Перайсці да зместу

Максім Багдановіч як поэта імпрэсыяністы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч як поэта імпрэсыяністы
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1923 год
Крыніца: Полымя, №7-8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Максім Багдановіч, 6 гадоў таму назад без пары пагасшы пад блакітным небам прыгожага, але далёкага Крыму, гэты малады і шмат абяцаўшы талент займае ў гісторыі беларускага пісьменства асобнае месца, якое перш ад усяго азначаецца яго пахаджэньнем і асаблівымі абставінамі яго жыцьця.

Песьняры Беларусі ў большай сваёй частцы паходзяць з клясы сялянскай альбо пролетарскай; наш поэта па свайму пахаджэньню належыць да паміжклясавай групы працоўнай інтэлігенцыі (бацька яго быў настаўнікам гімназіі). Далей большая частка поэта Беларусі набывала разьвіцьцё шляхам самаадукацыі; крыніцамі іх натхненьня служыла блізкасьць да народнай глебы; ад дотыку да гэтай глебы яны атрымоўвалі сваю моц і сілу. Жывучы на ўлоньні прыроды, першыя свае песьні яны складалі ў унісон з завываньнем глухога беларускага бору, укалыханыя ціхім шопатам родных ніў, зачараваныя сумнымі, хапляючымі за душу мэлёдыямі родных песьняў... Зусім інакш склаўся жыцьцёвы лёс М. Багдановіча. Ён атрымоўвае сыстэматычную адукацыю, набывае веду амаль што ўсіх эўропэйскіх моваў, грунтоўна знаёміцца з творамі корыфэяў сусьветнай літаратуры. У якасьці эпіграфаў да сваіх твораў наш поэта часта прыводзіць у орыгінале выпіскі з Дантэ, Hugo, Вэрлена, Гейнэ, Пушкіна, Брусава і інш. Гэтак шырок быў літаратурны кругавід М. Багдановіча.

Зусім іншыя, чым у большасьці беларускіх поэтаў, былі і надворныя ўмовы яго жыцьця. Лёс надта рана, яшчэ ў дзіцячыя гады, адрывае яго ад роднай глебы Горадзеншчыны і ставіць яго ў абстаноўку гарадзкога жыцьця. М. Багдановіч выхоўваецца спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі. Замест сталага, вякамі ўтворанага быту беларускай вёскі, з якой зьвязана муза большасьці беларускіх поэтаў, песьняра акружае пстрыкаты быт буйных гандлёвых цэнтраў Паволжжа; замест аднастайных уражаньняў вясковага жыцьця, ён з маленства ўспрыймае, праймаецца ўражаньнямі кіпучага жыцьця гораду з яго нэрвовасьцю, шматкалёрнасьцю, рухавасьцю... У вёсцы, дзе выхоўваліся Янка Купала, Якуб Колас і іншыя песьняры Беларусі, жыцьцё цячэ павольна, адліўшыся ў пэўныя формы, закасьцянеўшы ў рамках традыцыі вякамі складаўшагася быту. Як на паверхні соннага ляснога возера ледзь заметны хвалі гэтага жыцьця, ад усяго тут вее супакоем і цішшу, усё нахіляе тут да ціхай задуманасьці, разважанасьці. Атмосфэра места зусім іншая. З кінематографічнай хуткасьцю тут адны праявы зьмяняюцца другімі, бурляць і пеняцца тут хвалі жыцьця, душа не пасьпявае тут перарабляць усіх надворных уражаньняў, яны коўзаюцца на яе паверхні, адны ўступаючы месца другім. У гэткай атмосфэры жыў М. Багдановіч, асабліва ў Ніжнім-Ноўгарадзе. Перад ім не адзін раз прайшоў шумны Ніжагародзкі кірмаш з яго нэрвовасьцю і кіпучасьцю. Першыя поэтычныя замыслы ў душы М. Багдановіча сьпелі не пад салодкія пералівы беларускага салаў'я, а пад аглушаючы шум трамваю, пад штучным сьвятлом газу і электрычнасьці замест бледнага беларускага месяца.

