Межы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Межы
Аповесць
Аўтар: Сымон Баранавых
1929
Крыніца: https://knihi.com/Symon_Baranavych/Miezy.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ПЕРШАЯ[правіць]

І[правіць]

У бакоўцы, у каморы стары Пракоп доўга шныпарыўся. Куркішкамі ўспёрся над расклееным куфэркам. Перабіраў, бразгаў зборным жалезам. З аднаго боку ў другі перакідаў абы-якое, мала на што патрэбнае ламачча. Шукаў нейкае нітэркі ды некалькі дробных цвікоў-вухналікаў. Цвікі, як лягчэйшыя, былі параскіданы па дне куфэрка, былі змешаны разам з стар’ём. І ён лавіў іх па адным за іх тонкія дрынгалястыя спіны сваімі каструбаватымі, нязграбнымі пальцамі.

Некалькі нашчупаў вухналікаў, а нітэркі ніяк не мог знайсці.

А ў хаце Макрына кроіла кравецкімі ножнамі кужаль. Выкройвала пару адмысловых штаноў. Мармытала нешта сама сабе, пела.

— Макрына... Макрынка! Хадзі сюды,— пазваў стары Пракоп.— Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Ніяк не знайду... Каб яе нараду не было... Ліха яго ведае, дзе тут што.

І Макрына ўзяла з зымса запалкі.

Макрына от цяпер у мясаедзе — другі тыдзень ужо як пераехала ў Пракопаву хату. Яна замуж зайшла. За Пракопавага сына Яўгена. За спакойнага гаспадарскага хлапца. Стары Пракоп сказаў Яўгену:

— Даволі ўжо табе з ёю валэндацца. Няхай і людзі чаго не думаюць, не гавораць. Бяры ты ўжо яе, дый годзе! Бо няма ж каму і рабіць, чалавеча,— казаў бацька сыну.— А яна — працавітая дзяўчына. А гэта — галоўнае. Гультая возьмеш — ні табе спакою, ні табе атхлання не будзе. А яна, калі што якое,— за плугам зможа пайсці, за касою... Каб яшчэ калі, як Параска была дома — такое яно дзела: пачакаць можна б... А так — жаніся, нябож.

Параска — Яўгенава сястра. Яна неяк па восені, перад пакровамі, пайшла замуж у Камары. У хаце двух мужчын пакінула. Самім трэба было і варыць і паліць. Яўгену — во як падаспела да жаніцьбы! Ды і сам Яўген: — з год, мусіць, не спускаў з вока Макрыны.

— От, нічагусенькі сабе дзяўчына,— разважаў,— бацькоў не дрэнных... Вельмі ж бацька ўжо добры чалавек. У паблуд слова не кіне. Зараней — калі што якое — абмяркуе, праверыць і тады скажа: «Я нічога не знаю і не ведаю! Я малапісьменны чалавек. Мо яно і зусім не вартае і зусім дурное, што я кажу. Але паколькі кожны чалавек мае права казаць...»—І так заўсёды. Заўсёды другога лічыць вышэй за сябе. І от, бадай што, за гэта я яго страшэнна паважаю. Каб, здаецца, усе такія былі, свет бы ўраз перайначыўся. Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Не тое што як другі — каторы любіць выстаўляцца, штосьці якаць: «Я! я!» У яе бацькі, Цімоха, ніколі не ўбачыш гэтага.

— Ды і Макрына...— далей разважаў Яўген.— Чаго ж там хацець ад яе: нябрыдкая з твару. Аднае вёскі: я яе як пяць пальцаў ведаю. Я, можна сказаць, прывыкаю да яе. Яна па бацьку пайшла. Яна такая адкрытая. Калі што — яна не будзе жмурыць вока. А з твару яна: зубы ў яе такія, як часнок, вельмі ж белыя. Голас такі звонкі, як сталь. Калі запяе «Сонца нізенька, вечар блізенька» — проста слухаў бы... Аж пераліваецца ўсё, аж дрыжыць... Рухавая такая. Не патрэбна будзе катурхаць. Сама сябе дагледзіць, мяне дагледзіць. А жаніцца — час. Гады, тым часам... А брат, мусіць, не вернецца...

Яўгенаў старэйшы брат, Гіляр, трэці год як з ламавіком-аўтамабілем працуе. Служыць за шафёра. У вайсковай службе навучыўся. Восьмы год як жанаты. На вайсковай службе і ажаніўся. Узяў сабе нейкую бежанку родам з-пад Вілейкі. Калі скончылася вайна, заехаў дадому, як у госці. Так і застаўся на чыгунцы. Нічагусенькі сабе жыве. А яно і дома можна было б жыць, хоць і не поўны надзел на іхняй гаспадарцы: Пракопава сястра, як ішла замуж, дык прыданым адняла чатыры дзесяціны...

Калі зайшла Макрына ў каморку, цемень кінулася ў вочы. Ведама, як з хаты, дзе святло тышчыцца ў твар. А тут — безаконная каморка. Дык пакуль асвойчыцца зірк...

— Пасвяці ж ты мне, нябож! — сказаў стары, калі ўвайшла Макрына.— От тут пасвяці... Ліха яго ведае... Ніяк не знойдзеш вобмацкам. Усё тут перавернута дагары нагамі...

І ён бразгаў, перакідаў старое ржавае жалеза: старыя цвікі, сапсутыя замкі, зашчапкі, кручкі, завесы з адламанымі канцамі.

— От, каб яе немач...

А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Макрына пачала паліць другую. Мусіць, адсырэлі запалкі, ці што: не загарэлася і другая. Раз шарганула — агонь толькі бліснуў у цемені каморкі, а не загарэлася. Другі раз, трэці...

— Такі ж адсырэлі...— сказала скрозь думку. Пачала даставаць трэцюю запалку.

А стары Пракоп чакаў, пакуль запаліць. Чуў, як спяшаецца яна, каб запаліць. Шоргае, шоргае па карабку... Сапе — дыхае тугімі ўзрывамі духу.

«Добрая жонка...— падумаў стары.— Не варты ён яе. Прахвост — ціхі ж вельмі. Нюня».

Запалка загарэлася і асвяціла каморку, асвятліла яе поўны твар. Крамяны, млечны, ружовы, малады твар. Валасы разблыталіся і абы-як звісалі на смуглявыя бровы. І гэта так добра падыходзіла да яе!

— Пазлятвалі галоўкі,— сказала Макрына, гледзячы на сапсутыя кінутыя запалкі.— Яўген браў з сабою, дык адсырэлі недзе ў кішэні.

— Ага...— міжвольна адказаў Пракоп.— Вось і яна — знайшоў — нітэрка,— вярнуўся да сапраўднасці.

Макрына не заўважыла міжвольнасці старога. Яна была затакавана, каб як лепей пасвяціць яму, каб знайшоў ён, не марудзячы, згубленую шрубу-нітэрку.


ІІ[правіць]

Яўгена Бурцеліка выбралі ў члены сельсавета ад насельнага пункта вёскі Брод. І вось як.

Прыехаў той чалавек, што перавыбірае. Сабраліся ўсе ў Міхалкаву хату. Яго хата вельмі прасторная, вялікая. Пакуль галасаваць, ці за таго, ці за другога — ужо было вырашана.

— У што б там ні стала — Яўгена!

— Няма там чаго адвільваць!

— У хаце ўтраіх!

Па вёсцы гаманілі, што ніхто з іх, з Бурцелікаў,— уга! — ці цеперся — не служыў. Бацька як служыў некалі старастам, дык і ўсяго ж. Так што гэта яшчэ аж перад вайною. І таму — ужо ці цеперся падышла чарга. І ніхто за іх, за Бурцелікавых, не будзе выслужвацца.

А калі прыезджы для выбірання гаварыў цяпер нешта ў Міхалкавай хаце, а потым нешта перабіраў у стусе паперы і тады сказаў: «Будзем выбіраць»,— бродаўцы зразумелі. Яны зразумелі, што от іменна цяперака ім не патрэбна маўчаць. Бо калі будзеш маўчаць, зноў будзе тое самае. Зноў — адзін па дзесяць разоў будзе служыць, а другі — будзе хадзіць, пазакладаўшы ў кішэні рукі, як якісь асэсар.

І яны ўсе ў адзін мах:

— Яўгена!!!

— Не трэба хітрыкаў строіць, віхлець.

— У што б там ні стала...

Адзін канцавы Карпусь засупярэчыў:

— Можна, калі на тое пайшло, каго-небудзь і другога...

Але шум галасоў скамячыў яго словы. Змяў іх у тугі каструбаваты камяк. Потым яшчэ і яшчэ змяў, сцёр іх на дробны парашок і рассеяў нябачным пылам па густа ўзагрэтым паветры, вымеджаным лямпачным святлом.

Прыезджы перш быў зморшчыўся і, як салёны агурок:

— Як жа гэта — адразу? Мо падумаеце, памяркуеце?

Але бродаўцы зноў:

— Абдумалі, абмеркавалі...

— Так што кожны няхай папабегвае...

— Няма чаго...

— То ж, то...

— Але ле, але...

Прыезджы хацеў вытлумачыць. Прыезджы казаў:

— Выбіраць трэба самага найсумленнага, самага найлепшага працаўніка. Так што глядзіце.

Бродаўцы таксама тлумачылі, казалі:

— Ён не злодзей.

— Ні з кім ніколі не задзіраўся.

— На пабягушкі ніякага сумлення такоўскага не патрэбна.

— То-та ж...

На гэтым і выбралі. Разыходзячыся з Міхалкавай прасторнай хаты, былі вельмі задаволены. Былі задаволены, што ў гэтым годзе «дапяклі» Бурцелікавым.

  • * *

Калі са сходу прыйшоў Яўген, у хаце ўжо спалі.

Ён чуў, як сапе яго бацька. Ляжыць на палку і нібыта выдзімае нешта шкляное, вельмі, вельмі тонкае. Яўген хацеў не слухаць сапення, але не мог. Калі ўжо чалавек накіраваў свой слых і ўлавіў першае — марудна перайначыць на другое: не хацеў слухаць, а чуў. Падышоў да ложка і — усё роўна.

На ложку ляжала, адкінуўшы даланёю ўверх руку, Макрына.

— Туды...— штурхануў сонную жонку,— разляглася...

Яўгена брала нейкая злосць. Сам не ведаў, якая і чаму. От нешта мітусіла, блытала яго настрой. Мо тое, што выбралі членам: мо, што моцна, выдзелена з цішыні, соп бацька? — І ён усё гэта неакрэсленае, нестасаванае ў адну форму, спаганяў на соннай жанчыне. Калі штурхануў Яўген, Макрына нешта сніла. Яна памыляла мяккімі санлівымі вуснамі, замармытала сама сабе, здала лёгкі ўздых і — зноў намеркавалася заснуць. Але да Яўгена падскочыла большая злосць.

— Кажу, адсунься, от бок...— мацней штурхануў, і яна прачнулася. Перш не разумела спрасонку — нібы злякнулася, а потым:

— А-ах, гэта ты... Яўген... Ужо прыйшоў. Ну, дык кладзіся. А-ам... А я так моцна спала. Накрывайся... Дай я цябе накрыю.

І Яўген усё роўна чуў, як соп-пыхкаў яго бацька.

Назаўтра Пракоп прачнуўся вельмі рана. Досвіткам пераплятаў лыкавы лапаць. На дварэ радзеў змрок. Спадала — некуды дзявалася — фіранка ночы.

А калі на вокны блакітным вэлюмам навісла ранне, калі ўсё больш і больш гусцеў яго блакіт, бацька сказаў сыну:

— Пойдзем у лес. Паробім з дзень, з два... Усё ж нейкі рубель, хоць на соль ці на што будзе.

Пракоп меў, як ён казаў, рубель пра ўсякае здарэнне, пра запас. Ён быў чалавекам ашчадным. Мала якія дні сустракаюць чалавека.

— Бывае — скарынцы будзеш рад,— казаў стары.— Мала якая патрэба выдарыцца. Глядзіш — не сёе, дык тое, не сёння, дык заўтра можа адчыніцца — знайсціся якая прорва.

Канечне, калі Пракоп казаў «рубель», гэта не значыць, што іменна рубель, капейка ў капейку. Чырвонец-другі мог быць у Пракопа. Сотня рублёў магла быць. Гледзячы як да года, калі выпадзе які год. Ды ўтрымаць рубель, закінуць яго — умець трэба. Бо ён, «рубель»,— слізкі ж вельмі. От так і тышчыцца, от так і плыве з рук, немаведама куды дзяецца — знікае.

— Шмат патрэбна сілы зарабіць «рубель»,— казаў Пракоп,— больш, яшчэ больш патрэбна сілы, каб утрымаць, каб не вышчаўкнуўся з рук гэты «рубель».

І бадай што: мусіць, ні ў кога доўга так не здаралася «рублю» не бачыць «божага свету», як у Пракопа. Марудна было вышчаўкнуцца яму з Пракопавых рук, хоць і слізкі ён, як апараная апенька.

Яўген не ведаў, дзе кладзе бацька грошы, не цікавіўся. А ён пашыў адмысловы джгурык2, прышыў тасёмкі і прывязаў на паясніцы на голым целе.

Перад выхадам у лес — снедаючы — нічога не гаварылі. Яўген нейкім насупленым быў. Не то злаваў, не то што. А бацьку — усё роўна. Нават не звярнуў увагі, не кінуў вокам. Чэрпаў нешта з міскі, як ні ў чым не бывала. Вешаў кроплі гэтага «нешта» на доўгія свае рыжаватыя вусы, на спрэс цёмную, як перамочаныя плоскуні, бараду.

Ужо ідучы ў лес, па дарозе (у лесе рабілі шныпры, шпалы, барылкі) бацька запытаўся:

— Што ж Анісь: мо зноў дурыў табе галаву сваім калектывам?

— Калі?

— Учора, што дзве гадзіны прабалабосціў каля варот?

— Ды не, каго выбіраць, саймікаваліся. Аб членах гутарылі.

— А каго ж выбралі?

Яўген не адразу адказаў, а ступіў некалькі крокаў.

— Чаго гэта ты невашта,— сказаў Пракоп,— насупіўся, як мыш на крупы?

— Нічога...— І, памуляўшы словам язык, выказаў : — Мяне выбралі.

— Цябе-е...— перасказаў, а не запытаўся бацька.— Хто ж гэта наважыў, каб цябе? Што ж гэта, гэнам, свет клінам сышоў, ліха іх матары. Сам от не пайшоў...

Ішоў за Яўгенам і бубніў:

— Дзе ні пайдзі сам — улезеш у бэту. Абязацельна, не каго другога, а цябе ўбэтаюць.

— Але ж каму-небудзь ды трэба быць? — уставіў клінам Яўген.

— Не ўмееш здачы даваць,— казаў Пракоп сваё,— кіслы ты ў мяне, нябож. Слухаеш розных Анісяў.

І пападаючы сваім следам у сынаў след, ідучы ззаду, недзе далёка, аж на самым цвёрдым дне сваіх думак, зусім другое: «А мо і лепей яно, што выбралі? Ліха яго бяры! Мала што якое бывае... Мо і лепей яно н-т-та-ак...»


ІІІ[правіць]

Вёска Брод з яе палоскамі-ўзрэхамі абкружана балотам. Доўгім, імшарным, цягучым, як сама смычайка на гэтым балоце. Для выезду ёсць грэбля. Гнілая такая, з вечнымі — прадаўнейшымі патарчакамі-ражнамі. З вечна ўзмучанаю, бурбалістаю ад муты вадою. Канцы грэблі, найбольш ад Брода, вымашчаны і чым ні папала: пілавіннем, карою, стружкамі. З левага боку, ідучы ад Брода,— кладкі. Не адмысловыя кладкі, а, звычайна, выпадковыя. Тут ляжыць жэрдка, прызначаная для плота, ляжыць гнілое шуло — непатрэбнае, выкінутае гаспадаром, калі перасыпалася адрына або ток; тут ляжыць таксама і згніўшая, але для кладкі вартая азяродная рашэціна. Па ёй вельмі добра ісці: яна гладкая, абчасаная некалі. Толькі на яе дзірках, дзе былі зацягнуты некалі азяродныя жэрдкі, часамі можна зачапіцца нагою, можна чуць спатыкнуцца.

Вуліца ў Бродзе заўсёды каравая. Ці пагода, ці дождж — усё роўна. Кажуць, што бродаўская зямля такая. Кажуць, што Брод на крынічным месцы, таму і гразь.

Бродаўцы прывыклі да яе, ліпкай, густой, вечна ўзмешанай цяжкімі панарадамі, конскімі капытамі, чарадою вострых каровіных капытоў, авечых капыцікаў і свіных тупа завостраных лычоў. А яна, мяккая, чорная, калі праходзіў дождж, блішчэла застыўшаю шавецкаю смалою. Нібыта выліта была вуліца растопленай чорнаю лавінаю суцэльнага тоўста-таўстога пластакрыгі, і нібыта баяліся гэтай лавіны бродаўцы, каб не папячы аб яе сваіх босых ног,— абыходзілі каля платоў у адзін смелы след.

Двароў у Бродзе трыццаць чатыры. Хаты густа-густа. І так усе будынкі — сплецены, пераплецены, скілзаны-знізаны на адну доўгую тоўстую нізку. Таму і не дзіва, што бродаўскія жанкі, сабраўшыся ў гурт, часамі кажуць:

— У нас у Бродзе, як у вяночку. Жыў-жыў бы, здаецца, і паміраць не хацелася: ото ж, бок, хараство!

Так кажуць — лепш будзе — не бродаўцы, а іх прывычка кажа. Спрадвечная прывычка іх, так моцная, так звязлая! Прывычка чалавека — адно з мацнейшых сродкаў у свеце. І сапраўды,— каб раптоўна знікла гразь з бродаўскай вуліцы, яны б абалдзела сказалі:

— Як жа гэта?

— Мо яно і горш будзе?

— Без гразі-і...

Адзін другому гледзячы ў вочы, казалі-пыталі б.

Надзелы ў бродаўцаў ад «аслабаджэння». Па дванаццаць дзесяцін і без сенажаці. Сенажаць у іх — выган. Хочаш касі, хочаш пасі. А навокал выгану была панская сенажаць. Некалі пры надзеле так выпала яно. Старшынёю тады быў Макась нейкі. Пан з ім вельмі жыў добра. Ён з панам за гэта ў адну дудку іграў. Дык, бадай што, ці не толькі падбухторыў яго пан нашчот надзелаў. Так што калі прыйшло «аслабаджэнне», калі пачалі наразаць бродаўцам панскую зямлю, Макась і пачаў даказваць і пачаў.

— Сорак дзевяць гадоў выплачвання,— даказваў Макась.— Так што, мае міленькія, мае даражэнькія,— казаў ён,— шалду-балду гэта. Так што глядзіце. Яно можна і больш нарэзаць і сенажаці і чаго душа захоча: на тое ж воля прыйшла. Але ж сорак дзевяць... Гэта ж вам не сорак дзевяць тыдняў, месяцаў, казаў. Гэта ж вам гадоў сорак дзевяць. Глядзіце. Бо калі што якое тугое з грашыма — з вамі не будуць, казаў, цацкацца. На чорта, на якую немач вам гэта балота-сенажаць? Шчот абы большы хочаце? А от, то з поплаву (з выгану), то канюшыны каторы насееш... Пражывіцё, як той казаў. Аднак жа дагэтуль, казаў, ніяк не мелі, ані рубчыка, і жылі — уга!

І ўгаварыў. Не згадзіліся браць балота-сенажаці. Каб менш было выкупу. Так і адышло, асталося пану. Напалавіну потым касілі. І гэтак цэлы век. Бо трэба было ўсё ж такі жыць. І жылі. Цвэгалі-жылі без свайго сена.

І толькі ў тысяча дзевяцьсот дваццаць першым атрымалі прырэзку па паўтары дзесяціны на гаспадарку. А гаспадарак цяпер не столькі, як пры «аслабаджэнні» было. Тады з дваццаці надзелаў складаўся Брод. Толькі чатыры надзелы не падзеленых у Бродзе цяпер. А так — то найбольш напалам, а то і на тры часткі раздзелен той ці трэці надзел. Палоскі во-во якімі сталі вузкімі!

— Нічога не папішаш...— разважалі бродаўцы. Навокал — балота. Не павялічыш зямлі. Не ўздымеш яе цвёрдага грунту з-пад доўга-доўгага балотнага кустарнага імху.

— Трэба як-небудзь меркавацца.

Так і жылі: меркаваліся і жылі на падзеленых надзелах. Толькі Карпусь канцавы ды Ярэма з Аўласам — суседзі — ганарыліся шырокімі палосамі. Да іх любіў далучацца Пракоп.

— Няхай сабе ў мяне і не поўны надзел,— пад п’яную руку часамі казаў Пракоп,— але ж я, гэнам, не пазычаю хлеба. Што, мо скажаш, пазычаю?

— Не, не...— упрошваў яго той, да каго ён прыставаў, на каго глядзеў ён вачыма недаверлівасці.

  • * *

Яўген чалавек мяккай натуры. Вельмі ж спакойны. Па ім — што хочаш, абы не зайшло за жывое. Абы не зачапілі яго чалавечага «я». Яўген у сваёй натуры роўны, як струна. Ён не тое што як у другога злосць,— не паспееш запаліць запалку. Быстрая такая. Ён вельмі ж з меркаваннем і ва ўсякай справе. Хоць стары Пракоп і кажа на яго гэтае «меркаванне»: «спрыту ў цябе, нябож, няма, вёрткасці», Яўген не крыўдуе на бацьку. На такіх раўнамерных людзей Пракоп кажа:

— Як мокрае гарыць: ні з павароту, ні з языка.

Яўген невысокага росту, але звязлы такі, карчукаваты, шыракаплечы. Блакітныя маленькія вочы. На губах — невялічкія, тупа завітыя, русыя, востраканечныя вусікі. Ён іх накручвае, хоць і марудна ўзяць іх кончыкі ў два пальцы. Яўген поўны з твару. На пераноссі, на самай седлавіне яго, рассыпаны кроплі, як на цецеруковым яйку, кропкі рабаціння.

Любіць Яўген прасторную вопратку. У яго — каб прымеў ён — кашуля не павінна нідзе датыкацца. Рукавы павінны быць без манкетаў. Каўнер — па штрыфлях.

Есці любіць Яўген, як і яго бацька, кіслую капусту, буракі. Рэдзьку з цёртым пер’ем цыбулі. Хрэн. Картофлю ў «мундзірах». Піць любіць бярозавы кіслы сок і хлебны квас. Мо затым і дужы Яўген, што любіць усё кіслае. Невядома. Яўгенаў бацька кажа:

— У кіслаце, у горычы — сіла і моц. Не ўсякі любіць горыч і кіслату, не ўсякі мае моц, сілу.

Яўген можа чытаць цэлымі словамі друкаванае і слібізуючы — пісанае. Сам, як быў малы, ахвоту меў, «праз сябе» навучыўся. Неяк хадзіў быў каробачнік, дык здачы не было ў каробачніка за куплены бацькам ножык-сцізорык. Дык бацька сказаў:

— Дай хоць чым здачу. Мо што для хлапца ёсць такое?

I каробачнік даў «Рускую азбуку». З яе і навучыўся. І як знайшоў усё роўна.

Пасля вельмі ж любіў чытаць дзесяцікапеечныя кніжкі. Абы на кірмаш,— што б там ні было, а купіць. Прачытаў, «Бову королевича», «Конька-горбунка», «Дедушкин колпак». Прачытаў «Историю одного ребенка» — пераклад з ангельскага — Альфонса Дадэ. А цяпер, калі вырас, калі «з'явіліся газеты», найбольш газету чытаў. Таксама з канца ў канец прачытваў, якія толькі былі, дадаткі да гэтай газеты. Цераз газету першы раз і даведаўся аб калектыве, аб камуне, аб гэтым гуртавым жыцці. А тут Анісь якраз навёрзся: прыйшоў з Чырвонай службы. Анісь сфармаваў, прывёў да парадку тое, аб чым даведаўся Яўген праз газету і чаго не мог угрунтавацца сваім розумам.

Неяк перад Парасчыным вяселлем Яўген бацьку свайму сказаў пра калектыў. Выказаў сваю думку; думаў, бацька сустрэне неахвотна. «Усё роўна ж старому,— разважаў.— Я ж хутка буду такім самым гаспадаром. І нават на мне будзе лічыцца гаспадарка. Калі падатак ці спіскі якія з сельсавета, дык не на «Пракопа Бурцеліка» будзе пісацца, а на «Яўгена Бурцеліка». Так што бацька стары...» Але стары аж пачырванеў ад злосці. З кулакамі, з пакамечанымі, кінуўся да Яўгена.

— Пасля маёй смерці, гэнам... хоць галаву звернеш з карку! Хоць у тры пагібелі, сабе, скруціш сваю галаву! Пасля маёй смерці, сукін сын! Я цябе скалектыўлю, я цябе вон выганю! Есці не дам! Мая гаспадарка! Мая! Чуеш? Што хачу, тое і раблю над сваёй гаспадаркаю! Разумееш? А можа, я перавярну дагары нагамі маю гаспадарку і нават нічога не дам? Не дам! Вот жа не дам! Басячыць ідзі. Гад!

Яўген маўчаў. Ён ведаў бацькаву раптоўнасць. «Лепей змаўчаць. А то — чым далей у лес, болей тым дроў». Яўген ведаў, што хутка пройдзе пыл бацькавай злосці. І сапраўды, цераз гадзіну напружанай маўклівасці Пракоп казаў. Стаяў каля стала, глядзеў на гурт выпушчаных Параскаю з падпечка курэй і казаў:

— Бачыш, як спяшаюцца. Кожная сама сабе. Так і ў калектыве ў тваім — адзін цераз другога будзе хапаць, каб пад’есці. А рабіць, як бог даў. Есці ўсякі зможа.

— Пры чым жа тут тое, што яны спяшаюцца,— абазваўся Яўген на астываючы голас бацькі.— Гэта ж, можна сказаць, птушка, жывёліна. Нашто ж меркаваць яе, неразумную, да чалавека?

— Ты вельмі розуму, гэнам, набраўся. Анісь цябе давядзе, давучыць. Усе вы, ліха вашай матары, разумныя на бацькавай шыі!

Сказаў і выйшаў з хаты. Выходзячы, хацеў бразнуць дзвярыма, але запаў слясак у дзвярах: Пракоп,, тармосячы яго, прытрымаў дзверы. Так што размах дзвярэй адышоў дарэмна, звалтужыўся, расціснуўся без груку.

Пасля неаднойчай гутаркі пра калектыў, пасля таго як Параска пайшла замуж, хутка пасля Яўгенавай жаніцьбы, будучы ў кузні каваля Атрахіма, казаў Пракоп:

— Мой Яўген — адыхтар уся матка. Але ж усе кропелькі, гэнам, пазбіраў. Таей жа, бывала, хто што скажа — яна і згодна, яна і слухае. Верыць. Тут, гэнам, патрэбна людзей слухаць і патрэбна свой розум мець, а не то што. А то мужчына, мужчына... Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Каб не я, дык слова не мог бы абярнуць. Цялё самалёўскае.

Калі Пракоп вінаваціць Яўгена ў яго спакойнай натуры, дык не вінаваціць за жвавую натуру, за натуру — «сюд-туд» свайго Гіляра. Таму і любіць Пракоп больш Гіляра, чымся Яўгена. Так ужо, мусіць, спрадвеку яно: кожны любіць больш тое, чаго больш «свайго» знаходзіць у гэтым «тым». Гіляру зазлаваць — таксама, як і запаліць запалку. Але як запалка хутка згарвае, так хутка праходзіць і тухне яго гэтая злосць. А што лепей — ці вострасць характару, ці павольнасць,— невядома. Мо першае, а мо і другое. Бадай што абодва карысныя і адзін для другога. Бо: Пракопава рухавасць была аднойчы вінавата. Затое Яўгенава павольнасць цераз гэтае «вінавата» дасягнула сваёй мэты. Бывае ж так: дробязь, а вырашыць цэлую справу. Разблытае часамі ніколі не разблытванае, непадатлівае. Развяжа, зусім выпрастае канцы. Так што бяры толькі ў рукі гэтыя канцы, глядзі на іх і дзівіся.



IV[правіць]

Санная дарога яшчэ трымалася, але ледзь-ледзь. У лесе была нават дабраватая. Слізгавата толькі. Але на чатыры нагі кутыя коні не баяліся.

Яўген траляваў шныпры.

Яго конь быў куты на перад, але дарма. Конь не востракапыты. Ды насякаючы перадам, не так-то слізгаўся.

Быў нявыбеленага зрэб’я дзень. Пражаным бобам на скаварадзе — было неба. Пахла вільгаццю ў паветры. Пахла сырнягом хвоі ды елкі. Лес маўчаў. Здавалася, думаў нешта лес. Даўнейшае, глыбокае думаў.

Так было зранку.

А з паўдня...

Хмарная пялёнка, што засланяла блакітную глыбіню неба, то сям то там раздзіралася па цэламу, матлялася выбрызганымі абы-якімі кавалкамі, з’язджала на вастрыё кругавіду, чаплялася на верхавінах лесу, блыталася ў галлі і — нікла. Ніклі адзін за другім, невядома дзе дзяваліся яе смугалістыя кавалкі. Нават нейкі шум, адсюль-адтуль, пачаў збірацца, прабівацца скрозь зялёнае галлё хвой, недзе цвыркаў верабей, барабаніў сук па галлі,— падаючы далоў, збіў засеўшы па восені шышку. А над верхавінамі лесу закаркала адна-другая варона.

І неяк аж весела стала ў Яўгена на сэрцы. Ён, заўсёды маўклівы, абыякавы, седзячы цяпер на возе, на шныпрах, замармытаў-запеў:


Дзе ты, хмелю, зімаваў,

Што не развіва-аўся?

Дзе ты, хмелю, зімаваў,

Што не развіваўся...


Конь лопаў заднімі капытамі-кубкамі аб заледзянеўшы снег, ішоў лёгкім вольным крокам. Шына саней церла ледзяшы ў соты раз на дробны парашок і аж да таласці, да вады.

Яўген, от гэтак седзячы на возе, выводзячы на гасцінец шныпры, перадумаў за цэлы дзень цэлую гару. Во колькі прамільгацела, прабегла думак у яго галаве. І рознага калібру. Найбольш мерана адклаліся думкі сартыраванымі пластамі пра сваё жыццё, пра яго нядаўнюю жаніцьбу.

Толькі што Яўген разважаў:

— Яна такая добрая! Яна ото ўжо мяне шкадуе! Калі дзе едзеш ці ідзеш,— «Яўгенка, бяры ж ты хлеб з сабою. Глядзі ж ты, каб не быў галодны».

— Хаця ж, каб не быў...— сморгаючы за лейчыну, адводзячы яе ўбок ды спушчаючы па конскіх скабах, без нокання, разважаў Яўген.— Мая ты Макрынка...

Думаў далей, едучы, сам сабе: «Мо яна і не такая, думалася, як браў. А прывык — зусім другое ў галаву тышчыцца. Што-што яно значыць... прывычка. У прывычцы яно чалавек толькі добрае знаходзіць. А дрэннае — губляецца. Сціраецца добрым, як пыл сухою фанцінкаю. А яно ж, як ні кажы сабе, у кожнага чалавека, а якая-небудзь ёсцека вада».

— Правей! — крычаў насустрач яму Анісь.— А то ўчапіцца можна.

Яўген размінуўся з Анісем.

І так кожны чалавек з сваімі думкамі: пакуль не стрывожыць што іх, плывуць яны аднатонна, як асеннія хмары. Плывуць, перабягаючы часам, забягаючы, выпярэджваючы адна другую. Датуль плывуць, пакуль вецер ці што не завернецца, не затрымае, не раздзьме іх на ўсе бакі. Так плылі думкі ў Яўгена. Яны былі пачыналі з канца, міналі сярэдзіну, ішлі-заходзілі далёка-далёка... І зноў варочаліся, і — усё па адной сцежцы.

А калі гэтае «што» напаткала іх, калі праехаў Анісь, Яўген пра яго пачаў разважаць. І так заўсёды самі змяняліся Яўгенавы думкі ў яго аднастайнай натуры. Яўген разважаў цяпер:

— Хітры чалавек. Малайчына.

