Перайсці да зместу

Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1926
Твор быў забаронены у СССР загадам № 33 ад 3 чэрвеня 1937 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Места Вільня ляжыць на берагох ракі Вяльлі (Веліі) пад 51°41' паўночнае шырыні і 24°57' усходняе даўжыні. Места ляжыць у волміне (катліне), навокал якое знаходзяцца досыць вялікія узвышшы (узгоркі). У старадаўнія часы навокал Вільні былі бязьмежныя лясы, азёры і вялікія прасторы балот. Такое палажэньне рабіла мес­та Вільню мала прыступным для нападаў з боку вора­гаў.

Можна думаць, што места Вільня зьяўляецца старым славянскім паселішчам. Аб гэтым гаворыць назоў ракі Вяльлі (Веліі), ад якой па­ходзіць і назоў места. Крывічы і дрыгавічы ў сваім колёнізацыйным руху далёка заходзілі ня толькі на ўсход і поўнач, але і на захад; аб гэтым сьведчаць Кокейнос і Герсіке, колёніі крывічоў на берагох Заходняе Дзьвіны. Нічога дзіўнага няма ў тым, што ужо ў самыя старадаўнія часы Віленшчына была заселена славянамі. Такі пагляд ня будзе супя­рэчыць гістарычным падзеям, калі нават ня прымаць тэорыі Шафарыка аб славянскім пахаджэнцы плямя, якое насіла назоў „Літва".

Першая вестка аб Вільні зьвязана з лёсам Полаччыны. У летапісе, паводле Уваскрасенскаіа сьпіску, пад 1129 годам зьмешчана, што ў часы нападу з боку кіеускаіа князя Мсьціслава (сына Уладзімера) князі полацкія паўцякалі ў Царгорад і Вільню, баючыся гвалтаўніка Мсьці­слава, паддаліся каралю Вэнгерскаму, а пасьля „Вілняне взяша собе на Царляграда князя Полотцкого Ростислава Рогволодовича детей, Да­вила князя, да брата его Мовколда князя, и той на Вилне пръвил князь Давил, брат Мовколдов большой; а дети его Вид, его же лет. волком звали, да Ердень князь."[1] Значыцца, у гэты час Вільня была значным замкам і была цэнтрам, да якога прылягала даволі вялікая акруга, калі Вільня запрашае да сябе асобнага князя.

У XII сталецьці пра места Вільню спамінае ісляндзкі вандроўнік Спорро-Стурлезон. Весткі аб месьце Вільні да XIV сталецьця зьяў­ляюцца выпадковымі, часта ня зусім пэўнымі і праўдзівымі. Аднак, бяз іх нельга было-б зразумець, чаму Гэдымін заснаваў тут сваю ста­ліцу ў дваццатых гадох XIV сталецьця.

Тлумачыць гэты факт толькі цэнтральным палажэньнем Вільні сярод зямель, над якімі панаваў Гэдымін, і інтарэсамі абароны,—няма падставы. Напэўна, ужо ў той час Вільня была значным паселішчам і гандлёвым цэнтрам, бо жыхары яго вялі гандлёвыя зносіны з Рыгаю, Любэкам, Штэтынам, Ростокам, Штральзундам і востравам Готляндам. У 1324 годзе ў Вільні ўжо існуе два касьцёлы[2], нату­ральна—дзеля здаваленьня рэлігійных патрэб гандляроў, якія па сваіх справах прыяжджалі ў Вільню.

Стаўшы сталіцай, Вільня ўзмацнілася двома замкамі: Верхнім— на Замкавай гары, і Ніжнім—у яе падставы: іх пабудаваў Гэдымін у 1322 годзе.

Адначасна Гэдымін зьвяртаецца з запрашэньнем у прыморскія гарады Заходняе Эўропы да рамесьнікаў і майстроў, каб тыя ехалі на жыцьцё ў Вільню. Прывілеі, якія дараваў чужаземцам Гэдымін, да­памаглі ўзросту места, а таксама разьвіцьцю і пашырэньню ў ім гандлю. У другой палове XIV сталецьця, калі Альгерд пашырыў межы Літоўска-Беларускае дзяржавы на поўдзень і на ўсход, Вільня расьце і шырыцца, дзякуючы гандлёвым зносінам з Украінай і з усходнімі землямі. Але ў гэты-ж самы час Вільня адчувае перашкоды ў гандлё­вых зносінах з Заходняй Эўропай. Бязупынная барацьба з крыжакамі Кейстута, які кіраваў заходняй паловай Літоўска-Беларускага княства, амаль што зусім зьнішчыла правільныя гандлёвыя зносіны з захадам. Крыжакі, захапіўшы ўсё ўзьбярэжжа Бальтыцкага мора, трымалі ў сваіх руках гандлёвыя шляхі Беларусі, якія зьвязвалі яе з Заходняй Эўропай. Барацьба крыжакоў з Літоўска-Беларускай дзяржавай асабліва цяжка адбівалася на тым, што крыжакі перарвалі зносіны на бліжэйшых вод­ных шляхох—па рэках Заходняй Дзьвіне, Нёмне і Вісьле. Застаўся толькі кружны шлях праз Вялікі Ноўгарад, але ён быў далёка і, апроч таго, усю карысьць ад гандлю пакідаў у сваіх руках. Такое палажэньне яшчэ пагоршала пасьля сьмерці Альгерда. Вялікім князем стаў сын Альгерда—Ягайла, а Кейстут застаўся, як і раней, калі яшчэ жыў Аль­герд, князем Заходняе Беларусі і Літвы і прызнаў старшынства Ягайлы. Хутка, аднак, згода паміж імі была парушана, і пачалася барацьба, пры­чым Ягайла ў 1380 годзе ўлажыў сакрэтную згоду з крыжакамі су­проць Кейстута. Кейстут захапіў Вільню і стаў вялікім князем; аднак, доўга ўтрымацца ён не здалеў. Супроць яго выступілі і жыхары места Вільні. Гэтая варожасьць Вільні да Кейстута тлумачыцца тым, што ваяўнічасьць Кейстута вяла да барацьбы з крыжакамі, якая так шкодна адбівалася на гандлёвых інтарэсах вільнян, у той час як згодніцкі настрой Ягайлы падаваў надзею на адчыненьне бліжэйшых шляхоў і лордаў Бальтыцкага ўзьбярэжжа, якія ішлі ў Заходнюю Эўропу.

Актыўны ўдзел места Вільні ў політычных справах таго часу, а магчыма, і ў пазьнейшай політычнай барацьбе, даў Вільні цэлы рад праў і прывілеяў, якія вызначалі Вільню спаміж рэшты гарадоў і дапа­магалі росквіту „столечного места". Бязумоўна, спрыялі гэтаму і агульна-экономічныя, а таксама і політычныя ўмовы таго часу. Ужо ў 1387 годзе места Вільня атрымлівае прывілей на Майдэборскае права[3]. Праўда, гэты акт быў яшчэ мала выразны і асаблівых праў месту не даваў, але ён стаў асновай, на якой будаваліся і пашыраліся правы Вільні. У 1432 годзе, 23 верасьня, Жыгімонт Кейстутавіч, звольніў места Вільню ад вы­платы мыта па ўсім княстве: „Пожаловали есмо виленских местичов ляхов и руси што им мыта недавати по всей нашой земли как издавна не давали а отпустили есмо им вся мыта вечно"[4]. У гэтым самым годзе быў зноў нададзены і прывілей на Майдэборскае права, у якім адзначана, што ён даецца „изнову", інакш кажучы,—у першы раз. Калі спыніцца на характары прывілею, дык яго запраўды можна лічыць асноўным прывілеем места Вільні. Гэтым прывілеем даравана „право немецкое што словет Матьборгское... на вечные часы всим местичом виленским нашое веры римское и руским, што суть руское веры и всему посполству места виленского во всих своих оурадех того права немецкого и члонкох, разделох, розумех держати их... отдаляючы от иных прав, што сут польская, литовская, руская... и ослобожаем тое место вилепское от всего права и насилья всих воевод и судей“. Падсуднасьць места ува ўсіх справах—як крымінальных, гэтак і цывільных—перадаецца войту, апэляцыя на якога ідзе да гаспадара, але і „тогды неиначей по их жо правом немецким и маеть отповедити“. Войту даецца права „судити и отсудити казнити мстити на кола бити, стипати... как оу том праве оу немецком матборском во всих своих члонкох"... Апроч таго, месту дадзены былі і даходныя крыніцы: „вагу, на которой воск весять и иныи речы крамныи", а таксама „постригалня сукон... чотыри ятки суконные. а иныи к тому чотыри" для „шинкованьня и сложенье вина мёду и пива"[5]. Усе асноўныя рысы прывілею на Майдэборскае права, якія мы можам заўважыць і ў пры­ вілеях іншых беларускіх местаў, мы знаходзім у гэтым прывілеі. Больш позьнія граматы зьяўляюцца дадаткамі да гэтага асноўнага акту. Учасы князяваньня Казіміра экономічныя і юрыдычныя правы і пры­вілеі места Вільні пашыраюцца яшчэ далей. У 1444 годзе месту Віль­ні было даравана права на два штогоднія кірмашы[6], а ў 1443—пра­ва вольнага пераезду ракой Вяльлёй праз гаспадарскія і баярскія езы, а таксама права бічэўніка і высадкі на бераг[7]; у 1444 годзе віль­няне былі звольнены ад падводнае павіннасьці[8].

