Перайсці да зместу

Матэр’ялы да крыўскае гісторапісі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Матэр’ялы да крыўскае гісторапісі
Аўтар: Аляксандр Шлюбскі
1925
Крыніца: pawet.net

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 1. У гэтай працы, якая ня можа галіцца на поўнасьць матэр’ялу, мы закранулі долю бібліатэк і рукапісных гістарычных крыніц, якія знаходзіліся на крыўскіх землях пачынаючы з XII стагодзьдзя і канчаючы рэвалюцыйнай сучаснасьцю.

Усім, хто працаваў над дасьледаваньнем гісторыі беларускага народу і беларускага краю, прыходзілася і прыходзіцца сустракацца з вельмі дзіўным і сумным здарэньнем: нястачай кніжных скарбаў і рукапісаў, асьвятляючых беларускае гістарычнае жыцьцё, якімі з самых даўных часаў была багата Беларусь (Крывія), якіх у Беларусі (Крывіі) было шмат разоў больш, чым, прыкладам, у Маскоўшчыне [1].

«Адну з самых балючых страт,- кажа Нап’ерскі [2] — якіх дазнала стараруская пісьменнасьць, пераважна ад пажараў і, асабліва, у часе змаганьня з Літвой, Татарамі і Палякамі, становіць зьнішчэньне немаль усіх старэйшых пісаных помнікаў Заходнай і часьцю Палуднёва-Заходнай Расіі. Аб важнасьці гэтай страты можна судзіць ужо са зьместу Валынска-Галіцкага летапісу, які абыймае ўсё XIII стагодзьдзе і мяйсцамі кідае яркае сьвятло на гісторыю стара-рускіх князьстваў па Заходнай Дзьвіне і Немане».

Дасьледчыкі старадаўнага крыўскага жыцьця, сочучы па бібліатэках і архівах вялікіх гарадоў Маскоўшчыны ці за рубяжом, з вялікімі мукамі знаходзяць патрэбныя ім матэр’ялы, а найчасьцей зусім не ўдаецца знайсьці патрэбнага, бо шмат зьнішчана. Гэта сьведчыцца ад пачатку XIX стагодзьдзя ўсімі вучонымі, якія ў сваіх працах дакраналіся Беларусь… «прыходзіцца зьбіраць патрэбны матэр’ял літэральна крышынкамі, крупінкамі,- кажа адзін гісторык Смаленшчыны [3], — ня грэбуючы і відочнымі драбніцамі, пры тым усе гэтыя драбніцы і крошкі дабываюцца з вялікім трудом або ізноў прыпадкова і саўсім нечакана».

Дайшоўшыя да нас кнігі і рукапісы гэта — слабы цень творчай дзейнасьці беларуска-крыўскага народу, якая была замацавана ў старадаўныя часы ў рукапісных матэр’ялах і ў друку. Чаму сталася гэтае нязвычайнае здарэньне, дзякуючы якому Беларусы ўтрацілі ўсё сваё стараветнае культурнае багацьце: бібліатэкі, кнігі, выдрукаваныя ў 15 рускіх (крыўскіх) друкарнях,- Віленскай, Магілеўскай, Куцеінскай, Супрасльскай, Несьвіжскай, Менскай, Горадзенскай, Буйнічскай, Полацкай і іншых, летапісы, якія вяліся ў многіх крыўскіх асяродках, і нязьмерны лік цэнных рукапісных чыста беларускіх (крыўскіх) помнікаў, якія сьведчаць, як аб слаўным мінулым вяліччы беларусаў, так і аб гадзінах народнага няшчасьця? Адповедзь знаходзім у «Могилевских Епархиальных Ведомостях» (1889 г., №№ 14-15, с. 170—171):

«Рожныя перавароты і закалоты ў краю, няўважлівасьць да перахову яго дакумантаў і г. пад. прычыны здолелі стварыць у ёй (у гісторыі) значныя прарэхі так, што пры адтвараньні яе (гісторыі) цяпер воляй няволяй прыходзіцца карыстацца толькі нямногім».

Уся гісторыя беларускага (крыўскага) народу гэта — мора чалавечай крыві, якая тапіла ў сваіх хвалях усе найлепшыя праявы культурнага народнага жыцьця, гэта — войны паміж братамі вялікай славянскай сям’і — Усходам і Захадам, — выкліканыя, паміж іншым, рэлігійным фанатызмам каталіцкага і праваслаўнага духавенства.

Вайна і рэлігійная нецярплівасьць, якая радзіла рэлігійнае змаганьне, — ось дзьве першапрычыны зьнішчаньня беларускіх кніг і беларускіх рукапісаў… Па многу разоў спаляліся наўшчэнт беларускія гарады, мястэчкі і вёскі, а багацьце народнае, якое знаходзілі заваёўнікі, якое было ацалеўшым ад агня, разнасілася па вялікіх абшарах Маскоўшчыны, або ў польскія замкі аматараў старасьветчыны, ці па далёкай халоднай Швэцыі.

Акром войнаў і ўнутраных забурэньняў, чароднай найважнейшай прычынаю вынішчаньня крыўскіх помнікаў пісьменнасьці было адступленьне вышэйшых станаў нашай нацыі ад свайго народу. Пагалоўнае рэнегацтва духавенства, мяшчанства і шляхты ў часе заняпаду свае дзяржаўнасьці і зьліцьцё іх з пануючымі націянальнасьцямі, заваёўнікамі радзіла ў іх асяродках зьняважлівае адношаньне да роднай старасьветчыны. Усё больш цэннае з пісаных помнікаў вывозілася імі ў Масковію або Польшчу ці, урэшце, нішчылася на мейсцы, бо сваё роднае было ім ужо чужым і ненавідным.

Шмат што ўтрачана і па віне самога беларускага народу, калі кніжныя скарбы нішчыліся ў многіх пажарах і ў дзьве апошнія рэвалюцыйныя хвалі (1906, 1917—1922 гг.) ад няўважлівых да іх адносін народных гушчаў.

Шмат утраціла Беларусь (Крывія) кніг і рукапісаў, дзякуючы абмаскаліваньню Беларусі, калі беларускімі кніжкамі папаўняліся лепшыя бібліатэкі, архівы і музэі Маскоўшчыны, а такжа Варшаўскія, Кракаўскія і Львоўскія, куды вывозілі кнігі польскія вучоныя і памешчыкі.

Ось аснаўныя моманты гісторыі нішчаньня на Беларусі (Крывіі) кніг і рукапісаў.

Беларусь (Крывія) да XVII стагодзьдзя рукапіснымі скарбамі стаяла вышэй Маскоўшчыны, як па ліку, так і па ахове дакумантаў; напрыклад, Віленшчына, Горадзеншчына, Меншчына і Ковеншчына ў часе Вялікага князьства Літоўска-Рускага (Крыўскага) мелі 203 суды, і кожды суд меў свой архіў [4]. З боку аховы дакумантаў літоўска-руская (крыўская) улада выяўляла большую руплівасьць, чым суседняя Маскоўшчына: ахова архіваў была дасканала і сурова загадана тагочасовым правам, Літоўскім Статутам, а пазьней — рожнымі Сэймавымі пастановамі.

Рабіліся і іншага характару захады для захову кніг ад зьнішчаньня; нашы старадаўныя продкі праклёнствамі і страшнымі пагрозамі будучага суда думалі захаваць кнігі ад іх зьнішчыцеляў, а дзеля таго, што гэта мала памагала, то ў некаторых мясцох найбольш патрэбныя і найбольш цэнныя кнігі прыкоўваліся ланцугамі да сталоў (А. Миловидов. Рукописное отдъление Виленской пуб. биб., с. 8, увага 2).

1180 год. § 2. Каля 1180 году ў Смаленску была школа з выкладам па-грэцку і па-лацінску; школа гэта мела бібліатэку, якая складалася больш чым з 1000 рукапісных кніг.

Доля гэтай выдатнай старадаўнай бібліатэкі няведама. Але яка бязумоўна зьнішчана ці вывезена заваёўнікамі, як можна судзіць паводле долі другіх старадаўных смаленскіх бібліатэк, у несканечныя войны з Маскоўшчынай, Польшчай, Швэціяй і ў часе татарскай навалы [5].

1540 год. § 3. Пры разграбленьні палякамі аднаго прыватнага двара ў Горадзеншчыне ў ліку забранай рухомасьці значацца і кнігі [6].

XVI ст. § 4. Польскі гісторык Стрыйкоўскі, які жыў і працаваў у Вітабску ў другой паловіне XVI ст., для напісаньня свае кронікі быў сабраўшы каля тысячы «рускіх» (крыўскіх) рукапісаў, аб якіх ён сам пісаў так: «Latopisсе też wszystkie litewskie po rusku pisane, których Litwa z staradawna za Kropikę używa».

Зьбіраў крыўскія летапісы й другі польскі гісторык Бельскі; летапісы, якія былі ў руках Стрыйкоўскага і Бельскага, зьніштожаны [7].

1557 год. § 5. У адным судовым працэсе 1557 г. Горадзенскага Земскага Суда гаворыцца аб прапаўшай маёмасьці, у тым ліку — і аб кнігах, якія былі аддадзены на перахоў далёкім крэўным.

§ 6. У дакумантах Слонімскага суда захаваліся сьведчаньні аб пакражы скрынак з рэчамі ў аднаго з грамадзян; у ліку рэчаў былі кнігі й дакуманты.

1579 год. § 7. У 1579 г. пры ўзяцьці Полацка польскім каралём Сьцяпанам Баторым у Сафійскім саборы была знойдзена бібліатэка, якая па сьведчаньню Гендэнштэйна мела ў вачох вучоных такую самую вартасьць, як і іншыя здабыткі; бібліатэка мела крыўскія летапісы і шмат перакладаў на славянскую мову вучоных прац, так званых «отцов греческой церкви», у тым ліку і Дыанісія Арэпагіта: «erant іп еа praeter annalium libras, pierigue doctores ecciesiastici. Graeci… libri siavonica omnis lingua… societatis jesu cacerdotes in eo collocat (Баторы): guorum et in reducendis ab errore hominibus diligentiam probabat» [8].

Доля гэтай бібліатэкі не вядома: гісторыя не захавала аб гэтым ніякіх вестак.

Ня гледзячы на гэта, адны лічаць, што яна згарэла пры аблозе Баторым Полацка, другія — зьнішчанай рэлігійным фанатызмам езуітаў, а трэцьція — проста зьнішчанай (няведама з прычыны якіх выпадкаў), але Салаўёў, Ілавайскі [9], Іконьнікаў [10], Сапуноў, Зорын [11] і іншыя сходзяцца ў тым, што бібліатэка згінула.

1581 год. § 8. У 1581 годзе адбылося першае публічнае паленьне беларускіх кніг у Вільні [12].

§ 9. У гэтым самым годзе разграблена ў Вільні друкарня Данілы з Лучыц (tęczycy) і спаляюцца дысыдэнцкія кнігі [13].

1590 год. § 9-а. Староньнікі аб’яднаньня цэркваў на Берасьцейскім саборы 1590 году, між іншым, вынесьлі абавязковую пастанову для ўсіх праваслаўных біскупаў Вял. кн. Літоўска-Рускага (Крыўскага), каб прывязьці на чародны сабор, які назначаны быў на 1591 год, «все привилеи, фундуши и листы на всякія наданья и о томъ обмыслити и постановити, где то ховано быти мает». Ясна, што тут ішло аб тое, каб перахапіць у рукі уніятаў усе старыя дакуманты. Куды падзеліся сабраныя такім парадкам найдаўнейшыя фундушы і прывілеі царкоўныя, — няма ведама.

XVII стагодзьдзе. § 10. З XVII ст. пачаўся сыстэматычны вываз з Беларусі ў Маскоўшчыну кніжнага і рукапіснага багацьця (зразумела, я не бяру пад увагу здабычу чыста вайсковага характару).

Так, ваявода г. Рослаўля, уцякаючы ў Маскоўшчыну, вывез з сабой у Арлоўшчыну, у Карачаўскі маёнтак Селішча, архіў г. Рослаўля; лік дакумантаў XVI і XVII стагодзьдзяў у 1907 г. даходзіў да 2000 экз., надта цэнных для юрыдычнага ладу Смаленскай Беларусі [14] (Гл. 1669 г., 1672 г. §§ 21, 22).

§ 11. У сьпісе кніг Супрасльскага манастыра XVII ст. супроць некаторых рукапісаў зроблена ўвага: «Moskwa wzięła» [15].

1608 год. § 12. У 1608 г. езуіты, прыбыўшы ў Оршу, замацовуючы каталіцтва, забралі ў жыхароў кнігі, якія мелі процікаталіцкі зьмест.

год. § 13. У 1610 годзе Жыгімонт III, па-першае, забараняе грамадзянам Вялікага князьства Літоўскага купляць і прадаваць кнігі, якія надрукаваны «ро rusku» ў Віленскіх друкарнях пад пагрозай штрафу 5000 чырвоных залатых, па-другое, загадвае паліць кніжкі, надрукаваныя ў Віленскіх друкарнях, у якіх бытцам былі зьмешчаны пашквілі на духоўную і грамадзянскую ўладу.

§ 14. У 1610 г. у страшэнным пажары, які ў працягу 8 гадзін спаліў усю Вільню, згарэлі кнігі і рукапісы, уся ранейшая мэтрыка архірэйскіх палацаў і выдатная бібліятэка Віленскай ёзуіцкай акадэміі [16].

1611 год. § 15. 3 чэрвеня 1611 г. пры ўзяцьці Смаленска Жыгімонтам III узарваны смаленскі катэдральны сабор, будаваны ў 1101 годзе, у якім было захаваўшыся ад палякаў каля 3000 смальнянаў; разам з саборам загінула вельмі цэнная бібліатэка, якая складалася з летапісяў крыўскіх, цьвярскіх, ноўгародзкіх у розных рэдакціях, кронік, твораў Мікіты Акаміната, лепшага візантыйскага пісьменьніка XII—XIII стагодзьдзяў, твораў так званых отцов церкви, талковых палей, і іншых кніжных скарбаў.

Гісторыя мае некалькі думак аб прычыне загібелі сабору: паводле вестак, якія падаюць адны, ён узарваны палякамі [17] паводле дагадак другіх, сабор узарваны тымі смаленцамі, якія ў ім былі схаваўшыся, ня мелі надзеі на ратунак і не хацелі здавацца ў лютыя рукі палякаў; паводле трэцьціх — прычыны гібелі сабору ўстанавіць нельга [18]. Вядома толькі, што пад саборам у вялікім ліку захоўваўся порах.

1620 год. § 15-а. Біскуп Іозафат Кунцэвіч, атрымаўшы Полацкую архібіскопію, піша Вітабскаму вояводзе, што ні ў сьв. Сафіі ў Полацку, ні ў Мсьціслаўлі, ні ў Оршы, ні ў Вітабску дакумантаў… «оть их милостей княжат Рускихъ здавнихъ часовъ на тые вси церкви наданых и уфундованых не знашолъ». Распытаўшыся ў мясцовых людзей аб тым, куды маглі загінуць старыя дакуманты, атрымаў такую спраўку: «ижъ дей продковъ, ихъ велебной мости славное памети архиепископовъ Полоцкихъ, одны фундушы з церкви мурованое светое Пречистое, которая дей была на месте господарском Витебскомъ, еще за щасливого панованья его королевское милости короля Александра… отъ злодеевъ, которые з Новгорода Московского великого тую церковъ крали, покрадены суть; другие дей фундушы головнейшые и прывилеи е. кор. млсти наданые на церкви розные, отъ неприятеля е. к. м. князя великого Московского, который былъ въ Полоцку, съ церкви светое Софеи забраны и до Москвы дей завезены суть». (Сапуновъ. «Витебская старина». Т. V, ч. I, с. 112—114).

1633 год. § 16. У ноч з 12 на 13 чэрвеня пажар зьніштожыў кнігі ў Полацку [19].

1654 год. § 17. Да 1654 г., часу паходу маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь, адносяцца сьведчаньні аб зруйнаваньні і зьніштажэньні ім у Полацку, Вітабску, Оршы, Магілеве езуіцкіх калегіумаў і касьцёлаў; у Вітабшчыне было зьнішчана 11 касьцёлаў і кляштараў, а ў Магілеўшчыне — 25.

Што ў зьніштожаных і разрабаваных маскоўцамі езуіцкіх асяродках былі бібліатэкі,- няма ніякага сумневу, бо да 1607 г. адносіцца, напрыклад, дазваленьне полацкаму ваяводу аднавіць руіны Полацкай Сафійскай царквы для захаваньня ў ёй «земскіх і гродзкіх кніг» полацкага ваяводзтва; да памянёных часаў адносіцца вялікі лік сьведчаньняў у розных інвэнтарох і іншых дакумантах аб тым, што ў царквох і касьцёлах былі кнігі і бібліатэкі. У заданьні стараветных беларускіх брацтваў, якія групаваліся каля рэлігійных асяродкаў, уходзіла і зьбіраньне бібліатэк [20], дый адукація тых часаў, незалежна ад кірунку — праваслаўнага, каталіцкага ці якога іншага (усё роўна),- разьвівалася толькі каля гэтых рэлігійных асяродкаў. Есьць, праўда, сьведчаньне аб вывазе бібліатэк з мейсц, якім пагражала маскоўскае войска.

У часе гэтага паходу згарэлі старадаўныя дакуманты г. Мсціслаўля [21].

§ 18. Надта цікавы лёс Віленскага капітульнага архіву, які меў шмат цэнных актаў і дакумантаў да гісторыі Беларусі; частка гэтага архіву была ўкрадзена езуітамі, а частка страчана пры многаразовых перевозках з Вільні ў Прусію (1654 г.), адтуль — у Аўстрыю ў замак Любамірскіх (1656 г.), затым у Львоў, пасьля — у Барашэвічы, што ў Горадзеншчыне (1659 г.), у Слонім і Чанстахоў (1660 г.) і ўрэшце — у Вільню (1663 г.).

1661 год. § 19. У 1661 г. маскоўскае войска аграбіла маетнасці магілеўскага магната Тамаша Трызьніча; у ліку забранага значацца і кнігі.

1665 год. § 20. Шмат беларускіх дакумантаў трапіла ў Швэцію пасьля адбытага ў 1665 г. паходу Караля-Густава, з спаміж вывезенага цяжкой стратай зьяўляецца частка Літоўскае Мэтрыкі [22].

