Мана

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мана
Верш
Аўтар: Пётра Крачэўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нідзе не лёгка так блудзіць,
Як ў горах і далінах:
Дзе ўсё ля вашых ног ляжыць,
А покуль дойдзеш — згінеш…

Сьцежынкі пекныя бягуць
Уздоўж, — налева, ўправа,
Але якраз цябе вядуць
У другі бок ласкава…

Хоць на гарэ, а не відаць
І быстрым вочам мэты,
І як сляпы гатоў блукаць
Ад ночы ты да свету.

На вышку ўлезшы камуніст
Пажарам сьвет пужае…
А што крывёй ўнізе чэкіст
Яго згасіў — не знае.

З гары спусціўшысь толькі ўніз
Дарога пазнаецца…
Ў гары, на купале там крыж:
Маленечкім здаецца…

З гары уніз і з нізу ўверх
Абман так і крадзецца,
Ў камуне грэх, у правых сьмех,
А людзям дастаецца.