Мал-Малышок
Мал-Малышок Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://kazki.unicef.by/kazki.html |
Жыў дзед з бабай, і не было ў іх дзяцей. Неяк дзеду саснілася, што пайшоў ён у лес, назбіраў яек птушыных і вывеў дзяцей сабе. Расказаў ён сон бабе, а баба так яму сказала:
— Ну што ж, ідзі, дзед, у лес, назбірай яек птушыных, пакладзём у рэшата, я сяду і дзяцей выведу. Яны будуць пішчаць, нам будзе весялей, а мы будзем думаць, што гэта нашы дзеці.
Дзед бабу паслухаў, пайшоў лес, узлез на бярэзіну — адно яйка ў гняздзе, ён на другую — і там адно… Так ён узлазіў на трыццаць бяроз! На апошняй бярозе знайшоў два яйкі. Так ён сабраў трыццаць адно яйка. Прынёс яйкі дадому, у рэшата ўсыпаў, і села баба на яйкі — усё роўна як курыца. Тыдні праз тры вывеліся дзеці. Не птушаняты, а сапраўдныя дзеці — хлопчыкі. Баба тады гаворыць:
— Глядзі-тка, дзед! Не птушкі, а ўсе сыны, трыццаць адзін!
Дзед узрадаваўся, што яму Бог сыноў даў. Сабраў дзве пары кумоў, гарэлкі з паўгарца[1], запрог каня, паехаў да папа. Стаў прасіць, каб прыехаў поп дзяцей хрысціць. Прыехаў поп, стаў іх хрысціць — усіх перахрысціў, кожнаму па імю даў. А адзін з сыноў быў меншы за ўсіх — такі ўжо благенькі. Яму імя не знайшлося. Сказаў поп дзеду і бабе:
— Як хочаце, так самі яго і завіце. Я імя яму не знайшоў.
Як ён меншы быў за ўсіх быў, дык назвалі яго Мал-Малышок. Сталі сыны расці не па гадах, а па гадзінах. Цераз год сталі вялікія, тады яны сказалі бацьку:
— Тата, што мы будзем гуляць? Давай будзем працаваць! Можа, пожня ёсць касіць — пойдзем касіць. Едзь у мястэчка, кос купі нам.
Паехаў бацька у мястэчка, купіў трыццаць кос, а адну не знайшоў — меншаму сыну. Усё мястэчка абшукаў — не знайшоў той касы. Прывёз адно трыццаць кос дадому.
— Бярыце, сынкі, косы — якую хто хоча.
Сыны падыйшлі, разабралі косы. А Мал-Малышок прыйшоў і кажа:
— А мне, бацька, дзе каса?
— Няма, мой сынок, не знайшоў! Я стары, ты малы — будзем дома.
Ну, няхай будзе так, як бацька кажа. Была ў бацькі пожня. Пайшлі трыццаць сыноў касіць ад свайго сяла вёрст за пяць. Прыйшлі на пожню — пожня была вялікая — узялі кожны сабе па кавалку, а два кавалкі такія самыя пакінулі бацьку і Малышку. Пачалі касіць, а Мал-Малышок тым часам дома кажа бацьку:
— Пайду я, тата, пагляджу, як яны там косяць.
А бацька кажа яму:
— Глядзі, сынок, каб не заблудзіў!
— Ай, як-небудзь патраплю братоў знайсці.
Пайшоў Малышок ды заблудзіў. Увайшоў у лес, хадзіў-хадзіў — не можа выйсці. Паглядзеў на ўвесь лес тады і бачыць, што адзін дуб вышэйшы за ўсе. Ён узлез на той дуб, паглядзеў кругом, бачыць — браты ўтрыццацёх косяць. Ён тады ўзяў гэты дуб за верхавіну рукою — гэты дуб і пераламаўся папалам! Ён сучча паабломваў, узяў дуб на плечы дый пайшоў туды. Прыйшоў і кажа братам:
— Памажы Божа вам, братцы. Што вы два мне кавалкі пожні пакінулі? Няхай бы ўсё разам касілі, ці гэта мо чужая?
А яны кажуць:
— Гэта мы пакінулі табе з бацькам.
— А як жа мы будзем касіць? Я малы, а ён стары!
— А хоць сабе наймайце!
— Ну, добра, — кажа і давай касіць.
І косіць, і грабе, і ў стог кладзе гэтай дубінкай — уперад за ўсіх скасіў. Не адзін, а два кавалкі! Скасіў, дубіну гэтую ў зямлю ўбіў і каля дубіны стог паклаў. Яны кожны свае кавалкі пакасілі асобна, кожны па стагу паклалі. Тады ўжо прыйшлі дамоў з пожні, а бацька гаворыць:
— Ну што, сынкі, пакасілі пожню?
— Пакасілі ўсю!
А Мал-Малышок кажа бацьку:
— Пакасілі, але два кавалкі пакінулі.
А бацька кажа:
— А навошта?
— Мне кавалак і табе кавалак.
— Я, — кажа, — ужо ж стары. Касіць не магу!
— Не тужы, бацька! Я скасіў і ў стог склаў!
— А вы, — пытаецца ў тых сыноў, — вы ў адзін стог склалі?