Усе найгалаўнейшыя прывілеі нададзены былі ў часы барацьбы за ўладу вялікага князя. Можна думаць, што Вільня, як значны цэнтр і сталіца дзяржавы, ня была пасыўнай у тагочаснай політычнай ба­рацьбе і, зразумела, атрымлівала за сваю актыўнасьць узнагароду ад улады ў форме пашырэньня сваіх праў і прывілеяў.

У XV сталецьці вонкавыя адносіны Літоўска-Беларускае дзяржавы да крыжакоў палепшыліся і далі магчымасьць весьці правіль­ныя зносіны з Заходняй Эўропай. Ужо умовы Вітаўта ў 1402 і 1404 га­дох з крыжакамі аднавілі гандлёвыя зносіны насельніцтва Літвы і Бе­ларусі з Прыбальтыцкімі краінамі. Аднак, умовы часта парушаліся, ня гледзячы на абавязкі, якія прынялі на сябе крыжакі, і тавары літоўска-беларускіх гандляроў ня толькі абкладаліся непасільнымі і незаконнымі падаткамі, але часта і рабаваліся. Палажэньне палепшылася пасьля таго, як крыжакі былі пабіты каля Грунвальду. У 1415 годзе Вітаўт улажыў з крыжакамі новую умову, у якой забясьпечыў насельніцтву Літоўска-Беларускага княства вольны пераезд і сплаў тавараў па рэках Вісьле і Нёмне. Асабліва важнае значэньне для гандлёвых зносін мела Нешаўская ўмова, якая была ўложана з крыжакамі у 1424 годзе і мела назоў: „Liber transitius" (у перакладзе на беларускую мову— „вольны транзыт"). Паводле Нешаўскае умовы, насельніцтва і гандля­ры Польшчы, Літвы, Беларусі і Жамойці атрымалі права вольнага гандлю і пераезду праз тэрыторыю крыжацкіх ордэнаў сухім або вод­ным шляхам, з абавязкам плаціць толькі старыя звычайныя мыты. У часе пераезду праз тэрыторыю крыжакоў гандляры маюць права спыняцца, выходзіць на бераг і прадаваць свае тавары[9]. Укоснае значэньне для беларускага ўвозу і вывазу мела і Таруньская згода Польшчы з крыжакамі. Паводле Таруньскае згоды, Гданск (Данцыг) адышоў да Польшчы, а па Нёмне быў забясьпечаны вольны пераезд. Гэтай згодай былі забясьпечаны маёмасьць і асоба ганд­ляра. Зьняможаны ордэн цяпер ужо не адважваўся парушаць умовы, і зносіны з Заходняй Эўропай былі забясьпечаны, што спагадна адбі­лася на гандлі і ажыўленьні беларускіх местаў, у першую чаргу, места Вільні. Распад Тэўтонскага ордэну і ўтварэньне замест яго Прускага гэрцогства не пашкодзіла беларускаму вывазу і гандлю. У 1529 годзе з гэрцогам прускім Альбэртам была адноўлена старая гандлёвая ўмова і зацьверджаны ранейшыя ўмовы гандлю.

Віленскія мяшчане ў зносінах з суседзямі атрымалі і выключныя прывілеі. У 1502 годзе вялікі князь Аляксандар, стаўшы каралём поль­скім, дараваў месту Віленскаму прывілей, паводле якога мяшчане ві­ленскія мелі права вольна і бяз выплаты мыта праяжджаць праз Польшчу як сухім, гэтак і водным шляхам, спыняцца там і гандляваць усялякімі таварамі: „(Cives Vilnenses per totum regnum Poloniae um premititur ire stare merari mercarcias exercere, quonseumque opportuanum fuerit libere et secure tam per aquam, quam per terram absque exactione et solutione Theloneorum nostrorum omni imperdimento remodo"[10].

У межах Літоўска-Беларускае дзяржавы мяшчане таксама атрымліваюць выключныя гандлёвыя прывілеі. У той час як кожнаму месту, калі надавалі Майдэборскае права, дык вызначалі, што: „окром Вильневцев ни один ауаск иного места не будет моцы мети инако купо­вати и продавати", як толькі гуртам[11]. Віленскія мяшчане маюць права гандляваць і ў розніцу ня толькі ў сябе, але і ў іншых гара­дох княства, як Трокі, Полацак, Віцебск, Смаленск, Кіеў, Менск, На­ваградак[12].

У той час, як места Вільня дамагалася такіх значных экономічных прывілеяў для сваіх мяшчан, у вадносінах да гасьцей і чужых гандляроў вядзецца адваротная політыка. Мяшчане Вільні дамагаюц­ца абмежаваньня праў і прывілеяў чужаземцаў у месьце Вільні. Маючы на мэце абмежаваньне чужаземных гандляроў, вільняне дамагаюцца ад ураду вялікага князя Аляксандра прывілею, паводле якога чужаземцы „москвичи, новгородцы, псковичи, тферичи и з инших земель купцы чужоземцы" спыняліся-б толькі ў гасьціным двары, для чаго павінна быць пабудавана спэцыяльнае памяшканьне. Прычынай пабудаваньня двара было гандляваньне чужаземцаў аднаго з другім, „з немца и з иншими купцы чужаземцы гость з гостем"[13]. Пры такім парадку, які існаваў да дараваньня гэтага прывілею, увесь пасярэдніцкі прыбытак ад гандлю трапляў у рукі чужаземцаў, што парушала асноўны прывілей жыхароў Вільні.

У 1511 годзе прывілей Жыгімонта Старога забараніў гасьцём — як чужаземцам, гэтак і гасьцём з іншых гарадоў вялікага княства Літоўскага, гандляваць з гасьцьмі і прыехаўшымі купцамі пад страхам страты і копфіскаваньня тавараў. Весьці гандаль госьці мелі права толькі з віленскімі мяшчанамі і гандлярамі. Вольны гандаль з чужаземцамі дазваляўся толькі ў часы кірмашоў[14].

Такія выключныя гандлёвыя прывілеі давалі месту Вільні магчы­масьць разьвінуцца ў значны гандлёвы і прамысловы цэнтр у дзяр­жаве. Асабліва віленскі гандаль узрастае ў пачатку XVI сталецьця, у час разьвіцьця і пашырэньня на Беларусі гандлёвага капіталізму. Значнасьць места і яго гандлёвае значэньне выразна выяўляюцца ў колькасьці падатку, які выплачвала места Вільня ў дзяржаўны скарб. У 1529 годзе Вільня выплачвала самы вялікі падатак, у параў­наньні з іншымі местамі, а паіменна: 1.500 коп грошай, у той час як Коўна плаціла толькі 300 коп, а Горадня — 180 коп грошай. Яшчэ болей выразна выступала велічыня места Вільні ў вайсковай павіннасьці. Паводле полісу 1513 году, места Вільня павінна была стаўляць 500 коньнікаў, Берасьце-ж—150, Коўна—50, а Горадня—20 коньнікаў[15].

Места Вільня вядзе ў XVI сталецьці значны гандаль. Яна гандлюе з Рыгаю, Псковам, Ноўгарадам, Масквою, Цьвер‘ю, Крымам, з Польш­чай, Прусіяй, Сылезіяй, Вэнгрыяй і з іншымі заходня-эўропейскімі дзяржавамі і местамі. У Вільні знаходзіцца склад прывозных сукан, якія адсюль развозяцца па іншых гарадох. Вільня зьяўляецца пасярэднікам у гандлі Маскоўскага княства з Заходняй Эўропай. Праз тэрыторыю Літоўска-Беларускага княства ішлі ў Маскоўшчыну косы, серабро і іншыя рэчы. З Масквы ішлі ў Вільню і далей—у Заходнюю Эўропу—„косматыя скуры" (хутры), лён, пянька і іншыя тавары. Літоўска-Беларускае княства вывозіць у XVI сталецьці лес, жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, гарох, воск, мёд, сала, хмель, дзёгаць, смалу, касматыя скуры, скуры жывёлы, жывую жывёлу і іншую сыравіну. З Эўропы прывозіцца сукно, бавоўна, тонкае палатно, вырабы з жалеза, медзі, сталі, дарагія каменьні, конская збруя, польскае і вэнгерскае шкло, цукар, розныя карэньні, селядцы і соль[16]. У вывазе і ўвозе ўсіх гэтых тавараў значны ўдзел прымалі віленскія мяшчане.