Конь ішой на павароце, а ён:

— Хоць хітры, ды разумнага не тасуецца, кажа мой бацька, але ж... ён і розум, як сабе ні было б, мае. З нічога, а паглядзі ты, як абжыўся. Адзін з жонкаю, дзеці як боб, а і ў заработках і дома... Спраўляецца. Зямлі — як старой бабе сесці... Эх, каб не бацька... Добра кажа Анісь. Сам гэта пачынаю разумець. Але што ты зробіш з старым... Ды калі чалавек уляпіць у што... Мой ты бацечка... Анісь у паблуд не скажа,— далей і далей у сваіх думках.— Гуртам працаваць не тое, што аднаму пэцкацца, марудзіць. Як сабе ні кажы, што сабе ні кажы — гурт. Ды калі, скажам, у цябе будуць малыя дзеці... Тады сілу сваю ўсю паложыш. Як на далонь, вылажыш сілу ды выкінеш за акно без дай рады. Не разагнеш рук ніколі. Закажанееш. табе на хвіліну адхлання не будзе, ні табе... Што значыць, як бы сабе ні было, гурт!

— Н-но!

— «Гуртам і ў кашы спорна». Што гутарыць: калі б горай яно, не марочылі б людзям галоў. Людзі ёсць больш разумнейшыя за нас. Не казалі б, у газетах бы, яно, не пісалі... Ім жа, як той казаў, усё роўна. Што ім ад гэтага — холадна ці горача? Яны толькі дабра хочуць, от што.

І сам сабе глыбей у сваіх думках:

— Як будуць у мяне дзеці, ці спраўлюся я ці не? Цікава, якія будуць у мяне дзеці... І напэўна, калі цераз кожны год будуць і будуць, як у майго дзядзькі Ціта, не спраўлюся, мусіць. Гэта добра, што бацька мой крапок: шмат чаго памагае, хоць сабе і каля дому...

— Н-но! — пагнаў каня. Нібы засаромеўся сам перад сабою, перад сваімі разважаннямі аб дзецях. І от гэты патаемны сорам перайшоў у радасць, зліўся ў адзін камяк з мядзяна-серабрыстым днём, працёршым з-за хмар свае заспаныя вочы, нізка апаўшым сонцам. Таму і запеў Яўген і пеў, штораз вышэй і вышэй падымаючы голас:


Я у лесе зімаваў,

Ў лесе на тычы-ы-не.

Ў лесе, ў лесе на тычыне,

На самай вяршыне.


...А конь яго пярэднімі капытамі сваімі сек абледзянеўшы снег аж наскрозь, аж да мокрай зямлі.

  • * *

Цэлую раніцу, як паехаў Яўген у лес, Пракоп замінаў каля печы. Ён то вымаў, то зноў укладаў у печ бярозавыя патарчакі — парыў вязы. Ён наліваў ваду ў выдзеўбаныя карытцы вязоў, грэў іх каля жару, збоку, ад самага поду. Макрына моршчылася, што замінае свёкар,— не дае варыцца, гатавацца гаршкам. Спатайка гэтак кідала сваё нездавальненне.

А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чащнакі Пракоп на капылы новых саней. На двары была гэтая праца, бо там ёсць дзе разгарнуць рукі.

Макрына ў гэты дзень мыла бялізну.

Сонца, як і Яўгену ў лесе, так Пракопу на двары — пырскала-рассыпала свае праменні; нібы хтось шпурляў з ветрам жмені залацістае пшаніцы-зімкі.

Пракоп увайшоў у хату. Стоячы ад парога на тры крокі, шырока, раўнамерна расставіўшы свае ногі, нібы збіраючыся штосьці цяжкае падпіраць, якое во-во павінна было рушыцца, скручваючы ў газетную паперу калівы пражана-жаўтаватых жылак, сказаў да Макрыны:

— Кінь мыць — ідзі: паможаш зрэзаць сечкі.

І, запаліўшы сярнічку, адтапырваючы вусы, каб не прыпаліць іх, прыкурыўшы:

— А то прыедзе з лесу намерзшыся. Дык ты ж ідзі... Я пайду скідаць акалот.

Выйшаў з хаты, выпускаючы рэдкія пасмы мыслінавага дыму. На двары млеў, плакаў буйнымі кроплямі прэснай вады, на падабенства падмокшага цукру, руды снег. Певень недзе на суседнім двары лапатаў крыллямі, як падстрэленая качка на тоні. А цераз момант певень закукарэкаў. Куры гаманілі паміж сабою, разграбаючы конскі памёт. Яны былі глыбока затакованы сваімі справамі. Кожная з іх шукала нечага. Грэбла кіпцюрамі, выпучваючы ўперад напоўнены валляк, глядзела перад сабою асавелымі вачыма і тады зноў шукала, апускаючы дзюбу ў разбэрсаную кучу.

— А-кы-ыш-ш, каб вас нараду...— махнуў рукою без дай рацы, пералазячы цераз паркан. Куры стасаваліся, як малодкі-карты, а Пракоп пайшоў цяжкою важыстаю паходкаю да адрыны. Ідучы, кідаў паабапал свой зірк, нібы направа і налева садзіў-вытыкаў дарогу след для часу вялікіх снежных заносаў. Пракоп разважаў:

— У гэтым годзе шмат было снегу — ураджай павінен быць, трава павінна быць. Прошлы год быў даўся ў знакі: ніколі не было таго, каб купляць сена, купляць акалот.

І ўжо ў адрыне, скідаючы з падкладышаў снапы акалоту, зусім пра другое:

— Дзе ж яна?.. Чаму не ідзе яна?

Хоць і не бавілася Макрына, а думаў чамусьці. Бо не паспеў скінуць снапоў, як увайшла ў адрыну.

— Складай жа іх, гэнам, каля сячкарні,— сказаў злазячы.— Лепш, зручней было б, каб падаваць...

І ён пачаў класці ў карытца пруткую салому, раўнамерна рассоўваючы яе, запіхваючы яе колкія канцы ў зубы цыліндраў.

Макрына круціла пасавае кола. Рамы яго зліваліся ў рэдкую сетку, белую такую, квашаністую. Было відаць Макрыне цераз гэтую сетку, як нагінаўся Пракоп, давіў ручку чыгуннага колца, памагаў круціць адной рукою, трымаючы ў карытцы другою спрунжыністую салому. Нажы хапалі за канцы сплюснутай цыліндрамі саломы, адразу адсякалі іх раз за разам: густа-востра. Але от цішэй пайшло пасавае кола. Пракоп пачуў, як засаплася Макрына. Гэтым часам не была роўна размешчана салома ў карытцы, і Пракоп сказаў, выпускаючы корбу з сваёй рукі:

— Аддыхні... Перасапніся, нябож. Цяжка рэжа, каб яе нараду не было.

І Макрына абвяла кругом — раз, другі раз — дзеравяную ручку корбы. Сечкі набегла повен жалабок. Нагнулася адгарнуць, каб нажы не хапілі назад. А Пракоп прырыхтаваў да карытца свежы сноп.

Развязваючы перавясла, кладучы ў карытца, глянуў на зардзеўшы ружавізнаю твар Макрыны. Пусціў у доўгія вусы ўсмешку, схаваў яе там недзе далёка, далёка ў гушчары валасоў. І, не адрываючы зірку ад яе расістых, поўных, крамяных, выступіўшых на яе спелых яблычных скронях кропель поту, сказаў павольным голасам:

— Ну, як ты з Яўгенам?..— Адкрыта ўсміхнуўся, упэўнена кажучы: —Да душы ён табе?.. Прывыкла ты да яго?.. Бо ён такі ў мяне — целегаваты...

Гладзячы рукою раз-пораз скручанае перавясла, прыціскаючы канцы яго пад латачок, не спускаў позірку.

І яе скроні больш і больш раздзьмухаў яго гэты позірк, распальваў густы тлеючы жар. Тады залівала яна гэты жар апушчанымі вачыма, навесіўшы на іх выбрызганую чорную фіранку валасатых век. Не ведала, што адказаць, як адказаць яму на такую раптоўнасць, на такі пэнт.

А ў ім заварушылася нешта даўнейшае, маладое. Выплыла аднекуль капля гарачай іскрыстай крыві. Разбеглася па ўсім целе. Нібы паходні то сям то там запаліла-лупнула. Ударыла ў твар усім напорам. Запеніла, узбунтавала. Яшчэ і яшчэ шыбчэй пачала біцца — горача стала. Тады нахлынула нейкая млявая асалода, найшло забыццё...

Яна адгортвала нагою дробную сечку, глядзела на яе сплюснутыя, плоскія, усечаныя калівы.

— Ты кажы мне... калі што,— сказаў напружаным голасам, ступіў ад карытца скрадзеным крокам.— Мо што такое... бывае ж такое... Бо я гляджу — а ты, бывае, як ні ў сім ні ў тым, як не свая...

— Нічога, татка...— сказала-абазвалася.— Яўген добры для мяне...— Не хацела зразумець. І зноў адгортвала блішчастыя калівы сечкі.

— Не ў гэтым сіла, што добры... дурная ты...— сказаў кранёным голасам.— А бывае тое, што і дрэнны. Добры і дрэнны, вось як яно.

І падышоўшы, нібы адграбаючы адгрэбеную сечку:

— Калі што-о якое... ты да мяне... Я яго, машэнніка, сукінага сына...— Узяўся за яе сваімі нязграбнымі пальцамі. Так моцна ўзяўся.

Атарапянела Макрына ад раптоўнасці. Як слуп стаяла, не разумела, не бачыла дробнай блішчастай сплюснутай сечкі. Крануў сваімі вусамі, густымі, доўгімі, яе тонкія, маладыя, ружова-млечныя вусны. Апамятавалася. Хацела з усяе сілы адштурхнуць.

— Та-ат-ка...— вырваўся крык з-пад яго вуснаў, абдаўшы іх жоралам агню.

Выбегла з адрыны.


V[правіць]

Яўген атрымаў з сельсавета паведамленне-паперку. На ёй было наверсе напісана і падкрэслена: «Бродаўскаму члену т. Бурцеліку Я. П.».

А ніжэй крышку і лявей пачыналася:

«Сельсавет паведамляе вас, што 17—IV г.г., роўна а 9-й гадзіне вечара, адбудзецца на вашым насельным пункце сход. Вам патрэбна апавясціць усіх гр. вашага пункту.

Яўка на сход абавязкова і без спазнення.

На чарзе дня будзе стаяць пытанне калектывізацыі і бягучыя справы.

Старшыня с/с Патапчык».

Яшчэ раз прачытаў паперку. Нешта радаснае адчуў. Несвядомае, а радаснае.

А ў думках чамусьці з’явілася і прайшло, як для паказу: «Дзеці... Калі шмат дзяцей — добра, але ж і дрэнна...» — І зноў прачытаў, з невядомай радасцю, апошнія словы.

Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Глядзеў, як прыладзіць яго, падшыць. Потым пачаў працягваць доўгую тонкую аборку. І от ад першага разу неяк засмаргнулася яна. Тады пачаў блытацца. Падскочыла злосць, што замарудзіў, як конік-пстрыкун. А Яўген пад гэта, трымаючы ў руках паперу:

— Калектыў будзем рабіць. Прыедуць сёння з сельсавета, а не то што.

Пракоп разблытаў аборку. Глянуў на сына. Потым глянуў на пераплецены лапаць. Потым зноў паглядзеў на Яўгена і спыніў свой позірк на яго чакаючым твары.

— Ну, то што ты мне штокаеш? — сказаў Пракоп.— Што ты гэтым мне хочаш сказаць?

— Нічога. Я толькі кажу...

— Мне не патрэбны твае казалы. Раз я сказаў, сказана! Я гаспадар ці ты?

— Ну, дык што?

— Пакуль я гаспадар, каб мне па гэты раз гэтыя казалы. Мой бацька не еў з катла і мне не вялеў. Няхай гультаі, абібокі выціраюць халадкі, а я працаваў сам сабе, і ты павінен працаваць. Так што можна абысціся і без лындыкаў3

I беручы са стала лапаць, нібыта ён, лапаць, меў тут больш павагі, чымся сынавы словы:

— Пра гэтую камуну яшчэ ў першую слабоду адурылі галаву. А цяпер Анісь пераядае ёю вантробы-печані.

— Не камуну, а калектыў,— паправіў Яўген.

— Не кіем, дык паленам,— упікнуў бацька.— Не ўсё роўна лысы чорт.

— Іменна, што не ўсё роўна.

Тады Пракоп, моцна палажыўшы наводліў, з левай рукі, на лаву лапаць:

— Змоўч лепей! Не рассярчай мяне! От ім што: от гэткую ім вялікую, вя-а-лікую дулю... аж пад самы нос тваім сельсаветчыкам, разам з тваім Анісем.

Якія гэта яны мае,— сказаў Яўген.— Гэткія яны і вашыя, як і мае. Я толькі кажу... Пры чым тут Анісь?

— Глупства не патрэбна казаць. Табе гэты Анісь сваім калектывам адхлання не дае. А яшчэ і ў савеце набілі галаву, як мяшок амяляннем, дык ты і чаўпеш чорт ведае што! Хто ўжо з Анісем увойдзе ў гешэфт — будзе чалавек з таго: выйдзе антыхрыстам, недавяркам, бязбожнікам. Ён жа ніколі не перахрысціцца табе пад заклад. Папытайся ты ў яго, калі ён у царкве быў? Дык ты думаеш, з гэткага людзі будуць? Ён ужо сваю душу запрадаў чорту...

«Кіньце, татка, даўнейшыя забабоны»,— хацеў сказаць. Але з сянец пазвала Макрына і перашкодзіла ў спрэчцы.

— Яўген... Яўгенка,— сказала Макрына,— ідзі загані ў хлеў свінне.

І ён выйшаў, ненаўмысна бразнуўшы моцна дзвярыма.

— Яны пад’елі ўжо,— сказала, калі выйшаў,— так толькі абціраюцца каля платоў. Ідзі, а то пабягуць на вуліцу. Тады набегаешся за імі. Яны ж, як чортам падшытыя.

Яўген загнаў свінне і не заходзіў у хату: пайшоў загадваць на сход.

Сутоньвалася. Дзе-нідзе запальваліся агні. Вострыя, тугія агні. То сям то там свяціліся скрозь змярканне, як гарачыя параскіданыя вуглі. Стаўшы за Бродам на ўзгорку і кінуўшы позірк навокал — перад такім вечарам хараство з усяго сабранага дня залівала вочы. Брод тануў у разгатых, во-вопокнуўшых смалістых пупышках кляноў. Спрадвечных кляноў, ліп, дубоў. Пахла іх смалістая каша. Тут, навокал балота аддавала свежасцю расцвітаючых вясенніх першых вечароў. А там за балотам, на яго каржакаватых дрэвах, аж на самым вастрыі кругавіду, спадалі чырванню падфарбаваныя наўмысна хмары. Яны спадалі на край кругавіду, упіраліся ў верхавіны, чапляліся за дробнае балацянае галлё.

Прыслухаўшыся, можна было пачуць у гэты вечар тысячу скрыжаваных, адзін цераз другі, гукаў. Тады невядома было, які з іх паперадзе слухаць, лавіць, песціць ім сваё прастыўшае — у зімне-снежных нарывах холаду — чуццё. Шпак... гэтая ладная чорненькая, з доўгаю дзюбкаю птушачка, седзячы на самым вяршку векавечнага дуба,— колькі нясе славы жыццю сваім столадным пералівам! Як льецца, як пераліваецца па ўсім Бродзе, па яго маўклівых, заспаных пасля снегу палях, як коціцца перш ціхім, а потым узрастаючым вышэй і вышэй рэхам аж на махавое балота, на зацвіўшую цецерукаватым чорнагаловым смычайку яго пераборыстая песня! Колькі... колькі жвавасці ў гэтай чорненькай птушачкі! А жукі... Якім шчокатам млявяць вуха майскія жукі, як быстра кілзаюць яны застоенае паветра, уздымаюць яго спакой на дыбы, на ўз’юшаны лямант. Узад і ўперад, узад і ўперад... Каб, здаецца, рабілі яны аснову, каб пакідалі за сваім лётам маленькую, хоць найцянюткую павуціну,— зблыталі б... збэрсаным быў бы ўвесь свет дашчэнту. Усё было б заткана ў густую тонкую абалонку і мітусілася б там, мітусілася б, кішэла...

Стоячы на ўзгорку, за Бродам, яшчэ можна было б пачуць, прыслухаўшыся добра, невядомыя гукі ад нябачных чалавечым вокам істот у атуляючай імгле — спевы зямлі. Яна такая чорна-чорная пасля белага снегу! Яна такая мяккая, набрэнкшая, жывая! Во-во, здаецца, яе гукі ператворацца ў голас, і загамоніць яна, вечна маўклівая... Пачне апавядаць пра цэлыя вякі мінуўшчыны. О, колькі ведае, чаго ведае кожная пядзя зямлі! Кожная пядзя, чорная, жывая, дыхае свежасцю. Ляжыць, раскінуўшы свае прасторныя грудзі, і дыхае поўнымі імі, жывымі. Прыслухаўшыся, можна б пачуць у невядомых гуках новыя спевы... Спевы радасці пасля адвечнага гора і слёз...

Калі Яўген ішоў па вуліцы, неба было на захадзе падабранае зборыстай фіранкаю ружаватай хмары. А на ўсходзе з цёмнага прадоння яго нырцом выплывалі па адной зоры. Выплываючы, зоры ўціраліся сваімі калматымі лапкамі-міргамі. Прыгледзеўшыся лепей, яны былі падобны на чыста выпаласканыя, расплясканыя цяжкім абухам малатка плешкі цалёвых цвікоў. Туга-туга былі ўвагнутыя яны ў падшытую столь чорнага неба.

Было во як ціха! Быў ярка чуваць Яўгенаў голас. Падыходзячы да штакет, што аддзялялі вокны бродаўцаў, Яўген загадваў:

— На сход да Міхалкі! На схо-од!

— А што за сход?

— Хто прыедзе?

— З раёна ці толькі з савета?

Яўген адказваў:

— Ідзіце, убачыце. Якія цікавыя. Хочаш, каб, седзячы на печы, усё ведаць.

— На схо-од!

А сам у сваіх думках:

— Ото ж забалабосцяць, загамоняць нашы ўчаснікі. Ім самае слова калектыў — нож у сэрца, ражон у горла. Яны, каб прымелі — Аніся гэтага распетушылі б. Во-то ўжо даўся ён ім у знакі! Тры які-небудзь гаспадары, з бацькам, чацвёртым на прыпражку, і хочуць табе ўсім правам завалодаць. Хочуць, каб на іх вуліцы быў кірмаш.

Ішоў ад аднае хаты да другой. Пад нагамі была мяккая, упрасаваная, вільготная зямля. Ззаду віхляла Лаўрэнава Нэрка.

— Пайшла вон, каб цябе...— абярнуўшыся, ляпнуў даланёю па штанах.

— На схо-од...— адбівалася на агародах рэха, чаплялася за зламаную абячайку віславухага месяца, павіслага над балотам.


VI[правіць]

Макрына выбегла з адрыны, як аблітая жарам. Яна не ведала, дзе дзець вочы, як сустрэцца з чалавекам. Ёй здавалася, усе ведаюць, усе, з кім сустракаецца, знаюць.

— Што ён надумаўся... што-о,— шапталі вусны, гарэлі сорамам вочы.— Што мне рабіць?

І думка пішчаніцаю лезла, вярзлася, не адыходзіла ані на крок, не давала збыту, адхлання.

— Ці сказаць Яўгену?.. Што будзе з гэтага, калі скажу? Што будзе ён рабіць? Усё ж такі бацька, як бы яно сабе ні было.

Во як тасаваліся думкі!

Да вечара не сустракалася з свёкрам у вочы, не находзіла на яго — старалася знайсці такую работу і ўсё думала: «Сказаць ці не? Сказаць, сказаць... Скажу, і няхай як хочуць... Мне ўсё роўна... Што ён надумаў... Чаго ён, ах, чаго прычапіўся ён! Старызна... Абы прыехаў з лесу, так і скажу: «Здзяцінеў на старасці... от што!»

А Пракоп увесь быў праняты потам. Як выбегла з адрыны, набіраў у шаснастку сечку. Гарнуў яе сярэбраныя калівы і пад густым лесам вусоў:

— От да чаго падшыхнула... каб цябе агонь. Дурная шэльма, як бот. То-та была мая маладосць... каб цябе, гэна, пярун!..

Дзесяты год, як памерла Пракопава жонка. Ішоў тады пяцьдзесят сёмы год. Думаў другі раз ажаніцца Сыны не дазволілі. Гіляр казаў:

— Астанемся мы ні пры сём ні пры том. Людзям насмешка. Да чаго яно гэта?

Так і абыграў.

Потым па вёсцы хадзілі чуткі, афарбаваныя ў сяміцвет: Юзічыха казала Антосевай нявестцы, Антосева нявестка старой Лаўрэнісе, Лаўрэніха Юстыне, Юстына прыпамінала:

— А-гга! Дык вось калі я здагадалася! — а-гга! Бо я-то думаю сабе і аніяк у галаву не вазьму, дык во-ось яно што-о...

І ўжо назаўтра, зусім упэўнена з узнятым аж да самага дна захапленнем:

— А сястрыца мая, а міленькая...— падпёршы пальцам шчаку, локаць паставіўшы на мякаць далані другой рукі,— дык я выйшла гэтак на цямочку... і мая ж ты залаценькая! Дык ён, падла старая... цялёп цялёп цераз Матруніна гумно, цераз яе засаўкі...

Паладзі казала Юстына, што ішоў Пракоп. На самым на цямочку, як толькі зарэла.

— Дык я ўсё адразу і прыпомніла: выйдзеш, бывала, гэтак на двор на цямочку, а нешта — мільгець. Але ж як маланкаю спаліць. Дык вось яно што-о...

— Цьфу! паскудніца,— расцірала Паладзя нагою не даляцеўшую да зямлі сліну.— Нечаму і яна варта. Каб ты не вытрымала, як ты не можаш вытрымаць. Ці даўно ж тут што было,— абураным голасам казала Паладзя,— ён жа яшчэ не паспеў астыць. На спаса два гады, ці што, як памёр. Цьфу!

— Дай жа ты рады! Дык ён гэтак, увагнуўшы галаву, увабраўшы яе ў плечы, як мядзведзь — дзэб, дзэб... А я — як акхакну, як кашляну... Дык ён як пойдзе, дык мяне аж смех разбірае.

— Кавалер, каб цябе агонь спаліў,— сказала Паладзя. Каб цябе немач абкавалерыла! Кныр стары.

Пасля гутаркі з Юстынай Паладзя спатайка казала Рыпіне:

— Нікому ж толькі не кажы: уга, ці цеперся ён ходзіць... Яна ж ужо грубая. Як мае быць, што ты не бачыш? Гэта ж аж на нос прэ!

Рыпіна перапыняла Паладзю:

— Дык як жа гэта будзе? Што ж гэта ён сабе думае? Іліменты ён будзе ёй аплачваць, ці што?

«А я ўжо не ведаю»,— хацела сказаць Паладзя. Але не сказала. Не хацела паказаць сябе няведаючай. Захацела яшчэ больш здзівіць суседку.

— А ён жаніцца думае...— сказала, папраўляючы валасы за хустку, пацягнуўшы за рагі хусткі, каб тужэй трымалася.— Што яму абыходзіць. Якая трасца.

Цераз дзень данеслі Пракопу. Яго сустрэў на вуліцы Арцём Мікалайчык.

— Дзядзька... што гэта я чуў: жаніцца збіраешся на Матруне, ці што? На другі век пайшоў?

Пракоп вытрашчыў вочы. Тады Арцём расказаў чуткі. Сказаў, што казала Рыпіна. Пайшоў Пракоп да Рыпіны. Тая паслала да Паладзі, Паладзя злажыла ўсё на Юстыну. Юстына памуляла ды:

— Ды няма чаго таіцца. А што ж, бок, і няпраўда, не ішоў? Э-э-э... Няма чаго жмурыць вока перад праўдаю. Э-э-э-э...

Але Пракоп не за гэтым жмурыў вока. Юстына не зразумела гэтага прыжмурвання. Каб не ўхілілася, не паспела — во як заехаў бы Пракоп за доўгі язык.

— Сука,— абазваў.— Ліха тваёй матары! Пачы на цябе няма, немачы...

Моцна бразнуў дзвярыма. На вуліцы ўжо, ідучы дадому:

— О-то, бок, уелася ў косці! Пранцы шарыя. Заўшніца, гэнам. Брыда, язычніца, гэнам.

Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць. З белага могуць зрабіць чорнае. З мышы могуць зрабіць слана. Ёсць такія ў кожнай вёсцы. Уродзіцца такі чалавек, такім і памрэ. Ніхто такога чалавека не справіць.

От так і свярбіць язык, аж да прышчыкаў, маленькіх, чырвоненькіх, як брушніца, от так і рупіць ён у такіх людзей. Магнесам цягне што-небудзь сказаць. Абы-што сказаць. Хоць каб на тую хвіліну, а здзівіць свет.

Ужо добра змяркалася, як прыехаў з лесу Яўген. Вясёлым такім быў, гаварлівым.

— На колькі ж натраляваў? — калі селі вячэраць, спытаўся бацька.

— На тры семдзесят пяць...— адказаў, несучы лыжку.— Папаліся нейкія такія лёгкія... пад рукамі. Толькі спраўляйся, вазі.

Макрына выліла ў міску астачу з пабеленага чыгунчыка. Выліваючы, кінула рэжучым позіркам на старога: «І ні лыс».

— Скажу,— шаптала недзе ў глыбіні яе нутра.— Як ляжам спаць, так і скажу.— Зноў глянула на старога. Нават пратрымала свой позірк цэлы момант. Убачыла: як і трэба, рысы твару. Падстрыжаная роўна цёмна-русая барада. Дзе-нідзе асыпана іністым серабром.

Чэрпала раз-пораз лыжкаю ў паліванай місцы, кідала скрадзеныя ад сябе позіркі і зноў бачыла.

Больш святлейшыя за цёмную бараду, на колер тонкай хваёва-лапатлівай кары вусы. Густа-густыя, раздвоеныя на дзве роўныя палавіны правільным праборам. Таксама раскіданы па іхнім лясістым гушчары, але менш прыкметна на іхнім светлым полі — калівы іністага сухастою. Канцы абедзвюх палавін іх вастрыліся і зліваліся з бакамі цёмнай барады, з лагчыністай палянкаю над ніжнім берагам тонкай ружавізнаю накарбованай вусны.

Зноў несла лыжку да паліванай міскі. І ўжо забыўшыся на асцярожнасць позірку:

...плоскі, з раўнамернымі маршчынамі, завоіністы лоб. Калматыя бровы, храбра насупленыя над правільнымі беларускімі вачыма.

Як браў у рот лыжку, убачыла: два шары белых, як часнок, зубоў, падхвачаных кароценькімі ружовымі дзяснамі.

— Усё роўна скажу,— з прымусова ўсплыўшай злосцю сказала. Сказала сама сабе. Устала ад стала і пачала прымаць пасуду.

...Макрына, як ляглі спаць, і назаўтрае, і прайшло некалькі дзён — не сказала Яўгену.


VII[правіць]

У Міхалкавай хаце накурана. Хоць ты павесь тапор-калун. Духата — аж лупае ў лямпе агонь. Няма ж вольнага месца, каб дзе сесці. Сядзяць на ложках і на лавах. Стаяць у парозе. Ціснуцца-лезуць наперад.

А за сталом сельсавета — старшыня. Патапчык, у картовай рубашцы. А побач з ім — мусіць, аж з акругі. На ім кручком зробленая рудая рубашка. Валасы зачэсаны назад. Як гаворыць, відаць спераду залаты зуб. Як гаворыць, устае з лавы, абапіраецца аб стол старчава пальцамі. Злёгку то нахінаецца на стол, то адхінаецца. Часамі, гаворачы, адымае ад стала руку. Тады трымае яе даланёю ўверх, чуток прыкурчыўшы пальцы. Нібыта штось важыць у руцэ — хоча вызначыць яго каштоўнасць. Тады ён даказвае «немагчымае».

— Я не буду вас агітаваць,— кажа, мусіць, з акругі.— Я ўсё буду даказваць вам на простых фактах. Я ні на адзін крок не пайду ад зразумелых для вас фактаў. Каб вы, дзядзькі, усё ж зразумелі, згадзіліся. Каб не з тым палажэннем, якое я даводжу, згадзіліся, а каб з яго правільнасцю. Няхай сабе і не ідзіце ў калектыў. Ніхто, як той казаў, вас не прымушае. Я толькі мушу прывесці некалькі мізэрных, нязначных фактаў. А вы — ужо тады гледзячы — згаджайцеся ці не згаджайцеся з імі.

— Па колькі ў вас палосак на адзін надзел? — пытае з залатым зубам.

З гурту адказалі:

— Як у каго.

— У сярэднім, канечне?

— Па чатыры,— кажа Карпусь.

— Мала што ў цябе «па чатыры»,— папраўляе Анісь.— Калі браць найбольшы гурт з вас, гаспадароў...

— Іменна, найбольшы.

— ...дык па восем, таварыш-грамадзянін,— канчае Анісь.— Гэта яго надзел не падзелены, дык па чатыры. А хто раздзелены — па восем.

— А то і болей...— нехта з парога.

Анісь дадае:

— Калі надзел ды на тры часткі... Ага, нашто ж тут доўга: Астапчыкавых надзел дванаццаць палосак мае на іх трох.

І ён, гэты самы, што трымае руку даланёю ўверх:

— Ну, дык вось: у вас дваццаць, скажам, было надзелаў. У сярэднім — па восем палосак на кожны (бо хто падзелены, а хто яшчэ і не падзелены). Па восем палосак, па восем межаў. А кожная мяжа... Ну, колькі займае, па-вашаму, кожная мяжа? Самая вузенькая? Дзесяць сантыметраў займае? Два вяршкі гэта'

— Дзіва што займае!! — некалькі чалавек у адзін голас.— Тры нават займае.

— Няхай, скажам-дапусцім, два,— кажа чалавек,— уявім сабе, што два. Дык вось давайце зложым і вылічым. Канечне, мой доказ вельмі просты...

А з ложка жаночы голас:

— Не трэба вылічваць. Усё роўна на кацёл не пойдзем!

Карпусь з парога падхапіў:

— Каб я не меў права над сваім кавалкам хлеба! Каб глядзеў на тое, што выдадуць мне! Каб нехта мною камандаваў, сядзеў на маёй шыі.

— Ціха, таварышы! — устаў Патапчык.— Не перашкаджайце. Дайце гаварыць таварышу. Не трэба, таварыш Карпусь, захапляцца заржавеўшым розумам. Цябе ніхто не прымушае. Кажыце, калі ласка, далей,— звярнуўся да чалавека з залатым зубам.— Ціха, таварышы!

І чалавек казаў:

— Восем межаў па дзесяць сантыметраў ушыркі, гэта будзе восемдзесят. А колькі, скажыце, удаўжкі вашыя палосы?

Адказалі не адразу. Памулялі момант. Яўген парушыў маўклівасць:

— Сажняў з паўтараста будзе?

— Але ж, будзе,— згадзіўся, з імі побач стоячы, Васіль.

— Дзіва што будзе,— некалькі галасоў разам.

— Дык цяпер мы і зусім зможам вылічыць,— казаў чалавек.— У сажні, прыблізна, дзвесце шаснаццаць сантыметраў (мы перавядзем на сантыметры)...Значыць, дзвесце шаснаццаць перамножым на паўтараста... Мы атрымаем... ноль, ноль... чатыры пішу, адзін замячаю... два, тры... Мы атрымаем трыццаць дзве тысячы чатырыста сантыметраў. Гэта будзе даўжыня аднае мяжы. Цяпер мы перамножым і атрымаем квадрат. Трыццаць дзве тысячы... на дзесяць ушыркі... атрымаем, будзем мець...

У парозе Карпусь падбіваў скупіўшыхся ў кучу:

— Не падпішамся на пратаколе. А сілком, найц (скарочанае «знаеце» — прымаўка Карпуся), нічога не зробяць.

Пятрок наўмысна, спатайка сціснуўшы вокам, каб не заўважыў Карпусь:

— Цяпер жа слабода, і ён нас не прымусіць.

— От жа, бок-то, што слабода, ліха іх матары.

Яўген піў ваду ў парозе і далучыўся:

— І мой жа бацька гэтак кажа... Але ж, па-мойму, раз яно тлумачаць табе, гавораць катораму, убіваюць у тваю галаву... Не гаварылі б без дай рацы, дзядзька Карпусь!

— Табе, найц, сорак бочак арыштантаў нагавораць,— упікнуў Карпусь,— а ты ўсё будзеш разяўляць рот.

