Перайсці да зместу

Марксісцкі аршын

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Марксісцкі аршын
Апавяданне
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: http://old.knihi.com/rodzievic/arsyn.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У беларускай глушы, у вёсцы Забалоцце, яшчэ за часы цара было сваё начальства — стараста Сымон Пісака. Адзін ён у вёсцы быў пісьменны, за ўсіх ён распісваўся, дзе толькі трэба было, а гэта клопат для забалачан быў немалы. Вось чаму трымаў «сваю» вёску Сымон у строгім «прыжыме».

— Начальства з мяне, а я з вас трэбую.

Гэтак ён адказваў усім тым, хто паважыўся жаліцца ці крыўдзіцца на яго. І гэтым ён умацоўваў свой аўтарытэт і правату.

Але вось настаў час, калі старое, плюючы на свой след, стоцьма ляцела ў небыццё, а новае віхрам распыльвала ўсе перашкоды, заставы, узрастала і магутнела. Пранесліся рэвалюцыі ў сакавіку і кастрычніку.

Вёска Забалоцце таксама перажыла рэвалюцыю, толькі не ў кастрычніку, а так, праз некалькі месяцаў пазней. І «рэвалюцыю» гэтую зрабіў Сымон, загадаўшы выбраць сельскі камітэт.

Каб не Сымон, дык вёска Забалоцце мо да гэтага часу жыла б пад страхам Бога і цара, дзякуючы таму, што яе геаграфічнае палажэнне, як казаў той жа Сымон, на канцы свету, дзе ракі зімуюць.

Пасля рэвалюцыі ўся цяжкасць грамадскага, духоўнага і эканамічнага будаўніцтва Забалоцця ўзлегла на Сымона. Ён, Сымон Пісака, як майстар на ўсе рукі і сторублёвая галава, стаў для забалачан Бог, цар і папіхач. Ён — сакратар і старшыня камітэта, ён — дэпутат ва ўсе канцы свету, ён — пасланец разведаць аб налогах, аб прызыве, аб выдачы солі, мануфактуры. Каб было сто такіх Сымонаў, дык усім хапіла б работы.

Сымон з гордасцю адчуваў сваё верхаводства, але не раз, змучаны душой і целам, ён любіў сябе пашкадаваць: «Эх, катаржная работа, кожнаму дагадзі, кожнага паслухай. Пастух — і той большы начальнік. Адкажуся заўтра, хоць іх паляруш!» Аднак, аддыхнуўшы, Сымон браўся яшчэ з большай шчырасцю за сваю службу.

І кацілася жыццё ў Забалоцці роўна і мірна. Сымон сваім прыродным розумам вырашаў усе жыццёвыя закавыкі, сваім здаровым сялянскім нутром пераварваў новае, небывалае і сваёй простай гаворкай выкладаў, дапасоўваў да акружаючай сярмяжнай грамады.

Усе забалачане паважалі Сымона Пісаку як незамянімага свайго дзеяча і былі ім задаволены. Галоўнае тое, што Сымон быў падатлівы чалавек: трэба якую незаконную паперку падпісаць — Сымон падпіша, трэба павялічыць надзел ці едакоў — павялічыць.

Сымон жа адчуваў сябе не надта самавіта. Яму не даспадобы было тое, што ўсё, што даходзіла да Забалоцця, было новым, асаблівым, а вось забалачане аставаліся такімі самымі, быццам да іх гэта зусім не тычыцца. І ствараўся нейкі недахват, пахіб. Здаецца, робіцца ўсё, як і трэба, згодна дэкрэту і прадпісанняў, а выходзіць неяк не так, як яму, Сымону, хацелася. У чым гэтае «не так» Сымон не мог сабе ўявіць. Ён казаў: «У Забалоцці рэвалюцыя альбо недароблена, альбо перароблена».

Але вось хутка Сымону давялося выпукла зразумець, у чым бяда. Проста-ткі як яму хто самую гушчу праўды лапатай палажыў у галаву.

А здарылася гэта ў Маскве, дзе так шмат муроў, людзей і шуму. Завозіў ён туды сабранае збожжа на карысць галадаючых. Як дарагога госця вадзілі яго па розных сходках, усюды паднімалі на ўра, а ён там пацеў, пахнуў дзёгцем, гутарку сваю выказваў больш рукамі, як голасам, драмаў на доўгіх прамовах.

Адно, што яму запала ў галаву з адной прамовы, — гэта тое, што толькі трымаючыся Маркса, можна будаваць новае жыццё. Ён дае адказ на ўсе недарэчнасці, на ўсе пытанні, трэба кожны чын, паступак мераць марксісцкім аршынам.