У Вільню прыяжджала многа чужаземных гандляроў. Немцы і маскоўцы былі звычайнымі і частымі гасьцьмі. Немцы засялілі нават асобную вуліцу, якая і да гэтага часу завецца Нямецкаю. Зносіны з Масквой, дзякуючы амаль што бязупынным войнам Літоўска-Бела­рускага княства з Маскоўскай дзяржавай у пачатку XVI сталецьця, ня былі ў гэты час такімі сталымі і часта перапыняліся. Прыяжджалі у Вільню і польскія гандляры і нават голяндцы, ангельцы, а таксама і гандляры з іншых гарадоў Заходняе Эўропы.

Узмацненьне гандлю і гандлёвых зносін з Заходняй Эўропай, нату­ральна, адбівалася на павялічэньні места Вільні, на яго пашырэньні і ўзросьце. Другім фактарам узросту Вільні было тое, што Вільня была „столечным местом". З часоў вялікага князя Казімера літоўска-беларускія вялікія князі звычайна жывуць у Вільні, тады як іх папярэднікі большай часткай жылі ў Троках. Асабліва князі Аляксандар, Жыгімонт Стары і Жыгімонт-Аўгуст спрыяюць узросту і аздобе места Вільні. Яны жывуць там даўгі час самі, з сваім дваром, і любяць места Вільню. У часы Аляксандра замак быў забудаваны новымі драўлянымі і ка­меннымі будынкамі. Памяшканьне двара вялікага князя знаходзілася ў Ніжнім замку, у падставы Замковае гары. У Верхнім замку князь Аляксандар закладае збраёўню (арсэнал) з майстроўняй дзеля вырабу зброі. У часы Жыгімонта Старога пачынаньні Аляксандра яшчэ больш разьвінуліся як у Ніжнім, гэтак і ў Верхнім замку. Усё пабудаванае, аднак, было зьнішчана пажарамі ў 1513 і ў 1530 гадох. Пасьля пажару замковыя будынкі зноў аднаўляюцца пад кіраўніцтвам віленскага гараднічага Ульрыха Гозія, вядомага будаўнічага таго часу. Да пажару замак і бліжэйшыя да яго пляцы былі забудаваны дробнымі драўля­нымі будынкамі. Пасьля пажару частку пляцоў пакінулі незабудава­нымі і засадзілі сад, каб забясьпечыць замак ад пажараў. Палацы Ніжняга замку былі пабудаваны побач з катэдральным касьцёлам і займалі прастору ад катадры да Замковае гары. Непадалёк ад замку былі стайні і пушкарня вялікага князя, з памяшканьнямі для майстроў. Гэтая мясцовасьць і да нашага часу завецца Пушкарняй.

Адначасна з вялікім князем, будавалі сабе палацы і паны як ду­хоўнага, гэтак і сьвецкага стану, асабліва паны радныя, якім, у зьвязку з іх абавязкамі, трэ' было часта жыць у сталіцы.

Побач з Ніжнім замкам, ляжалі пляцы паноў Радзівілаў. Мяжою была левая адтока ракі Вяльлі (Вялейка). Вялейка ў старадаўнія часы падзялялася перад замкам на дзьве адтокі і абкружала замак. Радзівілаўскія пляцы займалі значную прастору ад Вялейкі да Вялейскае брамы, частку Лукішак і Татарскае вуліцы. Мясцовасьць, якую займалі абшары пляцоў Радзівілаў, звалася Лукамі[17]; пляцы і дамы Радзівілаў былі і па іншых вуліцах.

На Вялікай вуліцы былі дамы князя Астроскага, пана Гаштольда (дом Гаштольда пазьней перайшоў да роду Радзівілаў), пана Хадкевіча (перад вайной у гэтым доме зьмяшчалася Управа Віленскае Школьнае Акругі („Виленский Учебный Округ"), паноў Сапег, Остыкаў. На Ня­мецкай вуліцы былі дамы паноў Гарнастая, Остыка, Гаштольда, Войны, князёў Слуцкіх, паноў Тышкевіча, Кішкі; на Троцкай вуліцы—паноў Пацаў і Бжастоўскіх. На розных вуліцах стаяла шмат дамоў іншых паноў.

Значную частку места Вільні ў XVI сталецьці займалі дамы і пляцы духавенства. Толькі аднаму каталіцкаму духавенству ў пачатку XVI сталецьця належала трэцяя частка ўсяе прасторы места Вільні[18]. Знач­ныя абшары Вільні займалі і маёмасьці праваслаўнае царквы. Меў свае будынкі і жамойцкі біскуп.

Тое, што пляцы і дамы захапілі ў месьце паны духоўнага і сьвецкага стану, мела сваім вынікам ня толькі пасяленьне гэтых паноў у ме­жах места Вільні. На сваіх вольных пляцох паны і духавенства даз­валялі сяліцца розным асобам, якія не належалі да панскага і шля­хоцкага стану; асабліва паны шукалі рамесьнікаў дзеля пасяленьня на сваіх пляцох. На панскіх і царкоўных землях ахвотна сяліліся як віленскія мяшчане, гэтак і мяшчане, якія прыходзілі з іншых гарадоў, з тае прычыны, што яны аслабаняліся часта ад выплаты падаткаў і ад павіннасьцяў якія ішлі на ратушу, а разам з тым аслабаняліся ад улады і прысуду мескага. Духавенства і паны ахвотна дазвалялі сяліцца на сваіх пляцох, бо яны бралі з пасяліўшыхся мяшчан падаткі, і гэтым павялічвалі свае прыбыткі. Такое зьявішча закранала інта­рэсы віленскіх мяшчан усяго места, а разам з тым і дзяржаўнага скарбу, бо „в том нам шкода и платы нашые гинуць. Про то-ж... абы ни жадин мещанин не продавал домов своих никоторому князю, ни пану, ни боярам". Такім чынам, паводле просьбы віленскага войта і мяшчан, гаспадарскі ўрад павінен быў забясьпечыць і свае інтарэсы, а разам з гэтым, і інтарэсы места, забараніўшы князём, паном і баярам-шляхце без дазволу ўраду купляць дамы і пляцы ў месьце Вільні. Забарона, аднак, мала пашкодзіла пашырэньню маемасьцяй духавен­ства і паноў, бо гаспадар рабіў часта выключэньне паводле пэрсональ­ных просьбаў як паноў, гэтак і духавенства. Такая політыка гаспадар­скага ўраду давяла да таго, што ў пачатку XVI сталецьця ў Вільні ўтвараюцца тры розныя ўрады, або, як іх завуць, юрыздыкі: біскуп­ская, меская, або майдэборская і замковая, або гродзкая. На чале першае юрыздыкі стаяў каталіцкі біскуп, на чале мескае—войт з бурміст­рамі, а на чале замковае—ваявода[19]. Ужо у XVI сталецьці ўтвараецца і чацьвёртая юрыздыка—мітрапалічая, з праваслаўным мітрапалітам на чале. У 1569 годзе прывілей Жыгімонта-Аўгуста загадаў, каб войт і мяшчане „в оные люди в месте Виленском, на грунте его митрополем посажоные, ничимсе не ступовали, в послушенство и в присуд свой меский не прыворочали, платов и подачек жадных з них собе и на ра­туш не брали и не привлашали и тым мешчаном его в тым покой. Нехай он (мітрапаліт) або намесьник его... тых мешчан своих во владности и в присуде своем маеть“.[20]

Пасьля таго, як утварылася вуніцкая царква ў Вільні, зьяўляецца ўжо ў XVII сталецьці юрыздыка мітрапаліта вуніцкяга.

