Перайсці да зместу

Мае ўспаміны (Ільяшэвіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мае ўспаміны
Публіцыстыка
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1921 год
Крыніца: Газэта «Маладое жыцьцё» (Вільня), 14 лютага 1921, № 1, б. 8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мае ўспаміны.

Лета 1915 году выдарылася вельмі сухое. Дажджу ня было цэлых 5 тыдняў. Усё пажаўцела ад несьцярпімага жару. Там-сям, пасярод нашай вёскі ўвечары можна была ўбачыць сабраўшыхся ў купы суседзяў з сумнымі тварамі, гаманіўшых аб засусе і вайне. Толькі адныя дзеці, дзякуючы халадку, гулялі з вялікім крыкам, навяшчаючы вуліцу вёскі да самай поўначы, ня гледзячы на тое, што старыя кожную мінуту за гэта лаяліся. Адное што іх супакоіла на адну хвіліну, гэта стоўб пылу, які падымаў сваім возам спазьніўшыйся селянін.

Мне гэтыя гульні таксама вельмі падабаліся, бо я часамі навет ня чуў, як мяне клікалі вячэраць. Адзін раз я, занарыўшыся астанавіўся каля старых і пачуў гутарку дзеда: „Гэтая засуха варожа вялікае няшчасьце.“ Словы гэтыя так запалі мне ў душу, што адразу прапала ахвота бегаць. Я стаў больш церціся каля старых і прыслухоўвацца да іх гутаркі. Але вось, дзякуючы ласцы Боскай, пайшоў дождж. Людзі павесялелі гледзячы на прыроду, якая адразу аджыла. Збожжа ўдалося на дзіва і хутка пачалі жаць.

Яшчэ ў часе жніва мне прыхадзілася ўсё часьцей і часьцей бачыць едучых па шасэ бежанцаў, якія незадоўга да канца жніва запрудзілі ўсю вёску. Добра памятую як аднаго разу ўвечары зайшла да нас кабета-бежанка з двумя маленікімі хлопчыкамі і прасіла хлеба. Мы ей далі павячэраць і пакінулі пераначаваць. Вячэраючы яна нам апавядала сваё жыцьцё і ўцёкі. З яе слоў можна было бачыць, што яна бегла з заходняга павету нашае губэрні. Мужа яе ўзялі капаць акопы і забілі ў часе перастрэлкі, а яна сама ўцякла так-сама з-пад нямецкіх куляў. Пры гэтых словах яна заплакала. Мае бацькі сталі яе пацяшаць. Яна супакоілася толькі тагды, калі бацькі пазволілі ёй заставацца жыць у нас, абяцаючы ўзяць з сабой калі прыйдзецца адгэтуль уцякаць.

Мала-па-малу стала чутна страляніна, што было прадвесьнікам небліжаючагася фронту. Увокал нашай вёскі стала зьбірацца шмат войска, а потым зьявілася вайсковая канцэлярыя, каторая займала памешканьне вясковай школы. Праз некалькі дзён па прыбыцьцю канцэлярыі, нам быў адданы прыказ выбрацца ў дарогу праз 24 гадзіны. Слухаючы прыказу мы выехалі на другі дзень зраньня, пакідаючы родную вёску.

Была пекная раніца. Толькі што ўзыйшло сонца і сваімі праменьнямі асьвяціла вёску, з яе старымі высокімі дубамі: Гледзячы здалёку на такі пекны малюнак некатарыя з старых суседзяў плакалі прычытаючы, як па нябошчыку. Мы ж малыя, насколькі я гэта памятую, былі чагось рады, не давалі сабе веры, што трэба разьвітацца з вёскай мо‘ на заўсёды. Нау здавалася што гэта так сабе, як-бы забава. Гледзячы ў дальчыню, мы ўбачылі як з‘явіліся дзьве птушкі, не падобныя да іншых, проста ляцеўшыя на нашу вёску. Толькі тагды, як пачалася страляніна з кулямётаў, ўсе дагадаліся, што гэта былі нямецкія аэрапланы. Па загаду афіцэра мы прымацавалі да высокага кія чырвоны крыж і ўставілі на адзін з вазоў нашых бежанцаў. Відаць было, што гэтыя птушкі (так сяляне называлі аэрапланы) ня вельмі страшыліся і, ськінуўшы на вёску 7 бомбаў, паляцелі не сьпяшаючыся.

Праз 5 мінут глядзім, ажно нашая вёска гарыць. Падняўся плач, каторы пераходзіў у лямэнт. Мой бацька зьняў шапку і перажагнаўся, а потым павярнуўшыся да нас са сьлязмі прагаварыў: „Вось калі мы пазнаем бяду“. Я ня стрымаўся і і быццам у такт другім загаласіў, успамінаючы словы дзеда: „Гэтая засуха варожа вялікае няшчасьце“. А з заду тымчасам „хутчэй, хутчэй!“ паганялі салдаты-абозьнікі, не пазваляючы паглядзець хоць на агонь і дым сваіх хат і клуняў.



1921 г. 7/I.

Вуч. VI клясы М. Ільляш—ч.