Марына (Шаўчэнка/Глебка)
Марына Паэма Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1848 Арыгінальная назва: Марина Пераклад: Пятро Глебка Крыніца: Кабзар - с. 180-183 |
Нібы цвічок у сэрца ўбіты,
Марыну гэту я нашу.
Час апісаць-бы працавіта,
Дык што-ж, сказалі-б, што брашу.
Што на паноў, бачыш, сярдзіты.
Ды вось такое і пішу
Пра іх сабачыя звычаі...
Сказалі-б проста: дурань лае,
Што ён прыгонны сам,
Неадукованы і хам.
Няпраўда! Бачыць бог, не лаю!
Не шкода мне, што я не пан,
А горка мне і жаль вялікі
На ўсіх вучоных хрысціян.
. . . . . . . . . . .. . . .
І звер таго не зробіць дзікі,
Што вы, б’ючы паклоны,
З братамі чыніце... Законы
Складаны катамі за вас—
І вам дармо! У добры час
У Кіеў ездзіце здалёку
Штогод да споведзі, няўрокам,
Да схімніка!
І то сказаць:
Чаго я гарую?
Ані злога, ні добрага
Я ўжо не пачую,
А як, кажуць, хто не чуе,
Дык таму ўсёроўна.
Прылятай-жа з Украіны,
Дружа мой чароўны,
Мая дума прачыстая.
Верная сябрына,
Ды раскажы, мая зорка,
Пра тую Марыну:
Як яна у пана злога
Й за што гаравала!—
Ды ціхенька, каб не чулі,
Або не дазналі;
А то скажуць, на дарогах
Чынім мы разбоі,
І далей яшчэ загоняць,
Прападзем абое...
Нядаўна гэтае было.
Цераз сяло вяселле йшло,
А пан з касцёла ехаў,
Ці управіцель, а не пан.
Пад шум вясельных паязджан,
За крыкам ды за смехам
Ніхто й не бачыў, як праехаў
Той управіцель, лях сабачы,
А ён дык добра бачыў,
А надта маладую!..
За што бо мілуе гасподзь
Ліхую дрэнь такую,
Як управіцель? Другі год,
Як ён з нямецкімі плугамі
Забраўся голы ў той куток,
А колькі бедных тых дзявок
Пусціў па свеце з байструкамі!
І вось нічога! А жанаты
І мае двое дзетачак,
Як гожых кветачак.
Глядзіце, вышла з панскай хаты,
Як краля, пані маладая
Гуляць з маленькімі. Мой пан
Вылазіць з брычкі й пасылае
Па маладога на сяло;
А после дзетачак вітае
І жонку, кралю маладую,
Аж тройчы бедную цалуе,
І размаўляючы пайшлі
Сабе ў пакоі... Неўзабаве
І маладога прывялі
(З вяселля ды ў гусары).
На заўтра ў горад адвязлі
Дый загалілі ў маскалі!
Вось так па нашаму звычаю
Не думаўшы канчаюць!—
А маладая? Ёй без пары
Судзіў напэўна зносіць бог
Красу і маладосць... Як чары
Распалалася яе любоў...
І давялося ў людзі зноў
Прасіцца ў наймы? Не, не зноўку,
Яна ўжо панна пакаёўка,
Ужо Марысяю завуць,
А не Марынаю! Бядачай,
Гаротнай плакаць не даюць;
Яна-ж схаваецца і плача.
Дурная! шкода мужыка,
Таго святога бедака.
А глянь кругом сябе без краю
І лепшага не трэба раю!
Чаго ты хочаш пажадай,
Усё дадуць, яшчэ й багата!
Не трэба, кажаш, дайце хату!
Пра гэта лепш і не пытай,
Бо ты... сама здарова знаеш...
Глядзі, жарэбчыкам якім
Сам пан навокал пахаджае,
Ужо ці добрым, ці ліхім,
А будзеш панскаю радзінай,-
Хіба загінеш!.. Па Марыну
Прыходзіла маці
У пана прасіці;
Сказаў не пускаці,
А як прыдзе—біці.