Карпусь сплюнуў сярдзіта сабе пад ногі і, абцёршы рукою вусны, павёўшы ёю туды-сюды, сказаў:

— Мне анэглы казаў мой швагер з-за Вішнёўкі... Там каля іх быў утварыўся калектыў гэты самы. Дык божухна-бацюхна, казаў, што было, што рабілася. З голаду былі пачалі мерці. Вядома, палавіна начальства. Кожны хоча быць начальнікам...

— Таварыш Карпусь! — пачулі голас Патапчыка.— Прашу цябе не парушаць ціхату. Пасля сходу будзеш раскладваць свае рэестры, а не — выйдзі на двор.

І чалавек, свецячы пад агонь непрыродным зубам, казаў:

— Я падлічыў. Слухайце, таварышы, от што выходзіць. Паглядзіце, колькі марна гіне ў вас пад межамі! Колькі расце на іх быльнягу, нікому некарыснага. Слухайце і вырашайце самі. Вас, кажу зноў, ніхто не будзе прымушаць. От я тут маю... На адзін васьмімежны надзел я падлічыў... На адзін надзел прыходзіцца два мільёны пяцьсот дзевяноста дзве тысячы квадратных сантыметраў! Толькі на адзін. Гэтая лічбіна складае сабою кавалак зямлі велічынёю ў дзве з паловай і яшчэ з чым-та дзесяціны! Ну то што вы на гэта скажаце? Гэта значыць, у вашым Бродзе пад аднымі межамі — каля пяцідзесяці дзесяцін. Дык скажыце: на колькі б павялічыўся ўраджай? Колькі можна было б сабраць хлеба з гэтага аблогу, заглушанага дзікаю травою?

Сход прыціх. Каб чэкалі часы, было б чуваць — такая ўтварылася ціхата. Усе слухалі і не верылі сваім вушам. «Як жа то,— вісела ва ўсіх на цянюткім валаску адна думка,— як жа то яно, гэ! Столькі налічыў!»

Яўген стаяў каля самага стала. Рука яго няўважліва ляжала на плечуку дзядзькі Андрэя. Вачыма ён не міргаў, а трымаў іх, востра паставіўшы ў адной меры цэлы момант. Таксама трымаў напалову адчынены, сухімі вуснамі абведзены, акруглены рот.

— Межы...

...Тыя межы, дзе расце каржакаваты быльнёг. Тыя вузенькія межы, вузенькія... якія хавае ў сабе высокае бічастае жыта. Калі глядзіш на жыта, значан маленькі раўчучок. У добрым жыце ледзь-ледзь бывае значан. Зліваецца ў вялікім жыце раўчук: не пазнаеш, дзе ёсць мяжа.

І гэтыя вузкія межы... колькі, колькі займаюць сабою поля без дай патрэбы! Для таго займаюць, каб аддзяляць не раздзеленае ніколі. На «маё» і на «тваё». Дык што ж гэта такое «тваё» і «маё»? Хто мае права называць так?

Але абарваўся волас маўклівасці. Яго абарваў і на некалькі канцоў за адзін раз Карпусь.

— Што ён чаўпе? Чаго вы разявілі раты? Вароны вы баслаўскія!

І сход адразу скалыхнуўся. Ахнуў цэлым слупам галасоў:

— Няправільна падлічыў!

— Правільна сказаў таварыш-грамадзянін!

— У свой бок сказаў!

— Што ён, па-твойму, у сваю кішэню наказаў? — балда!

— А ты не мацюгайся вельмі!

— Не будзе ён лушчыць сваіх казалаў замест гарбузоў.

— Ты вельмі не размахвай рукамі: языком шалахчы, а рукам не давай волі.

— ...а ты колы ў Мікіты пакраў: злодзей ты!

Патапчык не мог уняць буры галасоў, як Анісь, абярнуўшыся, узмахнуў шапкаю:

— Ці-ы-хха! Кажу ціха, супакойцеся!

І сціраючы буйныя кроплі поту з маршчыністага лба, казаў:

— Мы вельмі рады, што таварыш-грамадзянін нам растлумачыў. Вельмі аж нават рады. Я ўвесь час мысліў аб гэтым гурце.

— Мацней! — нехта сказаў з лавы, з гурту.— Не чуваць.

— А ты, другі-каторы, не балабосць, дык пачуеш,— сказаў Васіль.

— Я ўжо казаў некаторым,— далей казаў Анісь.— І калі б хто згодзен, я хоць сёння рад гуртавой рабоце. Патаму што я ўсё гэта вельмі добра цямлю. Я яшчэ як быў у службе, дык зразумеў усё гэта такое. Палітрук у нас быў вельмі добры чалавек. Бывала, як пачне табе выказваць, дык усё табе як на далонь выкладзе...

А гэтым часам Карпусь за Міхалкавай гамарняю-шафаю, каля ложка, сярод таўбуна жанок:

— ...ты каторая не будзеш мець права над сваёй чапялою, над вілкамі. Тады ўсё будзе жыць на гадзінах. Дождж табе ці якая слота — рабі свае гадзіны. Хворая ты ці не — рабі, як чорны вол. Бо трэба ж будзе каму-колечы працаваць: якраз палавіна будзе камандзіраў. Камандзірам то што — няцяжка ім, закілзаўшы, сморгаць за лейцы. Я таксама — каб хто за мяне рабіў — быў бы камандзірам.

— Тады, бадай, і святкі,— пераняла мову Шалляшыха,— пойдуць набок: як вялікдзень, скажам, ці коляды?

— Дзіва што пойдуць! Што гэта табе, мая ты кабеціна, саблюдаць нехта будзе, калі тут калякціў. Уга!

Абступілі Карпуся наўкол жанчыны. Стварылі цэлы гармідар.

— А ты, Карпусь, добра ведаеш?

— А мо ты гэта на вудачку нас бярэш?

— А-гэ...

— Бо, як тым часам, твой падзел не кранёны...

— А як там, Карпусёк, за Вішнёўкаю было?

— Ціха! — пачаў стукаць Патапчык кулаком па стале.— Зноў, мусіць, таварыш Карпусь?

А нехта падхапіў:

— Ён з бабамі за шафаю...

— Камароў ловіць у пацёмках...

Пракаціўся перабоісты рогат, і Карпусь змоўк. Спатайка праціснуўся каля печы да парога. Сплюнуў толькі і выйшаў нячутна з хаты.

Анісь доўга гаварыў. Ён казаў:

— Былі некалі панскія маёнткі,— колькі яны давалі хлеба? Якія былі ўраджаі на гэтых землях? Па колькі статка таго трымалі? Цэлымі, як той казаў, таўбунамі. Незлічоны прыбытак быў — цёк у кішэню нашых «вільможных». А таму, што разам усё было яно. Разам усе на гэтага «вільможнага» працавалі. Дык чаму ж не далучыцца, як той казаў, адзін да аднаго? Чаму ж не разгарнуць тую працу разам, калі ад гэтага яно большая карысць? Калі тады, пане мой, як той казаў, у кішэню пана ішло ўсё эканомленае, дык чаму ж яго, гэтага эканомленага, не змеркаваць на ўвесь на наш гурт, на хаўрус?

— І расло яно даўней куды лепей,— уставіў Яўген.— Здаецца, пясок-плывун, а жыта як гай!

— Таму што не зямля наша вінавата, а мы самі вінаваты,— умяшаўся чалавек,— вядомаю меркаю трэба араць, вядомае ўгнаенне павінна быць пасеяна ў вядомую пару,— усё гэта зроблена? Абшарнік сустракаў некалі агранома, як свайго збавіцеля; ён без яго не ступаў ані кроку, тады як мы на ўсё гэта часамі гатовы махаць рукамі. Дык і немагчыма ўсё гэта кожнаму аднаму зрабіць. Безумоўна. Не хапае сілы, не хапае сродкаў...

— Ды калі хто, скажам, з дробнаю сям’ёю,— сказаў Яўген,— дзеці малыя.

— Дык от то-та ж,— нехта падхапіў,— хто ж гэта будзе рабіць на тваіх дзяцей?

Чалавек перапыніў:

— Тады ўсё будзе прадугледжана: будзе, скажам, калектыўны фонд, яслі будуць, дзеці ў доглядзе будуць...

Анісь скончыў.

— То-та ж...

Позна зацягнуўся сход. Позна Яўген вяртаўся са сходу. Думкі роіліся ў Яўгенавай галаве. Віліся клубком. Чапляліся адна за другую. Хацелі, каб знайсці нешта, за што можна было б учапіцца. Каб не было гэтак далей, каб быць самастойным, новым. Але не паспявалі сфармавацца, звіцца думкі ў правільныя часойкі, як блытала іх адно горкае слова: «Бацька!» Яўген разважаў, ідучы:

— На сходзе пастанавілі збіраць подпісы на калектыў. Каб чым больш запісалася, тым лепш: большы кавалак зямлі будзе, больш прывілегіі. Усё ж такі я запішуся... Ну, а бацька, бацька... Не... усё роўна, як сабе хоча мой бацька, а я вырашыў...

Яўген ішоў і не заўважыў у плывучых марах, як падышоў да хаты. Падышоўшы, пачуў, як шалясцеў па вуглах маленькі ветрык. Ціхі такі, лагодны. Ветрык страпаўся ў замшэлых пазах хаты.

— Мусіць, на перамену пагоды,— памысліў сам сябе міжвольна, калі зачыняў вароты. Але не паспеў зачыніць, як у хаце нехта запаліў запалку. Міргаючы водбліскам, кінуўся свет агню на шыбы вокнаў. Прыціснуўся да іх, пачаў лізаць.

— Чаго яны поначы...— памысліў Яўген,— каго там узганашыла?

Падышоў да акна, глянуў і не адразу зразумеў.

— Чаго гэта ён...— не даказаў ашаламучанымі вуснамі.

І не то крыўда, не то змешаная крыўда з радасцю застыла на яго вуснах.


VIII[правіць]

Анісь не праслужыў без нечага паўтара года ў царскай і чатырох з паловаю гадоў у Чырвонай. Неяк у жніво, праводзячы ў царскую, маці яго прыказвала:

— А мая ж ты кра-а-сачка... А мой жа ты ка-аса-чык... А на каго ж ты на-а-ас пакі-да-э-э-еш...

Але ніхто не браў пад увагу, што гаварыла баба. Каму які быў клопат? У кожнага быў свой клопат.

Анісь папаў у артылерыю. У Петрапаўлаўскую крэпасць. Там і захапіла яго свежая навала. Не зразумеў, што такое, калі пачуў слова «рэвалюцыя». Па-свойму зразумеў. Быў дзяжурным па кухні, як сказалі. Прыбег на кухню Кавалёў і паведаміў:

— Рэвалюцыя... Чаго ты дрэмлеш, развесіўшы нюні. Рэвалюцыя... дзем.

— Куды ідзе? — устаў з табурэткі. Але выбег Кавалёў, не адказаўшы: мусіць, не пачуў яго запытання. А ён думаў, стоячы пасярод кухні... Апраўляў шынель на сабе. Паправіў гівер шапкі і думаў: «Сюды мо, на кухню, зойдзе... Мо рапарт прыйдзецца аддаваць ёй... Сваячка мо камандзіра... ці так якісь лысы чорт. Мала іх тут швэндаецца».

Яшчэ як дома быў, злосць разбірала Аніся. Даўно вастрыў зубы, а не ведаў на каго. Ёкала нешта ўнутры, хацелася гаварыць нешта, а не ўмеў.

— Чаму яно так на свеце,— разважаў часцяком,— аднаму аж па горла, а другому ані ў зуб? Што ж ён другі-каторы за лепшы? Ці хіба ў яго два трыбухі?

Ці хіба ў яго дзве галавы, два раты? А тое, што і мне і дзесятаму, і кожнаму хочацца, лепей каб яно ў жыцці, дык аб гэтым нават няма аніякой гавэнды? Дык як жа гэта яно: хто вінаваты ў гэтым?

Але не знаходзіў адказу. Ніхто не мог растлумачыць. Таму і не зразумеў слова «рэвалюцыя» ад першага разу. Бо вельмі абыраў цераз меру. Думаў — так трэба, мусіць. Мусіць, на гэтым свет пабудаваны.

Але... зразумеў незразумелае. Во як пакахаў раней незнаёмае. Убачыў чырвань, кінуўся напралом. Нутром адчуў нешта ў гэтым сымбалі. Роднае нешта, сваё ўбачыў. Адчуў братнюю кроў... усё прасмоктанае кроўю. Роднаю кроўю такіх, як сам. Дык дзіва што будзеш любіць... Адразу ўзлюбіў чырвоныя штандары. Дзіва што... Магнесам будзе цябе цягнуць. Ты толькі прыслухайся і ўспомні... Успомні, і ўбачыш... кожны крок прошлага ў крывавай расе.

...Мілыя мае, дарагія мае, чырвоныя штандары!

Раніла пад Брэстам, але нічагусенькі. Ведаў, за каго рана. А тады зусім іначай, калі ведаеш. Тады радасць заглушае найбольшы боль. Бо ты ведаеш тады, што тваю рану будуць памятаць. Таму і не такі боль у сэрцы.

Прыйшоў дадому, калі навокал найбольшыя ўціхлі буры. Застаў шмат непарадку ў гаспадарцы. Маткі не застаў. Жонка не змагла, не хапіла сілы — апусціла гаспадарку. Адна з сваімі малымі дзецьмі.

Узяўся з новым уздымам, з новым запалам. Не хапала хлеба, да хлеба, а неяк не чулася голаду. Прывык шмат чаго пераносіць, будучы ў службе. Разумеў, што іначай нельга. Добра запамятаў словы палітрука. Часта марыў, кладучыся спаць.

— Разам... што значыць разам!

— Гуртам, і палец прылажыўшы, зрушыш сто пудоў!

— Адзін — што капля ў моры.

— Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць.

Увесь час трымаў думкі: «Прыйду дадому і раскажу тое, чаго не ведаюць... А там яны ў глушы гэтай — не ведаюць».

Вясёлы смех праймаў. Як дзіця, радаваўся, песціў думку.

А дома — не зразумелі. На смех паднялі бродаўцы, калі загаварыў пра жыццё гуртам, пра камуну. Спрабаваў усё сваё разуменне вылажыць. Во як хацеў, даказваў. На сям’і пчол даказваў.

— Паглядзіце, як дружна, ахвотна працуюць,— казаў,— паглядзіце, колькі астачы ад іх сумеснай працы. І яны, гэтыя маленькія стварэнні... А вы ж такі — людзі...

А яму:

— Што ты, чалавеча, чаўпеш...

— Нашы бацькі век пражылі самі па сабе...

Вельмі ж на непадзельных надзелах:

— Цяпер парабкам ёсць прытулак. Не будзе каторы-другі пухнуць з галадэчы. А не будзе гаспадароў, дзе дзенецца гэтая галеча?

Карпусь аж пырскаў слінаю:

— Усіх хочаш парабкамі зрабіць. Дык тады ж красці не будзе ў каго — з голаду пачэзнуць.

Анісь іранічна смяяўся:

— А і гэта ўжо дабро: добра, што выведуцца зладзеі.

Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Анісь не пакідаў свайго: не адыходзіў ані на крок. Ён хацеў знайсці хоць аднаго, хоць двух — пакуль што — чалавек. Хацеў от гэтакі маленькі распачаць калектыўчык. Каб паказаць, каб даказаць сваё. Ён гаварыў, тлумачыў кожнаму, як разумеў.

— Ты, каторы-кожны, адзін,— казаў Анісь,— павінен мець плуг, барану, каня, атосу, аглаблю... Табе, катораму-другому, усё гэта патрэбна мець — нажываць. На ўсё патрэбна праца і грошы. А гуртам не патрэбна будзе табе, трэцяму-чацвёртаму, катораму, мець трыццаць плугоў, трыццаць чалавек, каб ісці за імі. Адзін трактар з адным чалавекам усю ўскоціць аблогу ўраз... рассыпле скібу. Вось што! А гэтых дваццаць дзевяць чалавек другую якую будуць рабіць работу. Таму яно і лягчэй на столькі-та вось будзе!

Цяжка, ой як цяжка было зрушыць з месца! Шмат мяшалі з непадзеленых надзелаў. Але... скрануў-такі. Пачаў перш ціха, а потым штораз мацней і мацней хістаць маятнік забруджанага вякамі гадзінніка.

У прошлую нядзелю, перад сходам гэта за дзень, каля Міхалкавай хаты на лаўцы вось што гаманілі:

— Усамдзеле: каб узяў, як кажа гэты Анісь, запісаўся, далучыўся адзін да другога?..

— А жытла б яно не ведала.

— Усё ж такі чалавек дзе-кольвек пабываў — выцерся. Так што не тое што — шалду-балду.

— І яно, калі раздумацца, гутарыць да ладу.

— Аб тым жа,— што не паказвае на ўзвей вецер.

Плячысты Васіль, вечна ходзячы босы, ад чаго ступні ног яго падаліся ва ўсе бакі раўнамерна, з вечна сур’ёзным тварам, па якім рассаджана рэдкае рыжае шчацінне,— стаяў, глядзеў на мужчын вострымі вачыма, раз-пораз сплёўваў, неяк мудра спрунжынячы верхнюю губу, і казаў:

— Аджывацца трудна. Нашаму брату дай! Дай, каб ён табе рукамі абмацаў, вачыма каб агледзеў. І то — ён знойдзе табе прычыну. Прывычка нашага брата, па-мойму, заразае. Ён калі ўляпіць у што, дык як...

— Ты, Васіль, праўду кажаш.

А нізкарослы такі, дробны ў твары, з падстрыжанай рыжа-сіваватаю бародкаю — Лявон Махавік, чалавек найсправядлівы ў Бродзе, чалавек, якому кожны бродавец пазычыць абы-што, бо аддасць. Лявон точ-у-точ, як скажа, не прыйдзецца хадзіць — Лявон Махавік, выпускаючы з-пад цыбука люлькі сінія стружкі дыму, жмурачы свае маленькія шэрыя вочкі, перапыніў суседа:

— Ото ж, бок-то! Ты, Васіль, ета, не памыліўся. Мне, ета, здаецца, як я маю тую бацькаўскую зямельку злучу з, ета, нечаю, чужою? Мне думаецца — грэх, ета, нават. Ты ведаеш, што, ета, мая тая палоска, мая тая мяжа. Дык як успамянеш — як жа, ета, тады нават і следу не застанецца — не знойдзеш, не ўбачыш сваёй роднай зямелькі! Васіль, ета, праўду кажа: прывычка.

Лявона перапыніў бродаўскі каваль Атрахім Апалонік. Заўсёды з неадмытым тварам, з чорнай пудраю на твары — нібы і нарадзіўся такім,— злажыўшы вітым канатам на грудзях рукі, з роўнай вытрымкаю стоячы, чмыхаючы раз-пораз к сабе ў нос, сказаў:

— Уся наша бяда ў гэтым. Каб знайшоўся хто другі, трэці... Каб адважыўся, дык і пятага каторага б зайздрасць узяла. Тут галоўнае — пачаць. Надысь я ездзіў па вуголле ў Гуту, дык там арганізавалася неяк пазалетась, вясной яшчэ, камуна з сарака гаспадароў... Дык каб бачылі, як дружна ў іх: усё роўна, як і адна сям’я, як адна, тая самая гаспадарка, казаў мне тамашні чалавек. Пане мой, і быдла тое і коні — як ліны, казаў. Насеялі ў адным полі канюшыны-дзятліку і распасваюць сабе. Трахтар набылі...

Дагэтуль маўчаўшы Яўген сказаў:

— Дык дзіва што будуць распасваць.

І ўзяўшы свой нос у два пальцы, папнуўшыся і ўзмахнуўшы рукою, а потым патрымаўшыся за штаны гэтымі пальцамі, нібы памацаўшы імі засмуголеную якасць штаноў, Яўген казаў:

— Дык вось і жывуць людзі. Не гэтак, як мы — з прывычкаю цацкаемся. Гэта што мой бацька такі, гэта што я пакуль што не хачу яму ісці наперакор, а то, далібог бы, хоць сёння згодзен у гурт!

— Усамдзеле,— адставіўшы руку і застыўшы трымаючы яе, як той Анісь, казаў: — Даволі б яно таптацца нам на адным месцы. Вось яно што!


ІХ[правіць]

У той вечар, калі Яўген быў на сходзе, старому Пракопу не спалася. Рана лёг, а сон збягае, як вада з гусінага пер’я. Мо таму (хоць і не перашкаджала гэта ніколі Пракопу), што ў Макрыны былі Гэлька з Анцяю. Яны прыйшлі крыху пасядзець з Макрынаю, каб работа ішла не так надакучліва. Гэлька, Лявонава дачка, рабіла парцяную панчоху — дарабляла пяту, а Анця шыла. Макрына дапрадала ў гэты вечар кужаль: не хапіла на цэлую губку4 на аўток. Гэлька запыталася ў Пракопа:

— Ці мы дзядзьку не памяшаем спаць, калі запяём?

— Спявайце сабе, дзяўчаткі,— адказаў стары.— Яшчэ і лепей пад песню спацца будзе.

І Анця з Гэлькаю запелі:

У лясочку ды на верасочку.


Вясна красна на дварэ!

Там хлопчычак ды каня пасе,

Вясна красна на дварэ!


Макрына, наслініўшы кужэльную нітку, далучылася да голасу дзяўчат:


Дзевачка яму абедаць нясе,

Вясна красна на дварэ!


Яны сядзелі каля комінка. Макрына падкладала раз-пораз смалякі. Смалякі тлелі. Смольныя былі, але сырыя — таму і тлелі. Макрына часамі ўздзьмухвала, каб гарэлі ярчэй. Іскры зрываліся, калі дзьмухала, Пракоп тады парушаў свой спакой:

— Не дзьмі ты гэтак, нябож! Асцярожна... Можа загарэцца сажа.

І зноў пелі дзяўчаты. Другую песню пелі. І Пракоп чуў, лежачы, тонкі чысты голас Гэлькі. Анця падхватвала гатовы голас, нібы на далоні на свае, і несла ўгару — высока, высока. А Гэлька цягнула раўнамерна, пералівала чыстым дрыжачым срэбрам:


Вой ды ты не стой, не стой

На гары крутой!

Гэй, да не кідай галля

Ў мора сі-ы-ня-е.

Гэй, па мору сі-ы-ня-му

Карабе-эль плы-ы-ве.


Падскоквала да Макрыны свежая хваля ахвоты, і яна зноў далучалася, гладзячы тонкую нітку:


Вой да карабель плыве,

Аж вада-а раве-э.


Хацелася гаварыць Пракопу, лежачы на ложку, але ленасць нейкая апаноўвала: не хацелася расчыняць вусны, узнімаць аблежаўшы на сваім месцы язык.

Не так-то позна сядзелі дзяўчаты — Гэлька з Анцяю. Скончыўшы дарабляць у панчосе «нос», Гэлька сказала да Анці:

— Пойдзем, сястрыца.

— Пасядзелі б, дзевачкі,— паспрабавала затрымліваць Макрына.— Ахватней бы шпуля дапралася.

Але ўсё ж такі пайшлі: бо ні так ні сяк сядзець без работы, злажыўшы рукі. Гэлька сказала:

— Заўтра больш работы будзе, больш пасядзім: буду шыць каптан мамцы.

Пракоп запытаўся і раптоўна для сябе:

— Як цяпер — дорагі гэтыя каптаны?

— Па трыццаць дзевяць за метру.

— Даўней, бывала, не зналі,— сказаў Пракоп,— ні гэтае метры, ні гэтых, табе, набораў.

Калі пайшлі дзяўчаты, Макрына адна дапрадала шпулю. У хаце было горача. Нейкая тугая, сціснутая была духата.

Пракоп адкрыў да пояса суконную коўдру. Расхрыстаў грудзіну, палажыў пад галаву рукі раўнамерна локцямі ў бакі, ляжаў і глядзеў, як спрытна сморгала з кужэльнай барады чыстае, бліскучае валакно.

І аніяк от не хацелася спаць старому. Нейкая ўздрыгваючая бадзёрасць перабягала па жылах. Глядзеў свежымі вачыма — далёка быў, далёка ад дрымоты. А ў думках вярзлося нешта неакрэсленае, няпоўнае. Пра адно думаў, як не канчаў — другое неслі думкі, распавівалі прынёсшы, клалі перад вачыма, як на далоні. Не паспяваў агледзецца-асвоіцца, чацвёртае, пятае неслі на змену трэцяму. І от гэтак кішэлі, тармазіліся без адхлання, без формы.

— Ці пазаганялі ўсё хаця... ці пазапіралі,— набрыла старому думка і зышла галосна да Макрыны. Бо, канечна — ніколі не было таго ў Пракопа, каб незагнанаю ў хлеў засталася жывёла. У Тадэвуша гэта бывае так. Заганяюць, бывае, дзеці. Дык што яму, дзіцяці? Абы скарэй яму, каб загнаць, каб заперці. І заганяюць і так: цэлую ноч брэнгаюць па вуліцы і дзе ні папала рохкаюць па чужых дварах незагнаныя парасяты.

— Чаму гэта прыйшло вам у галаву? — сказала Макрына, кінула на старога свой позірк.— Пазаганялі. Яўген жа заганяў.

— Мне пачулася,— сказаў стары,— здаецца, рохкаў наш падсвінак на двары.

А Макрына цяпер у сваіх думках: — «На памяць прыйшло тое... Тады што было ў адрыне, як рэзалі сечку...» Не злякнулася цяпер, а так толькі, нібы рабінавы холад прабег па целе.

— Брр!

Памысліла, адышла ў думцы назад: «Чаму не сказала Яўгену?» Не знаходзіла адказу, не ведала чаму. «Не сказала от. Так от не сказала». Не магла знайсці тое, на што б абаперціся. «Чаму не сказала?» А было яно недзе вельмі далёка, далёка, неакрэсленае, незразумелае, бессвядомае. Таму мо і не сказала, што не змагла дастаць з глыбіні пачуцця. А мо так... так от проста не хацела сказаць: каб сваркі не было ці чаго. Хоць Яўген і ціхі і спакойны...

І моцна круціла лісіцу5, пускала скручаную нітку ў дзірку шпня, на зубы вілачак, на шпулю.

Па кутках мітусіліся цені. Карабаціліся, гнуліся, расплываліся ў тонкі неаформлены пласт, моргалі ў такт тлеючым смалякам.

А ў корбе пішчала нешта. Пры кожным звароце кола, на пэўным месцы — цыліхкала нешта, пішчэла.

— Падлажыла б ты здору, каб не скігітала яно,— сказаў Пракоп.— А то псуецца шпень... Аж увушшу закладае — рэжа. Ды клалася б ужо: заўтра раней, гэта, устала б...

Нічога не сказала.

Пачала дзьмухаць прытухшыя смалякі — зусім стушыла. Тлеў, выскаліўшы чырвоныя дзясны, жар. Ішоў, віўся дым цэлымі густымі пасмамі чэсаных плоскуняў.

Яшчэ і яшчэ дзьмухнула: загарэліся смалякі, лупнуў разам агонь.

— Кладзіся, кажу, а то не гараць: сырыя. Казаў Яўгену, каб насек загадзя: не дзьмухала б цяпер.

— От дапраду зубок...— Глянула на шпулю, пачала ціснуць нагою на падножак.

А стары — ужо ў свежых узвівах дум:

— ...было, як быў маладым. Ні плоту, як кажуць, ні замёту. Усё было пад маімі нагамі. Дзе Воўчая Града — дзесяць вёрст, а дапінаў. Дзяўчаты-зводніцы...

Зноў патухлі смалякі. Макрына пакінула прасці. Пайшла да свайго ложка. Пачала раздзявацца, класціся.

А Пракоп:

— У Пагуляйцы ўсе дзяўчаты ведалі Пракопа. Алеся... Прыйдзеш, бывала, а сабакі — каб іх воўк павыразаў — як звяры. Так і мяркуй, каб абысці, каб не пачулі. Супраць ветру, бывала, заходзіш. А так — воўчае мяса — шчуюць, як ні ідзі ціха, а шчуюць... Дзе ні павернешся, усюды поўна... Ах, каб цябе агонь!..

І што больш успамінаў, больш захапляў яго малады пых. Шыбчэй бегала па жылах кроў. Загараліся і беглі па жылах маладыя іскры. Будзілі, баламуцілі, падбівалі стары імпэт. Маладзілі, бадзёрылі, крынічылі іскры. Раслі, разрасталіся, поўнілі старое цела.

А калі адплюшчыў вочы, было цёмна. Захапіўся так, што не чуў, калі лягла Макрына. Нейкая млявасць ахапіла, апавіла старога. Успомніў пацалунак у адры е... яе вабныя смуглявыя бровы, яе звіслую пасму валасоў. Шчокі — ружовыя, запаленыя, як бурнелька, дробненькім агеньчыкам...

Яшчэ раз пракацілася па ўсім целе набракшая, узнятая, поўная да берагоў, крамяная хваля стомы. Хруснуў суставамі пальцаў, падымаючыся з пасцелі. Падышоў, моцна засопшыся, спацеўшы.

— Макрына...— сказаў скрозь гарачыя ўздрыгі.— Ты ту-ут... Макрынка...— Абмацаў рукамі — адкінуў коўдру.

...развязаўся неяк шнурок джгурыка. Сцёрся джгурык з голага цела, згубіўся. Пачуў адразу і пачаў шукаць вобмацкам. Шчупаў некалькі хвілін і не мог знайці. Запаліў запалку, забыўшыся на ўсё.


Х[правіць]

На Пракопавым двары цэлы гармідар. Усё раскідана, растрэсена. Не пазнаеш, не разбярэш, дзе што і да чаго. Усё зрушана, скранёна з месца. Старая, даўнейшага фасону, каламажка і тая знята з вышак. Яна зусім збуцвела і стаяла як непатрэбная. Шашаль даўно паеў яе, патачыў на дзірачкі з усіх бакоў. Нібы штофер пахадзіў машыннай іголкаю без ніткі, так патачыў, на такія дзірачкі пасвідраваў шашаль старую каламажку.

А бродаўцы... усе збіліся дазвання з панталыку, з трыбу. Глядзяць адзін на другога і не разумеюць. Моргаюць, гледзячы асалавелымі вачыма, і не знаходзяць адказу.

— Мо ты што ведаеш?

— Мо што ты ведаеш?

— Не, не ведаю...

— І я не ведаю...

А Юстына, забегшы да Антосіхі:

— Дык Пракоп як скропіў Яўгену... дый той і абсеў і абсунуўся. Абсунуўся, паляжаў, а потым усё ж ачучарыўся. Ачучарыўся дый кажа: «Дзяліцца буду». Не хачу, кажа, з табою, арыштантам, разбойнікам жыць! (Так і кажа на бацьку, вось мой моцны божа!) Ты, кажа, пад злосць чалавека можаш зарэзаць.

— За што ж ён яго скропіў?

— Не ведаю.

— Ды як жа ты чула?

— Так вось і чула... Казалі. Не будуць жа яны дзяліцца без дай рацы...

А Паладзя, забегшы да Мікалаіхі пазычыць густога рэшата — прасеяць мукі на клёцкі:

— Ці чула ж ты?

— Не, не чула...

— Гэта ж Пракоп жаніцца наюдзіўся...

— Няўжо?

— Дзеліцца з Яўгенам. Сёння з сельсавета прыехалі дзяліць. От каб цябе, даў пан бог, безгалоўе якое раздзяліла!

— А матачкі, дай жа ты рады: нашто ж гэта яму гэтая жаніцьба? Каб яго ўжо трасца абжаніла! Гэта ж на людскі смех. Дзеці такія-то, пане мой... Жонка дзесяць год, бадай, як памерла.

— Дай жа ты свет. Я ж кажу...

— Каго ж хоць бярэ?

— Не ведаю, залаценькая! Уга — ці мала знойдзецца пачы-немачы. Як сабе ні кажы, усё ж такі частка гаспадаркі. А ці доўга тут яму засталося тае жызні? Дык дзіва што знойдзецца... Мала хіба зайздрасці на чужое дабро? Матруна можа пайсці з лапкамі, абы браў. От так бы і пачапілася на ўстрэчнага-папярэчнага...

— Ды ёй што: абы штаны...

— Каб ты цямілася. Псіна гэтая старая...

— Далібог. О, гэтакія бываюць яшчэ з’ядлымі!

Пракоп, стоячы на сваім гумне, гледзячы, што ўзяць лепей — ці новую — пятнаццаць на восем — адрыну, ці падзержаны — трыццаць на дванаццаць —ток, казаў мужчынам:

— Надумаўся от хлопец ні з сяго ні з таго. З глузду з ехаў. Хто яму не дае жыць? Ці я заганяю яго калі,— крый мяне божа,— крыўджу ў чым? Жылі ж дагэтуль, жылі б і цяпер. Эх, сукін сын... Аніся слухае!

