Мейсца й значаньне Францішка Скарыны ў сучасным беларускім вызвальна-адраджэнскім руху

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мейсца й значаньне Францішка Скарыны ў сучасным беларускім вызвальна-адраджэнскім руху
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1931
Крыніца: Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія. - Мінск, 2015. - с. 30-32 (першакрыніца: Іскры Скарыны. 1931. №1. С. 14-15)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І

1925 год на Беларусі прайшоў пад знакам урачыстага сьвяткаваньня 400-лецьця беларускага друку. Ладзіліся ўрачыстыя акадэміі, літаратурныя сходы, навуковыя даклады, на якіх зь вялікаю пашанаю, з пачуцьцём пэўнае дасгойнасьці ўжывалася імя доктара лекарскіх навук Францішка Скарыны, бо ён першы распачаў друкарскую справу на Беларусі, ён першы даў літары беларускага друку.

400-летні юбілей беларускага друку быў адзначаны і ў Празе, дзе знаходзілася ў той час значная колькасьць беларускае эміграцыі — пераважна студэнцкая моладзь. Было заснована Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Т-ва імя Др-а Францішка Скарыны. Гэта-ж у Празе чатырыста гадоў таму назад Францішак Скарына распачаў сваю друкарскую справу, выдаючы пераклад бібліі на беларускую мову; у старадаўняй чэскай Празе, дзе так нядаўна яшчэ перад тым грымелі словы праўды Яна Гуса, баёўныя словы проці Рыму.

Дзеля ўшанаваньня памяці Францішка Скарыны, вялікага й векапомнага друкара Беларусі, у беларускім друку за апошні час зьявілася шэраг вельмі каштоўных выданьняў: кніга В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», зборнік Інбелкульту «400-лецьце беларускага друку», кніга А. Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі. 1525-1925»; у беларускай пэрыёдыцы зьмешчаны шэраг артыкулаў. Трэба адзначыць пры гэтым, што аб Скарыне існуе ўжо вагромністая літаратура ў іншых мовах. Скарыніяна — гэта ўжо вагромністае множства літаратурных і навуковых твораў у якіх знаходзімо дакладны агляд жыцьця й дзейнасьці Францішка Скарыны, яго эпохі, мейсца й значаньне яго ў гісторыі беларускай культуры, у гісторыі культуры славянскіх народаў і ўсяго чалавецтва.

Але якая падзівагодная зьява! Амаль усё, што мы ведаем аб Францішку Скарыне, гэта — яго друкарская дзейнасьць. Скарына друкар і перакладчык бібліі на беларускую мову. Гэтым і абмяжоўваецца ўсё наша веданьне.

Дзеля ўшанаваньня Скарыны друкара ёсьць названы яго імем на Беларусі шэраг беларускіх друкарняў — у Вільні, Воршы ды інш. Як першаму беларускаму друкару запраэктавана паставіць яму і помнік у Полацку, старадаўнім месьце Крывіцкае зямлі, родным месьце Францішка Скарыны.

У беларускім суспольстве, такім чынам, ствараецца ўява, узмацняецца культурная традыцыя, што Францішак Скарына быў толькі друкар і перакладчык бібліі на беларускую мову. У гэтым,маўляў, і палягае ўся веліч яго ў гісторыі беларускае культуры, усё вагромністае значаньне яго для нашай сучаснасьці.

А між тым Францішак Скарына ня толькі друкар і перакладчык бібліі на беларускую мову. Перадусім, ён глыбокі мысьліцель, арыгінальны філёзаф, рэлігійны й сацыяльны рэфарматар, вялікі рэвалюцыянэр свай го часу, змагар за дабро паспалітага люду.

Без Скарыны і паміма Скарыны мы ніў якім разе незразумеемо такіх волатаў беларускай культуры, як Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і Лявон Сапега; не зразумеемо цікавейшую й найбольш слаўную эпоху ў гісторыі беларускага народу, эпоху рэфармацыі і гуманізму, эпоху адраджэньня; няяснай будзе нам і настаўшая потым эпоха каталіцка-праваслаўнай рэакцыі, эпоха заняпаду беларускае культуры, асыміляцыя вышэйшых упрывіліяваных станаў беларускага суспольства.

Маім заданьнем ёсьць наяўна выявіць, выкрыць і даказаць, што Скарына ня толькі даў пераклад бібліі на беларускую мову, але даў выклад тлумачэньне бібліі ў сваіх векапомных прадмовах да зробленага ім перакладу; ён даў нам сваю «біблію», сваю «кнігу быцьця» — Скарына даў нам асноўныя падваліны беларускае філязофіі.

Выявіць гэта — значыць сказаць праўду аб Скарыне. Гэта будзе зроблена ў наступных разьдзелах.