— А мы, — кажуць, — паасобна! Накасілі ўсяго разам трыццаць адзін стог.
Тады бацька кажа:
— Трэба сена пільнаваць пакуль перавязём, а то ж пакрадуць!
Пайшлі ўдзесяцёх пільнаваць. Ноч усю пільнавалі, а нехта стог цэлы ўкраў! Прыйшлі з варты, пытаецца бацька:
— Ці цэлае сена?
— Адзін стог нехта ўкраў.
Сказаў бацька на іх:
— Дурні, удзесяцёх не ўпільнавалі!
На другую ноч другі дзясятак пайшоў. Таксама недапільнавалі, і зноў нехта стог украў! На трэцюю ноч трэці дзясятак пайшоў — і таксама не ўпільнавалі, і яшчэ адзін стог знік. На чацвёртую ноч трэба першаму дзясятку ісці. Яны сталі казаць, ківаючы на Мал-Малышка:
— І ў яго ж стог сена ёсць! Няхай і ён ідзе!
— Што рабіць, — кажа Мал-Малышок. — Калі ісці, дык ісці. Схадзі, бацька, да каваля. Няхай каваль кульку[2] жалезную скуе, пудоў гэтак на трыццаць!
Пайшоў бацька да каваля, скаваў кульку пудоў на трыццаць. Узяў Малышок кульку гэтую, кінуў угору — дык яна з вачэй знікла. Бачыць, што назад ляціць — падставіў лоб, а яна па ілбе як ударыла, дык развалілася на чатыры кавалкі. Тады Малышок кажа:
— Бацюхна, зрабі мне другую кульку. Пудоў гэтак на трыццаць пяць, ды каб мягчэйшая трошкі, а то ж першая дужа была сухая.
Каваль скаваў другую. Узяў Малышок новую, кінуў угару, яна з вачэй не знікла, вярнулася назад. Зноў ён лоб падставіў. Як ударыла — толькі ў кулі ямачка стала невялікая.
— О, гэтая будзе ладная!
Узяў гэтую кулю і пайшоў пільнаваць. Прыйшоў да свайго стога, узлез наверх, сеў. Сядзеў-сядзеў — чуе, як нешта стукае, аж зямля дрыжыць. Бачыць: бяжыць кабыла, а за ёй — трыццаць адзін жарабок. Прыбегла кабыла да гэтага стога, дзе ён сядзеў, і давай той стог кругом есці. Ён датуль сядзеў, пакуль стог не зʼелі — не болей, як на адзін сажань засталося. Тады ён схапіў гэтую кабылу: не схапіў за грыву, а за хрыбет — і сеў задам наперад. А яна яго павезла па палях ды па лугах, па высокіх лясах! А ён кулькай яе! Кабыла дагэтуль вазіла, пакуль ужо не змарылася. Тады яна яму кажа:
— Мал-Малышок, пусці мяне ў свет гуляць, я дам табе, што ты захочаш.
— Я, — кажа, — нічога не хачу, а толькі аддай мне гэтых жарабкоў тваіх.
— Бяры сабе, толькі ж пусці мяне.
— А ты мяне не падманеш?
— Не, — кажа, — не падману.
Прывезла Мал-Малышка да гэтых жарабкоў, а яны ўжо стог даядаюць.
— Садзіся, — гаворыць яму, — на самага большага. А гэтыя ўсе ўслед пойдуць.
Ён падумаў-падумаў, хоць гэтыя і ўцякуць — аднаго жарабка будзе за сена досыць! Узяў ды сеў на яго. Паехаў. А яны ўсе ўслед і пайшлі. Прыехаў дадому. Коні на двор не лезуць, бо двор быў надта маленькі. І кажа Мал-Малышок:
— Хадзіце, браткі, бярыце сабе па каню! Я злавіў іх — яны гэта сена елі!
Выйшлі браты — кожны сабе па аднаму ўзяў. А Мал-Малышку не засталося. Адзін быў горшы за ўсіх — храмы-ламы — дык ён застаўся ззаду і ўжо прыйшоў пасля, разам не справіўся ісці. Тады Мал-Малышок кажа:
— О, і мой конік прыйшоў.
А браты сталі смяяцца з яго: сам коней лавіў, а сабе самага лядашчага пакінуў.
— Ну што з вамі рабіць, з дурнямі? Лепшых коней пабралі ды яшчэ і смяюцца з мяне! Але мне і гэты добры будзе!
Сталі тады яны кожны свайго жарабка гадаваць. Паспраўлялі хамуты, калёсы, сталі ўсе працаваць, у лес ездзіць, зямлю араць. Двор добры збудавалі, вялікі! Сталі жыць, што лепей і не трэба. Жылі яны так жылі — гады можа чатыры-тры. Надакучыла ім такое жыццё. Ды яны сказалі так:
— Паедзем мы ў свет, як нам здарыцца: ажаніцца, а можа на службу куды прызначыцца.
А Мал-Малышок гаворыць:
— Вы едзьце, а я не паеду. Бацька з маткай старыя — хто іх пахавае без нас?
— Ну, ты сабе заставайся. Толькі ж ты нас не дагоніш тады.