Такая рознастайнасьць улады і падсуднасьці была прычынай частых спрэчак і судовых процэсаў паміж грамадзянствам розных юрыздык і перашкаджала нармальнаму разьвіцьцю места. Асабліва гэтае зьявішча балюча адбілася на месьце Вільні ў XVII сталецьці, у часы экономічнага заняпаду. У першай палове XVI сталецьця юрыздыкі толькі аформляліся і складаліся, падобна да таго, як складаліся ўзаемаадносіны паміж станамі грамадзянства ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Палажэньне Вільні у цэнтры дзяржавы забясьпечвала месту спа­койнае жыцьцё і было прычынай таго, што віленскі ўрад не асабліва дбаў аб сваёй абароне. Так было ў XV сталецьці, пачынаючы з дзесятых і да дзевяцьдзесятых гадоў. Але ў канцы сталецьця вайна з Мас­квой, якой дапамагалі крымскія татары, паставіла пытаньне аб умацаваньні Вільні належнымі мурамі і парканамі, бо замак ужо ня мог абслугоўваць жыхарства, да і сам ён ня меў фактычна ваеннага значэньня ў гэты час. Пытаньне аб умацаваньні Вільні паднялі войт і мяшча­не места Віленскага, просячы ў 1505 годзе, каб гаспадар вялікі князь дазволіў ім, замест вайсковае службы, мураваць сьцяну навокал места („хто можеть муром, тот-бы свою делницу замуравал, а хто на тот час неможеть замуровати делницы свае, тот бы порканом порканил"), з прычыны таго, "што ж тое место виленское не затвореное и если-бы на службу поехали, тогды, его боже вховай, што-бы тому месту нашому какое шкоды од поганства не было". Гаспадар здаволіў просьбу мяшчан, звольніў места на год ад вайсковае павіннасьці і ад усялякіх іншых падаткаў і загадаў будаваць сьцяну. Ніхто—ні паны, ні духавенства, ні шляхта, ні мяшчане—не маглі быць зволены ад гэтага аба­вязку: „а которые князи и панове и земяне и кононицы и иные косьтельного вряду люди так закону римского а греческого хотели бы до­мы мети в муру, в стене, тогды маеть каждый з них свою делницу стены замуровати, або запарканити, а если бы не хотели, тогды ка­зали есмо пану воеводе виленскому в их домы мещан увязывати, а им отмену за местом давати, а мещанин который тот дом возметь, тот и делницу его замуруеть". У сьцяне было пяць брам: „первая брона (брама) за пана старостиным дворам (Віленская) к Вели (да ракі Вяльлі), другая подле маткі божее к Трокам (Троцкая), третяя подле святое троици (Траецкая, а можа - Вострабрамская), четвертая подле святого спаса (Спаская), а пятая в город (Замковая)". Апроч проэктуемых брам фактычна былі і іншыя: Рудніцкая, Татарская, Субач. Для старожы гэтых брам мескі ўрад павінен быў мець спэцыяльную варту, на ўтрыманьне якой быў прызначаны спэцыяльны падатак: "которыи люди чииколве будуть повезут доместа пшеницу гречку овес муку и иные речи стравные штоколве будет и дрова и сено, стых со всих велели есмо им скаждого воза по пенезю брати и за то сторожу в тых брон мети, а естли которые люди невсхотят пенязей брати, тые нехай покяменю везут“.[21]

Сьцяна была скончана у 1522 годзе і абкружала места ад Спаскае брамы да Бакшты, ад Бакшты да Сьвятадухаўскага манастыра, да Медніцкае брамы, Чортавае брамы, пасьля—Завальнай вуліцай, Жамойц­кім завулкам да Троцкай брамы, пасьля далей—часткаю Завальнай вуліцай да Віленскай брамы; ад Віленскае брамы—Татарскай вуліцай да ніжняга замку. З боку ракі Вялейкі сьцяна ад Спаскае брамы ішла па рацэ, уніз па яе плыні, да Бэрнардынскага саду[22]. Такім чынам, сучасны цэнтр Вільні быў абнесены сьцяною ўжо ў пачатку XVI ста­лецьця, але заселена была Вільня ня толькі ў цэнтры, у межах сьцяны, але і па-за сьценамі. Прадмесьці Вільні—Зарэчча, Лукішкі, Сьняпішкі, Роса. Рыбакі—былі значна і густа заселены ўжо ў першай палове XVI сталецьця.

Будынкі ў пачатку XVI сталецьця былі пераважна драўляныя і стаялі ў беспарадку. Пажары 1513 і 1530 гадоў, якія зьнішчылі амаль што палову гораду, прымусілі будаваць камяніцы і захоўваць некаторы парадак. Вялікая вуліца, Нямецкая, Біскупская (у часы расійскае імпэрыі—Дварцовая) пакрываюцца значнымі камяніцамі і панскімі палацамі, дах якіх зроблены з чарапіцы і гонты. Для зада­валеньня патрэб у будаўнічых матар'ялах, як цэгла, вапна, шкло і іншыя, закладаюцца цагельні, гуты. У 1535 годзе места адкупіла плитницу“ (цагельню) на Сьняпішках у біскупа Яна за паўтараста коп грошай[23]; была „плитница" і у пана ваяводы Яна Юр'евіча Глябовіча, трапляліся яны і па іншых прадмесьцях Вільні, напры­клад, на Зарэччы. Будаўнічыя матар'ялы прывозіліся нават з больш да­лёкіх аколіц Вільні. У 1551 годзе вялікі князь Жыгімонт-Аўгуст дазволіў Марціну Палецкаму „за рекою Вельею межи Псарнею нашою и плитницою Воеводы Виленского небожчика пана Яна Юревича Глебовича збудовати гуту скланую накладом своим властным ку его пожитку с которое он в кождый год по чотыриста склениц давати нам ся подвезал"[24].

Гушчыня насельніцтва па прадмесьці і пабудаваньне там фабрык прымушала гаспадарскі і мескі ўрады падбаць аб пабудове сталага мосту праз раку Вяльлю. Адсутнасьць мосту выклікала значныя страты і нявыгады, бо існаваўшыя перавозы былі небясьпечнымі і дорага каш­тавалі. Вялікі князь даручыў у 1526 годзе будаваньне мосту віленскаму гараднічаму Ульрыху Гозію за яго ўласны кошт. За гэта Ульрых Гозі атрымаў права зьбіраць з усіх, хто праяжджаў праз мост, устаноўленую гаспадарскім урадам плату—мастовае. Ад выплаты мастовага падатку звальнялася шляхта і духавенства. Падатак быў вызначаны наступны: ад аднаконнай падводы з дровамі, сенам і хлебам—адзін дэнары (unum denarium sive obolum); адзін дэнары плацілі ад галавы скаціны, якую гналі на кірмаш; ад аднаконнай падводы, нагружанай купецкім таварам, плацілі тры дэнары, ад параконнай -пяць дэнараў. Пасьля таго, як будаваньне мосту акупіцца, прыбыткі ад мастовага падатку часткаю па­вінны выдавацца на рамонт мосту і на яго ўтрыманьне ў належным парадку, а рэшта грошай павінна была аддавацца на ўтрыманьне шпі­талю пры касьцёле сьв. тройцы[25]. На месцы мосту, які пабудаваў Гозі, знаходзіцца цяпер у Вільні Зялёны Мост. Апроч мосту праз раку Вяльлю былі масты па рэчцы Вялейцы. Адзін мост быў каля Бэрнардынскага манастыра, другі каля Спаскае брамы. У першай палове XVI сталецьця мескі ўрад іх перабудаваў, за што ўстанавіў плату ў адзін пенязь з кож­нае падводы. Апроч гэтых мастоў, быў мост праз Вялейку каля замку, а на Шэрайкішках быў пешаходны мост[26].

На рацэ Вялейцы быў цэлы рад млыноў, якія задавальнялі патрэбы гораду. Непадалёк ад самага замку, дзе знаходзіцца цяпер так званы ботанічны сад, быў млын вялікага князя, вышэй Спаскае брамы— млын каталіцкага біскупа, на 14 паставох, на Паплавах—ваяводзінскі або Радзівілаўскі млын. Былі і іншыя прыватныя млыны.

Апроч млыноў, на рацэ Вялейцы ў 1524 годзе зьявілася паперня; яна знаходзілася вышэй на рацэ за млыном ваяводы[27]. У XVII сталецьці паперню зьнішчыў пажар і, замест яе, быў пабудаваны млын для вырабу пораху[28].

Важным пытаньнем для гораду была вада. Вады не хапала як для штодзённага ўжытку, гэтак і ў выпадках пажару. У 1535 годзе „войт, бурмистры и радцы и вси мещане места Виленского" зьвярнуліся з па­клоннай да вялікага князя, „оповедаючи нам великий недостаток воды в том месте нашом, яко ку потребе их посполитой, так и в час наглое пригоды к угашенью огня на тое место". Гэтае здарэньне адбы­лося з тае прычыны, што з дазволу гаспадара крыніцу „Винкгерь", вада з якое „вольным током через место хоживала", прыўлашчылі сабе, манахі домініканы. Мяшчане прасілі гаспадара аб дазволе правесьці „рурами" (трубамі) ваду з другое крыніцы, у якой „есть досыть воды" і якая знаходзіцца „на земли нашой господарской, едучы с за Субочович улицы до гур на великой дорозе". Гаспадар даў дазвол: „и даровали есмо тую воду на оном местцы всим мешаном места нашого виленьского в праве Майтборском мешкаючим тое воды добровольне на вечность поживати и до места ее вести"[29].