Што тут ёй рабіці?
Пайшла рыдаючы ў сяло:
Адным-адно дзіця было,
І тое згібла ....
... ... ...
Нібы груган той пра няўдачы
Ці непагоду людзям крача,
Так я пра слёзы, ды пра тых
Байстручанят людскіх бядачых,
Хоць не шкада нікому іх,
Расказваю, ды плачу.
Мне шкода іх... Мой божа мілы!
Дай словам ты святую сілу—
Людское сэрца прабіваць,
Людскія слёзы праліваць,
Каб літасць душы асвяціла,
Каб смутак ім на вочы паў,
Каб кожны сэрцам шкадаваў
Маіх дзяўчатак, каб любілі
Шляхамі добрымі хадзіць,
Святога госпада хваліць,
І брата мілаваць...
Насілу
Ў хату дзверы адчыніла.
Зірнула—кветкі у цямне,
За абразом і на акне;
Крыжы прыгожа на сцяне,
Нібыта добрая карціна,
Панамалёваны... Марына!
І ўсё Марына, ўсё сама!
Адно Марыначкі няма.
І ледзьве-ледзьве вышла з хаты,
Пайшла на ўзгорак, на пракляты
Палац той глянуць, і пайшла
Аж пад палац. Пад тынам села
І ночку цэлую сядзела
Ды плакала. Ужо з сяла
Авечак пастухі прагналі,
А маці плакала, рыдала.
Ужо і сонейка ўзышло,
Ужо й зайшло, змяркацца стала,
Не йдзе, нябога, у сяло,
Сядзіць пад тынам. Праганялі,
Ужо й сабакамі цкавалі —
Не йдзе, дый годзе!..
А Марына ў сукні белай,
Нібыта бяліца,
Богу моліцца, ды плача
Ў замкнёнай святліцы.
Апроч пана у святліцу
Ніхто не ступае,
Сам ён есці ёй прыносіць,
Моліць, упрашае,
Каб на яго паглядзела,
Каб уцерла вочы…
І глядзець яна не хоча,
І есці не хоча.
Што рабіці? лях паганы
Не можа дазнацца;
А Марына вяне, сохне
У белых палацах.
Ужо й лета прамінула,
І зіма ўжо скора,
А Марына сядзіць сабе,
Ужо й не гаворыць
І не плача... Гэтак яе
Даканаў, нябогу,
Управіцель... а ўсё-такі
Не зробіць нічога,
Хоць рэж яе! Радзілася
Яна ўжо такою!
Раз увечары Марына
Глядзела зімою
На лес чорны, а з-за лесу
Усходзіў дзяжою
Месяц жоўты .—І я калісь
Была маладою...—
Прашаптала, спахмурнела,
После заспявала:
Хата на памосце,
Наехалі госці;
Распляталі косы,
Каснікі здымалі,
А пан просіць сала,
А чорт есці просіць.
Гусі, гусі белы
Ў вырай паляцелі,
Шэрыя-ж—на мора!..
. . . . . .. . . . . . .
Завылі псы на двары,
Зайшліся з рогату псары,
А пан—чырвоны—аж гарыць,
Ідзе ў святліцу да Марыны,
Як Кірык п’яны...
Нібы ў хаце,
На холадзе нябога-маці
Пад тынам тым усё сядзіць.
Старая быццам адурэла.
Мароз лютуе, аж рыпіць,
Чырвоны месяц стаў аж белы,
І варта боязна крычыць,
Каб злога пана не ўзбудзіць.
Аж зірк, палацы заняліся.
Пажар! Пажар! І дзе ўзяліся
У бога людзі? Як з зямлі
Радзіліся і тут раслі,
Нібыта хвалі наплывалі
Ды на пажар той паглядалі.
Было й чаго дзівіцца ім!
