданам Жаслаўскім, з другога, пачаліся непаразуменьні і спрэчкі на грунце пытаньняў, якія закраналі падаткі і даходы, і каму іх плаціць. Намесьнік Багдан Жаслаўскі скардзіўся вялікаму князю на тое, што войт, бурмістры і радцы места Менскага пры судовых справах ня хочуць мець прадстауніка намесьніка Менскага і не даюць яму ״двух пенязей з вин“. Апрача гэтага мяшчане адмаўляліся папраўляць гродзкі млын і сыгіаць грэблі. З дараваньнем Майдэборскага права пад мескі прысуд і ўладу папалі ўсе рамесьнікі: ״золотори, кравцы кушнеры, ковяли, чоботори и иныи ремесники“, якія давалі на менскі гаспадарскі двор ״нароги, серпы и защепки и сокеры и иные речи“, і гаспадарскі двор застаўся без рамесьнікаў; затым войт і мяшчане менскія забралі пад уладу і прысуд мескі людзей, якія раней жылі пад прысудам гродскім, чым, разумеецца, закранулі інтарэсы намесьніка дзяржаўцы, бо, стаўшы пад уладу мескага магістрату, гэтыя мяшчане перасталі плаціць падаткі і несьці павіннасьці на гаспадарскі менскі двор, а гэтым самым і на намесьніка дзяржаўцу. Урэшце, апошні пункт скаргі, гэта тое, што войт і мяшчане забіраюць і нічога не даюць намесьніку дзяржаўцу з прыбыткаў, якія атрымліваюць ад злодзеяў, якіх прыводзяць ״с поличным“, а таксама ад прыблудных жывёлаў і коняй.

Усе гэтыя скаргі закраналі істотныя асновы таго права, якое была надана месту Менскаму прывілеем на майдэборскае права, і гаспадар вялікі князь вырашыў іх далёка не на карысьць Менску, даўшы намесьніку-дзяржаўцу грунт для ўмешваньня ў Менскія мескія справы.

Гаспадар вялікі князь на скаргу намесьніка аб судовых вінах загадаў войту і бурмістрам даваць ״два пенязи" з судовых він намесьніку-дзяржаўцу, і пры ўсіх судовых справах войта і бурмістраў павінен сядзець намесьнік намесьніка-дзяржаўцы.

На скаргу намесьніка, што мяшчане адмаўляюцца "млынa городского оправляти и гребли сыпати“, гаспадар вынес пастанову, што мяшчане павінны ״млын городский робити и оправляти и дерево на тот млын возити и греблю сыпати подле давного обычая״.

Скаргу намесьніка аб прыўлашчаньні войтам і райцамі прыблуднай скаціны і злоўленага злодзея з палічным таксама задаволіў, і прыблудная скаціна, а такжа палічнае павінны ісьці на кармсьць намесьніка-дзяржаўцы.

Пытаньне аб рамесьніках было часткаю агульнага пытаньня аб тым, хто падлягае ўладзе войта і райцаў, склаўшых асобны магістрат, і хто застанецца пад уладаю гаспадарскага намесьніка і будзе несьці павіннасьці і плаціць падаткі непасрэдна на менскі гаспадарскі двор, або замак. Пасьля дараваньня прывілея на Майдэборскае права новаорганізаванная ўлада ў асобах войта і райцаў залічыла ўсіх, хто жыў на гаспадарскіх землях ў Менску, апрача баяр шляхты, у разрад мяшчан і падпарадкавала іх сваёй уладзе. На скаргу намесьніка гаспадару аб такой дзейнасьці войта і райцаў гаспадар вялікі князь даў адказ у форме, якая заўсёды адчыняла прастор для злоўжываньняў намесьніка. Вялікі князь у гэтым спрэчным пункце даў волю самому насельніцтву. Мяшчанам, якія былі пад мескім прысудам і ўладаю, дазвалялася пераходзіць пад прысуд і ўладу намесьніка-дзяржауцы. У выпадку переходу пад замкавую ўладу, такіх мяшчан радзіць і судзіць намесьнік, а войт і мяшчане трацяць над імі уладу і права суда. Гаспадарскае вырашэньне нічога, аднак, не гаворыць аб адваротным праве насельніцтва, якое засталося пад замкавым прысудам і ўладаю, і на аснове якога было-б дазволена пераходзіць пад уладу і суд мескага магістрату. Рашэньне гаспадара, такім чынам, было аднабокім, і забясьпечвала толькі інтэрэсы намесьніка; адначасна з тым яно была і нявызначаным, бо воля і жаданьне насельніцтва маглі быць заўсёды пад уціскам намесьніка.