— Даганю і дарогу знайду!
Узялі яны і паехалі. А Мал-Малышок застаўся дома. Цераз год бацька памёр. Пахаваў ён бацьку — лепей як іншыя хаваюць. На другі год маці памерла, і Мал-Малышок маці яшчэ лепш пахаваў. Апошняе — гэта прыкладзіны — адправіў па бацьку ды па матцы. Ды сабраў мужыкоў, спытаў у іх:
— Можа, хто знойдзецца на маю гаспадарку пад арэнду гадоў на некалькі? Прыеду, дык вазьму назад. А не прыеду — зусім не трэба мне нічога.
А двор гэты быў лепшы за панскі. Мужыкі ні адзін не ўзяўся — з-за таго, што вялікі двор быў. Ён гукнуў пана, аддаў двор пану пад распіску. А жарабка свайго кволенькага выгадаваў — тое піць і есці даваў, што і сам ужываў. За тры гады вывучыў яго гаварыць з сабою і стаў той жарабок лепшы за братавых. Прадаў Мал-Малышок хлеб, грошы ўзяў ды паехаў братоў даганяць.
Браты ехалі тры гады, а ён дагнаў іх за тры месяцы.
— Здарова, браткі!
— Здароў, Мал-Малышок! Як там нашыя дома бацька з маткай?
— Бацька з маткай ў вечным доме. А вам — на здароўе. Як жа вам здарылася, што вы бачылі: худа ці дабро?
— Худа не бачылі, а дабра многа было. Цяпер ты едзь паперадзе.
Вось як паехаў Мал-Малышок наперад, цэлы дзень праехаў — ні адной вёскі не было, толькі лес ды поле. Заходзіць ужо сонца, прыязджаюць да лесу. Ажно стаіць хатка на курынай ножцы ды круціцца.
— Стой, — кажа Малышок, — хатка! Не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся!
Яна стала. Увайшоў ён у хатку, ажно ляжыць Баба Яга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, ногі ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў ён у хату.
— Добры дзень, Баба Яга Касцяная Нага!
— Добры дзень! Здароў, Мал-Малышок. Куды едзеш, куды шлях трымаеш?
— Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, дзе ажаніцца, а можа, куды на службу прызначыцца.
— А ці многа вас ёсць? — Баба Яга пытае.
— Трыццаць адзін.
— Шкада! У мяне ёсць дваццаць дзевяць дачок — ажаніліся б. Едзьце ж далей, у маёй сястры павінна быць.
Выйшаў ён з хаты, селі ды паехалі. Ехалі-ехалі, праехалі гадзін дзесяць. Прыехалі яшчэ да адной хаты. Як тая ж самая — стаіць на курынай назе ды круціцца.
— Стой, — кажа Малышок, — хата, не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся!
І яна павярнулася. Увайшоў Мал-Малышок у хату, бачыць — ляжыць Баба Юга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, нагу ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў у хату.
— Добры дзень, Баба Юга Касцяная Нага!
— Добры дзень! Здароў, Мал-Малышок. Куды йдзеш?
— Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, ажаніцца, а можа, куды на службу прызначыцца.
— А ці многа вас ёсць? — Баба Юга пытае.
— Трыццаць адзін.
— Шкада. У мяне трыццаць дачок. Адной не хапае, а то ажаніліся б. Едзьце далей, можа, у маёй сястры ёсць!
Паехалі яны далей. Цераз некаторы час прыехалі да падобнай хаты — стаіць на курынай ножцы ды круціцца.
— Стой, — кажа Малышок, — хата, не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся!
Увайшоў Мал-Малышок у тую хату, ляжыць Баба Юрга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, ногі ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў у хату.
— Добры дзень, Баба Юрга Касцяная Нага!
— Добры вечар! Здароў, Мал-Малышок. Куды едзеш, куды шлях трымаеш?
— Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, дзе ажаніцца, а можа, дзе на службу прызначыцца.
— Ну, добра, што вас Бог прынёс. У мяне ж трыццаць адна дачка, будзем вяселле гуляць. Заязджайце на двор, распрагайце коней, я загадаю даць ім аўса і сена.
Яны заехалі на двор, распрэглі коней, аўса-сена нагатавана ўжо было, зайшлі усе ў хату, дала ім Баба Юрга выпіць і закусіць, зазвала сваіх дачок. Прыйшлі яе дочкі, гэткія прыгажуні, што лепшых і шукаць не трэба!
— Ну, — кажа, — зяцькі мае, выбірайце сабе, хто якую хоча.
Яны ўзялі кожны па адной, тады яна кажа:
— Ну, кладзіцеся спаць, а заўтра будзем вяселле гуляць.
Леглі спаць. Мал-Малышок выйшаў да свайго жарабка, а жарабок яму і кажа:
— Мал-Малышок, думаеш ажаніцца, а давядзецца са свету збыцца.
— За што так?
— Гэтая ж ведзьма зʼесць вас! Як ляжаце спаць, вазьмі шапкі дочкам апрані на галовы, а братам — хустачкі пазавязвай і сам сабе так зрабі. Яна ўночы ўстане, у яе ёсць меч-самасеч — яна яго пусціць па тых галовах, што ў шапках, а ты не спі — глядзі, дзе яна будзе меч браць. Як меч пяройдзе па галовах, тады ўцякайце!