Надта ж Сымону спадабалася гэта, прынамсі, выразна зразумела: адмераў, чык — і адрэзаў.

— Куплю, канешне, куплю гэты дзіўны аршын і навяду лад у Забалоцці, — цвёрда рашыў Сымон.

Праўда, аршын гэты марксісцкі Сымону не ўдалося здабыць — яму растлумачылі, што Маркс — гэта вялікі мудрэц, а не аршын, што ён напісаў шмат тоўстых і разумных кніг, і вось у гэтых кнігах, як з бяздоннай крыніцы, трэба чэрпаць праўду і адказы на жыццёвыя пытанні. Сымона гэта не расчаравала — ён разважаў: «Гм, не святыя гаршкі лепяць, а мы, мужыкі, не лыкам шыты. Цяпер такі час, нам усё трэба ведаць і ўмець. Саха сахой, але трэба і да кніг прывыкаць».

Сымон выпрасіў у аднаго камуніста некалькі тамоў «Капітала» і джгнуў з імі барзджэй дахаты.

Едучы ў цягніку, аж не мог ён уседзець на месцы з радасці. Ён уяўляў свой трыумф, калі сакрэтна прысвоіць сабе мудрасць з гэтых кніг і раптам адкрые новы свет перад сваімі суседзямі — вось ён вырасце, узвялічыцца ў іх вачах. Стаўшы вялікім і слаўным, дакажа ўрэшце сваёй жонцы, што бабіна дарога ад печы да парога, і хай лапатуха нос не ткне ў яго грамадскія справы і не дапякае, што дроў няма, што боб не ўрадзіў і інш.

Прыехаўшы дамоў, Сымон адразу залез на кут, здзьмухануў са стала, сцёр рукавом і, лізануўшы вялікі палец правай рукі, пачаў з вялікім задавальненнем і душэўнай паўнатой пералістваць першы том «Капітала». Пералістаўшы ад пачатку і да канца і наадварот, Сымон пачаў мумрыць пад нос — нараспеў чытаць, торкаючы пальцам у кожнае слова. Прачытаўшы першую старонку, раптам праяснеў:

— Ах, шэльма, ну і смагла ў яго выходзе! — Але пасля маленькай раздумы спахмурнеў, пачухаў патыліцу, расшпіліў каўнер і зноў пачаў ад пачатку.

Кажуць, што за кожную навуку трэба плаціць. Бедны Сымон з вялікім барышом заплаціў ёй потам, недаспанымі начамі і жаночай грызнёй. Ой, шмат заплаціў, але навукі ані на нюх не здабыў. Адно добра, што ён не падаў духам: ужо да чаго як прычэпіцца, дык не адыдзе, як сляпы ад плота.

— Гэта з непрывычкі, — паўтараў ён, — а як прывыкну, дык усё ясна стане.

Сымон далей стараўся прывыкаць.

А тым часам у Забалоцці справы разварочваліся. Па прыкладу другіх вёсак забалачане вырашылі перайсці з трохполля на мнагаполле. На гэтую прыгоду быў скліканы сход. На сходзе Сымон па старой памяці ўвайшоў у ролю аратара.

— Таварышы, без Маркса нічога не будзе — без яго не толькі ступіць, але і дыхнуць нельга. А дзеля таго толькі мераючы яго марксісцкім аршынам можна перайсці з трохполля на мнагаполле. Але вы не думайце, што гэты аршын ёсць, не, яго няма, але ён як бы і ёсць...

І пачаў Сымон выкладаць сваю марксісцкую веду перад сходам, выкладаць тое, што завучыў на памяць, пачаў гарадзіць недарэчнасць, як кажуць, ні ў пяць, ні ў дзесяць, пераплятаючы сваю гутарку страшна перакручанымі, нікому на свеце незразумелымі словамі.

Стаялі сяляне, як у лесе, вушы развесілі, лоб моршчылі, пакашлівалі — ані-ні ўцямкі не даецца Сымонава мудрагель. Слухалі яны, слухалі і хацелі было запярэчыць, спыніць аратара, але пасля струсілі: а што, калі Сымон ды нешта разумнае кажа, а яны не цямяць па дурнаце сваёй? Ажно нехта пусціў чутку, што Сымон перабраў мерку, што ў яго, мабыць, клёпка вывалілася з галавы. Гэта трапіла ўсім у перакананне. Патопалі, паціскалі плячмі ды з нічым і разбрыліся па хатах.