1669 год. § 21. Чысьленныя кніжныя крыўскія цэннасьці пачалі вывозіць у лістападзе 1669 г. у Маскоўскі Прыказ, калі ў Смаленшчыне жыў, пры заключэньні Андрусаўскага перамірэньня, Ордын-Нашчокін, які кіраваў памянёным прыказам (1667—1671 гг.). У 1669 г. па загаду Ордына-Нашчокіна Смаленскія ваяводы паслалі яму: «82 книги латынских, костельных, которые бывали у ксендзовъ и у езовитовъ; а сысканы были те книги в Смоленску в приказной избе»; праз месяц па паўторнаму загаду Ордына-Нашчокіна было выслана «польскихъ и латынскихъ 128 книгъ, а взяты те книги въ Смоленску у шляхтянки у вдовы Рачинские» [23].

1672 год. § 22. У 1672 годзе цар Маскоўшчыны Аляксей Міхайлавіч выдаў загад Перамышльскаму ваяводу, каб ён ва ўсіх жыхароў свайго ваяводзтва адбіраў «польские и латинские печати книг и всяких писем, которые взяты в польских городах во время войны» [24]. Памянёныя кнігі былі забраны ня ў польскіх гарадох, да якіх не даходзілі маскоўскія войскі, — а Ў гарадох беларускіх.

Крыху раней пры патрыарху Філарэце царом быў выданы загад ваяводам, каб кнігі «литовской печати» (значыцца — выдрукаваныя ў друкарнях, якія былі на Беларусі), што трапілі ў Маскоўскую дзяржаву «собирати на пожарех сжечь, чтобы та ересь и смута в міре не была».

§ 23. У 1672 г. са Смаленска бралі кнігі ў Маскоўскі Стралецкі Прыказ і, урэшце, у тым самым годзе па царскаму загаду трэба было зноў адправіць у Стралецкі Прыказ кнігі, якія знаходзіліся ў смаленскай «приказной избъ»; адаслана было 16 назоў.

1674 год. § 24. Польскі кароль Ян III у 1674 годзе забараняе прывозіць у Вільню кнігі гэрэтыцкія і дысыдэнцкія; у нарушыцеляў-жа гэтага — згодна загаду, які быў даны каралём віленскаму біскупу, ваяводу і магістрату — кнігі трэба было адбіраць: «zabrane buć mają у na chwałę, Boża obrócone».

1685 год. § 25. У 1685 г. гарыць Вітабскі манастыр сьв. Марка: згарае манастырская бібліатэка, фундушы, аўтэнтыкі прывілеяў польскіх каралёў і маскоўскіх цароў і інш. дакуманты; разам згарэлі пакінутыя ў манастыры на перахоў кнігі і дакуманты парахіяльных царквей: Сялют, Салаўёва, Пагосьціч і інш., а такжа — некаторых прыватных асоб гораду Вітабска [25].

1700 год. § 26. У 1700 г. у Юхнаўскім манастыры (Смаленшчына) зьнікае няведама куды шмат кніг.

1706 год. § 27. У пажары Вільні загінула шмат старадаўных крыўскіх пісаных помнікаў і рожных архіваў.

1708 год. § 28. У 1708 годзе па загаду Пятра I увесь горад Магілеў, пасьля разрабаваньня яго калмыкамі, быў спалены; у полымі згінулі старыя дакуманты, усе рукапісы і друкаваныя кнігі, якія былі ў горадзе.

Аб тым, якія кніжныя багацьці загінулі ў Магілеве, сьведчыць такі запіс: у XVII ст. у Магілеўскай друкарні пры «братском» манастыры друкаваліся кнігі ў мовах грэцкай, лацінскай, польскай, стара-крыўскай і царкоўна-славянскай, — друкаваліся ня толькі для ўсіх школ краю і ўсяго хрысьціянскага народу, у той час, як у Маскве ледзь друкавалі «часословы, псалтырь» і, наагул, багаслужэбныя кнігі.

Хаця ёсьць весткі, што ў час пажару «каля ратушу стаяла варта з татараў і калмыкаў, чакаючы, пакуль гарадзкія кнігі і важнейшыя архівы не былі вынесены з ратушу ў склеп» [26], але, як відаць, архіў гэты не захаваўся, бо гісторыкам ведама, што гістарычныя дакуманты старадаўных часаў Магілеўшчыны не дайшлі да нас, а па-другое,- і сам ратуш, у склеп якога хавалі архіў, быў спалены; а пажар быў такі вялікі, што нават растапляліся званы.

§ 29. У 1708 г. пры спаленьні швэдамі «Охорскага» манастыра (былы Чэрыкаўскі павет у Магілеўшчыне) спалены архіў, а таксама і манастырская бібліатэка.

1720 год. § 30. У 1720 годзе быў загад маскоўскай улады: «В монастырях смотреть и забрать древния жалованныя грамоты и другия куриозныя письма, книги историческия рукописныя и печатныя, потребныя к известию» [27].

Згодна гэтаму загаду кнігі і рукапісы вывозілі ў Маскоўшчыну.

1722 год. § 31. У часе пажару згарэла шмат дакумантаў Смаленскага кансысторскага архіву.

§ 32. У 1722 г. улада выдала загад аб прысылцы са ўсіх парохій і манастыроў у Пецярбургскі Сынод «древних исторических рукописей, куриозных, то есть древних лет рукописных летописцев, степенных хронографов и проч.» [28].

1748 год. § 33. У пажары Вільні згарэла шмат дакумантаў віленскіх архіваў.

1751 год. § 34. У 1751 г. уніяты нападаюць на праваслаўны Вітабскі манастыр сьв. Марка, грабяць маетнасьць і зьніштажаюць архіўныя дакуманты [29].

1762 год. § 35. У пажары з 6 па 7 чэрвеня 1762 г. згарэлі ў Менску КНІГІ трыбунальныя «wieczyste» менскай кадэнцыі з 1641 па 1759 г., трыбунальныя «potoszne» тэй самай кадэнцыі з 1660 па 1761 г., dekretowe, kapturowe і інш. дакуманты; усяго — каля 358 рукапісных кніг.

1764 год. § 36. У гэтым годзе наўшчэнт згарэлі акты Иовагародзкага земскага суда.

1772 год. § 37. У 1772 г. перевезена ў Пецярбургскую Акадэмію Навук даволі значная бібліатэка Радзівілаў з Несьвяжа, Слуцкага павету [30]. Да 1842 г. бібліатэка ляжала ў Акадэміі не разабранай, і пры гэтым трэба дадаць, што ў рожныя часы з яе былі выдзелены некаторыя часткі ў Пецярбургскую духоўную акадэмію і Маскоўскі унівэрсытэт, катораму перададзены былі лацінскія і польскія кронікі.

1778 год. § 38. Дабрынін, апісуючы архіў «белорусскаго государева наместника» графа Чэрнышова, у 1778 г. адзначае ў ім шмат цэнных для гісторыі Беларусі дакумантаў; пры чым аўтар дадае, што «сей полезный архив» мабыць «пожертвует собою, по общему порядку вещей, огню или моли», тым больш, што аўтор тут жа адзначае зьнікненьне («куда девались, неизвестно») з гэтага архіву «книги имянныхъ, въ копии повелений Императрицы Екатерины Великия к белорусскому Государеву Наместнику графу З. Г. Чернышеву, насыланных с самаго возвращениа Белоруссии до окончания бытности его белорусскимъ Государевым Наместникомъ».

Архіў гэты зьнішчылі французы у 1812 г. (гл. § 62).

1791 год. § 39. У 1791 г. Кацярынай Другой даручана было Мусіну-Пушкіну патрэбаваць са ўсіх бібліатэк тагочаснай «Российской Империи» старадаўныя кнігі, дакуманты і рукапісы [31], часьць якіх да самага апошняга часу знаходзілася ў Архіве Пецярбургскага Сыноду.

1793 год. § 40. У 1793 г. зьбіраліся беларускія летапісы, якія знаходзіліся ў манастырскіх бібліатэках, для гістарычных прац Кацярыны II, і, як вынік гэтага, у 1794 г. у Пецярбург былі высланы ўсе рэестры і рукапісныя летапісы Бельскага, Стрыйкоўскага, Гвагніна, Кромэра, Нарушэвіча [32].

1795 год. § 41. У 1795 г. пасьля заняцьця маскоўскімі войскамі Варшавы з яе была вывезена ў Пецярбург Літоўская Мэтрыка. Прывезеная ў Пецярбург Мэтрыка была зьмешчана ў Сэнаце, дзе падзялілі яе паміж Міністэрствам Справядлівасьці, Міністэрствам Замежных Спраў, Спб. Публічнай бібліатэкай, Бібліатэкай Маскоўскага Румянцаўскага музэю і Прусіяй; апошняй было перададзена 1200 кніг і каля l ½ тысячы паасобных дакумантаў, зьвязкаў, карт, пры чым было аддадзена шмат дакумантаў (болей 900) той тэрыторыі, якая не належала да Прусіі. Пасьля Тыльзіцкага замірэньня (1807 г.) акты Літоўскай Мэтрыкі з Прусіі былі зьвернуты ў Варшаву і заховываліся там у Каронным архіве.

Такім чынам гэты вялікай гістарычнай вартасьці дзяржаўны архіў Беларусі і Літвы быў зруйнаваны рукамі маскалёў і раскіданы па розных мясцох [33].

§ 42. Кнігі з бібліатэкі вялікага князя літоўскага ў Вільні (сьпіс каторых захаваўся ў Літоўскай Мэтрыцы), якія былі асновай вялікай каралеўскай бібліатэкі ў Вільні, пры перавозцы Літоўскай Мэтрыкі часьцю трапілі ў бібліатэку Міністэрства Справядлівасьці ў Пецярбурзе, а часьць кніг XV стагодзьдзя пайшла ў прыватныя бібліатэкі [34].

1800 год. § 43. У 1800 годзе згарэлі дакуманты і кнігі Віленскага суда з 1667 па 1794 г.

1812 год. § 44. Кнігі бібліатэкі Духоўнай Сэмінарыі Троіцкага манастыра ў Слуцку ўжываліся французамі замест дроў пры гатаваньні стравы.

§ 45. Кнігі бібліатэкі Смаленскай Духоўнай Сэмінарыі былі выкінуты на вуліцу пры ўзяцьці будынкаў сэмінарыі пад шпіталь; калі французы пакінулі Смаленск, было падабрана каля 4500 кніг, а пасьля было знайдзена яшчэ каля 1500 кніг.

§ 46. Бібліатэка Смаленскай гімназіі зьніштожана французамі разам з маетнасьцю і архівам гімназіі.

Бібліатэка гэта складалася з фундамантальнай бібліатэкі, запаснога кнігасхову і «продажной библиотеки».

§ 47. Разам з бібліатэкай Смаленскай гімназіі згарэў у ёй, ужо напалову згінуўшы, архіў вайскова-паходнай канцэлярыі Пятра I.

§ 48. Разам з будынкам Смаленскага Кадэцкага Корпусу зьнішчаны архіў і бібліатэка, якія належалі да гэтай установы. Асабліва цэнна бібліатэка, якая была куплена Зорычам у Пецярбурзе за 8000 руб. і якая кожны год ім дапаўнялася, а іншы раз папаўнялася прыватнымі значнымі ахвярамі, напрыклад, — часткай бібліатэкі смаленскага гісторыка Мурзакевіча (Н. А. Мурзакевичъ: Исторія г. Смоленска. Смоленскъ, 1903, с. 18-19). Бібліятэка гэта прызначалася для адкрытага Зорычам у Шклове (Аршанскага павету Вітабскага ваяводзтва) «благородного училища», пераарганізаванага пасьля ў кадэцкі корпус, які разам з бібліатэкай са Шклова быў перавезены ў Смаленск.

§ 49. Згарэў архіў Смаленскага гарадзкога магістрату, у якім былі дакуманты і граматы каралёў і цароў [35].

Спадчына №4 С. 18-26.

§ 50. Зьнішчана частка архіву Смаленскай Кансысторыі, рэшта была раскідана французамі.

§ 51. Трагічная доля сустрэла і старадаўныя смаленскія дакуманты, якія захоўваліся ў Смаленскім Губэрскім архіве, эвакуація якога з гораду пачалася тады, калі французы былі ўжо пад сьценамі Смаленска. Пераможцы, заняўшы горад, знайшлі архіў прыгатаваным да вывазу і зложаным на гарадзкім пляцу. Ось як кажа сучасьнік аб зьнішчаньні французамі гэтага архіву, які займаў некалькі мураваных будынкаў. «(Архівы) перад домам вайсковага губэрнатара зьнесены былі ў кучу і падпаленыя 8 жніўня, якія гарэлі пяць дзёнь перад вокнамі Напольёнаўскай кватэры, а яго прыбочная старожа, польскія ўланы, пад бярозкамі бівакуючы на Блоньі, кнігі і сшыткі судовых і рэвізорскіх спраў ужывалі замест сяньнікоў, а рысункі і пляны з Цывільнай Палаты і Паветавага Суда — замест запавесак». Архівар, які аглядаў архіў, пасьля таго, як французы пакінулі Смаленск, не знайшоў ніводнай справы, ніводнай шафы ў будынках, якія перш займаліся архівамі.

§ 52. Архіў Смаленскай Палаты Угалоўнага Суда згінуў «по неполученій на вывозъ» гэтага архіву «повеленія».

§ 53. Архіў Смаленскай Казённай Палаты часьцю быў зьнішчаны французамі, а часьцю апынуўся ў другім канцы гораду, зложаны ў кучу і вельмі замазаны ўсякім брудам: «те дела, отъ дождей і отъ лежанія въ снегу весьма изменены, иные разбросаны и разобраны».

§ 54. Французы зьнішчылі кнігі Смаленскай Сьвірскай царквы.

§ 55. У пажарах 1812 г. Смаленска і Масквы пагінулі амаль што ўсе экзэмпляры надрукаванай у Смаленску кнігі Мурзакевіча: «Исторія г. Смоленска отъ древнейшихъ временъ до 1804 г., собранная изъ разныхъ летописей и россійскйх дееписателей». Дайшоўшыя да нас экзэмпляры гэтай гісторыі зьяўляюцца вялікай бібліографічнай рэдкасьцю, а па цэннасьці залічаюцца да рукапісаў, бо многія першакрыніцы, каторымі карыстаўся Мурзакевіч і якія былі ў смаленскіх архівах, згарэлі ў 1812 г.

§ 56. У Смаленску загінулі перавезеныя перад прыходам французаў Мсьціслаўскія архівы ў ліку 19 вялікіх пакаў і 6 скрынь.

§ 57. Архіў Духаўшчынскага Ніжняга Земскага Суда зьнішчаны французамі на мейсцы.

§ 58. У замятні пры эвакуаціі бібліатэкі і архіву Рослаўскага гарадзкога вучылішча ў гарады Масальск і Арол часьць кніг была згублена.

§ 59. Есьць весткі аб зьнішчэньні кніг у вайну 1812 г. у гарадох: Парэчча і Белы.

§ 60. У Оршы, пасьля разграбленьня манастыроў і царквей, непатрэбны «хлам» з іх быў выкінуты французамі на вуліцу, у лік якога трапілі кнігі і паперы, паміж іншым, — Евангельле («Аршанскае»), пісанае на пэргаміне крыўскім пісьмом XIII ст.; частка выкінутага была падабрана, куды трапіў здарэньнем і гэты помнік крыўскай старадаўнай пісьменнасьці, які потым быў перададзены ў музэй Кіяўскай Духоўнай Акадэміі [36] (параўн.: Г. Крыжановскій, Рукопйсныя евангелія Кіевскйх книгохранилищ. Киев, 1889, с. 3).

§ 61. У г. Лепелі ад французкай навалы найбольш пацярпелі архівы [37].

§ 62. У Вітабску французы разбурылі архіў і друкарню, разрабавалі і зьнішчылі дакуманты і кнігі Вітабскага губэрнатара Чэрнышова і забралі з гарадзкога архіву некалькі плянаў [38].

§ 63. Французамі зьнішчаны архіў Барысаўскай Духоўнай Управы.

§ 64. Адміралам Чычагавым разрабаваны палацы Радзівіла ў Несьвяжы за яго прыхільнасьць да Напольёна; тады згінула рэшта бібліятэкі, якая ў 1772 годзе была вывезена ў Пецярбург; загінула таксама і частка цэннага архіву.

§ 65. Менскі біскуп Дэдэрка разрабаваў маетнасьці Менскага праваслаўнага архірэя і забраў рукапісныя дакуманты.

§ 66. бібліятэка Магілеўскага архібіскупа Варлама Шышацкага, які ў 1812 г. быў перайшоўшы на бок Напольёна, перададзена была Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі.

§ 67. Старадаўныя архіўныя дакуманты г. Клімавіч у 1812 г. былі вывезены ў Чарнігаў «и тамъ затерялись». Навейшая частка дакумантаў, пачынаючы з 1784 г., была знойдзена ў такім стане: «архивъ сваленъ безъ всякаго порядка въ холодномъ сыромъ деревянномъ сарае, бумаги постепенно уничтожаются тлениемъ и крысами»; кнігі Земскага Суда пачынаюцца толькі з 1843 г., што да кніг папярэдніх гадоў, то ў пратаколе 1847 г. адзначана, што яны «истлели» [39].

1819 год. § 68. Канцлер Румянцаў у 1819 г. пісаў смаленскаму гісторыку Мурзакевічу, што ў саборнай ці іншай Смаленскай званніцы знаходзіцца шмат усімі забытых папераў, аб якіх няма ніякіх вестак.

Пры дапамозе памянёнага Мурзакевіча Румянцаў у пачатку XIX стагодзьдзя зьбірае шмат беларускіх дакумантаў старадаўных часаў са смаленскіх царкоўных і гарадзкіх архіваў.

У сабраньні кніг і дакумантаў Румянцава, якія перададзены ў Маскоўскі Румянцаўскі музэй, ёсьць кнігі, сабраныя ім у часы паездак у належаўшае Румянцаву мястэчка Гомаль.

Гэты самы Румянцаў схіляе і другіх асоб (як, напр., прот. Грыгаровіча) перадаваць сабраныя на Беларусі дакуманты С.-Пецярбургскай Археографічнай Камісіі.

1830-ыя годы. § 69. Бібліятэка Беразвецкага манастыра (Дзісенскага пав.), якая мела кнігі на некалькіх мовах і вельмі багаты архіў, у годы злучэньня уніі і часовага закрыцьця манастыра часьцю зьнішчана, часьцю раскрадзена і раздадзена суседнім польскім паном [40].

§ 70. У 1820 г. была зачынена Полацкая езуіцкая акадэмія, а ў 1822 г. маемасьць яе была перададзена піярам, якія давялі бібліятэку [41] да поўнага безладу; «кнігі былі перамяшаны, разложаны па шафах і сталох, на вокнах і на памосьце». Акром таго, паводле сьпісу, іх значылася 14 000, а аказалася 23 551, з якіх поўных твораў — 19 572 тамы і разрозьненых — 3979 тамоў [42].