Рознасьць умоваў жыцьця парадзіла ў Максіма Багдановіча і асобнасьць яго літаратурнага кірунку ў параўнаньні з іншымі беларускімі поэтамі.

Пануючы напрамак у беларускай літаратуры – гэта рэалізм. Беларускія пісьменьнікі і поэты шырокаю кісьцю малююць родную прыроду, жыцьцё роднай вёскі. Ад гэтых малюнкаў вее ароматам скошанай сенажаці, яны дышуць супакоем той вясковай ідыліі, якую яны адбіваюць сабой. Іншы характар мае муза М. Багдановіча. Гэта – нэрвовая муза гораду, яна ня ведае супакою і цішы, яна ўся – рух і зьменчывасьць. У той час, калі беларускія поэты-народнікі шырока абхапляюць жыцьцё; у той час, калі іх малюнкі паходзяць на шырокія палотны Рэмбрандта, – Максім Багдановіч дае толькі бягучыя накіды рэчавістасьці, адбівае асобныя яе мігі, зьмяняючыяся і ўступаючым свае месца іншым мігам і ўражаньням. Там статыка жыцьця, тут – яго дынаміка. Там – рэалізм, тут, у М. Багдановіча – імпрэсыянізм, фіксаваньне асобных мімалётных мігаў і ўражаньняў.

У зборніку вершаў М. Багдановіча ёсьць асобны аддзел, азаглаўлены – ― "Нізка вершаў... Места".[1] Тут поэта рысуе праявы гарадзкога жыцьця, але тут няма шырокіх малюнкаў гэтага жыцьця – дадзены толькі лятучыя мазкі кісьці.

Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыні...
-Вітрыны... Мора вывесак... Як плямы
Анонсы і плякаты на сьцяне.
Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне,
Снуюць хлапцы, суючыя рэкламы...
Разношчыкі крычаць ля кожнай брамы...
Грук, гоман, гул-усë ракой імкне.
А дальш-за радам кас, ламбардаў, банкаў
Агні вакзалу... Павадка хурманкаў...
Віры людзей... Сіпячы паравоз...
Зялёны семафор... пакгауз... склады...
Заводаў коміны пад цьмой нябёс...
О, гораду чароўныя прынады!"

[2].

Альбо вось напрыклад, другі шэраг гарадзкіх уражаньняў:

Ад сьпекі пышуць дахі і асфальт.
На вуліцы уецца пыл і грукаціць хурманка,
"Каробушку" пяе дзіцячы альт
І надрываецца абрыдлая шарманка.
Хаця-бы крышку часу адпачыць!
Мо' на бульвар пайсьці, сесьць на далёкай лаўцы
Здрамнуць, газэту сьвежую купіць
İ прачытаць усё да імені выдаўцы?

[3].

Гэты прыём фіксаваць мімалётныя ўражаньні мясцовага жыцьця нагадвае ўсім вядомую манеру Бадлера, Верхарна і інш.

Але ня толькі як апісальнік гарадзкога жыцьця М. Багдановіч выступае прад намі ў якасьці поэты імпрэсыяністы. Гэта манера творчасьці ў яго зьяўляецца пануючай, яна вытрымана ў яго амаль што ўсюды.

Калі наш поэта кідае свой погляд на гістарычнае мінулае айчыны, то ён ніколі не дае нам шырокіх малюнкаў гэтага мінулага. Мы ня знойдзем у яго ніводнага твору, які-бы хоць здалёку напамінаў нам Купалаўскае "Над Нёмнам", дзе дадзена шырокая панорама гістарычнай беларускай прошласьці, ахопленай з многіх бакоў. М. Багдановіч і ў гэтай вобласьці застаецца пэўным сабе. У яго абрысоўцы малюнак мінулага Беларусі разьбіваецца на цэлы шэраг асобных дробных кавалачкаў, ён дае нам асобныя мініятуры, узятыя з гэтай прошласьці.

