Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Утварэньне Маладняка (1923 г.) II. Першы пэрыод у жыцьці Маладняка (1924—1925 г. г.)
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
III. Другі пэрыод у жыцьці Маладняка (1926—1927 г. г.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II. ПЕРШЫ ПЭРЫОД У ЖЫЦЬЦІ МАЛАДНЯКА
(1924—1925 г.)

Першы пэрыод у жыцьці Маладняка абымае два гады, ад часу яго заснаваньня да I-га Ўсебеларускага зьезду згуртаваньня (восень 1923 г.—восень 1925 г.).

Гэты пэрыод характарызуецца організацыйнаю і масаваю працаю Маладняка, шуканьнем новых формаў творчасьці і змаганьнем за свае позыцыі ў беларускай літаратуры.

Організацыйная і масавая праца Маладняка праз увесь час былі шчыльна зьвязаны, бо праз масавую працу, у значнай меры, ішло выяўленьне новых літаратурных сіл з сялянскае і рабочае гушчы, якія ўліваліся ў шэрагі аб‘яднаньня.

Гэтаму выяўленьню і ўцягваньню ў шэрагі Маладняка новых пісьменьнікаў вельмі дапамагло організаваньне філій Маладняка, маладнякоўскіх студый пры іх і вялікага ліку літаратурных гурткоў імя Маладняка, раскіданых па ўсіх куткох Беларусі і нават за яе межамі. Некаторыя філіі організаваліся яшчэ ў 1924 г., але энэргічнае і плянавае організаваньне філій прыпадае, галоўным чынам, на вясну 1925 г., калі наладзілася больш-менш пашырэньне беларускае культуры ў далучаных у 1924 г. да БССР Віцебшчыне і Магілеўшчыне. Так, паводле вестак, часам супярэчных, якія можна было знайсьці ў маладнякоўскіх выданьнях, філіі організоўваліся ў такім парадку: у Маскве — красавік 1924 г., Віцебску — лістапад 1924 г., Полацку — 7 сакавіка 1925 г, Барысаве — 4 красавіка 1925 г., Клімавічах — канец красавіка 1925 г., у Воршы — першая палова траўня 1925 г., Слуцку — травень 1925 г., Бабруйску — травень 1925 г., Гомлі — 1925 г. У Магілеве і Мазыры філіі організаваліся, мусіць, пазьней.

Да I-га зьезду (лістапад 1925 г.), значыцца, праз два гады з часу організацыі, у Маладняку было, як відаць са справаздачы на гэтым зьезьдзе, 12 філій, з якіх некаторыя мелі пры сабе сэкцыі. Склад Маладняка характарызаваўся так: сяброў — 101, кандыдатаў — 89, студыйцаў — 128. У тым ліку было: партыйцаў — 26, комсамольцаў — 92, іншых — 74; з іх: рабочых — 20, сялян — 116, іншых — 55.

Між іншым была спроба ўліць у Маладняк творчыя маладыя сілы Беларусі іншых галін мастацтва. Так пры Віцебскай філіі была сэкцыя вобразнага мастацтва, былі яшчэ музычныя сэкцыі.

Былі тады таксама спробы ўвесьці ў Маладняк літаратурныя організацыі беларускай моладзі іншых нацыянальнасьцяй — яўрэйскай і расійскай.

Цэнтральнае бюро Маладняка дапамагала акругам, пасылаючы туды сваіх працаўнікоў. Часова былі камандыраваны на працу ў акругах і сябры Цэнтральнага бюро.

Сябры Цэнтральнага бюро рабілі выезды на провінцыю, у акруговыя гарады і нават мястэчкі, дзе рабілі даклады аб Маладняку і беларускай культуры, выдавалі на месцы, з сябрамі філій, часопісі, літаратурныя старонкі, насьценныя газэты, знаёміліся на месцы з маладымі літаратурнымі сіламі і організоўвалі іх. Шмат выступленьняў рабілі менскія і акруговыя маладнякоўцы на фабрыках, у чырвонаармейскіх клюбах, школах і г. д. Ня толькі кожны акруговы горад, але і шмат якія мястэчкі бачылі маладнякоўцаў, слухалі іхныя даклады і творы. Такія выезды налічваліся ў першыя два гады існаваньня Маладняка некалькімі дзесяткамі, а выступленьні — сотнямі. Маладнякоўцы ўзварушылі тады ўсю Беларусь, асабліва ўсходнюю яе частку, нядаўна перад гэтым далучаную (у пачатку 1924 г.). Можна сьмела сказаць, што самыя шырокія беларускія масы першы раз пачулі тады сваё мастацкае слова з вуснаў маладнякоўцаў. У гэтым ёсьць вялізная, яшчэ неацэненая заслуга Маладняка. Шмат якія настаўнікі, выкладчыкі беларускае мовы і літаратуры, шчыльней падыходзілі да пролетарскае ідэолёгіі пасьля выступленьняў маладнякоўцаў у іхнай мясцовасьці. Праціўнікі беларусізацыі пасьля гэтых выступленьняў прыціхалі. Рабоча-сялянская моладзь усіх нацыянальнасьцяй БССР пільней бралася за культурную працу і актыўна праводзіла беларусізацыю і працу сярод нацыянальных меншасьцяй.