— Бяру адрыну!

І старшыня запісаў адрыну.

Дзялілі па выбару бацькі. Бацька што хацеў з любой палавіны, тое і браў. Усё дзялілі на дзве часткі, Гіляры не прымалі ў разон. Таму што ён чацвёрты год як на службе. Яўген казаў:

— Няхай сабе і на тры часткі: і на Гіляра. Я нічога не маю супраць.

Але бацька, паглядзеўшы на мяккую натуру сына, раздабрыўся:

— Не дзве! Калі што якое — Гіляр маю частку забярэ. А я — пры ім веку дажыву.

Ніхто нічога не разумеў аб раптоўнай дзяльбе. Чаму такая раптоўнасць, ад чаго — усе былі здзіўлены. Жылі заўсёды ў злагадзе. Яўген ніколі не сказаў на бацьку нават «ты». Яўген такі спакойны чалавек. Што, бывала, скажа бацька — свята і непарушна. І вось раптоўна такая нечаканасць.

— Чаму ты наважыў дзяліцца? — пыталі бродаўцы, абступаючы Яўгена.

— Ён жа цябе ўзгадаваў,— казала Тэкля.— Але?

А Яўген маўчаў. Ішоў ззаду бацькі. Глядзеў для прыкладу, што яму, а што бярэ бацька, і маўчаў. Во-во зрывалася нібы штосьці з яго вуснаў: хацеў нешта моцнае, моцнае сказаць і не мог. Адкашліваўся тады і сплёўваў.

Падзялілі будынак і пачалі дзяліць у хаце розную дробязь.

— Мне гэты маленькі пабяляны чыгунчык, гэна,— казаў Пракоп.— А ты бяры вялікі аплятаны гаршчок. Ён вельмі вытлушчаны і вельмі добра абваран. Аплецен — як камень, вечны.

— Я вазьму дзежачку: на мяне аднаго. А табе — вялікая дзяжа.

— Вазьмі сабе складаны нож з касцянымі тронкамі, а мне будзе з дубоваю калодачкай, што Атрахім надоечы зрабіў.

— Можаш сабе забіраць абедзве жакеткі, а мне застанецца кажух. Мне, старому,— я баюся холаду.

Яўген доўгім поглядам акінуў бацьку. Сціснуў зубы і праглынуў сліну.

Увесь час, пакуль дзялілі на двары, Макрына была ў хаце. Нібы гэтая дзяльба яе і не тычылася. Усё роўна, як бы там на двары ўсе сабраліся, каб нешта падняць цяжкае гуртам, каб перасунуць з месца. Яна даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Шукала якога-небудзь, ладнага такі, крамнага кавалка — залатаць локаць у Яўгенавай сіняй рубашцы. Як увайшлі ў хату, выйшла на двор. Ніхто не заўважыў кабеціну. Усе былі затакованы, замаркочаны клопатам аб дзяліцьбе.

Як выходзіла на двор, сустрэлася на ганку з Ярэмавай Тэкляю.

— Чаго гэта вы не падзялілі з бацькам? Ён жа і робіць колькі можа. Чаго ж гэта ад яго хацець, як той казаў?

— А мая цётачка,— апусціўшы разам абедзве рукі на фартух,— гэта ж Яўген... Я яму казала, дык і слухаць не хоча, нават ані блізка! Як прыйшоў пазаўчора са сходу (я ўжо такі і моцна заснула), дык як уз’еўся, як усхадзіўся — радачкі мала. Проста хоць ты ўцякай з хаты. Я, кажа, не буду на каго рабіць. Я, кажа, не хачу быць пад чыёй-та камандаю. Ці яму мо гэты Анісь што начоўп, ці мо на сходзе — я не ведаю што.

І, махнуўшы рукою ў пусты вецер:

— Мала што выдумаюць людзі, нагутараць. Слухай толькі людзей.

Каб на Тэкліным месцы была Юстына або Паладзя, другі б напрамак узяла гамонка. Яны б здаўмеліся знайсці канцы, разблытаць іх, развязаць і ўзяць у абедзве рукі іх, як лейцы, каб кіраваць. Яны б, гэтыя вядомыя на ўвесь Брод жанчыны, узяўшы кірунак, во як далёка б заехалі! Але Тэкля была зусім другою. Яна верыла і не прыбаўляла да таго, хто ёй што гаварыў. Перадавала ў меншай меры, як ёй гаварылі. Самае тое перадавала, што было для яе дзіўным. Перадаючы, любіла бедаваць, чаму яно так, а не гэтак.

— Я ж кажу,— казала Тэкля, стоячы каля ганка.— Стары... Адзін стары бацька, і не могуць ужыцца. Сын? Вот, бок, божухна-бацюхна, свет пяперака пайшоў! Бацька з сынам на нажы ідуць. Сваё тое дзіця... То ж, бок, не было б крыўды, каб хто чужы...

А ў хаце стары Пракоп, дзелячы, беручы сабе «абы-каторы» з двух роўнай велічыні зэдлікаў:

— Можа, ты, гэнам, сынок, абдумаўся? Няхай, можа, мы будзем разам?

Старшыня Патапчык падхапіў пад гэта:

— І сапраўды, Яўген: нашто гэтае драбленне гаспадаркі? Мы ж імкнемся-такі да калектыву. Пазаўчора ты ж быў на сходзе — чуў, што гутарылі? Жылі б, як той казаў...

Яўген перабіў і вельмі злосна:

— Бацька... Кажу, бацька,— маўчы! Не трэба мяне ўводзіць у злосць. Я ведаю і ты сам ведаеш, што гэтак не можа быць! Я не магу, каб яно гэтак было... Чуеш, бацька? Чуеш?

Вусны яго пачыналі дрыжэць. Увесь збялеў і сціснуў кулакі. Увесь затросся і заскрыгітаў зубамі. З усяе сілы крыкнуў:

— Заб’ю! Заб’ю сцерву!.. Заб’ю! — Кінуўся скрозь натоўп да стала. Пачаў шукаць вачыма і не знаходзіў.

— Заб’ю! Дзе яна, дзе?

Рынуўся ад стала да парога. Хацеў выбегчы на двор, але не пусцілі; затрымаў у парозе Анісь. Каб не падсабіў Тамаш, адзін не даў бы рады: да чаго рвануўся з усяе сілы. Удзержалі Яўгена і пасадзілі на лаве.

...Моцна-моцна ўздрыгваючы, заплакаў.

— Жы-ы-зня мая, жы-ы-зня... — Цяклі па шчоках салоныя, гарачыя, поўныя, як водар, кроплі слёз.


ХІ[правіць]

Анісь сказаў Яўгену:

— Перанось дробныя рэчы ў хату. Больш каштоўнае што — у куфар у камору можна пакласці. Жонка мая ўладуе дзе што. Перанось.

— Адным словам, мы першымі будзем. І не толькі па спіску,— казаў Анісь,— а і на справе. Так што няхай далучаюцца, хто хоча. Будзем жыць, як той казаў. Не горш за людзей. Будзем працаваць, то будзем і мець. Колькі там таго нашага жыцця бывае цяперашнім векам, і каб мы, можна сказаць, прасветлае гадзіны не бачылі. Адзін, як той вол, будзеш пнуцца, пнуцца цэлы век і аніякога адхлання не ўбачыш. А тое, што наша ўлада кажа лепей, значыць, яно лепей. Аб гэтым не можа быць гавэнды. Бо што ў нашым сойміку, у савеце ў нашым, сто галоў, тысяча галоў — розумаў вырашае і кажа, што гэта не адна галава. А раз табе яно вырашана і гутарыцца, значыць, цябе зблуджаць ніхто не будзе, значыць, ты павінен першым разумець, як пачуў першым.

Яўгену на сэрцы лёгка зрабілася. Ён адчуваў, як дыхае на яго нейкая жывая свежасць, поўная свежасць, сочная, расістая.

І на сэрцы зноў нарастала, пласт за пластам, радасць, чыстая, нефальшывая. Хутчэй, во як хутчэй хацелася пачаць... зрабіць пачатак жыццю. Адмысловаму, бойкаму, імпэтнаму жыццю. Здавалася Яўгену, што не было шчэ пачатку, шчэ не пачыналася яго жыццё. А от так марнеў ён, ліпеў, блытаўся, як у павуцінні — чакаў нечых рук, нечага ратунку. І от толькі цяпер адчуваў Яўген радасць, адчуваў, што ён будзе старацца, зможа клапаціцца, каб дапячы Карпусю, Ярэму, Аўласу.

У дзень дзяліцьбы пераносіў Яўген да Аніся сваю частку.

А падзелена было ўсё, да маленькай нават магулінкі-цырубінкі.

Зямлю раздзялілі папалосна. Было чатыры паласы. Пракоп казаў дзяліць кожную папалам, але Яўген не згадзіўся з бацькам.

— Бярыце любыя дзве, а ўзрэхаў рабіць не буду,— сказаў Яўген.

Тады бацька абмеркаваў, выбраў любыя дзве, што на Луцішчы. А дзве, што на Змітраўшчыне, прыпалі Яўгену.

Уся зямля Бурцелікавых мяжуецца з Анісеваю. Таму і будынкі іх — страха з страхою, таму і ахвота была большая ў Аніся, што спрытней злучацца іх палосы.

Пераходзячы ў Анісеву хату, пачаў растахторваць дзе што. Сёе-тое да часу, пакуль дзе што прыйдзецца ўладаваць, злажыў у сенцах. Аплятаны вялікі гаршчок паставіў пад прыпечак разам з Анісевымі гаршкамі. Выйшла — нібыта там ён і стаяў. Дзве суконныя жакеткі павесіў у шафе. Зэдлік паставіў каля шафы.

Анісева жонка, Наталя, прылажыўшы далонь, нібыта памацаўшы, як стаіць зэдлік, сказала:

— Мала хто зойдзе, дык вось нечага і сядзе.

Маленькую сякерку, што прыйшлася Яўгену, якою мала што можна часаць, у адной руцэ трымаючы, заткнуў за лаву. Павесіў на самаробным, выцертым, белым кручку, з масенжнаю спражкаю, на якой стаяць літары «Л. Р. Ж. Д.», шырокую патрэсканую папругу.

Анісь сказаў:

— Усё роўна, як нідзе нічога і не было. Усё роўна, як мы год тут цэлы, вот што, знацца.

А Макрына не ішла.

Як выйшла з хаты, калі зайшлі дзяліць, як пачула лямант, пайшла да бацькоў і не ішла.

Бацькі — з таго канца Брода, цераз семнаццаць хат. Матка, досыць вёрткая яшчэ кабеціна, сустрэла Макрыну:

— Што гэта ў вас там, дачушка, натварылася? Да чаго гэтая дзяліцьба? Я от толькі думала ісці да вас, свінням, думала, замяшаю толькі...

І, гледзячы Макрыне ў вочы, сыплючы сваімі вачыма маўклівыя пытанні, бачачы выпаласканыя зрэнкі дачкі, казала:

— Чаму гэта ён нажадаў: бацькі свайго выракацца ды ісці ў падсуседзі?

У хату ўвайшоў Макрынін бацька Цімох.

— Дык чаго гэта ты рымстаеш? — сказаў, гледзячы на Макрыніны ўсхліпы.— Што ён: мо набіў цябе?

— Не-э...— адказала.— Але хацеў.

— Чаго вы не падзялілі? — пытаў далей.— Я толькі што дачуўся. Ні з сяго ні з таго — дзяліцьба нейкая? Ліха вас ведае...

Матка перабіла:

— Казала, не ідзі, дачушка! Ці ж ты перарасла, не дай бог! Ці ж табе ў бацькі хлеба не хапала! Ці ж ты загнаная была ў нас?

І, абярнуўшыся да свайго Цімоха, з пералітым цераз край упінкам:

— Вось яны табе, цяперашнія замужы! Абмыдзгуйся! Сэрца бацькаўскае: што ж яно — камень, што па ём можна гасіць? Ліха іх матары!

Цімох паварушыў насупістымі брывамі.

— Ты не бунтуй, старая,— сказаў,— можа, сама вінавата? І гэта больш — як «цяперашні свет»?

— Не дуры галавы ты са сваім светам.

— Гэта ж ты дурыш.

— Я як пайду,— казала далей,— дык я, ліха яго матары, я яму чапялу на галаве пашчаплю. Я яму, сукінаму сыну, далібог, пакажу, як церці дзяўчыну ў маладым вяку! Пакажу гаду гэтаму, як марнаваць...

— Сціхні лапатаць, як той лапацень,— перапыніў Цімох,— з твайго, з гэтага крыку, як з пугі па вадзе якраз. Ты от лепей давай свінням, а то аж глушаць...

А Макрына плакала. Нічога не казала, плакала толькі. І так моцна-моцна — аж уздрыгвала.

— Ну дык што выйшла? — пытаў бацька зноў.— Да чаго дзяльба гэта?.. Што — прагнаў ён цябе? Ну, ну, кажы!

— Яму нехта на-а-гавары-ыў на мяне... Дык падшыхнула нячыстая,— скрозь уздрыгі казала.

— Ты мне не загаварвай зубоў...— ловячы хістанне ў яе голасе,— бо мне не баляць пакуль што мае зубы. Глядзі, дачу-у-шка... Ніхто без дай рацы не нагаворыць. Ой, глядзі-ы... Ты мне, калі што,— узяўшы пруткі тон, казаў далей,— калі што, на вочы не ідзі! Я цябе, калі што, на парог не ўспушчу, такой шэльмы!

— Чаго ты прычапіўся да дзіцяці? — успала матка.— Тая богу душою нявінна, а ён — «глядзі, глядзі»! Чаго там на яго глядзець — недавярак гэты!

— Старая! Кажу — не тыцкай свайго носа, дзе не трэба! Не твой інтарэс! Я ведаю, што кажу. Мяне нашчот гэтага вучыць не трэба. Я, дзякаваць, не маленькі. Я навылет бачу, дзе што. Чалавек жа, мусіць, невашта ведае, калі гутарыць. Нябось не будзе так, на ўзвей вецер, чапіцца да чалавека. Прытым: я добра ведаю Яўгена...

— Трасцу ты ведаеш! — перапыніла матка.— Адкуль ты яго ведаеш? З носа ды ў рот ты ведаеш! Усе яны, ліха іх матары, цацы!

А калі пачало сутоньвацца, калі матка Макрыны за цэлы дзень «штось-кольвек» пачула, тады, падышоўшы да дачкі, шэптам запытала:

— Скажы, дачушка, з кім ён цябе застаў?

Макрына нічога не сказала. Уткнуўшы ў падушку галаву, яна залілася слязьмі.

Моцна-моцна заплакала.

  • * *

Гіляр атрымаў ліст ад бацькі. Вось што пісаў стары Пракоп:

«Гілярка, мой сынок, кінуў мяне Яўген. І цяпер, як хочаш, так і рабі адзін. Гэтага нашага пустамалота, Аніся, паслухаў. Той падбухторыў яго, што табе лепей будзе са мною (з ім, значыцца), што мы будзем гуртам (яны, значыцца), што яны калектыўна будуць жыць, і сёе і тое. Дык ён і паслухаў яго. Так што ты, сынок, не сярчай на мяне. Я тут ні пры чым.

Падзялілі гаспадарку напалам. Мне прыйшлося хата і адрына, а яму хлеў і ток. Ён узяў сабе адну карову і пярэзімка. Тую карову, што некалі ад Квятулі было нарадзілася цялё. Ад тае Квятулі, што забралі палякі пры развёрстцы. Дык от ад яе! Добрая карова. Па чорным полі белыя плямы на пахвінах і на крыжы, і з лысінаю на лбе. Ну, я ж кажу, і пярэзімка. А мне — дзве каровы засталіся. Узяў ён таксама двое падсвінакаў, а мне — кнораза і старую свінню пакінуў. Конь мне прыйшоўся, а яму — стрыгун. Нецікавы будзе конь з стрыгуна. Так што закажанеўшы: ведама, зімою аўса было вобмаль. Так што я не шкадую стрыгуна. Узяў адну авечку з ягнём, і мне таксама адна з малым.

З адзежы — дзве жакеткі ўзяў, а мне кажух прыйшоўся. Аўчын было тры вырабленых і дзве ў вырабатку. Дык мне дзве вырабленыя, а яму — адна, і тыя сыскаць,— я аддаў бірку,— што ў вырабатку. Мае хвацкія аўчынкі: з аднае могуць выйсці плечы без падточак. Другая таксама не дрэнная аўчынка: ад старой авечкі і нястрыжаная воўна. Пасудак падзялілі і так і далей. Абразоў не захацеў дзяліць. Так што ўсе мне дасталіся.

А Макрына, мусіць, рассярчала на тое, што падзяліўся Яўген. Дык пайшла да сваіх і адтуль і вачэй не паказвае. Так што невядома, якая ў іх жызня будзе. Можа, яшчэ яна яго часамі кіне. Дык я пішу табе, сынок, мо ты кінеш сваю должнасцю ды прыедзеш на зямлю. Усё ж такі, як ні кажы сабе, сякая-такая гаспадарка. І нават можна жыць. А мне, старому,— ці шмат мне трэба? Пры табе от і пражыву. Дык ты прыязджай, можа. Я буду чакаць, што ты на гэта скажаш.

Яшчэ: кланяюцца табе ўсе знаёмыя і блізкія. А таксама шле з любоўю нізкі ўклон твая цётка з яе мужам Рыгорам і з іхнімі дзеткамі. І жадаюць усіх благ у дзялах рук тваіх.

Дык бывай жа здароў, сынок. Напішы мне, што ты на гэта мяркуеш. А я буду пакуль што трымаць гаспадарку.

Твой родны бацька Пракоп Бурцелік».


XII

Дзяліліся ў сераду, а сёння была субота. Яўген асвоіўся ўжо і нават зусім як дома: адзін робіць адно, другі — другое. Скажы толькі або Анісь — Яўген паслухае, або Яўген — Анісь згодзен. Часамі пасеймікуюцца, памяркуюць і згодзяцца. Канечне, у гэтым шмат натура чалавека робіць. А натуры — разбітнасць дапамагае Для разбітнасці, канечне, розум патрэбен. А ў гэтым не было скупасці як у аднаго, так і ў другога. Што да чаго тасуецца, кожны з двух ведаў. Бо хоць Яўген і не быў нідзе на свеце, а чуў што-кольвек ад разумных людзей. А тое, што чуў, што да ладу яно, заўсёды прымаў да свайго розуму.

Сёння Яўген, цяпер, мяшаў на авёс. Учора заворвалі і запасвалі. Учора ўвечары, калі пачало сутоньвацца, калі змрок пачаў ахутваць усё ваколічнае ў свае неабмацаныя чалавечай рукою лахманы, Наталя сказала:

— Сёння не будзем паліць агню.

Анісь хацеў спрачацца. Але паколькі змарыўся быў, памысліў у сваім духу: «Усё роўна: раней ляжам, раней устанем».

Ніколі, аж спрадвеку, не паліцца агонь у той дзень, калі заворваюць, запасваюць. У той дзень не можна паліць, бо «сажа будзе на збожжы, скаціна не будзе браць цэгу. Звяры могуць вярзціся».

Яўген раскідаў поле ўроскідку. Хадзіў з канём навокал, прыкідаў да аднае, суседняе мяжы і да другой. Раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву. Злучаў іх у адну шырокую, суцэльную.

Анісь сказаў, калі ішоў Яўген на поле:

— Дык ты там жа ведаеш, як і што: ары...

Анісь не дасказаў усяго. Неяк было прыемна больш ад таго, што не дасказаў. Прабегла нейкая дзіцячая ўсмешка ад церазмернай радасці. Хацелася проста-такі пець. Але не запеў — пасаромеўся сам перад сабою, палічыў за нейкую нясталасць.

Яўген хутка канчаў роскідку — даходзіў да мяжы, да той мяжы, якую патрэбна было раскідаць, заараць. От будзеш раскідаць плугам скібы то направа, то налева, будзеш хадзіць, хадзіць навокал гэтай мяжы, а тады...

Усё бліжэй і бліжэй будзеш падыходзіць. Будзеш падыходзіць і — дойдзеш. Урэшце пасадзіш пад яе бераг востры і шырокі нарог, і калі з усходу будзеш ісці, скіба направа ляжа, калі ж з захаду — налева. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Прыцісне яго тоўстая, векавечная, задзірванеўшая скарынка. Адны кончыкі яго, вострыя, разгатыя, будуць відаць дзе-нідзе з-пад скібы.

О, з якою злосцю разарве на кавалкі-крыгі сваім вастрыём яе, векавечную, скілзаную карэннямі, з якою злосцю разарве нарог блішчастага плуга.

Яўген разважаў, ідучы за плугам:

— От жа не ідзе... От жа смешыць людзей... Як толькі не пазырыць бацька: каб аж за дзесятаю гарою апынулася. Яна хоча, каб я па яе прыйшоў. Сама вінавата і яшчэ кардыячыцца... А я не пайду. Няхай таго сабе не думае.

І сам неяк не ведаў, як яно выйшла. Зусім не так разважаў ён, калі ўбачыў праз акно, пад святло запалкі. Бацьку абвінаваціў, а не яе. Мо таму гэта, што прычыну знайшоў. Бо адразу вырашыў: «У што б ні стала — дзяліцца. Інакш — ён маю жызню змарнуе. Сапсуе маю маладосць. Мяне будзе цёнгле гнебіць думка. Заўсёды будзе калатаніна ў хаце».

А мо таму, што раней марыў аб дзяліцьбе. Бо не даваў бацька і словам абазвацца пра калектыў.

А калі шукаў яе вачыма, калі крычаў: «Заб’ю», трэба ж спагнаць на кім-небудзь сваю знявагу. Каб хоць маўчаў тады бацька, ведаючы сваю віну, лягчэй было б на сэрцы. А то прыкідацца пачаў, «няведаючым» пачаў прытварацца. Ды яшчэ кепікі пачаў строіць. Вось і сабралася ўсё разам... А не хацеў, каб ведалі людзі. Не хацеў зневажаць бацьку. Спатайка, сам-насам сказаў бацьку:

— Вам мала, татка...

Гледзячы запаленымі зрэнкамі вачэй, не мігаючы імі, закасцянеўшы на адным месцы, падавіўшы-заціснуўшы аж на самае дно свайго пачуцця балючую крыўду, стаяў і казаў:

— Вы, татка, пражылі сваю жызню... Я пачынаю жыць... Дык нашто ж вы мяшаеце мне? Нашто вы няславіце сябе на старасць? Нашто вы трыцё маю маладосць?

Бацька быў папрабаваў супярэчыць. Ён сказаў, што яму, Яўгену, «нешта здалося». Але Яўген сплюнуў толькі і выйшаў з хаты. Макрыне толькі-натолькі заўважыў, кінуўшы неміласэрны позірк:

— Пасаромелася б... паскудніца...

І гэтага было даволі: у яе набеглі слёзы. Каб сварыўся ён, каб кідаўся біцца, ёй лягчэй было б. А ад гэтых двух кароткіх слоў з яго калючым позіркам во як млосна стала Макрыне!

Не то не давярала Макрына Яўгену, што не ішла да яго, не то хацела выкупіць сам-насам сваю віну ў маўклівых слязах.

Хутка канчаў Яўген роскідку. Яшчэ два разы, тры абыдзе — і канец полю: на авёс будзе ўзмешана. Туды зойдзе і адтуль — адна мяжа застанецца.

Ідучы за плугам каля доўгай мяжы, адышоўшы назад, у сваіх думках:

«...Ведама, спрадвечная тая, задзірванеўшая. Каменне панакідана... Во і во... На купалле некалі, як была жыва матка...»

— Пцц, н-но.

«...Як была жыва матка, дык як пачне заходзіць сонца, купалкі, бывала, пасылала рваць сюды. А тут іх шмат расло: яны любяць расці на падзолістай зямлі. А калі сутоньвалася, матка... матка пасылала, каб дзевяць каменьчыкаў прынёс... З трох межаў па тры каменьчыкі... Парыла імі збанкі. Казала: «Малако ніколі не будзе збягацца. Будзе шмат смятаны ад купальскіх каменьчыкаў у малацэ. Нацэдзіш у тыя збанкі, што выпараны гэтымі каменьчыкамі...»

— Н-но! — тузануў за ляйчыну і зноў, і зноў.

«Матка апавядала мне малому: «Па межах ведзьмы ходзяць у купальскую ноч. Дояць каровы, у каго не пазатыкана ў варотах жыжка-крапіва, і ходзяць... ходзяць і пырскаюць надоеным малаком па межах... Наўмысна гэта робяць: выдойваюць і пырскаюць, каб вымя ў тых кароў не прыбывала... каб было такое дзікае, як межны быльнёг, бескарыснае каб было...»

Дайшоў да канца і завярнуў каня. Падвёў плуг пад самы край мяжы: толькі ўзяцца за ручкі і сказаць «но». Конь пераступіў ляйчыну.

— Ваўкарэзіна!..— крыкнуў Яўген.— Не ўгамуешся... Нагу! На-агу, каб цябе...— І конь падняў нагу.

Тады ўзяўся быў за ручкі плуга, хацеў пагнаць каня. Але не пагнаў. Падчапіў толькі пад край мяжы бліскучым жалезам і пачаў закурваць.

«Залетась касіў тут...— глядзеў Яўген то на мяжу, то на паперу, каб не рассыпаць паджарыстых карашкоў.— Залетась яна палола лён, а я касіў канюшыну... Сядзелі на гэтай мяжы... Вуньдзека, вунь, на сярэдзіне. Колькі часу, а от неяк жа набыло на памяць. Чалавек вельмі памятлівы... Яна нейкая тады сарамяжлівая была. Маладая была, як сабе ні гавары. І неяк... я тады першы раз, перш-наперш пацалаваў яе. З таго часу і не спускаў з вока, аж пакуль вось... і не ажаніўся. Прывыклі... На свеце, мусіць, нічога няма мацнейшага за прывычку... Ну, і бацькі... Вельмі ж добрыя бацькі. Я іх во як паважаю! А яна такі моцна кахала... Як хвацка адпрэчыла была Юрку Лявончыка. Ні на вока!»

Яўген скруціў папяросу. Дастаў запалкі і, моршчачы твар, угінаючы кончыкі востра закручаных вусоў, пачаў прыкурваць. Ледзь-ледзь маленькі ветрык падхапіў рэдкія пасмы сіняга дыму і збэрсаў яго ў дыск, ушчэнт.

«Колькі мы тады перагаварылі на гэтай мяжы? — Блукалі думкі Яўгена.— Я тут даў ёй маё слова... Яна тады загарэлася, як парэчка, як іскра... Я не скасіў канюшыны ў той дзень...»

— Н-но! — пагнаў каня, не дакурыўшы папяросы. Трымаў яе ў губах; пацягваў яе, жмурачы вочы ад едкага дыму.


ЧАСТКА ДРУГАЯ[правіць]

І[правіць]

Макрына адчувала тугую гарклівасць у сваім стомленым перажываннямі нутры. Гняло нешта цяжкае, алавянае, карцела, асядала ўскаламучаную мутою — прыкрасцю не перамерзшых рабін-ягад.

Яна чакала Яўгена.

Чакала яго ў той дзень, як пайшла да бацькі, чакала назаўтра, чакала паслязаўтра... А ён не ішоў па яе. Каб прыйшоў ён, каб пакрыўдзіў яе моцна-моцна, уздыхнула б яна вольна трапяткою порсткасцю, спала б з яе сэрца смуга.

А бацька... То кідаў на яе скосы, слізготны позірк, то гаварыў, не звяртаючыся да яе; адным звагам, як напільнікам па ржаваму жалезу, пільгокаў яе нутро сваімі тупымі словамі.

Надоечы сустрэўся быў стары Цімох з Яўгенам. Той спяшаўся некуды — ішоў па вуліцы, адрывіста, як маятнік, размахваючы рукою.

— Каторае з вас не памірыцца,— з прымушанай усмешкаю на твары запытаўся Цімох пры сустрэчы.— Як гэта... Што гэта яно ў вас вычвараецца?

Яўген сутрымаўся як прыкурыць папяросу. Яму не то сорамна стала, не то крыўда хацела ўзяць верх над цесцевым запытаннем. Запнуўся быў, нібы хацеў закашляцца, а потым за адзін раз, з падскочыўшаю вастратою:

— Яна ведае, хто вінаваты. Яна добра ведае. І я больш не хачу, каб хто ведаў.

І пайшоў тою самаю паходкаю, пакінуўшы Цімоха сярод вуліцы.

Тады большая злосць пераядала бацькава сэрца, больш пасля гэтай сустрэчы дапякаў дачцэ чамярыцаю.

— Дык што ж гэта будзе? Як гэта будзе, дачушка, дачушка?..

Матка перад бацькам дробным шротам рассыпала свае словы, адным звагам чаўпла, імжэла аднатонна:

— Ён, ліха яго матары, наздзеквацца зажадаў. Ён думае — я пагляджу на яго, калі што...

І запаліўшы зрэнкі сваіх вачэй фальшывым святлом начнога чарвяка, каб асадзіць старога, каб астудзіць яго злосныя ўздымы,— кідала жмукі крыўдных слоў на яго іністыя валасы.

Вясна шырокімі ўзмахамі крылляў білася ў акно, лапатала па шкле шыбы, сушыла яе, мокрую, заплаканую, ад зімняй ледзяной скарынкі. Нехаця спаўзалі на падаконнік апошнія кроплі прэснай узмучанай вады. Дзень быў асыпаны густым яблычным цветам, мяккім, пахучым; сонца не шкадавала сваёй трымцяча-спавіваючай белі. Цімоха не было ў хаце, і матка падышла да дачкі.

— Схадзі да Наталі,— сказала.— Ён на полі. Пагутары з ёю, як ён... Што ён кажа пра цябе.

Сонца расплёхала сваё малако па столі Цімохавай хаты густою лужынаю — «зайчыкамі»; яно не шкадавала сваёй узбітай вясенняй пены; яно сапло наскрозь расчыненай свежасцю. А Цімошыха казала:

— Ты ж не маленькая. Я сама б пайшла, каб зручней яно. Дакуль жа гэтак яно будзе?.. Трэба было глядзець сябе, кабеціна. Ніхто не вінен. Дзіва што той бацька грызе. Бо і варта. Па сяле вунь колькі чутак ходзіць. Дачуецца бацька, данясуць,— я не буду цярпець за цябе. Хопіць.

— Усялякае ліха, усялякае безгалоўе — усё на маю тую галаву. Меншыя былі — клопат быў; падраслі — думала, прасветлую гадзіну ўбачу. Дык ня табе: — матачка святая!

І Макрына ішла цяпер агародамі заплаканая, пакрыўджаная невядомай крыўдаю, несучы ў грудзях распырсканы боль. Ішла, каб не бачыў ніхто. А то зараз залататахкае вёска: «Прасіцца пайшла», «Бацька прагнаў».

Ішла, раскідаючы скрадзены позірк паабапал агародаў. Разважала ідучы Макрына, з чаго прыйдзецца пачаць. Меркавала дзесяткамі пытанняў: пачынала іх і не магла скончыць.

Чула ідучы і як скрозь сутарэнне — на галіне набрэнкшага веснавой жывасцю дуба спяваў чорна-смуголісты шпак. Бачыла і як скрозь туман — то сям то там чынілася па блакітнаму небу кужэльнае, хмарнае валакно.

Трымцела, карбавалася дзённая бель. Слалася бель у Макрыніным ваччу шырокімі баваўнічнымі анталяжамі.

А калі ўвайшла ў Анісеву хату,— не ведала, чаго прыйшла.

— Што ў вас чуваць? — сядаючы на кант зэдліка, які стаяў каля шафы, спытала.

У хаце была адна Наталя. Зразумела Наталя Макрынін прыход. Бачыла яе блудлівы, збэрсаны позірк, але не паказала выгляду.

— Нічога такога,— адказала Наталя. I непрыкметна, як бы сама для сябе, як бы так:

— Яўген недзе на полі... а мой на гумне.

Макрына сядзела, глядзела на Яўгенаву жакетку, што вісела на біле ложка. Глядзела і бачыла ўшыты гузік... белай суравою ніткаю. Сама ўшывала гэты гузік на тым тыдні. Ушывала тонкай іголкаю. Не было грубой. Дык, ушываючы, павярнула ўбок неяк і зламала іголку...

Наталя казала:

— Учора позна сядзелі: Атрахім быў, Захара быў, Васіль... Гаманілі нашчот калектыву. Каб ты пачула, што Атрахім... Сёння прыйдуць, казалі...