Вось, напрыклад, наш поэта рысуе нам вобраз летапісца-чарняца, які, зачыніўшыся ў манастырскіх мурох, другі год ужо працуе над складаньнем летапісу. Адзіная мэта яго жыцьця-перадаць патомкам праз паперу аб роднай зямлі.

Што тут чынілася у даўныя гады.
Што думалі, чаго бажалі мы тады,
За што змагаліся...

Думкі а значэньні летапісаў для патомкаў разгарняюцца тут у суб'ектыўны сымболічны вобраз: летапіс падобна той вестцы, якую ўтапаючыя ў моры людзі шлюць аб сабе ў лісьце, апушчаным у бутэльку. І вось —

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,
І, як трапляецца, быць мо' у ёй знайдуць
Ліста...
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх,
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі[4].

Трэба сказаць, гэты сымболь напамінае нам аналёгічны вобраз францускага романтыка Альфрэда дэ-Віньі, які ў творы "La bouteіlle à la mer" разьвівае параўнаньне чалавечай думкі з бутэлькай, кінутай у мора.

У тым-жа аддзеле вершаў пад назвай "Старая Беларусь" поэта даў і іншыя беглыя накіды мінулага Беларусі. Вось прад намі абрысоўваецца фігура перапішчыка, які ноч і дзень заняты сваёй працай.

"На чыстым аркушы прад вузенькім вакном
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь - даволі ёсьць знароўкі -
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, і
Загалоўкі ўсё-няма куды сьпяшыць![5].

Перапішчык-мастак надта захоплен процэсам сваёй працы; ён не заўважвае нічога, што робіцца навакол яго, ён не прымячае, што з увасходам сонца ўся прырода ажывае:

..."Сьветла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца
І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл.
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць,
Ужо хутка будзе ноч і першая зьвязда
Благаславіць канец прыгожага труда"[6].

Вобразы летапісца і перапішчыка зьмяняюцца вабразам слуцкіх ткальляў... Яны адарваны ад родных ніў, ад роднай хаты і ўзяты на панскі двор, дзе пад прымусам займаюцца тканьнем паясоў на пэрсідзкі лад. За цяжкай аднастайнай працай ўспамінаецца ім родная абстаноўка. У іх памяці ўсплывае радзімая ніва, хвалі срэбранай рэчкі, цямнеючы бор. Успаміны ўзварушваюць душу паднявольных працоўніц, і поэта схапляе самы жаласны і драматычны момант, калі ў іх

"Тчэ, забыўшыся, рука.
Замест пэрсідзкага узору,
Цьвяток радзімы васілька"[7].

Беларускі пясьняр, такім чынам, выяўляе здольнасьць інтуіцыйна схапіць і мастацка прадставіць нам унутраны бок людзей прошлага: яму даступны перажываньні старажытнага летапісца і перапішчыка, ён умее заглянуць у душу невядомых слуцкіх ткальляў і ў гэтай душы заўважыць бесьсьвядомыя смутак і журбу па роднаму і далёкаму.

Як апісальнік прыроды, М. Багдановіч гэтак сама не дае нам шырокіх пэйзажаў; ён зарысоўвае толькі асобныя штрыхі і галоўным чынам іх суб'ектыўнае праламленьне ў уласнай душы.

Поэта падслухоўвае гул тонкаствольных соснаў у лесе, яму здаецца, што "гэта сумны маркотны Лясун пачынае няголасна граць",і пясьняр сьпяшыцца ў пекным вершы падзяліцца з намі сваім уражаньнем[8]... Адзінокае возера, якое калісь то акружаў глухі бор, наводзіць поэту на думку, што гэта сьлед лясуна, які зьнік разам з зьніштажэньнем бору, але пакінуў сваё люстэрка-возера, хаваючае ў сваёй глыбіні ўсё, што згінула даўно[9].