Леглі яны спаць. А Мал-Малышок не заснуў. Як усе паснулі, тады ён ўзяў шапкі, апрануў дзяўчатам, а хусткі завязаў хлопцам. Устала Баба, носам панюхала, ладна паслухала — спяць усе. Пайшла на палаці, узяла меч-самасеч і загадала яму:
— Ідзі па тых галовах, паадсякай, што ў шапках!
Меч-самасеч пайшоў паадсякаў галовы, а Баба кажа:
— Удзень прыбяру, — ды пайшла спаць.
Мал-Малышок збудзіў братоў, ціхенька з хаты выйшлі, і кажа ім:
— Паедзем!
А яны пытаюцца:
— А ажаніцца як жа?
А ён ім кажа:
— Маліце Бога, што не пайшлі на той свет праз гэтых дзевак!
Паехалі далей. Адʼехалі вёрст трыста. Прачнулася Баба. Агледзела, што дочкі пасечаны.
— Ну, — кажа, — Мал-Малышок! Хіцёр! Хітры, ды не ўцячэш! Даганю!
Было ў яе тры казлы на стайні. Узяла казла, села вярхом, стала жалезным таўкачом паганяць, Мал-Малышка даганяць. Не дала адʼехаць трыста вёрст, дагнала за тры гадзіны.
— Э, — кажа, — Мал-Малышок, не ўцёк ты ад мяне!
І давай з ім біцца. Білася-білася тры гадзіны — Мал-Малышок забіў яе казла. Тады яна пайшла назад пешкі, а Мал-Малышку сказала:
— Будзеш ты сам усё роўна ў маіх руках!
— Ну, тады тое і будзе!
Пасля той бойкі праехаў Мал-Малышок з братамі амаль на другі канец свету. Ну што ж ужо — назад варочацца? Паступілі ў царства яны на службу. А цар у іх распытаўся: адкуль яны, хто такія. Яны яму расказалі і верна служыць сталі. Мал-Малышок братамі стаў камандаваць. Вядома, ім стала крыўдна, што меншы большымі камандуе. І тады пайшлі яны да цара і сказалі, што за трыдзевяць зямель у трыдзясятым царстве ёсць Баба Юрга, ды ў яе ёсць меч-самасеч — ён сам сячэ галовы і ў адно месца іх кідае. Наш Мал-Малышок можа дастаць для цара той меч. Цар паклікаў Мал-Малышка і кажа яму:
— А ці праўда гэта, што за трыдзевяць зямель у трыдзясятым царстве ёсць Баба, а ў той Бабы ёсць меч-самасеч, што сам сячэ і галовы ў адно месца роўненька кладзе? Каб ты мне яго дастаў!
— Ёсць то ён ёсць, але ж дастаць няможна.
— Ну, гэта не адказ, адсяку галаву ўраз!
— То дайце ж гадзіны тры падумаць, як гэта зрабіць.
Пайшоў ён да жарабка свайго на стайню, пачаў тужыць, што дрэнна стала жыць. А ў яго жарабок і пытаецца:
— Чаго, Мал-Малышок, затужыўся?
— От цар службу задаў.
— Якую?
— Каб той меч-самасеч дастаць!
— Ну, гэта, — кажа, — не служба. Гэта службачка будзе. Маліся Богу ды лажыся спаць.
Пайшоў Малышок да цара і сказаў, што прывязе меч. Памаліўся Богу, лёг спаць. Назаўтра ўстаў, памыўся, Богу памаліўся, сеў на жарабка і да Бабы пакаціў. Прыехаў да яе ў самую поўнач. А яму жарабок кажа:
— Ці бачыў ты дзе меч ляжыць?
— Бачыў!
— Ідзі бяры ціхенька, каб яна не пачула. Яна цяпер спіць. Ды скоранька ўцякай назад.
Ён пайшоў, узяў меч-самасеч на палацях, ціхенька выйшаў з хаты, сеў і паехаў. Устала Баба, як стала відно, спазналася, што ў яе нехта быў, агледзелася — аж мяча няма! Яна здагадалася, што Мал-Малышок гэта зрабіў, выйшла, таўкач у рукі ўзяла, села на казла — ужо на другога — таўкачом паганяе, Малышка даганяе і кажа яму:
— Цяпер ты з маіх рук не ўцячэш!
І сталі яны біцца. Біліся-біліся — Мал-Малышок забіў яе казла. Пайшла Баба назад, гаворачы:
— Яшчэ будзеш ты ў маіх руках!
— Тады тое і будзе!
Прывёз Мал-Малышок меч-самасеч цару. Цар яго за гэта ўзнагародзіў і яшчэ вышэйшага чына даў — унтэр-афіцэра. Братам яшчэ больш стала зайздросна. Пайшлі яны ізноў да цара і гавораць, што там і там, у той самай Бабы Юргі ёсць гуслі-самагуды — самі граюць, самі скачуць, самі песні спяваюць — як толькі іх паціснеш. Мал-Малышок можа іх дастаць. Кліча Мал-Малышка цар і пытаецца:
— А ці праўда гэта, што ёсць у гэтай самай Бабы Юргі гуслі-самагуды, што самі граюць, самі скачуць і самі песні спяваюць?
