Маленькі Мук
Маленькі Мук Казка Аўтар: Вільгельм Гаўф 1938 год Арыгінальная назва: Die Geschichte von dem kleinen Muck (1826) |
В. ГАУ́Ф
Маленькі
МУК
ДВБ 1938
В. ГАЎФ
МАЛЕНЬКІ МУК
пераклад з рускага
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
ДЗІЦЯЧАЯ ЛІТАРАТУРА
МЕНСК ● 1938
В. Гауфф
МАЛЕНЬКИЙ МУК
Детиздат ЦК ВЛКСМ
1936
I
Жыў маленькі Мук з сваім бацькам у горадзе Нікеі. Ногі ў яго былі маленькія, рукі маленькія, і сам ён быў маленькі-маленькі. Калі ён ішоў па вуліцы, злыя хлапчукі беглі за ім і крычалі: „Глядзіце, які карлік ідзе! Глядзіце, які смешны!“
А маленькі Мук ішоў далей і нічога не адказваў. Невясёлае было жыццё ў маленькага Мука, а калі ў яго памёр бацька, дык і зусім яму стала дрэнна. Злыя дзядзька і цётка выгналі маленькага Мука з дому і сказалі яму:
— Ідзі, куды хочаш, а мы цябе карміць не будзем.
Маленькі Мук спачатку нават узрадваўся:
„Вось, — думае, — і добра. Пайду па свету гуляць“.
Потым кажа ён дзядзьку і цётцы:
— Дайце мне на дарогу толькі бацькава плацце і чалму.
— Бяры плацце і чалму, — сказалі яму дзядзька і цётка, — толькі ідзі хутчэй.
А бацька ў Мука быў чалавек высокі, тоўсты: яго плацце і чалма не маглі быць якраз па Муку. Але Мук абрэзаў полы халата, абкруціў чалму кругом галавы, засунуў за пояс кінжал, узяў у рукі палку, заспяваў песеньку і пайшоў з горада.
Першы дзень ён ішоў і ўсяму радаваўся. Птушкі спяваюць, дрэвы калышуцца, ручаі цякуць. Вельмі ўсё прыгожа.
Настаў вечар; лёг Мук пад дрэва і заснуў. А раніцою пайшоў далей.
Тут ісці горш было. Згаладаўся маленькі Мук, захацелася яму есці, а есці няма чаго. Галодны ішоў маленькі Мук, сумны, ледзь ногі цягнуў. А раніцой трэцяга дня ўбачыў ён вялікі прыгожы горад: блішчаць на сонцы вежы і дахі і развяваюцца на зубчатых сценах рознаколерныя сцягі.
— Вось дзе я знайду сваё шчасце, — сказаў маленькі Мук. І пабег да горада.
Дабег Мук да гарадскіх варот. Спыніўся, паправіў на сябе халат, завязаў чалму прыгажэй, зацягнуў мацней пояс, засунуў яшчэ глыбей доўгі кінжал і, вясёлы і здаволены, увойшоў у горад.
Ідзе маленькі Мук па гораду, любуецца на яго дамы і палацы; а есці яму ўсё-ж вельмі хочацца. Але не адны дзверы не адчыняюцца перад ім, ніхто не гаворыць яму:
— Маленькі Мук, зайдзі сюды, паеш, напіся і адпачні.
І раптам ён бачыць: адчыняецца адно акно, у ім паказваецца бабулька. І тут ён чуе, гаворыць бабулька:
Стол накрыт |
Сказала так бабулька, і адразу з усёй вуліцы збегліся да яе дзвярэй каты і сабакі і ўвайшлі ў дом. Мук за імі.
Каты і сабакі пайшлі ўверх па лесніцы. Мук таксама пайшоў уверх па лесніцы. А там наверсе, на пляцоўцы, стаяла бабулька.
— Што табе тут трэба? — гаворыць бабулька. — Ты навошта прышоў?
— Ты, мілая бабулька, — адказвае ёй Мук, — запрашала ўсіх на абед. А я вельмі галодны, вось я і прышоў.
Тады бабулька гаворыць:
— Што ты, што ты! Я кармлю толькі катоў і сабак. Ну, добра ўжо, сёння заставайся ў мяне, я цябе накармлю.
