Перайсці да зместу

Межы (1929)/I/Мяне сёньня вецер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пытаеш ты Мяне сёньня вецер
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Якубу Коласу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мяне сёньня вецер…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЯНЕ СЁНЬНЯ ВЕЦЕР…

Мяне сёньня вецер ня злуе, ня журыць,
Ён іграе зычна мне паходны марш,
Бо я парадніўся з громамі і бурай:
Даўняга бясьсільля ўжо ў грудзёх няма!

Я акрэп у буры, загартован ў гарце,
Поўняцца адвагай сэрца і душа.
Мне павевы буры — ласкавыя жарты,
А мой сум сардэчны — немая ціша.

І вось, запаліўшы ліхтары-паходні,
Вышаў я ў прасторы шчасьця пашукаць.
Вецер дзьме паволі, вецер дзьме усходні,
І блішчыць мне з далі зорнасьць маяка.

Я іду на бляскі пасьля цемры, дыму, —
Яшчэ сьлед відзён іх, толькі дзе-нідзе, —
Але ўжо ў паходцы многа веры, ўздыму,
А ў шуканьні шчасьця шмат ужо надзей.

Мяне сёньня вецер ня злуе, ня журыць,
Ён іграе зычна мне паходны марш,
Бо я парадніўся з громамі і бурай:
Даўняга бясьсільля ўжо ў грудзёх няма!

1924 г.