Сонная рэчка, на беразе якой над вадой "ціха сьпіць асока, ды лаза зялёная жаліцца, шуміць", сваёй цішынёй навявае ўражаньне, быццам тут на дне між цінай сьпіць вадзянік — і зноў усяго ў дзьвюх страфах поэта адбівае сваё суб'ектыўнае ўспрыйманьне.

Гэтак з кінематографічнай хуткасьцю ў поэты адны ўражаньні прыроды зьмяняюцца другімі і, пратварыўшыся ў суб'ектыўныя яго адчуваньні, ствараюць ілюзію, што мы сапраўды знаходзімся ў зачарованым царстве. Апраўдваецца назва, якую поэта дае нізцы вершаў, пасьвячоных беларускай прыродзе.

Уся дзейнасьць гэткім чынам у вачох поэты раскладаецца на шэраг асобных момантаў, мігаў, якія ѐн, як сапраўдны імпрэсыяністы, і зарысоўвае ў сваіх мініятурах.

Але ўражаньні і адчуваньні рэчавістасьці наогул вызначаюцца сваім багацьцем, шматкалѐрнасьцю, пералівам фарбаў, усе тонкія адценкі каторых наша слова часта бывае бясьсільна абрысаваць. Адсюль вынікла для імпрэсыяністскай поэзіі патрэба карыстацца сродкамі суседніх мастацтваў – музыкі і малярства.

М. Багдановіч з захапленьнем цытуе выраз Вэрлена ―"de la musique avant toute chose", і ў сваѐй творчасьці ён пацьвярджае гэты лёзунг. У беларускага песьняра часта злучаньне гукаў, самы рытм перадае настрой, тэму вершу. У гэтых адносінах сапраўдны дыямант мастацтва ўяўляе яго "Завіруха".

У бубны дахаў вецер б‘е,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
І сьпеў ліецца ўсѐ мацней, —
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе,
Ўскіпела сьнежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць спьянелая мяцель.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.[10]

Тут самыя гукі і рытм перадаюць тэмп завірухі. Гэты прыём музыкальнай лірыкі збліжае нашага паэту з Вэрленам, Верхарнам і, асабліва з Бальмантам, які надта часта ўжывае ў вершах сродкі музыкі.

З другога боку, шмат вершаў Багдановіча вызначаецца такой плястычнасьцю і конкрэтнасьцю вобразаў, якая радніць іх з малярствам.

Туман, падымаючыся над возерам, гэта ня туман, а срэбраныя сеці, якія цягне ў вышыню ― "белы заплаканы" месяц, і ў якіх русалкі заблуталі сваі косы[11]. Дождж – гэта павуціна, якую снуюць жывучыя ў хмарах павукі, і самая хмара фантазыяй поэта ўвасабляецца ў вобразе панурай вялізнай жывѐлы, якая марудна па шыры неба праплывае ў дом. Маланка – гэта агністы меч, гром – удары гэтага мяча па жывёле, а дождж ня што іншае, як халодныя бічы крыві, сьцякаючыя ўніз.[12]

Ня цяжка заўважыць, што гэты і ім падобныя вершы М. Багдановіча ў аснове сваёй прадстаўляюць міфы. Гэты дар міфатворчасьці ў некаторых адносінах нагадвае прыѐм Віктара Гюго, якога цытуе ў адным эпіграфе наш поэта.

Нарэшце па самому складу сваёй думкі, па сваёй філёзофіі М. Багдановіч зьяўляецца тыповым прадстаўніком імпрэсыянізму. Як вядома, кожны літаратурны кірунак мае сваёй падставай тую ці іншую філёзофскую сыстэму, бяручы ў сваю аснову яе тэзісы і галоўныя мэтоды. Францускі клясыцызм зьвязан, напрыклад, з філёзофіяй Дэкарта, вялікія сыстэмы Шэлінга і Фіхтэ стварылі сабою філёзофскі грунт романтызму, разьвіцьцё рэзлізму ў літаратуры супадае з позітывізмам у філёзофіі.