На скаргу аб рамесьніках гаспадар загадаў войту й райцам менскім выдзяліць пятнаццаць двароў рамесьніцкіх і перадаць іх замку. Пастанова адносна рамесьнікаў даволі нявыразная, але сутнасьць яе заключаецца ў тым, што пятнаццаць двароў павінны працаваць на замак, і падобна сялянам спэцыяльных служб залежаць ад гаспадарскага менскага двара, быць пад яго ўладаю і прысудам. Такім спосабам лік насельнікаў Менскіх, якія складалі грамадзянства пад Майдэборскім правам, быў зьменьшан самым гаспадарскім урадам і, апроч таго, такое вырашэньне справы давала намесьніку-дзяржаўцу зачэпку для пашырэньня сваей улады над менскімі рамесьнікамі і, у выпадку зьмяньшэня ў двары ліку рамесьнікаў, павялічваць іх за кошт paмесьнікаў мескіх, якія былі пад уладаю і прысудам мескага магістрату.

Апошні пункт гаспадарскай пастановы ўзмацняе аўторытэт і ўладу намесьніка дзяржаўцы і загадвае мяшчанству, каб яно была паслушным намесьніку ў справах, якія датычацца гаспадарскіх інтарэсаў, як самаго гаспадара, і забараняе пад страхам штрафу ў двесьце рублёў грошай мескаму магістрату ўступацца ў справы гродзкія, гэта значыць замкавыя даходы[69].

Такім чынам гаспадарскі ўрад, выдаўшы Менску прывілей на Майдэборскае права і гэтым самым вызваліўшы яго з пад улады і прысуду намесьніка дзяржаўцы, зараз-жа пасьля яго дараваньня зьмяншае і абмяжоўвае яго разьвіцьцё і ўзмацняе ўладу намесьніка-дзяржаўцы. Такая нязвычайная дзейнасьць цэнтральнага ўраду, які адною рукою дае, а другою зараз жа аднімае тое, што дае, або абмяжоўвае дадзенае, выклікае барацьбу паміж местам і гаспадарскім намесьнікам дзяржаўцаю, якая цягнецца на працягу ўсяго XVI сталецьця

Ужо ў 1509 годзе менскія мяшчане падалі скаргу на свайго намесьніка Багдана Іванавіча Жаслаўскага, якая разьбіралася ў судзе гаспадара з панамі радамі. З гэтай скаргі выявілася, што намесьнік Менскі ״нас (мяшчан) судить и рядить и детских своих на нас даеть через право нашо Майдэборское, которое ж нам дал Александр король его милость, теж с свадеб носатки береть и куницы смирскии, и теж от каждого суда по два гроши, и иные многии кривды и новины нам делаеть безвинне; кони и иные многии речи в нас грабить через право нашо“. З паданай скаргі выразна відаць, што гаспадарскі намесьнік зусім ня лічыцца з дараваным Майдэборскім правам і вядзе справы па старажытнаму, як ён прызвычаіўся весьці іх да дараваньня прывілея. Князь Багдан Жаслаўскі не адмаўляецца ад абвінавачаньня, але ў свае апраўданьне даводзіць, што ён ״николи не суживал ани раживал без их воли и децких на них не давал; нижже коли они сами на мене злюбять, и я их сужу и ряжу з их волею“. Гаспадар забараняе суд намесьніка і растлумачвае, што мяшчане павінны судзіцца і весьці іншыя справы ў войта і бурмістраў паводле свайго майдэборскага права, а не здаволеныя судом войта павінны зьвяртацца да гаспадара-вялікага князя[70].

