Перайсці да зместу

Межы (1929)/III/Зазьвінелі касамі у лузе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Касьба Зазьвінелі касамі у лузе
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Поўдзень пры жніве
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зазьвінелі касамі у лузе…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЗЬВІНЕЛІ КАСАМІ У ЛУЗЕ…

Зазьвінелі касамі у лузе…
Палілася песьня дзяўчыны
На усе поўна-раскрытыя грудзі.

Зазьвінелі касамі у лузе…
Срэбра рос асыпаецца, гіне…
Заграбае пракосы дзяўчына,

Заграбае дасьціпна і зграбна…
Сонца кос яе пасмы залоціць,
Яны зьзяюць красою ядвабнай.

Заграбае дасьціпна і зграбна,
Расьцілае на сонечнай сьпёцы,
Посьле ставіць, стаміўшыся, граблі.

Награблася, натузала плечы,
Палажыла галоўку на сене,
Засмуцілася моцна аб нечым.

Награблася, натузала плечы,
З сэрца прагнуць яе лятуценьні:
Ой, хутчэй-бы, хутчэй прыйшоў вечар.

Прыйдзе вечар, дзяўчына-красуня,
Ты сустрэнешся ў садзе з каханым,
Не адзін ён пашле пацалунак…

Прыйдзе вечар, дзяўчына-красуня,
Дачакаешся з любым сьвітаньня!..
А на лузе трава, нібы струны,

Шалясьціць і сьпявае аб нечым,
Хіліць голаву нізка да долу —
Можа суліць дзяўчыне сустрэчу,

Шалясьціць і сьпявае аб нечым…
Зноў к дзяўчыне прыходзіць вясёласьць,
А з ёй разам прыходзіць і вечар.