Філёзофскай асновай імпрэсыянізму, як даводзіць гэта Оскар Вальцэль[13], служыць тэорыя рэлятывізму, якая асабліва была разьвіта аўстрыйскім фізыкам Э. Махам. Для абодвух кірункаў – літаратурнага імпрэсыянізму і філёзофскага рэлятывізму – сталым зьяўляецца толькі ўражаньне, толькі адбітак так званых рэчаў у нашых адчуваньнях. Рэлятывізм і імпрэсыянізм імкнуцца як мага дакладней фіксаваць гэты адбітак – надворныя ўражаньні, бо імі для гэтых кірункаў вычарпваецца ўсё істнуючае, ніякіх "рэчаў у сабе" пазадзі зьявішчаў няма, як няма ніякіх адвечных ісьцінаў.

Мы ўжо бачылі, якую пераважную ролю ў поэзіі М. Багдановіча граюць адчуваньні зроку і слуху – але, апроч таго, у сваѐй поэзіі ён адводзіць месца нават адчуваньням ніжэйшых пачуцьцяў. У гэтых адносінах мы знаходзім у яго надта характарны верш "Дзьве сьмерці". Тут рысуецца сьмерць патрыцыя, адчыніўшага сабе жылы, і сьмерць нейкай Івановай, атруціўшайся сінільным квасам. Два такіх розных па абстаноўцы факты злучаюцца тут у вадзін малюнак з прычыны таго, што пылкаму выабражэньню поэты і ў тым і ў другім выпадку прадстаўляецца мігдалёвы горкі пах, як дадатковы аксэсуар самагубства. На гэтым адчуваньні грунтуецца тут ассоцыацыя прадстаўленьняў. Асновываючыся выключна на адчуваньнях у сваёй поэзіі, М. Багдановіч і ў сваёй філёзофіі зьяўляецца тыповым рэлятывістым. Не адвечнага шукае, не да адвечнага імкнецца яго душа. Вышэй усяго ён ставіць міг яркага і моцнага ўражаньня. У сваім вершы Палуяну ён гаворыць:

Так свабодна, так ярка пражыць –
Лепшай долі няма на зямлі.
Ўсе кругом на мамэнт асьвяціць
I пагаснуць у цёмнай імгле.[14]</ref>

У другім месцы ён дае настаўленьне:

Жывеш ня вечна, чалавек,
"Перажыві ў момант век".[15]

Але нязьбежным спадарожнікам адсутнасьці пэўнага філёзофскага грунту зьяўляецца скептыцызм і пэсыцызм. Скептыкам і пэсымістым выступае перад намі і Максім Багдановіч. Парой ён нават сумняваецца ў каштоўнасьці моцных мігаў і ўражаньняў, якія часам ён так высока ставіць. Тады з яго грудзёў вырываецца скарга: усё зьнікае.... праходзіць, як дым.[16] Уся трагэдыя чалавечага жыцьця для яго гэта пагоня за мыльнымі пузырамі: здалёка яны павабны, вабяць вока, але пасьля іх у руцэ застаецца толькі адна слата.[17] Спыняючыся на росстанках жыцьця, поэта безнадзейна ставіць пытаньне „Куды ісьці і што рабіць?"[18]. Ён, праўда, любіў свой родны край, сваю Беларусь. У яго мы знаходзім прызнаньне:

"Толькі на цябе нядзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсьць крыніца
Жывой вады
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды"[19]

Але з другога боку, ён бачыў, што

"Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе"[20]

Малюнкі, надта частыя ў беларускай літаратуры. Гора народнае часта рысуюць і Я. Колас і Янка Купала. Але ў Янкі Купалы гэтыя малюнкі не падаўляюць веры ў лепшую будучыну. Яны адбуджаюць у ім настроі змаганьня, барацьбы.

