Перайсці да зместу

Маладая Беларусь (альманах)/2/К пытаньню аб національных адносінах у Беларусі і Літве

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускай Моладзі К пытаньню аб національных адносінах у Беларусі і Літве
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1912 год
Batrak

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




К пытаньню аб національных адносінах
у Беларусі і Літве.


Да апошняга часу у Беларусі і Літве сустрэкаем дужэ асаблівае з’яўленьне: дзельба народа на клясы і соціальные группы саўсім праве зліваецца с дзяльбой яго на національные группы. Такім парадкам элемент польскі — гэта блізка адны паны — дваране і зямельная буржуазія: клясы тарговы і прамышленны — займаюць жыды; беларусы і літвіны агулам — гэта, ня лічучы малай часьціны фабрычных і мешчан — адны мужыкі — хлебаробы. Расейцы ў гэтым краі — элемэнт чыноўнічы, і толькі крышку памешчыцкі.

Ёсьць ведома, такое палажэньне злажылася дзякуючы так ужо выпаўшым варункам мейсцоваго жыцьця; чуць толькі варункі зменяцца — то гэта палажэньне ня можа трываць далей некранутым: даволі будзе успомніць хаця бы тое, што літоўская і беларуская народная масса, дасюль спячая, прачнулася, пачала жыці незалежным культурным жыцьцём, борзда шчэпаецца на клясы, с которых кожны стараецца аслабаніць для сябе мейсцэ — дасюль занятае прэдетаўнікамі другіх національнасьцей.

Дзякуючы таму, што кранулася, калі гэтак можна сказаць, соціально-національная спакой-вага, мы нашымі вачыма бачым, як сябры аднэй соціальной группы, апанаваной монопольна якой національнасьцю, укліняюцца у чужую павэдлуг національнаго складу соціальную группу. Такое абустароньняе укліненьне, калі яно не штучнае, цячэ заўсёды ня крыўдючы нікога. Але нехай жэ толькі да сфэры чыста экономічнай прыбьюцца сьведомые элементы захапляючаго націоналізму — то гэты спакойны і згодны працэсс вызываець няхібна самае гарачае національнае змаганьне. Гэта зразу кінецца у вочы кожнаму, хто парупіцца прыглядзецца бліжэй да адносін меж хрысцянскімі національносцямі нашаго краю і жыдоўскай таргова-прамышленнай кляссай. За колькідзесят апошніх гадоў ўраз жэ за такімі важнымі здарэньнямі, як скасаваньне прыгону — паншчыны, каторае аткрыла селяніну свабодны выхад з вёскі, польскае паўстаньне, што пусьціла у сьвет вялікую часьць польскіх зямельных паноў — экономічнае жыцьцё краю пад напорам усё раўнуючаго капіталізму, самым натуральным парадкам памагала хрысьцянам: палякам, літвіном, беларусам, расейцам укліняцца у таргова прамышленные сфэры. Пачаткі гэтаго процэсса, ня мелі і званьня болю дзеля таго, што у зменах чыста экономічных працавалі і прычыны чыста экономічные. Так плыў бы і разьвіваўся гэты процэсс і далей, каліб націоналізм хрысцянскіх народнасьцей — найбольш палякаў і расейцаў, ды йшчэ с патпорай рэлігійнаго фанатызма, ня увёў у жыцьцё вокліча, што стварыць хрысцянскае купецтва — гэта ужо не экономічная канечнасьць, а національная справа. Стуль то пашла пропаганда бойкотоваць жыдоў і паттрымаць за усяку цэну „сваіх“. хоць бы гэта было саўсім безнадзейнае у грамадзянскім значэньні паттрымываньне аддзельных асоб, ня здольных да жыцьця і развіцьця таргоўлі.