Такая дзейнасьць гаспадарскага ўраду і магістрату падрывала значэньне домініканскае крыніцы, ад якой домініканы мелі прыбыткі, і прымусіла домініканаў пайсьці на ўступкі. У 1536 годзе яны пра­даюць месту віленскаму і магістрату сваю крыніцу за 160 грошай літоўскіх і 10 фунтаў перцу, захаваўшы за сабой права правесьці трубу ў манастыр і карыстацца вадой, а таксама—права правядзеньня тру­бы з вадою ў дом Ульрыха Гозія на Нямецкую вуліцу[30]. З гэтага часу места Вільня было забясьпечана вадой, якую правялі па ўсім горадзе і нават у некаторыя дамы ў сярэдзіну іх, як, напрыклад, у дом Ульрыха Гозія. Адначасна з узростам места Вільні і яго ўпа­радкаваньнем з надворнага боку, з павялічэньнем у ім вытворчых прадпрыемстваў (фабрык), Вільня атрымлівае пэўны парадак у кіра­ваньні і вызначаныя правы ўлады. Што да кіраваньня і ўлады—места Вільня не зьяўляецца аднолькавым і адзіным. У першай палове XVI сталецьця па ўсёй Літоўска-Беларускай дзяржаве канчаўся процэс дыфэрэнцыяцыі станаў і іх адмежаваньня адзін ад другога. Паны ду­хоўнага і сьвецкага стану, шляхта, мяшчане пад Майдэборскім правам і, урэшце, сяляне вылучаюцца ў паасобныя групы. Кожная з гэтых груп—станаў—мае свае асобныя правы і адасоблена адна ад другой непраходным бяздоньнем. Кожны стан мае свой суд і ўладу, якія рэдка сутыкаюцца паміж сабой. Места Вільня было нібы адбіткам усяе дзяр­жавы. Тут жыло духавенства, паны і шляхта, жылі і мяшчане; з гэ­тае прычыны ўтвараюцца і розныя ўлады і суды, так званыя ў той час юрыздыкі, якім падлягае кожны стан. Паны падлягаюць ваяводзе або беспасрэдна ўладзе вялікага князя, шляхта—гродзкай, або замко­ вай юрыздыцы, на чале якой стаіць пан-ваявода; духавенства ўтварае сваю юрыздыку: біскуп каталіцкі -адну, мітрапаліт праваслаўны — другую, а, з утварэньнем вуніцкае царквы, зьяўляецца юрыздыка і вуніцкага мітрапаліта. Урэшце, была юрыздыка мяшчан з Майдэбор­скім правам, якое было атрымана ўжо ў 1387 годзе. Значны лік юрыздык быў, бязумоўна, вялікаю перашкодаю для нормальнага разь­віцьця места і, магчыма, гэта было галоўнаю прычынай таго, што мяшчанства на Беларусі ня стала такім самым трэцім станам, як гэта сталася ў Францыі, і не здалела нават выступіць актыўна супроць па­ноў шляхты за пашырэньне сваіх політычных праў.

Самая ўлада мяшчан, на аснове Майдэборскага права, не адразу прыняла сталую форму; яна прайшла досыць даўгі процэс разьвіцьця і зьявілася як вынік барацьбы паміж самых мяшчан і змаганьня з гаспадарскім урадам, і толькі ў XVI сталецьці прыняла канчальную форму.

На чале мяшчанскага ўраду стаяў войт. Ужо паводле прывілею 1432 году, мяшчане павінны былі „о вся дела росправлятися перед своим войтом"[31]. Пасада войта, на якую спачатку прызначаў адпавед­ных асоб гаспадарскі урад, становіцца з XVI сталецьця, як думае Крашэўскі, абіральнай - мяшчане самі абіраюць сваіх войтаў. Згадзіцца з гэтым, аднак, нельга, з прычыны адсутнасьці адпаведнага прыві­лею, а таксама дзеля супярэчнасьці такога дэмократыэму ў адносінах улады войта, у той час, як сама меская рада абіралася членамі тэй-жа рады, інакш кажучы, шляхам кооптацыі.

Докумэнтальныя весткі таксама пярэчаць пагляду Крашэўскага, а стары звычай нават пацьвярджае, што і ў XVI сталецьці гаспадарскі урад прызначаў на пасаду войта асоб сваім уласным абраньнем і па­водле свае волі. Гэтак, у 1528 годзе вялікі князь выдаў прывілей на віленскае войтаўства мешчаніну кракаўскаму Шчаснаму Лянгюру „до живота его со всякими властностями и платы и доходы и пожитки того места виленьского войтовскими и со всим по тому, как ся первшии войтове виленьскии от нас держивали. Мает он тот врад войтовство виленьское от нас держати и в ним ся справовати и рядити и подданых наших заховати подле права майтборского и привилья нашого, который есмо им на то право умоцнили и дали и теж водле того, как и перши войтове от нас держивали водле привильев наших, которые от нас на тое войтовство мевали, так теж и ему то даем и привлащаем не иначей, только так, как и першим войтам со всими справы их и вольностями". Паводле сэнсу прывілею, выразна відаць, што войтаў прызначаў да гэтага часу гаспадар, як і цяпер прызна­чаецца Шчасны Лянгюр. Аднак, некаторы ўплыў мела і грамадзянства, бо, паводле прывілею, ён прызначаўся на войтаўскую пасаду толькі з умовай, калі ён "добре ся заховаеть на том враде найпервей се нам гаспадару и теж подданным вашим". Праўда, выраз „добре ся заховаеть" — няясны і не абмежаваны, але ўсё-ж ткі заўважаецца, што хо­чуць лічыцца з грамадзянствам места Вільні і іх адносінамі да войта. У якой форме выяўляюцца адносіны мяшчанства да войта няясна, але гэта, бязумоўна, не абраньне віленскім мяшчанствам свайго войта, а звычайнае прызначэньне гаспадарчай уладай. Магчыма, вялікі князь прадбачыў протэст і ня толькі з боку мяшчан, але з боку іншых вышэйшых станаў і грамадзянства, бо прывілей кажа не аб вільнянах, а наагул аб падданых. Протэст супроць прызначэньня на пасаду войта мог зьявіцца з тае прычыны, што гэтаю асобай быў польскі мешча­нін, а ужо з часоў земскага прывілею 1447 году вялікія князі абавяз­валіся не прызначаць на пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім асоб чужаземнага пахаджэньня, а толькі тубыльцаў. Што вялікі князь так разумеў умоўнае прызначэньне на пасаду войта Шчаснага Лянгюра, відаць і з далейшага зьместу прывілею: „и естли ся он на том враде найпервей се нам господару и теж подданым нашим добре ся заховаеть водле права майтборского и привильев наших, мы не маем его с того враду рушати, але маем на том враде заховати до живота его"[32].

У прывілеі 1432 году не гаворыцца аб іншых, апроч войта, урадах места Вільні. Уся поўнасьць улады даручаецца войту: „судити и отсудити, казнити, мстити, на кола бити, спинати даем им сполна всю моц".

Другім мескім урадам была цэлая установа—рада (у немцаў der Rath; адсюль і слова das Rathaus - ратуша). Калі зьявілася рада у месьце Вільні і яе першая організацыя—нам невядома. Але навокал гэтае

ўстановы сярод мяшчанства ішла даўгая і значная барацьба, водгукі якое прыкметны у прывілеі 1536 году, дзе падрабязна гаворыцца аб гэтай установе. Прывілей вызначае, што паміж радаю і паспольствам, інакш кажучы, мяшчанствам, былі „от давних часов о правах и пожиткох местских немалые ростырки и незгоды”. Аб гэтых „ростырках и незгодах рада и поснольство много крот перед нами, яко паном своим дедичным справы межи собою мевали и жалобы обедве стороны чынили, и споры великие делывали”. Каб дабіцца згоды паміж змагальнікамі, была абрана спэцыяльная камісія, якая складалася з членаў рады і паспольства, „певных, достипных, мудрых людей, и наученых права Майдеборского немецкого“. Пры гэтым зазначалася, што тыя артыкулы, адносна якіх камісія ня прыдзе да згоды, пяройдуць да гаспадара, і спрэчка будзе канчальна вырашана пасярэдніцкім „выроком” гаспадарчага ураду. Пасьля таго, як адносна да шмат якіх артыкулаў рада і паспольства прышлі да згоды, а спрэчныя артыку­лы былі пастаўлены на вырашэньне гаспадара, вялікі князь „достаточне разважвалі тые речи з радами нашими того панства Великого Князства Литовского и таковое сказане и вырок наш, который на вечные часы в том то месте мает тривати вчинили есмо".

