Перайсці да зместу

Малады плытагон

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малады плытагон
Аўтар: Алесь Пруднікаў
1931

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На беразе
на пакатым —
ярусы бярвення смалянога,
гэта сосен ствалы чубатых,
якія раслі на аблогах,
якія у пушчах заснежаных
незакранутымі стаялі,
сочучы,
як месяц-ліхтар падвешаны
хістаўся адзін над палямі.
А ўранні вершалін далоні
да сонца ўвысь працягвалі...
Здавалася —
рынуцца на ўлонне,
на далячынь неабсяжную.
Гады ім дадалі дужасці,
не ахапіць — таўшчынёю.
— Цяжка з такімі
піле падужацца, —
галасіла піла шчанём.
Сырымі іх вывезлі з лесу
і палажылі на беразе
для сплаву
у краі бязлесныя,
дзе доўгія гладзі ды зоры ўверсе;
там шахты Данбаса
стоек
чакаюць у вузкія штрэкі,
каб падкрапіць стопудовыя столі іх
новым і дужым крэпам.
На якары лес стаяў
звязаным у грабёнкі,
калі пазнаёміўся я
у будцы дарожнай
з Сёмкам.
— Раніцаю адплывём, —
кінуў слоўца ўбок
і квола вачыма правёў,
паказваючы на бонт.
Хлопец ты добры, відаць,
бяры сабе лепшы шост. —
Яму я руку падаў
і разам на прыстань пайшоў.
Вячэралі рыбу і бульбу
ля вогнішча мы гурбой...
Рака стагнала бабулькаю,
кідаючыся на бонт.
— Уставай, плытагон малады, —
Пабудзілі мяне ўранні.
Над вадою,
і каля вады
паразвешаліся туманы.
Крануліся,
і...
лугі
знаёмыя нас пакідаюць;
адзін за другім загіб —
і новых абшараў далеч.
Злуе калі плынь ракі, —
штыль у руках трымай.
Практыкаваныя плытнікі
на вяку сустракалі шмат.
Неба ў вір празрысты
упала і там — нерухома.
Мінаем за прыстанню
прыстань —
Радасць усім і нікому.
Камлі набракаюць вадою,
ногі мне хвалі ліжуць,
і шлях карацее доўгі,
і адпачынак бліжай.
Жаўранкі, быццам бомы,
ў надхмарным блакіце спяваюць
адзін на падмен другому...
Толькі падмену няма нам.
— Глядзець табе на плыты,
зоркае вока плытагона.
Напагатове трымаць штыль
метраў у сем пагонных.
— Эх, хлопцы, —
я задаволен,
што ўзялі мяне з сабой.
Дагонім да Кіева
і на Волгу
пойдзем усе гурбой.
...Так плыў малады плытагон
уздоўж па Дняпры на грабёнцы.
Праходзілі постаці дзён
шырокім гасцінцам пад сонцам.