Так, у Вільні, дзе і без помачы націоналізма лік хрысьцянскіх крам, майстэрні і фабрык расьце дужа борзда, меж палякамі злажылася ліга купцоў і прадаўцоў, што паставілі сабе вокліч: «kupujcie tylko u swoich»[1]. Клерыкалы і націоналісты стараюцца навэт скрывіць усю душу важнай для народных масс справы коопэратыўнай; яны рады кладуць у яе проціжыдоўскую істоту, роблючы з усяго гэтаго прыладу, каб правесьці чэлавека-ненавістные думкі. Агітуюць за коопэрацію не як за спосаб абараніцца ад здзірства ўсіх тарговых пасрэднікаў, а як за спосаб змагацца з жыдамі. Таму то, ёсьць ведама, ўсе жыды разам, глядзяць косым вокам, а то проста непрыязна, на рост хрысцянскай тарговой і фабрыканцкай КЛЯСЫ.

А гэтакім парадкам жыцьцё збіваецца з свае дарогі, экономічные адносіны ад накінутых лішніх націоналістычных элементаў развіваюцца крыва, хвора.

Справы агульна-краёвые, справы развіцьця мейсцовай таргоўлі затрымліваюць і робяць з яе пляц для національнаго змаганьня.

Такім чынам захопліваючый драпежный націдналізм, убіўшысь у круг экономічных адносін робіць немагчымай згодную супольную працу народнасьцей нашаго краю на экономічнай ніве. Ёсьць ведама — з гэтаго, што мы сказалі нельга ізноў думаць, што, каліб не ўмешаўся націоналізм, то жыды з аткрытымі рукамі спаткалі бы ўход хрысьцян у тарговую і фабрычную клясу.

Тутака і без націоналістычнай агітаціі была і будзець зайздрасьць, а, калі хочэце, і вайна. Але тады вайна ідзець не між палякам, расейцам і жыдам, а між крамнікам і крамнікам, меж фабрыкантам і фабрыкантам. У гэтакім змаганьні зваюець не паляк, не жыд, не літвін, не беларус, а той з іх, хто дужшы і лепш прыладзіўся да жыцьця і да працы. Такое змаганьне не адбіваецца на добрых, спакойных адносінах меж національнасьцямі краю: яно ідзець за граніцамі національных спраў.

У які кут экономічнаго жыцьця краю мы бы ні заглянулі — усюды бачым тое самае: З аднаго боку націоналістычная палітыка расейскаго ураду, што саджаець расейцаў-старавераў у Літве, на зямлі, патрэбнай літоўскім мужыкам — хлебаробам, будзіць у апошніх ненавісць ужо не да оффіціальных прэдстаўнікаў рассейскаго гасударства, а да расейскаго народу, — з другога боку ізноў работа польскіх паноў на Беларусі, што выпісываюць с Польшчы парабкаў палякаў і прадаюць землю кавалкамі толькі мужыкам с Польшчы, а не суседзям-мужыкам беларусам[2], ведама, будзіць ў у апошніх ненавісць не толькі да паноў палякоў на ніве нязгоды супольных клясовых інтэрэсаў, але і да палякаў, як національнасьці.

Падобных прыкладаў можна знайсьці даволі.

Калі выжываньне національнаго шовінізма з экономічнай сфэры, лічыцца ужо гвалтоўнай патрэбай, то вызваленьне ад націоналістычных ідэй там, дзе справа аб культурных народных пытаньнях — гэта ужо не патрэба, а канешнасьць, без якой нема у нашым краю згоды меж народнасьцямі.

Аб гэтым нам прыдзецца даўжэй пагутарыць, бо дзякуючы асаблівым адносінам жыцьця Беларусі і Літвы — націоналізм там стаў нейкім хворым вырадкам, ён так глыбока ўбіўся у псыхіку цэлых національных груп, што сам ён стаў тым нечым, чаго розумом ня мераецца — ну бытцым нейкім сьляпым інстынктам жывёлы. У пытаньнях экономічнаго жыцьця краю мы сустрэкаем націоналізм толькі ясна вядомых партыйных групп — за тоеж у пытаньнях культурно-національных прыроднае національнае пачуцьцё вырадзілася у національны шовінізм і апанавала як пошэсьць цэлые національные группы.

Калі мы пакінем у старане жыдоў — як народнасьць ясна пашчапаўшуюся на клясы і грамадзянскіе группы — мы убачым, што ў Беларусі і Літве раздзел па вышыні культурнасьці і раздзел па клясах (соціальны) памешчаецца як раз у граніцы раздзелу павэдлуг національнасьці.