А Макрына тугімі часойкамі слала свае аднатонныя думкі.

«Вуньдзека і папруга яго...— бачыла Макрына Яўгенаву папругу, бачыла літары на масенжавай спражцы.— Вуньдзека аплятаны гаршчок пад прыпечкам... Стары аплятаў... Яўген прынёс дроту ад Васіля. Пазычыў...»

— ...У Гутаўскай камуне,— скрозь Макрыніны думкі клінам тышчыліся Наталіны словы,— як выйдуць на работу — пылам курыць работа, казаў. Ведама, гурт. Тут і спорнасць табе і здароўя свайго не падарвеш. Старшы іхні, а ўсё роўна — нараўне. Казаў Атрахім, калі трэ, дык і за плугам ідзе... Загадае, раскамандуе работу паміж усіх — і сам разам з усімі...

«...Стары аплятаў,— бралі верх над Наталінымі словамі Макрыніны думкі.— Ён умее моцна аплятаць гаршкі. Вельмі ж злаўчыўся аплятаць. Не пацячэ, калі ўцісне дротам. Аж пакуль іржа не пераесць, пакуль не перагарыць дрот...»

— ...Калі выйдуць гутаўцы на сенажаць! Валок за валком, капа за капою. За дзень — унь які аблог зграбуць, скідаюць у стагі! Дык дзіва што і ахвота будзе падшыхаць...

«...Стары, мусіць, быў дужы. Не такім быў, як цяпер Яўген... Даўнейшыя людзі дужыя... Што ён цяперака робіць?..»

Макрына далёка пайшла са сваімі думкамі. Не чула Наталіных слоў. Чула нейкую аднатоннасць, глядзела ў Наталіны вочы — паказвала выгляд, што слухае яна,— а ў думках свежыя і светлыя ўзвівы:

«...Ён, мусіць, як быў малады... Які ён цудны... Я ніколі больш не сустрэнуся адно на адно. Я ніколі, ніколі... Яго гэтая барада...»

— ...Анісь кажа, абы зарганізавалі гурт — уміг трактар будзе. Уласць цяпер ідзе на падмогу. Гэта ж не даўніна...

Макрына спыніла, абарвала свае думкі. Яна незнарок неяк абмацала сук у зэдліку. Пасунулася тады на канец зэдліка і ўбачыла: іх зэдлік. Яўгенаў зэдлік, што прыйшоўся ад дзяліцьбы.

Аж паднялася неяк. Твар заліўся ружавізнаю. Па нутру расплылася сарамлівая прыкрасць. І яшчэ і яшчэ падышлі наплывы ружавізны да твару. Падышлі і згусцелі — разаслалі гаручы асадак чырвонай фарбы.

Тады вочы зрабіліся глыбокай студняю.

Наталя заўважыла Макрыніны мокрыя вочы. Заўважыла, але зацерла — не паказала выгляду. Дадала Наталя:

— Дык вось што кажа мой.

І далей:

— Яўген на полі, на авёс мяшае. З рання шчэ як пайшоў вось...

І каб не маўчаць, каб не апалі Макрыніны набрэнкшыя кроплі слёз, казала, не гледзячы на Макрыну:

— А я вось з малымі. Латы латаю. Пойдуць на двор,— для пяску самы раз.

Макрына бачыла, як падняла Наталя зрэбныя афарбаваныя ў мучане штаны шасцігадовага Змітрука, як падняла насупраць сваіх вачэй — глядзела, дзе трэба яшчэ зашыць або даць адмысловую латку.

Не заўважыла Макрына, што глядзела Наталя косым позіркам з-за Змітруковых штаноў на яе паўшыя расою вочы.

Склалася хвіліна, ахутаная павуціннай маўклівасцю. Толькі муха, зімовая, вялікая, грубым басам барабаніла па раме, па шкле. Макрына не вытрымала і прабіла гэтую сетку маўклівасці.

— Цётачка,— сказала Макрына,— што кажа Яўген... пра мяне?

Наталя не адразу адказала. Меншы яе, трохгадовы Васіль, папрасіў, седзячы на ложку:

— Мамка! Дай, мамка, хлеба! Сквавынку дай!

Наталя ўстала ад акна, а Макрына чакала. І гэтае чаканне было такім доўгім, такім ліпкім, цягучым, бесканцовым, круглым, як вобад. У Макрыніных думках чамусьці карцела, пішчаніцаю лезла, як слота лезла:

«Можа, ён мяне кінуў? Можа, Яўген кінуў мяне? Можа?.. Ён, Яўген... Ён не пакіне мяне ніколі, ніколі... Як гэта было? На паўмежку... на мяжы... словы... Як яны доўга, як яны надоўга ў памяці...»

Зноў дрыжэў у яе ваччу слёзна-квашаністы застой.

— Хто яго ведае,— сядаючы на тое самае месца, казала Наталя.— Нічога не кажа. Што мяркуе. Мо і ведае мой. Я спытаю. Яны мужчыны: павінны яны адзін другому выказаць. Магу запытацца.

Так і пайшла з гэтымі Наталінымі словамі.

Выходзячы з хаты, папрасіла Макрына:

— Не кажыце, цётачка, што я была. Не трэба Я вельмі вас прашу.

Наталя дакляравала. Праводзіла Макрыну аж на ганак.



Калі Яўген вярнуўся з поля, змрок апускаўся на стрэхі, на ліпу, што пад хлявом, на белы двор. Змрок з кожнай хвілінаю гусцеў, чапляўся за прадметы, рабіў іх аб’інеўшымі, невыразнымі.

На захадзе чуць-чуць была яшчэ паджарыстая пасма неба.

На двары, калі Яўген скідаў хамут цераз галаву каня, заўважыў: раўнаважна каля падпаветкі, пад водбліск асядаючай зарніцы захаду, камары «таўклі мак». То ўверх, то ўніз... і зноў — то ўверх, то ўніз падымаліся камары, бэрсаліся, кідаліся гуртам, клубком, звінелі аднастайна, як тонкі волас у механізме далікатнай машыны.

— Гу-у-у-у-у...— і гэтак бесперабойна, адным звагам і бясконца.

«Пачулі цяпло...— памысліў Яўген сам сабе.— Адкуль толькі жвавасць у іх... От што значыць, вясна тая прыйшла... Усякая мошка цешыцца, лезе з-пад кары...»

А камары не сціхалі, нібыта хтосьці плаціў ім за гэта.

— Гу-у-у-у-у....

Пусціў Яўген каня з вобраці, і той, адчуўшы волю, пачаў качацца па вільготнай, асвежанай вясною зямлі. Фыркаў конь. Заграбаў нагамі падзолісты пясок двара — перакочваўся з аднаго боку на другі... Аж стагнаў, перакочваючыся, адчуваючы волю ад скінутай вупражы, ад пакінутага плуга.

«...тая жывёліна, а як рада!» — прайшоў у Яўгенавых думках абрывак сказа.

Стаяў Яўген, трымаў вобраць на руцэ і маўчаў. Хваля радасці ад усяго клалася на сэрца: і ад таго, што ён разам з Анісем, і ад таго, што конь смела фыркае — рад сваёй волі,— і ад гэтага камарынага гулу... Радасць клалася на сэрца шчыльным пластом, нябачным, але тугім, упрасаваным.

Не даў Яўген стомленаму каню напіцца вады, каб не было ахвату.

«Кладучыся спаць, напаю»,— памысліў Яўген, пускаючы ў хлеў каня.

І скрозь усё гэта, не стасаванае, няпэўна выразнае, як здань калматае,— стаяла ў думках Яўгена ўяўленне яе, Макрыны.

«Мяжа... Мы... Такі прыемны подых паўднёвага ветрыку... Спелая канюшына. Пчолы: «гу-гу-у». Бяруць мёд. Пералятаюць з галоўкі на галоўку, смокчуць яе атожылкі. А каса ляжыць пад пракосам свежай канюшыннай жмені...»

Зачыняючы хлеў, чуў, як конь пачаў перш шамацець, а потым хрумкаць прырыхтаванае Анісем загадзя ў яслях сена. І зноў: каса блішчыць пад сонцам. Не ўся, а яе вытаркшы канец — нос.

— Нагрэецца, адойдзе,— кажа Макрына, беручы жменю канюшыны, прыкрываючы бліскучы яе канец — вастрыё. Тупа будзе тады рэзаць...

А лён дзе-нідзе расцвіў блакітным цветам. Сінім, сінім... А мяжа такая доўга-доўгая! Як сядзіш на ёй — не відаць за яе лагчыністымі выгібамі канца... Быльнёг высокі, мятліца...

І Яўген, апавіты марамі пройдзенага, адышоў ад канюшніка, падышоў да паркана. Цэлую хвіліну з ціхай асалодаю прастаяў Яўген. Поўны пачуцця быў, таму і не было думак.

А камары не пакідалі — звінелі. Усё роўна як тыя пчолы на канюшынных галоўках...

Не заўважыў Яўген, калі пералез цераз паркан, як пайшоў. А пайшоў... упэўнена, рашуча.

Раз, два... раз, два...

Чамусьці ідучы зноў прабегла ў думках: «...сіні, сіні...»

Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. А ён, месяц, высунуўшы два клыкі чорнаму, пацягнутаму чырвона-выліняўшай фарбаю небу, вісеў як на аборцы над покнуўшымі пупышкамі разгатай ліпы.

— Пайду скажу,— вырашыў ідучы,— няхай ідзе, няхай не смяшыць людзей.

І ішоў Яўген раўнамерным тахтам, вагаючыся з аднаго на другі бок. Цень варушыўся на скабках Міхалкавых штакет, потым — Васілёвых... Ішоў з напорам імпэту, з чулай радасцю.

«...Скажу: ідзі дадому, нямаш там чаго кардыячыцца. Што гэта — прасіць, ці што? Скажу, каб не мудравалася баба. Цудная. Нарабіла штукенцыяў, а цяпер некага хоча вінаваціць. Свет!»

І зноў пераступаў з аднае нагі на другую.

Ад працы за цэлы дзень нылі суставы, нылі косці, шэрхалі лёгкасцю рукі, ногі і ўсё цела. Ішоў, пераступаючы ўсё далей і бліжэй. Цераз тры хаты Цімохава хата. Вось і Аўласава чырвоная брама. Яго белыя аканіцы. У хаце гарыць лямпа. Здаецца, вячэрае Аўлас. Сам, адзін.

Ён цёнгле асобна есць. Сям’я яго асобна, а ён асобна. Яму асобная яда. Хлеб шатраваны, сеяны на падсітак. У маленькім пабяляным чыгунчыку нешта тлустае, заўсёды ў печы — збоку, за засланкаю. Ён кажа, што ў яго катар і яму абы-чаго няможна есці...

Падыходзіў ідучы і падышоў да Цімохавых варот. Хацеў адчыніць калітку: узяўся за слясак — як з другога канца нехта ішоў, і хуткімі крокамі.

— Пачакай,— пачуў голас, калі падняў слясак у калітцы.— На пару хвілін.

І тады застаўся нездаволены перашкодаю: застаўся з памучанаю радасцю, што састоялася была так чыста, так празрыста-крынічна.

Падышоў Васіль. Быў у Атрахіма і цяпер ішоў дадому. Паздароўкаўся, падышоўшы, і, шырока расставіўшы ступні сваіх плоскіх, як пранікі, ног:

— Мы вырашылі! — сказаў, як выкінуў з горла два гарачыя вуглі.

— Што? — паглядзеў Яўген, бегучы позіркам на шырокія грудзі Васіля.— Хто што вырашыў?

— Я згодзен, Атрахім, Захара... Яны ўсе будуць згодны,— казаў, трымаючы ў кішэні шарачковых штаноў сваю руку, падтрымліваючы ёю раз-пораз спадаючыя, не падперазаныя папругаю порткі.

Яўген не разумеў Васіля. Чуў яго словы, гарачыя, раздзьмуханыя веснавою свежасцю,— чуў, задаваў пытанне, глядзеў абыякава ў Васілёў твар. Думкі роіліся пра другое, таму і не адразу зразумеў.

А тут якраз недзе над галавою, над самым вухам зноў той вячэрні камарыны клубок:

— Гу-у-у-у-у...

— У чым рахунак, што вырашылі вы? — глядзеў Яўген у Васілёў непаголены твар.

— Запісвацца будзем, от што! Згодны мы. Яны прыйдуць да вас,— казаў, пераступіўшы з аднае нагі на другую.— Я загадаў усім: хто хоча, няхай сёння прыходзіць на запісю.

— Ты адкуль ідзеш? У цесця быў? Пойдзем,— не дачакаўшы Яўгенавага адказу, сказаў Васіль, саступаючы з месца.

І Яўген міжвольна выпусціў з рук слясак Цімохавай каліткі.

А ідучы ад Цімохавай брамы, ад варот:

— Сёння быў у мяне з Камароў... Дзяніс. З камсамольскай ячэйкі... Ну-у, што сакратарствуе... Дык мы завялі былі бяседу, у Атрахіма сабраўшыся. Я... Стапан Атрахімаў... Арцём Мікалайчыкаў...

— Пра што? — перапыніў Яўген.

— ...Анця Лявонава навярзлася была... Дык вось пра што: гаманілі былі нашчот ячэйкі. Як ты на гэта пазіраеш?

— Як нашчот гэта ячэйкі?

— Ну як... Ну, каб зрабіць і ў нас гэтакую ячэйку, як і ў Камарах... Камсамольскую...

Васіль ішоў ззаду за Яўгенам, глядзеў сабе пад ногі — у адзін праложаны след, што быў каля самых штакетаў, ішоў Васіль, перахватваў рукамі то адну, то другую штакеціну, не паслізнуцца каб...

І пасля некалькіх крокаў, пасля некаторай маўклівасці :

— Дык яны унь, казаў, горы варочаюць сваёй ячэйкаю... Што значыць! Казаў, і чытальня наладжана: кніжкі табе, якіх душа хоча, і радыё прывезлі — злажыліся, хто сколькі змог, і, казаў, рыхтуюць уньдзека цяпер у вучылішчы ціятар ставіць... От! Дык дзіва што весела будзе і ахвота тая падшыхаць будзе... А то — чорт яго матару ведае — жывеш... Як ты жывеш, да чаго жывеш? Жывеш, і твайго жыцця ніхто не бачыць. І ты, можна сказаць, не бачыш. Бо сам сабе, самапасам жывеш... як дзікун...

Яўген ішоў з маўклівымі думкамі, а Васіль:

— Толькі і ёсць адно, што карты... Узырала, прыкраю ўеліся ў косці. Яшчэ ж як летам, дык праца... У працы хоць знаходзіш уцеху — праходзіць час. А зіма прыйдзе — рамс і ачко, рамс і ачко...

І цяпер асвяжылася Яўгенава думка, і ён, азірнуўшыся на Васіля, зацікаўлена запытаўся:

— Адкуль гэта ты розуму набраўся? — А той, пераступіўшы некалькі крокаў, нібы не ўчуўшы Яўгенавых слоў:

— Дзяніс казаў, у іх у месяц пяць заняткаў бывае нашчот палітыкі: разбіраюць, як, дзе, што, калі рабілася і як цяпер. Разбіралі, казаў, нядаўна... Забыўся, дзе... здаецца, у немцаў, некалькі тысяч рабочых, фабрычных... не пайшлі на работу... За тое не пайшлі, што ім збавілі плату. Ён як нарасказваў нам... дык колькі чаго на свеце робіцца, бра-а-тачка... Вось і набярэшся розуму.

— Дык ты, мусіць, як наслухаўся Дзяніса,— казаў Яўген, пераходзячы на другі бок вуліцы па ўкінутай у гразь штакеціне-аполку, па канчару абламанай жэрдкі,— як наслухаўся, дык і вырашылі вы цяпер аб запісу ў наш гурт?

— Не-э... не тое што наслухаўся... наслухаўся. Зразумела, як сядзіш, як нідзе не бываеш, то здаецца, усё як па масле ідзе. Чалавек агоўтаецца, звыкнецца, яму здаецца, гэтак яно і патрэбна... Але я ўжо і раней меркаваў... марыў аб новым жыцці...— І яшчэ з большым запалам Васіль казаў: — Ячэйка іхняя ў Камарах ураз зладзіла калектыў... І ўсе здаўмеліся аб яго карысці... Вось што, значыцца, ячэйка...

Яны ўзышлі на Анісеў двор. Яўген маўчаў. Яму прыемна было. Лагоднасцю слалася пачуццё, слухаючы чалавека... трэцяга па ліку. Хацелася толькі запытацца Яўгену ў некага: «Хто наступны?..»

І, зачыняючы вароты, бачыў ён, як:

Месяц глыбей запусціў у чорнае неба свае клыкі, больш сярдзітым зрабіўся. Як дзікі кабан, наставіўшы хіб, хацеў рынуцца і распароць адвіслы жывот чарназорнаму небу — парадзісе ваўчыцы, хацеў раніць яго аж да самай крыві.


ІІ[правіць]

Цэлы вечар меркавалі ў Анісавай хаце: як яно будзе, з чаго пачынацца будзе.

У Лявона Махавіка былі цэлыя жмукі сваіх сталых думак. Лявон, клапатлівы загадзя чалавек, не мог выпусціць з рук так проста, на ўзвей вецер, сваіх меркаванняў.

Глядзеў Лявон у твар то Анісю, то Васілю, то Яўгену, прыгінаў кулакі рук да грудзей, нібыта меркаваўся бегчы навыперадкі.

— Добра! Няхай сабе ты ета даводзіш — і так яно будзе. Няхай ета, як ты кажаш, мы ўжо сабе і далучымся адзін да другога. Дык мне не даведзена, ета, ніяк усё ж нашчот работы? Скажам, мне трэ куды паехаць, а мой конь у плузе: Васіль ці каторы другі арэ ім або скародзіць... Або нават, нашто тут ета доўга: мая унь цяперака тчэ кросна. Дык як жа яно тады будзе, як,— калі іці трэ будзе на гуртавую работу? З гурту ж не вылучышся, гурт табе што на ета скажа...

— Лявон! Слухай, Лявон,— казаў Васіль, падхопліваючы Лявонавы думкі,— ты, што ты кажаш нашчот твайго каня,— смех гэта, як той казаў...

— Не смех,— умяшаўся Анісь.— Лявон правільна робіць. Лявон павінен выказваць, чаго не ведае: як яно будзе. Каб не было якогасьці сумнення.

— Дык ніхто ж не забараняе,— паправіў Васіль,— толькі ж тут яно вытлумачана...

— Мала што для цябе вытлумачана, а раз чалавек не ведае...

— Вось што,— казаў Анісь да Лявона,— калі табе ехаць прыйдзецца, і паедзеш. Раз твой конь у плузе будзе, другога конь, скажам Васілёў конь, будзе не ў плузе,— возьмеш і паедзеш. Што гэта ты прысягнуў свайму каню, ці што?

— Не прысягнуў, ета. Не ў гэтым. Мне мо нават і не прыйдзецца ехаць, мне ета карціць толькі: як жа яно будзе?

— Вось так і будзе,— казаў Анісь.— А работа, адлучка ад работы, як ты кажаш, нашчот красён... дык гэта ж той самы калектыў будзе. Што ты, Лявон! А каб ты, а бадай ты цяміўся!

І яшчэ паўставалі пытанні і яшчэ былі меркаванні ў Лявона. І ўсе яны былі даведзены Анісем.

Расшпіліўшы каўнер у кужэльнай кашулі, расціраючы даланёю кроплі поту, што застывалі на грудзях ад духаты ў хаце, Анісь тлумачыў мужчынам:

— Наперад кажу і сцвярджаю: раз упішашся каторы — чалавекам павінен быць. Павінен глядзець за сабою, за другімі. Каб не падымалі на смех якія-небудзь Карпусі табе, Аўласы... Павінен кожны, адзін — нос ім падцерці, даказаць, пачым фунт ліха, а не то што!

І стукаючы ўпілаваным канцом алоўка па лістку чыстай разлінаванай паперы, кідаючы то на адзін, то на другі, на пяты — твары свой востры позірк, казаў Анісь»:

— Зараз мы складзём спіс — хто ўпісваецца, а потым напішам заяву. Напішам і ўсё разам пашлём рыку, каб ён увёў у сілу наш калектыў. Патаму, як без рыку, мы не маем права нічога рабіць. Мала што: мо тута мы якую контру робім.

— Канечне, рыку...— устаў Яўген.— Нават цераз сельсавет гэта патрэбна... Патапчык раіў.

У хаце, сярод мужчын, расплыўся большы шум. У лямпе моргаў ад духаты агонь. Шум быў, а не было выразных слоў, не было на адзін момант гэтых слоў.

Анісь стрымаўся як бы,— глядзеў яшчэ больш вострым позіркам, чакаў як бы нечага суцэльнага з гэтага шуму. І нехта сказаў гэтую суцэльнасць аж з ложка, аж з самага кутка:

— Запісвай... мяне...

— Хто там? — Кінуў позірк Анісь цераз Васілёву галаву.— А-а...— Убачыў і, перакручваючы аловак: — Матруна, Матруна. Маладзец, далібог, Матруна.

Тады яшчэ большы ўтварыўся шум, а скрозь гэтую шумлівасць паасобныя словы.

Нібы кожны шкадаваў, што не быў ён першым у запісе, а Матруна. Але каб не быць і апошнім.

— Мяне запішы...— Запішы, Анісь!

— І мяне...

— Хто... каго там?

— Мяне... Захару...

А Лявон, падышоўшы да самага стала, да Аніся, жмурачы свае маленькія слязлівыя вочы, гледзячы на канец алоўка, што хадзіў па белым лістку паперы:

— Пачакай, Анісь,— раптам абарваў Лявон шум і галасы.— Пачакай!

— Чаго пачакаць?

— А ты, ета, скажы...

— Што?

— А як з гаспадаркаю, ета, будзе?

— Аб чым... што з гаспадаркаю?

— А калі ў мяне большая, ета, як у цябе, як да гавэнды, у Матруны, у Захары...

— Ну, то што ты гэтым...— умяшаўся Яўген, але Анісь перапыніў.

Анісь тлумачыў:

— Гаспадарка паем будзе. Твой, Лявон, пай большы будзе.

— Дык добры ета рахунак: Матруна будзе жыць і я буду жыць... нараўне. Дык якая ж мне ад етага выйгранка?

— То-та ж, што няма выйгранкі,— казаў Анісь.

— У гэтым увесь факт.

— Дык тады, ета, і лякціву не трэба.

— Пачакай! Я даводзіў, Лявон, дзесяць разоў: лягчэйшая жызня будзе! Я спытаюся ў цябе,— казаў Анісь далей,— што табе, Лявон, трэба для пражыцця?

Лявон не разумеў пытання. Шумлівасць зусім знікла ў хаце і на цэлы момант.

А потым:

— Як ты ета фацэтна ставіш пытанне? — парушыў Лявон ціхату.

Яўген падхапіў:

— Гэта не фацэтнае, а самае галоўнае. Як казаў той Савёнак, прадстаўнік ад рыку, што быў у нас на плянуму,— дык як казаў ён — хто гэтага не зразумее, калектыўнасці не зразумее.

— От жа! Менш каб працаваць і больш каб карысці,— спрунжынячы вусны, сплюнуў Васіль.— Але! Не ў гаспадарцы загваздка тут, не ў набыцці па сабе, а ў лягчэйшым жыцці, мой ты Лявонка.


  • * *


Назаўтра на Анісевых варотах, на шуле, была прыклеена папера. На гэтай паперы было напісана няроўнымі буквамі, грубым алоўкам. Перш-наперш уверсе было напісана:

Спіс.

А далей, лявей, з другога радка пачыналася:

«Грамадзіян вёскі Брод, што захацелі, каб разам працаваць на сваіх гаспадарках, калякцівам».

І яшчэ ніжэй наступнае:

«1. Матруна Штыль.

2. Яўген Бурцелік.

3. Васіль Бурак.

4. Атрахім Апалонік.

5. Захара Крупнік.

6. Анісь Саладуха.

7. Міхалка Каленік.

8. Арцём Мікалайчык».

Арцём Мікалайчык быў запісаны на свой адказ. Ён учора сказаў Анісю, што бацька яго кажа, як хочаш сабе, так і рабі, што для яго бацькі — як людзі так і ён.

Таму, калі Анісь, пішучы, учора запытаўся: «А як жа бацька, ці будзе згодзен?» — Арцём сказаў, што ён за гэта будзе адказваць сам.

Унізе пад спісам калектыўшчыкаў было дапісана:

«Хто жадае яшчэ ўпісацца, няхай зойдзе да таварыша Яўгена і ўпішацца на працягу трох дзён. Бо спіс прыйдзецца адсылаць у рык, дык тады ўжо будзе позна».

Раніца была спырскана, падкрэплена свежаю расою. Гэтая свежасць навісала на маладую, адскочыўшую траву. Туман, востры, імжысты, сеяўся, мяшаўся з дымам, што вылятаў з комінаў хат вёскі Брод.

Паладзя сустрэла каля студні Юстыну. Тая прыйшла па ваду, а Паладзя шукала рудзенькага падсвінака.

— Дзе ён дзеўся: ці не пабег у той канец,— падышоўшы да Юстыны, пытала, глядзела на яе неспакойным позіркам.— Ці не бачыла ты, кабеціна?

Юстына цягнула,— падхоплівала то адною, то другою рукой доўгі вочап, глядзела проста перад сабою, чула Паладзіна запытанне ды:

— Не відаць было: я толькі ж адтуль.

Паладзя хацела ісці, але — не то замарудзіла, не то наўмысна затрымалася. А як вылівала Юстына ваду з акутага вядра ў сваё бляшанае, дык Паладзя:

— Як жа там, як — ці зжыліся асэсары нашы?

— Анісь з Яўгенам?

— Ну? Ты ж павінна ведаць... Суседзі ж...

Тады Юстына паставіла вядро — падышла бліжэй да Паладзі. Мацней заціснула вузел хусткі пад барадою — пацягнула разам за абодва адтапыраныя ражкі. Залажыла ўсёй даланёю за край хусткі разбэрсаную пасму вытаркшых валасоў дый:

— Учора араў. Аж да самага цямочку. А сам — нябось не пайшоў на поле. Цэлы дзень то на прыгуменні, то каля заплоцця абціраўся.

А мая ж ты... а матачкі... Дык гэта ўжо з першых дзён?!

— Дык вось то-та ж, дай жа ты рады.

І прыгнуўшыся, пачухаўшы лытку сваёй нагі, Юстына казала:

— А днём ужо, калі ён на прыгуменні невашта там для прыкладу ляжаў, дык яна, гэтая самая Наталечка, выйшла на ганак ды: «Анісь, Анісь, ідзі палуднаваць!» Той нябось на полі без полудня, а яны ўдваіх — гарачая, сабе, страва, мо і ў цаганчыку — тлустае што, як у таго Аўласа. Дык вось ты, мая любая, яны якія мяргуюцца аляктывы. Што ты не можаш здаўмецца. Тут усякі — дзіва што — здаўмеецца.

Паладзя слухала, што кажа суседка. Забылася на рудага парсючка, забылася, што дровы падпалены ў печы і што не папрыстаўляны гаршкі.

А Юстына казала:

— Прыклеіў на шуле нейкую паперу. Ведайце, што ён ужо нейкі рыцар! Смяхоцце з чалавека. Не ведае, як той казаў, ні цэ ні бэ, а на каралёўства прэ!

— Якую паперку? — перапыніла Паладзя,— што пішацца на ёй?

— А што я... Што ты ў мяне пытаеш? Мабыць, гітацыя якаясь. Чаго людскага не начэпіць.

— Мо з сельсавета, мо пра вайну што? Некалі ж, як бралі, дык прыклейвалі. Глядзі, мо твайму Лёксу іці прыйдзецца?

Юстына схамянулася — аж холад дрыжыкамі прабег па яе целе.

— Што ты...— перш сказала ўслых, а потым сама сабе пад нос: — Вансач яе ведае, што за яна, пра што на ёй, на паперы. І мяркуючы ў маршчыністым сваім твары, пытліва гледзячы на суседку Паладзю:

— Мо і пра вайну. А што ты, любая мая, думаеш? Учора ў Камарох соль у дныск расхапілі. Мой быў у млыне, дык казаў...

Тады, шукаючы парсючка-падсвінака, ідучы вуліцаю, размінаючыся на другім баку вуліцы з Тэкляю, з Лявонаваю жонкаю,— Паладзя ёй наўздагон:

— Вайна пачалася. Каля нашага, каля члена, папера прыбіта.

Тэкля падыходзіла да свайго двара, меркавала ў сваіх думках і — з перапоўненай баязлівасцю, сустрэўшы Лявонаву Анцю:

— Кажуць, вайна... Ці чула ты, Анцечка? Божухна-бацюхна!

А цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. І ніхто не ведаў, адкуль што ўзялося. Бо сцёрся першы след, не засталося ад яго нават пылу-пацярухі.

Займаючы з Цімохавага двара рудага парсючка пыталася Паладзя ў Цімошыхі:

— Ці праўда гэта, што кажуць пра вайну? Хто гэта першы ўз’егліў — зажадаў яе? І чаго іх дрэнчыць, ліха іх матары. Няхай бы ўжо спакой быў. Ці хіба мала з іх, з гэтых гудуноў...

Парсючок рохкаў праз плот з Цімохавымі свіннямі, а Паладзя размахвала рукамі. То закладала іх адна за другую, то зноў размахвала і ў такт сваёй гутаркі:

— Ці то не падзеляць чаго, ці то іншая якая немач? Успадзе ж на людзей нейкі паралюш.

І гледзячы на Цімошышын разарваны па цэламу рукаў у каптане:

— Дзіва што ўспадзе: недавяркамі, нехрысцямі парабіліся людзі. Адзін другога, каб прымеў, з’еў бы. А хіба гэта работа,— падняла вочы на твар Цімошыхі,— твой зяцёк — у парабкі да Аніся пайшоў. Небарака, арэ ўчора цалюткі дзень. А яны нябось удваіх дома. То ж, бок.

Казала Паладзя і не ведала, не адчувала, які боль, які моцны боль наносіла яна суседцы і без таго — дачкою нанесены — яе матчынаму пачуццю.


ІІІ[правіць]

Вечарам Карпусь зайшоў да Пракопа, а ў Пракопа сядзеў Аўлас.

— Добры вечар! — сказаў, пераступіўшы парог.

— Вечару добры! — адказаў Пракоп.

І гледзячы на суседа, каб не было перапынку пасля прывітання (бо, бывае, зойдзе ў хату і не ведае — шукае, з чаго пачынаць бы гамонку):

— Праходзь, Карпусь, да лавы. Садзіся, гэна...— дадаў Пракоп самастойнай чыннасцю.

У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна.

Змрок скакаў па кутках поўнай даўжынёю. А знадворку ўвайшоўшы — большая цемень у хаце. Таму і сказаў Карпусь, падыходзячы да стала, да лавы:

— Седзіцё ўпацёмку, як тыя начніцы...

Аўлас паварушыўся на лаве.

— Ранавата шчэ: відна,— сказаў за Пракопа.— Гэта ж табе не даўніна, што газа — на капейку па фунту была...

— На капейку-то не было...— парушыў Пракоп сваю гаспадарскую маўклівасць. А Карпусь, сеўшы на лаве, успіраючыся над сталом:

— Што гаварыць... Даўней, даўней! Што гаварыць пра даўніну. Было ды сплыло. Даўней цябе каторага не вадзіў бы за нос які-небудзь падшывалец. Даўней, калі ты меў у кішэні рубель, сотню рублё-оў — ты пан і воінскі начальнік!

— Калі б мне прыйшлося, бывала...— пачаў Пракоп, але Карпусь перапыніў — хацеў выказаць усё за адзін раз:

— Даўней, бывала... ліха іх матары, гэтых самых хоць сабе і дваравікоў. Чаго ім, бывала, здаецца, не хапала? — І андынарыя тая, і хата без клопату — панская... дармо што стлелі, камячылі за панскімі плячыма кулакі. Бывала, трэ быў катораму пуд жыта, другі, трэці — абы звярнуўся да пана, ніколі не адмовіць. Хоць наперад, хоць і вылічыць потым з першай андынарскай палучкі, але выдасць пан. А цяпер... Яны рызыкуюць...

— Што гаманіць, гэна, пра цяпер...

— Мне давялося трапіць на гутарку з Камароўскім Тадэвушам, што быў некалі ў нашага пана за кухара, дык — фі-ы! — мне, кажа, цяпер не патрэбна здымаць шапкі. У мяне, кажа, цяпер аднае шапкі хватае на пяць гадоў: яна не шмаруецца ад частага здымання...