У сваіх справаздачах на I-ым Усебеларускім зьезьдзе маладнякоўцы, аднак, жаліліся, што ваць ім было цяжка. Яны ня жаліліся на цяжкасьць змаганьня з варожымі савецкай улады або беларускай культуры элемэнтамі, — яны жаліліся на недастатковасьць матэрыяльных сродкаў, нявытрыманасьць старой крытыкі ў адносінах да маладнякоўскай творчасьці, неразуменьне іх з боку старых пісьменьнікаў, сьцюдзёныя адносіны з боку дзяржаўнага выдавецтва і да т. п.

З гэтых нараканьняў трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на „нявытрыманасьць старой крытыкі“ і адносіны між Маладняком і старэйшымі пісьменьнікамі. Гэтыя два моманты стаяць у сувязі з далейшым разьвіцьцём творчасьці Маладняка.

Некаторыя маладнякоўцы, у выніку сваіх творчых шуканьняў, моцна захапіліся творчасьцю модных тады расійскіх імажыністых і з іхняга прыкладу пачалі ставіць у творчасьці вышэй за ўсё вобраз і імкнуліся даць вобраз як мага больш орыгінальны і самабытны. Магчыма, што ад непрызвычаенасьці да новае пабудовы вобразаў у поэзіі, настаўнікі пачалі пісаць у газэтах аб цяжкасьці тлумачэньня дзецям маладнякоўскіх вершаў, а некаторыя крытыкі пачалі зьвяртаць увагу маладнякоўцаў на тое, што падобныя вобразы цяжка ўспрыймаюцца масавым савецкім чытачом, рабочымі і сялянамі, і, такім чынам, вершы ў крайня-імажыніцкай форме, як у Пушчы, ня могуць лічыцца ідэолёгічна вытрыманымі з боку формы, бо і форма, як і зьмест, — ёсьць тая-ж ідэолёгія, адно што менш выразна выяўленая. Праўда, часта пры гэтым ставілі маладнякоўцам у прыклад зразумеласьці вершы Коласа і інш. нашаніўцаў, без належнага зазначэньня, што новая эпоха павінна ўсё-ж мець і новыя формы, што маладнякоўцы добра робяць, шукаючы новых формаў. Часам і маладнякоўцы і іхныя крытыкі забываліся таксама зазначыць, што незразумеласьць тая, у некаторых маладнякоўцаў, залежыць ня столькі ад якога-небудзь імажынізму, колькі ад таго, што аўтар свавольнаю незразумеласьцю хоча захаваць проста сваё няўмельства пісаць лепшыя вершы, калі не зразумелыя чытачу непадрыхтаванаму, дык зразумелыя падрыхтаванаму.

Полеміка аб імажынізьме, незразумеласьці, а таксама і непаразуменьне між маладнякоўцамі і старэйшымі пісьменьнікамі скончыліся пасьля I-га зьезду Маладняка, калі ўнутры самога Маладняка пачаўся крызіс і калі маладнякоўскі імажынізм, магчыма, і пад уплывам крытыкі, перайшоў у нормальнае і здаровае шуканьне і стварэньне орыгінальных вобразаў, між іншым, з большаю ўвагаю і на тое формальнае будаваньне вобразу ў беларускай народнай творчасьці, якое можна выкарыстаць і ў сучаснай беларускай поэзіі.