Моцна занепакоіла Сымона гэта няўдача. Яшчэ з большай запальчывасцю накінуўся ён на «Капітал», чытаў уголас і шэптам, перачытваў, завучваў. Чуў, што галава яго робіцца вялікай, але пустой і лёгкай. Чуў ён яшчэ нешта горшае: што валіцца ўніз са сваёй вышыні дзеяча. Сяляне, суседзі чураюцца, абходзяць яго. Замест яго аднаго намножылася ўжо шмат пісьменных, аратараў, правадыроў. Нават прыляталі на самалёце нейкія агітатары; вярнуліся дамоў чырвонаармейцы. Але найгорш яму ўпякліся гэтыя камсамольцы, якія выраслі неяк раптоўна, самі сабой. Яны ўсюды першыя, усюды нос усадзяць, перакруцяць, перамуцяць і на сваім паставяць, паставяць уверх нагамі, як Сымону здавалася. Ён іх, малакасосаў, лае, а яны яму наругаюцца:

— Сымон, як па-марксісцку таўчы ваду ў ступе?

— Сымон, ці Маркс цябе з жонкай памірыў?

А ў дабавак да ўсяго празвалі Сымона «марксісцкі аршын».

Кожнае выступленне Сымона з марксізмам і доказы яго, што хто не з Марксам, той проціў саветаў, не мелі ніякай вагі і толькі выклікалі насмешкі. А калі хто даводзіў Сымону, што ўсе стараюцца жыць па Марксу, што ўсе сцяной стаяць за Савецкую ўладу, дык Сымон пытаў: «А чаму вы адкараскаліся ад мяне? Я — гэта Маркс!»

І чым больш зносіў ён насмешак і паняверы, тым больш стараўся давесці сваю правату, тым больш завучваў «Капітал», тым больш заблытваўся і адставаў ад жыцця вёскі.

Як скупіндзя, ачумелы ад нажывы, шукае заклятага скарбу і верыць, што позна-рана, але знойдзе, так і Сымон блукаў у нетрах мудрых сказаў шматтомнай навукі і спадзяваўся, што яшчэ пры адной натузе ён знойдзе самую сутнасць. І тады ўсім дакажа, як ён быў праў і як усе памыляліся і блудзілі.

Гэтая недаступная мудрасць, незразумеласць рабіла Маркса ў вачах Сымона нечым незямным, рабіла Богам. Дзе ён ні быў (а ў апошнія часы стаў чалавекам бывалым), усюды чуў імя Маркса, чуў, як выгаварвалася яно з вялікай пашанотай. У гэты ж час пачалася антырэлігійная барацьба, у якой Сымон прыняў самы жывы ўдзел, зрабіўся самым заядлым бязбожнікам. Ён раней за ўсіх здолеў уцяміць, пераканацца, што стары Бог ужо не Бог, але што можна без Бога жыць — дык гэта ніяк не тоўпілася ў яго галаве. Як гэта, каб кут за сталом пуставаў, каб не было там абразоў.

І вось аднаго разу Сымон пад пракляцце сваёй жонкі на месца святых умацаваў партрэт Маркса.

Часта бывала так, што Сымон і яго жонка па старой прывычцы перад ядой жагналіся, звярнуўшыся ў кут. Жонка, згледзеўшы Маркса, плявала, а Сымон усміхаўся сабе ў вусы.

Аднак не шанцавала Сымону і ў антырэлігійнай барацьбе. Крылатыя, чужыя, незразумелыя словы, завучаныя Сымонам, былі лішняй прычынай папу ўмацаваць веру ў сваіх «авечках», а «авечкі» ўсюды бляялі, што толькі такія вар’яты, як Сымон, могуць брахаць на Бога.

Раз у час абедні прыйшоў Сымон у царкву з сваім замусоленым «Капіталам» і, падняўшы яго вышэй галавы, як на благаслаўленне, пачаў, глушачы ўсіх:

— Во ваша святая кніга, усяго трынаццаць фунтаў важыць, і не то што нейкая евангелія…

А пасля тонам малітвы зацягнуў: «Бацька наш Маркс, ты — наш Бог, дык хай свяціцца імя тваё, хай прыйдзе царства тваё, хай будзе воля твая...»

Тут Сымон спыніўся, бо сталася тое, што «Капітал» апынуўся ў руках «бязбожнікаў» і ўжо не ў галаве, а на галаве Сымонавай астаўляў сляды.

Гэты выпадак камсамольцы ўзялі на язык і хутка аж за межы Забалоцця пусцілі пагаворку: падружыў, як Сымон з Марксам.