Марына голая зусім
Перад будынкам танцавала
У пары з маткаю!—і страх,
З нажом крывавым у руках,
І прыпявала
Ці не гэта кумка тая,
Што падолік падтыкае?..
Як была я пані
Ў новенькім жупане—
Панічы віталі,
Рукі цалавалі!..
{Да маткі)
А вы ка мне ды на вяселле
З таго свету прышлі?
Мне ўжо і косы расплялі,
Ды пан прыехаў... Гіля! Гіля!
Ці то не гусі,—то паны,
Глядзі, у вырай паляцелі,
Агу! гіля! да сатаны,
Да чорта ў госці! Чуеш? Чуеш?
У Кіеве званы ўсе звоняць.
Ці бачыш? Вунь агонь гарыць,
А пан ляжыць сабе, чытае
І просіць піць... А тое знаеш,
Што я зарэзала яго?..
Глядзі! Вунь галавешкай чорнай
Стаіць на коміне... Чаго,
Чаго глядзіш туды напорна?
То-ж маці! маці! Не глядзі!
А то з’ясі. Вось на глядзі!
(Дае фігі і спявае)
Пакахала маскаля,
Ды 'шчэ й зубы выскаляць!
Маскалі, маскалі!
Андарак набылі;
Панічы—
Дукачы,
А паповічы далі
Срэбныя каралі!.
Бі, звоне, бі!
Хмару разбі!
Няхай хмара
На татараў,
А сонейка на хрышчоных;
Бі, звоне, бі!
Маці
Марыначка! Хадзем-жа спаць!
Марына
Хадзем-жа спаць, бо заўтра рана
Мы пойдзем да царквы. Паганы,
Глядзі ты, лезе цалаваць.
Вось на табе!..
Маці
Хадзем-жа спаць!
(Да людзей)
Хрышчоны люд, дапамажыце!
Марына
Узяць мяне! Узяць! Вяжыце!
Вядзіце к пану у святліцу!
А ты ці пойдзеш падзівіцца,
Якою паннаю Марына
У пана пад замком сядзіць?
І вяне, сохне, гіне, гіне
Дзіцёнак любы твой адзіны,
Твая Марыначка.
(Спявае)
Ой гіля, гіля, шэрыя гусі!
Гіля на Дунайі Завязала галовачку,
Цяпер сядзі ды гадай!
І птушкам воля ў чыстым полі,
І птушкам весела лятаць,
А я завяла у няволі.
(Плача)
Хоць трэ’ было б каралі ўзяць:
На іх павесілася-б... бачыш,
Шкада!.. Хоць ты тапіцца йдзі!
Чаго-ж ты, мама мая, плачаш?
Не плач, галубачка! Глядзі:
То-ж я, Марыначка твая!
Глядзі: вунь чорная змяя
Па снезе лезе... Уцяку!
Ізноў у вырай паляту!
Бо я зязюлею ўжо стала...
Ці ён у госці не прыходзіў?
Забілі, мабыць, на вайне...
А знаеш, я прысніла ў сне:
Нібыта месяц днём усходзіў,
А мы гуляем па-над морам
Сабе ўдваіх. Гляджу я—зоры
Пападалі нібыта ў воду,
І засталася там нібы
Адна адзіная на небе
А я, шалёная як-бы,
Шукаю на Дунаі броду,
З байстручанём сваім брыду.
З мяне смяецца люд гурбою,
Завуць пакрытаю, дурною;
І ты смяешся, а я плачу.
Ды не, не плачу—рагачу...
Ну, глянь-жа, як я палячу,
Бо я—сава...—І замахала,
Нібыта крыллямі, рукамі
І паскакала цераз двор,
Як звер завыўшы, у прастор.
Падыбала старая маці
Сваю Марыну даганяці.
Паны да аднаго былі
Папечаны, як парасяты;
Згарэлі белыя палаты,
А людзі ціханька пайшлі.
Марыны й мацеры не стала...
Ужо вясною, як аралі,
На полі трупы два знайшлі
І на магілках пахавалі.