Забараняючы свайму намесьніку ў Менску тварыць суд і ўмешвацца ў мескія справы, гаспадарскі ўрад іншымі сваімі распараджэньнямі дае магчымасьць свайму намесьніку ўмешвацца ў мескія справы. Таму-ж самаму намесьніку князю Богдану Жаслаўскаму гаспадар піша, каб ён аддаў загад менскаму войту і мяшчанам аб нячыненьні імі крыўд манастырскім подданым[71].

Узаемаадносіны паміж менскім урадам і намесьнікамі-дзяржаўцамі, як гаспадарскаю ўладаю на месцах, былі заблытанымі, і гэта давала магчымасьць намесьнікам-дзяржаўцам выкарыстоўваць сваю ўладу далёка не на карысьць места. Злачынствы намесьнікаў дзяржаўцаў абуралі мяшчанства. Яно змагаецца з імі легальнымі спосабамі, падаючы скаргі ў суд гаспадара і паноў рады. Аднак, ня гледзячы на рашэньні і пастановы суда вялікага князя і паноў рады, і іх загады намесьнікам-дзяржаўцам, апошнія не прыпыняюць сваіх гвалтаў і злачынстваў. Тады мяшчанства пачынае змагацца з імі шляхам самаабароны і аружнага адпору, б‘е слуг намесьніка, таго-ж Багдана Жаслаўскага[72].

Цяжка сказаць, наколькі памог мяшчанству гэты спосаб абароны ад крыўд і ўціскаў з боку намесьнікаў-дзяржаўцаў. Крыўды і гвалты намесьнікаў адбываюцца і ў канцы XVI ст.

У 1595 г. ״бурмистры, райцы, лавники и вси мещане места меньского припозвали у суд гаспадара и панов рад старосту меньского урожоного Андрея Станкевича о певные кривды". Такіх крыўд было чатыры: першая, што ״он, наславши моцно и гвалтом приятел и слуг своих на мещанина меньского Павла Михайловича с того дому кгвалтовне его взять казавши до везеньня замкового сажати и мучити его давал“, другая—״в кривде того Павла Михайловича о нарушенье права местского“, трэйцяя—"мещан меньских он до незвыклого робеньня мосту примушати мел״; чацьвертая—״о неприймованьне квитов шафарских с стороны пива и меду послом и гонцом с корчом браного“, пятая ўжо самаго старасты на мяшчан—״О млыне и иншые речы"[73].

Справа была адкладзена па прычыне хваробы ўмацаванага (так зваліся ў той час правазаступнікі) Станкевіча, які ня мог зьявіцца ў суд сваячасна. Для нас важны тыя скаргі, якія паданы былі мяшчанамі, і якія паказваюць, што ўзаемаадносіны паміж мяшчанствам і гаспадарскімі ўраднікамі не ўстанавіліся і праз сто год пасьля дараваньня прывілея на майдэборскае права, чым карыстаюцца намесьнікі- дзяржаўцы для таго, каб уціскаць насельніцтва места у сваіх карысных мэтах.

Такая нявыразнасьць адносін паміж мескім урадам і мяшчанствам з аднаго боку, і гаспадарскімі ўраднікамі з другога, выклікала і патрабавала многа энэргіі і сродкаў ад мяшчанства для вядзеньня самай барацьбы і абароны сваіх праў і інтэрэсаў, і была значнаю перашкодаю для нормальнага раэьвіцця места. Гаспадарскія ўраднікі, прадстаўнікі шляхецтва і панства, былі сталымі ворагамі мяшчан. Перавага была на іх баку, і з другой паловы ХVІ веку, калі ў Літоўска- Беларускай дзяржаве ўзмацнілася іх дыктатура, гэтая барацьба зрабілася для мяшчан непасільнай, і мяшчанства пачынае прыходзіць у заняпад, не пасьпеўшы расквісьці.