Пасьля выгнаньня піяраў з Полацка ў 1830 г. маскоўскай уладай была

зроблена дзялежа кніжных багацьцяў акадэміі, пры чым кнігі былі падзелены на шэсьць катэгорый.

I катэгорыя: кнігі па чыстай матэматыцы, фізыцы, хіміі, некаторыя гістарычныя і літэратурныя на навейшых мовах са слоўнікамі і граматыкамі гэтых моваў — былі перададзены Полацкаму Кадэцкаму Корпусу, які быў адчынены ў сьценах старой акадэміі; усяго было перададзена 2080 кніг, з каторых 328 тамоў усякіх разрозьненых выданьняў. У расійска-германскую вайну (1914—1917) корпус быў эвакуаваны ў Сімбірск, куды была перавезена і ўся бібліатэка; у 1919 г. Галоўнай Управай Вайскова-вучомных Устаноў было паднята пытаньне аб перавозцы гэтай бібліатэкі з Сімбірска ў Маскву.

ІІ. У Пецярбургскую Публічную бібліатэку былі перададзены кнігі, якіх яна ня мела; асаблівая ўвага была зьвернута на лепшыя і рэдкія выданьні, якія маглі служыць аздобай бібліатэкі, і такім чынам перададзена было 389 тамоў, сярод каторых надта каштоўным было выданьне баландыстаў «Acta sanctorum», і 106 рукапісаў [43] хаця ёсьць весткі, што ў Пецярбургекую Публічную бібліатэку перададзена было толькі 177 тамоў.

ІІІ. Пецярбургскаму унівэрсытэту былі перададзены кнігі, якія адносіліся да вышэйшага выкладаньня навук і працы на ўсходніх мовах, усяго — 6260 тамоў, з іх 770 — разрозьненых.

Маскоўскаму унівэрсытэту былі перададзены кнігі выключна мэдыцынскага зьместу, усяго — 454 тамы, з іх 30 — разрозьненых.

IV. Вітабскай гімназіі перададзены кнігі гістарычныя і літэратурныя з польскай бібліатэкі, усяго — 2619 тамоў, з якіх 868 — разрозьненых; з ліку перададзенага ў гімназію 803 назовы (ня томы) па загаду Віленскага Вучомнага Округа ў 1876 г. адасланы ў Віленскую Публічную бібліатэку. А частка старадрукаваных кніжак ужыта вартаўнікамі гімназіі на падтопку печак [44].

Па ліквідацыі гімназіі ў 1918 г. гэтыя кнігі былі перададзены Вітабскаму аддзяленьню Маскоўскага Архэолёгічнага Інстытуту; пасьля ліквідаціі апошняга ў 1922 г. кнігі перавязьлі ў Вітабскі Інстытут Народнае Асьветы, а па яго ліквідаціі ў 1924 г. кнігі перададзены ў Вітабскае аддзяленьне Беларускага Дзяржаўнага музэю.

Зразумела, што ўсе гэтыя перавозкі не зусім добра адбіліся на захове каштоўных кніжак Полацкай Акадэміі.

V. Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Вільні былі перададзены духоўныя, прапаведніцкія, полемічныя і катэхізныя творы, усяго — 8694 тамы, з іх — 1335 разрозьненых.

Есьць і крыху іншыя весткі: у Віленскі унівэрсытэт адаслана было да 20 тысяч тамоў, якія па закрыцьці унівэрсытэту былі перададзены Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі [45].

VI. Бібліатэцы Галоўнай Управы Духоўных Спраў чужаземных вер («иностранных йсповеданій») былі перададзены кнігі кананічныя, пастановы сабораў, царкоўнай гісторыі, творы аб абрадах рожных хрысьціянскіх царквей, сабраньні папскіх дэкрэталіяў, творы аб схізматыках, слоўнікі старадаўных і навейшых моваў, слоўнікі жыдоўскай, талмудычнай, рабінскай мовы і інш., а ўсяго — 3056 тамоў, з іх 497 тамоў разрозьненых.

Пры ўсіх памянёных перадачах і перасартоўках прапала шмат цэнных і рэдкіх кніг.

Зусім інакшыя данныя аб долі бібліятэкі Полацкай Акадэміі знаходзім у энцыклопэдычным слоўніку Андрэеўскага, дзе гаворыцца, што бібліатэка была падзелена паміж Вітабскай гімназіяй і Цэнтральным Статыстычным Камітэтам, а з апошняго кнігі нібы перайшлі ў Пецярбургскі унівэрсытэт (болей 5.600 назоў) і ў другія ўстановы.

Гісторык Вітабшчыны А. Сапуноў, кажучы аб адпраўцы 20.000 тамоў Віленскаму унівэрсытэту, гаворыць, што астанная часьць кніг акадэміі была падзелена паміж Вітабскай гімназіяй і Полацкай духоўнай сэмінарыяй. Паводле слоў А. Сапунова кнігі паміж гімназіяй і сэмінарыяй былі падзелены пароўну (па ліку кніг), і ў скутку сталася тое, што кнігі былі канчаткова разрозьнены [46].

Так разграблена адно з каштоўнейшых кніжных сабраньняў на Беларусі.

1832 год. § 71. Бібліатэка Пінскага Кармэліцкага манастыра, зачыненага ў 1832 г., раскрадзена [47].

§ 72. У 1832 г. быў зачынены Віленскі унівэрсытэт, а яго бібліатэка [48] была падзелена ось якім парадкам: усе дублеты — усяго 1.353 выданьні (да 3.000 тамоў) у 1835 г. былі перададзены Харкаўскаму унівэрсытэту; Кіяўскаму унівэрсытэту перададзена было 5.387 выданьняў у 7.554 кнігах; рукапісы перададзены былі ў Пецярбургскую Публічную бібліатэку; рукапісы гістарычнага характару перададзены былі ў Пецярбургскую Архэографічную Камісію; Віленскаму Вучомнаму Округу перададзена было 9.000 тамоў; уся рэшта была падзелена паміж адчыненымі ў Вільні Мэдыка-хірургічнай і Рымска-каталіцкай акадэміямі [49].

Гл. далей 1840 і 1842 годы, §§ 80, 82.

Архівы Віленскай Акадэміі (і Віленскага унівэрсытэту) і калегій Ігнатаўскай, Сьніпішскай і Горадзенскай, якія захоўваліся ў Архіве Агульнага Адукаційнага Фундушу, па зачыненьні Віленскага унівэрсытэту паступілі ў 1832 г. у сэкратарскі стол Міністэрства Народнай Асьветы ў Пецярбург.

1833 г. § 73. Пасьля сьмерці праф. Зноскі зьнікае няведама куды часьць кніг, ахвяраваных ім у 1833 г. Віленскай гімназіі [50].

1836 год. § 74. За ўдзел у польскім паўстаньні 1831 г. Казіміра Валовіча (Горадзеншчына) усе яго маетнасьці былі канфіскаваны, а бібліатэка была перавезена ў Пецярбургскую Публічную бібліатэку. Бібліатэка складалася выключна з масонскай літэратуры: 145 тамоў на польскай мове, 9 тамоў на французкай мове і 9 тамоў на нямецкай мове.

§ 75. Па загаду Маскоўскага ўраду ўсе архівы тагочаснай маскоўшчыны, як духоўныя так і сьвецкія, пачалі высылаць у Архэографічную Камісію, куды трапілі і старадаўныя акты. Да пачатку 1860 г. у Камісіі было сабрана каля 15.000 «столбцов». Паводле другіх крыніц гэты загад адносіцца да 1837 году.

1837 год. § 76. У 1837 г. загадам Мікалая I пачалася адсылка з беларускіх гарадоў грамат і «сталбцоў» у Пецярбургскую Архэографічную Камісію, дзякуючы чаму з многіх бібліатэк і архіваў было ўзята «множество редких рукописей».

Ось пералік устаноў, з якіх былі забраны старадаўныя акты:

Аршанскі гарадзкі магістрат, Аршанскі Куцеінскі манастыр, Бярасьцейскі гарадзкі магістрат, Бельскі гарадзкі магістрат, Беластоцкае Кругакольнае Кіравецтва, Вяліжскі гарадзкі магістрат. Віленскі Трыбунал, Віленская капітула, Вітабская Казённая і Грамадзянская Палаты, Воўкавыскі Паветавы Суд, Горадзенскі гарадзскі магістрат, Мглінскі Паветавы З’езд, Менскі парахіяльны архіў, Магілеўскі парахіяльны архіў, Магілеўская сэмінарыя, Магілеўская гарадзкая дума і ратуш, Мсціслаўскі Паветавы З’езд, Полацкі парахіяльны архіў, Рослаўскі гарадзкі магістрат, Слонімскі Паветавы Суд, Чарнігаўская гарадзкая дума і ратуш, Чарнігаўскае Губэрскае Кіравецтва, Чарнігаўская Казённая і Грамадзянская палаты. Хоць сам Чарнігаў і ня ўходзіць у этнаграфічную Беларусь, але з пэўнасьцю магчыма сказаць, што ў ліку дакумантаў, перададзеных у Архэографічную Камісію, былі і дакуманты, якія належалі да паўночных беларускіх паветаў Чарнігаўшчыны.

1837 год. § 77. У 1837 г. Горадзенскі губэрнатар даставіў у С.-Пецярбургскую Архэографічную Камісію старадаўныя дакуманты на маскоўскай (?) польскай, лацінскай і французкай мовах з канфіскаванага двору Дзярэчын князёў Сапегаў; бібліатэка і другая частка архіву паступіла ў С.-Пецярбургскую Публічную бібліатэку, рэшта была адпраўлена ў Горадню, адкуль, паводле Іконьнікава, у 1858 годзе (а паводле Мілавідава ў 1857 г.) была перададзена Віленскай Публічнай бібліатэцы.

Перавезены ў Горадню архіў быў зьмешчаны ў Палаце Дзяржаўных Маемасьцяў, дзе быў разрабаваны спэкулянтамі. Аб сапежынскім архіве гл.: М. О. Без-Корнилович: Ист. свед. о примеч. мест, в Велорусій. Спб., 1855 г., с. 49, 89, 144.

1839 год. § 78. У Пецярбургскую Публічную бібліатэку перададзена канфіскаваная царскім урадам бібліатэка К. Немцэвіча, якая знаходзілася ў Горадзеншчыне.

§ 79. «Вітабскі архіў не багат матэр’яламі, датыкаючымі „возсоединенія“ (уніятаў), дзеля таго, што большая часьць іх высылалася згэтуль, з мейсца падзей, у Сьвятарнейшы Сынод, дзе і трэба шукаць іх».

1840 год. § 80. У 1840 г. Мэдыка-хірургічная акадэмія ў Вільні была зачынена, а яе бібліатэка (якая ў 1835 г. мела 16.000 тамоў) перададзена Кіяўскаму унівэрсытэту, усяго — 12.262 выданьні, якія складаліся з 17.556 тамоў; сярод кніг былі і рэдкія экзэмпляры.

1840 год. § 81. 1841 г. зьяўляецца першым годам, калі замест каталіцкіх біскупаў, якія палілі на Беларусі кнігі й рукапісы, мейсца іх заступілі біскупы праваслаўныя. З гэтага году па загаду нішчыцеля уніі Язэпа Сямашкі пачынаюць паліць уніяцкія выданьні, якія адбіраліся ад уніяцкіх царквей на абшары ўсей Беларусі. Паленьне кніг, начатае ў 1841 г., скончылася толькі ў 1857 г. [51].

За ўвесь гэты час, паводле афіціяльных данных, Сямашка спаліў каля 2.000 кніг [52], але папраўдзе спалена іх было значна болей, бо сам Сямашка адзначае, што кніг было спалена больш, чым наказана афіціяльна.

Аб паленьні Сямашкам кніг гл. артыкул: Алесь Смаленец. Да стацьці Власта: «Аб паленьні кніг на Беларусі» («Крывіч». Коўна, 1924 г., № 2, с. 31-32).

Мілавідаў аб гэтым паленьні старакрыўскіх кніг апавядае, што са злучэньнем уніятаў у першай палове XIX ст. праводзілася і шырокае адбіраньне кніг, якія звазіліся ў Жыравіцкі манастыр; там гэтымі старадаўнымі кнігамі спачатку палілі печы, але дзеля таго, што гэткае нішчаньне было вельмі марудным і праводзілася кражай (?) кніг, то ў 1844 г. па загаду Сямашкі кнігі былі вынесены з будынкаў на пляц і спалены.

1842 год. § 82. У 1842 г. Віленская Рымска-каталіцкая акадэмія была пераведзена ў Пецярбург, куды перавезена яе бібліатэка; у 1835 г. бібліатэка мела 30.000 тамоў; з гэтай бібліатэкі частка кніг — 231 выданьне ў 862 тамох — была перададзена Кіяўскаму унівэрсытэту.

§ 83. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

§ 84. У 1842 г. у Вільні была заснавана часовая Архэографічная Камісія на абавязку якой, паміж іншым, ляжала адсылка цікавейшых дакумантаў у С.-Пецярбургскую Архэографічную Камісію, куды такім парадкам былі перададзены акты Скарбовай Камісіі.

1843—1844 годы. § 85. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

1845 год. § 86. У 1845 г. у С.-Пецярбургскі Сынадальны Архіў перададзены архіў «западно-русских униатских митрополитов», як яго ахрысьціла маскоўская навука. Архіў гэты пачаў складацца з 1596 г., і меў ён дакуманты з пачатку XV стагодзьдзя [53].

Архіў частку сваіх дакумантаў загубіў у часе многіх пераездаў, бо ён ня меў аднаго пэўнага мейсца; на працягу аднаго толькі XVIII ст. архіў пабываў у Вільні, Новагорадку, Варшаве, Горадне, Струньне (каля Полацка), Львове, Радомысьле, Луцку, Сеніонаве, Страбле, Лаўрышаве і др. мяйсцох.

Заховываўся архіў у чатырох «скрынях».

1850—1870 годы. § 87. Добрым прыкладам стасунку духавенства да кніг у XIX ст. зьяўляецца такі прыклад: два ігумены Супрасльскага манастыра — Кургановіч (1852—1859) і Жураўскі (1859—1876) — раздавалі рожным асобам старадрукаваныя кнігі і старадаўныя рукапісы, якія належалі да манастырскай бібліатэкі; ось што аб гэтым кажа адзін з гісторыкаў манастыра: «Вінцэнт (Жураўскі) шчодрай рукой раздаваў манастырскія дакуманты і кнігі ўсім, хто зьвяртаўся да яго з просьбай пазычыць іх, якія дакуманты і кнігі большай часьцю прападалі». Усе да аднэй прададзены і раздадзены рожным особам кнігі, якія засталіся ад Супрасльскай друкарні, у якой друкаваліся богаслужэбныя кнігі ў славянскай мове, у тым ліку — і кнігі для старавераў Маскоўшчыны, кнігі матэматычныя, рожныя падручнікі, малітаўнікі, слоўнікі і чысьленьнікі на лацінскай і польскай мовах; рэшта гэтай бібліатэкі ў 1876 г. была перададзена ў Віленскую Публічную бібліатэку, і пры гэтым перадача дакумантаў зроблена надта дрэнна: нярэдкі выпадкі, калі пачатак аднэй справы ў Вільні, а канчатак — у Супрасьлі, ці наадварот.

1853 год. § 88. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

1854 год. § 89. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

1855 год. § 90. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

1856 год. § 91. Вядомы абрусіцель крывічоў К. Гаворскі, які быў першапачаткова настаўнікам і бібліатэкарам Полацкай духоўнай сэмінарыі, пры перавозе 1856 г. бібліатэкі Васільянскай сэмінарыі з Полацку ў Вітабск кідае частку кніг у Полацку, як непатрэбных і перашкаджаючых адчотнасьці; у Полацку пакінутыя кнігі загінулі, а пасьля і ў Вітабску з гэтае бібліатэкі страчана было 183 назовы і ўсе, якія былі ў ёй, рукапісы.

1857 год. § 92. Язэп Сямашка паліць кнігі крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

Апрача паленьня, Сямашка рэдкія кнігі аддаваў у С.-Пецярбургскую

Публічную бібліатэку.

1863 год. § 93. У м. Расне (Магілеўшчына) польскія паўстанцы спалілі ўсе дакуманты і паперы заснаванай тут у XVIII ст. езуіцкай місіі.

§ 94. У часе пажару ў г. Невелі (Вітабшчына) згарэла бібліатэка Невельскага паветавага («уезднаго») училища, якая складалася з 1.605 тамоў (1.113 назоў).

§ 95. У тым самым годзе ў пажары Невельскага манастыра згарэла шмат каштоўных гістарычных актаў.

§ 96. Напярэдадні апошняга польскага паўстаньня (1863 г.) адным з мэтадаў палёнізаціі крыўскага краю была арганізація цэлага шэрагу бібліатэк з польскай літэратурай, арганізація гэта ішла поруч са зьнішчаньнем ня-польскіх кніг.

Ліквідатар польскага паўстаньня Мураўёў, бачучы ў гэтых бібліатэках змагаючуюся з маскалізаціяй полёнізацію, зачыніў іх [54] канфіскаваныя кнігі часьцю былі разасланы па розных установах на Беларусі, а часьцю былі адпраўлены ў бібліатэкі і іншыя ўстановы Маскоўшчыны.

1865 год. § 97. Пры праверцы маемасьці Віленскага музэю ў 1865 г. аказалася нястача шэрагу цэнных грамат і рукапісаў.

1867 год. § 98. У 1867 г. па загаду Радзівілаў была вывезена ў Бэрлін значная часьць фамільнага архіву, які пераховываўся ў Нясьвяжы. Архіў меў да 400 тамоў дакумантаў, якія сягалі XIV ст.

Архіў паідзяляўся на дзьве часьці: вітгенштэйнаўскую (якая складалася 3 334.360 дакумантаў) і радзівілаўскую, каторая складалася з пяці аддзелаў: 1) лісты (пісьмы) — 217.800 штук, 2) фамільныя акты — 14.800 дакумантаў, 3) пэргаміны — 1246 дакумантаў, 4) гісторыка-палітычныя зборнікі і сэймовыя дыарыушы — 15.000 дакумантаў, 5) розныя — 6.000 дакумантаў, а ўсяго — 589.206.

1868 год. § 99. У часе пажару ў г. Вяліжы (Вітабшчына) згарэў гарадзкі ратуш з захаваным у ім гарадзкім архівам, які складаўся са старадаўных дакумантаў і спраў замковых, ураду і гарадзкой думы.

§ 100. Пасьля сьмерці Язэпа Сямашкі частка кніг яго бібліатэкі паступіла да яго сваякоў, а ведама, што ў Сямашкі былі і рэдкія крыўскія выданьні (гл.: Алесь Смаленец. Да стацьці Власта: «Аб паленьні кніг на Беларусі»).

1869 год. § 101. У гэтым годзе ў г. Вяліжы згарэла бібліатэка Вяліжскага паветавага вучылішча.

§ 102. У тым самым годзе згарэў у Вітабску дамініканскі касьцёл, а разам з ім згарэла і касьцельная бібліатэка, якая мела каля 600 кніг, выдрукаваных у XV—XVIII стст. Аб перахове згарэўшай бібліатэкі ёсьць такая ведамка: «кнігі гэтыя разложаны на некалькіх паліцах у асобнай сьвятліцы, але ад нявыбачнай няўвагі да захаваньня іх да такой ступені пакрыліся цьвільлю, што здаюцца, без найменшага перавялічаньня, пабялеўшымі або залітымі вапнай. Ня толькі аправы, але і карты кніг пакрыты гэткім множствам цьвільнага пылу, што няма магчымасьці чытаць іх, не рызыкуючы папсаваць вочы і атрымаць кашаль. Наагул, сьвятліца, дзе пераховуюцца гэтыя скарбы ўмысловасьці, больш надобна на крамку нябожчыка пецярбургскага таўкучага рынку, як на сховішча царкоўнай бібліатэкі. Чаго тут няма: і старыя труны, і пакрытыя слаямі пылу ды павучыньня з напоўпаабрыванымі шатамі образы, і пачарнеўшыя харугві, і стары разьбіты літаўр, і множства іншага рухмацьця».

1870-ыя годы. § 103. У 70-х годах XIX ст. Полацка-Вітабскім эпархіяльным начальствам быў дадзены загад усім царквом і манастыром аб прысылцы з іх да Вітабску ўсіх старасьвецкіх помнікаў. І ось, у адным манастыры (нажаль, аўтар гэтага павядомленьня маўчыць аб мейсцы і асобе) ігумен два тыдні ацепліваў сваю кельлю «старыми бумагами», пасьля чаго з «облегченной совестью» паведаміў, што ў даручаным яму манастыры ніякіх старадаўных актаў няма.

§ 103-a. У 1870-х годах згарэў у Дзісьне Васкрэсенскі манастыр і царква, а Ў ёй — багатыя і дужа старадаўныя архівы дакумантаў, перавезеных у XVI ст. З Полацка, а такжа — архівы і бібліатэка Дзісенскага Младзенчэскага Брацтва і дакуманты школы гэтага брацтва.

1879 год. § 104. У 1865 г. царом Маскоўшчыны было даручана палкоўнікам Камарову і Райкоўскаму «изученіе причин мятежнических политических движений в Привисляньи и Западном крае». Тры годы, 1865—1867 укл., памянёныя асобы зьбіралі архіўныя матэр’ялы са ўсіх архіваў Беларусі і сумежных губэрняў, у выніку чаго «составился громадный архив свыше 22.000 листов, который и хранился у Комарова, служа драгоценным источником справок. Готовилось целое издание. Райков умер в 1871 г., а в 1879 г. этот архив исчез из квартиры Комарова, во время отъезда его из Петербурга».

Як выявілася пазьней, архіў быў украдзены палякамі, якія часьць архіву зьнішчылі, а часьць прадалі на рынак.

1880 год. § 105. У Вітабскім манастыры сьв. Марка была паўтарасажнёвая скрынка з «какими-то» старадаўнымі паперамі; у 1880 годзе гэтая скрыня з дакумантамі зьнікла нет ведама куды.

1881, 1882, 1883 годы. § 106. У гэтыя годы вітабскім «начальствам» было прададзена з вітабскіх архіваў у Рыгу да трох тысяч пудоў старадаўных дакумантаў XVI і XVII стст. і полацкага намесьніцтва па 1772 г. У аграмаднай масе дакуманты гэтыя нікім не праглядаліся; сярод іх былі дакуманты надта цэнныя і надта старадаўныя, якія нейкі час знаходзіліся ў Пскове. Пуд гэтых каштоўнейшых дакумантаў прадаваўся па 1 рублю 18 кап.; атрыманыя грошы пасьля прадажы крыўскіх старадаўных дакумантаў, як наградныя, былі выданы чатыром урадоўцам-абрусіцелям Губэрскага Кіравецтва.

1884 год. § 107. Архіў Зорыча быў прададзены жыдом на вагу паперы ўладаром Шклова баронам Корфам.

1885 год. § 108. У 1885 годзе назначана было да прадажы (і бязумоўна прададзена) больш тысячы пудоў старадаўных спраў, у тым ліку — і архівы двох генэрал-губэрнатараў Вітабшчыны; дакуманты аднасіліся да XVIII ст. і канчаліся 1808 г.

Гэта ўсё былі старыя дакуманты, добра захаваныя, сшытыя ў вялікія кнігі і ў большасці апраўлены ў палатно.

1885 год. § 109. У часе пажару ў г. Горадне згарэў архіў Горадзенскага Дваранскага Дэпутацкага Сабраньня.

§ 109-а. Ад 1860 гадоў палякі зьбіраюць усякія цэнныя архівы і кнігі на

Беларусі і адсылаюць у Кракаў і замак Рапэрсвіль у Швайцарыі. Туды пайшлі архівы Гутэн-Чапскіх, Плятараў (з Краслаўкі), Шырынаў (з Юндзілова, Старога і Белага двароў у Дзісеншчыне) і многіх іншых.

1900 год. § 110. У 1900 годзе па загаду пецярбургскага духоўнага зьверхніцтва была перададзена Кіяўскай духоўнай акадэміі полацкая па-уніяцкая бібліатэка, якая знаходзілася ў Вітабскай духоўнай сэмінарыі [55], бібліатэка складалася з рэдкіх помнікаў крыўскага друку, хаця Даўгяла, які быў пры перадачы кніг, з задзіўленьнем заўважыў сярод іх невялікі лік крыўскіх выданьняў [56].

Пытаньне аб вывазе з Вітабска гэтых вялікіх кніжных каштоўнасьцяў, як непатрэбных Вітабску і дарма толькі займаючых мейсца, было паднята ў 1898 г. «начальствам» сэмінарыі. Па каталёгу, які быў сьпісаны ў Кіяве, бібліатэка гэта мела 3.995 назоў [57] — больш 10.000 тамоў, якія пры перавозцы занялі 22 клункі, вагой усяго каля 220 пудоў. Кнігі былі гэткага зьместу: багаслоўе, правазнаўства, філёзофія, славеснасьць, мовазнаўства, гісторыя, фізыка-матэматычныя навукі, розныя слоўнікі, газэты і часопісі; усё гэта было ў многіх старадаўных і новых мовах.

1905 год. § 111. Пры разбураньні сялянамі двору Безабразава ў часы аграрнага паўстаньня на Вітабшчыне зьнішчана і бібліатэка Безабразава; складалася яна з кніг па дзяржаўнаму праву, філёзофіі і псыхалёгіі.

1908 год. § 112. У 1908 г. у бібліатэку Пецярбургскай Акадэміі Навук перададзена вялікае сабраньне рукапісаў, актаў і старадаўных кніг, якія былі куплены ў сьвяшчэніка Петразаводзкага катэдральнага сабору Васкрэсенскага; кнігі і дакуманты гэтыя калісь-то былі вывезены з Беларусі архірэем Паўлам Добрахотавым; усе дакуманты адносяцца да гісторыі царквы ў паветах Пінскім і Тураўскім у XVI—XVIII стст.

Галоўную каштоўнасьць гэтага сабраньня складае вялікі лік грамат і іншых дакумантаў — каля 3.000 (пэргамінаў узвыш 30); дакуманты спашыты ў кнігі (больш 50 кніг) і зьяўляюцца цэлымі архівамі некаторых каталіцкіх манастыроў.

1912 год. § 113. У 1912 г. ахвяравана «маскоўскаму музэю 1812 г.» слаўная адзіная ва ўсім сьвеце бібліатэка, якая належала І. Х. Каладзееву; знаходзілася яна ў Нова-Барысаве (Меншчына).

Сабраньне гэтае складалася некалькі дзесяткаў гадоў і падзялялася на тры бібліатэкі: I) бібліатэку, якая сабрана самім Каладзёевым, дзеля чаго ён кожды раз езьдзіў да калекціянераў і букіністаў Заходнае Эўропы; II) бібліатэку, купленую ў маскоўскага генэрал-губэрнатара Закрэўскага і III) бібліатэку, купленую ў пецярбургскага калекціянера Закрэўскага. Усе гэтыя тры бібліятэкі мелі 15 000 тамоў на ўсіх эўропэйскіх мовах і адносіліся выключна да эпохі 1805—1815 гг.

Надта багаты быў аддзел мэмуараў учасьнікаў вайны 1812 г.; у бібліатэцы шмат было ўласнаручных дакумантаў рожных выдатных асоб з рэдкімі аўтографамі; былі выданьні адзіныя ў сьвеце, сабраньне мастацкіх плякатаў, плянаў, чарцяжоў і малюнкаў, якія адносіліся да памянёнай эпохі, і быў камплект усіх газэт з 1812 па 1912 г., дзе хоць у адным радку спамінаўся 1812 г.

1815 год. § 114. У 1915 г. у часе адходу маскоўскай арміі ад немцаў вывезена ў Маскоўшчыну шмат культурных вартасьцяў, у тым ліку — кніг і архіваў; напрыклад, вывезена ў Яраслаўль самая каштоўная частка Віленскага Цэнтральнага архіву; многае вывезенае ў Маскоўшчыну зьніштажаецца самым лютым, неміласэрным парадкам [58].

§ 115. Пры эвакуаціі Вільні загінуў надрукаваны зборнік «Могилевская Старина» (в. I, Могилев, 1900).

§ 116. Лёс бібліатэк невялікіх гарадоў той жа самы — зьнішчаньне. Так, аб Пінскай бібліатэцы чытаем: «Новых кніг амаль у ёй няма, а старыя, не пасьпеўшыя прапасьці, даведзены даўно да непрыгоднага стану».

1916 год. § 117. У часе вайны з немцамі зьніштожана маскоўскімі салдатамі бібліатэка Сьвятаполка-Завадзкаго ў Крошыне, каля Баранавіч, Новагародзкага павету.

Спадчына №5-1992. С. 42-55.

1917 год. § 118. У самым пачатку рэвалюціі ў 1917 г. у Вяліжы на Пакроўскім полі адбываецца сярэдневяковае auto da fe: спаляецца некалькі вялікіх куч кніг. А ў мясцовай часопісі адзначаецца цэлы шэраг выпадкаў зьнішчаньня кніг у Вяліжскім павеце ў дварох: Пагарэльле, Селязьні, Хухава, Усьвяты, Барбарава, і ў г. Вяліжы — бібліатэкі Управы Вайсковага Начальніка [59].

§ 119. У першыя дні лютаўскае рэвалюціі ў Вітабску таўпа народу накінулася на Вітабскае Ахраннае Аддзяленьне і забрала ўвесь яго архіў; архіў быў перанесен у сувязь прыказчыкаў («союз приказчиков»), у якім прадстаўнікі рожных партыйных арганізацій падзялілі паміж сабой дакуманты. Пры чым кождая арганізація забірала толькі тыя дакуманты, якія мелі датычнасьць да яе ўласных сяброў. Пасьля падзелу архіву ў гарадзкім тэатры адбыўся ўрачысты вечар, на якім пры належных акалічнасьцях кождаму рэвалюціянэру чыталі датычныя да іх дакуманты, якія тут-жа і перадаваліся ім на ўласнасьць.

Ня гледзячы на гэты падзел, некалькі сот спраў засталіся не разабранымі і выпадкова захаваныя, у 1924 г. былі перададзены Іспарту ЦК КПБ [60].

§ 120. Архіў Вітабскага Жандарскага Кіравецтва таксама зьнішчаны ў першыя часы рэвалюціі; яго справы таксама разыйшліся па рожных сувязях («союзамъ») [61].

§ 121. У Горацкім павеце было шмат прыватных бібліатэк Дундуковых, Корсаковых, Друцкіх-Любэцкіх, Адамовічаў-Любамірскіх і «ў часы рабунку маёнткаў — у верасьні і кастрычніку 17-го году — шмат бібліатэк зьнішчана; кнігі былі парасьцяганы, падраны, некаторыя папалены і толькі часьць пакінута пры зруйнаваных маёнтках. Кнігі былі на мовах: маскоўскай, польскай, нямецкай, лацінскай і французкай» [62].

1918 год. § 122. У 1918 г. зьнішчана чырвонаармейцамі значная часьць Выдранскай бібліатэкі (Чэрыкаўскі п., Магілеўшчына); яны разламалі вокны і дзьверы будынку, у якім зьмяшчалася бібліатэка, зьніштожылі самыя каштоўныя кнігі, мастацкія выданьні раздавалі вясковым дзецям, мужчыны-ж з лепшых кніг выдзіралі лісты для курэньня. Так на працягу некалькіх дзён бібліатэка разьбіралася падросткамі і нішчылася рукамі пажылых. Калі-ж стала ведама, што міліція мае рабіць обыскі і адбіраць кнігі, — то мяйсцовыя жыхары, баючыся кары, пачалі тапіць гэтыя кнігі ў балотах, рэчках і паліць іх у агне. Але ўсё-ж удалося ўратаваць 6143 кнігі замежнай літаратуры.

У той самы час зьнішчана і бібліатэка Выдранскае школы.

§ 123. У Невельскім павеце зьнішчана 1) бібліатэка Евреінавых, якая заховалася ў дварэ Ямянец, і 2) бібліатэка Конашова, належаўшая Жукоўскаму; апошняя бібліатэка дасягала да 3000 тамоў.

§ 124. Бібліатэка мэтэоролёгічнай станціі Бялыніцкага-Барулі, якая знаходзілася ў дварэ Новае-Каралёва б. Вітабскага павету, зьнішчана мяйсцовымі жыхарамі [63].

§ 125. Бібліатэка Янушкоўскіх у дварэ Тропы б. Вітабскага павету разграблена і зьнішчана жыўшымі ў дварэ чырвонаармейцамі [64].

§ 126. Той самы лёс зьнішчаньня пасьціг і невялікую бібліатэку двара Дыманава б. Вітабскага павету.

§ 127. Пасьля адходу ў 1918 г. немцаў з б. Дрысенскага павету (Вітабшчына) сяляне спалілі двор Грабніцкага, у якім была бібліатэка, меўшая каля 2000 тамоў, галоўным чынам — літаратуры па «земскаму» пытаньню, а такжа больш сотні старакрыўскіх рукапісных кніг ад XII да XVI стст.

§ 128. Сялянамі спален двор Каханавічы (Вітабшчына), які належаў Храпавіцкім; разам з будынкамі згарэла бібліатэка, якая складалася з некалькіх тысяч тамоў бэлетрыстыкі на французкай, нямецкай і расійскай мовах; была літаратура па гісторыі і па вясковай гаспадарцы.

§ 129. У Лепэльскім павеце тая самая доля зьніштажэньня дасягнула бібліатэкі Мяніцкага (у дварэ каля м. Ушач); зьнішчаная бібліатэка мела каля 2000 тамоў, галоўным чынам гістарычнай літаратуры.

§ 130. У восень 1918 г. у м. Вяліжы, дзякуючы некатарым прыпадковым здарэньням, згінула значная часьць бібліатэкі і архіў Кузьміна (Івана Асіевіча). Паміж іншым, зьнішчана спэціяльная калекція кніг і брашур па пытаньню аб абвінавачваньню жыдоў у рытуальных злачынствах; кнігі былі на расійскай, польскай, нямецкай і французкай мовах; сярод іх былі ня толькі бібліаграфічныя рэдкасьці, але і унікумы. У склад архіву ўходзілі, паміж іншым: 1) перапіска Кузьміна па таму самаму пытаньню з рожнымі асобамі навукі і грамадзянскімі дзеячамі, 2) два зусім гатовых да друку рукапісы па памянутаму пытаньню, 3) шмат закмевак гістарычнага, крытычнага і бібліаграфічнага характеру па закранутаму пытаньню.

§ 131. Архіў Буценёва-Хрэбтовіча ў м. Бешанковічах б. Лепэльскага павету (Вітабшчына) быў зьнішчаны карацельным атрадам, які стаяў у палацах Хрэбтовічаў; у зьнішчаньні дакумантаў ім дапамаглі і мясцовыя жыхары.

Зьнішчаныя дакуманты архіву Б.-Хрэбтовічаў належалі да ліку яшчэ зусім не дасьледованых вучонымі, абыймалі яны эпоху з 1622 па 1750 гг. і датыкалі галоўным чынам да прозьвішч Лукомскіх, Цяпінскіх, Хрэбтовічаў, Агінскіх. У аснову гэтага архіву былі паложаны дакуманты, перададзеныя са Слонімскага архіву Агінскага [65].

Разам з архівам зьнішчана і бібліатэка.

§ 132. Бібліатэка Заранкі, якая знаходзілася ў Высачанскай вол. б. Вітабскага павету, была зьнішчана сялянамі; сярод кніг гэтай прыватнай бібліатэкі былі і рукапісы на пэргаміне XVI ст.; некатарыя вялікія тоўстыя старадаўныя кнігі ўжываліся сялянамі да седзіва.

§ 133. «…быў прададзены на рынак старожай турмы ў 1918 годзе архіў Менскага турэмнага замку, расьцягана часьць архіву Губэрскага Прысуцтва».

§ 134. У часе нямецкай акупаціі Беларусі немцы прадалі на рынак архіў Менскага губэрскага па вайсковых справах Прысуцтва.

§ 135. У часе ўсупакоеньня вядомага Яраслаўскага паўстаньня згарэла бібліатэка А. Багдановіча (бацькі беларускага песьняра), якая была вывезена ўладаром з Менска і Горадні; бібліатэка мела некалькі тысяч тамоў рожнага зьместу (лік тамоў і доля бібліатэкі азначаецца паводле слоў А. Багдановіча).

§ 136. У Горадні Ў часе рэвалюційных войн у пачатку 1919 г. надта рэдкія кнігі горадзенскіх бібліатэк прадаваліся на вагу, як агортная папера [66].

§ 137. У часе акупаціі Віленшчыны і Горадзеншчыны немцы расьцягалі бібліатэкі і архівы; які лік быў расьцягнуты, відаць з таго, што ў Горадні па вымаганьню Міністэрства Беларускіх Спраў нямецкі камандант выдаў загад, каб усе немцы, якія маюць тутэйшыя кнігі і дакуманты з архіваў, здалі іх Беларускаму Міністэрству, — і зьвернутых назад кніг і дакумантаў было некалькі дзесяткаў тысяч. Але такі захад быў зроблены толькі ў Горадні; у Вільні-ж і іншых мяйсцох да самага канца 1919 г. у дробных крамках ужываліся на агортку тавараў кнігі і дакуманты з разграбленых бібліатэк.

§ 138. У Менску прададзены на паперную фабрыку архівы апошніх часаў Менскага Губарнатара і Менскай Паліцэйскай Управы.

§ 139. У дварэ Баліны б. Дрысенскага павету (Вітабшчына) была бібліатэка, у каторай знаходзілася сабранай уся заходна-эўропэйская літаратура ў вызначнейшых яе прадстаўніках: у 1919 г. чырвонаармейцы варылі сабе ежу гэтымі кнігамі.

§ 140. Бібліатэка Заблоцкага ў дварэ Баранова б. Бітабск. павету, якая складалася больш чым з 3000 кніг рожнага зьместу на польскай і французкай мовах, часьцю разабрана ўсімі, хто цікавіцца кнігамі, часьцю загінула пры перавозцы яе ў валасную бібліатэку.

§ 141. Зьнішчана бібліатэка Лужынскага ў Любашкаве б. Вітабск. павету. Бібліатэка складалася з 4000 тамоў гістарычнага і бэлетрыстычнага зьместу; у бібліатэцы захоўваліся і дакуманты вядомага дзеяча па зьнішчаньню уніі — архіерэя Лужынскага.

§ 142. У дварэ Ульлянава б. Дрысенскага павету (Бітабшчына), які належаў Прэздэцкаму, была бібліатэка, лік кніг якой даходзіў да 5000 тамоў. У пачатку рэвалюціі частка бібліатэкі была вывезена ўласьнікамі заграніцу, а рэшта, якая засталася ў дварэ, была зьнішчана сялянамі, якія, паміж іншым, выдранай з кніг паперай абклеівалі свае хаты, а часьць кніг была імі спалена.

§ 143. Зьнішчана даволі значная бібліатэка Лапацінскага ў дварэ Сарыя б. Дрысенскага пав. (Вітабшчына), якая складалася з кніг па юрыспрудэнціі на некалькіх мовах.

Частку кніг удалося ўратаваць і зьмясьціць у Дрысенскай гарадзкой бібліатэцы.

§ 144. У дварэ Адамёнкі (б. Аршанскага павету), які належаў Хлюсьціну, была бібліатэка; частка яе была вывезена ў Вітабск і Оршу, частка разабрана рожнымі асобамі, а частка — сялянамі.

§ 145. У Берацкай воласьці (б. Гарадоцкага павету, Вітабшчына) «бандытамі» спалены дакуманты і архіў Валаснога Выканаўчага Камітэту.

1920 год. § 146. У 1920 г. згарэлі старадаўныя палацы ў дварэ Жагулі (б. Вяліжскага пав., Вітабшчына); палацы паводле паданьня былі збудаваны ў XVI ст.; апошнім іх уладаром быў У. Пціцын. У часы рэвалюціі ў гэтых палацах былі зьмешчаны сябры Савхозу, ад неасьцярожнасьці якіх і згарэлі будынкі. У ліку згарэўшага ў палацах былі помнікі старадаўнасьцяў, старадрукаваныя кнігі і дакуманты, сярод якіх было шмат цікавых і рэдкіх аўтографаў (параўн. з артыкуламі N (Мялешка М.): Нашы старажытнасьці, «Вольны Сьцяг», 1921, № 6).

§ 147. У Аршанскім павеце зьнішчаны архіў і бібліатэка Любамірскіх, якая займала чатэры пакоі. Шмат падзертых дакумантаў архіву было раскідана каля будынкаў двара. Нязначная частка гэтага архіву, якая захавалася ад зьнішчаньня, была перавезена ў Аршанскі гарадзкі музэй.

§ 148. У часы бітваў паміж расійцамі і палякамі каля Полацка ў 1919—1920 гг., калі Полацк некалькі разоў кідаўся аднымі і другімі, — жыхары гораду разабралі гарадзкія бібліатэкі; разграблены быў такі шмат кніг, што ў 1921 г. Полацкая павятовая сэкція арганізавала «тыдзень бібліатэкі» з поклічам да грамадзян зьвярнуць забраныя імі кнігі і абходам кватэр усіх грамадзян гораду з аглядам захованых імі кніжок сабрала значную бібліатэку.

§ 149. Бібліатэка Полацкага Богаяўленскага манастыра значна пацярпела ад стаяўшых у манастыры чырвонаармейцаў Асобнага Аддзелу нейкай латышскай часткі.

§ 150. Шмат загінула кніг бібліатэкі Шышко, якая знаходзілася ў дв. Лузкінопаль (б. Сененск. п.), у час перавозкі кніг у валасную бібліатэку.

§ 151. Палякі, пакідаючы Беларусь, вылезлі з сабой часьць Менскіх архіваў.

§ 152. Савнархозам («Совнархоз») прададзены на паперную фабрыку (і спалены там) увесь архіў Менскага Ахраннага Аддзяленьня.

§ 153. За час вайны і першыя годы рэвалюціі на Вітабшчыне загінула 68 архіваў: немцамі зьнішчана 11 архіваў, палякамі — 15, латвійцамі — 3, чырвонымі — 4, пажарамі — 9, лютаўскай і кастрычнікаўскай рэвалюціей — 14, белымі — 7, скарыстана Камбедамі і Рэўкомамі на канцэлярскія патрэбы — 5 архіваў.

У мястэчку Гнезна (Горадзеншчына) была ў касьцелі скрынка са старымі пэргамінамі — больш 100 пэргамінаў; нехта з вайсковых палякаў забраў гэты архіў бытцам для адсылкі ў Варшаву.

У часе обыскаў у «Беларуской кнігарні» ў Вільні, робленых у сьнежні 1919 і ў студні 1920 г. з сабраньня В. Ластоўскага згінула 24 пэргаміны XV—XVII стст., шмат дакумантаў з архіву Турава-Пінскай Архібіскопіі і рукапісны на пэргаміне Турава-Пінскі летапіс, першая часьць якога пісана ў 1021 годзе, а астанная часьць пісана рукой апошняга Пінскага князя (каля 1635 г.) Івана Фёдаравіча Ярославіча.

1921 год. § 154. У 1921 г. у дварэ Турыне б. Ігуменск. п. (Меншчына) зьнішчана «багатая» калекція па мінэралёгіі; адначасна зьнішчана і быўшая пры ёй бібліатэка [67].

§ 155. Проці самых вакон канцэлярыі Вітабскага Губархіва зьнішчаны архіў Вітабскіх архіерэяў, які быў выкінуты з архіерэйскіх пакояў у стайню і на працягу некалькіх гадоў (пачынаючы з 1919 г.) разьбіраўся канюхамі Вітабскага Губвоенкома і ўрэшце ў 1921 г. быў канчаткова зьнішчаны.

§ 156. У 1921 г. дакончана нішчаньне юрыдычнай бібліатэкі Вітабскага Акружнага Суда.

§ 157. «Наша кніжнае багацьце з кожным днём тае… Як нішчацца бібліатэкі, відаць з таго, што адна толькі Менская Пушкінская бібліатэка за апошнія рэвалюційныя годы страціла 9000 тамоў. А колькі зьнішчана вартасьцяў школьных бібліатэк?» [68].

§ 158. У Аршанскім жаноцкім Куцеінскім манастыры гніюць, лежачы ў вільгаці, старадрукаваныя кніжкі друкарні Куцеінскага манастыра; частка гэтых кніг мае вартасьць бібліаграфічных рэдкасьцяў [69].

§ 159. У першыя годы рэвалюціі, у час ліквідаціі панскіх маёнткаў, з аднаго толькі Вітабскага павету было зьвезена ў Вітабск больш 50 тысяч кніг на польскай мове (праца гэтая была прароблена супрацоўнікам аддзелу асьветы Васілеўскім, паводле слоў якога і адзначана лічба). А між тым у 1922 г. адзінаццаць Вітабскіх бібліатэк мелі ўсяго толькі 89.323 кнігі, з якіх у польскай мове было толькі 2-3 тысячы кніг. Дзе дзелася рэшта 47 тысяч кніг? Есьць данныя, што шмат кніг меліся адправіць на паперныя фабрыкі [70].

1923 год. § 160. У «Савецкай Беларусі» ад 9 кастрычніка 1923 г. пад № 231 зьмешчана такая зьменка: «У гарадох на рынках і ў вёснах па ўсёй Вітабшчыне ў крамах ідзе распрадажа самых лепшых новых кніг, якіх няма і ў нашых бібліатэках. А там яны ідуць на курава і на абкрутку селядцоў. У той час, калі ў нас такая патрэбнасьць у кнігах, такога барбарства мы ня маем права дапускаць. Нам трэба калі не забараніць прадажу, дык хоць старацца ўсімі сіламі купляць іх для сваіх бібліатэк. Кожны крамнік з ахвотай абмяняе кнігі на якія-небудзь старыя газэты».

§ 161. Супрацоўнік Менскага Цэнтраархіву Барашка апавядае: «Трапілася мне паехаць па архіў у адзін з Савхозаў. Прыязджаю. Паказуюць мне архіў на гарэ. Перш, чым узяцца за працу, я рашыў агледзіць будынкі двору, трапіў у кухню да загадчыка, і што вы скажаце?.. Бачу над гарачай патэльняй каштоўны дакумант з архіву.

Або яшчэ другі факт.

Неяк выпадкова даведаўся Цэнтраархіў, што ў „Доме Селяніна“ ў Менску заховуецца архіў графа Сямашкі. Атрымаўшы дазвол забраць архіў, зьвяртаюся я да адпаведнай асобы аб выдачы.

Мне адказуюць, што ніякага архіву няма, а ўсяго толькі ёсьць перапіска гр. Сямашкі ды і то са старых гадоў.

Прашу, каб паказалі. Вядуць у склеп, і вось сярод паламаных мэбляў, раскіданых па ўсім склепе, стаіць адчыненая скрыня з грудай пакрытых плесьняю архіўных дакумантаў, дзе, акром перапіскі, звалены былі інвэнтары маёнткаў XVIII стагодзьдзя, маніфэсты Аляксандра I і інш. дакуманты» [71].

§ 162. «Звезда» адзначае нішчаньне бібліатэк у хатах-чытальнях. Адначасна адзначаецца знаходжаньне ў сялян астаткаў былых панскіх і школьных бібліатэк [72].

§ 163. У Магілеве адпраўлены на паперныя фабрыкі ў Добруш і Шклоў архівы б. Магілеўскага Дваранскага Сабраньня і б. Магілеўскай Духоўнай Кансысторыі.

§ 164. Бібліатэка і архіў Хмараў у дварэ Сёмкава-Гарадка (Меншчына) зьнішчаны. Нязначная частка архіву зьмешчана ў Беларускім Цэнтраархіве [73].

1924 год. § 165. «У савхозе „Красный Октябрь“ (Шацкага раёну, Менскага округу) з даўных часаў яшчэ асталася цэнная бібліатэка. За час рэвалюціі яе нялітасна зьнішчылі. Спачатку пачалі расьцягаць кніжкі, пісаныя на расейскай мове, пасьля — на польскай. Рэшту польскіх кніг забраў быўшы Чэрвенскі Упнарым. Асталося яшчэ шмат кніг, пісаных на ангельскай, французкай і лацінскай мовах, якія пераносілі з аднаго пакою ў другі разоў два і шмат папсавалі. Але і цяпер яшчэ можна скарыстаць тэту бібліатэку: можна думаць, што тут есьць шмат цэннага» [74].

§ 166. «У архіве Вітабскага манастыра сьв. Марка былі граматы, пісаныя крыўскай мовай літоўска-крыўскімі князямі, але яны дзесь загінулі» [75].

§ 167. На наступных старонках §§ 168—263 укл. мы падамо некатарыя данныя аб нішчаньню кніг і рукапісаў, якія нельга дапасаваць да якой азначанай даты з прычыны нястачы акуратных вестак.

§ 168. Калі на Беларусь вязьліся праз Польшчу кнігі Ф. Скарыны, выдрукаваныя ў Празе, то вялікі іх лік прапаў у дарозе.

У навуцы ёсьць данныя, якія сьведчаць аб тым, што некатарыя кнігі, выдрукаваныя Скарынай, не дайшлі да нас ні ў адным экзэмпляры.

§ 169. Войнамі зьнішчана часьць кніг Галоўнага Літоўскага Трыбуналу і Земскага суда ў Вільні.

§ 170. Пасьля французаў (1812 г.) па ўсім Смаленску былі раскіданы справы і дакуманты смаленскіх архіваў.

§ 171. Кнігі Валкавыскага Земскага Суда не ведама чаму пачынаюцца толькі з 1705 г.

§ 172. Цікавы выпадак здарыўся з кнігамі Віленскага гарадзкога суда, якія былі выдзерты з вокладак, зьмяшаны паміж сабой і кінуты ў склеп; аб ліку загінуўшага матэр’ялу можна мяркаваць па зложаных клунках з падзертых кніг, выпадкова знойдзеных; лік гэтых клункаў паходзіў да 145, па 600—700 лістоў у кожным [76].

§ 173. Вялікі лік дакумантаў юрыдычнага зьместу зьнішчаны рожнымі злачынцамі пры падробцы дакумантаў, чаму дапамагала нават архіўная адміністрація: часта на мейсца зьнішчаных дакумантаў укладаліся падробленыя [77].

§ 174. Як хутка зьнікала старадаўнае рукапіснае багацьце, — сведчаць інвэнтары некатарых беларускіх манастыроў, больш чым другія ўстановы багатых кнігамі і рукапіснымі зборамі. Гэтак, прыкладам, паводле сьпісу бібліатэкі Супрасльскага манастыра, у 1557 г. у ім лічылася 211 кніг, з якіх толькі 7 былі «битыя». Паводле сьпісу 1668 г. у бібліатэцы лічылася 190 кніг, а ў 1818 — усяго толькі 15. У інвэнтары Лешчынскага манастыра ў 1520 г. паказана 30 кніг, з якіх толькі 5 «битыхъ»; праз сто гадоў у тым самым манастыры лічылася друкаваных кніг толькі 10.

§ 175. Выпадковы пажар у кватэры прафэсара Віленскага Унівэрсытэту Баброўскага зьнішчыў яго рукапісы.

§ 176. Бібліатэка смаленскага архіерэя Парфенія, якая мела шмат рукапісаў, у пачатку XIX стагодзьдзя разыйшлася па розных руках, а частка рукапісаў, якія былі зьмешчаны ў смаленскую эпархіальную бібліатэку, прапала.

§ 177. Пры пажары Пінска ў сярэдзіне XIX ст. згарэла бібліатэка Пінскага Дваранскага вучылішча, куды перадаваліся кнігі з канфіскаваных у 1831 г. прыватных бібліатэк.

§ 178. Бібліатэка Маліноўскага ў Вільні была распрададзена паліціяй у прыватныя рукі за нейкія яго даўгі [78] а часьцю яна была раскрадзена.

§ 179. У Смаленшчыне адзначаны выпадкі, калі сьцены сялянскіх хат абклеіваліся гістарычнымі дакумантамі [79].

§ 180. Дакуманты, якія належалі архіву Жыравіцкага манастыра, «рожначасна забіраліся рожнымі асобамі, якія не пакінулі ніякіх сьлядоў прыналежнасьці іх манастыру» [80].

§ 181. Стасунак праваслаўнага духавенства да кніг і рукапісаў надта добра характэрызуе дыалёг, які быў у 1904 г. паміж Смаленскім архіерэям Пятром Другавым, які атрымаў высокую адукацію (скончыў унівэрсытэт і духоўную акадэмію), і архэолёгам А. Жыркевічам: «Калі я заўважыў біскупу, — апавядае Жыркевіч, — аб тым, што ў 1812 г. згарэлі ўсе архівы Смаленска, а ўцалеў толькі кансысторскі архіў, то ён, пры бытнасьці трох асоб з вышэйшага духавенства г. Смаленска, сказаў мне паважна: „Мы з вамі тут расходзімся ў поглядах. Вось у Вільні ўратавалі архіў, а я шкадую, што кансысторскі архіў ня згінуў у 1812 г.“ — „Але чаму-ж?“ — усклікнуў я: „дыкжа ў ім гістарычныя дакуманты з двох стагодзьдзяў!“ — „Кляўзы папоў на папоў“,- паправіў мяне владыка: „лепш бы яны згарэлі!.. А то толькі клопат з пераховам гэтага драньца“… Няма што казаць, што калі біскуп так адзываецца аб старасьветчыне, то чаго можна чакаць у гэтым кірунку ад падуладнага яму духавенства! Гісторыя са смаленскімі рызьніцамі і царкоўна-архэолёгічным музэям хутка пацьвердзіла мае боясьці. Трэба заўважыць, што біскуп Пётр слыве любіцелям і знаўцом акурат „Отечественной войны“».

§ 182. У царкоўных бібліатэках навейшых часаў заўважана зьніканьне старадаўных кніг, нават запісаных у опісе; здарылася гэта з прычыны таго, што старадаўныя кнігі ў сьпісах лічыліся як самыя звычайныя.

§ 183. У Вітабскім Маркавым манастыры ў 1887 г. між кнігамі і дакумантамі заховываліся тры аўтэнтыкі грамат, якія былі дадзены манастыру Аўгустам III (1752—1756 гг.) і Станіславам-Аўгустам (1756 г.); калі-ж гісторыку Вітабшчыны А. Сапунову былі патрэбны гэтыя граматы пры складаньні яго «Витебской Старины», то яны аказаліся няведама куды зьнікшымі.

§ 184. Ось вандальскі прыклад нішчаньня крыўскіх старадаўнасьцяў. У Смаленскім царкоўна-архэолёгічным музэі быў вялікі лік старадрукаваных кніг, рожных рукапісаў, гістарычных запісак, папак з гравюрамі і малюнкамі, якія былі сабраны аматарамі тутэйшых старадаўнасьцяў. У 1898 г. вышэйпамянёны смаленскі архіерэй Пётра Другаў загадаў выкінуць гэты музэй у сені і ў другія пакоі, разам з бібліатэкай брацтва Аўраамія. Пакоі-ж, якія спэціяльна былі прыгатаваны для музэю, былі аддадзены архіерэем на кватэру для яго сваякоў, якія служылі ў Акцызным Кіравецтве. З гэтага часу пачалося разьбіраньне і музэю, і бібліатэкі, і рукапісаў рожнымі асобамі. Цягнулі — хто старадаўны трэбнік для свае патрэбы, хто каштоўныя ілюстраваныя выданьні для сваіх пакояў… А калі з Пецярбурга, куды дайшлі весткі аб вандальстве архіерэя, прыехала рэвізія, то музэй спаляецца, каб загладзіць сьляды злачынства архіерэя — «открытаго врага старины». Так у XX стагодзьдзі загінуў музэй старадаўных рэчаў, кніг і рукапісаў… Аб гэтым здарэньні гл.: Алесь Смаленец. «Да стацьці В-ста: Аб паленьні кніг на Беларусі» («Крывіч», Коўна, 1924, № 2).

§ 185. Аб нішчаньні беларускіх дакумантаў каталіцкімі ксяндзамі і польскімі панамі гл: Западноруссъ. «Церковныя архивы в Западной Россій и на какія соображенія наталкиваютъ некоторые документы, храняіціеся въ нихъ?» («Вестникъ Западной Россій», Вильна, 1865, т. II. Январь, отд. IV, с. 431, 435—436).

Шмат цэннага гніе ў цішы сырых манастырскіх каморак і пыльных складах вясковых царквей; «загляньце ў бібліатэкі некатарых парахіяльных старадаўных царквей, і вы знойдзеце тут толькі вільгаць кнігасховаў, пыл, які пакрывае кнігі, і псаваньне іх мольлю і мышамі». Каштоўнасьці няпрыкметна пераходзілі ў рукі агентаў Маскоўшчыны, якія часта сталі аглядаць беларускія цэркві і манастыры. Дасьледчыкі, якія маюць справу з царкоўнымі архівамі, кажуць аб размножаньні плесьні на дакумантах царкоўных архіваў, як аб самым звычайным зьявішчы.

§ 186. Архіў Магілеўскага эпархіальнага музэю, які быў зложаны з «хлама», валяўся ў скляпох кансысторыі і на вышках архіерэйскіх пакояў [81].

§ 187. У 60-х годах XIX ст. архіў Менскага архіерэя быў багаты гістарычнымі дакумантамі [82] але ў канцы таго самага стагодзьдзя гэтых дакумантаў у архіве не аказалася.

§ 188. Дакуманты Магілеўскай Духоўнай Кансысторыі да 1889 г. зьмяшчаліся на званніцы.

§ 189. Дакуманты архіваў Менскай Духоўнай Кансысторыі і Магілеўскага Духаўскага манастыра пераховываліся надта няўважліва.

§ 190. Архіў старасьвецкіх дакумантаў Полацкай Духоўнай Кансысторыі да 1898 г. заховаўся вельмі кепска.

§ 191. Есьць весткі аб вывазе ў Грузію Вітабскім архіерэям Кірыонам, вялікім аматарам старасьветчыны, кніг і рукапісаў Вітабскага царкоўна-архэолёгічнага музэю, але гэта даводна не ўстаноўлена, і некаторыя з гэтым нязгодны.

Мы з свайго боку можам адзначыць, што, напр., справа аб Маркаўскім манастыры (Вітабскім), перададзеная ў Вітабскі царкоўнаархэолёгічны музэй Д. Вішнеўскім [83], пасьля выезду Кірыона зьнікла з паміж рукапісаў памянёнага музэю. Справа гэта была на 150 аркушах.

§ 192. Надта цікавае здарэньне апісваецца ў адным нарысе: «У адно з мястэчак Магілеўскай эпархіі, дзе быў сьвятаром мой сваяк, — апавядае аўтар, — у годы майго студэнцтва, чакаўся прыезд архіерэя. Я праводзіў там вакаціі. Прыцяглі і мяне да прыгатаўленьня. Парадкаваў я царкоўны летапіс і г. пад. Аднойчы вечарам кажа дзядзька: „Схадзі, калі ласка, у царкву. Там дзяк парадкуе бібліатэку, — памажы яму разабраць кнігі“. Іду. У пацёмку, пры сьвятле тоненькай васковай сьвечкі, над сталом, закіданым грудамі кніг, стаіць з задумлёным выглядам дзяк і час ад часу са славамі „гэта ў печ“ кідае на памост кнігі, якія мелі асабліва стары выгляд. Я нахінуўся над утварыўшайся ўжо даволі вялікай грудай кніг, прызарочаных на спаленьне, — і што-ж? У аднэй з кніг, абарванай, без аправы, бачу рукапіснае Евангельле ды яшчэ з вельмі характэрнымі ўвагамі на белягох аднаго з сьвятароў XVIII стагодзьдзя» [84].

§ 193. Выдатны помнік крыўскае пісьменнасьці XI ст. — Тураўскае Евангельле было знойдзена ось якім парадкам: віленскі мастак Гразноў, аглядаючы царкву ў Тураве (б. Мазырскі павет), убачыў сярод рожнага царкоўнага хламу скрынку з вугальлем; калі апошнія былі высыпаны, то ў скрынцы знайшлі старадаўныя рукапісы, у тым ліку — і памянёны помнік XI ст.

§ 194. У бязладзьдзі, бяз сьпісаў, на палову раскрадзеная трымалася бібліатэка Жыравіцкага Духоўнага вучылішча (Горадзеншчына), атрыманая як спадчына ад быўшай тут архіерэйскай рэзыдэнцыі і духоўнай сэмінарыі, якія ў свой народ атрымалі кнігі ад берасьцейскіх езуітаў, базыльянаў і з іншых мейсц.

Частка архіву Жыравіцкага манастыра, ня вывезеная ў Вільню, раскрадывалася рожнымі асобамі [85].

§ 195. Бібліатэка Жыравіцкага манастыра, заснаванага ў XV ст., як і бібліатэкі іншых манастыроў, раскрадзена.

§ 196. Праф. Даніловічам было сабрана шмат беларускіх дакумантаў, няведама куды захаваных [86]; аб некатарых дакумантях сабраньня вядома, што яны зьнішчаны.

§ 197. Праф. Баброўскі і бібліафіл Сасноўскі, якія ў 30-х годах XIX ст. жылі ў Вільні, атрымлівалі вялікі лік самых цэнных па сваёй старадаўнасьці і пісьму рукапісаў з бібліатэкі Супрасльскага манастыра. Шмат з гэтых рукапісаў зьнікла ці апынулася за граніцай Беларусі, напр., — у Любліне, у Пецярбурзе і нават у Чэхіі. Яны бралі рэдкія дакуманты і з другіх бібліатэк напр., — Віленскай Мікалаеўскай царквы, якія пайшлі заграніцу разам з бібліатэкай Баброўскага.

§ 198. Супрасльскі летапіс — старадаўнейшы помнік, які мае вялікае значэньне ў славянскай пісьменнасьці,- знойдзены ў пачатку XIX ст. у Супрасльскім манастыры (20 вёрст ад Беластоку), дзякуючы таму, што яго вельмі ўважліва дасьледавалі, падзелены на тры часьці: адна часьць заховуецца ў Юга-Славіі ў Любляне (Лейбаху), другая — у Варшаве, трэцьцяя — у Пецярбурзе.

§ 199. Дзякуючы старэннасьці так празваных «местныхъ изследователей», з Лешчынскага манастыра (Пінскага) прапала шмат дакумантаў [87].

§ 200. Адзін час па ўсей Беларусі зьбіраў старасьветчыну і кнігі менскі архэолёг пан Татур, які быў дастаўшчыкам беларускіх старадаўнасьцяў заграніцу і які такім парадкам шмат чаго пераправіў за межы Беларусі.

§ 201. Стасунак афіціяльнай Маскоўшчыны да заховы нашых крыўскіх рукапісаў і кніг надта характэрна выявіўся ў візытах у Вітабскі Цэнтральны Архіў аднэй начальніцкай асобы; гісторыя маўчыць аб прозьвішчы гэтага маскалізатара, які публічна выказаў сваё зьдзіўленьне, чаму ўлада так клапоціцца аб гэтым «хламе», гэта — аб актавых кнігах Вітабшчыны і Магілеўшчыны XVI—XVIII ст.

Віленскі архэолёг А. Жыркевіч, які ў свой час аддаў шмат энергіі на адшуканьне і скуплю ў жыдоў гістарычных дакумантаў з прададзеных жыдом урадовых архіваў, адкрыта робіць заяву ў друку аб неўважлівасьці маскоўскіх чыноўнікаў на Беларусі да астаткаў старадаўнасьцяў, якія не знаходзілі нічога лепшага, як толькі зьнішчаньне гістарычных дакумантаў [88]. У друку адзначана, як неўважліва адносілася адміністрація да заходаў Смаленскай Вучонай Архіўнай Камісіі, каб ёй далі які-колечы будынак, дзе можна было-б захаваць бібліатэку Камісіі і ўпарадкаваць цэнныя Смаленскія архівы, якія бяз прыгляду гнілі ў вільготных не ацепляных і не праветрываных вежах Смаленскай сьцяны.

Ось як апісываецца адзін са смаленскіх архіваў тае пары: «Цяперашні Смаленскі Губэрскі Архіў пераховуецца ў так званай Громавай вежы. Выбар памяшчэньня аказаўся так няўдатным, што смаленскую губэрскую адміністрацію можна западозрыць у хаценьні так ці іначай адкараскацца ад рэштак старога архіву. Такога мокрага і бруднага будынку для архіву я ня бачыў у ніводным другім губэрскім горадзе, акром Смаленска. У параўнаньні са Смаленскам, такжа вільготнае і цёмнае памяшчэньне Валагодзкага губэрскага архіву гэта — палац. Скіданыя ў гурбы паперы гніюць і буцьвеюць, а смаленскім ваяводам і ў галаву ня прыдзе заглянуць у Громаву вежу, хоць апошняя знаходзіцца зусім блізка ад губарнатарскага дому».

§ 202. У Вільні прададзены ў крамы архіў Віленскага Гарадзкога Паліцэйскага Кіравецтва, у якім было шмат цэнных дакумантаў з гісторыі Вільні і Віленшчыны: а) аб быце каталіцкага духавенства, б) аб Віленскім унівэрсытэце, в) аб часе, калі ў Вільні былі французы (1812 г.), г) аб масонах, д) аб патайных гурткох, е) аб жыдох, ж) дакуманты з аўтэнтычнымі аўтографамі польскіх каралёў, імпэратараў Маскоўшчыны і рожных дзяржаўных дзеячоў.

Да прадажы архіў гэты заховываўся вельмі няўважна: «…аграмаднае памяшчэньне, закіданае старасьвецкімі дакумантамі рожных часаў, між якімі трапляліся справы канца XVIII ст. Вецер і дождж безперашкодна ўрываліся ў пакоі разам з галубамі, якія пакідалі на паперах сьляды сваіх адведзін… звыклы абраз нашых закінутых архіваў — бязладзьдзе, пыл, гразь, сморад; памост засланы справамі, з якіх многія пад уплывам вільгаці даўно ўжо абярнуліся ў смуродную кашу». З выпадковых астаткаў прададзенага жыдом архіву віленскія аматары старадаўнасьцяў сабралі сабе калекціі аўтографаў і гістарычных дакумантаў.

§ 203. Архіў Асобнай Канцэлярыі Віленскіх Генерал-губарнатараў быў выкінуты з шаф у будынак каля стайні генерал-губарнатарскага палацу, дзе зьмяшаныя ў кучу паперы архіву, якія пераховывалі першакрыніцы па абмаскаліваньню Крывіі, старадаўныя малюнкі, карыкатуры на Напольёна I і Аляксандра I, рожныя канфіскаваныя партрэты і кнігі (сярод апошніх былі і бібліаграфічныя рэдкасьці),- на працягу 20 гадоў ішлі ў печы замест дроў, браліся на распалку самавараў і на іншыя гаспадарскія патрэбы; наагул, расьцягаліся кождым, хто хацеў, нішчыліся пад выспарожынамі людзей і скацежы.

§ 204. Прапалі нет ведама куды пасланыя з Вітабску ў Пецярбург у 1803 г. 9 аўтэнтычных грамат, якія былі дадзены Вітабску польскімі каралямі [89].

§ 205. А ось як апавядае сучасьнік аб' перахове старадаўных актавых кніг Вітабшчыны і Магілеўшчыны, якія ад 1862 г. пачалі зьмяшчаць у Вітабскім Цэнтральным Архіве: «Зьнешнасьць актавых кніг носіць яўныя сьляды долі, якой падпалі яны і ад рожных прыпадкаў і ад неасьцярожнага перахову: ёсьць кнігі (з полацкіх) да аднэй трэцяй часьці абгарэлыя з хрыбта і абрэзу; на іншых кнігах відаць, што яны моклі, а ў большасьці пашкоджаны ад перахову ў мокрых будынках і ад перавозкі ўсіх архіваў Вітабскай губэрні ў 1812 г. у Вялікія Лукі; многія без пачатку, без канца…»

§ 206. У 60-х годах мінулага стагодзьдзя ледзьве не загінуў каштоўны дакумант па дасьледаваньню асьветы на Беларусі — «Отчетъ проф. С.-Петербургскаго Университета Сенковскаго объ осмотрю въ 1826 г. Белорусскихъ училищъ», напісаны на 531 балонцы, які ў ліку другіх папераў канцэлярыі Вілейскага Вучомнага Округу быў прызначаны да зьнішчаньня.

§ 207. Вітабская гарадзкая публічная бібліатэка, якая мела ў 1865 г. 400 тамоў, — а пасьля разраслася ў вялікую бібліатэку, — губарнатарам фон-Валем была прададзена, а будынак бібліатэкі быў аддадзены вольнапажарнаму т-ву (паводле слоў нябошчыка А. П. Сапунова).

§ 208. Паперы і кнігі Магілеўскага Губэрскага Кіравецтва, за час ад 1773 па 1847 годы зьніклі бязсьледна.

§ 209. Паперы Лепэльскае Думы і Лепэльскага Сіроцкага Суда звалены ў аруды клеці ў падворку, дзе знаходзілася кватэра думы.

§ 210. Па загаду з дэпартаманту Сэнату ў 1800 г. губарнатары ўсяе этнографічнае Беларусі даставілі ў Сэнат апісаньне вучылішч усіх беларускіх губэрняў. Калі-ж у 1892 г. гэтыя дакуманты запатрэбіліся, то яны не знайшліся ні ў Сэнацкім архіве, ні на мяйсцох, адкуль яны пасылаліся: яны аказаліся зьнішчанымі.

§ 211. Няўважна заховываліся надта цікавыя дакуманты ў Вярхоўскай воласьці (б. Парэцкага, цяпер Дзямідаўскага павету Смаленшчыны); дакуманты належалі быламу «Верховскому удельному приказу», якія ў сваім ліку мелі загады галоўнакамандуючых арміямі 1812 г. і каштоўныя матэр’ялы аб старадаўных судох. Гэтыя цэнныя дакуманты знаходзілі ў крамах г. Парэчча (цяпер Дзямідава), дзе яны ўжываліся на агортку тавараў.

§ 212. Кнігі беларускіх уніяцкіх друкарняў, якія ў 30-х годах XIX ст. зьбіраліся ў Полацкай духоўнай кансысторыі са ўсей Беларускай Эпархіі, паступова нішчыліся. Колькі было зьнішчана кніг, сьведчыць тагочасная тэрыторыя Беларускай Эпархіі, з кождай парохіі якой адбіраліся ўніяцкія кнігі. Беларуская Эпархія ў той час складалася з Вітабшчыны, Магілеўшчыны, паветаў Меншчыны: Дзісенскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Рэчыцкага і Мазырскага, паветаў Валыншчыны: Жытомірскага і Аўруцкага, паветаў Кіяўшчыны: Радомысльскага, Сквірскага і Махноўскага, Зэльбургскага павету Курляндшчыны і чатырох парохій Херсоншчыны. Такім чынам Беларуская Эпархія працягалася ад Пскоўшчыны ледзь не да Чорнага мора. Сабраныя кнігі былі спалены ў наступных дзесяцігодзьдзях полацка-вітабскімі архіерэямі [90].

§ 213. Са смаленскай эпархіяльнай бібліатэкі няведама кім украдзены шэраг рукапісаў.

§ 214. Ось што пішуць аб Смаленшчыне (што можна дапасаваць і да ўсей Беларусі): «на падстропьпю панскіх дамоў, у складах гэтых дамоў ляжаць горы архіўнага матэр’ялу. Пры пераходзе двара ў кулацкія рукі ўсё гэта ідзе на аклейку вокнаў і на цыгаркі. Дый з гарадзкіх афіціяльных архіваў паперы рэгулярна выкрадаюцца на агортку да селядцоў і мыла ў драбнічныя крамкі… Што-ж казаць аб архівах, калі на нашым вяку зьнікла, як дым, дзіўная бібліатэка Губэрскага Статыстычнага Камітэту, у якой, кажуць, было шмат рукапісаў? Архівы, партрэты і іншыя рэчы, належаўшыя слаўным смаленцам Пржэвальскаму, Глінцы, Нахімаву, валяюцца і гніюць на вышках і ў клунях двароў Смаленшчыны, расьцягаюцца выпадковымі аматарамі рэдкасьцяў, вывозяцца са Смаленшчыны прыязджаючымі антыквараміжыдамі.

§ 215. Зьнішчаны, а часьцю разабраны ў прыватныя рукі, вядомы „фамильный“ архіў Барозьдзіных, якія валадалі вялікімі землямі ў Беларускай Чарнігаўшчыне [91].

§ 216. Хоць іншы раз прадстаўнікі Маскоўскага ўраду і рабілі крокі да заховы тых ці іншых архіваў, але рабілі гэта так няўмела, так афіційна, што гэтымі сваімі захадамі прычынялі толькі шкоду. Так, у 1899 г. віленскі, ковенскі і горадзенскі генерал-губарнатар выдаў загад, каб усе матэр’ялы паветавых паліцейскіх кіравецтваў, якія датычылі паўстаньня 1863-65 годаў, сама паліція выдзеліла. Баючыся якіх колечы няпрыемнасьцяў з прычыны суровага загаду, паліція ва ўсім краю, замест архіўных адборак, папаліла або папрадавала ў крамы памянёныя архівы. Такім чынам загінула шмат першакрыніц па абмаскаліваньню Беларусі Мураўёвым.

§ 217. На вышках палацу віленскага генерал-губарнатара валялася чатэры торбы рожных брашур і кніг, затрыманых цэнзурай за час да 1912 г.; гэты цікавы матэр’ял заховываўся так няўважліва, што прыйшоў у поўную нягоднасьць і з дазволу губарнатара быў спалены.

§ 218. Зазначана зьніканьне і псаваньне кніг у многіх чырвоноармейскіх бібліатэках, у якіх сустрачаюцца і кнігі вялікай каштоўнасьці; гэтае нішчаньне дайшло да такой меры, што выклікала спэціяльны загад вайсковага зьверхніцтва аб спыненьні расьцяганьня і псаваньня кніг [92].

§ 219. Есьць весткі аб вывазе ў Маскоўшчыну беларускай бібліатэкі з Менску. Вываз адбыўся ў першыя годы рэвалюціі [93].

§ 220. У Міністэрства Унутраных Спраў, Сынод і Галоўны Штаб трэбавалі рожныя справы і дакуманты, якія заховываліся ў Вітабску ў архіве генерал-губарнатара Вітабскага, Магілеўскага, Смаленскага і Калужскага, а пасьля — і Менскага. Часьць гэтых дакумантаў засталася ў С.-Пецярбурзе ня зьвернутай назад у Вітабск.

§ 221. Вядомы крыўскі этнограф Раманаў кажа, што адзін з магілеўскіх архіерэяў (імя яго Раманаў ня прыводзіць), выехаўшы з Магілева ў свой родны горад Разань, вывез туды шмат гістарычных дакумантаў Магілеўшчыны, дзе пасьля яго сьмерці дакуманты гэтыя былі распрададзены ў крамы сваякамі нябожчыка. Весткі Раманава ня зусім праўдныя. Справа ў тым, што Магілеўская эпархія ў кругабег з 1797—1916 гг. зусім ня мела на сваёй катэдры архіерэяў з Разаншчыны („Могйлевская Епархія“, т. I, в. II, ч. II. Могилевъ-на-Днепре, 1910), а таксама ў памянёны кругабег ніводзін з магілеўскіх архіерэяў не паміраў у Разаншчыне (ibidem). Гадка-ж, што цікавячы нас архіерэй жыў да 1797 г., ня мае пад сабой грунту, бо тады няма сэнсу ўмаўчываць аб прозьвішчы.

Мне ведама, што кіраваўшы Магілеўскай эпархіяй з 1904 г. архіерэй Сьцяпан, які быў родам з Пензеншчыны, выехаў у Курскую губ., дзе і памёр. Аб гэтым архіерэю казалі, як аб вельмі вучоным. Відаць, што весткі, якія падае Раманаў, і трэба аднесьці да архіерэя Сьцяпана.

§ 222. І. Я. Якубовіч перадае ў С.-Пецярбургскую Архэографічную Камісію сваё сабраньне дакумантаў у крыўскай мове, якія абхоплююць кругабег ад 1492 году да XVII стагодзьдзя.

§ 223. Архэограф Беларусі Грыгаровіч ахвяруе Архэографічнай Камісіі ў С.-Пецярбурзе рукапісныя дакуманты, якія былі ім сабраны на Беларусі.

§ 224. Гісторык Каяловіч перадае ў Спб. Архэографічную Камісію крыўскі летапіс Авраамкі, знойдзены ў Полацку ў 60-х годах XIX ст., які складаецца з 450 балон — 225 лістоў.

§ 225. Спб. Архэографічная Камісія купляе сабраньне беларускіх актаў у Старажэнка і Хадаровіча.

§ 226. Полацка-Вітабскі архіерэй Саўва меў бібліатэку да 9000 назоў, якую ў 1893 г. перадаў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Саўсім магчыма, што бібліатэка мела старакрыўскія выданьні, бо Саўва прыймаў гарачы ўдзел у паленьні кніг крыўскіх уніяцкіх друкарняў.

§ 227. Віленскі губарнатар Ю. А. Доўгарукі сваю бібліатэку ахвяраваў Маскоўскаму Таварыству Аматараў Царкоўнай Асьветы.

§ 228. Бібліатэка бібліографа Г. Н. Геннаді, якая знаходзілася ў Смаленску, зложаная з сабраньня кніг на маскоўскай і эўропэйскіх мовах па бібліаграфіі, гістарычнай літэратуры, матэр’ялаў для жыцьцёпісаў маскоўскіх пісьменьнікаў і вучоных, калекціі літаграфій і сабраньня гравіраваных партрэтаў — звыш 3000, пасьля сьмерці ўладара ў 1880 г. прададзена ў С.-Пецярбург у магазын Фельтона, а партрэты перайшлі на перахову ў Маскоўскую Чарткоўскую бібліатэку.

§ 229. У магазын Фельтона ў 1902 годзе была прададзена часьць бібліатэкі Э. К. Гуттэн-Чапскага (са Станькова, каля Менска).

§ 230. Праф. А. Мухлінскі перадае ў бібліатэку С.-Пецярбургскага унівэрсытэту рукапісы, пісаныя ў крыўскай мове арабскімі літарамі.

§ 231. Кс. Сэнчыкоўскі перадае ў С.-Пецярбургскую бібліатэку з скрыні дакумантаў аб яго дзейнасьці на Беларусі. Часьць дакумантаў трапляе заграніцу.

§ 232. Некатарыя крыўскія старадрукаваныя помнікі XVI—XVII ст. даўно ўжо сталіся бібліаграфічнай рэдкасьцю, часам у адным толькі экзэмпляры, што стаўляе іх на адну роўню з рукапісамі, або арыгіналамі, і тут ось надта цікавае зьявішча, што ўсе гэтыя унікумы знаходзяцца ў вялікіх бібліатэках Маскоўшчыны, так, напрыклад: у Маскоўскай сынадальнай бібліатэцы, у Маскоўскай гарадзкой біб., у Маскоўскім публічным музэю, у бібліатэцы Галоўнага Архіву Міністэрства Замежных Спраў, у біб. Кіяўскага Міхайлаўскага манастыра, у Спб. Публічнай біб. і ў прыватных руках, напр., — М. 0. Каяловіча (у Пецярбурзе) і ў І. Малышэўскага (Кіяў).

Над мэтадамі здабычы гэтых цэннасьцяў установамі Маскоўшчыны прыходзіцца некалькі задумацца, дзякуючы ось якому надпісу, які захаваўся на аднэй з крыўскіх кніг, трапіўшых у Маскву: „сіа книжка дается пречестнейшему отцу Іосафу Драннку, Архимандриту Бизюковскому, ради діаріюша блаженного Афанасія на Москву; а прошу о возвращенш знову до Могилева, до насъ. Силвестръ Троцевичъ, игуменъ“.

Па сведчаньню акад. Е. Карскага болей усяго крыўскіх старадрукаваных КНІГ знаходзіцца ў С.-Пецярбургскай Публічнай бібліатэцы, хоць шмат іх ёсьць і Ў Маскоўскім Румянцаўскім музэю. Ужо значна меньшыя сабраньні крыўскіх старадаўных кніг знаходзяцца ў б. Маскоўскім Архіве Міністэрства Справядлівасьці, Кіяўскім Цэнтральным Архіве і С.-Пецярбургскай Архэографічнай Камісіі.

Ня лепшы лёс і крыўскіх старадаўных рукапісаў.

§ 233. У Маскоўскай Сынадальнай бібліатэцы паміж рожнымі крыўскімі рукапісамі XV—XVII ст. знаходзіцца рукапіс 1296 году; захоўваўся тут і Баркулабаўскі летапіс, вывезены ў XVII ст. казакамі з Быхаўшчыны.

§ 234. У С.-Пецярбургскай Акадэміі Навук знаходзіцца крыўскі рукапіс 1317 г.

§ 235. У С.-Пецярбургскай Публічнай бібліатэцы знаходзяцца крыўскія рукапісы XIV—XVI ст.

§ 236. У Музэю Кіяўскай Духоўнай Акадэміі знаходзіліся крыўскія рукапісы XV ст.

§ 237. У бібліатэцы Кіява-Пячэрскай Лаўры знаходзілася рукапісная кніга XV ст., пісаная ў Вітабску.

§ 238. У Маскоўскім Публічным і Румянцаўскім музэю знаходзяцца крыўскія рукапісы XVI—XVII ст.

§ 239. У Маскоўскім Архіве Міністэрства Замежных Спраў знаходзіцца крыўскі рукапіс XV ст.

§ 240. У бібліатэцы Маскоўскага Т-ва Гісторыі і Старадаўнасьцяў Маскоўшчыны знаходзілася крыўская рукапісная кніга XVI ст.

§ 241. У бібліатэцы С.-Пецярбургскай Архэографічнай Камісіі знаходзіўся крыўскі зборнік XVI ст. і шмат іншых дакумантаў.

§ 242. У бібліатэках б. Кіяўскай і Маскоўскай духоўных акадэмій, а таксама ў біб. Маскоўск. Чудаўскага манастыра знаходзіліся крыўскія рукапісы XVI ст., тое самае ў біб. Кіяўскага Міхайлаўскага манастыра.

§ 243. Крыўскія дакуманты знаходзіліся ў бібліатэцы С.-Пецярбургскага Галоўнага Штабу. У вайскова-вучоным архіве Галоўнага Штабу заховуецца Полацкая рэвізія — дакумант XVI—XVII ст. [94]

§ 244. У бібліатэцы Сійскага манастыра, перададзенай Архангельскаму царкоўна-архэолёгічнаму Камітэту, знаходзяцца, паміж іншым, і крыўскія рукапісы, напр., „Сокращенная литовская летопись“, „Родословіе литовскаго княжества“ [95], „Сказаніе о Меркурій Смоленскомъ“ і др.

§ 245. Аўтэнтычныя справы аб будаўніцтве г. Смаленска ў канцы XVI ст. трапілі Ў Салавецкі манастыр, адкуль разам са ўсёй бібліатэкай манастыра перавезены ў Казанскую Духоўную Акадэмію.

§ 246. У бібліатэцы Галоўнага Архіву б. Міністэрства Замежных Спраў заховываліся аўтэнтычныя граматы смаленскіх і літоўскіх князёў.

§ 247. Рукапіс „Дзеньніка Люблінскага сэйму“ быў знойдзены ў С.-Пецярбургскай Публічнай біб., а другі рукапісны экзэмпляр гэтага дзеньніка належаў біб. Пецярбургскага Галоўнага Штабу.

§ 248. Знаходзяцца старадаўныя крыўскія рукапісы і ў прыватных руках, напр., рукапісы XV ст. у бібліатэцы Уваравых у Маскве; рукапісы XVI ст.- у біб. Барсава, там-жа; рожныя крыўскія рукапісы ў бібл. Маслова, там-жа; крыўскія рукапісы ў біб. Сімсона ў Тверы; у сям’і Трубніцкага ў Магілеве, дзе заховывалася цяпер згубленая хроніка г. Магілева.

§ 249. Лаўрышаўскае Евангельле XIV ст., напісанае крыўскай мовай, знаходзіцца ў бібліатэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

§ 250. Дзякуючы шэрагу войнаў паміж Польшчай і Маскоўшчынай, шмат крыўскіх дакумантаў вывезена ў Аўстрыйскую Польшчу і Галіцію (Львоў, Галіч, Бэльз, Перамышль).

§ 251. Праф. Віленскага унівэрсытэту М. Баброўскі, які памер у 1848 г., меў вельмі цэнную бібліатэку, зложаную з вялікага ліку крыўскіх рукапісаў; бібліатэка прададзена Трэнбіцкаму ў Горадзеншчыну, адкуль была перавезена ў Варшаву Замойскаму.

§ 252. М. Чартарыйскі, які збудаваў Гомельскі замак і ўцек у канцы XVII ст. за рубеж, — забраў з сабой і каштоўныя дакуманты, датычныя гісторыі Гомеля, царскія, каралеўскія граматы і інш. дакуманты, якія цяпер знаходзяцца ў Кракаве і зусім недаступны для карыстаньня; сярод вывезеных ім дакумантаў знаходзіцца чарнавік умовы Рады Вялікага Князьства Літоўскага з вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам.

§ 253. Апрача Стрыйкоўскага і Бельекага, шмат другіх польскіх дзеячоў зьбіралі крыўскія рукапісныя і друкаваныя цэннасьці:

а) Кіяўскі біскуп Залускі для папаўненьня свае Варшаўскай бібліатэкі (пасьля яна была перавезена ў С.-Пецярбург) сабраў на Беларусі „невыабразіма вялікі лік кніг і рукапісаў“; частка іх была зьнішчана.

б) Адам Нарушэвіч, вікары Смаленскага біскупа (+ 1796), па даручэньню караля Станіслава Аўгуста пісаў гісторыю Польшчы, і з гэтай прычыны ён аб’язджаў Беларусь і сабраў шмат гістарычных рукапісаў.

в) Каля 1790 г. Язэп Ассалінскі аб’ехаў усю Беларусь і „забраў множства рукапісаў і кніг з манастырскіх і царкоўных бібліатэк“.

г) Аб Тадэўшу Чацкім (пачатак XIX ст.) палякі пішуць, што на Беларусі ня было НІ гораду, ні панскага двара, ні бібліатэкі, ні касьцёлу, ні праваслаўнай царквы, дзе бы ня быў Чацкі з мэтай зьбіраньня рукапісаў і кніг.

д) Ів. Тарноўскі (пляменьнік Чацкага), жывучы на Беларусі, не шкадаваў грошы на куплю кніг і рукапісаў.

е) Самуэль Ліндэ (дырэктар публічнае бібліатэкі ў Варшаве) у 1819 г., па даручэньню ўраду Маскоўшчыны, пасьля агляду зачыненых на Беларусі манастыроў, вывез у Варшаву 50 тысяч кніг.

ж) Канстантын Сьвідзінскі з 1812 г. па 1830-ыя годы некалькі разоў езьдзіў на Беларусь з мэтай зьбіраньня кніг і вывозіў сабранае ў Варшаву.

§ 254. Шмат кніг сабраў на Беларусі і другі Чартарыйскі — Адам, папячыцель Віленскага Вучомнага Округу; бібліатэка яго была ў Пулавах Люблінскай губ., адкуль пасьля 1831 г., як канфіскаваная, часьцю была перевезена ў С.-Пецярбургскую Публічную біб. і бібліатэку Генеральнага Штабу, а другая часьць з цэннымі дакумантамі вывезена была ўладаром у Галіцію, адкуль перапраўлена ў Парыж.

§ 255. Шмат дакумантаў з Несьвіжскага архіву Радзівілаў перайшло ў Варшаву да Квяткоўскага і ў Курнік да Дзялынскага.

§ 256. Вялікая бібліатэка Віленскай рымска-каталіцкай сэмінарыі ў 70-х годах XIX ст. раскрадзена букіністымі і перапраўлена ў Львоў.

§ 257. У бібліатэцы Красінскіх у Варшаве знаходзіцца крыўскі рукапісны зборнік XVI ст.

§ 258. Крыўскія рукапісы XVI ст. знаходзяцца ў Холмскім Богаяўленскім брацтве і ў Львоўскім Ануфрэйскім манастыры.

§ 259. Есьць крыўскія дакуманты ў Рыжскім гарадзкім архіве.

§ 260. У біб. Рачынскіх у Пазнані знаходзіцца крыўскі зборнік XVI ст.

§ 261. У Бэрлінскай Каралеўскай біб. знаходзіцца крыўскі рукапіс

ст.

§ 262. Бязсьледна прапаў архіў сьв. інквізыціі, які знаходзіўся ў мурох Дамініканскага манастыра ў Вільні.

§ 263. Зусім зьнішчаны справы, дакуманты і кнігі істнаваўшых у Вітабску з 1917 году: а) Выканаўчага Камітэту Воінаў-Беларусаў Паўночнага фронту, б) Вітабскай Беларускай Соціялістычнай Грамады, в) Вітабскага Беларускага Націянальнага Камісарыяту.

ДАДАТКІ. § 1. Да 1918 г. На аднэй з паперных фабрык г. Масквы перароблены на паперу архіў „Сохранных касс“, у якім было шмат дакумантаў з канца XVIII ст. да 1861 г. па дасьледжваньню эканамічнай стараны беларускага сялянства і панскіх двароў за часы паншчыны. (Большаков: О судьбе некоторых архивных материалов по истории крепостного хозяйства с конца XVIII века. „Архив истории труда в России“, кн. 6-7, 1923 г.; Ал. ІІІлюбскі: Беларусь у рас. навук. выд. за 1923 г. „Полымя“, К» 7-8, 1923).

§ 2. Да 1922 г. «На Вітабшчыне зьнішчана шмат ня толькі дакумантаў, але нават і цэлых архіваў, дзякуючы таму, што архіўнай справай ведаў з цёмным мінулым латыш Б. Р. Брэжга, які, зьнішчыўшы значную частку крыўскіх архіваў, выехаў у Латвію. Гл. артыкулы: „Зьнішчаньне беларускіх архіваў на Вітабшчыне“ („Савецкая Беларусь“, 1922, № 233) і „Становішча архіўных устаноў“ (ibid, 1923, № 79).


[1] Гл., напрыклад, Мих. Родевича: Белорусския народный школы („Заря“, 1871, кн. 8-9, с. 103) або „Христианское чтение“, 1903, с. 500.

[2] Русско-Ливонские акты, собранные К. Е. Напьерским, 1868, б. IV.

[3] М. Аксенов: Очерки из истории народнаго просвещения в Смоленском крае с древнейших времен до начала XIX ст. („Памят. кн. Смоленской губ. на 1907 г.“), с. 7.

[4] В. А. Лялин: Виленский Центральный Архив (Сборн. Археологическаго Института. Спб., 1878, кн. I, отд. 1, с. 25).

[5] У тым, што Крывія Ў XII ст. мела такую вялікую бібліатэку, ня прыходзіцца ніколькі сумлявацца, калі ўспомнім, што ўкраінцы мелі бібліатэку ў Кіяве яшчэ раней — у 1041 годзе. (Первая русская бібліотека. „Библиограф“, Спб., 1891, № 11.) Істнаваньню такой бібліатэкі саўсім не пярэчыць культурны стан тагочаснай Смаленскай Беларусі. У XII ст. вечавы Смаленск быў значным асяродкам тагочаснай Крывіі; здабыўшы палітычную магутнасьць (быў час, калі Смаленск меў да 17 удзельных князёў), робячы вялізарныя, як на тыя часы, гандлёвыя авароты, — да XIII стагодзьдзя Смаленск зьмяшчаў 40-тысячны лік жыхароў, спрыяў разьвіцьцю штукарства і будаўніцтва, які, паводле заявы С. Салаўёва, быў ключом-горадам у стасунку да Крывіі, Маскоўшчыны і Украіны, дзякуючы сваім стасункам з Нямеччынай, Візантыяй і Усходняй Эўропай, высока, як на тыя часы, разьвіў адукацыю (Н. Никольский: О литературных трудах м. Климента Смолятича, писателя XII в., Спб., 1892; Лавровский: О древнерусских училищах. Харьков, 1854, с. 49, 50 і інш.; Голубовский: История Смоленской земли до конца XV столетия, с. 242—254 і інш.) і доўгі час быў для Масквы крыніцай кніжнага багацьця.

[6] Акты, изд. Виленской Археографич. Ком., XVII, № 426.

[7] Е. Карскі: Беларускія летапісы.- Гл.: „Беларусь“, 1920, № 65.

[8] А. Сапунов: Витебская Старина. Витебск, I, 1883 г., увага 180.

[9] Д. Иловский: История России. Москва, 1890, III, с. 299.

[10] В. Иконников: Опыт русской историографии. Киев, 1, 1, с. 109.

[11] Н. Зорин: Минувшее и настоящее г. Полоцка. Полоцк, 1910, с. 27.

[12] В-т (Ластоўскі): Паленьне кніг на Беларусі.- Гл.: „Крывіч“. Коўна, 1924, № 1, с. 59-61.

[13] Іезуиты в Литве. — Гл.: „Памят. кн. Гродненской губ. на 1886 г.“, сс. 50

і 54.

[14] Арсеньев: Родословие Орловских дворян Масловых („Записки Историко- Родославнаго Общества“, 1907).

[15] Ф. Добрянский: Описание рукописей Виленской Публичной библиотеки, с. XXXVIII.

[16] К. Харлампович: Западно-русские православныя школы XVI и начала XVII в. Казань, 1898, с. 60.

[17] Хроника Павла Пясецкого. — Гл.: „Памятники древной письменности и искусства“. Спб., 1866, с. 40-41.

[18] С. Писарев: Княжеская местность и храм князей в Смоленске. Смоленск, 1894, с. 155.

[19] Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской: в. 1, 1871, Витебск, с. III—IV.

[20] Кедров: Древне-русския братства („Русский Архив“, Спб., 1901, кн. 2, с. 331).

[21] В. Краснянский: Город Мстиславль. Вильна, 1912, с. 40, 80.

[22] Н. Янчук: Нарысы па гісторыі Веларускае літаратуры. 1922, Менск, с. 61.

[23] С. Белокуров: О библиотеке московских государей в XVI ст., 1899, Москва, с. 35-36.

[24] Н. Оглоблин: К истории гонений на „литовския книги“ в XVII ст. („Библиограф“, 1899, № V).

[25] Дм. Довгялло: Пожар в Марковщине 1685 года („Витебския губернския Ведомости“, 1896).

[26] И. Петропавловский: Сильвестр II, Святополк Четвертинский, епископ Могилевский, и состояние при нем православной церкви в Могилевской Епархии („Могилевские Епархиальные Ведомости“, 1889 г., № 8, с. 47).

[27] И. Данилов: Правит, распоряжения относительно отечественных древностей с имп. Петра I, особенно в царствование Александра II („Вестник археологии и истории“, Спб., 1886, вып. VI).

[28] А. Гаврилов: Постановления и распоряжения Св. Синода об охране памятников древности („Вестник археологии и истории“, Спб., 1886, вып. VI).

[29] Дм. Довгялло: Марковские гайдамаки. Витебск, 1896, с. 21.

[30] Радзівілы ўладалі вялікім багацьцем, якое перавышала багацьце многіх пануючых асоб; князь Радзівіл адбудаваў замак у Несьвяжы, які быў разбураны швэдамі; у гэтым замку Радзівіл, паміж іншым, сабраў вялікую бібліятэку, каля 20 000 тамоў („Россия“, IX, с. 432—433), а паводле других вестак — больш чым 50 000 тамоў (А. Киркор: „Поселения в Белорусском Полесье“, „Живописи. Рос.“, III, Спб., 1882, с. 370); бібліатэка складалася з кніг на рожных мовах, у тым ліку і на стара-беларускай; частка кніг належала да пачатку XVII ст., было Ў бібліатэцы і шмат рукапісаў, у тым ліку Acta Тоmісіana ў 27 тамох іп folio.

[31] Описание рукописей, хранящихся в архиве Свят. Правит. Синода. Т. I, Спб., 1904, с. VII.

[32] Розыск западно-русских летописей для императрицы Екатерины II („Древняя и Новая Россия“, 1880, № 4).

[33] Літоўская Мэтрыка абыймае вялікі кругабег крыўскае гісторыі XII па XVII ст., і значэньне гэтых дакумантаў пры дасьледаваньні беларускае гісторыі — бязьмерна вялікае; доля гэтых дакумантаў такая: да XVI ст. яны заховываліся ў замку літоўскіх князей у Троках (Віленшчына), адкуль былі перавезены ў Вільню, а ў XVIII ст. — у Варшаву; пры апошняй перавозцы іх у 1795 г. у Пецярбург часьць дакумантаў была зьнішчана, а крыху раней — у 1655 г.- часьць дакумантаў вывезена ў Швэцію (Янчук: Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры, с. 61-62).

У рэвалюцыйныя годы былі зроблены захады з боку Польшчы і Літвы, каб перавязьці Літоўскую Мэтрыку да сябе. Вырашаньне пытаньня адносна дамаганьняў Літвы апісаны У. Ігнатоўскім у нарысе „Сучаснае гаспадарства і Літоўская Мэтрыка“ („Савецкая Беларусь“, 1921, № 135). Нарыс Ігнатоўскага канчаецца так: „Мэтрыка ёсьць прадукт творчасьці беларускай старажытнай культуры, каторая разьвівалася на быўшай беларускай тэрыторыі“.

[34] Ст. Сташицкий: Библиотека Великаго Князя Литовскаго в Вильне в 1510 г. („Библиограф“, 1888, № 1).

[35] А. Жиркевич: Смоленские архивы в 1812 г. („Смоленская Старина“, 1909, в. 1, ч. 1, с. 360—366).

[36] П. Пылаев: Описание пергаментнаго евангелия, хранящагося в музее, состоящем при Киевской Духовной Академии („Труды Киевской Духовной Академии“, 1876, № 12, прылажэньне, с. 1).

[37] Дм. Довгялло: Лепель, 1905, выдадзена ў Вітабску, с. 39.

[38] Исторические документы („Витебские Губернские Ведомости“, 1909, № 149).

[39] С. Ярославцев: Гор. Климовичи („Записки Северо-Западнаго Отд. Русскаго Географич. Общ.“, Вильна, 1914 г., IV, с. 68).

[40] А. Вераксин: Березвечский монастырь… Вильна, 1910, с. 3-4, 28-29.

[41] У 1580 г. Сьцяпанам Баторым адчынена была ў Полацку езуіцкая калегія, рэарганізаваная ў 1812 г. у Акадэмію; галоўнымі мэтамі гэтай установы было шырэньне каталіцтва на Беларусі. Належала яна да найбагацейшых калегій ва ўсей Беларусі і нават Польшчы і з гэтай прычыны мела вялікую і нязвычайна цэнную бібліатэку.

Кніжнае і рукапіснае багацьце бібліатэкі падзялялася на дзьве часьці; адна часьць складалася з кніг на чужаземных мовах, мела яна больш 3.000 тамоў, а другая часьць бібліатэкі, стасункова малая, складалася з літэратуры на польскай мове. Абедзьве гэтыя бібліатэкі мелі кнігі з закрэсу астраноміі, архітэктуры грамадзянскай і вайсковай, багасловія дагматычнага і моральнага, сьвятога пісаньня, батанікі, геомэтрыі, географіі, гомілетыкі, дыалектыкі, зоалёгіі, правадаўства па дыплёматыцы, гісторыі агульнай і царкоўнай, красамоўству, а такжа — аб літэратурах: арабскай, грэцкай, Італьянскай, лацінскай, нямецкай, польскай, расійскай, сырыйскай і французкай, па лёгіцы, матэматыцы вышэйшай, мэтафізыцы, мінэралёгіі, паэзіі, праву царкоунаму, сілідамэтрыі, трыганамэтрыі плоскай і сфэрычнай, фізыцы агульнай і частковай, філёзофіі, хіміі тэорэтычнай і практычнай.

Цікава, што ў 1812 г., калі французы на ўсім сваім шляху нішчылі бібліатэкі і кнігі, езуіты ўратавалі сваю бібліатэку ад зьнішчаньня, дзякуючы таму, што далі французам мільён франкаў і зьмясьцілі ў сваіх мурох французкіх маршалаў.

[42] П. Викентьев: Полоцкий Кадетский Корпус. Полоцк, 1910, с. 43-44.

[43] Императорская Публичная библиотека за сто лет. Спб., 1914, с. 107.

[44] Алеся Гаротная (Шлюбскі): Лес маетнасьцяў Вітабскага Архэолёгічнага Інстытуту („Савецкая Беларусь“, 1923, № 13).

[45] А. Сапунов: Университет в Полоцке. Витебск, 1908, с. 3.

[46] У часе вайны 1914—1920 выкрыта было шмат кніг з Полацкай Акадэміі Ў Дзвінскай гімназіі.

[47] Н. Янковский: О бунте гор. Минска и об усмирении онаго в 1648 году. Москва, 1847.

[48] Пачатак бібліатэкі быў паложаны ў 1570 г. перадачай Акадэміі Віленскай капітулай кніг, якія засталіся пасьля сьмерці суфрагана Юрыя Альбіні. У 1572 г. кароль Жыгімонт II перадаў акадэміі вядомую бібліатэку Ягелонаў, якая пераховалася ў віленскім замку і складалася з кніг на лацінскай чэшкай, польск., стараслав. мовах (ведама, пад гэтай рубрыкай трэба разумець ł кнігі на беларускай мове) і цанілася каля 10 тысяч чырвонцаў. У 1579 г. пасьля сьмерці заснаўца акадэміі біскупа Пратасэвіча акадэмічная бібліатэка атрымала некалькі тысяч тамоў кніг. Каля 1598 г. ксёндз Краснадубскі ахвяраваў акадэміі вялікае сабраньне італьянскіх і гішпанскіх кніг. У 1623 г. каралеўскі сэкратар Вярбіцкі перадаў акадэміі адзін са сваіх двароў з тым, каб з яго даходаў 100 злотых ішло штогодна на куплю кніг. У 1655 г. падканцлер літоўскі Сапега ахвяраваў уласную бібліятэку, якая складалася больш чым 3 3.000 экзэмпляраў рэдкіх выданьняў. У 1800 г. з бібліатэк горадзенскіх езуітаў паступіла вельмі каштоўнае сабраньне кніг у 3.128 тамох. Апрача пералічанага, было шмат другіх вялікіх ахвяр у бібліатэку акадэміі.

У 1812 г. у бібліатэцы лічылася 18.025 тамоў, а пасьля 1819 г.- да 40.000 тамоў (у тым ліку і рукапісы Альбэтрандзі, Догеля, фэльдмаршала Шэрэмецьева); у 1830 г. у бібліатэку акадэміі паступіла бібліатэка яе рэктара Сьнядэцкага; у 1831 г. бібліатэка мела 51.837 тамоў. У 1803 г. акадэмія рэарганізавана на унівэрсытэт, які ў 1832 г. быў зачынены.

[49] У склад кніг, перададзеных Рымска-каталіцкай акадэміі, паміж іншым, уходзіла 7000 тамоў бібліатэкі галоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Вільні; у ліку апошніх было 2.000 тамоў, сабраных праф. Баброўскім у час яго падарожы па славянскіх зямлях (Radziszewski Fr., Wiadomość historyezno-statustyczna o znakomitszych bibliotekach і archiwach publicznych і prywatnuch w Jcrólewstwie Polskiem, Galicyi, w. ks. Poznańskiem і zachodnich guberniach państwa Rossyjskiego. Kraków, 1875, c. 111, 113).

[50] H. Юницкий: Фундуши и стипендии Виленского учебнаго округа, ч. 1, в. 1. Вильна, 1884, с. 197.

[51] Записки Иосифа Митрополита Литовскаго. Т. II, Спб., 1883, с. 528.

[52] Г. Киприанович: Жизнь Иосифа Семашки митрополита Литовскаго и Виленскаго. Вильна, 1879, с. 321—322.

[53] (Жукович В.): Сообщение об архиве Западно-русских униатских митрополитов. Петроград, 1915, с. 10.

[54] Н. Цылов: Сборник распоряжений гр. М. Н. Муравьева по усмирению польскаго мятежа в северо-западных губерниях 1863—1864 гг. Вильна, 1866, с. 25.

[55] Бібліатэку гэту Вітабская сэмінарыя (быўшая Полацкая) атрымала ад Васільянскага манастыра, які быў пры полацкай Сафіі, заняўшы яго будынкі. Зьбіралася бібліатэка васільянамі самымі рожна-якімі спосабамі: шляхам куплі, прыватных ахвяр і далучэньня да бібліатэкі кніг, якія заставаліся пасьля сьмерці манахаў; папаўнялася яна і прысылкай з Магілева, Дынабурга, Крэмянца, Пазнані, Жыдзічанскага і Падубіскага базыльянскіх манастыроў; папаўнялася яна і кнігамі з бібліатэк полац- кіх уніяцкіх архібіскупаў: Календы, Грэбніцкага, Смагаржэўскага і Красоўскага. На перададзеных у Кіяў кнігах часта можна знайсьці, напрыклад, такія надпісы: „Z bibliotheki Bialo-Ruskiego Graeco-Unitskiego seminarium“, „z Seminarium Biało-Ruskie go Poleskiego“.

Перадача гэтай бібліатэкі ў Кіяў выклікала некаторы газэтны гоман; адны хіліліся да цэнтралізаціі культурных каштоўнасьцяў у большых гарадох Маскоўшчыны, а другая даводзілі, што кнігі, вывезеныя ў Кіяў, павінны застацца на Беларусі.

[56] Дм. Довгялло: По-униатская библиотека Витебской духов, семинарии („Полоцкие Епарх. Вед.“, 1901, № 1 — 2).

[57] А. С. Крыловский: Систематический каталог книг библиотеки Киевской духовной академии (бывшей Полоцкой униатской библиотеки). Киев, 1906.

[58] В. См о л ко: Пагібель старасьветчыны (Часопісь Міністэрства Беларускіх Спраў № 1, 1919, Коўна).

[59] А. Шлюбский: Из преступленій „интеллигенции“ („Известия Велижского У. С. Р. К. К. и Б. Д.“, 1919, № 132).

[60] Агурский С.: Об архивах царской охранки в Белоруссии („Звезда“, Менск, 1924, № 163).

[61] Хозяйчики-охранники на скамье подсудимых („Звезда“, Менск, 1924, № 260).

[62] Гурык Г.: Добры пачын („Дзянніца“, Москва, 1918, № 36).

[63] Дикие нравы („Известия Исполнит. Комитета Советов Запад. Области“… Смоленскъ, 1918, № 172).

[64] Даклад праф. Сапунова ў справах Вітабскага Губархіва за 1920 г.

[65] Дм. Довгялло: Отчет члена Археографической Комиссии… („Древности“, Москва, 1902, т. II, в. II).

[66] Старый Студент: Студенты („Голосъ Гродны“, Гродна, 1919, № 2).

[67] К.: Дзікасьць („Савецкая Беларусь“, 1921, № 79).

[68] Энга: Бібліатэкі („Савецкая Беларусь“, 1921, № 192).

[69] N (М. Мялешка): Нашы старажытнасьці („Вольны Сьцяг“, Менск, 1921, № 6, с. 37).

[70] Алеся Гаротная (Шлюбскі): Бібліатэчныя справы на Вітабшчыне („Савецкая Беларусь“, 1923, № 26).

[71] Ўл. Барашка: Беражэце архівы! („Савецкая Беларусь“, 1923, № 27).

[72] Р. Шукевич-Третьяков: Спасайте волостные библиотеки! („Звезда“, Менск, 1923, № 186).

[73] Ал. Шлюбскі: Лес бібліатэкі і архіву Сёмкава-Гарадка („Савецкая Беларусь“, 1923, № 172).

[74] Верас: Зьвярніце ўвагу на бібліатэку („Савецкая Беларусь“, Менск, 1924, № 225).

[75] Ал. Сянкевіч: Наша культурна-гаспадарчае жыцьцё („Савецкая Беларусь“, Менск, 1924, № 253).

[76] В. Лялин: Виленскій Центральный Архивъ („Сбор. Арх. И-та“, I, 1878, с. 27-28).

[77] В. К. Голуб: Пятидесятилетие Виленскаго Центральнаго Архива древнихъ актовыхъ книгъ. Вильно, 1902, с. 21.

[78] П. Владимиров: Изъ новейшей летописи северо-западной Россій („Русская Старина“, 1885, X, с. 117).

[79] Добротворский: Йсторйко-археологйческій музей въ Смоленске („Исторический Вестникъ“, Спб., 1888, т. XXXIV, с. 525).

[80] Паевскій Л.): Наши провинциальные архивы и ихъ значение для западнорусскаго края. Гродно, 1894, с. 5, 17).

[81] (А. Сапунов: Архивъ въ Могилеве и Минске („Древности“, Москва, т. II, в. II, 1902, с. 313).

[82] Арх. Николай: Историко-статистнческое описание Минской епархии, Спб., 1864.

[83] Довгялло: Марковские гайдамаки. Витебск, 1896, с. 3.

[84] П. Красавицкий: Памятники церковной старины Полоцко-Витебскаго края и ихъ охрана („Полоцко-Витебская старина“, 1911, Витебск, кн. I, с. 31).

[85] Л. Паевскій: Жировйцкій и Бресть-Литовскій архивы („Труды IX археологическаго съезда въ Вильне“, Москва, 1895, т. I, с. 300—303).

[86] Дневникъ Люблинскаго сейма 1569 г. Спб., 1869, с. XIII.

[87] А. И. Миловидов: Архивъ упраздненнаго Пинскаго Лещинскаго монастыря („Чтенія въ общ. ист. и др. росс.“, 1900, II, с. 5).

[88] А. Жиркевич: Свежо преданіе, а верится съ трудомъ („Историч. Вестникъ“, 1902, IX, с. 709, 770, 772).

[89] Сапунов: Привилегии, данныя королями польскими г. Витебску („Полоцко-Витебская Старина“, 1912, кн. 2, а 327).

[90] N: Нашы старажытнасьці („Вольны сьцяг“, 1921, М» 6).

[91] Лазаревскій: Сулимовскій архивъ, Кіевъ, 1882, с. I—II.

[92] Красноармейская передвижная библіотека. Смоленскъ, 1920, с. 5-6, 43.

[93] Я. Ксяневіч: Беларуская кнігарня («Звон», Менск, 1919, № 9).

[94] И. И. Лаппо: Полоцкая ревизия 1552 г. («Чтенія въ общ. исторіи и др. роса», 1905, II, с. VII).

[95] Бугославский: Сокращенная литовская летопись начала XVI в. («Смоленская Старина», Смоленскъ, 1911, в. I, ч. II, с. 3).