Мае песні
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Мае песні Верш Аўтар: Максім Багдановіч 1908 Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Bahdanovic/Viersy_1908-1909_hadou.html#chapter2 |
I
Калі смутак моцна дзьме душу маю
І шкада мне дзён загубленых сваіх, —
Я паціху песні сумныя пяю,
Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.
Ціха песня разліваецца, звініць,
Вымаўляе, як я моладасць згубіў,
Як дагэтуль не патрапіў палюбіць
І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.
II
А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе буднасць і нуду, —
Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, —
Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песня разліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане.
(1908)