— Яны ж гэтым і рызыкуюць,— перабіў Аўлас,— што не патрэбна здымаць...

— Дык то-та ж! А я кажу, паглядзім шчэ, дачакаемся — прыйдзе коза да воза...

— Як бы яму, катораму, ад гэтага,— уставіў Пракоп,— ад гэтага, што скідаў шапку перад панам,— карона з галавы спадала.

— От жа... А-а-гга! Паспрабуй, згаварыся з ім, з каторым. Ён жа табе змяніцца не дасць: яго павінен быць верх. Ён шышка. Ён жа што-та ён! Як бы нехта не ведае,— хоць бы ўзяць таго самага Тадэвуша, як бацька ў падсуседзях некалі сядзеў, як галеў — не меў кавалка хлеба.

Пракоп уздыхнуў цяжка і сапуча, праз нос. У хаце ўтварылася на момант руплівая ціхата.

Карпусь у цемені цыркнуў скрозь зубы слінаю на падлогу. Аўлас прымушана кашлянуў. Кожны з трох хацеў казаць нешта. Бо якраз было закранута важнае для трох, хоць і прыкрае, але смакавітае, картлівае пытанне.

Карпусь першым далей казаў — абарваў маўклівую нітку:

— ...Нарабілі, табе, нейкіх рыкаў-тыкаў. Кожны, гэна, камандуе, загадвае. Носа не ўмее ўцерці, шчэ матчына малако на губах — а загадвае, правіць. Ён ужо ўправіцель!

Аўлас падхапіў Карпусёвую думку — ухапіўся за яе, як топельнік за саломінку, аж прыпадняўся з лавы ды:

— То ж та! Даўней, гэна, пойдзеш у воласць, а там — адзін старшыня з пісарам. Двух, а ўсёю воласцю правяць.

Пракоп устаў з лавы і пачаў шукаць на гзымсе сярнічак. Мацаў вобмацкам, лэпаў рукою па запыленаму гзымсу і чуў:

— ...ведама, пане мой, выбран чалавек, гаспадар быў. Не тое што бясхлебнік які, а гаспадар! Калі што якое, калі б прыйшлося і спракудзіўся — ён гаспадаркаю сваёй мог выручыцца...

А Пракоп, шморгаючы сярнічкаю па карабку:

— А цяпер, каб прыйшлося, што ты возьмеш, гэнам, з гэтакіх, скажам, Анісяў?

Сярнічка загарэлася, і Пракоп пачаў запальваць вісячую, заседжаную мухамі лямпу. Калі надзеў нявыцертае шкло — засадзіў яго за берагі рашоткі,— убачыў муху. Яна лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Пракоп пачаў падкручваць кнот — большаць агонь ды:

— Ага, ліханька табе, папалася...

— Што? — запытаўся Карпусь.

— Муха.

— Му-у-ха...

І вярнуўшыся да Пракопавых слоў:

— Ты кажаш пра Аніся... У Аніся... Анісем злы дух завалодаў. А твой...— І ён папярхнуўся, закашляўся.

Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі, ды гледзячы ў Карпусёвыя вочы, перабіваючы:

— Твой... Што, гэна, мой. Мне шкода толькі, што не давядзецца ўсяго бачыць, не давядзецца бачыць канца. А хацелася б, гэнам, паглядзець на свайго вісуса, сукінага сына, як будзе пухнуць з галадэчы ў Анісевай капэле. Хацелася б сказаць тады: от як вам, не слухаючы бацькоў. Так вам, ліха вашай матары, і трэба!

— Не бядуй! Ша! Чаго ты вельмі дрэнчыш,— падхапіў Аўлас, і ў тахт узмаху сваёй рукі: — Не за гарамі. Убачыш. Паспееш з козамі на торг. Убачыш, як твой гэты самапас прыйдзе да цябе, як будзе прасіцца... будзе скарынцы хлеба рад. Дажывеш. Іх гэтыя работы, што бурбалка. І не ад мыла бурбалка, а дажджавая. Бо мыльная, як той казаў, мацнейшая за дажджавую.

Карпусь муляў нешта ў сваіх меркаваннях, цёр гэтае нешта цэлую хвіліну, ціснуў у вобмацку то з аднаго, то з другога боку — не чуў апошніх Аўласавых слоў, а потым:

— Запісалі ж... Спіс на шуло пачапілі,— сказаў пакепліваючым голасам.— Так што і сапраўды, як ты, Пракоп, кажаш, залажылася Анісева капэла.

Пракоп раніцою даведаўся пра спіс калектыўшчыкаў. Прыкрасць узяла старога, калі даведаўся. Не хацеў думаць пра гэта, пра другое што, абы-што думаў.

Аўлас не ведаў нічога пра ўчарашні сход, пра спіс. Аўлас ездзіў у Войраўку. Войраўскі чалавек прадаваў кабыліцу. Дык Аўлас прачуў быў...

Аўлас кажа:

— Я люблю сяды-тады, гады ў рады — пашчупаць конскія шчотачкі. Люблю перакінуць вушка на вушка, цень на цень. Люблю, калі варта яно, індыка на быка.

Таму і не ведаў Аўлас пра ніякія спісы, бо не быў цэлы дзень дома.

І калі сказаў цяпер быў Карпусь пра запіс, пра спіс, што на шуле,— Аўлас не зразумеў перш-наперш.

— Што... Аб чым ты? — запытаўся ён, і Карпусь растлумачыў усё па парадку. Карпусь расказаў, як учора пад Анісевым акном стаяў ён, як слухаў і чуў усё да макулінкі. Чуў, як ашалапуцілі Лявона, як крычаў Анісь запеніўшыся аж... Як патакаваў Васіль яму з Яўгенам.

— ...І Матруну нават запісалі,— сплюнуў Карпусь, кажучы Аўласу пра ўчарашні вечар у Анісевай хаце!

Аўлас перш збіўся быў на хвілінку з панталыку, а потым, прыйшоўшы да сябе:

— І Матруну? — сказаў і дадаў: — Нават і Матруну ўвагналі чэрці — нячыстая сіла...

Пасля гэтага свежая разгарнулася гаворка ў суседзяў. Гаманілі пра балючыя, пра суседскія пытанні.

Глядзеў Аўлас немігаючымі зрэнкамі ў Пракопаву ў густую бараду ды:

— Чаго не навымысляюць, чаго не навыдумляюць ужо ў гэтым свеце! І кулачкі, і кулачыкі, і жменькі, і прыгаршчыкі... і — ліха іх матары...

Карпусь уставіў:

— Ды яно што казаць, у мяне-то ёмкі кулачок. І нават кулак. Так што калі б спусціць катораму другому па крэсіву,— успамянуў бы родных з таго свету...

Пракоп загарачыўся:

— Што, гэнам, ты мне даў каторы? Ну, я маю... маю, скажам, і хлеб і да хлеба... І ты, Карпусь, і Аўлас мае... Дык і ты... і ты каторы май. Май, гэна, хоць цэлыя маёнткі! Я і слова не скажу. І павагу аддам: бо тваё ж гэта, тваё, нажытае тое! Дык што мне ты ці другому, каторы, зайздросціш? Не гультуй, а нажыві... Тады і зайздросць, цешся, гэна, сам сабе.

— То ж то: чужым, тым, лягчэй яно цешыцца.

— Мала што лягчэй,— сказаў Карпусь,— я мо хацеў бы цешыцца залатымі яблыкамі... Але ж, паперадзе, трэба іх мець. Я, пане мой, плойму грошай высыпаў на жней, на касцоў, на трасцу розную, за год. Дык гэтага ніхто не бачыць і не бярэ на ўніманя. У савеце толькі бачаць, што ты маеш. У цябе ёсць. Дык нажыві, трасца тваёй савецкай матары, нажыві сваё ды ікамандуй ім, а не то што... І каляктуй тады, нажыўшы, і што хочаш.

— То ж та...

І яшчэ гаманілі ў гэты вечар. Першы гэта быў збор у Пракопавай хаце пасля Яўгенавай адлучкі.

Як быў Яўген — часцяком збіраліся ў Пракопаву хату. Жывасць была нейкая ў гэтых бродаўскіх зборах. То сёй то той збяруцца, бывала, і весялей ён, час, праходзіў. Прывык Пракоп да вясёлага разгарнення. Таму і напаў сум на Пракопа, калі застаўся адзін пасля Яўгена. Не ведаў, да чаго рукі перш прылажыць. Ліст у той жа дзень выслаў Гіляру. А Гіляра не было дома.

Што ён будзе рабіць? Ён адзін душою, што будзе рабіць, калі не прыедзе сын?

І яшчэ большы агортваў сум, большая скруха.

Але сёння праходзіў вечар непрыкметна. Нібы толькі пачаўся, а было позна. Доўга засядзеліся Аўлас з Пракопам. Не было ў Пракопавым нутры тае ўчарашняй, пазаўчарашняй адзіноты. Не было таго, што:

Глянеш у адзін куток — далёка ён, аж вунь-вунь, у другі глянеш — таксама. Цішыня звініць нейкім цягучым, ашаламочаным гулам. Застылая цішыня, нямая, прыкрая. Ніхто не парушыць, калі сам не захочаш.

Кашляе Пракоп наўмысна, каб ускалыхнуць гэты застой, каб узварушыць нямое гудзенне ўвушшу. І зноў асядае гук. Нікне, растае, немаведама дзяецца дзе. І зноў...

Вялікі сум у такой адзіноце, бязмерны сум.

На адыходзе суседзяў, калі ўсё было ў гэты вечар пераказана, узварушана і тырчэла трушанкаю — Пракоп успароўся быў.

— Добра,— казаў Пракоп,— запісаліся яны — скуру ім няхай абпішуць чэрці,— добра. Ну, а цяпер? Што будуць рабіць яны цяпер? — пытаўся Пракоп, пазіраючы тупа ў Карпусёвыя грудзі.

І ні Карпусь і ні Аўлас не адказалі на гэта. Маўчалі суседзі і датуль, пакуль трэ было хоць што-небудзь а сказаць. Тады Пракоп сам адказаў на сваё запытанне.

— Паглядаць будуць на паперу,— адказаў Пракоп.— Будуць глядзець на запісы і будуць гэтым самым жывы. Бо... дармо што запісаўся — уцягнулі, як ты кажаш, Карпусь,— Лявон, Захара... Што, Захара табе, гэнам, пойдзе ў калякцівы? Ды яму ж яго жонка такога дасць дыхту... Яна, гэнам, дасць яму такую запісю, што аж яго чэрці абліжуць, далібог! Яна пакажа яму, дзе расце горкі перац, пакажа за дзесятаю гарою гэтыя Анісевы мудрыкі.

А калі ішоў Карпусь ад Пракопа, агнёў не было на Бродзе.

Цемень, дробна рассыпаная, чаплялася на частакол, на штакеты. Месяц-маладзік даўно заліўся недзе на краі неба-прорвы.

Праходзіў Карпусь каля Анісевых варот, і неяк сліны шмат сабралася ў роце. Плюнуў з прыкрасці, кінуўшы косы позірк на шуло з начэпленаю паперай. І пайшоў быў, мінуў. А папера белая вісіць і дражніцца. Вельмі ж выразная была бель паперы сярод ночы

Унурыў галаву і пайшоў. Хацеў не думаць і чуў: на двары забурчэў Анісеў Лямпар.

— Здох бы ты...— сказаў сам сабе пад нос, і ўсё роўна:

Белым кляймом вісіць папера. На Мікалаевым шуле... На Арцёмавым... Ён ідзе і паперадзе. Яшчэ ідзе і яна...

— Ліха іх матары...— зашаптаў Карпусь злоснымі пырскамі.— Нагліца, пача, насланнё...

Наўмысна вярнуўшыся, падышоў шумнымі крокамі да Анісевага шула.

— Вот вам... вот вам... вот, вот... ліха вашай матары...— асыпаў застыўшую бродаўскую калатушу гразі беласнежнымі лёгкімі камякамі.


IV[правіць]

Атрымаўшы бацькаў ліст, Гіляр вырашыў з'ездзіць у Брод.

Ён ішоў з цягніка, з паўстанка, што за васемнаццаць кіламетраў ад Брода. Ён падыходзіў цяпер да сваёй вёскі. Ён ішоў, а вясенняя раніца ўплятала ў свае косы краскі-пралескі.

То перад вачыма, то тамака вунь, уводдалі тышчылася вясенняя зяленіва, лезла напралом, станавілася на кончыках карэнняў, хацела зяленіва быць большым, паўнейшым, выдзеленым.

Кляновыя пупышынкі на разгатым галлі раптоўна, за адну ноч, калоліся-трэскаліся, падаваліся ва ўсе бакі — выпускалі з-пад сваёй ліпкай скарынкі жмук шырокіх, мяккіх, цянюткіх, як кураняцін пух, далікатных лісточкаў. А трава шаўковая, а кусты ружовай радосты... Турэцкія касачы, сінія касачы — усё лезла з зямлі пішчаніцаю, вырастала цераз суткі, цераз ноч.

Балота ў гэтую раніцу, што навокал Брода, было апавіта дымкаю-пялёнкаю. Недзе над ім, над балотам, над бродаўскімі палоскамі — высока-высока ўгары, у неба — звінелі, пераліваліся чыстай поўнай песняю галасы маленькіх птушак жаваранкаў. Не відаць яе, гэтай маленькай птушачкі, а чуваць — песня празрыстай крыніцаю пераліваецца, серабрыстымі ладамі — яна жыватворчая, маладая, веснавая.

І звініць і звініць у трымцячай вышыні блакітнай далі.

А ў Атрахімавай кузні таксама чуцен звон. Ад спусцістага малатка па накавальні. Ён, Атрахім, накладае цяпер нарогі. Вясна.

— Га-ах-цін! Га-ах-цін! Цін-цін...

І напаўняецца раніца распырсканымі гукамі, уплятае іх — дрыжачыя, жывыя, млечна-ружовыя, звінючыя.

Гіляр узышоў, ідучы з-пад загумення, на бацькава гумно, на сваё гумно. Чуў у кузні Атрахімаў гэты жалезны звон; ішоў і кідаў трымцячы позірк паабапал сябе.

Бачыў Гіляр узадраны рог шчыта на старой адрыне.

«Віхар быў, мусіць, вялікі»,— падумаў Гіляр, каля адрыны праходзячы. Бачыў назмятанае ў кучу па восені апаўшае лісце, бачыў каля адрыны кола старое з выкінутай спіцаю. А калі пераходзіў вуліцу — багна, а не вуліца. На двары бачыў бацькаўскі панарад.

Учора віліся думкі ў Пракопа пра сына, а ў сённяшнюю раніцу...

Пракоп наліваў ваду ў пабяляны чыгун, калі адчыніліся дзверы яго хаты.

— Як маешся, бацька, як крэпішся? — сказаў Гіляр, пераступаючы цераз бацькаў парог.

Пракоп перш — не то не пазнаў сына, не то ніякавасць ад раптоўнасці збіла зтрыбу старога — глядзеў на Гіляра няміргаючымі вачыма. А потым:

— Вось і прыехаў... А што. Праходзь, раздзявайся.

— Дык давайце ж... давай, ці што...— і Гіляр, узяўшыся рукамі за абодва бацькавы плечукі, пацалаваў старога ў яго валасатую шчаку.

Тады пачаў Пракоп абціраць мокрыя, апырсканыя вадою рукі, пачаў па адным пальцы абціраць аб полы свайго зашмальцаванага кажуха.

Гіляр адзін прыехаў, паглядзець-разглядзець прыехаў. Бо не наўда пакінуць службу, а ці варта гэта, ці будзе якая выйгранка.

Калі атрымаў ліст ад бацькі, розныя паўставалі меркаванні ў Гіляравай галаве. Даведаўся, што калектыў складаецца ў Бродзе — розныя ўсплылі думкі.

— Як ты мяркуеш,— саймікаваўся Гіляр з сваёй жонкаю Просяю.— Хочаш працаваць на зямлі ці любіш гэтую працу? Хачу аб гэтым паставіць пытанне ў партыйным камітэце...

Прося ні сяго ні таго не сказала.

— Як хочаш,— сказала.— Па мне — абы-дзе; будзеш працаваць, будзеш жыць. Я не баюся працы.

З такім і прыехаў Гіляр меркаваннем, з такім разважаннем і зайшоў ён цяпер у бацькаву хату.

Пракоп кешкаўся каля печы — паліў у печы, прыстаўляў да агню чыгуны з вадою, каб нагрэлася вада, каб запарыць аржаное амецце.

Гіляр скінуў з сябе сваю скураную тужурку, сядзеў на лаве і бачыў: незасланае ложка, а пад ім натрэсеная пацяруха-салома. Сцёртая, расплюснутая тонкім пластом асеўшага пылу.

Глядзеў Гіляр на вянок вісячай на шастку цыбулі, на лапці-атопкі каля запечка, на венік-дзяркач.

Курыца грабла смецце каля прыпечка, каля лаўкі, і бачыў Гіляр, як выпучвала яна валляк, раскідала смецце вострымі кабдзюрамі ва ўсе бакі.

— Ак-кыш-ш! — сказаў Пракоп, ляпнуўшы рукою па крысе свайго кажуха.— Каб ты здохла, гэнам!

І гледзячы на сына вачыма невінаватага чалавека, дадаў Пракоп:

— З яйцом яна... дык не выпускаю на двор. На двары Анісеў Лямпар, каб яго нараду не было, гэнам,— услед з’есць — не дасць залежацца яйцу. А я пад рэшата яе...— распасціраючы шырока свае ногі, растапырваючы нязграбна свае рукі, прысядаючы, каб злавіць курыцу, казаў Пракоп.— Пад рэшата. Накрыю яе рэшатам...— Пы-ыр-села! — Ды няхай нясецца там.

За сталом, снедаючы, Пракоп жаліўся сыну. Апавядаў пра дзяльбу, пра Аніся, глядзеў у Гіляравы вочы, лавіў выраз гэтых вачэй і казаў:

— Навядзі лад! Бачыш, чаго ён, гэнам, сукін сын, натварыў. Кінуў. Нібыта я не бацька. Як гадаваў арыштанта, трэба быў яму тады. Тады патрэбен быў бацька. А выгадаваў — вось яна, гэна, падзяка бацьку. Разарваў гаспадарку. Светам пачаў муціць. Звадыяшаў пачаў слухаць, а не бацьку. Давядуць яны яго да торбы, да галечы. Растрасе бацькаўшчыну. Хутка згуляе, што нажыў бацька за свой век.

Гіляр маўчаў, калі выказваў бацька сваю крыўду. Слухаў снедаючы і не важыўся пачаць адразу апраўдваць Яўгена. Бо добра ведаў старога: яго раптоўную злосць, ведаў яго цвёрдую волю.

А хацелася сказаць бацьку пра другое. І сказаў бы, каб не быў госцем; адразу выказаў бы сваю думку. А так...

«Скажу, але пачакаўшы,— вырашыў Гіляр.— Разгледжу, расслухаю, што, як».

Яшчэ едучы да бацькі, меркаваў Гіляр:

«Ці сёе ці тое, скажу, калі хоча ён майго гаспадарання; або без мяне, або мая каманда».

І каб ведаў Пракоп думку сына, ніколі б не сказаў ён так смела, так ахвотна «навядзі лад». Бо пра другі, зусім пра другі лад у гаспадарцы меркаваў Гіляр на выпадак свайго пераезду.


  • * *


Наталя мыла бялізну, калі днём зайшоў да Аніся Гіляр. Была адна яна ў хаце, узбівала мыльную пену ў начоўках аберучкамі. Церла, адцірала — пырскала белаю шумаю на берагі пелюсцяў. А на твары ляжала ў яе задумёнасць вялікай сталасці; нешта важнае ляжала, цяніла яе твар.

Аж злякнулася Наталя, убачыўшы Гіляра. Бо было гэта раптоўнасцю, неспадзяванасцю для яе: яна не чула, што прыехаў ён да Пракопа.

— Дзе ж мужчыны? — запытаўся Гіляр, аглядаючы хату, сядаючы на шырокі і тоўсты тапчан.

Наталя не адказала адразу. Стаяла яна каля начовак, абцірала мыльную шуму з берагоў, з пелюсцяў, а потым то адну, то другую руку абціскала яна ад вады, ад мыльнай пены.

Стаяла і нібы не разумела; не ведала, што адказаць свежаму чалавеку. А потым:

— Анісь у рык паехаў...— сказала і дадала: — Нашчот калектыву паехаў. А Яўген на полі: барануе недзе рассеяны авёс.

— Чаго ж ён нашчот калектыву...— не спускаючы вачэй з Наталінага твару, запытаўся Гіляр.— Як гэта нашчот калектыву?

І Наталя пачала апавядаць Гіляру, як яно робіцца, што робіцца ў іхнім Бродзе.

З вады, з начовак, ішла і падымалася аж да столі белая пара. Гэта стыла вада, стыла бялізна. А Наталя казала:

— Было перш восем гаспадароў запісалася ў спісак. Дык адцягнулі былі на тры дні. Анісь мой казаў, няхай раздумаюцца нашы мужчыны. Дык яшчэ дабавілася пяцёх... за гэтыя тры дні. Цімох запісаўся, Андрэй Маленькі... Ціт Халімонаў, Антось і Кандрат. Ну, гэты, што быў некалі ў Сікірыцкага за фурмана, гэты самы Кандрат.

Ціснула даланёю Наталя скруткі бялізны, што ляжалі аджатыя каля начовак. Кідала позірк на абмочанае крысо свайго паркалёвага каптана і далей:

— Паехаў, павёз спісы і заяву. Трэба ж, каб рык наклаў рэзалюцу, каб сцвярдзіў, каб мы мелі права на калектыў. За адным заходам, казаў, будзе меркаваць нашчот жняяркі. Мужчыны тут гаманілі ўжо: сяк-так крыху збярэцца грошай як бы на задатак... Астачу напавер, можа...

Убег у хату Змітрок з заплаканымі вачыма, абсыпаны пяском, і адразу да маткі — перапыніў яе і скрозь слёзы:

— Ярэмчы-ык абсыпаў... У валасы насы-паў пяску...

— А ты не дружыся, не хадзі да Ярэмчыка,— сказала Наталя.— А то — ён табе не гэтак дасца ў знакі. Казала, не ідзі: гуляй дома. Не слухаеш...

І да Гіляра:

— Гадуецца арыштанюга, а не хлапец. Цяпер ужо не дасць спуску, не пройдзеш па вуліцы. Так і аглядайся, каб каменя не запусціў або палена-патарчачыну якую. Увесь бацечка, адыхтар. Той-та, казалі, бывала, не аднаму расквасіў, размазджэрыў галаву. Так і глядзіць спадылба ваўкалакам.

— А як жа... Што Ярэма кажа на гэтую Анісеву работу? — запытаўся Гіляр.— Што Мацей кажа, Лаўрэн, Гаўрук Данільчыкаў, Карпусь што, што кажа: чаму не ўсе запісаліся?

I Наталя апавядала Гіляру пра думкі бродаўскіх гаспадароў, пра іх не то сёе не то тое меркаванне. Наталя казала, прысеўшы на рог зэдліка:

— Яны і самі не ведаюць чаму. Мацей кажа, я б запісаўся, але Юстына, жонка яго, аж вар’юецца — не хоча. Жонка, кажа ён, і гаварыцца не дае нават. Кажа, калі запішашся, ідзі ад мяне, каб і чнару твайго не бачылі. А Лаўрэн, дык ён — як Гаўрук... Гаўрук, таксама з жонкаю ваюе. Я ўжо, сустрэўшыся, надоечы гаманіла з яго Паладзяю: — пішэцеся, кажу, жыць будзеце. І бога нават будзеце хваліць. Аднак жа, кажу, будзем жа мы жыць, ужывёмся. Дык дзе ты, і да гамонкі не дапушчаецца; рукамі махае, як махалам, і ў адзін зваг: «Чэрці вам скуру няхай абпішуць, колькі я буду пісацца. Цяпер я, кажа, пані сама сабе. Я, кажа, што хачу, тое і раблю. А не тое, каб мною камандывалі. Я і з’ем, калі захачу, што захачу. У мяне будуць цёнгле пры мне ключы ад майго кубельчыка». От што кажа баба. Анісь, Яўген і мы тут усе — меркавалі: не вельмі патрэбны нам гэтакія ахмістрыні. Яна сябе лічыць вельмі вялікаю празутаркаю. Ну, а Карпусь... Дык аб Карпусю... Ты хіба не чуў? — паглядзела Наталя на Гіляра пытальным позіркам і дадала:

— Карпусь жа унь якую гітацыю вядзе! Аўлас, Карпусь, Ярэма — гэта ж шайка-лейка. З іх жа ўвесь свет гарыць. Каб не яны, дык і Паладзя і Юстына — гэтыя самыя ўпраўныя — не тварылі б светам. Яны падшыхаюць, падбухторуюць і таго самага Лаўрэна і Мацея... Ім коле ў нутро, што могуць адняць у іх лішку зямлі... Анісь кажа, і аднімем. Права такое, кажа, ёсць. Калектыву даецца розная ўступка. А як іх надзелы не падзеленыя... Ага,— схамянулася Наталя,— ты і гэтага ж, мабыць, не чуў: Яўген спісаў быў усіх, хто згодзен на разам. Спісаў быў, ды каб ведалі, наўмысна павесіў на шуле гэты спіс. Дык — ці дасі ты веры? — за ноч нехта на дробныя цурачкі пашматаў. Зайздрасць, відаць, была. Са злосці, ліханька. Нічога не мог зрабіць большага. Анісь кажа, што гэта работа Аўласавых рук або Карпусёвых.

Наталя казала Гіляру пра жыццё Брода, але нічога не намякала пра Гіляравага бацьку, пра Яўгена. Абыходзіла іх абодвух — не хацела кратаць — не ведала, якіх думак Гіляр.


V[правіць]

Макрына прыйшла да Яўгена.

Каля грэблі, сустрэўшы зяця, Цімох казаў:

— Або сёе, браток, або тое. Зайдзі, пагамані з ёю. Яна плача, кляне, злуе. А мая гэта дурніца грызе мой карак. Паляруш няхай іх возьме — баб’ё.

І Яўген зайшоў назаўтра раніцою, на другі дзень пасля Гіляравага прыезду.

Калі ўвайшоў у Цімохаву хату, Макрына крышыла на гнушцы, на стале, парэзаныя на некалькі частак чырвоныя буракі. Кінула на Яўгена спатайка позірк, апусціла вочы, разліла па твары густую ружавіну.

Цімошыха стаяла каля печы, трымала ў руках чапялу, каб зараз вынуць ёю, каб перавярнуць на другі бок грэцкі блін.

Старая пырскала маўкліваю злосцю, але ні слова, ні паўслова — каб то канула што. Як стаяла каля печы, так і стаяла — урытаю.

Яўген не звярнуў увагі на цешчу, а як увайшоў у хату, дык адразу:

— Дакуль гэта, Макрына, будзеш ты смяшыць людзей? Ці я табе не муж? Што ты гэта вычвараеш —думаеш што!

І падышоўшы да яе, да самага стала, гледзячы на яе апушчаныя вочы, на яе слязлівы, пакамечаны твар:

— Ты мо чакаеш уклонаў ад мяне? Ідзем! Ідзем, Макрына! — Сказаў, не мігаючы зрэнкамі сваіх вачэй.— Не патрэбна мець людскіх гаворак, смеху людскога...

— Гэта ж праз цябе: ты смешыш...— згортваючы нажом з гнушкі калівы кантовых буракоў, няўпэўненым тонам сказала.

Сонца цэлым жмукам, снопам, кідала праз акно свае прутка-вострыя праменні. У хаце асядала прытворная, цэлы момант, маўклівасць.

— Ідзем, Макрына! — скрануўшыся з месца, з лёгка дрыжачаю збянтэжанасцю паўтарыў Яўген.— Кажу, ідзем!

Тады адступілася тым самым паўкрокам, падалася назад, а ў голасе наспеўшая захісталася крыўда.

— Мо біцца будзеш? — сказала, паднімаючы апушчаныя вочы.

І Яўген:

— Калі трэба, то і дам...

— Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — сказала, мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці.

Але ён:

— Ідзі... кажу.— Узяў яе за руку.— Не тваё гэта дзела. Галава.

За гэты час не сустракалася Макрына з Пракопам.

Неяк надоечы, калі ішла па загуменні да Лявонавай Тэклі, бачыла яго на прыгуменні, каля падстрэшка. Нешта кешкаўся там стары і не заўважыў. А яна шпарка прайшла, і ў яе адчуванні... злосць прыкрая шчыпала нутро.

— Старызна...— зрывалася з яе вуснаў слова, а ў гэтай злосці невядомая крыўда на Яўгена, халодная, астыўшая крыўда.

У гэты момант яна не кахала Яўгена.

— Чаму?

Хто ж яго ведае чаму. Макрына не ведала гэтага.

І ўжо ідучы, ужо прамінуўшы гумно, дзе бачыла старога,— чамусьці вярзлося, пішчаніцаю лезла.

Снапы акалоту... сячкарня. Карытца гэтай сячкарні, а ў ім — каласамі падняты ўверх акалот. Сечка... Яе калівы, расплюснута паколатыя, куртатыя... Анця з Гэлькаю... І ўсё гэта такое выразнае, такое поўнае, ахвотнае ў сваёй выразнасці...

Макрына, ідучы, тады адчула імжыстую тугу, якая слала яе нутро, пашэрхла прыемнасцю.

І от з большым уздымам з таго часу... Яшчэ з большым...

Макрына не ведала, не магла гэтага ведаць, а толькі так адчувала... Хацелася пасля таго яшчэ раз прайсціся па загуменні, хацелася, каб зноў абдалося нутро таею самаю імжыстаю прыкрасцю.

Калі прыйшла Макрына да Яўгена — увайшла ў Анісеву хату — застала там Гіляра. Ён сядзеў каля стала, гаманіў з Анісем, і яна, увайшоўшы, сказала:

— Дзіндобры!

Брыдка было ад нечага, калі ўвайшла ў хату. Адразу афарбаваўся твар.

Але быў заняты, відаць, важнымі справамі Гіляр: не звярнуў увагі, акрамя — прывітаўся з Макрынаю, ды зноў аб нечым пільным гаманілі з Анісем.

Тады асвойчылася сама з сабою, падышла да ложка, да Наталі. А тая шыла нешта дзіцячае, малое.

— Раздзявайся,— прытульна-лагодным голасам сказала Наталя.— Скідай хустку.

А калі зусім абырала Макрына — прагнала з свайго твару лішнюю ружавізну,— Наталя тлумачыла Макрыне.

Набірала Наталя на іголку цэлы стус паркалёвых закладак, каб сфастрыгаваць і:

— Дык ты ж, мусіць, не чула,— сморгаючы застрагшае вушка іголкі ў густых закладках паркалю казала Наталя.— Не чула, мусіць, што... і Гіляр з бацькам будзе з намі, у калякціву? Бацька згадзіўся — сказаў: «Як хочаш, так і рабі». Бо Гіляр,— каб не згадзіўся бацька,— думаў ехаць назад і не пераязджаць. Да чаго, відаць, шкадуе Гіляра. Нябось — Яўгена не паслухаў бы!

Макрына адразу невыразна разумела, што казала ёй Наталя. Абалдзеўшы, слухала і чула нейкі пусты гук у Наталіных словах. А глядзела ёй пільна, вельмі пільна, у яе вочы. Такі ж самы гук чула ад Гіляра, ад Аніся, што быў. І таксама не магла зразумець.

А разам з гэтым...

Расла пачуццёвая хваля ў Макрыны. Уздымалася высока-высокім валам, шыбкім, імпэтным.

І ўзняўшыся да апошняй стромкасці, яна падала — рассыпалася на дробныя пеністыя пырскі. Ад гэтага было прыемна Макрынінаму нутру.

Тая самая была прыемнасць, што і тады... як ішла па загуменні. І тыя самыя нават былі — зрываліся цяпер з яе вуснаў словы, словы прытворнай нянавісці, агіды, скрозь успаміны якіх млела глыбокая Макрыніна радасць.


  • * *


І выйшла яно вельмі проста. У першы ж вечар, патушыўшы агонь, лёгшы спаць, Пракоп сказаў Гіляру:

— Я пісаў табе, каб прыехаў ты. Ты прыехаў. Дзякую табе, сынок. Добра, што прыехаў. Агледзеў і пераязджай. Будзеш жыць, і я пры табе пражыву. А гэты, недавярак, няхай круціць мазгамі, няхай, гэнам, шукае пасткі, заўшніцы.

