Максім Багдановіч (Коршак)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч
Верш
Аўтар: Аляксей Коршак
1940
Крыніца: Крывёю сэрца : Зборнік вершаў загінуўшых паэтаў - c. 109

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б’ецца мора аб бераг дзікае,
Пер’е пены губляе скрозь.
Зноў з тугою, як свет, вялікаю
Ён прыйшоў сюды з краю кроз.

Кіпарысы вакол, як волаты,
Вецер гне іх і не сагне.
Кінься ўдалеч, і стрэнеш волю ты
Ці на хвалях, ці мо на дне.

Блудзіць погляд жывымі далямі...
Што там бліснула на скале?
Белы ветразь мільгнуў між хвалямі
І у пеннай растаў імгле.

Можа, гэта Страціму-лебедзю
Расставанне з жыццём прыйшло?
Ці латала ў сухотах з’едзенай
Маладосці твае крыло?

З дарагімі юнацтва рысамі
Адыходзіць яна без слёз —
Вузкаплечымі кіпарысамі,
Здрада, свет тут увесь зарос.

А далёка, дзе край азёрамі
Заглядзеўся у неба сінь,
Ночы сыплюць густымі зорамі,
Ветры сцелюць лісцё асін.

Скарга, лепшую долю хвалячы,
Высылае прастораў гладзь.
Трэба, трэба у тыя далечы
Песню славы, як гром, паслаць.

Б’ецца мора аб бераг дзікае.
Дык тугу ад сябе гані,
Хай палаюць ярчэй вялікія
Залатыя жыцца агні.

Несучы у душы узрушанай
Мора сіняга грозны гнеў,
Ён прыбег у пакой, аглушаны,
Ён за столік з паперай сеў.

І калі ён, ад кашлю стомлены,
Адышоў ад гарачых слоў,
На паперы гарэлі полымем
Палкі верш і жывая кроў.