На аснове гэтае пастановы ўстанаўляецца склад рады, бурмістраў і лаўнікаў або прысяжнікаў, паводле даўнейшага звычаю. Рада скла­даецца з 24 асоб радцаў, радцы самі сябе абіраюць дажывотна.

Лік бурмістраў, паводле прывілею, устанаўляецца у 12 асоб. Па­лова радцаў і бурмістраў павінна быць „закону рымского, я половина закону грецкого”. Па кожны год рада абірае „седячими” два бур­містры—„одип рымского закону, а други грецкого закону” і „чотыры радцы - два грецкого, а два рымского”. „Седячие”, інакш кажучы— тыя, што стала і бязупынна працавалі у мескім урадзе, атрымлівалі пэўную пэнсію - бурмістры па 20 коп, а радцы па 10 коп грошай. Дзеля аховы мескага скарбу і нагляду за ім уваходзяць „чотыры ша­фары, которые вси пожитки, доходы и расходы, и дворцы местские жадають недати, вытегать, заховать и осматривать, шафовати с порадою и волею рады виленское на пожиток и потребу местскую”. Двох шафароў абірае рада, а двох - паспольства. Пры гэтым мяшчане абіраюць дзесяць людзей „добрых а оселых”, гэта значыцца, замож­ных, якія маюць нярухомую маёмасьць, а з іх ужо рада сама абірае двох, прычым падкрэсьлена, што гэта -сталае права рады: ”а два с поспольства которых теж заўжды рада обирати мает“. Шафары што­год учыняюць лічбу мескіх грошай у скарбе. У часе лічбы мае права быць кожны член рады; затым абіраюцца, каб быць прысутнымі ў часе лічбы, па адным „мистру” ад кожнага цэха, якіх таксама абірае рада, а ад усяго паспольства, з гэтай самай мэтай, купцы і ўсё пас­польства абіраюць 18 асоб, з якіх ужо сама рада „шесть между ними оберет”. „А тые с поспольсгва и с цехов, которые будут седети на личбе, доканавши личбы, мают присегати, иж никому не мают зьявити скарбов и таемниц меских”. Вельмі характэрная заява аб патаемным перахаваньні скарбаў. Небясьпека з боку самаўладных паноў, зайздрос­ных на агульныя маёмасьці, прымушала прымаць надзвычайныя крокі, каб ахаваць мескі скарб.

Рада, такім чынам, рэзка адасабляецца ад мяшчанства. Яна скла­даецца толькі з людзей заможных —„оселых”. Каб ня даць мескай бед­наце магчымасьць прымаць удзел у кіраваньні места, яна імкнецца да самаабраньня. Рада абірае і шафароў, на „половицу" якіх паспольст­ва вызначае кандыдатаў з людзей таксама „добрых а оселых”. Сярод мяшчанства ўстанаўляецца свой мяшчанскі арыстократызм, і гэта не павінна нас дзівіць, бо такое зьявішча адпавядала ўсёй сыстеме таго часу і таму агульнаму арыстакратызму, які наглядаецца ў кіраваньні ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Меская рада з бурмістрамі загадвала гаспадаркаю места. На першым пляне стаяла абарона места. Мескае ўзбраеньне „пушки гаковницы, румянцы и што кольвек ку обороне напротивко пеприятеля" — знаходзілася пад наглядам рады. Рада купляе за „посполитые гроши" збоже“, на выпадак „голоду, дорогости, або облеженя около места". Рада сачыла за перакупшчыкамі, "абы жаден перакупчик не смел купити речей стравных перед годиною на то установленою". Рада на­глядала за вагою і мерамі купецкімі, за шынкамі, за пекарамі. Рада мела нагляд над правільным і плянавым будаваньнем мескіх будынкаў, „от нынешнего часу на потым жаден мещанин не мает рухати, а ни будовати домов своих, олиж первей мает оповедати враду“. Рада трымала ў сваіх руках ключы ад мескай брамы, наглядала за іх спраўнасьцю таксама як і за ўсімі будынкамі, як, напрыклад, гасьціны двор, лазьня, іншыя будынкі, якія належалі месту. Рада сачыла за мяшчанамі, каб яны не „выламывалися" з-пад ураду мескага ў іншую юрыздыку. Рада зносілася з гаспадарскім урадам. Ва ўсіх судовых справах цывільнага характару рада адпраўляла суд над мяшчанамі, якія ёй падлягалі. З 1552 году рада зацьвярджала цэхі.

Рада кожны тыдзень у чацьвер мела свае пасяджэньні на ра­тушы „для справ местских. Для сваіх патрэб рада мела ўласнае па­мяшканьне ў ратушы, „рада в иншей избе мает седети, справы свае справовати, што по них прислушит з бурмистры".[33]

Другою мескаю ўстановаю была лава. Лік лаўнікаў, або скабінаў, у Вільні складаўся з 12 асоб. Лава мела сваё памяшканьне ў ратушы.' Агульныя сходы лавы з радаю адбываліся толькі тады, калі запрашала рада. Лаўнікі, як відаць, таксама абіраліся радаю; пасады лаўнікаў, як і радцаў, былі дажывотнымі. У вадносінах да ўсіх радцаў, бурмістраў і лаўнікаў было ўстаноўлена адно абмежаваньне: блізкія крэўныя ня мелі права быць абранымі у ліку некалькіх асоб; „к тому которы бурмистры и рядцы и лавники в раде и в лаве седят отец з сыном, альбо брат рожоны з братом, тые мают без порушения седети аж до животов своих, але от нынешнего часу... жадный таковый, то ест отец з сыном, альбо брат рожоны з братом на таковые врады не мают быти выбираны, а ни сажоны, нижли отец может седети в раде, а сын в лаве, также и братья рожоныя один седети в раде, а другій также в лаве"[34].

Комнэтэнцыяй лавы быў суд у крымінальных справах. На чале лавы стаяў войт. Апэляцыя на суд рады і лавы падавалася беспасрэдна гаспадару, які павінен быў судзіць, як і рада ці лава, на аснове Майдэборскага права, што падкрэсьлівае настойна гаспадар як у прывілеях на Майдэборскае права, гэтак і у сваіх судовых паста­новах.

Мескі ўрад стаў звычайна празывацца магістратам (magistratus), асабліва з другое паловы XVI сталецьця. Магістрат меў свой будынак - ратушу, якая знаходзілася на Вялікай вуліцы. Цяпер на месцы ратушы ў Вільні знаходзіцца будынак тэатру.

Жыхарства, якое падлягала мескаму ўраду, складалася з розных груповак, у залежнасьці ад маёмаснага свайго стану і ад заняткаў. З пашырэньнем на Беларусі грашовае гаспадаркі і дзейнасьці гандлё­вага капіталу, адбываўся ня толькі ўзрост гандлю і ўзмацненьне стану людзей, якія займаліся гандлем, але значна павялічыўся і падзел працы. Спэцыялістыя-рамесьнікі, якія выключна займаліся адным сваім рамяст­вом, без дадатковых заняткаў земляробства і іншых, -значна павя­лічваюцца як у ліку, гэтак і ў рознастайнасьці сваіх заняткаў. Разам з агульным ужываньнем грошай, зьяўляецца значны попыт на рамесь­ніцкія вырабы. Усё гэта павялічвала ўзрост жыхарства места. Павялі­чэньню места спрыялі і агульныя ўмовы жыцьця таго часу. Сяляне, якраз у гэты момант, перажываюць процэс утварэньня і ўзмацненьня прыгону. Зразумела, што шмат хто з іх, асабліва больш энэргічныя, шукаюць выхаду з свайго палажэньня і ўцякаюць у месты, дзе яны захоўваюць сваю волю. Паны, аднак, знаходзілі іх і тут, сілком пры­мушалі варочацца на вёску і працаваць на сябе. Але такая дзейнасьць паноў ужо закранала інтарэсы гаспадарскага скарбу, бо, з павялічэнь­нем жыхарства ў месьце, павялічваліся і прыбыткі з места, якія ішлі ў гаспадарскі скарб. З гэтае прычыны гаспадар прымушаны быў вы­даць Вільні ў 1538 годзе спэцыяльны прывілей, у якім забаранялася вяр­таць тых, хто пражыў у месьце шэсьць год. „Которы бы кольвек чоловек от коле до того места Виленского пришол и там мешкаючи и кормячися через шесть лет в том месте был, прыказуем вам (князіом, паном, воеводом, старостом) под закладом нашым пятисот копамт гро­шай, абы есте тых людей заседелых з места виленского невыводили, а некоторые трудности и нагабанья им не делали; нехай они без порушенья в тым месте тамошним мешкают и нам служат"[35].