Гіляр чуў ужо гэта. Раніцою за снеданнем чуў. Бачыў меркаванні бацькі і чакаў... каб адразу гэта сказаць.

Цяпер было цёмна ў хаце. Лепш як калі можна было сказаць. Не відаць было б гневу старога. Ды ўсё роўна ж: хоць калі, а трэба сказаць. І ён сказаў старому. Гледзячы ў цёмную столь, дагары лежачы, і раўнамерным спакойным голасам:

— Бачыш... от што бачыш, бацька. Я-то прыехаў. Агледзеў, што як і дзе як. І, канечне, мог бы... магу пераехаць. Канечне, як сын, я не дазволю пакідаць цябе, свайго бацьку. Мне шкода цябе і унь як! Ты адзін — з малымі намі пакуту меў, а прыйшла старасць — зноў пакута. Хіба я не бачыў, хоцькі сабе і раніцою сягоння: хіба твая гэта работа паліць у печы, грэць ваду? Але ж не ў гэтым...

Гіляр змоўк і чуў расчуленасць старога. Чуў яго моцны, нячысты, хрыплаваты ўздых. Чуў, але не дапусціў да свайго пачуцця.

— Не ў гэтым, бацька,— не пакідаючы рэзаць начной цемры сваім позіркам, казаў Гіляр.— Я от што вырашыў, бацька: далучыцца да бродаўскага калектыву. Калі ты згодзен на гэта, я пераеду. Не згодзен аддаць мне гаспадарку на гэтую далучку — я застаюся там. Мне няма чаго... не будзе чаго рабіць на гэтых клінах. Бо трэба зразумець, бацька. Урэшце патрэбна зразумець. Пара ўжо зразумець! Людзі кажуць — трэба слухаць, меркаваць хоць. Не патрэбна таўчыся на адным месцы. Відавочная справа карысці. Большай карысці, лягчэйшай. Яўген аддзяліўся і добра зрабіў. Бо — не біцца ж з бацькам, калі не разумее той.

— Ты мне раніцою казаў, а я слухаў, я не хацеў цябе, бацька, пакрыўдзіць. Я не мог адважыцца, сказаць адразу. А цяпер кажу от...

За адзін раз хацеў выказаць Гіляр і выказаў тое, што хацеў. Захапіўся і не чуў, як стагнаў бацька ад такога ўдару, не бачыў сярод ночы застыўшага дзіва-выразу на яго твары.

А калі сціх і чакаў слоў ад старога, дык нібы бацькаў пачуўся ўсхліп. Зразумеў Гіляр, і замест жалю ахапіла яго раптоўная злосць. Але не паказаў выгляду, не паказаў злосці, а тым самым роўным, спакойным голасам:

— Дык вось, бацька, або я з табою, або ты адзін, без мяне... Да ўсяго гэтага... гэтага, ведай, бацька, што я... партыец, камуністы. А гэтага патрабуе і наша партыя.

Тады Пракоп — чуваць было — падняўшыся зморана на ўзлокатках, хрыпла і адрывіста шпурнуў у бок сына:

— Не дажджыцё... Не даждуць яны, не вытрымаюць... Я не хачу... Гілярка, Гілярка... Дзеці, дзеці... Хто гадаваў вас... Свет...

Раніцою ўстаўшы, не намякнуў нават бацьку Гіляр. Гаманіў пра пабочныя справы і вельмі коратка. А потым — пачаў быў збірацца, каб паспець да дняўнога цягніка.

Бачыў гэта Пракоп, разумеў і не сцярпеў. Падышоў да Гіляра і заглянуў мякка ў яго блакітныя вочы.

І Гіляр стаяў каля стала і, зашпіляючы гузік у сваёй скураной тужурцы, глядзеў праз акно. На бэзавы куст глядзеў, што разросся — закрыў палавіну акна, на вераб’я глядзеў, што церабіў пер’е пад сваім адтапыраным крылом.

— Куды ж ты? —запытаўся Пракоп і дадаў: — Збіраешся?

— На паўстанак...— скрыўшы вастрату і дробныя кропелькі злосці, адказаў Гіляр.

Тады палажыў бацька сваю агрубелую, набрэнкшую ад працы руку на плячо сына і, не спускаючы вачэй з яго твару:

— Дык ты едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі, па яе — паслязаўтра ці цераз тыдзень. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць.


VI[правіць]

Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку.

Плылі думкі, як хмары, пераганялі адна другую; думаў, меркаваў пра работу бродаўскую, пра Аніся.

Паласкалася ў вясеннім сонцы маладая трава-мурава. Звінелі жаваранкі бесперастанку. Трымцела сінь блакітнага неба. А Мацей, ідучы за плугам, доўга-доўгаю баразною, пасярэдзіне, паабапал дзвюх межаў:

— Недарэмная будзе работа. Дакажа... дакажуць, далібог! Трапяткі Анісь і ліпкі... Як смала тая. Калі прыстане, прычэпіцца да чаго — не адкараскаецца, пакуль не паставіць на сваім...

Плуг шуршэў пад скібаю, раскідаў вільготную зямлю на крыгі-кавалкі. Падскакваў часамі плуг, зачапіўшы нарогам камень. А Мацей трымаў яго за абедзве драўляныя ручкі — кіраваў ім, паварочваў — меркаваў, на роўную скібу.

Адна, другая... ляжалі ўзнятыя скібы чорнай зямлі, аж наскрозь, аж цераз усю доўгую палоску. І Мацей ішоў каля іх, ішоў баразною, адкуль толькі што ўзнімалася трэцяя, свежая, скіба.

— Выклапача жняярку... Набудуць паволі адно, другое... Дарэмна дзяўкае Карпусь, дарэмна кпіць з іхняй работы. Відаць... Нябось відаць...

І ўвесь час трымаў Мацей, не выпускаў з сваіх думак: «Што рабіць? Юстына ж не дае гаварыцца пра ўступленне ў калектыў, а не тое што...»

Вечарам прыйшоў з поля Мацей і нічога не сказаў жонцы, Юстыне. Павячэраў і пайшоў на вёску. Мала куды пайшоў, да каго пайшоў. Юстына не ведала Мацеевых думак.

Прыйшоў з вёскі, не клалася Юстына яшчэ спаць.

Была свая ў Юстыны работа.

Вясёласць ляжала на твары, калі прыйшоў Мацей. Адчуваў буйную радасць, а таму і не сцярпеў.

— У калектыў пішуцца,— сказаў з прытворнаю абыякасцю.— Сёння Агей запісаўся, Тодар, Гіляр з бацькам; зноў будзе злучана іхняя зямля. Ці чула ты — нават Дзямян і той запісаўся. І Мікалай Гугнявы... Цімох Пахомаў...

І даўшы жонцы адчуць поўнасцю ўсю важнасць выказанага ім, сплёўваючы скрозь белыя, роўныя зубы, дробна моргаючы сваімі шэрымі маленькімі вачыма, гледзячы пытлівым і працяжным позіркам, дадаў з вялікай асцярогаю:

— Дык як ты... Мо і мы запішамся — як ты мяркуеш?

Юстына церабіла цыбулю. Абчышчала яе ад чырвоных лушпай, а потым адразала яе доўгія хвосцікі і кідала па адной у цёрла з вадою.

Лепей садзіць такою цыбуляю, калі пераначуе яна ў вадзе: хутчэй возьмецца за зямлю, хутчэй пусціць сваё зялёнае пер’е.

— Ты яшчэ мо на што ўспорашся — вычварыш,— трымаючы нож, каб адрэзаць хвосцік цыбулі, моргаючы сваімі русымі павекамі, з заспакоеным выразам на твары, паглядзела Юстына на Мацея.— Саб’ецца чалавек з работы. Дык ходзіць з хаты ў хату ды пералівае з пустога ды ў парожняе. Лепей бы сеў ды з вітушак вось звіў.

Мацей бачыў, як далёка яна, яго жонка, ад тае думкі, што вырашыў ён толькі што, без яе папытання. Ведаў Мацей, што будзе ляманту ў Юстыны поўная хата.

Але вырашыў, запісваючыся ў калектыў: «Пакрычыць як той казаў, дый сціхне. А потым абырае, здаўмеецца потым. Нават дзякаваць будзе — успамяне свой неразумны крык».

А Юстына адразала цыбуліны хвосцікі адзін за другім і зусім заспакоеным голасам:

— Якіх не вычварае штук цяперашні свет — святая матачка. Згалеюць людзі — змарнуюць гаспадарку. Ведама, будзе жыццё — абы працюцюляцца.

Мацей не сцярпеў.

— За яго «абы» — як ты кажаш — і плата такая «абы», абумная будзе. А па-другое, прыспічыць можна будзе такіх субчыкаў: трэба будзе, каб наглядаў адзін за другім.

— Маўчы ты, Мацей! — адчуўся тон жончынага голасу.— Лепей маўчы, кінь свае жарты!

І нібы-то сама сабе,— услых разважаючы:

— Няўжо ж. Пішацца другі каторы. Анісь знаходзіць сабе дурачкоў. Будзе камандаваць, а вы — рабіце, як тыя чорныя валы.

На некаторы час утварылася рупная цягучая маўклівасць.

Чуваць было, як шамацелі Юстыніны пальцы ў цыбуліных пруткіх лушпаях.

Мацей адчуваў, што пачаў ён не адтуль, не з таго боку. Патрэбна сказаць было адразу — калі была ў Юстыны найбольшая нечаканасць. Тады б усё перагортвалася за адзін раз, вырашылася. Цяпер бы Мацей быў ужо вольным. Ён раздзеўся б, лёг бы на сваё драўлянае ложка і мог бестрывожна б заснуць.

І ён казаў — рашучым, пэўным, моцным і неадступным сваім голасам, не падвышаючы гэтага голасу:

— Я напісаў... Я таксама падаў ім заяўленне. Нашчот, каб паступіць...

Юстына не адразу зразумела, што сказаў Мацей. Паглядзела на Мацея доўга, працяжна ды:

— Што ты чаўпеш, да якога ладу? Куды паступіць?

— У калякціву...

— Запісаўся, то ідзі,— сказала Юстына.— Хто цябе трымае... Ідзі як стаіш. Нябось такіх і тамака не прымаюць. Дай нябось пай ці якую трасцу.

Мацей бачыў тую ж самую Юстыніну недаверлівасць, бачыў, што прымае жонка яго словы як за жарты. А таму — з найбольшай пэўнасцю ў сваім пераконаным голасе:

— Далібог, Юстына, далібог, запісаўся!

І тады пачаў вырастаць у Юстыны драцяны і неадвостраны страх.

— Кінь кепікі строіць,— сказала Юстына.— Я табе не маленькая!

Мацей адчуваў надыходзячую навальніцу. Адчуваў, але не спыняўся.

— От цудная якая. Не даеш веры. Кажу табе!

— Мацей! — Чуў Мацей, як выплеснула жонка яго імя сярдзіта пакрытаю злосцю. І болей не чуў, бо казаў ён Юстыне сваё. Пераскакваў цераз яе словы, нібы цераз лужыны з дажджавой вадою, і адным звагам:

— Аддадзім нашу гаспадарку ў пай і будзем жыць. Будзем працаваць па сваёй сіле. Гэлька таксама будзе працаваць. Потым замуж аддадзім за Арцёма-калякціўшчыка. Справім вяселле калякціўнае. Дурная ты... Удумайся ты, спаймі. Анісь разумны гаспадар. Ты думаеш, старая! Я мо па цэлых начах не спаў — меркаваў і сяк і гэтак. І вымеркаваў: іначай прападлае будзе жыццё. Праўду казаў той чалавек з акругі: поле хутка не поле, а межы адны будуць. Межы... Уцям жа ты, Юстына, урэшце!

А Юстына:

— Я не хачу, не хачу...— у адзін голас.— Мацей... Ідзі ад мяне, каб мае вочы цябе не бачылі. Ідзі! А я застануся з Гэлькаю, з Лёксам... Я не дам табе гаспадаркі. Мая гаспадарка...

— Будзем працаваць, Юстына, без клопату. Не будзем клапаціцца — забіваць сабе галаву. Адзін калякціваў будзе клопат...

— Ані макулінкі не дам, ані цырубінкі не дам, ані рубчыка, ні акрайчыка не дам, не дам...

— І правы калякціўныя будуць інакшымі. Купіць хоць што, кажа Анісь, у перш-наперш. Пабываць калі дзе прыйдзецца — калякціваваму чалавеку таксама ў перш-наперш: «Проша, васпан! Заходзьце».

— Мацей! Ліха тваёй матары! Каб табе абпісалі — спісажылі чэрці табе скуру! Гад! Што ты надумаўся, што нарабіў ты... Га-а-ад!

Хто ж яго ведае, на чым скончылася б усё гэта, пачатае самім Мацеем. Невядома. Мог бы нават і пайсці назаўтра раніцою Мацей да Аніся, мог бы забраць назад сваю заяву. Але зайшоў гэтым часам Яўген у Мацееву хату і перашкодзіў — абарваў раскудзеленую Юстыніну злосць.

  • * *

Вяртаўся Яўген са сходу, з сельсавета.

Увайшоў у вёску і праходзіў каля Мацеевай хаты. Ішоў размашыстаю паходкаю, ішоў, здаволены сённяшнім днём.

Пазіраючы пад ногі і аддаўшыся думкам, Яўген мінуў быў Мацееву хату. Прайшоў Яўген некалькі крокаў, як раптам цэлы вэрхал пачуў і застанавіўся.

«Ці не б’юцца яны?» — памысліў. Разагнаў свае думкі. І прастаяў быў цэлы момант, а потым:

«Зайду усё ж...— сказаў сам сабе.— Што там у іх, чаго яны гэтак, ягоная Юстына?»

І не зайшоў бы Яўген да Мацея, каб не ліпла другое ў яго галаве. Бо з дому ж быў ад самага рання.

Але радасць была ў Яўгена. Радасць сённяшняга дня. Вялікая, першая, свежая, неабдымная маладая радасць! Дык хацелася ж, каб сказаць хутчэй аб гэтай радасці. Хоць каму сказаць: або для зайздрасці сказаць, або каб падзяліцца з ёю — усё роўна.

Бо:

— Хто мог чакаць, мог спадзявацца? Хто мог бы сказаць, што... друкаванымі літарамі будуць напісаны словы... Два словы — буйнымі літарамі, чорнымі на белай газетнай паперы: «Бродаўскі калектыў». Хто думаў, хто меркаваў!

А яны былі напісаны. І не ведаў гэтага Яўген. Бо газета тая не ішла ў Брод. Анісь другую, сваю чырвонаармейскую, выпісваў газету. А Яўген трэцюю...

Аж на сённяшнім сходзе, у сельсавеце:

— Бурцелік! Чуеш ты, Яўген? — на сённяшнім сходзе звярнуўся Патапчык да Яўгена.— Вітаю вас: цябе, Саладуху і ўвесь калектыў ваш! — сказаў старшыня.

І Яўген не разумеў.

— Што?..— глядзеў ён поўнымі вачыма ў вочы Патапчыка, на яго твар.— Завошта ж гэта ты, што за вітанне, за паздраўленне?

Тады зразумеў Патапчык, што не ведае ён, Яўген, аб газетным артыкуле, аб тым, што напісана пра іх бродаўскі калектыў.

— Во... во — чытай! — расхінуў Патапчык газету.— Вось за што, вось! І мне цераз гэта ад калектыву ад вашага гонар. Вось!

Дык дзіва што будзе пеніцца сэрца вясенняй радасцю — цвітучай, сакавітай!

Цэлыя тысячы людзей прачытаюць пра вёску Брод, пра тую вёску, што некалі была закінутай ад людскога вока.

...Стаяла, абкружаная дзікім балотам, абнесеная ілістай пажарынай, вёска Брод; стаяла з вечна заплаканымі па-асенняму вокнамі, з узадранымі шчытамі, вышчарбленымі комінамі — стаяла пад ветрам і пад дажджом, на ўсё прырыхтаваная.

Дык які ж быў інтарэс гаварыць пра такую вёску, які быў каму клопат?!

Яўген пераступіў парог Мацеевай хаты і, уздымаючы ад свайго сённяшняга вясёлага, радасна цвітучага дня свой чыста абліты бадзёрасцю голас, сказаў:

— Добры вечар у хату!

Калі зайшоў Яўген у Мацееву хату, сціхла — пакінула сварыцца Юстына з Мацеем. Мо таму перастала, што чужы зайшоў чалавек, а мо так сабе,— не хацела мо адрывацца ад працы: церабіла і церабіла цыбулю.

Цьмяна гарэла лямпа ў Мацеевай хаце. На столі ад яе талеркі была прыклеена вялікая, блінам, круглая цень.

Па хаце доўгімі струнамі насіліся пасмы сіняга накуранага Мацеем дыму.

Падышоў Яўген да самай лавы, пастаяў быў у нерашучасці: не то хацеў сесці, не то меркаваў пастаяць.

А Мацей пад гэта:

Стоячы каля ложка, трымаючы за пазухай сваёй кужэльнай кашулі руку:

— Сядай,— сказаў пад гэта,— садзіся, пасядзі, Яўген. Дома гасцём будзеш!

Сядаючы, не стрымліваў позірку Яўген і кідаў яго на самую Юстыну, на цёрла з вадою, што стаяла каля Юстыны, на вышчарбленую ляжайку каля печы, кідаў рассыпісты позірк і між іншым (бо не меў ён права на гэта):

— Што такое ў вас, што за крык быў тут? А я думаў, ідучы вуліцаю, крый божа, ці не б’іцёся вы?

Тады пачаў Мацей апавядаць Яўгену ўсё па парадку. Падышоў да Яўгена, стаяў і, гледзячы яму ў твар у вочы:

— Не хоча мая баба,— казаў,— я запісаўся, а яна — ані блізка, хоць ты гвалт ёй крычы! Падняла тут такія авантуры...

Яўген слухаў Мацея, важыў яго пераконаныя словы, а Юстына маўчала. Уздыхала Юстына раз-пораз цяжка, глыбока і ані слова.

А Яўгену карцела сказаць, хацелася ўсё за адзін раз расказаць... Няхай бы ведалі, няхай зразумела б Юстына. Бо гэта ж такая радасць!

Слухаў Мацееву скаргу на жонку Яўген, а потым не сцярпеў,— дастаў з кішэні, з суконнай сваёй сівай жакеткі, дастаў роўна і асцярожна зложаную газету.

— Вось...— перапоўніўшыся гонарам і павагаю сам да сябе, паказаў Яўген Мацею, трымаючы нерасхінёную ў сваіх руках газету,— пра наш Бродаўскі напісана ў ёй, пра наш калектыў! — Прагучэў ганарлівасцю яго голас.

Не зразумеў быў адразу Мацей, не ўзяла Яўгенавых слоў і Юстына: як гэта магло быць, што магло быць напісана на гэтай паперы.

Але Яўген:

— Цётка Юстына! Слухайце, цётка,— пытліва заглянуўшы ў яе насупісты твар.— Я прачытаю вам, а вы паслухайце.— І пачаў чытаць Яўген моцна і выразна, важачы кожнае слова.

Уважліва слухаў Мацей, а Юстына заварушылася, седзячы на лаве, на адным месцы,— закашляла, але нічога не сказала, была затакована сваёю работаю, але чула:

«З дваццаці чатырох уступіўшых у калектыў — большасць беднаты. Кожны дзень паступаюць заявы...»

Не паказала выгляду, што чуе, а ўсё ж:

«...заможнікі, як, да прыкладу, Лопух Карпусь, Грыб Аўлас і іншыя... нехта ноччу сарваў абвестку...»

Мацней зашамацела лушпаямі цыбулі і яшчэ лепей — больш яшчэ — слухала:

«...не будуць больш ламаць аглабель, ірваць атос... будзе вымашчана грэбля...»

Юстына ўстала з лавы і прыняла цёрла з нацярэбленаю цыбуляю. Занесла яго ў канец лавы, к шафе, і там доўга грукала нечым цвёрдым, нягулкім, а Яўген чытаў:

«...Гутаўская камуна дасць на дзён два свайго трактара заараць папар. Трактарысты свой — быўшы шофер. Бродаўскі калектыў хоча...»

Адчыніла дзверы ў шафе і перасоўвала, чуваць было, пасуду — яшчэ мацней бразгала і чула:

«...ярына па сабе, але жаць ужо будуць разам. ЭнКаЗэ адпускае на доўгатэрміновы крэдыт жняярку, зроблена таксама ўмова...»

Зачыніла дзверы шафы і падышла да калодкі, дзе стаяла вядро з вадою. Узяла з драўлянай падстаўкі медную конаўку, што зрабіў Атрахім з снараднай гільзы, і пачала піць.

Доўга піла хатнюю мяккаватую, цёплую ваду, піла і:

«...гэтым летам будзе выбрукавана. Раён хадайнічае перад Аўтадорам...»

Мацей, слухаючы з уважлівасцю ўвесь час, не сцярпеў:

— Што гэта за такое, за Тадор?

— Гэта... тое гэта,— падымаючы вочы ад газеты, адказаў Яўген,— тое, што камандуе ўсімі дарогамі.

І зусім міжвольна цяпер, забыўшыся на сваю злосць, Юстына запыталася ў Яўгена:

— А што гэта за такое за «казэ»?

— А гэта тая ўправа, якая займаецца зямельнымі справамі,— адказаў Яўген, зірнуўшы з вясёласцю на Юстыну.

...Макрына не спала доўга ў гэты ціхі, цёплы, вясенні, расцвітаючы вечар. Розныя думкі вярзліся ў яе галаве.

Макрына разважала:

— ...Анісь кажа, трахтарам можна і гной вазіць, можна і разбіваць нават... Снапы можна вазіць... дровы... або бярвенне. Гэта, апрача ворыва, кажа Анісь. Апрача скарадзьбы... Жаць можна трактарам... усё можна. Колькі чаго можна ім... Што там за такі за трактар? Паглядзець бы... Цікава. Гэта ж вельмі лёгка... Ён, мусіць, такі вельмі вялікі, вялікі, шырокі і нятоўсты... Ён, мусіць, мае пада дном усякія прылады... Адну прыладу націснуў — жаць будзе, другую — гной будзе разбіваць, чацвёртую — снапы будзе вазіць або другое што будзе рабіць... Як гэта цікава: едзь сабе і націскай толькі... бадай што гэтак... Заўтра ў Аніся запытаюся... Добра, што мы далучыліся да Аніся... Каб хутчэй набыць гэту цудоўную машыну... Няхай стараюцца мужчыны, каб хутчэй. Нечага і ім лёгка будзе, і нам — жанчынам — лёгка...

А потым сон пачаў валодаць ёю, пачала драмаць Макрына і скрозь дрымоту: «...Яўген вельмі добрай натуры... працуе і працуе. Ніколі не ўпікае мяне больш... Бацька, бацька... ах! Нашто пазычаў ён долата, навошта браў... Дзе ж дзеўся Яўген, што робіць ён у гэтым сельсавеце ад самага рання... Яўгенка...»

Сон сплюшчыў павольна Макрыніны вочы, развязаў жыццёвым днём звязаныя вузлы — паслабіў яе цела, палажыў яго вольна і ўхутаў мляваю цеплынёю, спакоем, але яшчэ недзе далёка, далёка — адыходзячы, каб не перашкодзіць яе адпачываючаму чуццю: «...Васіль, Арцём... камсамольцы... Гіляр гамані... доўга. Яны рады... Анця...»

І яшчэ!

Раз, другі, трэці — цалавалі санлівыя абдымкі яе твар. Усплывала ў невыразных вобразах усё пройдзенае за дзень і адыходзіла.

І адышло ўрэшце, пакінуўшы на яе вуснах тлеюча непрымушаную радасць жыцця.


VII[правіць]

У Анісевай хаце Макрына звыклася хутка. Усё роўна як і дома, як і сама ў сябе.

Наталя кажа:

— Будзем сёння грады рабіць.

А Макрына:

— А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць, гатова не папрымацца.

Ахвота падшыхала Макрыну ў працы. Хацелася даць сваю неаслабную шпаркую сілу.

Спадабалася Макрыне сумеснае жыццё ў Аніся. З Наталяю ладзіла добра. Наталя ўсё роўна як родная матка: не пабудзіць нават Макрыну, калі заспіць, бывае, яна на кароткую часіну.

Але рэдка бывае, каб заспала Макрына. Сама мае ў сабе руплівасць і ахвоту да працы. Калі працуе — дыхаюць грудзі ўсёй шырокай паўнатою. Цела робіцца пруткім, тугім. Хочацца, яшчэ хочацца, каб болей зрабіць. А ў працы спор не спадае. Што зробіць — зроблена будзе.

Макрына і ў дзеўках як была — мела да працы задор. Перад некім тады нібы хацела паказаць сваю сілу, свой навостраны спрыт.

Вясеннія дні былі глыбокімі, доўгімі, але не маруднымі. Другі прыгажэйшым быў за першы. Пунсавелі дні маладым жыватворчым хараством.

Ужо адцвілі сады, і апаўшыя ружова-белыя іх лісточкі даўно высахлі, сцерліся, зніклі. На іх месцы расла маладая плюшава-мяккая завязь.

З кожным свежым днём вясеннім, з кожнай маленькай ярка вастраватаю расістаю ноччу — большала завязь.

І была паўната ў жыцці, была большая радасць.

З таго дня, як сказала Наталя Макрыне, што далучаецца, што пераходзіць з Гілярам да іх калектыву і бацька Пракоп — апанавала Макрыну імпэтная нястрымна жывая, разбежыста шпаркая сіла.

Не разважала ў сваіх думках Макрына — чаму так, што гэта,— а чула, як з кожным разам расце гэты пад’ёмны ўздым.

А з таго вечара, з таго часу, як прыйшоў са сходу Яўген — не было ў Пракопа сустрэчы з Макрынай вока на вока, не было нават кінутага слова.

Прыходзіў стары за якоюсь-небудзь патрэбаю да Аніся, бачыў яе за штодзённаю хатняй працаю і да яе каб то слоўца кінуў.

Не то сорам слаўся на старым пачуцці, не то не хацеў паказаць свайго выгляду, а мо так — ад злосці абыходзіў Пракоп. Бо:

Як перадаў свайму сыну, Гіляру, гаспадарку — хадзіў спахмурнелым, беспрытомным, як падстрэлены звер.

— Што ёсцека з вамі, татка? — клапацілася Прося.— Ці не баліць штосьці татку — нездаровіцца мо?

І, гледзячы доўгім на Пракопа ўстрывожаным позіркам:

— Ляглі б, татка,— казала,— адпачылі б... Ідзіце ляжце: я пасцялю.

Нічога не казаў на Просіну ласку Пракоп. А спатайка — непрыкметна для пабочнага вока — усміхаўся скрыўлена, балюча кволаю ўсмешкаю.

«Змахлююць... зтаглююць недавяркі, гэна...— цвіла дзікім цветам у Пракопавай галаве неадстанная, слотная думка.— Наробяць работы сваімі лякцівамі-макцівамі».

Сустракаўся часта Пракоп з Карпусём, з суседам Аўласам. Тыя не прыходзілі да яго, не хацелі на вочы ісці сваім злыдням. І ён, Пракоп, хадзіў да іх ціха, вясеннім надвячоркам.

Доўга сядзеў і гаманіў з сваімі суседзямі. А калі было ўсё пераказана — ішоў спаць у адрыну на сваю аржаную салому.

У той жа дзень, як перадаў сыну сваю гаспадарку, сустрэў стары Карпуся.

— Маладзец! — гледзячы атрутнымі вачыма ў Пракопавы заінеўшыя сівізнаю вочы, казаў з зацятаю злосцю Карпусь.— Маладзец: дастукаўся торбы!

Пракоп глыбока густыя зрабіў зморшчыны на сваім плоскім ілбе і маўчаў: лічыў сябе вінаватым.

А Карпусь з тою ж самаю атрутнаю кплівасцю:

— Ох, ты... бацька... Каб сын, пане мой... каб сыны табе ездзілі па тваім карку? Крый мяне божа! Каб рабіў ён каторы што хоча... Дык што ж ты за бацька, што ж ты за чалавек? Застаўся голым як бізун і пазірай! Чакай з сынавых рук.

І зноў і яшчэ, льючы той самы вар чамярыцы:

— Ну дык хто ж ты цяпер, хто? Пастух — а? Парабак — а? Старцам зрабілі цябе, вось што — мой сівы, мой папугай-голуб!

Пракоп усё роўна маўчаў. Глытаў стары пякучы боль, пякучую крыўду і — каб то слова сказаў для сваёй абароны: гэтак лягчэй.

А ён каяўся цяпер моцна, балюча:

«Не патрэбна было аддаваць Гіляру гаспадарку. Няхай бы круціўся, гэта, там — дзе і быў».

І далей у сваіх стомленых думках:

«Я здрэйфіў... жаль апанаваў, гэнам. Убачыў сына... Усё ж такі сын... Слова сказаў... Пракопава моцнае слова... Няхай ведаюць дзеці».

Сёння таксама пайшоў да Карпуся. Застаў там, калі прыйшоў, Гаўрука і Аўласа.

Гаманілі суседзі. Карпусь выпускаў з масянжовага папяросніка збэрсаныя стружкі сіва-сіняга дыму ды:

— Ну што ж чуваць, калякціўшчык; што робяць твае правіцелі — ад’ютанты? — афарбаваў Карпусь свой сказ у жартаўлівы, абыраўшы тон.

— Тое чуваць, гэнам, што ёсць,— сядаючы на зэдлік, падаючыся ўсёй сваёй постаццю наперад, сплюнуў Пракоп.

— А што ж ёсць? — умяшаўся Аўлас.— Мы тут гамонім... Я чуў, што-о... прыедзе на гэтых днях каморнік.

Пракоп нічога не ведаў пра каморніка і таму паглядзеў на суседзяў здзіўленымі вачыма. А Карпусь, чухаючы кончыкам пальца сваю кучарава звітую бараду:

— Ён нічога не ведае; пад самым носам робіцца, і ён не ведае!

— Адкуль жа, гэна, мне ведаць?

Тады астроілася раўнавага суседскіх галасоў, суседскага права, і Карпусь, гледзячы на Аўласа:

— Гм... Прыедзе, няхай сабе і прыедзе. Дык цікава: што ж ён і ў мяне і другога-трэцяга каторага будзе вымяраць? Раз я не жалаю... мне добра на маёй сядзібе. Дык якое ён мае права?

— Мусіць жа, мае, бачыш...— уставіў Аўлас.

Але Карпусь не дачуў Аўласа, а сваё:

— Па-моему, няхай едзе, мерае таму, хто егліць гэтай калякцівы, як дзіця перніка.

— Дык ён жа будзе і мераць.

— Ну то няхай і мерае і мяне не чапае.

— А як жа нашы палосы?..

— А якое мне дзела! Гэта паласа мая, і я яе ніякаму смысю не аддам.

— Дык яны ж бо на гэта не глядзя-аць... Ім жа трэба, каб у адным кавалку...

— Ну то хай едзе на Сахалін-востраў — там будзе ў адным...

— О-г-го, дзіва! Барзджэй яны цябе выправяць... Ну што ты, Карпусь, напаскураешся?

— А тое, што не дам, не дам — сваіх палос! Здохнуць, а не дам!

— Сілаю ж возьмуць...

— Не маюць права. Няма законаў... Сплацяць няхай, калі прагне іх горла аднаго кавалка.

Аўлас кінуў спрачацца з Карпусём і, падхапіўшы трапную яго думку:

— Каб жа сплаці-ы-лі — добра было б.

І ніхто ў гэты вечар не мог парушыць ні суседскіх спрэчак, ні іх згоды. Хіба толькі дзеці Карпусёвыя перашкаджалі. Малая Галька крычала на большага Гарбуся:

— Аддай, аддай маю ляльку... аддай майго чоціка, Бусь!

  • * *

Раніцою, калі Макрына перабірала сакавіта-зялёнае шчаўе, каб варыць, выкідала вырваную незнарок з шчаўем дзікую траву, у хату зайшлі: незнаёмы ў сівай накідцы чалавек (Анісь зваў яго шэфам), сам Анісь, Патапчык, Пракоп і яшчэ чалавек — у абручаста вялікіх акулярах.

Зырка гарэлі сухія ў печы дровы і абдавалі, лізалі бакі папрыстаўленых, закураных дымам гаршкоў; і Макрына адчула гэтую пякучую зыркасць на сваім твары.

А яны, зайшоўшы,— Патапчык і чалавек у акулярах — развярцелі пруткую, вялікую, на ўвесь стол, паперу і доўга глядзелі ў ёй, меркавалі.

