Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Алесь Гародня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вільгельм Гараўскі Алесь Гародня
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Юрка Гаўрук

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Гародня (псэўдонім). Бацька чыноўнік, служыў у Польшчы, Але кожны год сям‘я праводзіла месяцаў пяць у Горадзеншчыне, часткаю ў дзедавым маёнтку Зьдзішава (Картуз-Бярэскае воласьці, Пружанскага павету), часткаю-ж у матчыным маёнтку Семянча, тры вярсты ад Пружан. Апрача таго, кожны год езьдзілі за мяжу — у Нямеччыну, Францыю, Аўстра-Вэнгрыю, Італію, на курорты. Бываючы на вёсцы, Алесь гутарыў з дзяцьмі заўсёды пабеларуску, жывучы-ж у Польшчы, меў магчымасьць гаварыць пабеларуску з старою кухаркаю Настусяй, сялянкай-беларускай з в. Забалацьце, з-пад Пружан. Яна апавядала яму надзвычайна прыгожыя „байкі“ (казкі).

Бацька быў лібэральна настроены расійскі патрыота. Маці была таксама патрыотка, але крыху правейшая. Цікавіліся політыкаю. Былі супроць украінскае і беларускае мовы. Тымчасам гэта толькі больш набліжала сына да гэтых моў. З беларускім друкаваным словам пазнаёміўся ў гімназіі. Настаўнік А. М. Сірацінін быў славянафіл і славісты і знаёміў сваіх вучняў з усімі славянскімі мовамі. Так уся кляса ў яго дэклямавала:

Гразь, пясок, лужок зялёны,
Шэлесьць лісьця несканчоны,
Цёмны бор і цёмны гай —
Гэта ты, балот краіна,
Гэта ты, Палескі край…

Сьветагляд у Гародні пачаў разьвівацца пад уплывам спрэчак з адным с.-д. меншавіком, у часе лячэньня ад сухот у Швайцарыі, у Давос, у 1913 г. Ад „інтэрнацыяналізму“ гэтага меншавіка Алесь адчуваў, — як ён кажа, — „моцны пах дрэнна схаванага ісьцінна-рускага“ шовінізму. Ад гэтага ў Алеся яшчэ больш ўзрастала любоў да беларускасьці.

Рэволюцыя 1917 г. застала яго ў Фіншчыне. Пасьля прыезду ў Маскву, дзе ён вучыўся, Алесь адразу ўвайшоў у маскоўскую організацыю Беларускай соцыялістычнай грамады і з таго часу канчаткова ўвайшоў у беларускую культурную справу.

Алесь Гародня напісаў дзьве аповесьці: „На крэсах“ і „Варта на Рэйне“ і апавяданьне з імпэрыялістычнае вайны „У паплавох“. Цяпер канчае аповесьць „Пісар пана Куркуса“. Апрача таго, Гародня даў шмат рэцэнзій і некалькі крытычных артыкулаў аб беларускай літаратуры.

Аповесьць „На крэсах“ напісана ў 1925 годзе. У 1927 г. яна вышла асобнаю кніжкаю. Тут апісваюцца ўсходнія польскія „крэсы“ — беларускія землі, окупаваныя Польшчаю. Гвалты над беларускім сялянствам, панская сваволя. Каханьне і здрада. Паўстанцы, барацьба. Дзейнасьць агентаў дэфэнзывы. Спэкуляцыя.

Аўтар некаторыя моманты жыцьця на Крэсах ведае вельмі добра, але дае ўсё гэта схэматычна, урыўкамі.

Жанр — фэльетонны: аўтар хоча коратка ахапіць усё, даючы падкрэсьленыя моманты. Тут — абразкі, падзеленыя на разьдзелы, з газэтнымі фальетоннымі загалоўкамі. Імкненьне да дынамікі і стылізаванае мовы. Адрывісты стыль. Ня гледзячы на гэты сваяасаблівы „футурызм“, аповесьць чытаецца з цікавасьцю, робіць уражаньне і шмат момантаў пакідае ў памяці. Галоўнае-ж, яна, малюючы жыцьцё ў окупаванай Польшчаю частцы Беларусі, значна запаўняе прабел у сучаснай беларускай літаратуры, бо аб гэтым жыцьці, як гэта ня дзіўна, сучасныя беларускія пісьменьнікі напісалі ня шмат. Аповесьць „Варта на Рэйне“ напісана ў 1927 г. Друкавалася яна ў „Росквіце“, № 1, 1928 г. Тут — гісторыя бэрлінскага рабочага з фабрыкі электрычных прылад, на імя Альфрэда Кляйна. Узяўшы гэтую гісторыю, як стрыжань, Гародня ў тым-жа фэльетонна-футурыстычным стылі памастацку апісвае імпэрыялістычную вайну, бэрлінскае жыцьцё, жыцьцё на франтох у былой Расіі, сьмерць, руіны, голад, холад, простытуцыю і г. д. Аповесьцяй з падобным зьместам і з такімі формальна-мастацкімі асаблівасьцямі ў беларускай літаратуры яшчэ ня было.