— Не ведаю, ваша царская мосць.
— Не адказ! Каб дазнаўся, а то адсяку галаву ў раз!
— Буду шукаць!
Пайшоў да жарабца і стаў тужыць, што зноў стала кепска на свеце жыць.
— Аб чым ты так засмуціўся? — жарабец пытаецца.
— Цар службу задаў.
— Якую?
— А каб ад той самай бабы гуслі-самагуды дастаць, што самі граюць, самі скачуць, самі песні спяваюць — як толькі іх паціснеш. Ды не ведаю я, ці ёсць яны?
— Ёсць! Дастанем! — жарабец адказвае яму. — Сядай хутчэй, трымайся мацней! Мы як сігнем, так і да Бабы прысцігнем!
Прыехалі да Бабы Юргі. Жарабок і кажа:
— Ідзі ў хату. Як увойдзеш, па правай руцэ на палацях ляжаць гуслі. Толькі ж ціхенька бяры, каб яны не зайгралі. Баба пачуе — забʼе цябе. Яна цяпер выйшла некуды на трошкі.
Пайшоў Малышок у хату, увайшоў, направа на палаці — зірк, узяў гуслі, выйшаў, сеў і заспяваў. А жарабец гаворыць:
— Маўчы, Баба ж забʼе!
Паехалі яны. Ехалі яны ехалі — ці многа, ці мала — пакуль Баба дазналася, што гусляў няма. Узяла трэцяга казла, жалезны таўкач — і паганяць! Дагнала Малышка. Дагнала і пачала з ім біцца. Біліся паўтара сутак. Забіў ён яе казла! Тады яна заплакала:
— Засмуціў ты мяне навек, Мал-Малышок!
Паехаў Малышок да цара, прывёз гуслі-самагуды. Узяў цар гуслі-самагуды, яны сталі граць, песні спяваць і скакаць, што ва ўсім царстве чуваць! За гэтую службу ўзнагародзіў цар Мал-Малышка чынам фельдфебеля. Братам стала цяжэй ад яго — стаў іх службай прыціскаць за гэта за самае, што яны яго выдавалі.
Вось неяк у той час здарылася так, што сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла. Прыйшлі браты да цара і сказалі, што Мал-Малышок можа даведацца, чаму тое так адбылося. Прызваў цар Мал-Малышка і задае яму такую службу: каб распытаў, чаму сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла? А Малышок адказвае:
— Як жа гэта зрабіць? Ніяк няможна!
— Ну, гэта не адказ, адсяку галаву!
— Дайце ж свабоды гадзіны на тры.
— Хоць і на суткі можна!
Прыйшоў ён да жарабка, стаў тужыць. Яму здалося, што не прыйдзецца больш на свеце жыць. А жарабец у яго пытаецца:
— Аб чым, Мал-Малышок, затужыўся?
— Цар службу задаў.
— Якую?
— Дазнацца, чаму сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла.
А жарабец яму гаворыць:
— Гэта не служба, а службачка будзе. Сядай ды паедзем.
Сеў ён і паехалі. Ехалі яны ехалі гэтак сутак трое, прыехалі да мора, ажно ляжыць праз мора Цуда-Юда Рыба-Кіт. І ўсе па ёй ходзяць і ездзяць. Падʼехалі яны да гэтай рыбіны, а яна і пытае:
— Куды, Мал-Малышок, едзеш?
— Да сонца. Трэба мне дазнацца, навошта прастаяла тады і тады на адным месцы тры гадзіны?
— Спытайся пра мяне, што я тры гады на адным баку ляжу? Нельга мне перавярнуцца, усе па мне ходзяць ды ездзяць. Я табе за гэта адслужу.
— Добра, папытаюся.
Пераехалі праз рыбіну, праехалі туды — сонца хаваецца куды. Ажно ўбачылі зямлянку. Увайшоў Малышок у гэтую зямлянку, ажно ўжо там Месяц. Прывітаўся Мал-Малышок, а Месяц у яго і пытаецца:
— Навошта ты, Мал-Малышок, сюды забраўся?
— Сонца распытаць, чаму на адным месцы тры гадзіны прастаяла?
— Ну, Мал-Малышок, на-тка табе шубу, хутчэй выверні ды апрані. За печку лезь. Зараз Сонейка прыйдзе, то яно цябе спячэ. Ты там слухай, а я буду гаварыць, пакуль яно не такім гарачым стане.
От Мал-Малышок гэтак і зрабіў. Прыйшло Сонца, загарэлася ўся хата. Мал-Малышок спёкся б, каб не шуба касматая. Брат Сонцу і кажа:
— Да цябе чалавек прыехаў, пытаецца, чаго ты на адным месцы прастаяла тры гадзіны.
— А дзе ж ён?
— За печкай!
— Вылазь сюды!
Вылез Мал-Малышок, нізка Сонцу пакланіўся. Сонца ў яго стала перапытваць, з якога ён царства і хто. Ён расказаў. А яно яму і сказала:
— Ёсць на моры паненка Валынка, яна ў залатым чоўне ездзіць, сама вяслом грабе — гэткай прыгожай у свеце няма! Я на яе загледзелася і тры гадзіны прастаяла.
Тады Мал-Малышок сказаў пра рыбу:
— За што пакутуе тры гады на адным баку? Ці хутка адпакутуе?
— Няхай яна выплюне сорак караблёў, што праглынула на моры, тады зноў пойдзе па моры гуляць. І каб больш гэтага не рабіла. Толькі не кажы, пакуль не пераедзеш, а то яна страсянецца ды цябе ўтопіць.
Мал-Малышок Сонцу нізка пакланіўся і ў сваё царства назад рушыў. Прыехаў ён да рыбіны, што на моры ляжала, а яна ў яго пытае, ці гаварыў ён пра яе Сонцу.
— Як пераеду, тады скажу.
Пераехаў, тады і кажа:
— Выплюні сорак караблёў з тым, праглынула з чым!
Рыбіна Малышку адказвае на тое, каб ён мага хутчэй адʼязджаў ад мора, а то як страсянецца, дык вада залье яго! Рыбіна і пайшла ў мора, а Мал-Малышок паехаў да цара. Сказаў цару, што вось сонца таму прастаяла тры гадзіны, што ёсць на моры паненка Валынка, яна ў залатым чоўне сядзіць, сама вяслом грабе — гэткай прыгажуні ў свеце няма! Сонца на яе ўгледзелася і прастаяла тры гадзіны. Цар яго за гэта ўзнагародзіў чынам афіцэра.
Праз некаторы час цар стаў думаць пра гэтую паненку Валынку — як бы яе дастаць? І ўздумаў Малышку загадаць. Кліча Малышка, каб ён дастаў яму паненку Валынку. Мал-Малышок узгадаў пра тую рыбіну і кажа, што падумае, можа і дастане. Рыбіна ж, бач, тады сказала яму, што адслужыць. Пайшоў да жарабка і стаў гараваць. А жарабок пытае:
— Чаго, Мал-Малышок, засмуціўся?
— Як жа ж мне не смуціцца? Цар яшчэ адну службу загадаў.
— Якую?
— А каб дастаў тую паненку Валынку, што на моры ў залатым чоўне плыве, вяслом сама грабе.
— Гэта не служба, а служба-службачка будзе! Ступай да цара, набяры розных смачнасцяў, напояў ды заедкаў, ды і паедзем.
Пайшоў ён да цара і кажа:
— Дайце мне рублёў на трыста розных напояў-заедкаў!
Цар яму гэта ўсё выдаў, што ён прасіў. Забраў малышок усе напоі ды ласункі, пайшоў да жарабца і кажа:
— Усё цар даў, што ты казаў.
Жарабок яму адказвае:
— Бяры цяпер балаган, пойдзем да мора.
Прыехалі да мора.
— Цяпер пускай мяне на зялёныя лугі, а сам будзь у балагане за шынкара. Убачыш, як будзе ехаць паненка Валынка тут, тады менш пі, а больш пастуквай. Яна загледзіцца на балаган і будзе пытацца ў цябе, калі тут стаў жыць і чым займаешся. Тады яна будзе ў цябе і напояў прасіць. А ты старайся, як можна, каб яе злавіць.
Мал-Малышок той шацёр-балаган расцягнуў каля мора, расклаў усе свае напоі ды заедкі. Бачыць ён, нешта на моры паблісквае. Вось і едзе гэтая самая паненка Валынка — у залатым чоўне, сама вяслом грабе, шацёр разглядае. Падʼязджае да берага і распытвае:
— Што гэта за такая новая будова? Колькі праязджала, ні разу тут такога не бачыла.
— Я тут новы пасяліўся. У мяне ёсць і выпіць, і засмакаваць, і сяго-таго, што каму хочацца. У мяне ўсяго ёсць даволі — і таннага, і дарагога, і салодкага, і прыемнага.
— Дайце мне адну шкляначку салодкага.
Ён наліў шкляначку, каб разбірала. Яна вясельца падала з чоўна, Малышок паставіў на вясельца. Яна выпіла, грошыкі ў шкляначку назад падала ды паехала далей. Задумаўся Мал-Малышок, што тут яна была, і ніяк узяць няможна. Праехала яна трохі, стала ёй у галаве шумець, і вярнулася назад, каб смачнейшага паспытаць.
— Дазволь, пан шынкар! А дай мне мацнейшага і саладчэйшага.
Ён гаворыць:
— Рад старацца для вашай міласці — з гэтага ж жыву.
Наліў ён шкляначку мацнейшага напою, яна вясло падала з чоўна, ён паставіў, яна да сябе паднесла, выпіла і заплаціла. Ды паехала зноў ад яго. Праехала троху — зашумела ў яе галаве мацней. Надумала яна яшчэ чарку выпіць — трэцюю. Ды паехала назад і пытаецца ў яго:
— А ці ёсць у вас яшчэ мацнейшыя амброзіі?
— Ёсць і мацнейшыя, толькі дорага.
— У мяне грошай хопіць, — яна адказвае.
Мал-малышок наліў ёй шклянку, падала паненка Валынка вясельца, як раней, а ён ёй кажа:
— Папрашу вашай міласці не прагневацца: напой гэты дужа дарагі. Упадзе з вясла — разальецца-разабʼецца. Папрашу міласць з рук узяць.
Яна падплыла бліжэй, працягнула руку, а ён у адной шклянку трымае, а другой рукой яе падхапіў, свіснуў да жарабка. Жарабок прыбег. Забраў усё сваё, яе пасадзіў на жарабка, сеў сам і паехаў! Прывёз паненку Валынку да цара. Цар убачыў яе, яе хараство — не ўседзеў на сваім месцы. Адарыў Мал-Малышка чынам капітана. Пажыў цар дні два і задумаў з ёй ажаніцца. А яна кажа:
— Нельга мне замуж ісці. Я ў гэтым адзенні не буду замуж ісці. У мяне ёсць куфар жалезны — трыста пудоў, у моры ляжыць. Дастань куфар, я ўбяруся святочна, тады будзем вяселле гуляць.
Тады цар прызваў Мал-Малышка.
— Едзь у мора, — кажа. — Куфар жалезны ў трыста пудоў — каб яго даставіў!
— Ніяк, — кажа Малышок, — гэта ж няможна!
— Не адмаўляйся! А то адсяку галаву ўраз!
— Дайце ж трохі падумаць!
— Думай, толькі хутчэй.
Пайшоў Малышок да жарабка, стаў тужыць, што дрэнна стала жыць. Жарабок у яго пытаецца:
— Што, Мал-Малышок, затужыўся?
— Цар службу задаў, каб з мора дастаў куфар жалезны ў трыста пудоў.
— Гэта не служба! Служба яшчэ будзе. Ідзі да цара, і няхай ён табе дасць меч-самасеч.
Пайшоў Малышок да цара, узяў меч-самасеч. Прыехалі да мора. Жарабок і гаворыць:
— Пускай па малой рыбе па галовах меч-самасеч.
Малышок пусціў меч-самасеч у мора і кажа:
— Самай меншай рыбе галовы адсякай! І ўсё ў адно месца збірай!
Меч і пачаў сваё рабіць. Прыплыла да берага Цуда-Юда Рыба-Кіт.
— Мал-Малышок, перастань маю сілу глуміць. Што табе трэба — тое і будзе.
— Ёсць у моры куфар трыста пудоў жалезны. Паненкі Валынкі. Мне яго трэба дастаць.
Цуда-Юда паслала рыбу. Знайшлі гэты куфар, прыплываюць і кажуць:
— Ёсць такі.
Цуда-Юда кажа Мал-Малышку:
— Адʼязджай, як можна, на трыста вёрст. Я кіну табе гэты куфар у рукі — лаві яго, як здолееш. Калі не зловіш, у зямлю ўпадзе — тады зусім прападзе, ніхто тады не дастане.
Узяў ён той меч-самасеч, адскочыў на трыста вёрст. Чуе — грыміць-грукаціць! Куфар да яго ляціць! Ён той куфар злавіў і ўмомант у цара стаў. Цар яго за гэтую службу ротным прызначыў. Тады цар кажа паненцы Валынцы:
— Будзем жаніцца?
А яна ў адказ:
— А чым куфар адамкнуць? Ёсць ключы ў моры залатыя — пяцьсот пудоў. Трэба іх дастаць.
Прызваў цар Мал-Малышка, задае яму гэтую службу, а Мал-Малышок гаворыць, што дастане, не пярэчыць. Узяў той меч-самасеч, прыехаў да мора. Пусціў меч-самасеч на сярэднія рыбы па галовах. Прыплыло да яго Цуда-Юда і кажа:
— Што ж табе трэба, Мал-Малышок?
— Ёсць у моры ключы ад таго куфра залатыя. Па пяцьсот пудоў — трэба ж дастаць!
— Сунімі меч-самасеч, тады дастанем, — і паслала рыбу шукаць ключоў.
Шукалі-шукалі і не знайшлі. Так з такім адказам прыйшлі: няма ключоў. Мал-Малышок зноў пусціў меч-самасеч — па вялікай рыбе. Рыба-Кіт і гаворыць:
— Сунімі меч-самасеч. Знойдзем мы гэтыя ключы.
Сабрала ўсіх, хто ў вадзе ёсць ды па зямлі поўзае — жаб, ракаў — і паслала шукаць гэтыя ключы. Шукалі-шукалі — не знайшлі. Зноў так і прыйшлі. Давай яна пытаць усіх, што шукалі — усіх, хто ёсць. Усіх апытала, а аднаго толькі вось рака няма. Ажно паўзе і той рак.
— Знайшоў ключы, — гаворыць. — Былі глыбока пяском занесены.
Ну тады сказала Рыба Малышку:
— Адʼязджай на пяцьсот вёрст, я кіну ключы.