Сеў Мук абедаць разам з катамі і сабакамі.
А пасля абеда бабулька яму сказала:
— Ці не хочаш, маленькі Мук, да мяне на службу паступіць?
— Добра, — гаворыць маленькі Мук, — паступлю.
І стаў маленькі Мук служыць у гэтай бабулькі. Раніцою ён павінен быў расчосваць грабнём шэрсць у чатырох кошак і двух катоў, потым даваць ім абед, а ўначы ўкладваць іх спаць на шаўковыя падушкі і накрываць аксамітнымі коўдрамі.
Спачатку маленькаму Муку вельмі падабалася жыць у бабулькі. Карміла яго бабулька добра, а работы было не так шмат. Але потым каты пачалі сваволіць. Яны бегалі і скакалі па пакоях і пабілі шмат кубкаў, сподкаў і талерак.
А прыдзе дадому гаспадыня, лягуць каты на свае падушкі, ляжаць і мурлычуць, быццам гэта і не яны пасуду пабілі.
Тут гаспадыня пачынае Мука лаяць:
— Ты кубкі і сподкі пабіў! Ты талеркі перабіў!
А Мук гаворыць:
— Не, не я. Гэта каты пабілі.
А бабулька яму не верыць.
Вельмі невясёлым стала жыццё маленькага Мука. Каты яго не слухаюцца. Бабулька лае. Думаў-думаў маленькі Мук, што яму рабіць, і рашыў пайсці ад бабулькі.
А тут зноў няшчасце здарылася.
Быў у бабулькі ў доме адзін пакой, у які яна Муку не дазваляла хадзіць. А Муку даўно хацелася паглядзець гэты пакой. І вось адной раніцой Мук узяў і пайшоў туды. Як-жа ён здзівіўся, калі, адчыніўшы дзверы, убачыў, што ў гэтым пакоі нічога няма, апрача старога плацця і розных ваз! Узяў Мук адну самую прыгожую хрустальную вазу ў рукі, і раптам звалілася з вазы пакрышка на падлогу і пабілася.
Маленькі Мук вельмі спалохаўся, нават збялеў ад страху. Цяпер думаць не было чаго: трэба ўцякаць ад бабулькі хутчэй, пакуль яна не прышла дадому. „Толькі што-ж, — думае ён, — трэба што-небудзь узяць у бабулькі на дарогу, а то яна мне грошай не заплаціла“.
Паглядзеў ён кругом і бачыць, стаяць пад ложкам вялізныя туфлі.
— Вось добра, — сказаў Мук, — што я туфлі знайшоў, а то я ўсё босы хаджу. Халат у мяне ёсць, чалма ёсць, а туфель няма. Вазьму я гэтыя туфлі.
Надзеў Мук туфлі і пабег з дому.
Прабег Мук сто крокаў, прабег дзвесце крокаў. Хоча спыніцца і не можа. Бягуць яго туфлі, і Мук у іх бяжыць. Шпарка бяжыць, нібы вецер.
Зразумеў тады Мук, што туфлі яго незвычайныя і закрычаў ім:
— Спыніцеся, туфлі, спыніцеся, не магу я больш бегчы!
Туфлі спыніліся, і Мук, задыхаючыся, паваліўся на зямлю.
Узрадаваўся Мук, што яму такія туфлі папаліся і нават у далоні запляскаў. А потым спаць лёг. Лёг, заснуў і ўбачыў у сне свае туфлі. Быццам яны яму гавораць: „Маленькі Мук, калі ты тры разы павернешся на абцасах, дык зможаш паляцець куды хочаш“.
Прачнуўся Мук і рашыў адразу-ж папрабаваць, ці праўду яго туфлі ў сне казалі. Устаў ён, павярнуўся тры разы на абцасах і пажадаў перанесціся ў самы вялікі горад і ў тую-ж хвіліну ўзняўся ў паветра і паімчаўся. Не паспеў Мук азірнуцца, як ўжо спусціўся на вялікай плошчы, у чужым, незнаёмым горадзе. На плошчы было шмат людзей, і маленькі Мук паспяшаўся хутчэй павярнуць у якую-небудзь вуліцу, бо людзі наступалі яму на яго туфлі або ён сам замінаў прахожым сваім кінжалам.