Замахваліся на мяшчан ня толькі паны, шляхта і духавенства,—але і гаспадарскія ўраднікі, як ваявода віленскі і яго намесьнікі. У 1538 годзе войт, бурмістры і радцы места віленскага скардзіліся, „што наместник твоей милости виленский (пан ваявода віленскі Ольбрахт Гаштольд) ремеслников и челядь их, которые в меских домах мешкают, с моцы и права и послушенства меского выймает, и в свою оборону их берет и судит, и справляет". Такая дзейнасьць парушала ў самай аснове правы места і пагражала яго існаваньню; урад гаспадара забараніў ваяводзе гэткія ўчынкі[36].

Пагроза для места і мяшчан была і з іншага боку. Часта самі мяшчане прадавалі свае дамы шляхце або аддавалі іх, як пасаг, за дачкамі, якія выходзілі за людзей іншага стану—за служэбнікаў і два­ран як гаспадарскіх, гэтак і папскіх; некаторыя мяшчане дабіваліся ад гаспадара спэцыяльных грамат, на аснове якіх яны паддаваліся суду і паслушэнству гаспадарскаму; іншыя рамесьнікі станавіліся на працу да паноў радных і таксама аддаваліся ў іх падданства. Вынікам усіх такіх здарэньняў было памяншэньне ліку мяшчан, што вяло „к уменьшенью и пожитков наших и меских, штобы естли бы долго трывати и множитися мело, тогды бы не мало доходов так нам, яко и тому месту затым отошло и в великое бы замешанье в раде и справе местской посполитой было". Відавочнасьць усяе шкоднасьці такіх зья­вішчаў, якія закраналі і інтарэсы самога гаспадара, прымусілі яго стаць на бок места і выдаць загад, на аснове якога „хто бы с подданных нашых, якого кольвек стану выменью меском седеть хотел, тогды мают вси под правом и присудом местским быти“. Таксама і слу­жэбнікі гаспадарскія і іх слугі і мяшчане іх і рамесьнікі, набываючы дамы, павінны быць пад мескім прысудам. Хто купіў дом пад мескім правам „тыи мают право местское приняти”. Нават і тыя мяшчане, якія мелі земскія маёнткі і фальваркі, „не мають права и послушенства их местского ся выламывати”. Аднак, для мяшчан, якія хацелі выламацца з-пад мескае ўлады і прысуду, быў выхад; гэта воля і ласка гаспа­дарская „нижли естли быхмо мы кого за слушными а великими причинами с таковое повинности вызволили". Пераход да паноў радных і другіх ураднікаў забараняўся мяшчанам пад страхам конфіскацыі дамоў і фальваркаў.[37]

Ня гледзячы на загады гаспадара і яго прывілеі, паны, князі і шляхта праз увесь час замахваюцца на мяшчан, што выразна выяўля­ецца ў паўтарэньні прывілеяў нават адным і тым-жа гаспадаром. Асаб­ліва церпяць мяшчане ад „своволенства” паноў, князёў і шляхты, якія ня толькі на вуліцах і па месцах „посполітых", гэта значыць - мяшчанскіх, але і „з домов некоторых мещанских тых людей моцно гвалтом берут“, саджаюць і трымаюць да сваёй волі. Калі такіх буянаў і слуг іх захапляюць на месцы злачынства і вядуць у мескі ўрад, дык паны, князі і шляхта „гвалтове отнимають, с чогося великие шкоды посполитому человеку деют и враду их местскому не мале зельжение становит”.[38] Гаспадар забараняе падобныя гвалты і злачынствы, але нам добра ведама самавольства паноў, якія ня слухалі ніякіх загадаў гаспадара, асабліва ў пазьнейшыя часы.

Не адставала ад замахаў на мяшчанства, з мэтай захапленьня яго пад сваю ўладу, і духавенства; асабліва выдзяляўся ў гэтых адносі­нах каталіцкі біскуп, які, у інтарэсах пашырэньня сваёй улады над мяшчанствам места Вільні, карыстаецца сваім правам, як вышэйшая духоўная ўлада, накладаць „клятвы” на віленскіх мяшчан. Віленскі біскуп няпраўна пасылае віленскім мяшчанам мескае юрыздыкі свае „позвы”, якімі прыцягвае іх у свой суд і робіць іншыя крыўды і уціскі.

У 1511 годзе ў суд вялікага князя і паноў радных віленскія „бур­містры радцы и вси мещане места виленского” падалі заяву на вілен­скага біскупа князя Войтэха, абвінавачваючы яго у тым „што дей он в суды вашие меские вступаеться, и позвы и клятвы на нас выдаеть безвинно, и многии кривды и втиски нам делаеть...”

Суд, выслухаўшы і разабраўшы заяву віленскіх мяшчан, пастана­віў, „што бы он в суды местскіе не вступался, и позвов и клятв, без нашое воли (вялікага князя) на них не выдаваў, и никоторых кривд и втисков им, противу их права, не делал. Если бы его милость (біскуп) мел которое до них дело, маеть нам на них жаловати, а мы маем его милости с ними справедливость чинити"[39].

Такім чынам, гаспадар вялікі князь абараняе мяшчан і ад духа­венства і знаходзіць спосаб вырашэньня спрэчных пытаньняў шляхам беспасрэднага звароту да свайго ўласнага вырашэньня. Гэты спосаб лік­відаваньня спрэчак ва ўзаемаадносінах паміж біскупам і мяшчанствам паказальны. Ён сьведчыць аб фактычнай безабароннасьці мяшчанства ад нападку з боку высокіх станаў і асоб, калі сам гаспадар вялікі князь бачыць выхад з таго палажэньня, якое ўтварылася, толькі ў

сваім уласным вырашэньні спрэчак у кожным паасобным выпадку. Гэта, фактычна, ёсьць рэкомэндацыя вызначанага спосабу дзеля вырашэньня спрэчных пытаньняў, а ня праўная абарона жыхарства, у гэтым выпадку,—мяшчанства.

Такім чынам, мяшчане прымушаны былі весьці цяжкую барацьбу з тагачаснымі ўмовамі жыцьця, каб захаваць сябе, як стан грамадзянства. Замахаў на мяшчан многа. Яны ідуць і з боку гаспадарскага ўраду, які хоча падпарадкаваць іх сваёй уладзе; на іх замахваюцца паны, князі, духавенства і шляхта, якія хочуць зрабіць іх сваімі падданымі або шляхам шлюбу здабыць мескія маёмасьці. Урэшце, і верхавіна больш заможнага мяшчанства сама імкнецца ўвайсьці ў склад шляхты і такім спосабам парушае інтарэсы ўсяго стану.

Ня гледзячы на ўсе замахі проціў мяшчан у першай палове XVI сталецьця, заўважваецца яго ўзрост. Мяшчанства ўпарта абараняе свае інтарэсы. У гэтай абароне дапамагаюць мяшчанству ня толькі мескі ўрад, які і сам блізкі да гэтых імкненьняў, але і організацыі самога мяшчанства, якія яднаюць усё мяшчанства і даюць яму магчымасьць бараніцца. Такімі організацыямі былі мядовыя брацтвы і цэхі. Самым старым брацтвам было брацтва кушняроў. Яго статут быў зацьверджаны ў 1538 годзе, але члены брацтва заявілі, што „того брацтва своего от осмидесяти лет свободне и добровольне аж до того часу уживают"[40]. Заснаваньне брацтва, такім чынам, трэба аднесьці да 1458 году. Тое, што так рана зьявілася кушнерскае брацтва, зусім зразумела, бо Вільня заўсёды была вядома сваім гандлем „косматыми скурами". Другім раньнім цэхам быў цэх злотнікаў, які існаваў у Вільні з 1495 году.[41] У першай палове XVI сталецьця цэх меў ужо значны лік сяброў, але большая частка іх былі немцы.[42] У часы Жыгімонта Ста­рога існавала ўжо брацтва панскае, або бурмістарскае і кадэцкае, а таксама брацтва Роскае[43], у часы Жыгімонта-Аўгуста быў зацьвер­джаны статут цэху магернікаў, панчошнікаў і суконьнікаў[44]. Былі, на­пэўна, і іншыя цэхі, як, напрыклад, цэхі шаўцоў, прывілей на статут якім даў Жыгімонт-Аўгуст, ганчароў, краўцоў, саладоўнікаў, столяраў і іншых; статуты іх, аднак, не захаваліся ад гэтых часоў, а толькі ёсьць болей позьнія. У XVII і XVIII сталецьцях у Вільні існавала ўжо 25 цэхаў.