  1. М. Любавский. Областное деление и местное управление Литовско-Руского государства, стр. 12—13.
  2. А. П. Смородский. Столетие Минской губернии, ст. 3.
  3. М. Любавский Очерки ст. 268 —269.
  4. Малиновский Рада великого княжества Литовского т. П, ст. 432.
  5. Р. И. Б. т. № XX, ст. 84
  6. Ibidem 101.
  7. Р. И. Б. т. XXVII, ст. 789.
  8. Ibidem—739—744.
  9. Собран. древн. грамот и актов городов Минской губ. № 33.
  10. Р. И. Б. т. ХХVI.ст. 866.
  11. ibidem ст. 853.
  12. Собр. древн. грамот Мин. губ. № 4.
  13. Р. И. Б. т. XX і XXVII.
  14. Р. И. Б., т. 33. ст. 29—30
  15. Любавский. Областное деление, прилож. № 48.
  16. Р. И. Б. Т. XXVII, ст. 188
  17. В. Пичета. Аграрная реформа т. 1. ст. 77.
  18. Акты Литовско-Русского государства № 49.
  19. Довнар Запольский. Государст. хозяйство дядаткі, ст. XVI -XXVI.
  20. Акты Литов.-Руск. государства № 134.
  21. Ibidem № 135.
  22. Собр. древн. грамот Мин. губ. № 3.
  23. А. 3. Р. т. II. ст. 13.
  24. Р. И. Б. т. XX, ст 96.
  25. Ibidem ст 567.
  26. Р. И. Б. т. XXVII, ст. 739
  27. А. 3. Р. т. II. № 13.
  28. Собрание древних грамот и актов гор. Минск, губ. № 67.
  29. Р. И. Б. т. XXVII. ст. 740.
  30. Тарановский. Обзор памятников Магдебургского права Западно-Русских гopoдов Литовской эпохи. Варшава 1897 г.
  31. Мэтрыка Літоўская, кніга судных спраў 63, карта 561.
  32. Собрание древних грамот городов Минск. губ. № 63.
  33. Собр. древн. грамот город. Минск. губ. № 33.
  34. Голубовский. История Смоленской земли.
  35. Собран. древних грамот город. Минск, губ. № 33.
  36. Р. И. Б. т. XXVII, ст. 741.
  37. Акты Литовско-Русского государства № 80.
  38. Р. И. Б. т. XX, ст. 1219.
  39. Собран. древн. грамот Минской губ. № 32.
  40. Мэтр. Літ., кн. Судн. дел 63, л. 506—509.
  41. Собран. древних грамот Минской губ. № 32.
  42. Историко-Статистическое описание Минской епархии, архим. Николай СПБ 1864 г.
  43. Собрание древн. грам. гор. Минска губ. № 54.
  44. Ibidem № 68.
  45. Ibidem № 84.
  46. Ibidem № 28 i 12.
  47. Ibidem № 48.
  48. Ibidem №83
  49. Собрание древних грамот и актов Минской губ. № 6.
  50. Собрание древних грамот и акт. гор. Минск губ, № 27 и 28
  51. Ibidem №№ 12 i 28.
  52. Ibidem №7.
  53. Ibidem № 8.
  54. Ibidem № 9
  55. Ibidem № 12
  56. Ibidem № 15.
  57. Ibidem № 9.
  58. Р. И. Б. т. XX. ст. 714-715.
  59. Р. И. Б. т. XX, ст. 1217.
  60. Новы рынак, напэўна, быў перанесен на сучасны пляц Волі. (Aўтар)
  61. Мэтрыка Літоўская кніга запісаў 73, ліст 560 зб.
  62. Мэтрыка Літоўская. кніга пятая запісаў, № 227.
  63. Мэтрыка Літоўская. кніга I. XXIII запісаў, ліст 165.
  64. Р. И. Б. т. XX. ст. 604.
  65. Собран. древн. грамот и актов гор. Минск. губ., № 33.
  66. Мэтрыка Літоўская, кніга судных спраў 63, ліст 200
  67. Р. И. Б., т. XX, ст. 560.
  68. Мэтрыка Літоўская, Кніга судных спраў 63, ліст 506—509.
  69. М. К. Любавский. Областное деление, приложение № 11.
  70. Р. И. Б. т. XX, ст. 602.
  71. Собр. др. гр. Минск. губ. № 8.
  72. Р. И. Б. т. XX, ст. 1219.
  73. Мэтрыка Літоўская, кніга судных спраў 63, карта 583.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.