— Што-ж мне цяпер рабіць? — сказаў Мук. — Куды пайсці? Вось што, пайду я ў Каралеўскі палац і стану ў караля скараходам. Я ў маіх туфлях вельмі хутка бегаю.
Так ён і зрабіў. Прышоў у палац да караля і кажа:
— Я жадаю быць каралеўскім скараходам. Вазміце мяне на службу.
А кароль нават раззлаваўся.
— Што ты, — кажа, — здурнеў? Сам маленькі, ножкі маленькія, а хочаш скараходам быць. Ты, напэўна, і бегаць не ўмееш.
— А вы выпрабуйце мяне, — адказаў яму Мук, — паглядзіце, як я бегаю.
— Ну, добра, — сказаў кароль, — садзіся за стол, пад’еш і адпачні. А ў вечары мы выпрабуем цябе.
Увечары кароль і ўсе яго слугі і міністры і ўсе яго дочкі і сыны сабраліся на лузе. Сюды-ж, на луг, прывялі маленькага Мука і самага хуткага каралеўскага скарахода. Прывялі іх і паставілі побач.
Скараход вялікі, высокі стаіць, ногі моцныя, доўгія. А побач з ім Мук. Сам маленькі-маленькі, і ножкі маленькія.
Кароль і ўсе яго міністры, слугі, дочкі і сыны пачалі смяяцца з Мука.
Потым старэйшая каралеўская дачка махнула сваёй хустачкай, і абодва скараходы паімчаліся.
Тут маленькаму Муку яго туфлі дапамаглі. Як пабеглі туфлі, як панеслі яны Мука, ніхто і вокам міргнуць не паспеў, а Мук ужо і да месца дабег. А скараход усё яшчэ па лузе бяжыць, нават да сярэдзіны не дабег.
— Ну і маленькі Мук! — закрычалі ўсе. — Вось дык малайчына!
А скараход раззлаваўся і сказаў:
— Ну, маленькі Мук, я табе гэтага не забуду! Я табе адпомшчу.
І вось стаў Мук служыць у караля скараходам. Усе каралеўскія даручэнні выконваў ён хутка і добра. Пашле яго кароль у такі горад, куды і за тры дні не зойдзеш, а ён праз гадзіну ўжо назад звяртаецца.
А той скараход, якога абагнаў маленькі Мук, увесь час думаў аб тым, як-бы адпомсціць Муку. Стаў скараход сачыць за Мукам, і вось убачыў ён, аднаго разу, як Мук павярнуўся тры разы на абцасах і паляцеў.
— Цяпер вось я зразумеў, — сказаў скараход, — хто табе дапамагае хутка бегаць, — і пайшоў да караля.
Прышоў ён да караля і кажа:
— Ведаеш, кароль, чаму Мук так хутка бегае?
— Не, — гаворыць кароль, — не ведаю.
— У яго туфлі асаблівыя. У такіх туфлях я яшчэ хутчэй пабягу.
— Добра, — сказаў кароль. — Трэба будзе праверыць, ці праўду ты кажаш.
І вось прышлі ўначы слугі караля да Мука. А маленькі Мук ляжаў на ложку і моцна спаў, а туфлі яго стаялі ля ложка. І вось слугі ўзялі яго незвычайныя туфлі, а на іх месца паставілі іншыя, звычайныя.
Раніцой устаў кароль, схаваў гэтыя туфлі ў сваю скарбніцу, пазваў Мука і кажа яму:
— Бяжы ў суседні горад, аднясі гэтае пісьмо маёй сястры і прынясі ад яе адказ.
— Добра, — сказаў маленькі Мук, — усё зраблю.
І пабег.
Але толькі зрабіў два крокі, спатыкнуўся і паваліўся. Падняўся, зноў пабег, тры крокі зрабіў, задыхацца пачаў, стаміўся. Ножкі ў яго тонкія, маленькія — куды-ж яму бегчы? Зразумеў тут маленькі Мук, што падмянілі яго туфлі, і заплакаў.
А кароль кажа:
— Ты ашуканец, вось ты хто! Ідзі прэч з майго горада!