Матываў барацьбы няма зусім у М. Багдановіча. Гора народнае падаўляе яго сваім цяжарам і вырывае з яго грудзёў енк: "Брацья! ці зможам грамадзкае гора!? Брацьця! Ці хваце нам сілы?!“[21]

У другім вершы М. Багдановіч з думкай а роднай краіне злучае мысьль аб сьмерці. Ён цешыць сябе марай:

Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой."[22]

Гэтак нават з думкай аб каханай айчыне злучаецца ў М. Багдановіча філёзофія нірваны, нябыцьця.

Мысьль аб сьмерці асабліва часта ахапляе хворага целам і, па яго ўласнаму прызнаньню, хворага душой беларускага поэту.

У адносінах да сьмерці магчымы тры становішчы: мажліва філёзофскае прымірэньне з ёю, супакоеньне ў думцы, што хоць усё індывідуальнае гіне, але прырода і жыцьцё адвечны. Такія адносіны да сьмерці мы находзім, напрыклад, у Пушкіна. Яму належаць вядомыя словы

"Все благо: бдение и сна
Приходит час определенный,
Благословен и день забот,
Благословен и тьмы приход."

3 другога боку, у сувязі з думкай аб сьмерці магчыма філёзофская трывога духа, паколькі сьмерць уносіць дысонанс у агульную гармонію сьветабудовы. Гэткую філёзофскую трывогу духа мы знаходзім, напрыклад, у Альфрэда дэ Мюссэ, з грудзёў каторага вырваўся хваравіты крык:

O Dіeu juste, pourquoі la mort? І нарэшце сьмерць можа параджаць ціхі смутак, ціхую журбу, паколькі яна пагражае нашаму індывідуальнаму істнаваньню. Гэты ціхі смутак і журбу мы знаходзім у М. Багдановіча; ён гаворыць:

"Ня кувай ты шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары!
Mo' і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары.
Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,
Грудзі хворыя мае;
Боль у іх мне душу агартае.
Думцы голас падае.
Кажа, што нядоўга пажыву я,
Што загіну без пары...
Прыляці-ж тады ты на магілу,
Закувай, як у бары.[23]

Але ў душы поэта быў куток, над якім нават сьмерць ня мела ўлады. Гэта куток-пакланеньне хараству. М. Багдановіч прыхільнік чыстага мастацтва-мастацтва дзеля мастацтва. Ён праконаны, што "няма красы без спажытку, бо сама кpaca і ёсьць той спажытак дзеля душы,"[24], што "добра быць коласам, але шчасьліў той, каму давялося быць васільком.[25]

Пятуховіч.

Менск
15 мая 1923 г.

Увага рэдакцыі: Рэдакцыя з думкамі аўтора не згаджаецца.


  1. Вянок. Вільна 1913 стр. 50-59.
  2. Іbіdem, стр. 52.
  3. Іbіdem, стр. 57.
  4. Іbіdem, стр. 42.
  5. Іbіdem 43.
  6. Вянок стр. 43.
  7. Іbіdem cтр. 45.
  8. Ibіdem, стр. 10.
  9. Вянок, стр. 9.
  10. Ibidem, стр. 55
  11. Вянок, с. 11
  12. Ibidem, стр. 14
  13. Импрессионизм и экспрессионизм. Петербург, 1922
  14. Вянок, стр. 58
  15. Вянок, стр. 59
  16. Ibidem, стр. 59
  17. Ibidem, стр. 56
  18. Вянок, стр. 87.
  19. Іbіdem, стр. 37.
  20. Ibіdem, стр. 36.
  21. Вянок, стр. 63.
  22. Іbіdem, стp. 73.
  23. Вянок, стр. 77.
  24. Калядная пісанка. Вільня 1913 апокрыф. стр. 29.
  25. Ibidem, стр. 30.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.