Ён адʼехаў на пяцьсот вёрст. Чуе — шуміць і звініць — ключы да яго ляцяць! Ён схапіў гэтыя ключы, прыцягнуў цару, падаў ключы. За гэтую службу вышэйшым чынам узнагародзіў яго цар — палкоўнікам прызначыў! Так цар тады ўжо і гаворыць паненцы Валынцы:
— Ну, ужо будзем вяселле ладзіць!
А яна яму кажа:
— Я ў тваім саборы не буду вянчацца! Мне каб за адну ноч збудавалі сабор за ракой. Цагліна залатая, цагліна срэбная. І мост такі: мастнічына залатая, мастнічына срэбная. Паабапал каб былі пасаджаныя розныя вінаграды. Як будзем у сабор ісці — каб дрэўцы цвілі, а як будзем ужо ісці з сабора — каб ужо паспелі. Вакол сабора каб быў вырыты роў дванаццаць сажэняў глыбіні, дванаццаць шырыні. І ў саборы каб свечкі гарэлі, пеўчыя каб спявалі. Насупраць сабора каб агонь гарэў, і ў рове над агнём каб вісеў кацёл. А ў катле каб смала кіпела. Вось тады я буду вянчацца!
Вядома, што і гэтую службу цар узваліў на Мал-Малышка.
— Аніяк няможна гэтай службы саслужыць! — адхрышчваецца Малышок.
А цар кажа:
— Мне давядзецца рыхтаваць тапор і плаху, а ты глядзі, каб была смяротная рубаха!
— Ой, тады ж дайце мне часу два дні падумаць!
Пайшоў да жарабка, стаў горка плакаць. Стаў жарабок пытаць:
— Што так моцна заплакаў, Мал-Малышок?
— Як жа мне не плакаць? Давядзецца са светам развітацца і з табою!
— А за што так?
— Цар службу загадаў.
— Якую?
— А каб за адну ноч быў збудаваны сабор за ракою. І каб адна цагліна была залатая, а другая срэбная. І мост каб быў такі: мастнічына залатая, мастнічына срэбная. Паабапал каб былі насаджаныя розныя вінаграды. Як будуць яны ў сабор ісці, каб цвіло ўсё, а як будуць назад вяртацца — каб паспела. І вакол сабора каб быў вырыты роў дванаццаць сажэняў глыбінёй, дванаццаць шырынёй. І ў саборы каб свечкі гарэлі, і каб пеўчыя спявалі. А насупраць сабора каб агонь быў. І ў рове над агнём каб вісеў кацёл, а ў катле каб смала кіпела!
— От гэтая служба — не службачка! Служба такая, што я табе не дапамагу. Толькі магу табе падказаць: ідзі да паненкі Валынкі, як можаш яе прасі — можа, яна злітуецца з цябе.
Пайшоў Малышок да паненкі Валынкі. Стаў яе прасіць з нізкім паклонам, каб гэтую службу яна яму саслужыла. А яна яму і сказала:
— Мал-Малышок, не думай, маліся Богу і кладзіся спаць. Цераз ноч усё будзе гатова. Толькі зладзь спраўную мяцёлачку — па мосце падмятаць. І прыйдзі раніцай да цара і скажы, што гатова.
Падзякаваў Малышок паненцы, пайшоў на сваё месца, памаліўся, лёг спаць. Але ж не спалася, усё думалася — які ўжо тут сон? Устаў раніцай рана, выйшаў да рэчкі — усё зроблена! Пайшоў да цара.
— Ваша мосць! Службу саслужыў і ўсё зрабіў. Можна ў сабор ісці.
Цар тады яго князем узнагародзіў. Узяў Мал-Малышок мяцёлачку, пайшоў да моста. Ідзе ды падмятае. Дзе пачысціць, дзе галінку паправіць на дрэве. Убраўся цар з паненкай Валынкай, пайшлі ў сабор. Дрэвы цвітуць, у саборы свечкі гараць, пеўчыя спяваюць, агонь гарыць перад саборам, смала кіпіць у катле. Прыйшлі да агню ды вялікага катла, а паненка і гаворыць:
— Вам наперад ісці, а я ўслед за вамі пайду. Гусак заўсёды наперадзе ідзе і за сабой гуску вядзе.
Цар трохі спалохаўся, паклікаў Мал-Малышка, паслаў яго ўперадзе. А Мал-Малышок, як пайшоў, так і перайшоў. За ім пайшоў цар ды ўваліўся ў кацёл! А за царом паненка Валынка як ішла, так і перайшла. Мал-Малышка за руку ўзяла, і ў сабор увайшлі. Абвянчаліся. Адтуль ізноў перайшлі. У сабор ішлі — дрэвы цвілі, а адтуль ідуць — розныя вінаграды паспелі, а яны іх ядуць. Тады ўжо Мал-Малышок зрабіў пір на ўвесь мір і сталі там пажываць, дабро нажываць.
І я там быў, мёд-віно піў, адно губы памачыў. Давалі мне адтуль смаляную кабылу ехаць, рэпавае сядло, гарохавую пугу… Еду я адтуль, ажно ў мужыка ток гарыць. Я пайшоў тушыць — кабыла ад агню растала, сядло свінні зʼелі, а пугу маю вароны падзяўбалі.