Чула толькі Макрына словы Аніся:

— Выражам ім на Змітраўшчыне... Вось тут выражам, адрэжам гэты каля балота клін.

Патапчык, відаць, меркаваў — думаў у сваіх разважаннях, а чалавек у накідцы:

— Глядзіце. Глядзіце, каб лепей было для вас, для калектыву. Каб не было потым сваркі за шкоду ў пасевах.

І праводзячы пальцамі паміж густых сваіх, руса-цёмных, зачэсаных гладка назад валасоў:

— На плане, як бачыце, тут каля краю балота, мне так здаецца... у самы раз.

— Няхай ліжуцца...— з усмешкаю дадаў і гэтым бадай што скончыў створаныя меркаванні Анісь.

Пракоп сядзеў і слухаў, што гамоняць пра выразку зямлі тым, хто не ідзе ў калектыў. Слухаў седзячы, і ў навіслых вусах бегала схованая прыкрая ўсмешка.

А яны яшчэ і яшчэ меркавалі паміж сабою, а потым — Макрына зразумела — пайшлі мераць зямлю.

— Я пайду... схаджу на поле...— разважала Макрына ўслых перад Наталяю і не ведала: ці то ісці ёй, ці не.

Наталя параіла:

— Схадзі, калі хочаш... Паглядзіш... Я б таксама схадзіла, каб не печ.

Выходзячы з вёскі, у канцы вуліцы, Макрына мінула Лявона з Арцёмам Мікалайчыкам. Мінаючы, чула:

— ...а мо ж я не захачу, ета,— ага? Трэ было б усё ж шчакаць, ета. Так борзда ўсё творыцца... Каб чаго, ета, не змыліцца...

— А дзядзьку трэба б мець жыць сваім розумам,— казаў Арцём,— а не чужым. Запісаўся, дзядзька? Запісаўся. Ну дык і няма там чаго рыпацца... па дзесяць разоў, няма чакаць чаго.

Прайшла некалькі крокаў Макрына і яшчэ:

— ...я ж, ета, кажу толькі, ага. Я ж не мяняю, ета, сваю мыслю...

На полі Макрына ўбачыла амаль не ўсіх бродаўскіх. Макрына ніколі не сказала б, што ў Бродзе так шмат, так шмат людзей.

А яны ішлі ўсе роем, ішлі з ланцугом цераз палоскі, цераз межы. Ланцуг цягнуўся па зямлі блішчастаю, выпрастана нежывою вужакаю. У яго каленцы-суточкі пападаў засохлы ад восені быльнёг — і зноў і зноў.

А часамі цэлым вузлом захрасаў быльнёг у ланцужных вушках-каленцах, і тады Васіль, які цягаў гэты ланцуг, адстаўляў назад свае рукі, напружваў іх з найпрутчэйшай стромкасцю і сморгаў уперад за адзін моцны размашысты раз.

І зноў ішлі і ішлі. Падбіралі пад ногі доўгія межы. Цягнулі ланцуг цераз іх папярочнае цела, апавівалі дзесяціметровымі жалезнымі крокамі.

— Дзын... дзын... ндзын...

Макрына бачыла, як бродаўцы пляскалі палоскі, камячылі на межах узышоўшую з старых карэнняў траву, наносілі босымі нагамі на яе кропелькі тлустага чарназёму. Бачыла Макрына гэты натоўп і шукала ў ім...

Спатайка сваімі запаленымі вачыма шукала старога і не знаходзіла, не ведала дзе.

А ланцуг зноў:

— Дзын... дзын... ндзын...

Тады Макрына зыходзіла з месца — ішла. Аслупянеўшаю ішла хадою — глядзела паверх галоў, і ўсё роўна не было відаць, не бачыла нідзе старога Пракопа.

Ідучы, чула Макрына, як рагатаў Карпусь, стоячы з Аўласам. Бачыла іх хістаючыя постаці, а Пракопа нідзе не было.

А Карпусь, здранцвеўша махаючы рукамі, стоячы на сваёй мяжы, гледзячы па ёй уздоўж, звяртаючыся то да Аўласа, то да Гаўрука, то да канцавога Галляша, казаў:

— Браткі, глядзіце... ха-ха-ха! Глядзіце, што робяць людзі... ха-ха-ха! Мераюць людзі, мераюць... хіхі-ха-ха-ха...

Аўлас, гледзячы на натоўп людзей, што плылі-ішлі цераз поле,— то ўперад праходзілі першыя, то заднія першых, не астаючыся ад ланцуга, наганялі — адказаў:

— Ну, дык што ж... Няхай... Няхай! — прыкрую глытаў сліну Аўлас.— Робяць няхай, вымяраюць, колькі хочацца ім...

Гэтым часам Яўген гукаў з крайняй мяжы ў той бок, дзе стаялі суседзі:

— Ідзіце сюды! Гэй! Карпусь, Аўлас! Каб потым не было якогась сумнення нашчот няправільнасцей у абмерах.

І Аўлас, махнуўшы рукою:

— Мерайце, ешце, бярыце, душыце... Рабіце што хочаце, калі маеце на гэта права!

І да суседзяў:

— Але мне думаецца — наядуцца, хопіць... хопіць, дальбог, хопіць!

А Карпусь зноў рагатаў:

— Няхай мераюць і што хочуць, а я не пайду-у— ха-ха-ха... Яны думаюць, мяне ўлагодзяць гаворкаю — ха-ха-ха... Я, Карпусь Лопух, яшчэ маю ў сабе сілу, в-во-волю — ха-ха-ха-ха-ха-а-ы... Мяне вы... маць, не возьмеце... хі-хі-ха-ха-ха-ха-ха...

— А то, і сапраўды, трэба б схадзіць? — заўважыў Галляш.— Каб не выйшла без нас якога ў іх ашуканства?

— Ідзем! — сказаў, паглядзеўшы ў вочы Аўласа, Карпуся.— Ідзем... Нам жа ад гэтага не адваляцца ногі. Не трэба ж здавацца на некага, на невашта?

Але тыя і не рушыліся з месца. А Карпусь зноў свежым узрывам шалёнага смеху абдаў Галляша.

Тады адзін пайшоў цвёрдым, раўнаважным крокам.

Ззаду чуў у сябе зноў і зноў новы ўзрыў беспрытомнага смеху і — прыбавіў свой крок. А потым пабег, спатыкаючыся, цераз межы.


VIII[правіць]

У Бродзе зарганізавалася камсамольская ячэйка.

Як толькі пераехаў Гіляр у Брод, бродаўскія хлопцы — Васіль ды Арцём — спаткаліся з новым чалавекам. А пры спатканні пры іхнім выявілася, што да гэтага часу няма ў вёсцы камсамольскай ячэйкі, што да гэтага часу ходзяць яны самі па сабе.

І тады Гіляр павёў шырэйшую работу. Наўмысна з’ездзіў Гіляр да Ульнаўскага райкома, што за дзевятнаццаць кіламетраў ад Брода.

А праз некалькі дзён прыехаў у Брод чалавек з райкома, той самы прыехаў, што рабіў некалі ўзімку сход у Бродзе нашчот калектыву. Васіль з Арцёмам аж засмяяліся — весела неяк стала адразу.

— Свой, можна сказаць, чалавек прыехаў. Знаёмы чалавек.

— З гэтакім порстка абладуеш хоць што.

І першы сход адбыўся ў Атрахімавай хаце.

Чалавек з райкома вытлумачыў пра задачы камсамольскія, пра іхнюю работу. Гаварыў доўга і ўрэшце сказаў:

— Цяпер вы арганізоўваеце калектыў, дык цяпер больш як калі патрэбна не паслабляць сваёй маладой дзейнасці. Перад вамі стаіць вялікая задача. І гэтую задачу дае наша Камуністычная партыя, і вы павінны будзеце яе выканаць. А задача гэта — змаганне з старым, заплеснеўшым бытам за новы, сацыялістычны быт...

На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое берда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Зайшоў Захара. Былі Анця з Гэлькаю.

Калі зайшоў Захара, Гэлька вясёла шапнула яму, як праходзіў каля яе ў парозе:

— Ты ж, дзядзька Захара, стары ўжо для камсамольцаў. Чаго табе трэба тут?

І Захара на жарты жартам:

— Ты вельмі маладая... Перамаладзела. А от жа і буду, і да канца!

А чалавек гаварыў:

— ...Найбольш моцнымі і жыццёвымі ячэйкамі ў вёсцы будуць тыя ячэйкі, якія павядуць практычную працу па перабудове і ўздыму сельскай гаспадаркі.

— ...Работа кожнага камсамольца, члена партыі, той ці іншай ячэйкі ў цэлым — будзе ацэньвацца ў залежнасці ад таго, наколькі імі практычна будуць ажыццяўляцца задачы па сацыялістычнаму будаўніцтву...

Макрына сядзела на Атрахімішыным ложку, слухала і разважала:

«Мой жа Яўген гэтак і робіць. Анісь яму во да чаго ўтлумачыў. Малайчына Анісь. Я нават рада. Ахвота большая падшыхае. А яно ўсё перамалолася... перамалолася...»

Але перапыняе Макрыніну думку другая выразнасць, і яна як бачыць яе, як перад самымі вачыма сваімі...

...Калашманогі стары. Як стаіць на нагах — моцна стаіць. Упэўнена, вольна... Смела. З нейкаю сілай, што як магнес.

Тады, каб заглушыць, каб не чуць свайго нутранога голасу, яна слухае.

— ...Змагаючыся з багацеямі, ствараючы моцную змычку з сераднякамі, камсамол мае сваёй асноўнай апорай беднату...

«Дзе ён цяпер, пра што ён думае цяпер... Стары... Не... Яўгена хваляць, і Яўген ахвотна працуе... Я люблю працу... У гэтым годзе паложым кладкі каля штакетаў праз увесь Брод; не патрэбна будзе ног мачыць у клейкую гразь. А то пасля не дамыешся, як засохне яна на нагах, ліпкая, чорная, як жужалка...»

— ...Камсамол спраўляецца з задачамі перабудовы вёскі і сельскай гаспадаркі. Дык і вы, хто ўступіць з вас у гэтую маладую арганізацыю, павінны будзеце не адставаць ад вашых таварышаў.

На гэта, на першым сходзе запісаліся ў камсамольскую Бродаўскую ячэйку: Васіль Бурак, Стапан Апалонік, Арцём Мікалайчык, Анця Маханік... Хацеў запісацца Яўген, але чалавек з райкома запытаўся:

— З якога вы года... Колькі вам гадоў?

І Яўген адказаў:

— Дваццаць пяты ад узвіжання.

— Пераростак.

Чалавек вытлумачыў:

— У вас, як відаць, трэ будзе арганізаваць партыйную ячэйку, вось і паступіце... У партыю адразу. У вас вельмі і нават шмат пераросткаў. Таварыш Васіль Бурак то ж, каб яшчэ крыху, нельга б у камсамол.

Лёкса з Петраком меркавалі. Лёкса казаў:

— Хто ж яго ведае, як лепш яно?

Пятрок тлумачыў:

— Можа, яно, якая перамена будзе... дык каб дрэнна не было... Аўлас божыцца і клянецца, што ўсё роўна гэтак не будзе.

— Аднак жа...— змаўчаўшы, тлумачыў Лёкса,— увесь свет пішацца. І не баіцца ніхто.

— Дык і я ж гэтак цямлю... Нечага з усімі разам, камсамольцамі будзем...

І цераз два дні пасля сходу Лёкса з Петраком, пасля доўгай гутаркі з Гіляром, падалі заявы ў Бродаўскую камсамольскую ячэйку.

  • * *

Гіляр выйшаў з дому, калі калыхаліся на траве апошне сціснутыя кроплі ранішняе расы.

Атрахім ездзіў на гэтых днях па вуголле і ўмовіўся з гутаўцамі: яны дакляравалі на сёння, для заворкі папару, свайго трактара. І Гіляр ішоў цяпер, каб узяць гутаўскай камуны трактар, каб прыехаць на ім аж у Брод.

Сонца слізготна плыло ўсё вышэй і вышэй — у глыбіню блакітна дрыжачае гушчы. Раніца пачынала згасаць; галасы птушак чуліся прытупленымі, глухімі.

Мінаў Гіляр акопчаныя загібы бродаўскага поля, на якіх стаялі белакораныя слупкі, і разважаў:

— Перш-наперш прыйдзецца абысці кругом разы два трактарам, каля ўсяго калектыўнага кавалка поля. Прыйдзецца глыбока пусціць плугі — хоць бы сабе і да жаўтапёсу. Няхай. Каб адразу відаць была шырыня і прасторнасць.

Ішоў Гіляр і бачыў, як міналіся — адна, другая, трэцяя — пяцікрокавыя палоскі, ішоў і далей у сваіх думках:

«Прывязу трактар сёння і зраблю абгон... а заўтра — за дзень, за другі — увесь будзе ляжаць бродаўскі папар дагары скібаю...»

А палоскі міналіся — плылі пад ногі, пад ногі...

«Прыйдзецца на Лявонавай паласе пачаць — узяць з месца... Вазьму і — буду кружыцца, кружыцца... аж да канца, да Карпусёвага, да Аўласавага, да... іхніх выдзеленых пасёлкаў...»

Перайшоў Гіляр Бродаўскую грэблю і яшчэ:

«У Бродзе зямля сугліністая, клейкая... Няроўна дагледжаная. На адных палосках можа быць больш пырніку, а на другіх менш. Таму яно, калі ўзарэцца ўпапярок — няроўна будзе выглядаць. Ад межаў таксама — калі перарэжа іх трактар — будуць вялікія, зросшыя пырнікам скібы. Але ж гэта толькі ў першае ворыва. У другое, у трэцяе... калі забарануецца і растрасецца, добра выскародзіцца пырнік — гладкая будзе ралля.

...Рассыпістая, квашаністым застоем дрыжачая, узнятая на дыбы — будзе ралля.

...Адважным узмахам трактарнага плуга абложаная, смела раскінуўшы свае чорныя грудзі, будзе ляжаць яна, вечна дыхаючая, жыватворчым сокам налітая».

У гуце Гіляру прыйшлося чакаць, бо быў занятым трактар — канчалі гутаўцы свой прыдарожны клін канюшыннага поля.

Толькі што прыгналі з поля, з раніцы, камунаўскую жывёлу, пазаганялі яе ў хлеў ад заедзі, ад аваднёў.

Слаўся густым трымцячым водбліскам поўдзень у Гутаўскай камуне. Закажанелай была поўдзеньская чалавечая цень.

— Пойдзем,— сказаў Гіляру гутаўскі камунар Бладзік.— Паглядзім пакуль... Нашага таго то сяго.

І Гіляр хадзіў з Бладзікам — чалавекам загарэлым і поўным у твары, маладым, невысокага, але звязлага росту,— хадзіў па хлявах, глядзеў і дзівіўся іхняй жывёле.

Зайшлі ў вялікі хлеў — абору і бачыў Гіляр:

Белыя свінні, карпаносыя, тоўстыя, з рэдкім, але пруткім шчаціннем на хібах, ляжалі, расцягнуўшыся на цвёрда ўбітай, падасланай сухою саломай зямлі. Ляжалі яны і дыхалі размякша паўднёвай гарачынёю — рохкалі квола, гультайска.

У адным катуху, у другім катуху, у трэцім... Меншыя тут, большыя там; кормныя па два, па адным займалі катух.

У другой палавіне хлява — цяляты заводнай пароды. Усе як адно — чырвонай, прылізанай шэрсці. Як дзікія козы — палахлівыя, порсткія, з млечна пахучымі мысікамі, тугімі і крохкімі.

Каровы-мацёры на ланцугах. Кожная сама сабе гаспадыня. Стаяць і жвакаюць млечна ўзбітую пену.

А ў канюшніку... Бладзік да Гіляра:

— Вось гэта жарабец... Чыгрын, Чыгрын, абярніся! Ну-у... дай лоб! ...Чыстакроўнай ардэнскай пароды. Яго — прыязджалі да нас з саўгаса «Прамень» — хацелі купіць. Тысячу трыста давалі, і мы не аддалі.

— Што, дзёшава? — запытаўся Гіляр.

— Нядзёшава. Але мы на нашым сходзе вырашылі не прадаваць. Пакінулі для злучкі.

І выходзячы на камунарскі пляц (а ён вялікі, абгароджаны будынкамі, а пасярэдзіне адмысловая трыбуна):

— Грошы пакуль што не так-то патрэбны. Крэдыту не так шмат — гасіцца. І будзе чым другім аплаціць. Прадаваць будзем па восені кормных парсюкоў; скаціну-ялавіцу маем для продажу... збожжа... то сёе то тое... кіло трыста масла збудзем. А даўгі нашы — гэта з пачатку заснавання камуны былі значныя, а цяпер толькі частка не аплачана яшчэ, за прывезеную паравую малатарню ды за другі выпісаны, абзадачаны трактар. Дык і вырашылі не прадаваць Чыгрына.

Ішлі па пляцу і Гіляр у сваім позірку:

Пад каштанавымі дрэвамі, з густа разросшыміся на іх лісцямі, што былі абвешаны хваёвымі шышкамі белага стройнага цвету, гулялі з нянькаю дзеці камунараў. Пабраўшыся за рукі, зрабіўшы расцягнутае кола, дзеці ўзмахвалі злёгку ланцугом ручак, пераступаючы далей і далей адно за другім. А нянька, карпаносая, з кароткімі брывамі, з загарэлымі локцямі, стаяла за колам і ўторыла дзяцінаму тахту сваімі далонямі:


Макі, макі, маковачкі —

Чырвоныя мы зорачкі...


Гіляр хадзіў з Бладзікам, аглядаў гаспадарчыя прылады, што стаялі пад павеццю, схаваныя ад вільготнай пагоды.

Разглядаў Гіляр паравую малатарню, мацаў пальцамі яе цыліндрычныя колцы, глядзеў на складанасць механізма, раўнаваў перадачу малатарні з часткамі грузавіка-аўтамабіля, пстрыкаў пальцамі па яе бубну. Глядзеў Гіляр касаркі, конных грабель, дзівіўся з каранярэзкі і жмыхадрабілкі.

Агледзеў Гіляр збольшага гаспадарку камуны, і ўрэшце зайшлі з Бладзікам да Вараксы.

Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Увайшлі ў куратнік, і Варакса, паказваючы на маленькіх, шэранькіх, чубатых курак:

— Гэта афрыканкі. Яны нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі. А гэці — галагуцкі завод.

Варакса сыпнула ім, узняўшы з каўша, жменю ячменных пузата-кароткіх зёран, а Бладзік:

— Яна сама родам з-пад Вілейкі. Бежанка. У яе пахавана там пяцёра дзяцей. Дык усё бядуе яна, каб пабываць — ці давядзецца? — на іх магілках.

Гіляр запытаўся:

— Адкуль жа вы,— з-пад Вілейкі?

— З Крутагор’я. Ай што: былі ж мо там?

— Быў, але не ў Крутагор’і. Мая жонка родам таксама з-пад Вілейкі.

— Ай з якой жа мясцовасці жонка?

— З Канапелек.

— Ведаю той Канапелькы... Ад Крутагор’я сімнаццаць-высімнаццаць вёрстаў ай ні больш.

— Жонка мо і ведае. Я бываў там наездамі. Наш полк стаяў у Слоніме.

— Суседзі. Аж вісялей бачыць-ма з свайго рыднага краю чалавека. А шмат каго хацелася бачыць-ма...

І сцярпеўшы момант у зацятай маўклівасці, гледзячы тупа на Гіляра:

— ...Тай міжа не пускае, паганка.

    • *

Самым вечарам, змрокам, прыехаў Гіляр на машыне ў Брод.

Вельмі ж набраўся, пераязджаючы Бродаўскую грэблю. Трактар западаў сваімі коламі ў клейкую гразь. Гіляр даваў больш і яшчэ больш трактарнай сілы. Лапатаў трактар па гразі зазубрыстымі шырокімі коламі. Пырскі ляцелі ва ўсе бакі — і яшчэ і яшчэ раз, два... затрататахкаў, ірвануўся, напружыўшы сваё жалезнае цела, і вырваўся, аблеплены камякамі гразі, на аблог бродаўскага поля.

Уехаўшы ў вёску, Гіляр пакінуў адціснуты драбінчата-лукатны след на ліпкай застыўшай гразі лагчыністай вуліцы.

Цэлы таўбун бродаўцаў — сустрэлі Гіляра.

І Анісь — скрозь неакрэслены шум, што мяшаўся ў асядаючым змроку:

— На сваё прыгуменне... едзь. Адтуль выезд спрытнейшы на поле... Прыгуменне прасторнае.

А цераз некаторы час Макрына, адыходзячы ад натоўпу, ідучы да сваёй хаты: «Вось ён які... аж смех неяк: як гэта, што там у ём будзе цягнуць, араць без каня.

...Сіла тая: па вуліцы аж толькі пырскі ў бакі, у бакі... Заўтра разгледжу, дзе тое, што націскаць, каб жаць, каб разбіваць гной... дзе знаходзіцца... От што значыцца, калі наважылі... Аж радасць... весела...»

Ужо запалілі агонь, калі прыйшоў у хату Гіляр і сеў, выціраючы пот.

— Жыў я не буду...— сказаў сам сабе.— Пакуль сенакос — ува што бы ні было, а трэба, каб грэбля нашая была грэбляю, а не нейкім патопам. Ух!

Прося паведаміла свайму чалавеку пра навіну.

Паставіла на стол міску з вячэраю, прысела — абаперлася на ўзлокаць, глядзела Гіляру ў твар ды:

— Лявон прадаў сваю Маліну. Узяў сто сорак рублёў. Млечная вельмі ж карова... Дык колькі вэрхалу было, як ты пайшоў, сваркі... Кажа, я прадаў на сваю патрэбу і мне ніхто не забароніць. Кажа, у мяне ж яшчэ засталася карова і сёе-тое — дык і хопіць для паю. Ай не ведалі б, што прадаў. Але Макрына хадзіла да Ярэміхі пазычаць чорных шпульковых нітак, дык тая: «Учора прадаў Лявон сваю Маліну, а заўтра Васіль прадасць свайго стрыгуна...» Мо ці не далякцівіцеся да ручкі, дасць бог... Цешылася, бачыш?

А Лявон Махавік з жонкаю Тэкляю вырашалі перад тым, пакуль прадаць Маліну.

— Збыць бы што, збольшага...— казала Тэкля.— Не канечне тыцкаць алякціву ўсю гаспадарку.

— Дурная ты, ета.

— А то як жа, я ў цябе цёнгле дурная.

— Не ў гэтым... Я аб тым, ета: без цябе цямлю. Хіба ты маеш розум, а я дурань? Сам ведаю, што ета... Грошы... мала што, ета, патрэбна: цёплаходы б на зіму купілі б... Толькі што ж збыць?

— Каня...— вырашыла Тэкля.

— Адзін конь... Нельга, ета.

— Ну, дык з быдляці каторую-небудзь?

Так вырашылі Лявон з жонкаю ў той дзень, як запісаўся Лявон, як прыйшоў са сходу ад Аніся.

А ўчора, калі быў ахутаў вечар, дрыжачы памутнеўшым змрокам,— цераз Лявонава прыгуменне, на загумнішча, павёў перакупшчык Кароль — камароўскі чалавек — Лявонаву дойную Маліну.

Гіляр, праглынуўшы цяпер кусок разжованага, змочанага страваю хлеба, спытаўся ў Просі:

— Ну і што ж вырашылі з Лявонам?

— Вырашылі,— прымаючы парожнюю міску з стала, казала,— і Васіль, і Яўген, і Цімох, Атрахім... усе, сабраўшыся каля Міхалкавай хаты, сказалі: «Ай, калі прадасць хто што без папытання — выпісваць са спісу. А на гэты раз дараваць». Толькі грошы за Маліну, казалі, каб аддаў на калякціў. Бацька таксама быў на гэтым вэрхалу.

— А што ж бацька на гэта?

— Нічога... Маўчаў. І Макрына была...— сказала Прося, накрываючы хлеб васьмінітным абрусам сваёй, Просінай, работы.


ІХ[правіць]

Бляшнявы месяц шпурляў праз кутавое акно Анісевай хаты сваё ватовае святло, раскідаў яго па падлозе нерасскубенымі камячкамі, разліваў беллю нясвежага малака.

Макрына не спала, а ляжала на сваім шырокім ложку і бачыла, як рассякаўся месячны жмук святла аб аконную раму,— перш напалам, а потым — раз, Два — упоперак, на шэсць выцягнутых гумалясткаю акенцаў, як клаўся ён прадоўжнымі пасамі на хатнюю падлогу.

З аднаго боку на другі перакідалася Макрына, адкідала ад пояса саматканую коўдру, камячыла свае доўгія распушчаныя валасы і ў не пакідаючых яе думках неакрэсленае, але выразнае: «Няўжо... Што мне набрыло ў маю галаву... Чаго я набрала на розум-м...»

Скрыгалі зубы аб зубы, гарэў жарам бярозавых вугалляў малады яе твар, а яна адным звагам віла і віла клубок растрэсеных думак: «...Стары... бацька... Яўген...»

І ёй прыходзіў на памяць усё свежы, усё інакшы вобраз старога.

...Шырокія плечы... З жыва бойкім, завостраным позіркам. Засівераўшы дзесяцігоддзямі твар, пакарабачаны, але поўны, чырвоны — грыбам рыжком... Уяўляўся ёй вобраз Пракопа.

Зноў камячыла Макрына свае валасы, кідалася, штурхала незнарок соннага збоку Яўгена.

А Яўген моцна спаў. Ён вярнуўся з паўстанка самым надвячоркам — амаль у адну пару з Гіляром. Ездзіў Яўген у горад, азадачыў куплю жняяркі.

Усе вобразы сталі перад Макрынаю жывымі і суцэльнымі.

Тады як зайшоў ён у хату з Анісем, Патапчыкам — не ведала Макрына, чаму такая дрыжачая істома перабегла ўсё яе цела. Не ведала чаму, пайшла Макрына на поле. Пайшла, бо ішлі ж... А на полі тупым позіркам глядзела, што робяць. Блукаў яе позірк па быльнягу межнаму — рассеяна, абыякава.

Шукала... доўга, балюча шукала, а для чаго? Каб убачыць, глядзела. А далей?.. Сама не ведала што.

Ды і што ж магло быць у яе, у Макрыны, з бацькам яе чалавека?

А бачыць хацелася вельмі ж... Наўмысна праходзіла ціхай хадою, калі ішла вуліцаю каля Пракопавай хаты. І таксама: а для чаго? Хто ж яго ведае, для чаго.

Цяпер ляжала Макрына, аддаўшыся на волю свайго адчування.

...Тая самая, як і тады за вячэраю, цёмна-русага воласу самарослая барада, доўгія вусы, злітыя з гэтай барадою, чырвона абведзеныя вусны, шар здаровых, над’едзеных векам зубоў...

Зусім раскрылася Макрына, а духата ўсё роўна ціснула яе потнае цела, і зноў...

...Як ідзе — ступае цвёрдым, асмеленым крокам: ...два, тры... Пакарабачаны гадавымі маршчынамі карак... абросшы, ускалмачаны непадстрыжанымі валасамі, як ніцаю лазою.

Глядзела Макрына наскрозь адчыненымі вачыма на асядаўшы месячны пух і далей праз трымцячую бель:

...Гаворыць, не апускае вачэй. Важна гаворыць, пэўна, адразу. Голасам-басам гаворыць, вострым, а мяккім, жвавым, суцэльным.

Калі прыходзіў пазычаць долата, яна была адна ў хаце. І ён:

— А дзе ж твае, гэна, гаспадары? Ну... што ў цябе, як ты... ну... Эх ты — каза-дзераза!..

Ляжала Макрына і чула, як раптам апала на яе спелыя налітыя грудзі Яўгенава спрасонку рука. Не хацелася знімаць з грудзей соннага цяжару: хацелася, каб яшчэ больш успацелі, адмяклі сакавітыя грудзі, каб даўжэй трымалася ў целе томная сшэрхлая млявасць.

А ціхата абмывалася ноччу, і зноў...

...Песня звініць увушшу. Звініць — цэлым хорам пяе. Не, не ўтраіх яны — з Анцяю, з Гэлькаю... Перш чуць-чуць пачынаецца песня — запявае недзе нехта далёка-далёка:


Вой да ты не-ы стой, не сто-ой.


А потым усё бліжэй і бліжэй чуваць песня — ярка і выразна:


На-а га-ры-ы кру-той...


І ўжо моцным віхрастым узрывам, на тысячу рассыпаных, стройна-хорных, густых галасоў:


Во-ой да не кі-да-ай галля

Ў мо-о-ра сі-ы-ня-е...


...А ён ляжыць з расхрыстанаю грудзінаю на ложку. Штрыфлі яго кужэльнай кашулі развязаны. А з-пад кужэльнай кашулі — на грудзіне тое ж самае іністае серабро, густое, зблытанае, нерасчэсанае...

І ўсё гэта як сон, як здань.

Паволі адняла Макрына Яўгенаву руку.

Месяц спускаўся над бродаўскімі стрэхамі гумён — звісаў, тапіўся ў неабдымным прасторы бляшнявай ночы. Зоры міргалі адна перад другой ціха і квола. Нібы плакалі зоры — міргалі павекамі, з навісла поўнымі, на іх рожак, кроплямі слёз.

Макрына прайшла, як начная здань, як русалка, да варот свайго гумна і ўспомніла:

«Вундзека на тым баку частакола, у адрыне, спіць стары...»

І зусім безадказна і несвядома сказала сама для сябе:

— Не ведае ён... стары, што я тут стаю...

Стаяла Макрына, глядзела ў асвечаную месяцам далячынь.

Без думак стаяла — нібы акамянелая — над варотамі прыгумення, абапёршыся аб халодны варотны стаўпец.

А зоры міргалі адна перад другой павекамі сарамлівай дзяўчыны.

Цішыня нема звінела.

Ападалі з вішнёвых лісцяў, за частаколам, на лопух буйныя кроплі расы.

А Макрына доўга стаяла ў начной вільгаці, а потым хацела ісці — павярнула ад варот, як...

«...Мне паказалася...» — сама ў сваіх няўпэўненых думках.

Але ўрытаю застанавілася Макрына і прыслухалася кволым сваім слухам.

— Бразгае нехта... во... во... І зноў — во!

І Макрына пачула выразна, сярод ціхай, апавіта захутанай ночы асцярожны бразг аб жалеза жалезам.

«Што ж гэта?..» — сказала ўстрывожанымі думкамі.

А бразг чуваць быў адтуль, ад Пракопавай адрыны.

Тады паднялася на вароты і, асвечаная млечным святлом месяца, зірнула цераз верх, цераз Пракопаў густы частакол.

— Што яны робяць?..— пазнала Макрына Пракопа, а з ім Карпуся.— Што яны...— І яшчэ трэцюю бачыла чалавечую постаць.— А-а...

Макрына пазнала... Добра пазнала і рынулася да хаты, да дзвярэй.

— Што яны робяць...— Бегла, а за ёю гналася прыкрая думка.— Бацька... Стары — што ён надумаўся... што... Што яны хочуць... Зглуміць...

Не чула, як бразнула моцна дзвярыма. А бразнула моцна.

Убегла Макрына ў хату ды:

— Яўген...— пачала будзіць тармасіць.— Яўген...— шаптала дрыжачым голасам над яго вуснамі.

А Яўген спаў соладка і моцна.

Катурхала Макрына Яўгена і ў сваім адчуванні: «Які ён нядобры... Бацька, бацька... Што яны робяць... Трэба ж заўтра араць... Людзі...»

Пякучая крыўда абдала Макрыніна сэрца за міну лае, за жыццё... старым... бацькам... у якога нячыстыя думкі...

Вялікі жаль ахапіў, сціснуў яе маленькае, жаночае сэрца. Моцна, моцна сціснуў... аж да кропелек балючае крыўды, пякучай, атрутнай, у якой купалася яно, трапяткое.

— Трэба ж араць...— шапталі яе вусны.— Што яны робяць... Яўген! Нехта на прыгуменні... Любы.., залаты... Зглумяць...

І Макрына, як ніколі, адчувала цяпер дарагую, лагодную цеплыню гэтага соннага чалавека.

Тады нахінулася грузна на Яўгена сваёй цяжкай постаццю, пачала цалаваць горача і моцна яго разаспаны і размякшы твар.

Анісь з Яўгенам агледзелі, абышлі навакал маўкліва стаячага трактара і знайшлі: дзве адкручаныя нітэркі і нечы ключ, туга ўздзеты на шрубу заваднога трактарнага механізма.


1929