Маладнякоўцы тварылі ў беларускай літаратуры „маладнякізм“ — уносілі ў яе радасьць, бадзёрасьць, патос змаганьня, маладую „бурапену“. Але дзеля таго, што вялікую частку свае сілы яны аддавалі на „рэальнае змаганьне“, на організацыйную і масавую маладнякоўскую дзейнасьць, — з творчага боку яны былі ў першыя два гады свайго існаваньня яшчэ даволі слабымі, хоць маглі ўжо пахваліцца навізною і сучаснасьцю тэматыкі, новымі прыёмамі літаратурнае творчасьці, асабліва ў вершаванай форме.

Грунтоўную характарыстыку формальна-мастацкіх дасягненьняў у галіне маладнякоўскае вершаванае поэзіі за два першыя гады існаваньня Маладняка даў тав. Дубоўка[1]. Ён асабліва зазначае ў вершаванай поэзіі Маладняка „новыя мэтры і рытмы“ кажучы „Вольны верш — дольнікі — паўзьнікі чаргаваліся адзін за адным, паступова зьмяняючыся, атрымліваючы, я-б сказаў, беларускую афарбоўку. У гэты час пануючыя мэтры — вольны верш, паўзьнікі на падставе (пераважна) анапэстаў і невялікая частка клясычных разьмераў. Гэтыя апошнія вар‘іруюцца з дапамогаю іпостас (замена аднаго разьмеру другім), строфічнай пабудовы і пераносу частак сказу з аднаго ў другі радок“. Зазначае тав. Дубоўка таксама ўхіленьне некаторых маладнякоўцаў у разьмеры беларускае народнае песьні[2].

Маладнякоўцы зьвярнулі, як зазначае тав. Дубоўка, вялікую ўвагу і на мілагучнасьць у сваіх вершах. Усе прыёмы мілагучнасьці — кажа ён, — можна знайсьці прыгожа-перавітымі ў маладнякоўскіх творах (анафора, эпіфара і г. д.“)[3].

Што да рыфмаваньня, дык, паводле тав. Дубоўкі, дасягненьнем Маладняка быў адыход маладнякоўскіх поэтаў ад дзеяслоўнае рыфмы і орыентацыя ў справе рыфмаваньня на народную беларускую творчасьць, у якой, паводле яго, ёсьць „рыфмоўка на дысонансы, што ўведзена ў расійскай літаратуры сымболістымі і пашырана імажыністымі“[4].

Трэба прызнаць, што ўжываньне няпоўнае рыфмы, розных сугучнасьцяй, у выглядзе асонансаў і алітэрацый, бязумоўна, унесла ў беларускую літаратуру орыгінальнасьць, сьвежасьць і новую музычнвасьць, больш увязаную з сваёю сучаснасьцю, чым старыя формы вершапісаньня.

І толькі строфічная композыцыя (увязка радкоў), паводле тав. Дубоўкі, была тады ў маладнякоўцаў бедная. Чатырохрадкоўе было пануючай формаю.

Як на дасягненьне, паказваў тав. Дубоўка і на тое, што маладнякоўцы зьвярнулі вялікую ўвагу на мову ў сваіх творах. І праўда, маладнякоўцы ў большасьці прышлі ў літаратуру з самых гушчаў беларускага сялянства і прынесьлі вялікі запас сваіх народных слоў. Апрача таго, яны шукалі новыя кніжныя словы. Яны далі цікавыя новатворы, як крынічыць, лявоніць ды інш.[5].

У 1925 г. вышлі такія зборнікі асобных поэтаў з сучаснага складу Маладняка.

1. Якімовіч — „Вершы“,

2. П. Трус — „Вершы“,

3. С. Хурсік — „Першы паўстанак“, зборн. апав.

Апрача цэнтральняга органу „Маладняк“, вышлі ў гэтым годзе № 1 „Аршанскага Маладняка“, №№ 1 і 2 „Маладняка Калініншчыны“ і зборнік Маскоўскае філіі „Змаганьне“.




  1. Гл. яго прамову на I-ым Усебел. зьезьдзе Маладняка („Бюлетэнь“, стар. 70—72), (артыкул у „Савецкай Беларусі“ за 25-XI 1925 г. 1 арт. „Два гады працы Маладняка“ („Маладняк“ № 10 (1) за 1926 г.).
  2. „Бюлетэнь“, стар. 70.
  3. „Бюлетэнь“ стар. 71—72.
  4. „Бюлетэнь“, стар. 72.
  5. Між іншым, гл. артыкул проф. П. БузукаУвагі аб мове і стылю маладнякоўцаў“ („Маладняк“, № 5 1927 г.), дзе разглядаецца, галоўным чынам, мова і стыль М. Чарота, М. Гарэцкага і Ал. Дудара.