Перайсці да зместу

Межы (1929)/III/Песьня малатоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянка-студэнтка Песьня малатоў
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Пачуй
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня малатоў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ МАЛАТОЎ

Гук за гукам, звон за звонам
Раздаюцца там і тут…
Нібы іх хто ў далі гоніць…
Туку-туку, туку-ту!..

Гэтак звоняць… Перазвоны
Адбіваюць малаты,
І прастор ўзбуджаюць сонны
Іскры — зоры пекнаты.

Сонца толькі што устала,
Абудзіць каб к працы люд,
І ня рада, што праспала
На пацеху кавалю.

Сам сабою ён абуджан
Дзеля працы, для жыцьця.
О, каваль! Які ён дужы:
Стукне — іскры паляцяць.

Не адзін ён: іх так многа
За ударам шлюць удар;
Нікне гора і трывога,
Калі стукне грамада.

Як прыгожа ўзьняты рукі,
Каб даць волю малату;
Гук за гукам родзіць гукі:
Туку-туку, туку-ту!

І ад досьвітку да змроку
Ў кузьні чутны галасы,
І нясуць іх ў даль далёка
Іскры вогненай красы.

Малаты сьпяваюць песьню
Пад магутнасьць ўздыму рук;
Яна ўторыць ім прадвесьняй:
Туку-туку, туку-ту!

1925 г.