Цэхі былі вытворчымі таварыствамі і організацыямі, якія ядналі мяшчан аднолькавага стану і заняткаў. Цэхі стаўлялі сабе за мэту дапамогу сваім сябром як у іх працы, гэтак і ў выпадку жыцьцёвых ліхіх гадзін. З боку свае організацыі яны былі падобны да заходняэўропейскіх цэхаў. Складаліся яны з майстроў, таварышоў і вучняў. Правадзейнымі былі, аднак, толькі майстры, хаця-ж таварышы і вучні атрымалі сваю організацыю, праўда, пазьней, якая мела сваёй мэтай абарону іх інтарэсаў супроць уціску і эксплёатацыі з боку майстроў[45]. Цэхі або брацтвы (так часта празываліся цэхі) мелі свой скарб, які яны ўжывалі на ўтрыманьне цэху і на дапамогу сваім сябром. Цэхі мелі свае штандары і, урэшце, зброю, якой яны павінны былі абараняць горад у выпадку небясьпекі. Разгляданьне мяшчанскіх організацый не ўваходзіць у межы гэтага артыкулу; аднак, дзеля ўяўленьня жыцьця Вільні у першай палове XVI сталецьця, іх трэба мець на ўвазе, бо цэхі ў значнай меры дапамагалі месту у барацьбе яго з іншымі станамі, якія пагражалі месту і яго жыхаром, што жылі паводле мескага Майдэборскага права.

Разьвіцьцё гандлёвага капіталізму спрыяла пашырэньню зносін з Заходняй Эўропай і пашырэньню новых заходня-эўропейскіх ідэй XVI сталецьця у месьце Вільні. Віленскія гандляры болььш за ўсё маюць сувязь з нямецкімі гарадамі і адсюль, апроч тавараў, атрымліваюць і новыя думкі, пагляды, ідэі гуманізму і рэформы царквы пашыраюцца у Вільні сярод самых розных колаў, грамадзянства. Яны знаходзяць грунт як у князеўскім палацы, гэтак і ў хаце рамесьніка. Ужо у 1516 годзе у Вільні не жадаюць плаціць папе у Рым "аннуат" (гадавы падатак) і зьбіраць для папы іншыя падаткі. Мяшчан места Вільні абурала становішча каталіцкае, якая уладала трэцяю часткаю места, ідэі лютаранства знаходзяць добрую глебу і значна пашыраюцца сярод мяшчанства, бо з імі зьвязваецца рэорганізацыя царквы і пераход кіраваньня царквой у месьце, паводле прыкладу нямецкіх вольных гарадоў, да мескага ураду. Лютаранства, раней за усё, пашыраецца сярод мяшчан нямецкага пахаджэньн, а потым знаходзіць прыхільнікаў і сярод беларусаў-тубыльцаў.

Гаспадарскі палац таксама не абмінаюць новыя ідэі. Тут працуе ітяльлянец Францішак Лісманіні, які з 1521 году становіцца кусташам Францішканскага касьцёлу ў Вільні, а потым духаўніком Боны і выхавальнікам маладога Жыгімонта-Аўгуста. Лісманіні зьяўляецца прыхільнікам антытрынітарства - тэорыі, якая знаходзіць, дзя­куючы свайму радыкалізму, шмат прыхільнікаў сярод шляхоцкіх колаў. Францішканскі манастыр і касьцёл становяцца цэнтрам пашырэньня новых ідэй.

Панскія колы таксама ня цураюцца новых думак і паглядаў. Панскія сыны часта езьдзілі у Заходнюю Эўропу дзеля вывучэньня „рыцарских учинков" пры дварох фэадалаў Заходняе Эўропы, а таксама і дзеля навукі у унівэрсытэтах Лейпцыгу, Нюрэнбэргу, Прагі, Падуі і іншых гарадоў. Па прыезьдзе на бацькаўшчыну, заняўшы вы­сокія пасады у Літоўска-Беларуская дзяржаве, гэтыя паны не забы­ваюць тых новых паглядаў аб якіх яны там чулі, і з прыхільнасьцю спрыяюць іх пашырэньню. Прычынай гэтага была тая барацьба, якую пачала шляхта супроць дыктатуры паноў-фэўдалаў. Ні каталіцкая, ні праваслаўная царква ўжо не дапамагалі паном у гэтай барацьбе; каб захаваць сваю ўладу, паны шукаюць падтрыманьня ў новай царкоўнай організацыі, якую яны імкнуцца паставіць у залежнасьць ад сябе і, такім чынам, забясьпечыць падтрыманьне новаю царквою свае ўлады.

Новыя думкі і ідэі праводзяцца праз казаньні ў касьцёлах і цэрквах. З ростам места і ліку жыхароў зьяўляецца патрэба і у кніжцы. У пачатку ХVІ сталецьця зьяўляецца першая друкарня, якую адчыніў віленскі бурмістар Якуб Бабіч на Вялікай вуліцы, супроць Васкрасенскай царквы, побач з домам Яна Зарэцкага, скарбніка літоўскага. Пазьней друкарня, адначасна з доама, перайшла да Мамонічаў, дзе і быў надрукаваны Літоўскі Статут 1588 году. У першай палове XVI сталецьця у Вільні зьяўляецца і першая правільна організаваная школа, якую адчыніў літвін Абрагам Кульва (1539); хутка, аднак, Кульва прымушаны быў пакінуць сваё пачынаньне, і школы, паводле тыпу заходня-эўропейскіх, адчыняюцца ў значным ліку ўжо толькі ў другой палове XVI сталецьця.

Такім чынам, Вільня ў першай палове XVI сталецьця перажы­вала надзвычайна вялікае ажыўленьне. Места прымае канчатковую і пэўную організацыю; гандаль і прамысловасьць растуць; вырастаюць організацыі мяшчанства—цэхі; урэшце, як вынік усяго гэтага, ажыў­леньне інтэлектуальнага жыцьця і духоўных запытаньняў жыхарства як мяшчанскага, гэтак і іншых станаў, якія жылі ў Вільні.


  1. Полное собрание русских летописей, изданное Археографическою Комиссиею. Том VII. Летопись по Воскресенскому списку. СПБ. 1856, стар. 253
  2. Ю. Крачковский. Старая Вильна до конна XVII столетия. Вильна, 1893.
  3. Собрание древних грамот и актов городов Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть I. Вильна, 1813. № 1. (Далей пры­водзіцца скарочана: „Собрание древних грамот Вильны и др."
  4. Ibid., №2
  5. Ibid., №4
  6. Ibid., №7
  7. Ibid., №8
  8. Ibid., №9
  9. Volumina legum. Przedruk zbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie, od roku 1732 do roku 1782. T. I. Petersburg 1859. стар. 38-39
  10. Собрание древних грамот Вильны и др., №12. Пераклад на беларускую мову: Віленскім мяшчанам дазваляецца праз усё каралеўства Польскае ісьці, стаяць, спыняцца, гандляваць, дзе-б яны не пажадалі, вольна і бясьпечна як на вадзе, так і на сухазем'і бяз выплаты нам мыта і без усялякіх перашкод"
  11. Акты, относящиеся к истории Западной России, т. I. 1746, №165
  12. Собрание древних грамот Вильны и др., № 7.
  13. Ibid., № 13
  14. Ibid., № 16
  15. В. Пичета. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. Часть первая, Москва, 1917, стар. 74-76.
  16. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею. Т. XX. Акты касающиеся города Вильны, Вильна, 1893, стар., 56. 173, 250.
  17. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. IV. Wilno 1842, стар. 355
  18. Ю. Крачковский, ор. сіt., стар. 45.
  19. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, ст. 189
  20. Археографический сборник документов, относящихся к истории северо-западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского Учебного Округа. Т. VI Вильна. 1869, ст.37.
  21. Собрание древних грамот Вильны и др., №11
  22. Ю. Крачковскнй. Ор. сіt., стар. 62.
  23. Собрание древних грамот Вильны и др. №26
  24. Ibid., №48
  25. Ibid., №25
  26. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею, т. XX. стар. 254 і 266.
  27. Литоўская мэтрыка, кн. запісаў 12, ліст 201 (адварот)
  28. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, стар. 285
  29. Собрание древних грамот Вильны и др., №23
  30. Ibidem. №24
  31. Ibid., №4. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, ст. 219
  32. Літоўская Мэтрыка, кніга запісаў 12, ліст 359 (адварот)
  33. Собрание древних грамот Вильны и др., №27.
  34. Ibidem
  35. Ibid., № 28
  36. Ibidem
  37. Ibid., №33
  38. Ibid., №35
  39. "Русская Историческая Библиотека", т. ХХ, стр. 713
  40. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею. т. Х. 1893, № 1.
  41. Ibid., №12
  42. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, стар. 271
  43. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею, т. Х. 1893, № 1.
  44. Ibid., №17
  45. Ibid., №22

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.