Восяка польскі і расейскі элемент краю стаіць над народамі — хлебаробамі: літвінамі, а ўжо найбольш над беларусамі, як усякая інтэлігэнція над массай народа.

Але у ваўсякам сучасным грамадзянстве ёсьць парадак у раздзеле працы: Інтэлігэнція працуець больш галавою, шэрая народная масса — рукамі. Яна і даець інтэлігенціі ўсё, што патрэба, каб жыць, а за тое бярэць ад іх прасьвету. Здаецца зусім справедліва спадзевацца, што і ў Беларусі і ў Літве „тутэйшая“ мейсцовая інтэлігэнція, хаця яна па національнасьці і не літоўская і не беларуская, павінна плаціць народнай массе прасьветай за цяжкую фізычную працу.

Яно то так і павінна было быць — але тут мы падыходзім да самай балячай скулы нашых національных адносін.

Некалісьці у серэдніе векі панавала права: „мой край — мая і вера“, у нашым жэ краю умацаваўся йшчэ дзічэйшы погляд: „мая земля — мая і національнасьць“. Без мала кожны польскі пан лічыць, што даваць прасьвету літвінам і беларусам пасколькі яго рука захопіць, можна і трэба толькі па польску. Ён і ня рупіцца аб тое, што польская мова для народу чужая, ён і не ўзіраецца ні на дух народу ні на яго національные асаблівасьці

Так самюсенька робіць і расейскі пан, ужываючы толькі заместа польскай — расейскую урадовую мову. І не будзець грэху, калі мы скажэм, што ўся польская і расейская інтэлігэнція нашаго краю трымаецца гэтых жэ самых поглядаў, прынціпаў. Расейская інтэлігэнція ня можэць тут нічога ідэйнаго сказаць на сваю абарону. Польскій жэ захопліваючый націоналізм можна йшчэ бараніць тым, што палякі можэ і не змагаліся бы так умацаваць і расшырыць свой «stan posiadania» (круг панаваньня), каб не гнібеньне расейскім урадам усяго польскаго.

Ёсьць ведама, што ўсе рэпрэссіі знадворка на палякаў прымусілі іх з усёй моцы узяцца за сваю ўнутрэннюю работу, каб развіць сваю культурную мацату, каб перэхаваць свае національнае „Я“. Аднак усё гэта не дасць ім права — асабліва цяпер, калі будзіцца літоўская і беларуская національнасьць, забыцца аб сваіх павіннасьцях, як краёвай інтэлігэнціі. І калі палякі рады выкручываюцца, што яны працуюць для прасьветы мейсцовай польскай народнай массы, гэтаж сьмех адзін: Тож гэта польская масса простага народу лічыцца дзесяткамі — многа соткамі-тысячаў, а літоўска-беларуская маса больша за 12 мільонаў. Ціж можна лічыць грамадзянамі краю такую інтэлігэнцію, што прадуець для сотак тысяч народу, а есьць хлеб цэлых мільлёнаў… і за хлеб гэты не даець назад таго, што павінна даваць інтэлігэнція: прасьветы?

Як мы казалі — польская інтэлігенція, самая дужая у краі, адварачываючыся ад мовы і національнасьці спрадвечнаго народу краю, на сваю абарону тычэць у вочы канечнасьць працаваць для свайго польскаго народу у Літве і Беларусі. Такі аднабокі вузкі пагляд — самы той пагляд прыблуды заваевацеля, нават не пагляд разумнаго колёнізатора, а ўжо ніколі не погляд шчыраго грамадзяніна краю. Гэты пагляд ешчэ можна слухаць, бачучы раней успомненую проціўпольскую палітыку ураду.

Але так думаюць толькі лепшые с палякаў: шмат больш за палавіну глядзіць на сваю прасьветную, работу, як на магучы спосаб спалячыць край. Беларускі і літоўскі народ рвецца да прасьветы: казённая школа даець навукі мала, даець навуку аднабокую, у чужой яму незразумелай мове.

І вось палякі, знаючы словы закляцьця, што атчыняець дзьверы к сьвету, дзеляцца гэтым со́крытам за страшную цэну: за дэнаціоналізацію, за здраду родных братоў і мовы, за прылічэньне сябе да польскаго народу.

Гэты захопліваючый націоналізм мейсцовых палякоў, можэць быць, і мае мэту аслабіць кляссовые антагоцізмы меж літоўскім і беларускім мужыком з аднаго боку і панам палякам з другога. Але ён немінуча павінен быў давесьці да національнаго антагонізму, як толькі апалячываная масса стала дарастаць да пачуцьця сваей національнай асабнасьці, да національнаго самопачуцьця. І праўда, серэд літвіноў мы гэта бачым. У беларусаў, каторые цяпер далёка ад націоналізму і націнальнай ненавісьці, гэта мы убачым не сягоньня, заўтра, калі толькі палітыка палякаў не пераменіцца. Да і тое самае можна сказаць аб адносінах беларускай массы да расейскай інтэлігэнціі у краі, которая складаецца найбольш з дэнаціоналізованных казённай школай беларусаў.

Як бачым, самые заядлые ворагі націоналізма і памежы палякаў і рассейцаў у нашым краю робяцца, мо́ і несведома, націоналістамі, шовіністамі; яны не прызнаюць для другіх аднаго адзінюткаго раціональнаго і бесспорнаго способа прасьветы: прасьветы ў роднай мове. У нас яны робяць у самай рэчы тое, с чым змагаюцца і у тэорыі і у самым жыцьці у другіх варунках і мейсцах. Гэтые людзі ўстрапянуліся бы да дна душы; калі бы нямецкі або расейскі пан у каралеўстві польскім стаў шырыць прасьвету ў польскай вёсцы толькі у расейскай ці нямецкай мове.

Аднак той самы пан, папаўшы у Літву ці Беларусь вучыць літоўскіх і беларускіх дзяцей толькі ў польскай мове і ўсякіе протэсты літвіноў і беларусаў называець актамі шовінізма, ненавісьці да палякоў, чуць не чэрнасоценствам.

Так жэ сама очывіста, паступовые літоўскіе і беларускіе группы, ясно вядомые як антыклерыкальные, ўсе агулам палякамі віняцца у… клерікалізме, калі толькі яны асьмеляцца, падняць голас на абарону праў роднае мовы у каталіцкім касьцёлі.

Ведама, у цяперэшнім часі у Літве дзе-недзе, ў Беларусі усюды, ў католіцкі касьцёл — разам з лацінскай — допушчэна, адно толькі польская мова. Мова жэ народнай массы, літоўская, дзе гэта удаецца, а беларуская — усюды ігноруецца, ня гледзючы на дазволеньне з Рыму дапускаць у касьцёл і «linguam vernaculam» — мову штодзеннай гутаркі. Дзякуючы гэтаму р.-католіцкі касьцёл у нашым краю стаў сільнай прыладай, каб шырыць у народ польскую мову і польскую цывілізацію. Польская мова бытцым асьвячэнная касьцёлам, стала запраўды сьвятой ў ваччу беларускаго мужыка і астаецца такой жэ сьвятой і у вялікай часьці Літвы, хаця там ужо борзда расьце національнае самопачуцьцё. Увесьці у касьцёл заместа польскай мовы — мову народную, а такжэ ўвесьці гэтуж народную мову да ўсіх грамадзянскіх устаноўлі, каторые абслужываюць просты народ — вось гэта апора національной палітыкі беларусаў і літвіноў. Такое жаданьне ачывіста справедлівае. Усе палякі нашаго краю, ад зямельнаго буржуа да канцэвога соціаль-дэмократа, ад чэлавека шчыра набожнаго — да безбожніка, протэставалі бы проці пробы увясьці ў касьцёлы каралеўства Польскаго заместа польскай мовы якую небудзь другую. Аднак тые самюсенькіе палякі лічаць жаданьне беларусаў чуць родную мову ў касьцёлі чым то дзікім, актом беларускаго національнаго шовінізму проці палякоў — чуць-чуць не інтрыгай расейскаго ўраду…

Апісанные праявы драпежнай палітыкі краёвых палякоў да літвіноў і беларусоў, як мы ужо казалі, рэзультат хвораго, національнаго пачуцьця вырадзіўшагося ад ненормальных варункаў жыцьця краю

Аднак выясніўшы прычыны гэтаго з’яўленьня, лёгічны фундамэнт яго канешнасьці у даных варунках, мы гэтым не адбярэм усей шкоднасьці яго як для справы адраджэньня літоўскаго і беларускаго народу, так і для палякаў, так і для межнароднай згоды у краю.

Хіба каліб палякі як найхутчэй кінулі палітыку заваевацелёў, каліб яны сталі як трэба разумець свае павіннасьці да народнай массы — павіннасьці краёвай інтэлігэнціі — толькі тады можна думаць, што ня зродзіцца да палякаў глухая національная ненавісьць. Пры цяпер трываючых варунках яна немінуча зродзіцца, а пакуль што у беларускаго народу яе нема, а у літоўскі яна урэпілась не так ужо глыбака. Польская інтэлігэнція Літоўска-Беларускаго краю можэць стаць поўнапраўнымі грамадзянамі толькі адрокшыся ад дзікаго вокліча: „мая земля — мая і народнасьць“.

Свайго часу депутат Государственнаго Савета Корвін-Мілеўскі чэлавек с шырокімі палітычнымі паглядамі у гутарцы с таварышамі аб Літоўско-Беларуской зямлі — сказаў такую характэрную рэч:

„Нешчасьце маё што мне прышлося прэдстаўляць у Гасуд. Савеце варты пагарды беларускі дэмос“. Не ў тым беда, што гэтымі славамі ён выразіў свае непрыхільные адносіны да беларуской народнай массы, чагож другога можна было чэкаць ад тыповага пана — феодала. Нас цікавіць тутака другая старана, вось гэты феодал, гэты выборны вялікіх зямельных паноў, палякаў краю, што сам так пагарджаець усякім дэмосам усёж такі чуець, што ён прэдстаўнік і гэтаго дэмосу.

Корвін-Мілеўскі як прэдстаўнік краю з усімі яго жыхарамі, вядома разумеў, што ён чым то зьвязаны з беларускім народам, што проціў усіх яго самых глубокіх антыпатій, ён моральна павінен дбаць аб справы і гэтай пагарджанай мужыцкай массы. Гэта яго дужэ мучыла і ён не стрымаўшы ўжо злосьці —выліў яе у верхуменёных словах.

Ёсць ведама, могуць знайсьціся і такіе, што перэпыняць, быццам фраза Корвін-Мілеўскаго, довад того, што можна быць грамадзянінам краю і пагарджаць адначасна народную масу. Але такіе сумесьціны магчымы толькі у галаве прэдстаўніка струхлеўшаго фэодалізму. І калі цяперэшні краёвы кірунак серод палякоў будзець заплюшчываць вочы на національные пытаньня у нашым краю — то з гэтаго кірунку, як ясна з раней сказанаго, вылезець, праўду кажучы, таяж палітыка заваевацеляў, палітыка, што не даець у згодзе жыць і працаваць народам Літвы і Беларусі.

Тые самые жаданьня, которые мы можэм меці да палякаў, як да самай вялікай інтэлігэнтнай сілы, мы маем і да расейскай інтэлігэнціі краю.

Успамянуўшы аб гэтым мы вернемея да жыдоў, которых пакуль што пакінулі ў старане.

Гаворучы аб жыдох, мы ужо сказалі, што гэта народ у шырокім значэньні слова, народ пашчапаўшыся на кляссы. Серэд іх ідзе кляссовае змаганьне, як серад кожнаго діфэрэнцованнаго народа. І інтэлігэнція раней за ўсё маець павіннасьці да сваей беднаты цёмнай, цемната і некультурнасьць каторай іншы раз горша за цемнату хрысьцянской беднаты. Дзеля гэтаго нам і трудна гаварыць аб адносінах жыдоў, як національнаго цэлаго да нашаго краю і да народнасьцей, што у ім жывуць. Усёж такі у гэтых адносінах можна угледзець нешта агульнае.

Раней за ўсё можна убачыць меж жыдоў два глаўные ідэйные кірункі. Адзін стараецца сваю будучыню умацаваць за граніцамі нашаго краю — гэта сіоністы і часьць грамады, што зусім дэнаціоналізовалась і прыняла расейскую мову, расейскую цывілізацію. Другі кірунак жыве найбольш серэд шэрай жыдоўскай массы, которая хаця і носіцца з ідэалам вярнуцца у „сьвятую зямлю“, ўсёж такі так зжылася, так зраслася з краем, дзе лежаць косьці іх бацкоў, што яны, як неаддзельная часьць краю, зьвязываець з ім сваю будучыню. Да гэтаго іх хіліць і акуратнае разуменьне іх экономічных карысьці: развіцьце жыдоўскай тарговай і фабрыканцкае клясы зьвязана крэпка з развіцьцем і узбагаценьнем краю. Але і серэд гэтай другой часьці жыдоў ёсьцяка дзьве группы: адна трымаецца сваей національнай культуры, другая кідаець яе для расейскай. Ёсьць ведама, ці будуць жыды трымацца свае національнай асабнасьці, ці кінуць яе — гэта іх жыдоўскае дзела. Але для нашаго краю маець вялікую вагу пытаньне, у які бок пахіліцца гэта справа.

Тутака важны ня толькі гэтые элементы расейскаго цэнтралізму, которые уносяць усюды жыды-ассыміляторы. Самае глаўнае тут тое, што жыды, як тарговая і рэмесленная кляса стаяць дужэ блізка да народнай массы і дзеле гэтаго, калі, усе жыды зассімілююцца з расейскім народам, яны тады будуць пасрэднікамі у зрасейшчыйні ешчэ пакуль што мала національна сьведомаго беларусскаго мужыка.

За гэта самае беларускі мужык, даросшы да національнай сьведомасьці, будзець аднасіцца да жыдоў проста такі як да ворагаў. А тые жыды, што трымаюцца сваей національной індывідуальнасьці — сваей мовы, як гэта мы бачым на практыцы, стыкаючыся з народам, шануюць яго індывідуальную асаблівасьць і ужываюць яго мову.

На гэтым полі ужо цяпер з жыдамі ассыміляторамі вадзяцца мейсцовые палякі. І хаця мы ня верым у магчымасьць дэнаціоналізаці да канца шэрай жыдоўскай массы усёж такі лічым патрэбным зьвернуць увагу на тое, што вайна, меж палякамі і зусім абрусеўшей жыдоўскай інтэлігэнціей с часам займецца, сільным полымем: Прычына тае вайны — гэта глыбока уросшае перэкананьне — што наш край, гэта польская колёнія, што польская культура тут павінна панаваць, што прыход расейскай культуры гэта аткрыты паход проці палякоў. І толькі тады, калі наш край перэстанець быць у вачах тутэйшых палякоў „польскай провінціей“, а у вачах жыдоў: „расейской акраіной“, калі і тые і сіе зразумеюць сваё мейсцэ грамадзян самасільна развіваючагося экономічна і культурна краю — толькі тады національная вайна між імі знішчыцца да мінімум.

З усяго, што мы сказалі, можэм зрабіць адзін вывад: згодные, добрые адносіны між національносьцямі нашаго краю найбольш залежаць раней за ўсё ад адносін мейсцовых культурных кляссаў да народнай массы, ад тае ролі, якую возьмець на сябе расейская і польская інтэлігэнція у беларуска-літоўскай зямлі: ад таго, ці будзець яна лічыць сябе інтэлігэнціей запраўды краёвай і захочэ узяць на сябе лёгічна натрэбные павіннасьці, ці не. Але тое ці другое распутаньне гэтаго пытаньня ізноў такі неразрыўна зьвязана с паглядам на наш край як на нешта трываючэе само-сабой, ці як на „акраіну“ „колёнію“. І мы цьвёрда верым, што толькі шчыра дэмократычна сцямленая краёвая ідэя, у разуменьні выжэй выложэным, а не у разуменьні Корвін-Мілеўскаго і да яго падобных, можэць быць фундамэнтам для національной згоды на Беларусі і Літве.

Антон Новіна.


  1. „Купляйце толькі у сваіх!“
  2. Такіе прыпадкі мы бачылі у Ашмянскім, Полацкім, Лідзкім паветах.