Пайшоў маленькі Мук з горада. Прышоў у лес і сеў ля ручая. Сядзіць і плача. А тут, над ручаём арэхавы куст расце, а на ім арэхі вялікія. Паглядзеў Мук на арэхі і есці захацеў. Стаў ён арэхі есці. А потым яму піць захацелася. Нахіліўся ён да ручая і ўбачыў там сваё адлюстраванне, ды якое страшнае! Бачыць ён, тырчаць у яго асліныя вушы і нос доўгі-доўгі вырас.
Яшчэ больш, як раней, заплакаў маленькі Мук, яшчэ больш засмуціўся.
„Што-ж мне цяпер рабіць? — думае. — Як мне ў такім выглядзе людзям паказацца?“
І вось ходзіць маленькі Мук па лесу і раптам бачыць другі арэхавы куст, а на ім маленькія арэхі растуць. Сарваў Мук арэшак з гэтага куста, з’еў яго і раптам адчуў — паменшылі ў яго нос і вушы. Зноў такімі сталі, як раней былі.
Зразумеў тут маленькі Мук, што, калі вялікіх арэхаў пад’есці, вырастуць нос і вушы, а маленькіх пад’есці — паменшацца.
Набраў тады Мук поўны мяшок вялікіх і маленькіх арэхаў, і пайшоў назад у горад.
Прышоў ён да палаца і прадаў галоўнаму повару арэхі для каралеўскага стала. Вялікія арэхі прадаў, не маленькія. Прадаў і пайшоў гуляць па гораду.
Падалі ў каралеўскім палацы абед. Селі за стол кароль, яго сыны і яго дочкі і ўсе міністры.
Пачалі абедаць. Падаюць на салодкае арэхі.
Сталі есці арэхі кароль, яго сыны, яго дочкі і міністры. Елі, елі і раптам як паглядзяць адзін на аднаго і бачаць, у кожнага вялізныя вушы выраслі і доўгі нос тырчыць.
Перапалохаліся ўсе, зараз-жа дактароў паклікалі. Прышлі дактары, пачалі лячыць, кампрэсы прыкладаць, а аднаму міністру нават для пробы адрэзалі нос і вушы, а яны зноў выраслі. Нічога дактары зрабіць не могуць.
Вось бяда. Дочкі плачуць.
А Мук прыклеіў сабе бараду, каб яго не пазналі, і зноў прышоў у палац.
— Я, — кажа, — магу вас усіх вылечыць.
— Што ты кажаш! — сказаў кароль. — Як-жа ты вылечыш, калі ўсе дактары нічога зрабіць не могуць?
А Мук даў аднаму міністру паесці маленькіх арэхаў: у таго адразу-ж і нос і вушы паменшыліся.
— Нас лячы хутчэй! — закрычалі міністры. — Не, нас! — крычалі каралеўскія сыны. — Не, нас, не, нас! — вішчэлі каралеўскія дочкі.
А кароль нічога не сказаў, схапіў маленькага Мука за руку і пацягнуў яго да сябе ў скарбніцу.
— Вось, — кажа, — бяры ўсё, што хочаш, толькі вылечы мяне.
А ў скарбніцы гэтай брыльянты і алмазы зіхацяць, пасярэдзіне на падлозе туфлі стаяць. Тыя самыя, якія скараход у Мука сцягнуў.
Прышоў да іх Мук, надзеў іх на ногі і сарваў сваю бараду. Убачыў тут кароль, што перад ім стаіць Мук.
А Мук кажа яму:
— Ты мяне прагнаў, дык заставайся-ж, цяпер назаўсёды з аслінымі вушамі і доўгім носам. Няхай з цябе ўвесь народ смяецца.
Сказаў так Мук, павярнуўся тры разы на абцасах і паляцеў.
А кароль застаўся з носам, і сыны яго засталіся з носам, і дочкі яго засталіся з носам, і міністры засталіся з носам, з носам і доўгімі аслінымі вушамі.
Рэдактар перакладу Бутэлін Зак. № 453. Уп. Галоўлітбела № 3613. Друкарня Акадэміі навук БССР. |
Цана 25 кап.
НА БЕЛОРУССКОМ ЯЗЫКЕ
В. Гауф
МАЛЕНЬКИЙ МУК
Гасударственное
Издательство
Белоруссии
Минск — 1938
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |