Маладняк за пяць гадоў (1928)/IV
← III. Другі пэрыод у жыцьці Маладняка (1926—1927 г. г.) | IV. Трэці пэрыод у жыцьці Маладняка (1928 г.) Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
V. Соцыяльны склад сучаснага Маладняка → |
IV. ТРЭЦІ ПЭРЫОД У ЖЫЦЬЦІ МАЛАДНЯКА
(1928 г.)
Трэці пэрыод у жыцьці Маладняка — сучасны пэрыод — пачынаецца з першых месяцаў 1928 г. і ўжо можа быць названы пэрыодам аздараўленьня і росту.
Як вышлі сябры згуртаваньня, якія аб‘ядналіся з нашаніўцамі ў Полымі, за аздараўленьне Маладняка ўзялося новае, моцнае ядро Маладняка з ліку тых яго сяброў, што ўвайшлі у Маладняк пазьнейшым часам. Ужо з новага, 1928-га, году часопісь „Маладняк“ пачала выходзіць акуратна кожны месяц, пераважна з творамі гэтых новых сяброў і ў прыгожым выглядзе, пад рэдакцыяй т.т. Галавача, Каваля, Моркаўкі, Мурашкі і Хурсіка, у выданьні ЦК ЛКСМБ „Чырвоная Зьмена“. У № 2 часопісі за 1928 г. у хроніцы было зьмешчана такое паведамлецьне аб Маладняку: „Апошнім часам у аб‘яднаньні адбыліся грунтоўныя зьмены. У сувязі з апошнімі падзеямі і заняпадам склалася новае кіраўніцтва аб‘яднаньня ў складзе т. т. П. Галавача, Р. Мурашкі, А. Моркаўкі, С. Хурсіка, І. Барашкі, В. Каваля, Е. Пфляумбаум“. Тут-жа пісалася, што „З апошняга часу ўзяты цьвёрды курс на рэорганізацыю часопісі“.
15—18 лютага 1928 г. ў Менску адбылася ўсебеларуская конфэрэнпыя Маладняка, скліканая часовым кіраўніцтвам аб‘яднаньня. Аб падзеях у Маладняку, якія давялі да гэтае конфэрэнцыі, у друку пісалася мала. На конфэрэнціі, між іншым, аднак, зазначалася, што „разьвіцьцё і пашырэньне соцыялістычнага будаўніцтва, шырокае разьвіцьцё беларускае культуры, з аднаго боку, і разьвіцьцё процэсу клясавага разьмежаваньня ў вёсцы і ў горадзе — з другога, — выклікалі за сабою дыфэрэнцыяцыю шэрагаў Маладняка“[1]. Можна было зразумець, што гэта было сказана ўжо не па адрасу былых сяброў Маладняка, якія стварылі Узвышша, а па адрасу былых маладнякоўскіх сяброў, якія ўвайшлі ў Полымя.
На конфэрэнцыі было 28 дэлегатаў ад Аршанскае, Бабруйскае, Віцебскае, Магілеўскае, Менскае і Полацкае філій з правам поўнага голасу, што складала палову сяброў Маладняка.
На конфэрэнцыі былі прыняты пастановы, з якіх трэба адзначыць такія моманты[2]:
1. Галоўная ўвага аб‘яднаньня павінна быць аддадзенай творчай працы. „Але разам з гэтым конфэрэнцыя выказася за ўдзел Маладняка ў непасрэднай грамадзкай працы пад кіраўніцтвам КПБ(б) і ЛКСМБ“.
2. Маладняк павінен быць і ў далейшым масавай організацыяй „у сэнсе вядзеньня працы па выяўленьню і выхаваньню новых літаратурных сіл з рабочых і сялян. Цэнтр увагі ў гэтай працы трэба перавесьці на выяўленьне пісьменьнікаў з рабочых праз стварэньне пры фабрыках і заводах рабочых літаратурных гурткоў, а таксама гурткоў пры школах, у вёсках. У працы літгурткоў трэба выкарыстаць наша настаўніцтва“.
3. Маладняк павінен увайсьці ва ўсесаюзную Асоцыяцыю Пролетарскіх Пісьменьнікаў (ВАПП).
На конфэрэнцыі было абрана новае цэнтральное бюро Маладняка, у склад якога ўвайшлі: А. Вечар, П. Галавач, Ю. Гаўрук, В. Каваль, Я. Ліманоўскі, М. Лынькоў і Я. Мазуркевіч. Кандыдатамі — Іл. Барашка і Я. Бобрык.
