Марная надзея

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Марная надзея
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Звон – 1919 - №11

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Самая популярная цяпер асоба сярод расійскага чынавенства на Беларусі гэта — Дэнікін. Паслухаць, як гэтые чыноунічкі шэпчуцца, вандзыгаючы па вуліцах і па скверах, дык выходзіць, што яшчэ пазаўчора іх пан Дэнікін забраў Гомель, учора палякі перадалі яму Бабруйск, сягодня перадаюць Барысаў, а заўтра польскае войска ачысціць Менск перад храбрым рэстаўратарам маскоўскага царызму і міласэрным збаўцам гаротнага чынавенства. Кажуць, што жабрак марыць аб дукатах, а бязногі аб выперадках. Мараць аб Дэнікіну і нашые, страціўшы сваю пашу на Беларусі, расійскіе чыноўнікі. Цешаць яны сябе, як безнадзейна хворые, марамі і ў думках іх Дэнікін бярэ Гомель, Бабруйск, Менск, цэлую Беларусь… Няхай-бы яны цешыліся, каб… каб “не рыскалі по городу да не смущали народ”. А гэта ужо справа вымагае таго, каб абліць іх гарачые галовы ражкай халоднай вады.

Не, панове, ня бачыць вам свайго збаўцы на Беларусі, як свайго правага вуха. Хіба ён зварьяцеу, каб іці сюды? Хіба у Гомелі ен думае аднавіць царскі трон? Хіба-ж ен ня ведае, што, сунуушыся сюды, адтрымае па карку перш-на-перш ад ўкраінцаў, потым ад палякоў, а на рэшце ад бальшавікоў? Не, панове, покі на захадзе вашае сонцо узыдзе, то раса вам вочы выесьць.

Калі ваш пан Дэнікін трапіў быў пад Кіеў, дык гэта не дзеле таго, што ен мысьліў наставіць там царскі трон (царскі трон можа быць толькі у Маскве, — у другім месцы паветро перашкаджае), а, перш-на-перш дзеле таго, што туды пасунула яго ваенная доля, а потым жаданьне адабраць у бальшавікоў хлеб і пажывіцца самому. Думкі Дэнікіна, як магнусам, цягне Масква, а да Масквы яму дальока. Покі трапіць ен да Масквы, дык разьляціца парахнею, як Колчак пад Казанью.

Абдумайце свае палажэньне, панове чыноўнікі і вы „тоже белороссы". Ня быць вам ужо прадсядацелямі земскіх, гарадзкіх і паветавых упрау.