Калі зьліквідавалася „Беларуская літаратурна-мастацкая комуна“, у склад Маладняка ўліліся былыя яе сябры: Відук, Гародня, Шалай.
З былых сяброў „Пробліск“ увайшлі пяпер у „Маладняк“: Плаўнік, Туміловіч, Фамін, Хведаровіч.
Трэба сказаць, што распачынаць працу сучаснаму складу Маладняка было даволі цяжка. Дый нялёгка яе праводзіць і цяпер. Блізка што ўвесь маладнякоўскі актыў — студэнты унівэрсытэту, яны мусяць налягаць на навуку. У іх мала застаецца вольнага часу ня толькі на організацыйную і масавую працу, але і на мастацкую творчасьць. Далей, калі ў першы пэрыод у жыцьці Маладняка змагацца маладнякоўцам за іхнія літаратурныя позыцыі дапамагала савецкае грамадзтва, калі тады пісьменьнікі-немаладнякоўцы былі неорганізаваны і ў большасьці належалі да мінулае эпохі, дык цяпер увага савецкае грамадзкасьці да Маладняка аслабела, бо перанесена ўжо і на іншыя літаратурныя організацыі; пісьменьнікі-немаладнякоўцы цяпер усе організаваны, і абстрэл іх з сучасных маладнякоўскіх позыцый выклікае адпор ня толькі з боку абстрэленых адзінак, але і з боку ўсяе організацыі, у якую яны ўваходзяць.
Узвышшаўцы і полымцы яшчэ ціснуць маладнякоўцаў сваім аўторытэтам уваччу шырокага савецкага грамадзтва. Ролю і значэньне Маладняка ў сучасным беларускім культурным жыцьці шмат хто цяпер недаацэньвае або проста не разумее. Апрача таго, і ў сучасным складзе самога Маладняка некаторыя таварышы яшчэ ня маюць належнага маладнякоўскага выхаваньня. Нарэшце, патрэбен быў час, каб была зусім зжыта і забыта былая належнасьць некаторых маладнякоўцаў да іншых літаратурных організацый. Аднак-жа, хоць і з пэўнымі цяжкасьцямі, патроху, але цьвёрда і плянава Маладняк усё шчыльней згуртоўваецца, мацнее, расьце і заваёўвае сваё месца ў беларускай літаратуры. і ўжо цяпер у ім тэмп жыцьця большы, чым у Полымі і ў Узвышшы. Маладняк здолеў ужо гаварыць ад імя пролетарскае беларускае літаратуры ў Маскве, у Ваппе, ён завязаў шчыльную сувязь з літаратурнымі організацыямі Савецкае Украіны (між іншым, улетку 1928 г. група маладнякоўцаў зрабіла падарож на Украіну).
На працягу красавіка—жніўня 1928 г. аднэй Менскай філіяй Маладняка было наладжана 15 літаратурных вечароў. Вечары наладжваліся пераважна ў рабочых клюбах. Абслужана было звыш 4 тысяч слухачоў. Такім чынам, аднавіўся адзін з відаў слаўнае масавае працы Маладняка з часоў яго першага ўздыму.
Паасобныя сябры Маладняка далі за гэты час значную мастацкую продукцыю. Вышлі зборнікі:
А. Моркаўка — „Дым жыцьця“, вершы, 1928 г.
Ю. Гаўрук — „Кветкі з чужых палёў“, пераклады з заходня-эўропэйскіх поэтаў (1928 г.).
В. Каваль — „На загонах“, збор. апав., 1928 г.
Творы Маладняка сучаснага складу друкаваліся ў „Росквіце“ (орган „Комуны) № 1 і 2, 1928 г., у „Полымі“ і ў „Узвышшы“.
Вышаў „Аршанскі Маладняк“, № 7, 1928 г. Бабруйская філія выдае вельмі добры літар. дадатак „Вясна“ (пры бабруйск. газ. „Комуніст“)[3].
У часопісі „Маладняк“ была надрукавана вялікая аповесьць Мурашкі „У іхным доме“, у „Росквіце“ № 1 — аповесьць Гародні „Варта на Рэйне“, у „Полымі“ друкуецца роман маладнякоўца Ліманоўскага — „Над абрывам“. іншыя маладнякоўцы ўзяліся за шырокія палотны. У часопісі „Маладняк“ на працягу 1928 г. зьявіўся шэраг добрых апавяданьняў Галавача, Хурсіка і інш.
Цяпер Маладняк дзейна рыхтуецца да сьвяткаваньня 10-годзьдзя з часу абвяшчэньня незалежнай БССР і да свайго 5-гадовага юбілею.